Справаздачы
Справаздача аб гандлі людзьмі за 2006 год
Падрыхтавана офісам па маніторынгу і барацьбе з гандлем людзьмі Дзярждэпартамента ЗША
Апублікавана 5 чэрвеня 2006 года
БЕЛАРУСЬ (другая катэгорыя)
Беларусь у асноўным з’яўляецца краінай-крыніцай, з якой жанчыны і дзеці перапраўляюцца ў Еўропу, Паўночную Амерыку, Блізкі Усход, Японію і Паўдневую Карэю з мэтай сэксуальнай эксплуатацыі. У 2005 годзе значна павялічылася колькасць паведамленняў пра асобаў мужчынскага полу, якія былі вывезены ў Расію для прымусовай працы. Міжнародная арганізацыя па міграцыі (МАМ) аказала дапамогу значна большай колькасці беларускіх мужчын і жанчын, якія на працягу мінулага года былі вывезены за межы Беларусі для сэксуальнай эксплуатацыі і прымусовай працы. Гандляры людзьмі працягвалі выкарыстоўваць празрыстыя межы Беларусі з Расіяй, каб перапраўляць ахвяраў на Усход і на Захад. Дзейнасць уладаў Беларусі не адпавядае поўнасцю мінімальным стандартам па ліквідацыі гандлю людзьмі, аднак беларускае кіраўніцтва прыкладае значныя намаганні ў гэтым накірунку. У 2005 годзе ўлады прынялі дапаўненні ў Крымінальны кодэкс для ўзмацнення праваахоўнай сістэмы па прадухіленню гандлю людзьмі і паляпшэння абароны ахвяраў. Аднак адсутнасць дастатковага фінансавання абароны ахвяраў не дазваляе ўладам аказваць пастаянную дапамогу ахвярам і ўзяць на сябе новыя абавязкі па прадухіленню гандлю людзьмі. Беларускім уладам трэба забяспечваць дадатковую падрыхтоўку афіцыйных асобаў, каб павысіць узровень інфармаванасці і палепшыць магчымасці ідэнтыфікацыі ахвяраў гандлю на тэрыторыі Беларусі. Урадавай міжведамаснай групе па барацьбе з гандлем людзьмі трэба сустракацца на больш рэгулярнай аснове з мэтай паляпшэння каардынацыі і сувязяў паміж адпаведнымі органамі і няўрадавымі арганізацыямі, а таксама з мэтай узмацнення дзейнасці па прадухіленню гандлю.
Судовы пераслед
Урад Беларусі працягваў узмацняць свае праваахоўныя намаганні ў барацьбе з гандлем людзьмі ў 2005 годзе. Быў павышаны максімальны тэрмін пакарання ў дачыненні да асуджаных за гандаль людзьмі да 15 гадоў турэмнага зняволення; улады таксама ўнеслі змены ў законы, каб абараніць ахвяраў гандлю людзьмі ад крымінальнага пераследу, аднак толькі тых, хто супрацоўнічае са следчымі і судовымі органамі. За справаздачны перыяд праваахоўныя органы ўзмацнілі правапрымяняльную практыку, завершылі расследванні справы 359 падазроных у гандлі людзьмі – 56-працэнтнае павелічэнне ў параўнанні з 2004 годам – і вынеслі 173 абвінавачанні, ад штрафаў да 15-гадовага пазбаўлення волі. У сакавіку 2005 года суддзі вынеслі абвінавачанні 4 грамадзянам за продаж больш чым 30 беларускіх жанчын у краіны Еўропы і Канаду праз Украіну; пракурор абскардзіў прысуд у бок павелічэння пакарання. У 2005 годзе праваахоўныя органы супрацоўнічалі з памежнымі службамі. Нягледзячы на паведамленні, што ўлады змагаліся з усімі праявамі карупцыі на мяжы, асабліва сярод службовых асобаў мытні, яны не змаглі ўдакладніць, ці прадпрымаліся намаганні па расследаванню альбо судоваму пераследу выпадкаў карупцыі.
Ахова
У жніўні 2005 года быў падпісаны прэзідэнцкі ўказ, які вызначае статус ахвяраў гандлю людзьмі і забяспечвае ім ахову і медыцынскую дапамогу. Аднак не было прадугледжана ніякага фінансавання для аказання згаданых паслуг па рэінтэграцыі і рэабілітацыі. Беларускія ўлады разлічвалі, што ў першую чаргу няўрадавыя арганізацыі будуць аказваць дапамогу ахвярам, але ў той жа час ўлады працягвалі дапамагаць транспартнымі і іншымі паслугамі. Праваахоўныя органы значна павялічылі колькасць ахвараў, якіх яны накіроўвалі да няўрадавых арганізацый і МАМ. Агульная колькасць ахвяраў, якая атрымала дапамогу па рэінтэграцыі ад МАМ у 2005 годзе, склала 563 чалавекі.
Прадухіленне
У 2005 годзе ўлады працягвалі разлічваць у першую чаргу на міжнародныя арганізацыі ў справе распаўсюджання інфармацыі аб процідзеянні гандлю людзьмі. Аднак Міністэрства ўнутраных спраў дапамагала ўздымаць узровень свядомасці ў грамадстве, адсылаючы тых, хто тэлефанаваў па гэтых пытаннях, на агульную гарачую лінію альбо на гарачую лінію няўрадавых арганізацый, якія процідзейнічаюць гандлю людзьмі. Акрамя таго, улады перыядычна змяшчалі на дзяржаўным телебачанні рэкламу, каб узняць свядомасць у пытаннях гандлю людзьмі. Афіцыйныя асобы высокага ўзроўню выступалі супраць гандлю людзьмі, прызнаючы сур’ёзнасць гэтай праблемы ў Беларусі. Гэта дапамагло ўзняць узровень разумення праблемы мясцовымі чыноўнікамі. Праз гэты прэзідэнцкі ўказ у 2005 улады ўзялі пад больш жорсткі кантроль дзейнасць агенцтваў па працаўладкаванні, а таксама мадэльных і шлюбных агенцтваў, каб прадухіліць пошук ахвяраў шляхам падману. Акрамя таго, цяпер улады патрабуюць ад тых, хто шукае працу альбо жадае вучыцца за мяжой, атрымліваць афіцыйны дазвол. Некаторыя замежныя назіральнікі адзначалі, што апошнія крокі, накіраваныя супраць гандлю людзьмі, могуць негатыўна адбіцца на беларускіх грамадзянах, якія знаходзяцца за мяжой на законных падставах.