Справаздачы
Справаздача аб гандлі людзьмі за 2005 год
...
У адпаведнасці з законам Дзярждэпартамент ЗША павінен штогадова прадстаўляць на разгляд Кангрэса ЗША справаздачу аб намаганнях замежных урадаў па ліквідацыі жорсткіх форм гандлю людзьмі. Сёлетняя Справаздача ўжо пятая па ліку. Яна заклікана ўзняць узровень сусветнай інфармаванасці і падштурхнуць замежныя ўрады да эфектыўных дзеянняў па барацьбе з усімі формамі гандлю людзьмі – сучаснай формай рабства. Справаздача паступова засяроджвае ўвагу ўсё большай супольнасці краін на неабходнасці абменьвацца інфармацыяй і працаваць разам у пошуку новых істотных шляхоў барацьбы з гандлем людзьмі. Краіна, якая не робіць значных крокаў дзеля таго, каб адпавядаць мінімальным стандартам па выкараненні гандлю людзьмі, трапляе ў так званую “Трэцюю катэгорыю” гэтай Справаздачы. Вынікам такой негатыўнай ацэнкі можа стаць спыненне дапамогі, якая не з’яўляецца гуманітарнай альбо гандлёвай, з боку Злучаных Штатаў у адносінах да гэтай краіны. Намаганні замежных урадаў ацэньваюцца ў Справаздачы па трох крытэрыях: судовы пераслед, абарона і прадухіленне. Аднак падыход, які засяроджвае ўвагу на ахвярах, патрабуе таксама вырашэння трох задач: выратавання, рэабілітацыі і рэінтэграцыі. Закон, які накіроўвае гэтыя намаганні, - Акт аб абароне ахвяр гандлю людзьмі ад 2000 года - ужо з першага сказу дакладна акрэслівае мэту барацьбы з гандлем людзьмі: забеспячэнне справядлівага і эфектыўнага пакарання гандляроў, абарона іх ахвяр і прадухіленне самога гандлю.
...
Больш чым 140 гадоў таму Злучаныя Штаты змагаліся на разбуральнай вайне, каб знішчыць рабства ў нашай краіне і не даць тым, хто яго падтрымліваў, раскалоць нацыю. Нягледзячы на тое, што большасць краін паспяхова ліквідавала дзяржаўную падтрымку такой з’явы, узнікла сучасная форма рабства, якая ўсё больш пагражае жыццю і свабодзе мільёнаў мужчын, жанчын і дзяцей. Сёння рабства рэдка падтрымліваецца на дзяржаўным узроўні. Замест гэтага гандаль людзьмі часта вядзецца арганізаванымі злачыннымі групоўкамі, якія зарабляюць буйныя сумы грошай на ахвярах гандлю людзьмі.
...
Кожны год мы пашыраем нашы веды аб такой з’яве, як гандаль людзьмі. У мінулагодняй Справаздачы мы выкарыстоўвалі даныя Урада ЗША, якія ўпершыню дэталізавалі міжнародны гандаль людзьмі па ўзросце і полу. Гэтыя даныя паказалі, што з 600-800 тысяч мужчын, жанчын і дзяцей, якіх нелегальна правозяць праз межы розных краін кожны год, 80 працэнтаў – гэта жанчыны і дзяўчыны, а каля 50 працэнтаў – непаўналетнія. Гэтыя даныя таксама сведчаць, што большасць ахвяр міжнароднага гандлю перавозіцца з мэтай камерцыйнай сэксуальнай эксплуатацыі. Паколькі гэтыя даныя засяроджваюць увагу на міжнародным гандлі людзьмі, яны не ўключаюць тых ахвяр па ўсім свеце, якімі гандлююць у межах краін. Трывожныя прыклады занявольвання людзей дзеля прымусовай працы, часта ў межах іх уласных дзяржаў, з’яўляюцца формай гандлю людзьмі, за якой вельмі цяжка прасачыць здалёк. Магчыма, яна вядзецца не тымі злачыннымі групоўкамі, якія атрымліваюць прыбытак ад міжнароднага гандлю людзьмі з мэтай сэксуальнай эксплуатацыі; часцей асобы вінаватыя, напрыклад, у занявольванні аднаго хатняга слугі альбо прымусе сотняў рабочых да бясплатнай працы на фабрыцы.
...
Што з’яўляецца і што не з’яўляецца прадметам Справаздачы
Штогадовая Справаздача аб гандлі людзьмі ахоплівае тыя краіны, якія з’яўляюцца краінамі паходжання, транзіту альбо прызначэння для ахвяр асабліва жорсткіх выпадкаў гандлю людзьмі. Паколькі гандаль людзьмі верагодна з’яўляецца праблемай літаральна для кожнай краіны свету, выключэнне краіны са Справаздачы можа казаць толькі пра недахоп адэкватнай інфармацыі. Апісанне кожнай краіны паказвае памеры і прыроду праблемы, дэманструе прычыны, па якіх гэтая краіна была ўключаная ў Справаздачу, а таксама намаганні ўрада па барацьбе з гандлем людзьмі. Апісанне таксама ўтрымлівае ацэнку таго, наколькі дзеянні ўрада адпавядаюць мінімальным стандартам па ліквідацыі гандлю людзьмі, вызначаным у Акце аб абароне ахвяр гандлю людзьмі ад 2000 года, і ўключае прапановы па барацьбе з гандлем людзьмі. Астатняя частка характарызуе намаганні ўрада па ўжыванні на практыцы законаў аб барацьбе і прадухіленні гандлю людзьмі, а таксама абароне ахвяр. Кожнае апісанне тлумачыць прычыны ўключэння краіны ў катэгорыі 1, 2, Спіс асаблівай увагі 2-й катэгорыі альбо катэгорыі 3. Калі краіна трапіла ў Спіс асаблівай увагі 2-й катэгорыі, апісанне ўтрымлівае тлумачэнне прычын такога рашэння, выкарыстоўваючы тэрміны, што змяшчаюцца ў Акце аб абароне ахвяр гандлю людзьмі з папраўкамі ад 2003 года.
Некаторыя краіны праводзілі канферэнцыі і стваралі рабочыя групы альбо нацыянальныя планы дзеянняў дзеля выпрацоўкі праграмы барацьбы з гандлем людзьмі. Аднак канферэнцыі, планы і працоўныя групы самі па сабе не маюць вялікай вагі пры ацэнцы намаганняў краін. Справаздача засяроджвае ўвагу на канкрэтных дзеяннях урадаў па барацьбе з гандлем людзьмі, а менавіта на паведамленнях аб судовых пераследах, асуджэннях і турэмных тэрмінах, прысуджаных гандлярам людзьмі, аб абароне ахвяр і мерах па прадухіленні гандлю людзьмі. Справаздача не надае вялікай вагі законам, што знаходзяцца на стадыі распрацоўкі альбо яшчэ не ўвайшлі ў сілу. Нарэшце, Справаздача не засяроджвае ўвагу на іншых намаганнях урадаў, якія маюць ускоснае дачыненне да памяншэння колькасці выпадкаў гандлю людзьмі, на адукацыйных праграмах, падтрымцы эканамічнага развіцця альбо праграмах, накіраваных на гендэрную роўнасць, хаця гэтыя намаганні таксама з’яўляюцца карыснымі.
...
Спіс асаблівай увагі Другой катэгорыі
У 2003 годзе ў выніку перагляду Акта аб абароне ахвяр гандлю людзьмі быў створаны Спіс асаблівай увагі, у які ўвайшлі тыя краіны, што патрабавалі асабліва пільнага разгляду. Спіс складаецца з: 1) краін, якія сёлета ўвайшлі ў Першую катэгорыю, а ў 2004 годзе знаходзіліся ў Другой; 2) краіны, якія сёлета пераведзеныя ў Другую катэгорыю, а ў мінулым годзе былі ўключаныя ў Трэцюю; 3) краіны, якія ўвайшлі ў Другую катэгорыю сёлетняй Справаздачы і ў якіх:
а) абсалютная колькасць ахвяр жорсткіх форм гандлю людзьмі вельмі значная альбо істотна павялічваецца; альбо
б) не былі прадстаўлены сведчанні таго, што ў параўнанні з мінулым годам нарошчваліся намаганні па барацьбе з жорсткімі формамі гандлю людзьмі, такія як раследаванні, судовы пераслед і прысуды па справах, звязаных з гандлем людзьмі, павелічэнне дапамогі ахвярам і змяньшэнне колькасці выпадкаў саўдзельніцтва дзяржаўных чыноўнікаў у жорсткіх формах гандлю людзьмі, альбо
в) вызначэнне таго, што краіна прыкладае значныя намаганні дзеля набліжэння да мінімальных стандартаў, было заснавана на імкненні краіны да ажыццяўлення дадатковых крокаў на працягу наступнага года.
...
Катэгорыі
Першая катэгорыя: краіны, урады якіх дзейнічаюць у поўнай адпавяднасці з мінімальнымі стандартамі Акта аб абароне ахвяр гандлю людзьмі.
Другая катэгорыя: краіны, урады якіх дзейнічаюць не ў поўнай адпаведнасці з мінімальнымі стандартамі Акта, але прыкладаюць значныя намаганні дзеля набліжэння да гэтых стандартаў.
Другая катэгорыя. Спіс асаблівай увагі: краіны, урады якіх дзейнічаюць не ў поўнай адпаведнасці з мінімальнымі стандартамі Акта, але прыкладаюць значныя намаганні дзеля набліжэння да гэтых стандартаў, а таксама:
а) абсалютная колькасць ахвяр жорсткіх форм гандлю людзьмі вельмі значная ці істотна павялічваецца; альбо
б) не былі прадстаўлены сведчанні таго, што намаганні па барацьбе з жорсткімі формамі гандлю людзьмі павялічыліся ў параўнанні з мінулым годам; альбо
в) вызначэнне таго, што краіна прыкладае значныя намаганні дзеля набліжэння да мінімальных стандартаў, было заснавана на імкненні краіны да ажыццяўлення дадатковых крокаў на працягу наступнага года.
Трэцяя катэгорыя: краіны, урады якіх дзейнічаюць не ў поўнай адпаведнасці з мінімальнымі стандартамі, і не прыкладаюць значных намаганняў, каб наблізіцца да іх.
БЕЛАРУСЬ (Другая катэгорыя)
Беларусь у асноўным з’яўляецца краінай-крыніцай, з якой жанчыны і дзеці перапраўляюцца ў Еўропу, Паўночную Амерыку, Блізкі Усход і Японію з мэтай сэксуальнай эксплуатацыі і прымусовай працы. Прыблізна адна пятая частка ахвяр, якім дапамагла Міжнародная Арганізацыя па Міграцыі (МАМ) у 2004 годзе, была нелегальна вывезеная з мэтай прымусовай працы. Арганізацыі таксама адзначылі павелічэнне колькасці асобаў мужчынскага полу, вывезеных на прымусовыя работы ў Расію ў справаздачны перыяд. Межы Беларусі з Расіяй і Украінай заставаліся празрыстымі, дазваляючы бесперашкодна праз іх перамяшчацца.
Дзейнасць уладаў Беларусі не поўнасцю адпавядае мінімальным стандартам па ліквідацыі гандлю людзьмі, аднак беларускае кіраўніцтва прыкладае значныя намаганні ў гэтым накірунку. У пачатку сакавіка 2005 года прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт па барацьбе з гандлем людзьмі; ніжняя палата парламента зацвердзiла дэкрэт у пачатку красавіка. Беларусь працягвала нарошчваць намаганні па ўзмацненні праваахоўных дзеянняў, аднак у краіне не хапала сродкаў для абароны ахвяр і прадухілення гандлю. Дзеля павелічэння эфектыўнасці барацьбы з гандлем людзьмі Беларусі трэба прыняць папраўкі ў накірунку ўзмацнення свайго заканадаўства ў гэтай галіне, уключаючы вызначэнне правоў ахвяр. Міжведамаснай групе трэба сустракацца на рэгулярнай аснове. Таксама, з’яўляючыся адной з асноўных краін-крыніц, Беларусь павінна забяспечваць падрыхтоўку і фінансаванне свайго персанала, неабходнага для прадстаўлення ахвярам гандлю людзьмі дапамогі за межамі краіны.
Судовы пераслед
Намаганні Беларусі ў барацьбе з гандлем людзьмі павялічыліся за справаздачны перыяд. У 2004 годзе праваахоўныя органы разгледзелі 290 спраў гандлю людзьмі ў параўнанні са 191 у 2003 годзе. Для вызначэння ахвяр і схем вывазу людзей супрацоўнікі Дзяржаўнага камітэта памежных войскаў працавалі з былымі ахвярамі гандлю. Заканадаўства, якое існуе з 2001 года, забараняе гандаль людзьмі з мэтай сэксуальнай эксплуатацыі і прадугледжвае дастаткова жорсткія пакаранні. Абвінаваўцы і суддзі палепшылі эфектыўнасць выкарыстання гэтага закона ў 2004 годзе, а ўлады забяспечылі першае асуджэнне згодна з гэтым законам у ліпені. Улады разглядаюць гандаль людзьмі з мэтай прымусовай працы ў асобным артыкуле, які прадугледжвае прысуд да трох гадоў пазбаўлення волі. У агульным беларускія суды вынеслі абвінавачанні 26 грамадзянам за гандаль людзьмі і вярбоўку з мэтай сэксуальнай эксплуатацыі. У 2004 годзе суды прызначалі пакаранні за гандаль людзьмі тэрмінам ад трох да васьмі гадоў пазбаўлення волі. У 2004 годзе ўлады Беларусі супрацоўнічалі па гэтых справах з партнёрамі з Германіі, Аўстрыі, Ізраіля, Турцыі, Нідэрландаў, Францыі, Вялікабрытаніі і Польшчы. У той час, як працягвалі з’яўляцца сведчанні аб дачы хабару супрацоўнікам праваахоўных органаў і памежнікам за ігнараванне імі выпадкаў нелегальнай перавозкі людзей, у 2004 годзе ўрад зрабіў некалькі жорсткіх выказванняў з мэтай асуджэння такіх дзеянняў. У лютым 2005 года суды прызналі чыноўніка Міністэрства культуры вінаватым у саўдзеле ў гандлі людзьмі з мэтай сэксуальнай эксплуатацыі са студзеня 2001 г. па красавік 2003 г. Суд прыгаварыў яго да васьмі гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.
Абарона
Беларускія ўлады не аказвалі непасрэднай фінансавай дапамогі ахвярам гандлю людзьмі ў справаздачны перыяд, аднак аказвалі нефінансавую падтрымку няўрадавым арганізацыям. У ліпені 2004 года гарадскія улады Мінска прадаставілі памяшканне для прытулку, які спансіравала Праграма развіцця ААН/ЕС. Улады ўвялі ў праграму Акадэміі ўнутраных спраў дапаможнік, падрыхтаваны МАМ. Дапаможнік тлумачыць метады выяўлення ахвяр, а таксама шляхі дапамогі ахвярам і працы з імі. Паводле Міністэрства ўнутраных спраў, у 2004 годзе яно не арыштоўвала, не накладала штрафы, і не вылучала супраць ахвяр абвінавачанні у прастытуцыі альбо парушэннях іміграцыйнага заканадаўства. Міністэрства зрабіла 110 непасрэдных спасылак на МАМ падчас падрыхтоўкі справаздачы. Абарона сведкаў-ахвяр гандлю заставалася недастатковай. Увогуле, заканадаўства і грамадства Беларусі працягвалі разглядаць жанчын у якасці “ахвяр” толькі ў тым выпадку, калі напярэдадні свайго падарожжа тыя не ведалі, што будуць займацца прастытуцыяй. Нават і ў гэтым выпадку з імі часта абыходзіліся як з сацыяльнымі ізгоямі.
Прадухіленне
Нягледзячы на тое, што ў 2004 годзе ўлады не праводзілі самастойных інфармацыйных кампаній супраць гандлю людзьмі, яны актыўна падтрымлівалі такія намаганні з боку міжнародных арганізацый. Улады бясплатна паказвалі ў эфіры дзяржаўных тэлеканалаў відэаролікі супраць гандлю людзьмі, прадастаўленыя міжнароднымі арганізацыямі. У студзені 2005 года дзяржаўнае тэлебачанне паказала дакументальны фільм “Элькіна мара”, які быў створаны Праграмай развіцця ААН і распавядаў пра беларускіх дзяўчын, вывезеных у Германію і Расію з мэтай сэксуальнай эксплуатацыі. Гэтую стужку таксама дэманстравалі ў некаторых кінатэатрах з моцнай інфармацыйнай кампаніяй для студэнтаў. Урадавая камісія па барацьбе з гандлем людзьмі не збіралася ў справаздачны перыяд.