jump over navigation bar
Embassy SealДзяржаўны дэпартамент ЗША
Мінск, Беларусь - Амбасада Злучаных Штатаў Амерыкі- Home flag graphic
Палітыка ЗША і глабальныя праблемы
 
 

Справаздачы

Справаздача аб гандлі людзьмі за 2007 год

Беларусь (другая катэгорыя: краіны, што патрабуюць увагі)

Беларусь з’яўляецца краінай-крыніцай і краінай транзіту жанчын, якіх перапраўляюць ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты,  Аўстрыю, Боснію і Герцагавіну, Кіпр, Чэшскую Рэспубліку, Германію, Грэцыю, Ізраіль, Італію, Японію, Ліван, Нідэрланды, Польшчу, Партугалію, Расію, Іспанію, Турцыю, Туркменістан і Злучаныя Штаты для прымусовай працы і з мэтай камерцыйнай сэксуальнай эксплуатацыі. Мужчын і жанчын з Беларусі перапраўляюць унутры краіны і за яе межы для прымусовай працы; 38 адсоткаў усіх ахвяр, што атрымалі дапамогу МАМ у Беларусі ў 2006 годзе – мужчыны, перапраўленыя для прымусовай працы. Ахвяр перапраўляюць з Беларусі праз Украіну, Літву і Польшу ў Заходнюю Еўропу, на Сярэдні Ўсход і ва Ўсходнюю Азію. Маленькую колькасць ахвяр з Малдовы пераправілі ў Беларусь для прымусовай працы. Па ацэнках нядаўняга даследавання МАМ, у сярэднім штогод ахвярамі гандляроў людзьмі становяцца 930 беларусаў.
Дзейнасць урада Беларусі не адпавядае поўнасцю мінімальным стандартам па выкараненні гандлю людзьмі, аднак урад прыкладае значныя намаганні для дасягнення гэтай мэты. Беларусь уключаная ў другую катэгорыю – спіс краін, што патрабуюць увагі – з-за таго, што не здолела прадаставіць дастаткова сведчанняў пра ўзмацненне захадаў па барацьбе з жорсткімі формамі гандлю. У прыватнасці, не было заўважана павелічэння ўрадавых захадаў па забеспячэнні абароны ахвяр і прадастаўленні ім дапамогі.
Хаця праваахоўныя органы вызначалі большасць ахвяр як такіх і накіроўвалі іх да НДА па дапамогу, беларускі ўрад не прадэманстраваў ніякіх заўважных крокаў у накірунку паляпшэння абароны ахвяр. Ён не выдзеляў сродкі на выкананне мер па забеспячэнні абароны, што прадугледжаныя законам ад 2005 года, і працягваў разлічваць амаль выключна на НДА і міжнародныя арганізацыі ў справе прадастаўлення дапамогі ахвярам. У той жа час, урад аказваў наўпроставы ціск на ахвяр, каб тыя дапамагалі праваахоўным органам падчас расследаванняў і судовага пераследу. Беларусь павінна зрабіць крокі ў накірунку павелічэння намаганняў, скіраваных на абарону ахвяр і прадастаўленне ім дапамогі, у тым ліку праз фінансаванне праграм дапамогі ахвярам у адпаведнасці з абяцаннем, што было  замацавана заканадаўча ў 2005 годзе. Урад мусіць і надалей імкнуцца да паляпшэння адносінаў з НДА, што змагаюцца супраць гандлю людзьмі, і міжнароднымі арганізацыямі, што прадастаўляюць дапамогу ахвярам і ажыццяўляюць праграмы павышэння дасведчанасці грамадзян. Беларусі таксама трэба скарыстацца з нядаўна адкрытага цэнтра супрацьдзеяння гандлю людзьмі, каб даць магчымасць супрацоўнікам праваахоўных органаў атрымаць дадатковую падрыхтоўку ў вызначэнні ахвяр і прадастаўленні ім дапамогі.

Судовы пераслед

За справаздачны перыяд урад Беларусі прадпрыняў рашучыя праваахоўныя намаганні. Беларускія законы забараняюць перапраўку людзей і з мэтай сэксуальнай эксплуатацыі, і для прымусовай працы (Артыкул 181 Крымінальнага кодэкса). Артыкул 181 прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрміны ад 5 да 15 гадоў. Гэтае пакаранне дастаткова жорсткае, параўнальнае з тымі, што прадугледжаныя за іншыя цяжкія злачынствы, напрыклад, згвалтаванне. На працягу справаздачнага перыяду ўрад па-ранейшаму прадастаўляў значныя рэсурсы для выяўлення і расследавання гандлю людзьмі.
На працягу 2006 года зафіксавана 95 выпадкаў судовага пераследу за злачынствы, прадугледжаныя Артыкуламі 181 і 187. У 2006 годзе дваццаць гандляроў людзьмі былі прызнаныя вінаватымі ў здзяйсненні злачынстваў, што прадугледжаныя Артыкулам 181. 11 з дваццаці асуджаных гандляроў прыгаварылі да зняволення на тэрміны больш як восем гадоў. Шаснаццаць асобаў былі прызнаныя вінаванымі ў здзяйсненні злачынстваў, што прадугледжаныя Артыкулам 187. У статыстычныя дадзеныя праваахоўных органаў, прыведзеныя ў папярэдняй справаздачы, былі памылкова ўключаныя дадзеныя па злачынствах, што звязаныя з гандлем людзьмі, але не маюць да яго наўпроставага дачынення, у выніку чаго лічбы штучна павысіліся.

Абарона

На працягу справаздачнага перыяду дзеянні ўрада Беларусі па абароне ахвяр і прадастаўленні ім дапамогі былі недастатковымі. Урад па-ранейшаму разлічваў амаль выключна на НДА і міжнародныя арганізацыі ў справе абароны грамадзян ад гандлю людзьмі; дзяржаўныя ўстановы не прадастаўлялі фінансавай ці матэрыяльнай дапамогі ахвярам. Хаця ўрад прадаставіў УНЗ ААН (Упраўленне ААН па наркотыках і злачыннасці) 20 000 долараў  для стварэння міжведамаснай групы па каардынацыі мер супрацьдзеяння гандлю людзьмі, урад мала зрабіў для паляпшэння абароны і прадастаўлення дапамогі значнай колькасці беларускіх ахвяр гандлю, якіх вярнулі на радзіму. У 2006 годзе некаторыя міністэрствы і мясцовыя ўрады прадастаўлялі сціплую неграшовую падтрымку намаганням НДА па аказанні дапамогі ахвярам, але не каардынавалі сваю працу з НДА і не вызначалі іх афіцыйна ў якасці партнёраў. У 2006 годзе павялічылася колькасць выпадкаў, калі праваахоўныя органы накіроўвалі ахвяр па дапамогу ў прытулкі, створаныя НДА і міжнароднымі арганізацыямі. На працягу справаздачнага перыяду органы аховы правапарадку аказвалі на ахвяр ціск, каб тыя прадастаўлялі інфармацыю для расследавання і судовага пераследу. У адпаведнасці з беларускім законам, калі ўрад прадастаўляе ахвяры дапамогу, а ахвяра не дапамагае праваахоўным органам у расследаванні і судовым пераследзе, прадастаўленне ахвяры дапамогі адразу спыняецца. Урад не карае асобу за злачынствы, што з’яўляюцца наўпроставым вынікам таго, што асоба стала ахвярай гандлю людзьмі.

Прадухіленне

У 2006 годзе Беларускі ўрад па-ранейшаму намагаўся павысіць дасведчанасць грамадзян і прадухіліць гандаль людзьмі. Прадстаўнікі ўрада выступалі супраць гандлю людзьмі на міжнародных форумах, дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі па-ранейшаму змяшчалі ў эфіры праграмы, скіраваныя на барацьбу супраць гандлю людзьмі, але ўрад па-ранейшаму вельмі моцна разлічваў у асноўным на НДА і міжнародныя арганізацыі ў тым, што тычылася дзеянняў па прадухіленні такіх злачынстваў.

У пачатак старонкі ^

Інструменты старонкі:

Printer_icon.gif Надрукаваць артыкул



 

    Гэты сайт створаны і абнаўляецца Дзяржаўным дэпартаментам ЗША.
    Спасылкі на іншыя інтэрнэтаўскія старонкі не павінны разглядацца як ухваленне поглядаў, што на іх выказваюцца.


Амбасада Злучаных Штатаў Амерыкі