Прэс-рэлізы за 2004 год
Рычард Баўчар: Абвяшчэнне рэферэндуму Лукашэнкам (9 верасня 2004 г.)
На жаль, бясконцыя парушэнні ўрадам Беларусі правоў чалавека і дэмакратыі ізалявалі Беларусь ад сусветнай супольнасці замест таго, каб прывесці яе да паважанага месца сярод дэмакратычных краін Еўропы, якое яна мусіць мець па праву. Улічваючы гэты кепскі досвед мінулага, указ Прэзідэнта Лукашэнкі аб абвяшчэнні рэферэндуму з мэтай скасаваць усталяваныя абмежаванні колькасці прэзідэнцкіх тэрмінаў і дазволіць яму зноў удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах 2006 г. выклікае сур’ёзныя сумненні наконт таго, ці будуць яго вынікі вольным і справядлівым чынам адлюстроўваць погляды беларускага народа. Мы паўтараем наш заклік да ўраду Беларусі гарантаваць беларускаму народу, што абмеркаванне, галасаванне і падлік галасоў будуць адбывацца ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі – як 17 кастрычніка, так і ў будучыні – і неадкладна зрабіць крокі па выкананні Беларуссю сваіх міжнародных абавязацельстваў ў галіне дэмакратыі і правоў чалавека.
Мы будзем разглядаць любы рэферэндум, які не адпавядае міжнародным дэмакратычным стандартам, як чарговую спробу маніпуляцыі дэмакратычнымі працэдурамі і беларускай Канстытуцыяй у супярэчнасці з дэмакратычнымі прынцыпамі.
Заганныя выбары і заганны рэферэндум паслужаць толькі ізаляцыі Беларусі ад яе суседзяў і сяброў, такіх як Злучаныя Штаты Амерыкі, і прымусяць нас перагледзець нашы адносіны з беларускім кіраўніцтвам і палітыку ў дачыненні да яго.