Прэс-рэлізы за 2007 год
Заява амбасады ЗША з нагоды Сусветнага дня свабоды прэсы
3 мая 2007 года
Свабода прэсы з’яўляецца неабходнай умовай існавання моцнай грамадзянскай супольнасці і здаровай дэмакратыі. Свабодная прэса інфармуе і навучае грамадскасць, забяспечвае кантроль за ўладамі і за злоўжываннем ўладай, прадастаўляе слова ахвярам пераследу.
Грамадзяне павінны мець права выказваць свае думкі, абмяркоўваць альтэрнатыўныя ідэі і аспрэчваць сцвярджэнні. Сродкі масавай інфармацыі, якія не залежаць ад дзяржавы, даюць прастору для мірных выказванняў і канкурэнцыі ідэй, ад чаго і залежыць дэмакратыя.
У Сусветны дзень свабоды прэсы мы адзначаем важную ролю свабоднай прэсы і ўшаноўваем ахвяру тых, хто рызыкуе сваімі жыццямі і дабрабытам у імя гэтай свабоды.
Кожны дзень смелыя людзі па ўсім свеце сутыкаюцца з рызыкай пераследу, збіцця, затрымання, зняволення і нават смерці за тое, што кажуць праўду. Інструментамі рэпрэсій могуць быць заканадаўства аб паклёпе, дзяржаўны кантроль за сродкамі масавай інфармацыі, самацэнзура, абмежаванні супраць Інтэрнету ці рэзкае зніжэнне колькасці незалежных выданняў.
У сваім другім інаўгурацыйным звароце Прэзідэнт Буш сказаў, што “палітыкай Злучаных Штатаў з’яўляецца пошук і падтрымка развіцця дэмакратычных рухаў і інстытутаў у кожнай краіне і культуры”. Ён адзначыў, што “мы не маем намеру навязваць іншым краінам наш стыль дэмакратыі, але імкнемся дапамагчы ім атрымаць свой голас, дабіцца сваёй свабоды і ісці ўласным шляхам”. Без свабоднай і жыццяздольнай прэсы краіна не здольная атрымаць свой голас і пераўтварыцца ў квітнеючую дэмакратыю.
Мы актыўна выступаем за свабоду сродкаў масавай інфармацыі, якая з’яўляецца ключавым кампанентам нашай дыпламатыі і праграм дапамогі, таму што свабодная прэса неабходная для дэмакратыі. Мы робім гэта праз прыцягненне ўвагі да спробаў абмежаваць свабоду прэсы, праз падтрымку правоў незалежных прадзюсараў і вяшчальнікаў, праз трэнінгі для журналістаў, рэдактараў і кіраўнікоў сродкаў масавай інфармацыі.
Мы таксама падтрымліваем прафесійныя абмены і праграмы грамадзянскай адукацыі, якія ўмацоўваюць незалежныя сродкі масавай інфармацыі. Там, дзе ўзнікаюць праблемы з доступам да свабоднай інфармацыі, мы прадастаўляем матэрыяльную дапамогу дзеля стварэння радыё і тэлевізійных праграм.
Важнай часткай нашай стратэгіі з’яўляецца пашырэнне свабоды ў сетцы Інтэрнет, дзеля чаго намі створана Глабальная служба свабоднага Інтэрнету, якая займаецца выпадкамі прыціснення свабоды слова ў Інтэрнеце ў шматлікіх закрытых краінах.
Тут, у Беларусі, журналісты, якія крытыкавалі рэжым, траплялі ў турму альбо проста знікалі. Тыя нешматлікія незалежныя газеты, якія яшчэ засталіся, рэгулярна сутыкаюцца з пераследам. Пасля мінулагодніх прэзідэнцкіх выбараў АБСЕ паведаміла, што рэжым канфіскоўваў наклады газет, якія паведамлялі аб ходзе кампаніі, і поўнасцю дамінаваў на дзяржаўных тэлеканалах. Мы разам з Еўрасаюзам працуем над тым, каб не даць рэжыму замоўчваць інфармацыю, падтрымліваючы незалежныя сродкі масавай інфармацыі, якія застаюцца ў краіне, а таксама развіваючы замежнае вяшчанне на Беларусь.
Падчас візіту ў Беларусь на мінулым тыдні намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША Дэвід Крэмер заявіў, што ўрад Беларусі мае магчымасць зрабіць станоўчыя крокі для паляпшэння двухбаковых адносін. Сярод такіх крокаў – падтрымка свабоды сродкаў масавай інфармацыі і вызваленне ўсіх палітычных зняволеных. Сёння гэта гучыць актуальна як ніколі. Дзеючы рэжым павінен спыніць усялякі пераслед незалежных выданняў, адкрыць для іх нацыянальную сістэму распаўсюджвання і зняць неабгрунтаваныя судовыя абвінавачанні супраць іх рэдактараў і супрацоўнікаў.
Аднак усё гэта магчыма толькі пасля таго, як рэжым зробіць грунтоўныя змены ў сваёй палітыцы і будзе зыходзіць з таго, што свабодная і адкрытая прэса мусіць умацаваць краіну, зрабіўшы лідэраў адказнымі за свае дзеянні перад беларускім народам.