jump over navigation bar
Embassy SealДзяржаўны дэпартамент ЗША
Мінск, Беларусь - Амбасада Злучаных Штатаў Амерыкі- Home flag graphic
 
  Амбасадар Прамовы і выступленні Зварот да наведвальнікаў Інфармацыя пра амбасаду Дакументы Праграмы и мерапрыемствы за 2008 год Праграмы і мерапрыемствы за 2007 год Праграмы і мерапрыемствы за 2006 год

Прамовы і выступленні

 Амбасадар Сцюарт выступае з прамовай з нагоды месяца, прысвечанага ролі жанчын у гісторыі

Амбасадар Сцюарт выступае
перад  вядомымі
беларускімі жанчынамі

Прамова Амбасадара Карэн Сцюарт
з нагоды "Месяца жаночай гісторыі" 

28 сакавіка 2007 года

Добры дзень, шаноўнае спадарства! Вялікі дзякуй за тое, што вы прыйшлі сёння сюды. Мне вельмі прыемна зноў выступаць у Пушкінскай бібліятэцы. Я асабліва ўдзячная дырэктару бібліятэкі Наталлі Чуевай і каардынатару амерыканскага кутка Наталлі Бабровай за чарговае запрашэнне.

Восьмага сакавіка Беларусь святкавала Міжнародны жаночы дзень. У Злучаных Штатах менавіта гэтае свята не адзначаецца, аднак сам сакавік для нас – гэта месяц, прысвечаны ролі жанчын у гісторыі. Цягам гэтага часу ў Злучаных Штатах ладзяцца цырымоніі і мерапрыемствы ў гонар тых жанчын, што зрабілі велізарны ўнёсак у гісторыю амерыканскага грамадства.

Сёння мне прыемна пазнаёміць вас з экспазіцыяй прадстаўленых тут партрэтаў, якія можна аб’яднаць пад назвай “Дарога да роўнасці: як амерыканскія жанчыны здабылі права голасу.” Гэта экспазіцыя прысвечана таму  важнаму  ўнёску, што зрабілі  напрыканцы 19-га – пачатку 20-га стагоддзяў амерыканскія актывісткі ў справу абароны асноўных правоў жанчын. Так, Сюзан Б. Энтані была адной з заснавальніц жаночага руху за раўнапраўе. Пасля таго, як ёй было забаронена  выступаць падчас  антыалкагольнай кампаніі толькі з прычыны  яе полу, яна далучылася да руху за правы жанчын. Яна вандравала па ўсёй тэрыторыі  Злучаных Штатаў і Еўропы ў канцы 19-га стагоддзя, распавядаючы пра правы жанчын на  валоданне маёмасцю і на працу.  Яна стала першай жанчынай, выява якой была змешчана на срэбраным амерыканскім даляры з мэтай увекавечыць яе рэвалюцыйныя ініцыятывы.

Люсі Бёрнс, адна з першых актывістак у барацьбе за роўныя правы жанчын на выбарах, не толькі скончыла Vassar College (Каледж Васар) у Нью-Ёрку, але таксама навучалася ў Ельскім і Оксфардскім універсітэтах у той час, калі жанчыны вельмі рэдка мелі магчымасць атрымаць вышэйшую адукацыю. Свае веды, талент і энергію яна накіравала ў пачатку 20-га стагоддзя на барацьбу за зацвярджэнне папраўкі да Канстытуцыі, якая давала  жанчынам права голасу. Змагаючыся за сваю ідэю, яна трапляла за краты часцей за ўсіх іншых змагароў, якія адстойвалі права жанчын прымаць удзел у выбарах.

Маргарэт Фоўлі працавала на фабрыцы капелюшоў у Масачусетсе. Там яна арганізавала прафсаюз рабочых і таксама стала сябрам праўлення Жаночай лігі прафсаюзаў. У той самы час яна змагалася за права жанчын прымаць удзел у выбарах, нярэдка публічна аспрэчваючы пазіцыі мужчын, у тым ліку падчас шэрагу кампаній супраць няроўнасці закону ў  дачыненні да правоў жанчын. І гэта толькі некалькі прыкладаў славутых амерыканскіх жанчын, выявы якіх вы можаце сёння ўбачыць на выставе. Багатыя і бедныя, чорныя і белыя, гэтыя жанчыны былі аб’яднаныя агульным памкненнем да ўсталявання раўнапраўя для ўсіх грамадзян.  Таксама яны хацелі вучыцца самі  і вучыць іншых.

Я заклікаю вас прысвяціць трошкі свайго часу на тое,  каб пазнаёміцца з іх асабістымі гісторыямі і дасягненнямі.

З часоў першых кампаній, арганізаваных такімі жанчынамі-лідэрамі, як С’юзан Б. Энтані і Люсі Бёрнс, амерыканскія жанчыны зрабілі значныя крокі ў сваёй барацьбе за роўныя правы. У іх час найбольш неадкладным пытаннем было права жанчын удзельнічаць у выбарах. Амерыканскія жанчыны заваявалі гэтае права ў 1920 годзе, калі Кангрэс зацвердзіў дзевятнаццатую папраўку да Канстытуцыі ЗША: “Грамадзянам Злучаных Штатаў не можа быць адмоўлена ў праве на ўдзел у выбарах ці абмежавана гэтае права з боку Злучаных Штатаў ці любога штата на падставе полавай прыналежнасці.”

Калі я навучалася  ў каледжы  ў 1970-х,  жаночы рух за правы чалавека  засяроджваў увагу на барацьбе за сацыяльную і эканамічную роўнасць, уключна з роўнай аплатай за роўную працу, а таксама роўныя правы займаць пасады, асабліва ў галіне бізнесу і дзяржаўнай сферы. З таго часу барацьба жанчын за сацыяльную і фінансавую незалежнасць прывяла да вялікіх поспехаў. Напрыклад, у гэтым месяцы споўнілася 30 гадоў,  як я паступіла на дыпламатычную службу Дзяржаўнага дэпартамента Злучаных Штатаў. У той час толькі 10% студэнтаў, якія наведвалі дыпламатычную школу, былі жанчынамі. 5 сакавіка бягучага года ў дыпламатычную школу пры  Дзяржаўным дэпартаменце ЗША прыйшлі новыя студэнты. І цяпер колькасць жанчын там не толькі роўная, але нават перавышае колькасць мужчын. На сённяшні дзень жанчыны складаюць ужо 53% .

Сёння рэкордная колькасць жанчын працуе ў кабінетах Кангрэса Злучаных Штатаў, а  лічба  амерыканскіх жанчын, якія кіруюць уласным бізнесам, працягвае павялічвацца. У той жа час  амерыканскія маці, дзякуючы сваім настаўленням і клопату, дапамагаюць будаваць аснову будучага поспеху нашых дзяцей і тым самым узмацняюць нашу краіну. Сапраўды, апошнія апытанні  амерыканскіх сям’яў паказваюць, што сённяшнія жанчыны праводзяць больш часу са сваімі дзецьмі, а таксама больш працуюць па-за межамі ўласнага дома ў параўнанні з 1960-мі гадамі. Відавочна, яны сталі праводзіць менш часу за хатнімі справамі. Сур’ёзна кажучы, надзвычай шмат было зроблена, каб дабіцца большай роўнасці, і менавіта такі прагрэс не быў бы магчымым без падмурка, створанага першымі амерыканскімі барацьбіткамі за правы жанчын.

Кожны дзень жанчыны разбураюць бар’еры, тым самым забяспечваючы яшчэ большую роўнасць і магчымасці для наступных пакаленняў жанчын. Як пасол, я асабліва ўдзячная Фрэнсіс Уіліс, першай жанчыне, якая ў 1953 годзе атрымала пасаду амбасадара і праклала дарогу іншым жанчынам-дыпламатам. Праз некалькі дзесяцігоддзяў пасля гістарычна важнага прызначэння сп. Уіліс амбасадарам, Мадлен Олбрайт у студзені 1997 стала 64-ым дзяржаўным сакратаром Злучаных Штатаў. Яна была першай жанчынай на пасадзе дзяржаўнага сакратара і заставалася першай высокапастаўленай жанчынай у гісторыі да таго часу, пакуль у студзені гэтага года спікерам палаты прадстаўнікоў не стала Нэнсі Пелозі. Між іншым, сакратар Олбрайт скончыла Wellesley College (Каледж Уэлзлі) у Масачусетсе, дзе навучалася я, а таксама сенатар ЗША і кандыдат у прэзідэнты Хілары Клінтан.

Хоць я галоўным чынам і засяродзіла сваю ўвагу на амерыканскіх жанчынах-лідэрах у сувязі з тым, што гэты месяц у Амерыцы прысвечаны ролі жанчын у гісторыі, жанчыны ўсяго свету  адыгравалі важную ролю ў палітычнай, сацыяльнай і культурнай галінах у сваіх краінах. На мінулым тыдні мне пашанцавала з’ездзіць у Полацк, горад, які, як вы ўсе добра ведаеце, падараваў свету знакамітую Ефрасінню Полацкую. Нягледзячы на тое, што Святая Ефрасіння жыла ў XII стагоддзі, яна была той, каго сёння мы б назвалі “свабоднай жанчынай”.  Яе асветніцкая дзейнасць, што знайшла адлюстраванне ў перапісванні святых кніг, яе адмаўленне ад раскошы княскага жыцця і жаданне ісці сваёй дарогай, яе спачуванне бедным –  усё гэта якасці жанчыны-лідэра.

Беларусь таксама ганарыцца знакамітай пісьменніцай 19-га стагоддзя  Элізай Ажэшкай, чые творы, прысвечаныя вясковаму жыццю, і сёння чытаюцца з задавальненнем. У 1879 годзе Ажэшка таксама адкрыла ўласныя кнігарню і друкарню ў  Гродне. Сёння ў гэтым горадзе існуе музей, прысвечаны яе дасягненням. Аднак мы памятаем Ажэшку не толькі дзякуючы яе літаратурнай працы, але і таму, што яна прысвяціла сваё жыцце вызваленню прыгонных сялян.

І, канешне, нельга не ўзгадаць беларускую паэтку і рэвалюцыянерку Алаізу Пашкевіч (Цётку) – адну  з лідэраў Беларускай рэвалюцыйнай грамады. Яна была вымушана на 10 год пакінуць Беларусь з прычыны сваёй рэвалюцыйнай дзейнасці. Калі Пашкевіч вярнулася дамоў, яна зноў уключылася ў рэвалюцыйны рух і працягнула змагацца за правы бедных.

На працягу ўсёй гісторыі светапогляд і рашучасць жанчын узмацняліся і змянялі свет. На пачатку месяца дзяржаўны сакратар Кандаліза Райс, першая афраамерыканка, якая атрымала пасаду дзяржаўнага сакратара ЗША, выказала сваю павагу ўсім жанчынам свету за іх выключную мужнасць і  лідэрства ў абароне правоў жанчын і намаганні палепшыць жыццё сваіх народаў. Грамадзянкі Зімбабвэ, Латвіі, Аргенціны, Інданезіі, Мальдзіваў і Саудаўскай Аравіі былі адзначаны, між іншым, за адстойванне законных правоў жанчын, за барацьбу з карупцыяй і працу з жанчынамі-актывісткамі.

Для прыкладу, узнагароду дзяржаўнага сакратара за мужнасць, праяўленую ў краінах заходняга паўшар’я, атрымала сп. Сюзана Трымарка дэ Верон з Аргенціны, якая, спрабуючы процістаяць гандлю людзьмі, сутыкнулася з небяспекай і пагрозай жыццю, калі спрабавала адшукаць  сваю дачку, скрадзеную гандлярамі жывым таварам.  У намаганнях знайсці дачку сп. Трымарка падвяргала сваё жыцце небяспецы, апрануўшыся прастытуткай хадзіла па барах і парках, спадзеючыся знайсці каго-небудзь, хто б мог ведаць пра яе дзіця. Нягледзячы на памылкі і смяротную пагрозу, яна знайшла доказ існавання каналаў гандлю людзьмі і прыцягнула ўвагу ўладаў ды грамадзянскай супольнасці да гэтай важнай праблемы. Яшчэ адну ўзнагароду атрымала доктар Саміла аль-Амоўдзі, першая жанчына ў Саудаўскай Аравіі, якая распавяла людзям пра рак грудзей, які быў знойдзены ў яе самой. Яе нястомная праца была накіравана на тое, каб  распаўсюджваць веды сярод грамадзянаў Саўдаўскай Аравіі і рабіць іх больш свядомымі. Яна мабілізавала медыцынскі персанал, мужчын і жанчын, сем’і, студэнтаў на супольнае вырашэнне  гэтай праблемы. Доктар аль-Амоўдзі дала шмат інтэрв’ю ў мясцовых і рэгіянальных сродках масавай інфармацыі, яна шмат выступала, нават калі сама праходзіла лячэнне ад раку грудзей.

Дасягненні сп. Трымарка, доктара аль-Амоўдзі і іншых жанчын, якія атрымалі ўзнагароду дзяржаўнага сакратара за мужнасць, праяўленую ў галіне абароны правоў чалавека, журналістыкі, палітыкі і заканадаўства, прывялі да зменаў у грамадстве і служаць станоўчым прыкладам для будучых жаночых лідэраў ва ўсім свеце.

Немагчыма нават пералічыць прыклады адважных і смелых жанчын усяго свету, якія імкнуцца да ўсталявання свабоды і раўнапраўя. Менавіта месяц, прысвечаны ролі жанчын у гісторыі, і свята Восьмага сакавіка дазваляюць нам аддаць даніну павагі мужнасці і мэтанакіраванасці выбітных жанчын ва ўсім свеце і на працягу ўсёй гісторыі. Дзякуючы намаганням такіх жанчын,  свет змяніўся і стаў больш мірным і шчаслівым. Нават нягледзячы на тое, што мы адзначаем гэта свята з невялікім спазненнем,  дазвольце мне павіншаваць жанчын Беларусі з Міжнародным жаночым днём.

У пачатак старонкі ^

Інструменты старонкі:

Printer_icon.gif Надрукаваць артыкул



 

    Гэты сайт створаны і абнаўляецца Дзяржаўным дэпартаментам ЗША.
    Спасылкі на іншыя інтэрнэтаўскія старонкі не павінны разглядацца як ухваленне поглядаў, што на іх выказваюцца.


Амбасада Злучаных Штатаў Амерыкі