jump over navigation bar
Embassy SealДзяржаўны дэпартамент ЗША
Мінск, Беларусь - Амбасада Злучаных Штатаў Амерыкі- Home flag graphic
 
  Амбасадар Прамовы і выступленні Зварот да наведвальнікаў Інфармацыя пра амбасаду Дакументы Праграмы и мерапрыемствы за 2008 год Праграмы і мерапрыемствы за 2007 год Праграмы і мерапрыемствы за 2006 год

Прамовы і выступленні

Прамова Амбасадара Карэн Сцюарт у Беларускім дзяржаўным універсітэце, прысвечаная Джорджу Вашынгтону

Мінск, 22 лютага 2007 года

Дзякуй вам за запрашэнне выступіць з прамовай з нагоды Дня Прэзідэнта. Для мяне вялікі гонар выступаць перад вамі падчас майго першага візіта ў БДУ ў якасці амбасадара Злучаных Штатаў Амерыкі. Як ужо сказаў мой калега, у сваіх выступленнях мы паспрабуем паказаць, якім чынам два вялікія амерыканскія прэзідэнты – Лінкольн і Вашынгтон – паўплывалі на нашу краіну і на яе палітычны светапогляд. Джордж Вашынгтон быў лідэрам з вялікім дарам прадбачання, і таму вельмі дарэчы гаварыць аб ім ва ўніверсітэцкіх аўдыторыях, бо менавіта тут новае пакаленне лідэраў вучыцца ўменню зазірнуць за гарызонт.

Амерыка заваявала сваю незалежнасць ад Велікабрытаніі ў бітве ля Ёрктаўна ў 1781 годзе. Аднак, баючыся, што Брытанія можа ўзнавіць варожыя дзеянні ў адсутнасці фармальнай мірнай дамовы, “Кантынентальны” Кангрэс Злучаных Штатаў адмовіўся распусціць кантынентальнае войска, нягледзячы на недахоп грошай і немагчымасць заплаціць збяднелым амерыканскім вайскоўцам. У сакавіку 1783 года генерал Джордж Вашынгтон выступіў перад  групай раз’юшаных афіцэраў, што сабраліся паблізу ракі Гудзон у Нью-Ёрку, каб абмеркаваць паўстанне супраць Кангрэсу. Імкнучыся прадухіліць ваенны пераварот, Вашынгтон заўважыў, што за сваю службу на працягу доўгіх сямі гадоў вайны ён таксама не атрымаў нічога. Ён казаў аб сваёй любові да салдатаў і заклікаў іх да цярпення, абяцаючы зрабіць усё магчымае, каб яны атрымалі тое, што ім належала.

Пасля гэтага генерал зачытаў ліст ад аднаго з кангрэсменаў, у якім тлумачылася, што існуючыя цяжкасці сталі вынікам адсутнасці фармальнага заканчэння вайны. Чытаючы, Вашынгтон блытаўся, спатыкаўся праз некалькі словаў, а потым увогуле кінуў чытаць, не дайшоўшы да канца тэксту. Затым ён дастаў з кішэні рэч, якую хаваў ад усіх, акрамя жонкі і некалькіх сяброў – свае акуляры. “Прабачце мяне, джэнтльмены, - ціха сказаў ён. – За час службы вам і нашай краіне я стаў не толькі сівы, але і даволі сляпы”. З хвіліну паглядзеўшы ў тэкст, ён, нарэшце, перадаў ліст памочніку і моўчкі пакінуў залю. У цішыні пачуліся ўсхліпванні вайскоўцаў, чые зачарсцвелыя ў баях сэрцы і душы былі моцна кранутыя. У выніку марш на Кангрэс быў аднагалосна адменены.

Маленькая і адначасова магутная праява сціплай моцы, якую Вашынгтон прадэмантстраваў тым вечарам на ўзбярэжжы Гудзона, наклала адбітак і на ягоную дзейнасць у якасці першага амерыканскага прэзідэнта. Ягонае прэзідэнцтва было адзначана сілай, сціпласцю і бачаннем будучыні для Амерыкі. Гэтыя якасці былі яскрава адлюстраваныя ў ягоным развітальным звароце 1796 года. Гэты зварот настолькі грунтоўна акрэсліў амерыканскую самасвядомасць, што нават сёння наш Кангрэс прадпісвае зачытваць яго на Капіталійскім узвышшы штогод 22 лютага, у дзень нараджэння Вашынгтона.

У многіх сэнсах развітальны зварот Вашынгтона з’яўляецца папярэджаннем усім рэспублікам, старым і новым, аб пагрозах унутранай і знешняй тыраніі, з якімі яны сутыкаюцца.

Галоўнай з гэтых пагроз Вашынгтон лічыў бескантрольную прэзідэнцкую ўладу. Нягледзячы на тое, што прэзідэнт адчайна адстойваў прыярытэт выканаўчай улады ў камандаванні ўзброенымі сіламі і вядзенні перамоваў, ён у той жа час пераконваў будучых кіраўнікоў у неабходнасці быць сціплымі, трымацца ў межах сваіх канстытуцыйных абавязкаў і пазбягаць выкарыстання сваёй улады дзеля “замаху” на іншыя галіны ўраду. Вашынгтон крытыкаваў такія пасягальніцтвы выканаўчай улады на заканадаўчыя і судовыя паўнамоцтвы, называючы гэта “звычайнай зброяй, што разбурае ўрады”.

Вашынгтон, аднак, кажа нам, што ў больш аддаленай перспектыве найвялікшая пагроза для прадстаўнічага ўрада ідзе звонку і палягае ў стасунках з іншымі краінамі, асабліва калі яны грунтуюцца альбо на палкай нянавісці, альбо на бяздумнай сімпатыі. Прычыны яго негатыўнага стаўлення да першага з гэтых пачуццяў у значнай ступені відавочныя. Найноўшая гісторыя, асабліва на Балканах і Блізкім Усходзе, насычана прыкладамі незавершаных канфліктаў, што падпітваюцца палкай нянавісцю.

Не трэба далёка хадзіць і за прыкладамі другога пачуцця. Вашынгтон называў яго “сімпатыяй да ўлюбёнай краіны, якая стварае ілюзію існавання ўяўных агульных інтарэсаў там, дзе ніякіх агульных інтарэсаў няма”. Паводле Вашынгтона, бяздумная адданасць улюбёным краінам вядзе да неапраўданых уступак таго, што лепш было б захаваць, да “зайздрасці, непрыязнасці і жадання адпомсціць з боку тых краін, якія не карыстаюцца такімі прывілеямі”.

Акрамя таго, Вашынгтон сцвярджае, што такая адданасць можа стварыць сувязь паміж знешнімі пагрозамі і пагрозай унутранай тыраніі, прывёўшы да ўлады амбіцыйных ці карумпіраваных палітыкаў, якія цалкам арыентуюцца на пэўную краіну і здольныя такім чынам “ахвяраваць інтарэсамі сваёй уласнай дзяржавы, не маючы пры гэтым злачынных намераў, а часам нават карыстаючыся папулярнасцю ў насельніцтва”. 

Папярэджваючы аб гэтым, Вашынгтон выступаў за раўнапраўны і непрадузяты гандаль, які б не залежыў ад выключных сімпатый ці пажаданняў іншых дзяржаваў, бо глупа дабівацца абыякавай схільнасці ад іншай краіны, каб потым “плаціць за гэта часткай сваёй незалежнасці альбо нечым яшчэ, што тая пагодзіцца прыняць”. Адпаведна, Вашынгтон імкнуўся пазбегнуць палкай нянавісці альбо адданасці ў адносінах да Велікабрытаніі і Францыі, ад якіх многія сябры канкурыруючых партый Федэралістаў і Рэспубліканцаў чакалі сімпатый і прэферэнцый.

Гэта зусім не азначае, што Вашынгтон выступаў супраць развіцця дыпламатыі альбо разглядаў знешнепалітычныя інтарэсы Амерыкі ў адрыве ад амерыканскіх каштоўнасцяў і ідэалаў, як гэта часам памылкова інтэрпрэтуюць. На самой справе ў сваёй развітальнай прамове ён заклікае Злучаныя Штаты падтрымліваць мір, дэманстраваць добрасумленнасць і справядлівасць у адносінах да ўсіх краін. Выступаючы за скарачэнне Амерыкай “пастаянных альянсаў”, ён сцвярджаў, што “шчырасць – самая лепшая палітыка” як у прыватных, так і ў грамадскіх справах.

Імкнучыся спалучыць шчырасць у грамадскіх і прыватных справах, Вашынгтон быў упэўнены, што ніхто не павінен займаць пасаду прэзідэнта ЗША больш чым два тэрміны. Ён  адмовіўся ад прапановаў узысці  на трон падчас змагання Амерыкі за незалежнасць, ён мог з лёгкасцю перамагчы на выбарах на трэці прэзідэнцкі тэрмін, але дабраахвотна склаў з сябе паўнамоцтвы і перадаў уладу свайму законна абранаму пераемніку Джону Адамсу.

Каментуючы свой намер перадаць уладу, Вашынгтон у сваёй развітальнай прамове заявіў: “Я надта добра адчуваю свае недахопы, каб не дапускаць думкі аб тым, як шмат памылак я зрабіў. Хачу спадзявацца, што мая краіна будзе ставіцца да іх літасціва і што пасля сарака пяці гадоў адданага служэння гэтыя памылкі і пралікі будуць забытыя, гэтак жа як і я сам, калі пайду на пакой”. І зноў праз сціпласць Вашынгтон прадэманстраваў моц свайго лідэрства.

Я вельмі раю ўсім вам, студэнтам, якія вывучаюць амерыканістыку, калі будзе магчымасць,  наведаць дом Джорджа Вашынгтона ў Маўнт Вернон, штат Вірджынія, што непадалёку ад сталіцы ЗША. Там вы зможаце ўбачыць добра захаваныя экспанаты, што расказваюць пра грамадскае і прыватнае жыццё Вашынгтона. Сярод іх, дарэчы, і ягоныя знакамітыя акуляры.

У пэўным сэнсе гэта вельмі сумна, што асноўная частка экспанатаў і выяваў Вашынгтона адносіцца да больш позняга перыяду. Большасць амерыканцаў уяўляюць Вашынгтона не маладым энергічным фермерам з Маўнт Вернон і не адважным афіцэрам з форта Нэсэсіці падчас баявых дзеянняў супраць французаў і індзейскіх плямёнаў, а састарэлым дзяржаўным дзеячом з купюры ў адзін даляр. І тым не менш, дзякуючы яго надзвычайным лідэрскім якасцям, моцы і сціпласці, дзякуючы мудрасці, якую мы па-ранейшаму адчуваем у ягоных словах, кожны амерыканец прызнае, што нават стаўшы сапраўды сівым, Джордж Вашынгтон ніколі не стаў сляпым.

Дзякуй.

У пачатак старонкі ^

Інструменты старонкі:

Printer_icon.gif Надрукаваць артыкул



 

    Гэты сайт створаны і абнаўляецца Дзяржаўным дэпартаментам ЗША.
    Спасылкі на іншыя інтэрнэтаўскія старонкі не павінны разглядацца як ухваленне поглядаў, што на іх выказваюцца.


Амбасада Злучаных Штатаў Амерыкі