Праграмы і мерапрыемствы за 2007 год
Валанцёры па лініі USAID дапамагаюць беларускім фермерам
13 красавіка Амбасадар Сцюарт наведала дзве фермерскія гаспадаркі, якія атрымалі тэхнічную дапамогу ад амерыканскай грамадскай арганізацыі CNFA, “Валанцёры ў аграбізнесе”. Адна з гаспадарак, “Халадон-агра”, зараз прымае амерыканскага валанцёра, а другая атрымала дапамогу некалькі гадоў таму. Кіраўнікі абедзьвюх гаспадарак распавялі пра гісторыю і паспяховае выкарыстанне вопыту амерыканскіх валанцёраў.
“Халадон-агра” – гэта нядаўна прыватызаваны калхоз, які спецыялізуецца на вырошчванні зернявых культур і дойнага статка. У 2005 годзе чацвёра валанцёраў прапанавалі гаспадарцы сваю дапамогу па такіх накірунках, як вытворчасць высокаякасных кармавых культур, глеба- і водазберажэнне, рацыянальны догляд за пагалоўем цялят, камп’ютэрызаванае складанне рацыёну, а таксама планаванне бізнесу і аналіз. Пасля таго, як кіраўніцтва гаспадаркі прайшло падрыхтоўку па асновах безадвальнай апрацоўкі глебы, “Халадон-агра” зацікавіўся доўгатэрміновай стратэгіяй па пераходзе ад звычайнай да безадвальнай тэхналогіі земляробства і падрыхтоўкай супрацоўнікаў дзеля выкарыстання і абслугоўвання новага абсталявання. Культуры, пасаджаныя па новай тэхналогіі вясной 2006 года, далі ўраджай на 10-15% вышэй за тыя, што вырошчваліся па традыцыйнай тэхналогіі. Гэта таксама дазволіла скараціць выдаткі на працу і паліва, што прывяло да стварэння больш прыбытковай і экалагічнай сістэмы вытворчасці. У гэтым годзе “Халадон-агра” плануе распаўсюдзіць безадвальную апрацоўку глебы на плошчах каля 300 га. Джэры Грыгар, прыватны фермер са штата Мічыган, які вучыў сваіх беларускіх калег працы на новым абсталяванні, зараз дапамагае гаспадарцы ў правядзенні пасяўных работ.
Інвестыцыі ў вытворчасць малочнага ската, якасных кармоў і раслін дазволілі гаспадарцы “Халадон-агра” удвая павысіць даход ад продажу малака, мяса, гародніны і іншай прадукцыі. Кіраўніцтва змагло таксама павысіць зарплату 135-ці сваім супрацоўнікам. Павелічэнне вытворчасці, продажаў і агульнай эфектыўнасці дазволіла “Халадон-агра” пераўтварыцца са стратнай гаспадаркі ў прыбытковае прадпрыемства за 24 месяцы, што прайшлі з моманту яго рэгістрацыі, і забяспечыць дабрабыт больш чым тром сотням беларусаў, сярод якіх – супрацоўнікі гаспадаркі і члены іх сем’яў.