Прамовы і выступленні
 |
Амбасадар Карэн Сцюарт |
Прамова амбасадара Сцюарт на прыёме з нагоды Дня Марціна Лютэра Кінга
17 студзеня 2007 года
Дзякуй, шаноўнае спадарства, за тое, што далучыліся да нас. Дзякуй Мінскай абласной бібліятэцы імя Пушкіна за дазвол правесці сённяшнюю сустрэчу. На гэтым тыдні Злучаныя Штаты аддаюць даніну павагі доктару Марціну Лютэру Кінгу, найвыбітнейшаму з нашых змагароў за грамадзянскія правы ў дваццатым стагоддзі.
Сутыкаючыся з дыскрымінацыяй з боку ўрада, расавай сегрэгацыяй і частымі пагрозамі фізічнай расправы, доктар Кінг узначальваў амерыканскі рух за грамадзянскія правы са спакоем, дысцыплінай, развагай і надзеяй. Для доктара Кінга натхненнем былі прынцыпы амерыканскай Дэкларацыі незалежнасці, яе словы пра тое, што ўсе людзі створаныя роўнымі і надзеленыя неад’емнымі правамі на жыццё, свабоду і пошук шчасця. Ён засвоіў філасофію негвалтоўнага супраціву ад Махатмы Гандзі і імкнуўся выкарыстоўваць маральныя сродкі для дасягнення маральнай мэты, а менавіта для дасягнення паразумення і сяброўства з тымі, хто быў часткай сістэмы расавай дыскрымінацыі, пераўтварэння іх у саюзнікаў, у сілу, здольную прывесці да зменаў. Ён імкнуўся да таго, каб свет вызваліўся ад забабонаў і напоўніўся верай, надзеяй, любоўю і справядлівасцю. Ён меў смеласць марыць пра лепшы свет, дзе б дэмакратыя і свабода былі скарбамі для ўсіх.
Спадчыну Марціна Лютэра Кінга можна ўбачыць у выявах сённяшняй выставы,
у тварах афра-амерыканцаў, што цяпер маюць магчымасць падняцца на найвышэйшы ўзровень у любой прафесіі ці грамадскай дзейнасці. Аднак доктара Кінга таксама будуць памятаць і за яго зварот да сумлення маіх суайчыннікаў і ўсяго свету. Менавіта таму сёння мы і паслухаем яго прамову перад удзельнікамі Марша на Вашынгтон, які адбыўся падчас святкавання стагоддзя Пракламацыі Лінкальна аб вызваленні, а таксама пачуем вельмі асабістую гісторыю майго калегі пра ўздзеянне на яго слоў доктара Кінга.
Дзякуй за ўвагу.