Прамовы і выступленні
|
Амбасадар Сцюарт звяртаецца да прысутных з прамовай |
Прамова амбасадара Карэн Сцюарт на прыёме з нагоды прамежкавых выбараў 2006 года ў ЗША
Мінск, 8 лістапада 2006 г.
Шаноўныя госці, сябры і калегі! Я з вялікім задавальненнем вітаю вас і хачу падзякаваць усім, хто прыйшоў сёння да нас. Я разумею, што гэта, мабыць, не самы зручны час для арганізацыі прыёма, і мне тым больш прыемна адзначаць ў вашай кампаніі прамежкавыя выбары 2006 года ў Злучаных Штатах. Спадзяюся, што гэта мерапрыемства будзе выдатным пачаткам наступнага кароткага працоўнага тыдня.
Мне хочацца сказаць, што я з задавальненнем зноў вярнулася ў Беларусь. Гэта цудоўная краіна, у якой жывуць людзі з вялікім патэнцыялам, адны з найбольш таленавітых і добрых людзей, з якімі мне давялося сустракацца за час службы ў Дзярждэпартаменце. Для мяне сапраўдны гонар і прывілей быць амбасадарам у краіне, якую я ведаю і люблю. Я з нецярпеннем чакаю магчымасці наладзіць больш цесныя сувязі з беларусамі, а таксама супрацоўнічаць з маімі калегамі з дыпламатычнага корпусу, каб падтрымаць палітычныя і эканамічныя памкненні беларускага народа.
Адным з маіх галоўных абавязкаў на працягу наступных трох гадоў будзе спрыянне дэмакратыі і дэмакратычным ідэалам. З гэтай жа нагоды мы праводзім і сённяшні прыём. Не памылюся, калі скажу, што кожная дэмакратыя пастаянна знаходзіцца ў працэсе ўдасканалення, і, як паказалі прэзідэнцкія выбары 2000 года ў ЗША, гэты працэс не заўсёды выглядае прыгожа. Аднак народ Злучаных Штатаў верыў у дэмакратычную сістэму, усталяваную нашымі айцамі-заснавальнікамі, і пераможца ў рэшце рэшт быў аб’яўлены.
Выбары ўсіх узроўняў маюць вялікае значэнне, аднак асаблівая важнасць прамежкавых выбараў у Злучаных Штатах у тым, што існуе вялікая верагоднасць змены партыйнай большасці ў Сенаце ці Палаце прадстаўнікоў. Калі кантроль у Сенаце ці Палаце прадстаўнікоў пяройдзе да Рэспубліканскай партыі, гэта будзе азначаць, што заканадаўчыя ініцыятывы прэзідэнта Буша і яго адміністрацыі сутыкнуцца з большымі перашкодамі. Акрамя таго, амерыканцам належыць выбраць губернатараў шэрагу штатаў і прагаласаваць на мясцовых рэферэндумах па некаторых спрэчных пытаннях.
У прамежкавых выбарах удзельнічаюць усе штаты краіны, на іх балатуюцца некаторыя вельмі цікавыя кандыдаты, сярод якіх былы культурыст, што стаў кіназоркай; былы дыпламат; шмат грамадзян, якія натуралізаваліся ў Злучаных Штатах; інвалід вайны ў Іраку і нават 19-гадовы студэнт каледжа. На жаль, значная колькасць зарэгістраваных выбаршчыкаў у ЗША не ўдзельнічае ў выбарах, але тыя, хто ідуць галасаваць, карыстаюцца сваім канстытуцыйным правам па розных прычынах. Яны зацікаўленыя ў галасаванні, бо маюць моцныя перакананні па тым ці іншым пытанні, як, напрыклад, роля ЗША ў Іраку, эканоміка, тэрарызм, правы сэксуальных меншасцяў, навука і рэлігія, навакольнае асяроддзе, адукацыйная рэформа, медыцынскае страхаванне, міжнародны гандаль, ігорны бізнес і вайсковая рэформа. Гэты спіс бясконцы, асабліва ў краіне, колькасць жыхароў якой нядаўна пераадолела адзнаку ў 300 мільёнаў чалавек, і чыё насельніцтва становіцца ўсё больш разнастайным па сваім паходжанні і культуры. Аднак у Злучаных Штатах звычайна адбываецца так: чым больш спрэчнае пытанне ставіцца на галасаванне, тым больш людзей прыходзіць на выбарчыя ўчасткі, каб выказаць свой пункт гледжання.
Прамежкавыя выбары ў ЗША – парламенцкія, губернатарскія і муніцыпальныя – былі вельмі хвалюючымі. Шмат для каго з амерыканцаў сёння з’явілася нагода для святкавання. Для іншых, наадварот, гэты дзень прынёс расчараванне. Але якой бы ні была рэакцыя амерыканцаў на вынікі выбараў, яны яшчэ раз нагадваюць нам, што адметнай рысай кожнага па-сапраўднаму дэмакратычнага грамадства з’яўляецца верхавенства волі народа.
Нядаўна ў Беларусі пачалася падрыхтоўка да мясцовых выбараў, якія маюць адбыцца 14 студзеня 2007 года. Злучаныя Штаты, Еўразвяз і іншыя прадстаўнікі міжнароднай супольнасці ўважліва сочаць за крокамі Беларусі па забеспячэнні справядлівага і празрыстага характару гэтага працэсу. Працягваючы ўдасканальваць сваю ўласную дэмакратычную сістэму, Злучаныя Штаты па-ранейшаму заклікаюць і дапамагаюць розным краінам свету, у тым ліку і Беларусі, зрабіць неабходныя крокі да пабудовы моцнай і жыццяздольнай дэмакратыі. Як я ўжо заўважыла на прыкладзе маёй уласнай краіны, справа гэта ня з лёгкіх, аднак, спадзяюся, вы пагодзіцеся з тым, што яе выгады рэшце з ліхвой пакрываюць выдаткі.
Яшэ раз дзякуй усім, хто прыйшоў, запрашаю пакаштаваць нашых страваў і спадзяюся на плённае супрацоўніцтва на працягу наступных трох гадоў.