Прэс-рэлізы за 2007 год
Амбасадар Сцюарт наведала Магілёў і перадала медыцынскія прэпараты абласной дзіцячай бальніцы
Прэс-рэліз амбасады ЗША
Мінск, 23 студзеня 2007 г.
|
Супрацоўнікі Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы падчас перадачы ахвяраванняў ад CitiHope |
14 снежня 2006 года ў Рэспубліку Беларусь прыбыла партыя медыкаментаў коштам каля 2,46 мільёнаў долараў. Іх дастаўка ажыццяўлялася пры актыўным супрацоўніцтве амерыканскай дабрачыннай арганізацыі “CitiHope International”, яе беларускага партнёра – міжнароднай дабрачыннай грамадскай арганізацыі “Надежда Экспресс” – і Дзяржаўнага дэпартамента Злучаных Штатаў Амерыкі. 23 студзеня амбасадар Карэн Сцюарт і “CitiHope International” перадалі частку медыкаментаў Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы. Амбасадар Сцюарт падзякавала прападобнаму Полу Муру і “CitiHope” за працу па набыцці гэтых лекаў, што ёсць часткай іх шматгадовых намаганняў па дапамозе Беларусі. Амбасадар таксама адзначыла цеснае супрацоўніцтва з Дзяржаўным дэпартаментам і амбасадай ЗША па фінансаванні гэтай пастаўкі. Карэн Сцюарт выказала падзяку Міністэрству аховы здароўя Рэспублікі Беларусь за дапамогу ва ўзгадненні і рэгістрацыі гэтай пастаўкі, а таксама магілёўскім органам аховы здароўя за размеркаванне лекаў тым, каму яны неабходныя.
Арганізацыя “CitiHope International”, якая размешчана ў горадзе Андэс, штат Нью-Ёрк, займаецца прадастаўленнем дапамогі Рэспубліцы Беларусь з часу чарнобыльскай катастрофы. Іх нязменны беларускі партнёр, міжнародная дабрачынная арганізацыя “Надежда Экспресс”, прымала актыўны ўдзел у ацэнцы медыцынскіх патрэбаў, каардынавала дастаўку, а таксама афармляла неабходныя пагадненні і дазволы беларускага боку на імпарт медыкаментаў. Офіс каардынатара амерыканскай дапамогі краінам Еўропы і Еўразіі ў Дзяржаўным дэпартаменце забяспечваў агульнае кіраванне праграмай гуманітарнай дапамогі ў Беларусі і прадастаўляў фінансавую падтрымку “CitiHope International” дзеля ажыццяўлення гэтага праекта, уключаючы ўсе транспартныя выдаткі. Медыкаменты, якімі, як чакаецца, змогуць скарыстацца 15000 пацыентаў, былі бясплатна размеркаваны паміж абласнымі і раённымі бальніцамі, амбулаторнымі клінікамі і іншымі медыцынскімі ўстановамі краіны ў каардынацыі з Міністэрствам аховы здароўя Беларусі.
Прывезеныя лекі – гэта цэфаласпарынавы антыбіётык ларабід, прадастаўлены амерыканскай фармацэўтычнай кампаніяй “Monarch Pharmaceutical”. Гэты медыкамент мае доўгі тэрмін захоўвання і выкарыстоўваецца для лячэння інфекцыі верхніх дыхальных шляхоў, хранічных бранхітаў, пнеўманіі, сінусітаў, фарынгітаў і танзілітаў, скурных нарываў, інфекцыі мачавых шляхоў і піеланефрытаў. Ларабід – гэта найноўшы лекавы прэпарат, які ўздзейнічае на мікраарганізмы, устойлівыя да антыбіётыкаў, што звычайна прызначаюцца ў Беларусі для барацьбы з бактэрыяльнымі інфекцыямі ў дзяцей і дарослых.
Па дадатковую інфармацыю наконт гэтай гуманітарнай акцыі можна звяртацца ў пастаяннае прадстаўніцтва CitiHope International у Мінску (тэлефон/факс: 200 08 48; e-mail: citihope@yandex.ru), альбо ў офіс арганізацыі “Надежда Экспресс” (тэлефон/факс: 200 18 53; e-mail: nadezhda-exp@yandex.ru).