Прэс-рэлізы за 2008 год
Беларусь: вызваленне Аляксандра Казуліна
Заява намесніка прэс-сакратара Дзярждэпартамента ЗША Тома Кейсі
26 лютага 2008 г.
Мы вітаем вызваленне беларускімі ўладамі палітзняволенага, былога кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна. Надзвычай важна, каб яго вызваленне стала канчатковым і безумоўным. На працягу апошніх тыдняў былі таксама вызвалены палітзняволеныя Андрэй Клімаў, Аляксандр Здзвіжкоў, Дзмітрый Дашкевіч, Артур Фінькевіч, Мікалай Аўтуховіч і Юрый Ляонаў, што з’яўляецца пазітыўным крокам з боку беларускіх уладаў. У выпадку, калі вызваленне Казуліна будзе канчатковым, працэс вызвалення ўсіх міжнародна прызнаных палітзняволеных будзе завершаны, і мы зможам пачаць з Беларуссю дыялог наконт далейшых крокаў па паляпшэнні двухбаковых адносін.
Мы шкадуем, што Аляксандр Казулін не быў вызвалены раней, пры жыцці сваёй жонкі Ірыны Казулінай. Мы выказваем шчырыя спачуванні сям’і Казуліных. Акрамя змагання за вызваленне свайго мужа і за дэмакратыю ў Беларусі, Ірына Казуліна выкарыстоўвала ўласную барацьбу з ракам малочнай залозы, каб дапамагчы беларускаму грамадству лепш усвядоміць небяспеку гэтай хваробы.