jump over navigation bar
Embassy SealДзяржаўны дэпартамент ЗША
Мінск, Беларусь - Амбасада Злучаных Штатаў Амерыкі- Home flag graphic
Палітыка ЗША і глабальныя праблемы
 
 

Справаздачы

Беларусь: справаздача аб правах чалавека за 2005 год

Падрыхтаваная Бюро па пытаннях дэмакратыі, правоў чалавека і працы
8 сакавіка 2006 года

Прадмова і ўводзіны

Беларусь

Згодна Канстытуцыі, Беларусь з’яўляецца рэспублікай на чале з прэзідэнтам, абраным шляхам прамога галасавання, і дзвюхпалатным Нацыянальным сходам (парламентам). Насельніцтва краіны складала трохі  меней за 10 мільёнаў чалавек. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, упершыню абраны ў 1994 годзе, сістэматычна падрываў дэмакратычныя інстытуты краіны і сканцэнтраваў уладу ў руках выканаўчых органаў шляхам правядзення рэферэндумаў са значнымі парушэннямі, маніпулявання выбарамі ды антыдэмакратычных законаў і ўказаў. Парламенцкія выбары і кастрычніцкі рэферэндум 2004 года, які адмяніў абмежаванне колькасці тэрмінаў прэзідэнцкіх паўнамоцтваў, не адпавядалі міжнародным стандартам. Дзяржаўныя ўлады ў цэлым ажыццяўлялі значны кантроль над сіламі бяспекі; супрацоўнікі сілаў бяспекі здзейснілі шэрг парушэнняў правоў чалавека.

Захаванне ўладамі правоў чалавека заставалася на вельмі нізкім узроўні, а ў некаторых сферах нават пагоршылася. Адзначаліся наступныя парушэнні правоў чалавека:

  • адмова грамадзянам у праве змены іх урада шляхам празрыстага дэмакратычнага працэсу;
  • нежаданне ўрада браць пад увагу знікненні апазіцыйных палітычных лідэраў і журналістаў і адмаўленне дачынення да гэтых знікненняў афіцыйных асоб;
  • жорсткае абыходжанне, а часам і катаванне вязняў і затрыманых;
  • перанаселенасць турмаў;
  • адвольныя арышты і праследаванне грамадзян па палітычных матывах;
  • абмежаванне незалежнасці судовай сістэмы;
  • зняволенне грамадзян за крытыку ўладаў або за ўдзел у масавых дэманстрацыях;
  • канфіскацыя ўладамі ўлётак, газет ды брашур у прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці;
  • закрыццё ўладамі шэрагу незалежных газет і ўмяшальніцтва ў дзейнасць іншых;
  • накладанне вялізных штрафаў на незалежныя выданні, звычайна абвінавачаныя ў паклёпе;
  • парушэнне органамі бяспекі права грамадзян на свабоду сходаў і ўжыванне сілы для разгону мірных дэманстрантаў;
  • пазбаўленне рэгістрацыі і праследаванне недзяржаўных арганізацый (НДА);
  • пазбаўленне рэгістрацыі цэркваў;
  • абмежаванне ўладамі права грамадзян свабодна выязджаць за мяжу;
  • ціск з боку ўладаў на апазіцыйныя палітычныя аб’яднанні праз судовыя і пазасудовыя меры;
  • здзек з жанчын і дзяцей у сем’ях;
  • гандаль жанчынамі і дзяўчынамі;
  • афіцыйная і сацыяльная дыскрымінацыя цыганскай супольнасці;
  • умяшальніцтва дзяржавы ва ўнутраныя справы этнічных меншасцяў;
  • дыскрымінацыя гомасексуалістаў з боку дзяржавы і грамадства;
  • праследаванне дзяржавай незалежных прафсаюзаў і іх прадстаўнікоў.

Забеспячэнне правоў чалавека

Раздзел 1. Забеспячэнне недатыкальнасці асобы, у тым ліку свабоды ад:

а. адвольнага або процізаконнага пазбаўлення жыцця

Не мелася пацверджаных звестак пра здзяйсненне ўладамі або іх прадстаўнікамі забойстваў па палітычных матывах; аднак па меншай меры два чалавекі памерлі ў міліцэйскім пастарунку пры нявысветленых абставінах. У той самы час адна жанчына загінула ад катаванняў, здзейсненых невядомымі асобамі падчас таго, як улады асудзілі яе НДА, а таксама пры нявысветленых абставінах загінуў адзін журналіст.

7 студзеня міліцыя затрымала васемнаццацігадовага Максіма Моіса за тое, што ён спраўляў малую патрэбу прылюдна. У той самы дзень ён загінуў у дзяржаўным выцвярэзніку пры нявысветленых абставінах. Члены сям’і, якія прыйшлі па цела, засведчылі, што ягоныя рукі і ногі былі звязаныя.

20 чэрвеня ў мястэчку Ракаў была замучана і забіта шасцідзесяцігадовая Юзэфа Варакса. Перад смерцю ёй разарвалі язык удаўжыню. Варакса была мясцовым лідэрам Саюза беларускіх палякаў. Яна была забітая ў той час, як улады гучна асуджалі гэтую арганізацыю і рабілі на яе нападкі ў сродках масавай інфармацыі (гл. раздзел 2б). Міліцыя абвінаваціла мясцовага жыхара А.С. Патоцкага ў здзяйсненні забойства ў стане алкагольнага ап’янення, і суд прыгаварыў Патоцкага да 15 год турэмнага зняволення.

У жніўні ў выцвярэзніку Светлагорска быў забіты Васіль Шавяленка. Па словах ягонага бацькі, Шавяленку білі па галаве і па шыі, у яго быў зламаны нос і сінякі на руках. Улады ўзбудзілі крымінальную справу супраць супрацоўніка выцвярэзніка за злоўжыванне службовым становішчам, што прывяло да забойства. Да канца справаздачнага года ўлады так і не завяршылі расследаванне.

18 кастрычніка ў сваёй кватэры быў знойдзены памерлым пры нявысветленых абставінах журналіст Васіль Гроднікаў. Улады сцвярджалі, што ніякага крымінальнага злачынства здзейснена не было (гл. раздзел 2а).

Паводле звестак, улады перашкаджалі расследаванню забойстваў невядомымі асобамі шэрагу ваеннаслужачых.

б. знікненняў

Пацверджаных звестак пра знікненні па палітычных матывах за разгледжаны перыяд не мелася.

7 красавіка ўлады заявілі пра ўзнаўленне расследавання знікнення і мяркуемага забойства ў 2000 годзе тэлежурналіста Дзмітрыя Завадскага. Аднак урад не прадпрымаў сур’ёзных захадаў для расследавання гэтай справы. Маюцца вартыя даверу сведчанні, якія ўказваюць на тое, што дзяржаўныя асобы маглі забіць Завадскага за ягоныя паведамленні пра высокапастаўленых дзяржаўных чыноўнікаў, якія садзейнічалі чэчэнскім сепаратыстам. У жніўні прэзідэнт Лукашэнка ўзнагародзіў ордэнам “За службу Радзіме” палкоўніка Дзмітрыя Паўлючэнку, названага ў справаздачы Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы асобай, якая адыгравала ключавую ролю ў знікненнях.

14 красавіка Камісія ААН па правах чалавека (КААНПЧ) прыняла трэцюю рэзалюцыю па правах чалавека ў краіне, у якой заклікала ўрад арганізаваць непрадузятае расследаванне знікненняў Завадскага, апазіцыйных дзеячаў Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара ў 1999 годзе, а таксама бізнесмена Анатоля Красоўскага ў 1999 годзе. У гэтай рэзалюцыі рэкамендавалася адхіліць ад выканання службовых абавязкаў высокапастаўленых чыноўнікаў, што падазраюцца ва ўдзеле ў гэтай справе. КААНПЧ таксама прызначыла спецыяльнага дакладчыка для аналізу сітуацыі з правамі чалавека ў краіне (гл. раздзел 4).

в. катаванняў ды іншых спосабаў жорсткага, бесчалавечнага і прыніжальнага абыходжання і пакарання

Закон забараняе падобныя дзеянні, тым не менш, міліцыя і турэмныя наглядчыкі рэгулярна збівалі затрыманых і вязняў.

11 сакавіка ў Оршы міліцыянт сур’ёзна збіў затрыманага па падазрэнні ў крадзяжы Васіля Сінкоўскага, зламаўшы яму чатыры рабрыны, што праткнулі лёгкае. Супраць міліцыянта былі высунутыя крымінальныя абвінавачанні ў перавышэнні ўлады.

На судовым працэсе 31 траўня апазіцыйны лідэр Мікола Статкевіч заявіў, што пасля арышту быў змешчаны ў камеру разам з вязнем, хворым на дызентэрыю (гл. раздзел 1е). Ён таксама скардзіўся на тое, што начальства турмы не давала яму ежы ў першы дзень зняволення.

28 жніўня магілёўская міліцыя затрымала актывіста моладзевай арганізацыі “Зубр” Яўгена Суворава без прад’яўлення яму абвінавачанняў. Сувораў скардзіўся, што яго рукі і ногі былі звязаныя ззаду, і так яго пратрымалі скручанага ўсю ноч у позе “ластаўкі”. Сувораў і раней затрымліваўся за распаўсюджанне незалежных выданняў.

Звестак пра выпадкі прымусу з боку следчых да дачы паказанняў шляхам збіцця і псіхалагічнага ціску не паступала.

Міліцыя і людзі ў цывільным у асобных выпадках збівалі грамадзян падчас арышту або ўтрымання іх у зняволенні за арганізацыю або ўдзел у масавых дэманстрацыях (гл. раздзел 2б). У кастрычніку 2004 года міліцыя выкарыстала дубінкі і іншую сілу для разгону акцыі пратэсту пасля правядзення канстытуцыйнага рэферэндуму. Было арыштавана прынамсі 150 удзельнікаў пратэсту. Міліцыянтамі быў неаднаразова збіты лідэр Аб’яднай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, а таксама адзін з журналістаў.

Згодна вартай даверу інфармацыі, міліцыянты і турэмныя наглядчыкі працягвалі зневажаць і катаваць вязняў. Паведамленні з мазырскай турмы, у прыватнасці, сведчаць, што збіццё і знявагі з’яўляюцца агульнапрынятай практыкай. У дадатак, як паведамлялі праваабарончыя арганізацыі, вязні не атрымлівалі дастаткова ежы, адпаведнага цёплага адзення ўзімку, а таксама часта былі пазбаўленыя спальнага месца. У выніку такія хваробы, як сухоты, пнеўманія і іншыя, распаўсюдзіліся вельмі шырока.

14 сакавіка ахоўнікі мазырскай турмы некалькі разоў збівалі зняволенага Рамазана Мамедбекава, па звестках, па загадзе начальніка турмы Юрыя Збароўскага за адмову выконваць неаплочваемую працу. 24 сакавіка ў Мазыры турэмныя наглядчыкі ўжылі празмерную сілу супраць пяці асуджаных, у працэсе чаго маёр Шульга, паводле звестак, зламаў руку аднаму з вязняў. У знак пратэсту супраць гэтага злоўжывання 50 асуджаных пачалі галадоўку.

Практыка здзекаў з навабранцаў у войску, збіццё і прымяненне іншых гвалтоўных фізічных і псіхалагічных метадаў, па звестках, працягвалі існаваць. Улады чынілі перашкоды членам сем’яў і праваабаронцам у правядзенні расследавання фактаў дзедаўшчыны сярод ваеннаслужачых.

Умовы ўтрымання зняволеных у турмах і следчых ізалятарах

Турэмныя ўмовы па-ранейшаму былі дрэнныя і часам вызначаліся недахопам ежы ды лекаў, распаўсюджаннем такіх хваробаў, як сухоты, сіфіліс і ВІЧ/СНІД. Лейла Зеругі, старшыня рабочай групы ААН па пытаннях адвольнага затрымання, што наведала краіну ў 2004 годзе, зазначыла, што ўмовы ўтрымання ў следчых ізалятарах былі горшыя за турэмныя: з нездавальняючым санітарным станам і ўмовамі жыцця, абмежаваннем права затрыманых карыстацца тэлефонам і атрымліваць перадачы, а таксама прымяненнем сілы пры атрыманні прызнанняў. Па дадзеных праваабарончых арганізацый, умовы ў турэмных шпіталях таксама былі дрэнныя.

Праблема перанаселенасці турмаў не з’яўлялася надзвычай вострай у краіне, якая мела прыкладна 33 тысячы зняволеных. Тым не менш, многія з папраўчых калоній, дзе знаходзяцца тыя, што адбываюць “хімію” (абмежаванне свабоды ў звязку з працай у аддаленых раёнах), у значнай ступені перапоўненыя. Напрыклад, у Віцебскай папраўчай калоніі, разлічанай на 74 асобы, утрымліваецца звыш за 200 зняволеных.

Калоніі ў Полацку, Бярозе і Заслаўі таксама, паводле інфармацыі, былі перанаселеныя, што прыводзіла да парушэння санітарных умоў, хваробаў і пагрозы пажараў. У многіх выпадках ежа, якую атрымлівалі зняволеныя, не адпавядала патрабаванням па пажыўнасці ці дыетычных абмежаваннях.

Затрыманыя часам утрымліваліся разам з асуджанымі. Улады часта ўтрымлівалі тых, хто быў арыштаваны за палітычную дзейнасць, у прыёмніку-размеркавальніку па вуліцы Акрэсціна ў Мінску. Былыя затрыманыя паведамляюць, што былі змешчаныя ў жудасна перапоўненыя камеры і мусілі чакаць сваёй чаргі, каб паспаць, бо ў памяшканні не хапала месца для ўсіх, каб легчы. Яны недастаткова забяспечваліся ежай, хоць членам сем’яў і сябрам часта дазвалялася прыносіць зняволеным прадукты і сродкі гігіены. Камеры былі сырыя, душныя, з дрэннай вентыляцыяй.

Час ад часу ўлады прадстаўлялі праваабаронцам магчымасць наведаць турмы, аднак на працягу справаздачнага перыяду такіх наведванняў не адбывалася. У жніўні 2004 года ўлады прадставілі Рабочай групе ААН па адвольных затрыманнях агульны доступ у турмы і СІЗА, аднак групе не было дазволена наведаць следчы ізалятар КДБ на той падставе, што група не зрабіла папярэдне адпаведны запыт. Члены групы паведамілі пра тое, што іх ніхто не паінфармаваў аб неабходнасці папярэдняга запыту.

г. адвольнага арышту і затрымання

Заканадаўства абмяжоўвае адвольныя затрыманні, аднак урад не зважаў на гэтыя абмежаванні. Улады працягвалі арыштоўваць людзей па палітычных матывах і выкарыстоўваць адміністратыўныя меры для затрымання палітычных актывістаў да дэманстрацый, падчас і пасля іх (гл. раздзел 2б).

Роля міліцыі і органаў бяспекі

Міліцыя знаходзіцца ў падпарадкаванні Міністэрству ўнутраных спраў, аднак КДБ і Служба бяспекі прэзідэнта таксама ажыццяўляюць міліцэйскія функцыіі. Прэзідэнт мае права асабіста аддаваць загады ўсім службам бяспекі. Сярод міліцыянтаў было шырока распаўсюджана дробнае хабарніцтва, хоць урад і рабіў спробы абмежаваць дзяржаўную карупцыю. Сур’ёзнай праблемай заставалася беспакаранасць. Нягледзячы на тое, што закон дае грамадзянам права паведамляць пракурору пра парушэнні з боку міліцыі, улады часта не расследавалі злоўжыванні службаў бяспекі і не прыцягвалі парушальнікаў да адказнасці.

Арышты і затрыманні

Міліцыя часта арыштоўвала асоб, не маючы на тое судовага дазволу. Аднак для таго, каб затрымаць чалавека больш як на дзве гадзіны, міліцыя павінна атрымаць ордэр ад паўнамоцнай асобы.

Паводле закона, міліцыя мусіць даваць тлумачэнні пры затрыманні, на практыцы ж міліцыянты часта затрымлівалі людзей на гадзіны на падставе высвятлення іх асобы. Улады нярэдка выкарыстоўвалі гэтую тактыку для затрымання членаў апазіцыі ды дэманстрантаў, для прадухілення распаўсюджання ўлётак і газет або як падставу для разгону мітынгаў, арганізаваных грамадзянскай супольнасцю (гл. раздзел 2б ). Для прыкладу, 3 кастрычніка міліцыя затрымала і зняла адбіткі пальцаў Андрэя Маласая, прадстаўніка экалагічнай НДА “За чысты Барысаў”, за распаўсюджанне праграм незалежных тэленавін. 24 жніўня ў Гомелі міліцыя перапыніла сустрэчу мясцовых НДА амаль на гадзіну, патрабуючы ад кожнага ўдзельніка пасведчанне асобы. 30 ліпеня ў Докшыцах міліцыянты затрымалі двух прадстаўнікоў Беларускага народнага фронту і захапілі экземпляры незалежных выданняў. Таксама міліцыя перапыняла апазіцыйныя сходы і затрымлівала арганізатараў для высвятлення асобы 15 чэрвеня ў Светлагорску, 3 ліпеня ў Сянно і 10 ліпеня ў Пінску. Усе затрыманыя былі адпушчаны без прад’яўлення абвінавачанняў.

Закон дазваляе міліцыі ўтрымліваць пад арыштам асобу, што падазраецца ў здзяйсненні злачынства, на тэрмін да 10 сутак без прад’яўлення афіцыйных абвінавачанняў і на тэрмін да 18 месяцаў пасля іх прад’яўлення. Закон дазваляе пракурорам і следчым працягваць гэтыя тэрміны без кансультацый з суддзёй. Закон дазваляе затрыманым падаваць прашэнне ў суд аб вызначэнні законнасці іх затрымання. На практыцы звароты падазроных у суд аб пераглядзе рашэння аб іх затрыманні часта ўтойваліся праз нежаданне міліцэйскіх чыноўнікаў перадаваць іх у суд. Законам прадугледжваецца заклад, аднак на практыцы гэта норма не прымянялася.

Нягледзячы на абарону, прадугледжаную законам, следчыя, як правіла, не інфармавалі затрыманых аб іх правах і праводзілі папярэднія допыты, не дазваляючы затрыманым пракансультавацца з адвакатам, у той час як закон прадпісвае ўладам забяспечыць кожную асобу з моманту яе затрымання судовым адвакатам, што не рабілася на практыцы. Звесткі, атрыманыя на такіх допытах, былі выкарыстаныя супраць падсудных у судзе. Падазроным часам было адмоўлена ў звароце да адваката. Часта ўлады не паведамлялі членам сем’яў аб затрыманнях, у тым ліку затрыманнях непаўналетніх.

На працягу справаздачнага перыяду ўладамі па палітычных матывах быў затрыманы шэраг асоб. Органы адвольна затрымлівалі прадстаўнікоў незалежных сродкаў масавай інфармацыі (гл. раздзел 2а). НДА “Рэпарцёры без межаў” паведамляла, што ў ліпені ўлады арыштавалі, аштрафавалі, заключылі ў турму або не дазволілі прыехаць у краіну 19 журналістам, якія спрабавалі асвятляць інфармацыю пра Саюз палякаў Беларусі (гл. раздзел 2б). Супрацоўнікі службаў бяспекі ў цывільным таксама неаднаразова затрымлівалі і арыштоўвалі тых, хто ўдзельнічаў у антыўрадавых дэманстрацыях і распаўсюджваў апазіцыйную літаратуру (гл. раздзел 2б). Таксама пасля акцый пратэсту некаторых арыштаваных супрацоўнікі службаў бяспекі ўтрымлівалі ў ізаляцыі.

Звычайна да прад’яўлення абвінавачанняў затрыманыя знаходзіліся пэўны час пад вартай. Працяглы час улады ўтрымлівалі некаторых вядомых палітычных зняволеных пад арыштам  да разгяду іх спраў у судзе. 15 траўня ў Мінску ўлады арыштавалі былога апазіцыйнага члена парламента Сяргея Скрабца па падазрэнні ў хабарніцтве. У канцы года Скрабец усё яшчэ знаходзіўся пад вартай у чаканні суда. Беларускі КДБ утрымліваў за кратамі апазіцыйнага палітыка Міхаіла Марыніча без прад’яўлення абвінавачанняў з красавіка па снежань 2004 года да таго, як суд абвінаваціў яго ў крадзяжы камп’ютэрнага абсталявання і сотавых тэлефонаў (гл. раздзел 1д).

Амністыя

Пачынаючы з траўня, падчас амністыі, прысвечанай шасцідзесятым угодкам перамогі ў другой сусветнай вайне, улады вызвалілі з турмы або на адзін год скарацілі тэрмін зняволення прыкладна дзвюм тысячам вязняў.

е. адмова ў справядлівым адкрытым судзе

Канстытуцыя забяспечвае незалежнае правасуддзе, аднак на практыцы судовая сістэма не была незалежнай. Існуюць правераныя звесткі, што пракуроры абвінавачвалі, а суды асуджалі асоб па сфабрыкаваных абвінавачаннях.

Прэзідэнт мае права прызначаць 6 з 12 членаў Канстытуцыйнага суда, у тым ліку яго старшыню, а таксама старшыняў Вышэйшага суда і Вышэйшага гаспадарчага суда. Акрамя таго, прэзідэнт мае канстытуцыйнае права прызначаць і здымаць усіх раённых ды ваенных суддзяў. Паводле дакладнай інфармацыі, Адміністрацыя Прэзідэнта забяспечвала старшых суддзяў жыллёвай плошчай. Карупцыя ды неэфектыўнасць прававой сістэмы ў цэлым з’явіліся вынікам палітычнага ўмяшальніцтва ў дзейнасць судоў. На працягу справаздачнага года адзін суддзя быў затрыманы і асуджаны за карупцыю.

Калі апазіцыянеры працяглы час утрымліваліся ў СІЗА, дык былы старшыня Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Галіна Жураўкова знаходзілася пад хатнім арыштам з лютага 2004 года і да таго, як была асуджана за растрату трох з паловай мільёнаў даляраў. Нягледзячы на тое, што яна атрымала 4 гады турэмнага зняволення, яна так ніколі не была ўзятая пад варту.

Сістэма крымінальнага правасуддзя складаецца з трох звёнаў: раённыя суды, абласныя суды і Вышэйшы суд. Канстытуцыйны суд быў створаны з мэтай вырашэння сур’ёзных канстытуцыйных пытанняў, аднак на практыцы быў залежны ад выканаўчай улады, не меў сродкаў для забеспячэння выканання ўласных рашэнняў і не аспрэчваў прэзідэнцкія ініцыятывы.

Пракуроры таксама дзейнічаюць на раённым, абласным і рэспубліканскім узроўнях. У сваёй дзейнасці пракуроры падпарадкаваны і выконваюць любую волю Генеральнага пракурора, якога прызначае сам прэзідэнт. Пракуроры не з’яўляюцца незалежнымі і не маюць паўнамоцтваў высоўваць абвінавачанні супраць прэзідэнта альбо кіраўнікоў яго адміністрацыі.

У красавіку Рабочая група па адвольных затрыманнях Кіраўніцтва Вышэйшага камісарыята ААН па справах уцекачоў (АЗКВК) выпусціла даклад, у якім улада пракурора апісваецца як празмерная і неадпаведная. У дакладзе адзначалася, што рашэнне аб утрыманні асобы пад вартай або аб працягненні тэрміну зняволення прымаецца не суддзёй, а пракурорам, які дзейнічае па просьбе следчага. Расследаванні таксама ажыццяўляюцца следчымі і пракурорамі без эфектыўнага нагляду з боку судоў. Дакладчыкі бачаць перакос паміж паўнамоцтвамі пракуратуры і правамі абароны. Адвакатам не даецца аўтаматычнага права знаёміцца са следчай справай, прысутнічаць падчас збору доказаў або назіраць за ўсімі дэталямі абвінавачанняў, высунутых супраць кліента да таго часу, пакуль пракурор фармальна не перадасць справу ў суд. Адвакаты знаходзяць праблематычным аспрэчваць некаторыя доказы, паколькі тэхнічна экспертыза кантралюецца пракуратурай. Рабочая група неаднаразова сцвярджала, што, як вынік, маецца некалькі спраў, у якіх падсудныя ўрэшце былі прызнаны невінаватымі.

У адпаведнасці з указам прэзідэнта, усе адвакаты падпарадкоўваюцца Міністэрству юстыцыі, што ставіць пад сумнеў іхнюю незалежнасць. Адвакаты павінны атрымліваць ліцэнзію Міністэрства юстыцыі і мусяць працаваць у дзяржаўных абласных калегіях. Закон забараняе прыватную адвакацкую практыку, а юрысты павінны ўзнаўляць свае ліцэнзіі кожныя пяць гадоў. Некалькі адвакатаў заяўлялі, што ім паведамілі пра тое, што яны будуць пазбаўленыя сваіх ліцэнзій, бо выступалі ў якасці абаронцаў НДА і апазіцыйных палітычных партый.

Судовыя працэдуры

Закон забяспечвае адкрытае правасуддзе, аднак нярэдка суддзі разглядалі справы ў сваіх кабінетах, што не дазваляла зацікаўленым назіральнікам прысутнічаць на пэўных працэсах. Некаторыя судовыя пасяджэнні, звычайна з удзелам палітычных фігур, былі закрытыя для публікі. Рашэнні ў судзе ў большасці выпадкаў выносяць суддзі. Судовая калегія прымае рашэнне аб вінаватасці або невінаватасці абвінавачанага толькі ў справах аб цяжкіх злачынствах ці калі адказчык заяўляе пра сваю невінаватасць і патрабуе разбіральніцтва з удзелам калегіі суддзяў. Суддзі залежалі ад Міністэрства юстыцыі, якое падтрымлівала судовую інфраструктуру, і ад мясцовай выканаўчай улады, што забяспечвала іх жылплошчай, таму маюцца шырока распаўсюджаныя і вартыя даверу звесткі пра тое, што выканаўчая мясцовая ўлада прадвызначала зыход справы ў судзе.

22 кастрычніка ў Бабруйску ўладамі былі арыштаваны маладафронтаўскія актывісты Дзяніс Буйніцкі ды Сяргей Лацінскі за разгортванне падчас канцэрта забароненага бел-чырвона-белага сцяга. Суд разгледзеў справу пры зачыненых дзвярах у пастарунку, дзе і вынес прысуд – двое сутак зняволення за дробнае хуліганства.

Абаронцы маюць законнае права прысутнічаць на судовых пасяджэннях, удзельнічаць у правядзенні вочных ставак і сведчыць ад свайго імя, але на практыцы гэтыя правы не заўсёды паважаліся. Па законе затрыманым павінна быць прадстаўлена неабмежаваная магчымасць карыстацца паслугамі адваката, а тым, хто не можа наняць адваката, закон прадугледжвае прызначэнне абаронцы. Але часам гэтыя правы не выконваліся. Закон забяспечвае права свабоднага выбару юрыдычнага прадстаўніцтва, аднак прэзідэнцкі ўказ забараняе прадстаўнікам НДА абараняць у судзе інтарэсы тых, хто не з’яўляецца членам іх арганізацыі. Гэтым указам скарысталіся ў некалькіх выпадках, каб забараніць членам няўрадавых арганізацый выступаць абаронцамі ў судзе, а таксама ў якасці падставы для закрыцця шэрагу НДА (гл. раздзел 4).

Канстытуцыя сцвярджае прэзумпцыю невінаватасці, тым не менш, на практыцы абвінавачаныя часта мусілі даказваць сваю невінаватасць.

Падсудныя маюць права аспрэчваць рашэнні суда, і па большасці крымінальных спраў былі пададзены апеляцыі, якія, аднак, рэдка прыводзілі да перагляду прысудаў. Падчас апеляцыйных пасяджэнняў не прысутнічаюць ні абвінавачаныя, ні сведкі, суды разглядаюць толькі пратаколы і іншыя матэрыялы спраў судоў ніжэйшай інстанцыі. У 2004 годзе старшыня Вышэйшага суда заявіў, што ў выніку апеляцый было адменена ўсяго толькі 1,5% усіх судовых рашэнняў.

Палітычныя вязні

Колькасць палітвязняў, паводле наяўных звестак, павялічылася.

31 траўня Мінскі гарадскі суд на палітычна матываваным судовым працэсе прысудзіў Міколу Статкевічу ды Паўлу Севярынцу тры гады “хіміі” за арганізацыю несанкцыянаванага мітынгу падчас кастрычніцкага рэферэндуму 2004 года. Абодва прысуды праз амністыю былі скарочаныя да двух гадоў. У выніку ранейшых палітычна матываваных судовых спраў Статкевіч адбыў дзесяцідзённы тэрмін, а Севярынец – пятнаццацідзённы тэрмін зняволення за тое самае злачынства ў кастрычніку 2004 года. Тыя, хто патрапіў на “хімію”, жывуць у турэмных бараках і мусяць знайсці працу ў адпаведнасці з умовамі, пастаўленымі ўрадам. Севярынец, лідэр дэмакратычнай НДА, быў высланы ў вёску Малое Сітна, дзе працаваў на чыгуначнай станцыі. Статкевіч, лідэр апазіцыйнай партыі, быў накіраваны ў Баранавічы, бліжэй да сям’і. 9 жніўня над ім адбыўся палітычна матываваны судовы працэс за правядзенне несанкцыянаванага сходу. Гэта адбылося пасля таго як 29 ліпеня яго наведаў шэраг яго прыхільнікаў.

10 чэрвеня Мінскі гарадскі суд у выніку палітычна матываванага судовага працэсу прысудзіў Андрэю Клімаву 18 месяцаў “хіміі” за арганізацыю несанкцыянаванай дэманстрацыі 25 сакавіка. Пасля таго Клімаў знайшоў сабе працу дворніка ў мястэчку Крупкі. У 2004 годзе Клімаў абвясціў аб сваім намеры балатавацца на пост прэзідэнта. Раней ён правёў у турме 4 гады па падазрэнні ў растраце.

Падчас агульнай амністыі 7 ліпеня ўлады выпусцілі апазіцыйнага актывіста Аляксандра Васільева, што разам з іншым апазіцыйным дзеячам Валерыем Леванеўскім быў асуджаны на 2 гады турмы па палітычных матывах за напісанне верша, які абражае прэзідэнта Лукашэнку. 9 снежня турэмнае начальства забараніла Леванеўскаму дасылаць лісты ў замежныя амбасады, матывуючы гэта тым, што вязні могуць пісаць толькі ў амбасаду сваёй краіны. 15 снежня турэмнае начальства адмовіла Леванеўскаму ў просьбе прысутнічаць на пахаванні бацькі, патлумачыўшы тым, што той парушыў занадта многа турэмных правіл. Леванеўскі заставаўся ў турме да канца справаздачнага года.

5 жніўня ўрад амніставаў і выпусціў вучонага Юрыя Бандажэўскага, заключанага ў турму па абвінавачанні ў карупцыі. Шырока вядомы вучоны быў арыштаваны і асуджаны за тое, што ягонае даследаванне паставіла пад сумнеў сцвярджэнні ўладаў наконт эфекту, які аказаў Чарнобыль на здароўе людзей.

Агульнай амністыяй 18 жніўня да двух з паловай гадоў быў скарочаны тэрмін турэмнага пакарання Міхаіла Марыніча. У снежні 2004 года суд прыгаварыў Марыніча да пяці гадоў турэмнага зняволення па абвінавачанні ў крадзяжы маёмасці НДА, якую ён сам жа і ўзначальваў, нават нягледзячы на тое, што сама арганізацыя не заяўляла пра знікненне ўласнасці. Марыніч, былы міністр і кандыдат у прэзідэнты, многімі ўспрымаўся як найбольш верагодны канкурэнт прэзідэнта Лукашэнкі на выбарах, запланаваных на 2006 год. Падчас судовых слуханняў пракурор задаваў мноства пытанняў пра палітычную дзейнасць Марыніча, якія не мелі ніякага дачынення да прад’яўленых абвінавачанняў, тым самым пацвердзіўшы, што працэс быў палітычна матываваным. Таксама суд пастанавіў канфіскаваць 90 тысяч даляраў, адабраных падчас арышту, нават пры тым, што гэтыя грошы ніякім чынам не былі звязаныя з прад’яўленымі абвінавачаннямі.

Было некалькі прыкладаў, калі ўлады прыгаворвалі дэмакратычных актывістаў да кароткага тэрміну турэмнага зняволення, а пасля, скарыстаўшы нібыта інцыдэнты з сукамернікамі, працягвалі тэрмін зняволення.

10 сакавіка суд прыгаварыў Анатоля Шумчанку да 10 сутак зняволення за арганізацыю несанкцыянаванай акцыі пратэсту (гл. раздзел 2б). Ужо ў турме пасля нібыта бойкі з сукамернікам улады абвінавацілі яго ў хуліганстве. Ягоны сукамернік, паводле наяўных звестак, расказаў журналісту, што афіцэр КДБ заплаціў яму 93 даляры (200 тысяч рублёў) за тое, каб ён прыкінуўся, што быў збіты Шумчанкам. Шумчанка правёў 30 сутак у зняволенні да таго, як абвінавачанні былі знятыя і яго выпусцілі на волю.

2 жніўня суд прыгаварыў Тадэвуша Гавіна да 15 сутак зняволення за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту. У сярэдзіне жніўня суд дадаў яшчэ 15 сутак турмы за нібыта напад на сукамерніка. 14 лістапада Вышэйшы суд адмяніў другі прысуд праз недахоп доказаў злачынства пасля таго, як Гавін адбыў тэрмін.

24 жніўня мінская міліцыя арыштавала двух грузінскіх дэмакратычных  актывістаў Георга Кандэлакі ды Луку Цуладзе быццам бы па прычыне нейкіх праблем з высвятленнем асобы. 26 жніўня ў Мінск для абароны сваіх суграмадзян прыбылі два грузінскія адвакаты, аднак да 30 жніўня яны не здолелі атрымаць дазвол на сустрэчу з імі. 29 жніўня суд прыгаварыў Кандэлакі і Цуладзе да 15 сутак турмы за хуліганства, якое яны нібыта здзейснілі, абразіўшы сукамерніка. Падчас судовых слуханняў ім было адмоўлена ў прадстаўленні адваката і перакладчыка. Асуджаныя падалі апеляцыю, якая была задаволена, пасля чаго 2 верасня яны былі дэпартаваныя з краіны.

е. адвольнага ўмяшальніцтва ў прыватнае і сямейнае жыццё, парушэння правоў недатыкальнасці жылля і тайны перапіскі

Закон забараняе такія дзеянні, аднак на практыцы гэтыя правы не паважаліся. Да таго ж закон прадугледжвае пакаранне для тых, хто перашкаджае супрацоўнікам КДБ выконваць свае абавязкі, нават калі іх дзеянні могуць быць у прынцыпе незаконнымі. Любая спроба перашкодзіць уваходу супрацоўніка КДБ у памяшканне кампаніі, установы ці арганізацыі караецца як адміністратыўнае правапарушэнне, як і любая адмова гэтых юрыдычных асоб садзейнічаць у правядзенні аўдытных праверак ці адмова прадставіць або нейкім чынам абмежаваць доступ да інфармацыйных сістэм і базаў дадзеных кампаніі.

Нягледзячы на тое, што закон забараняе ўладам праслухоўванне тэлефонных размоў і іншых відаў інфармацыі, што перадаецца па лініях сувязі, без санкцый судовых органаў, на практыцы ўлады працягвалі кантраляваць жыллё, тэлефоны і камп’ютэры. Органы КДБ, МУС і некаторыя падраздзяленні памежных войск могуць выкарыстоўваць прылады для праслухоўвання, хоць абавязаныя спачатку атрымаць санкцыю пракурора. Аднак ва ўмовах, калі пракуратура не можа прымаць незалежныя рашэнні, губляюць сэнс прадугледжаныя заканадаўствам прававыя механізмы абароны ад праслухоўвання. Дзяржаўная тэлекамунікацыйная кампанія Белтэлеком з’яўляецца манапольным Інтэрнет-правайдэрам і дазваляе ўладам кантраляваць практычна ўсю электронную пошту. Маецца вартая даверу інфармацыя пра тое, што ўлады маюць доступ да электроннай пошты, якая адпраўляецца з Інтэрнет-кавярняў ды універсітэцкіх камп’ютэрных сетак.

Урад валодае асноўнай доляй у кампаніях сотавай сувязі. Дамовы аб тэлефонных паслугах, што заключаюцца Міністэрствам сувязі, забараняюць абанентам выкарыстоўваць тэлефонную сувязь з мэтамі, якія супярэчаць інтарэсам дзяржавы і грамадскага парадку. Міністэрства сувязі мае права спыніць аказанне тэлефонных паслуг тым, хто парушыў гэтае палажэнне. На працягу года было некалькі прыкладаў таго, як перарывалася сотавая сувязь дэмакратычных актывістаў у той момант, калі яны спрабавалі распаўсюдзіць інфармацыю пра мірныя дэманстрацыі. 15 кастрычніка кампанія сотавай сувязі Velcom заблакавала мабільныя тэлефоны актывістаў апазіцыі, што дасылалі паведамленні грамадзянам з просьбай выставіць свечкі ў вокнах у знак пратэсту супраць злоўжыванняў уладаў.

Па Канстытуцыі, для правядзення вобшуку патрэбны ордэр, тым не менш, супрацоўнікі КДБ без ордэраў пранікалі ў прыватныя дамы, праводзілі несанкцыянаваныя вобшукі і праглядалі карэспандэнцыю. У траўні з’явіўся новы закон, які цалкам дазволіў супрацоўніку КДБ пранікаць у любы будынак у любы час у тым выпадку, калі ён звернецца па ордэр на працягу наступных 24 гадзін пасля пранікнення. Паводле вартых даверу звестак, супрацоўнікі дзяржаўных органаў тайна пранікалі ў кватэры актывістаў апазіцыі ды офісы апазіцыйных груп.

Улады ажыццяўлялі вобшукі памяшканняў па чыста палітычных прычынах. Напрыклад, 24 сакавіка міліцыя ўварвалася ў офіс газеты “Згода” і канфіскавала матэрыялы, што былі развешаныя па сценах офіса, у тым ліку пераробленыя здымкі Лукашэнкі. Рэдактар “Згоды” Аляксей Кароль і ягоны намеснік Аляксандр Здзвіжкоў былі аштрафаваныя на 1200 даляраў (2 550 000 рублёў) кожны ў верасні за “распаўсюджанне лжывай інфармацыі” сродкамі пераробленых фотаздымкаў. У ноч на 9 жніўня ўзброеныя супрацоўнікі органаў бяспекі разбілі акно і выбілі дзверы, каб патрапіць у мінскую кватэру Уладзіміра Кішкурны, мясцовага партыйнага лідэра. Заявіўшы, што яны шукаюць незаконныя боепрыпасы, захапілі складзеныя ў памяшканні друкаваныя матэрыялы і арыштавалі сына Кішкурны. 24 верасня ўлады Віцебска, нібыта шукаючы падрыўніка, правялі ператрус у хатах пяці палітычных актрывістаў. Падчас вобшукаў былі канфіскаваныя друкаваныя матэрыялы і сцягі, а таксама перапісаная інфармацыя з камп’ютэраў ды сотавых тэлефонаў. 26 лістапада міліцыя абшукала кватэру Марыі Багдановіч, заяўляючы, што яе суседзі паведамілі, нібыта яна хавае нелегальных в’етнамскіх эмігрантаў. Міліцыянты захапілі паўтары тысячы копій незалежнай газеты. 21 лістапада Багдановіч была аштрафаваная на 93 даляры (200 000 рублёў) за распаўсюджванне папярэдняга нумару той самай газеты.

Практычна ўсе апазіцыйныя палітычныя дзеячы паведамлялі, што ўлады сочаць за іх дзейнасцю і размовамі. Падчас судовага працэсу над Міхаілам Марынічам пракурор у якасці доказу прадставіў некалькі расшыфровак тэлефонных размоў Марыніча, запісаных беларускім КДБ (гл. раздзел 1д). Прадстаўнікі некаторых НДА таксама заяўлялі, што іх размовы і карэспандэнцыя звычайна адсочваліся службамі бяспекі.

Паступалі звесткі пра тое, што ўлады прымушалі маладых людзей уступаць у фінансаваную дзяржавай пралукашэнкаўскую НДА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” (БРСМ). Паводле вартых даверу звестак, прызыўнікам у войска было загадана ўступіць у БРСМ. Як распавядалі студэнты універсітэта, пацверджанне членства ў БРСМ часта патрабавалася для таго, каб патрапіць на папулярны курс ці атрымаць пакой у інтэрнаце.

Маецца сведчанне таго, што за парушэнні, якія, як меркавалася, здзейснілі грамадзяне, ўлады пагражалі пакараннем членаў іх сем’яў. У сакавіку прадстаўнікі суда наведалі дом былой жонкі Міхаіла Марыніча і канфіскавалі прыватных матэрыяльных каштоўнасцяў на суму 1 860 даляраў (4 мільёны рублёў) у кошт аплаты штрафу (гл. раздзел 1д). І гэта нягледзячы на тое, што яны афіцыйна разышліся за два гады да здзяйснення Марынічам падазраванага злачынства. Марыніч не меў маёмасці ў кватэры сваёй былой жонкі, ягоны штраф складаў толькі 3.68 даляра (8 тысяч рублёў) і ўлады ўжо аднялі ў яго 90 тысяч даляраў. 7 жніўня суддзя загадаў вярнуць частку таго, што належала сям’і Марыніча.

Раздзел 2. Павага да наступных грамадзянскіх свабод:

а. свабода слова і друку

Канстытуцыя гарантуе свабоду слова і друку, аднак на практыцы ўрад абмяжоўваў гэтыя правы.

23 лістапада прэзідэнт Лукашэнка сказаў журналістам, што ягоны ўрад прымяняе “сур’ёзны ціск” з мэтай ажыццяўлення кантролю над сродкамі масавай інфармацыі і што ён кіруе гэтым працэсам. Асобы не маглі адкрыта крытыкаваць урад, не баючыся адплаты. Улады імкнуліся перашкодзіць крытыцы ўрада, напрыклад, шляхам відэазапісу палітычных мітынгаў і праверкі пасведчання асобы ва ўдзельнікаў акцый пратэсту (гл. раздзелы 1г і 3). Закон таксама абмяжоўвае свабоду волевыяўлення, забараняючы нашэнне масак і выкарыстанне незарэгістраваных сцягоў, сімвалаў і плакатаў са зместам, які можа быць расцэнены як пагроза грамадскаму парадку. Напрыклад, 9 сакавіка міліцыя арыштавала Яўгена Афнагеля пасля таго, як знайшла ў яго падчас вобшуку бел-чырвона-белы нацыянальны сцяг. 4 ліпеня міліцыянты затрымалі мастака Алеся Пушкіна праз некалькі гадзін пасля таго, як ён спрабаваў выставіць свае партрэты прадстаўнікоў нацыянальнага супраціву часоў другой сусветнай вайны каля Нацыянальнага музея мастацтваў. 6 жніўня ў Зэльве ўлады ўварваліся падчас святкавання дня нараджэння і сканфіскавалі некалькі забароненых нацыянальных бел-чырвона-белых сцягоў.

У снежні парламент прыняў, а прэзідэнт падпісаў шэраг паправак, якія ў значнай меры абмяжоўваюць свабоду слова і сходаў. Гэтыя папраўкі ўзводзяць у ранг злачынства і прадугледжваюць пакаранне да трох гадоў пазбаўлення волі за перадачу замежным асобам “ілжывай інфармацыі пра палітычную, эканамічную, сацыяльную сітуацыю ў краіне, яе ваенныя і міжнародныя стасункі”, прадстаўленне інфармацыі па ўрадавых установах і па правах грамадзян, удзел у дзейнасці незарэгістраваных НДА і ўдзел у масавых дэманстрацыях, падбухторванне людзей да масавых пратэстаў, фінансаванне масавых дэманстрацый або заклік замежных краін і міжнародных арганізацый  да “дзеянняў, што наносяць шкоду краіне”.

Урад прадпрыняў пэўныя крокі ў напрамку абмежавання незалежных сродкаў масавай інфармацыі. У сакавіцкай справаздачы місіі АБСЕ па пытаннях свабоды сродкаў масавай інфармацыі адзначалася, што сітуацыя пагоршылася, зменшыўся продаж незалежных выданняў і павялічыўся адміністратыўны ціск з мэтай абмежаваць волевыяўленне.

Газеты і іншыя друкаваныя сродкі масавай інфармацыі з найбуйнейшымі накладамі належалі дзяржаве і друкавалі выключна матэрыялы ў падтрымку ўрада. Існавалі таксама нізкатыражныя незалежныя газеты, у тым ліку два штодзённікі, і часопісы, многія з якіх крытыкавалі ўрад. Мясцовыя ўлады часта папярэджвалі рэдактараў незалежных выданняў, каб тыя пазбягалі крытычных выказванняў у адрас урада. Улады таксама аказвалі ціск на кампаніі з мэтай прадухілення размяшчэння рэкламы ў незалежных СМІ. У студзені інфармацыйны аддзел Гродзенскага аблвыканкама даслаў ліст усім дзяржаўным прадпрыемствам вобласці, дзе папярэдзіў іх не даваць рэкламу ў недзяржаўных газетах.

На працягу справаздачнага года ўрад закрыў 5 незалежных газет. Шмат іншых незалежных выданняў атрымалі папярэджанне ад Міністэрства юстыцыі. Напрыклад, 4 ліпеня мэр Мінска Міхаіл Паўлаў ануляваў рэгістрацыю незалежнай газеты “День”, заявіўшы, што на працягу шасці месяцаў не было надрукавана ніводнага нумара газеты. Ануляванне рэгістрацыі паследавала за канфіскацыяй міліцыянтамі 1990 асобнікаў газеты “День”, надрукаваных у Расіі, за тое, што ў іх быў нібыта ўказаны няправільны адрас газеты. 24 жніўня мінскі суддзя Тамара Бянчук анулявала рэгістрацыю выдавецтва “Прэс-сэрвіс”, якое друкавала незалежную газету “Курьер из Борисова” накладам 17 тысяч паасобнікаў штотыдзень, на падставе таго, што ў статуце арганізацыі бракавала некалькі пунктаў.

У сярэдзіне лістапада ўлады паінфармавалі рэдакцыю незалежнай газеты “Газета для вас” у Івацэвічах, што тая будзе выселена са свайго офіса, які займала на працягу трох гадоў для таго, з мэтай вызваліць памяшканне для падрыхтоўкі фестываля “Дажынкі”. 9 снежня ўлады паведамілі рэдакцыі пінскай незалежнай газеты “Мясцовы час”, што кантракт з ёй будзе спынены і рэдакцыя будзе выселена з офіса. Прычыны высялення не тлумачыліся. Раней у гэтым самым годзе ўлады таксама пазбавілі офіса незалежную газету “Витебский курьер”.

У траўні івацэвіцкія мясцовыя ўлады забаранілі кіёскам “Белсаюздруку” прадаваць незалежныя газеты. Дзяржаўныя крамы па ўсёй краіне таксама спынілі продаж незалежных выданняў. Хоць недзяржаўныя газеты ўсё яшчэ можна было набыць у незалежных прадаўцоў, іх распаўсюджанне значна скарацілася ў сувязі з прынятымі дзяржавай мерамі.

На пачатку красавіка ідэалагічны аддзел Барысаўскага гарвыканкама загадаў прадпрыемствам і дзяржаўным арганізацыям не падпісвацца на незалежныя газеты “Курьер из Борисова» ды «Борисовские новости».

Міністэрства інфармацыі, падатковая інспекцыя і іншыя дзяржаўныя органы падверглі незалежныя СМІ шматлікім праверкам. У студзені ўлады адмовіліся зарэгістраваць офісы мясцовых незалежных газет “Вольны горад” ды “Местная газета”.

Адвольнае выкарыстанне прэзідэнцкай улады, што часта праяўлялася ў выглядзе прэзідэнцкіх указаў, стварала дадатковыя перашкоды для незалежнай прэсы. У ліпені і жніўні прэзідэнт Лукашэнка падпісаў указы, якія абмяжоўваюць права замежных і мясцовых суб’ектаў фінансаваць арганізацыі, што ўдзельнічаюць у разнастайных відах палітычнай дзейнасці, у тым ліку ў распаўсюджванні інфармацыі. Гэтыя ўказы былі створаны ў рэчышчы прэзідэнцкага дэкрэта 2003 года, які выкарыстоўваўся для жорсткага абмежавання дзейнасці  НДА і пунктаў продажу незалежных СМІ. Беларуская асацыяцыя журналістаў 16 верасня абвясціла, што за апошнія пяць гадоў колькасць незалежных газет значна скарацілася і што за гэты перыяд не з’явілася ніводнага новага незалежнага перыядычнага выдання.

Што да радыё- і тэлевяшчання, дык толькі дзяржрадыё і дзяржаўныя тэлевізійныя каналы АНТ ды БТ ажыццяўлялі вяшчанне на ўсёй тэрыторыі краіны. Урад працягваў карыстацца са сваёй манаполіі на тэлевяшчанне, каб насаджаць афіцыйнае бачанне падзей і мінімізаваць асвятленне апазіцыйных пунктаў гледжання. Дзяржаўныя тэлевяшчальныя сродкі масавай інфармацыі працягвалі маргіналізаваць палітычную апазіцыю, прадстаўляючы яе ў негатыўным святле або цалкам ігнаруючы. У некаторых рэгіёнах працавалі мясцовыя незалежныя тэлестанцыі, што асвятлялі мясцовыя навіны без аніякіх сур’ёзных перашкод з боку ўладаў. Аднак бальшыня з іх сутыкнулася з ціскам ўладаў пры асвятленні пытанняў агульнанацыянальнага ўзроўню і падлягала цэнзуры. Расійскія каналы РТР і НТВ былі ў асноўным даступнымі, хоць у многіх рэгіёнах краіны выключна праз платныя кабельныя каналы. Тым не менш, іх інфармацыйныя праграмы час ад часу здымаліся з эфіру ці часова замяняліся беларускімі праграмамі. Радыё- і тэлепраграмы з іншых краін, у тым ліку з Польшчы і Літвы, можна было прымаць у некаторых частках краіны.

На працягу справаздачнага перыяду ўрад прымаў меры па сістэматычным скарачэнні доступу гледачоў да замежнага радыё- і тэлевяшчання. У студзені дзяржаўная тэлестанцыя “Лад” спыніла трансляцыю “EuroNews”. У чэрвені Міністэрства інфармацыі забараніла трансляцыю ў краіне ўкраінскага тэлеканала “Inter-Plus” і яшчэ аднаго іншага ўкраінскага канала. У кастрычніку ў Гродна кампанія кабельнага тэлебачання “Гарант” спыніла трансляцыю Першага польскага тэлевізійнага канала, паводле наяўных звестак, па загадзе Міністэрства інфармацыі.

25 лістапада кампанія “Мір” сарвала перадачу за мяжу журналісцкага рэпартажу пра забастоўку ў Мінску (гл. раздзел 6б). Прадстаўнік кампаніі “Мір” заявіў, што абсталяванне не працавала па прычыне запланаванага тэхнічнага агляду якраз падчас забастоўкі. Міліцыя папярэдзіла многіх рэпарцёраў, каб яны не набліжаліся да месца мірнага страйку.

На працягу справаздачнага года ўрад праследаваў і арыштоўваў журналістаў. Шэрагу замежных журналістаў, у асаблівасці польскіх, перашкаджалі ў прыездзе ў краіну або арыштоўвалі іх пасля прыбыцця. 27 ліпеня на некалькі гадзін былі затрыманыя 12 журналістаў, у тым ліку 4 з Польшчы, за спробу паведаміць пра недзяржаўную арганізацыю “Саюз палякаў Беларусі”. 6 жніўня ўлады дэпартавалі польскага журналіста Адама Тухлінскага і забаранілі яму ўезд у краіну ў бліжэйшыя 5 гадоў. 10 жніўня мытнікі канфіскавалі ўсе відэакасеты з запісам інтэрв’ю з партыйнымі лідэрамі і лідэрамі НДА, зробленыя польскім рэпарцёрам Міколаем Ваўжэнюком.

26 жніўня міліцыя Шчучына затрымала журналістаў Анджэя Пачобута ды Івана Романа на 24 гадзіны за быццам бы лаянку блізу міліцэйскага аддзялення. У той самы дзень міліцыя таксама часова затрымала журналіста Станіслава Пачобута. Гэтыя трое журналістаў спрабавалі асвятліць правядзенне кангрэса Саюза палякаў Беларусі (гл. раздзел 2б). 29 жніўня міліцыя зноў затрымала Андрэя Пачобута, гэтым разам на трое сутак.

20 сакавіка гродзенская міліцыя затрымала трох польскіх журналістаў: Адама Тухлінскага, Міхала Кацевіча ды Мартына Смялоўскага. Яны ўтрох былі акрэдытаваныя як назіральнікі на давыбарах у парламент. Міліцыя пратрымала іх тры гадзіны і сцерла відэазапіс галасавання.

18 кастрычніка няштатны незалежны журналіст Васіль Гроднікаў быў знойдзены мёртвым ад удару тупым прадметам па галаве ў сваёй зачыненай кватэры. Ягоны брат, які знайшоў цела, паведаміў пра сляды барацьбы. 28 лістапада міліцыя заявіла, што не знайшла складу злачынства, і закрыла справу. Пракуратура зноў адкрыла справу на наступны дзень, але 15 снежня заявіла, што злачынства не мела месца і што Гроднікаў загінуў у выніку “сваіх неасцярожных дзеянняў”.

На працягу справаздачнага перыяду міліцыя не прасунулася ўперад у сваім расследаванні забойства ў кастрычніку 2004 года журналісткі незалежнай газеты “Солидарность”. У той час як следства засяродзілася на версіі бытавога злачынства, некаторыя прадстаўнікі незалежных сродкаў масавай інфармацыі звязваюць смерць журналісткі з яе працай, часткай якой былі і крытычныя артыкулы, прысвечаныя КДБ. 27 снежня следчыя закрылі справу, спаслаўшыя на немагчымасць ідэнтыфікаваць вінаватага.

Урад цэнзураваў сродкі масавай інфармацыі. Улады прысудзілі велізарныя штрафы журналістам і рэдактарам за крытыку прэзідэнта і ягоных паплечнікаў, і многія публікацыі ў далейшым падлягалі самацэнзуры. Органы ўлады каралі штрафамі, папярэджаннямі ды турэмным зняволеннем прадстаўнікоў СМІ, апазіцыі, грамадзянскай супольнасці і рэлігійных груп за публічную крытыку ўрада. Закон аб паклёпе не робіць адрозенняў паміж прыватнымі асобамі і дзяржаўнымі чыноўнікамі ў ісках аб абразе гонару і годнасці чалавека. Дзяржаўны чыноўнік, якога крытыкавалі СМІ за дрэннае выкананне службовых абавязкаў, можа звярнуцца да пракурора з просьбай узбудзіць справу і супраць журналіста, і супраць сродка інфармацыі, які надрукаваў крытычны матэрыял.

Закон ўдакладняе, што ўрад можа прыкрыць выданне пасля двух папярэджанняў за парушэнні разнастайных абмежавальных законаў, і ўлады часта працягвалі выкарыстоўваць такія папярэджанні для ціску на незалежныя газеты. Гэтыя правілы таксама надзялялі чыноўнікаў правам самавольна забараняць або цэнзураваць публікацыі крытычнага зместу. Напрыклад, Дзяржаўны камітэт па друку атрымаў права прыпыняць выданне часопісаў і газет на тры месяцы без пастановы суда. Закон таксама забараняе сродкам масавай інфармацыі распаўсюджваць інфармацыю ад імя незарэгістраваных палітычных партый, прафсаюзаў і НДА. 13 красавіка Міністэрства юстыцыі вынесла папярэджанне газеце “Народная воля” за артыкул пра незарэгістраваную  НДА “Абаронцы Бацькаўшчыны”.

Улады жорстка кантралявалі змест тэлепраграм. Паводле вартых даверу звестак, цягам справаздачнага года КДБ цэнзураваў выпуск навін нацыянальнага тэлебачання.

Улады выкарыстоўвалі законы аб дыфамацыі з мэтай спыніць крытыку палітычных лідэраў. За публічную знявагу і паклёп на прэзідэнта закон прадугледжвае пакаранне тэрмінам да 4 гадоў турэмнага зняволення, 2 гады “хіміі” або сур’ёзныя штрафныя санкцыі. Улады працягвалі выкарыстоўваць гэтыя законы, у якіх прадугледжана пакаранне і за абразу іншых дзяржаўных чыноў, з мэтай задушыць свабоду прэсы ды пасадзіць у турму палітычных апанентаў (гл. раздзел 1д). Законы, якія прадугледжвалі пакаранне за паклёп на афіцыйных асоб, эфектыўна накладалі забарону на крытыку ўрада ў прэсе.

У студзені прыватная спартовая газета “Прессбол” атрымала штраф у памеры 14 тысяч даляраў (30 мільёнаў рублёў), а яе рэдактар Уладзімір Беражкоў – 4600 даляраў (10 мільёнаў рублёў) за надрукаваны ў кастрычніку 2004 года артыкул, у якім сцвярджалася, што Андрэй Іманалі, намеснік старшыні Беларускай федэрацыі гімнастыкі, быў уцягнуты ў арганізаванае злачынства. У ліпені Іманалі судзілі за выкраданне, здзейсненае ў Расіі, і абвінавацілі ў дачыненнях з арганізаванай злачыннасцю. Аднак гэты судовы працэс не змякчыў штрафныя санкцыі супраць “Прессбола”.

23 траўня мінскія ўлады паўторна ўзбудзілі супраць праваабаронцы Гары Паганяйлы справу аб паклёпе. У лістападзе 2004 года Паганяйла даў шведскім журналістам інтэрв’ю на тэму знікнення беларускіх апазіцыйных дзеячаў. Інтэрв’ю так ніколі і не прагучала ў эфіры, таму што мытнікі канфіскавалі запіс. Улады закрылі справу аб паклёпе 16 лістапада.

14 чэрвеня мінскі суддзя Любоў Валевіч прысудзіла незалежнай газеце “Народная воля” выплаціць 46 тысяч даляраў (100 мільёнаў рублёў) Сяргею Гайдукевічу, лідэру праўладнай партыі, за заяву аб ягоным удзеле ў парушэнні праграмы Ірака “Нафта за ежу”, нават пры тым, што цэлы шэраг паважаных міжнародных крыніц дакументальна засведчыў замешанасць Гайдукевіча ў гэтай справе.

30 верасня суддзя суда Кастрычніцкага раёна горада Мінска аштрафаваў незалежную газету “Белорусская деловая газета” на 23 тысячы даляраў (50 мільёнаў рублёў) і аднаго з яе журналістаў на 2300 даляраў (5 мільёнаў рублёў) за нібыта знявагу ў артыкуле за 2003 год былога міліцэйскага чыноўніка.

На працягу справаздачнага года ўрад прадпрыняў цэлы шэраг іншых захадаў з мэтай абмежаваць незалежную прэсу, у тым ліку звузіўшы доступ да газетнай паперы і тыпаграфскага абсталявання, абмежаваўшы імпарт неабходных медыйных матэрыялаў ды часова прыпыніўшы дзейнасць незалежных і апазіцыйных перыядычных выданняў.

У лістападзе і снежні ўлады прыбралі назвы 17 незалежных газет з дзяржаўнага каталога падпісных перыядычных выданняў, зрабіўшы такім чынам немагчымай падпіску на гэтыя газеты. Дзяржаўная паштовая сістэма “Белпошта” і сістэма кіёскаў “Белсаюздрук” адмовіліся распаўсюджваць бальшыню з гэтых газет. 22 снежня мясцовая сетка “Віцебскаблсаюздруку”спыніла продаж незалежнага “Витебского курьера”.

Шэраг незалежных газет, у тым ліку “Белорусская деловая газета”, “День” і “Солидарносць”, друкавалі свае матэрыялы ў Расіі, таму што беларускія паліграфічныя камбінаты, якія пераважна належаць дзяржаве, адмовіліся іх друкаваць. Дзяржаўныя друкарні адмовіліся друкаваць 4 незалежныя газеты. У тым ліку адзін з двух беларускіх штотыднёвікаў – газету “Народная воля”. 17 лістапада “Народная воля” судзілася з друкарняй “Чырвоная звязда” з-за невыканання той кантракту і выйграла справу, аднак “Чырвоная звязда” не аднавіла друкаванне газеты і была намерана падаць апеляцыю.

Урад шляхам пагроз эфектыўна перашкаджаў кампаніям, што валодаюць друкарскім абсталяваннем, друкаваць дазволеныя законам улёткі апазіцыйных кандыдатаў і партый. Цягам восені інспектары Дзяржкантролю ажыццявілі дэталёвыя аўдытныя праверкі многіх паліграфічных камбінатаў, каб высветліць, ці друкаваліся там матэрыялы для апазіцыі. Хоць і не існуе законаў супраць валодання друкарскім абсталяваннем, улады канфіскавалі ў апазіцыі прынамсі адзін друкарскі станок (гл. раздзел 1е).

Урад абмяжоўваў культурнае жыццё. На працягу справаздачнага года ўрад працягваў адмаўляць шасці папулярным музычным гуртам, што бралі ўдзел у леташняй ліпеньскай апазіцыйнай імпрэзе, даваць канцэрты, не дазваляў перадаваць іх музыку па радыё і прадаваць іх CD і касеты.

Урад кантраляваў Інтэрнет. 16 жніўня КДБ зрабіла вобшук на дзвюх кватэрах у Мінску і адной у Гродна ў пошуках аўтара сатырычных мультфільмаў, што былі размешчаны ў Інтэрнеце і высмейвалі ўлады.
КДБ канфіскаваў некалькі камп’ютэраў і затрымаў на некалькі гадзін трох членаў НДА “Трэці шлях” для допыту. Усім траім паведамілі, што супраць іх можа быць узбуджана справа аб паклёпе, хоць да канца года так і не было распачата ніякіх судовых расследаванняў. 12 сакавіка гродзенскія ўлады закрылі Інтэрнет-форум forum.Grodno.by пасля прызнання яго “падрыўным”. Белтэлеком пазней аштрафаваў адміністратара форуму Аляксея Радса. 4 студзеня намеснік міністра адукацыі Таццяна Кавалёва паскардзілася, што Інтэрнет замінае адукацыйнаму і ідэалагічнаму працэсам і прапанавала ўраду абмежаваць доступ студэнтаў да Інтэрнету і даручыць Мінстэрству адукацыі кантроль над правайдэрамі Інтэрнет-сервісу ды Інтэрнет-кавярнямі. Некаторыя студэнты заяўлялі, што адміністрацыя ВНУ сачыла за Інтэрнет-карыстаннем праз універсітэцкую сетку. У пачатку студзеня ўрад закрыў доступ да шэрагу рускіх вэб-сайтаў, вядомых сваім гомасексуальным зместам.

15 лістапада міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў заявіў, што ўсе школы, у тым ліку прыватныя ўстановы адукацыі, з’яўляюцца палітычнымі органамі, мусяць адпавядаць дзяржаўным стандартам і не могуць узначальвацца членамі апазіцыі. Радзькоў таксама сцвердзіў сваё як міністра права прызначаць і здымаць дырэктароў прыватных устаноў адукацыі.

Улады абмяжоўвалі акадэмічную свабоду, у прыватнасці патрабуючы ад усіх навучальных устаноў выкладання, а ад студэнтаў вывучэння афіцыйнай дзяржаўнай ідэалогіі, якая спалучае пакланенне перад дасягненнямі Савецкага Саюза і Беларусі пад кіраўніцтвам Лукашэнкі з адстойваннем аўтарытарнай палітычнай і грамадскай сістэмы савецкага стылю. На працягу справаздачнага года Нацыянальная акадэмія навук звольніла трох гісторыкаў, чые даследаванні былі расцэнены як “антысавецкія” альбо “антырасійскія”. Улады з усё большым імпэтам праводзілі ў жыццё прэзідэнцкі указ, падпісаны ў лютым 2004 года, які прадугледжваў наяўнасць ідэалагічнага работніка ў штаце кожнай адукацыйнай установы. 21 студзеня ўлады звольнілі прарэктара і ідэалагічнага кіраўніка Баранавіцкага дзяржаўнага універсітэта, якія дазволілі студэнтам прадставіць сатыру на прэзідэнта Лукашэнку.

Перад дзяржаўнай моладзевай арганізацыяй БРСМ урад паставіў задачу забяспечыць ідэалагічную чысціню моладзі. Паводле наяўных звестак, студэнтаў прымушалі ўступаць у шэрагі БРСМ, абяцаючы ім ільготы і пакоі ў інтэрнатах, а мясцовыя ўлады аказвалі ціск на членаў БРСМ з мэтай дабіцца ад іх удзелу ў кампаніях праўладных кандыдатаў.

Створаныя па ўказцы ўрада падручнікі падавалі надзвычай прапагандысцкую версію не толькі гістарычных падзей, але і іншых прадметаў.

23 траўня Міністэрства адукацыі распаўсюдзіла дырэктыву па ўсіх навучальных установах, заклікаючы выключаць любога студэнта, уцягнутага ў антыўрадавую ці іншую несанкцыянаваную палітычную дзейнасць, і ажыццяўляць правільную ідэалагічную падрыхтоўку ўсіх студэнтаў. Паводле вартых даверу заяў студэнцкіх арганізацый, улады на працягу справаздачнага перыяду за палітычную дзейнасць выключылі дзесяткі студэнтаў. 27 жніўня мэр Мінска Міхаіл Паўлаў публічна загадаў адміністрацыям школ не дазваляць вучням займацца палітычнай дзейнасцю.

У траўні Беларускі дзяржаўны універсітэт выключыў студэнтку факультэта журналістыкі Вольгу Класкоўскую. Класкоўская працавала ў незалежнай газеце “Народная воля” і раней падала скаргу на імя Генеральнага пракурора на дрэннае абыходжанне з ёй міліцыянтаў падчас падрыхтоўкі рэпартажу аб дэманстрацыі. Універсітэт заявіў, што яна была выключана за пропуск экзаменаў падчас знаходжання на бюлетэні па дагляду за хворым дзіцем.

24 лістапада Беларускі дзяржаўны эканамічны універсітэт (БДЭУ) адлічыў студэнтку 4 курса Таццяну Хому за “парушэнне ўнутранага распарадку універсітэта” і адразу высяліў яе з інтэрнацкага пакоя. Перад тым Хома ездзіла ў Францыю, дзе была абраная ў выканаўчы камітэт Нацыянальных саюзаў студэнтаў у Еўропе. Тлумачачы выключэнне, рэктар БДЭУ Уладзімір Шымаў сказаў, што Хома ездзіла ў Францыю без дазволу універсітэта. Шымаў дадаў, што, пачынаючы з верасня, яна стала 51-ым студэнтам БДЭУ, выключаным за паездкі без атрымання дазволу.

Шэраг членаў апазіцыйна арыентаваных моладзевых суполак быў выключаны з вышэйшых навучальных устаноў за палітычную дзейнасць. У траўні з Жодзінскай політэхнічнай школы быў адлічаны шаснаццацігадовы ўдзельнік Чарнобыльскага шляху. 19 верасня суд горада Жодзіна адхіліў апеляцыю студэнта аб аднаўленні на вучобу. Іншы студэнт з Плешчаніц заяўляў, што быў выгнаны за ўдзел у той самай падзеі. 27 лістапада школы Светлагорска пагражалі, што выключаць вучняў,  якія бралі ўдзел у Днях салідарнасці, што праходзілі 16 чысла кожнага месяца. Паводле іншых неправераных звестках, улады выключалі палітычна актыўную моладзь з навучальных устаноў і прадпісвалі ёй ехаць працаваць у забруджаную Чарнобыльскую зону.

23 верасня прэзідэнт Лукашэнка апраўдаў закрыццё ўладамі ў ліпені 2004 года Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта, першай у краіне незалежнай вышэйшай навучальнай установы, і закрыццё ў 2003 годзе Беларускага нацыянальнага гуманітарнага ліцэя на той падставе, што ўстановы імкнуліся выхаваць новую нацыянальную эліту, якая б павярнула краіну ў бок Захаду.

б. свабода мірных сходаў і асацыяцый

Свабода сходаў

Канстытуцыя гарантуе свабоду мірных сходаў, аднак на практыцы ўлады жорстка абмяжоўвалі гэтае права. Міліцыя і супрацоўнікі іншых службаў бяспекі збівалі і затрымлівалі дэманстрантаў, якія прымалі ўдзел у несанкцыянаваных, але мірных дэманстрацыях.

У адпаведнасці з законам, арганізатары павінны падаць у мясцовыя органы ўлады заяўку на дазвол на правядзенне дэманстрацыі, шэсця або мітынгу як мінімум за 15 дзён. Мясцовы орган улады мусіць у адказ вынесці сваё рашэнне не пазней як за 5 дзён да запланаванай падзеі. Тым не менш, улады або не давалі дазволу апазіцыйным групам, або дазвалялі ім праводзіць дэманстрацыі толькі ў малавядомых і цяжкадаступных месцах. Адзінкавае парушэнне гэтых правіл дае ўладам права закрыць адпаведную арганізацыю.

Закон абавязвае арганізатараў дэманстрацый аплочваць шкоду, якая можа быць нанесена мітынгоўцамі, а таксама прысутнасць на месцы міліцыі ды медперсаналу. Аднак гэтае патрабаванне яшчэ не прымянялася на практыцы. Толькі палітычныя партыі, прафсаюзы або зарэгістраваныя арганізацыі могуць прасіць дазвол на правядзенне дэманстрацый з колькасцю ўдзельнікаў больш за тысячу чалавек. Закон таксама забараняе нашэнне масак і выкарыстанне незарэгістраваных сцягоў, сімволікі, плакатаў з выказваннямі, што ўтрымліваюць пагрозу дзяржаўнаму ці грамадскаму парадку (гл. раздзел 2а).

У Мінску адбываліся дэманстрацыі, колькасць удзельнікаў якіх вар’явалася ад прыкладна дзвюх з паловай тысяч да некалькіх чалавек. Тым не менш, такія акцыі заўсёды праходзілі пад пільным наглядам з боку ўладаў, уключаючы адкрыты відэазапіс міліцыяй ці асобамі ў цывільным удзельнікаў мітынгу.

Паступалі звесткі пра збіццё міліцыяй дэманстрантаў падчас акцый пратэсту. Таксама сталі вядомыя факты, што часам міліцыянты сілай зацягвалі дэманстрантаў у свае аўтобусы. 26 красавіка байцы АМАПа зламалі запясце чатырнаццацігадоваму ўдзельніку Чарнобыльскага шляху. 24 траўня АМАП затрымаў 8 падлеткаў, што пратэставалі супраць перайменавання мінскіх вуліц. Амапаўцы заштурхнулі іх у аўтобус, дзе пасля збілі. Міліцыянт разбіў да крыві твар дзяўчыны, ударыўшы яе кулаком. 7 ліпеня амапавец падчас мірнай акцыі пратэсту ў Мінску ўдарыў па твары Святлану Завадскую, удаву аднаго са “зніклых”. Улады адмовіліся расследаваць сітуацыю, што была зафіксавана журналістам на відэа, заявіўшы, што міліцыянт дзейнічаў у мэтах самаабароны. 16 верасня падчас акцыі пратэсту ў Мінску амапаўцы збілі Мікіту Сасіма. Сасім атрымаў страсенне мазгоў і 6 дзён правёў у шпіталі. Міліцыянты збілі да сінякоў прынамсі 5 іншых маладых актывістаў у ходзе той самай акцыі, парвалі ім адзенне. 22 лістапада сяржант міліцыі Іван Дулуб, паводле звестак, вывіхнуў руку Алесю Каліце пасля таго, як Каліта быў арыштаваны за распаўсюджванне незалежнай прэсы.

Улады рэгулярна спынялі мірныя дэманстрацыі ды арыштоўвалі іх удзельнікаў.

Для прыкладу, 1 сакавіка дзве тысячы гандляроў мінскіх рынкаў арганізавалі акцыю пратэсту супраць павышэння падатка на даданую вартасць. Міліцыя дазволіла правесці дэманстрацыю, аднак увечары арыштавала лідэра НДА “Перспектыва” Анатоля Шумчанку і Марыну Багдановіч. Суд прысудзіў Шумчанку 10 сутак зняволення і аштрафаваў Багдановіч на 2 180 даляраў (4 700 000 рублёў). Пазней улады павялічылі тэрмін зняволення Шумчанкі да 30 сутак за нібыта збіццё сукамерніка (гл. раздзел 1г).

26 красавіка праваахоўчыя органы арыштавалі 33 удзельнікаў несанкцыянаванага шэсця, прысвечанага 19 гадавіне чарнобыльскай катастрофы, сярод арыштаваных было 14 расіян ды 5 украінцаў. Двое з расіян аказаліся журналістамі. Мінскі суд прыгаварыў усіх арыштаваных да пазбаўлення волі тэрмінам ад 8 да 15 сутак. Улады вызвалілі расіян пасля таго, як іх амбасада заявіла, што не адабрае дзеянні сваіх грамадзян, а зняволеныя ўкраінцы і беларусы засталіся ў турме адбываць прысуд да канца. Акрамя таго, суд аштрафаваў Марыну Багдановіч, адну з беларускіх затрыманых, на 1 700 даляраў (3 600 000 рублёў) за ўдзел у дэманстрацыі.

5 жніўня міліцыя арыштавала 5 членаў Маладога фронту падчас дэманстрацыі ў падтрымку палітыкі Польшчы перад польскай амбасадай. Суд прыгаварыў дваіх з дэманстрантаў да 10 сутак зняволення.

27 жніўня міліцыянты арыштавалі трох членаў моладзевай суполкі “Зубр” за правядзенне несанкцыянаванай акцыі пратэсту, суд прыгаварыў іх да 10 сутак зняволення. На працягу справаздачнага перыяду члены “Зубра” арыштоўваліся больш за 400 разоў. Многіх выпусцілі без прад’яўлення абвінавачанняў, аднак шмат хто атрымаў штраф альбо правёў 15 сутак у зняволенні.

Улады таксама праводзілі арышты дэмакратычна настроеных актывістаў напярэдадні дэманстрацый. Напрыклад, міліцыянты арыштавалі лідэра “Перспектывы” Анатоля Шумчанку за дзень да дэманстрацыі 10 лютага па падазрэнні ў тым, што ён, едучы на машыне, збіў пешахода. Суд прыгаварыў Шумчанку да 10 сутак пазбаўлення волі за арганізацыю несанкцыянаванай акцыі пратэсту. Міліцыя таксама арыштавала членаў “Перспектывы” з Рэчыцы і Барысава перад акцыяй пратэсту, што адбылася 1 траўня.

Урад рабіў і іншыя захады, каб пазбавіць прадэмакратычныя і грамадскія суполкі магчымасці збірацца. За справазадчны год улады працягвалі адмаўляць гэтым суполкам у доступе ў канферэнц-цэнтр ІВВ – сумеснага прадпрыемства, створанага нямецкімі НДА разам з Мінгарвыканкамам з мэтай забяспечыць месца для сустрэч незалежных арганізацый. Мінскія ўлады, па наяўных звестках, прыгразілі, што яны зачыняць цэнтр, калі грамадскія арганізацыі атрымаюць у яго доступ. 16 траўня гатэль “Мінск” праінфармаваў шведскія грамадскія НДА, што яны не могуць выкарыстаць канферэнц-залу, бо Мінскі камітэт па ідэалогіі паведаміў гатэлю, што любыя грошы, атрыманыя ад гэтай канферэнцыі, будуць лічыцца незаконнымі. Акрамя таго, урад адмовіў у візе 13 з 17 прадстаўнікоў шведскіх НДА. Час ад часу ўлады перарывалі сустрэчы з мэтай праверкі дакументаў. 23 жніўня міліцыя Гомеля разагнала мітынг, арганізаваны членамі грамадскай НДА, заявіўшы, што ёй неабходна праверыць іх асобы. У шматлікіх гарадах па ўсёй краіне мясцовыя ўлады перашкаджалі апазіцыйным партыям праводзіць мясцовыя з’езды.

29 кастрычніка на мітынгу НДА “Партнёрства” нечакана з’явілася міліцыя і затрымала 60 чалавек. Трое з лідэраў НДА атрымалі 15 сутак пазбаўлення волі, а адзін быў аштрафаваны на 270 даляраў (580 000 рублёў) за арганізацыю несанкцыянаванага сходу. “Партнёрства” заявіла, што гэта быў сход па падрыхтоўцы да атрымання афіцыйнай рэгістрацыі з мэтай задаволіць патрабаванні Міністэрства юстыцыі.

Свабода асацыяцый

Канстытуцыя гарантуе свабоду асацыяцый, аднак улады жорстка абмяжоўвалі гэтае права на практыцы.

Урад прымяняў заблытаную сістэму законаў і правіл для рэгістрацыі арганізацый з мэтай абмежаваць магчымасць грамадзян фармаваць асацыяцыі, што маглі быць крытычна настроеныя ў адносінах да ўрада і непадуладныя маніпуляванню з боку ўладаў. Усе НДА, палітычныя партыі і прафсаюзы павінны прайсці афіцыйную рэгістрацыю, дзейнічаць ад асобы незарэгістраванай арганізацыі катэгарычна забараняецца. Юрыдычны працэс рэгістрацыі грамадскіх арганізацый надзвычай складаны: рэгістрацыйныя працэдуры дарагія, клапотныя і патрабуюць пазначэння дакладнай колькасці членаў, іх поўных імёнаў, адрасоў, а таксама наяўнасць юрыдычнага адраса арганізацыі абавязкова ў адміністратыўным будынку. Тыя, хто ўступае ў арганізацыю, могуць быць пакараныя. Больш важна тое, што адмова ўладаў здаваць у арэнду памяшканні нядобранадзейным арганізацыям і высокі кошт арэнды ў прыватным сектары проста прымусілі бальшыню арганізацый парушаць патрабаванні аб размяшчэнні юрыдычнага адраса ў адміністратыўным будынку, што ў выніку вяло да пазбаўлення рэгістрацыі ўжо існуючых арганізацый і адмаўлення ў рэгістрацыі новых.

На працягу справаздачнага года ўлады закрылі яшчэ большую колькасць офісаў палітычных партый. 14 верасня Мікалай Зелянко, старшыня Мінскага гарадскога аддзела юстыцыі, заявіў, што ў Мінску з пачатку года было закрыта 292 мясцовых філіялы партый. Партыйныя крыніцы паведамлялі, што цягам года ўлады зачынілі прыкладна 80% іх мясцовых філіялаў, у бальшыні выпадкаў з-за адсутнасці юрыдычнага адраса. Міністэрства юстыцыі паведаміла, што на працягу года накіравала блізу 400 пісьмовых папярэджанняў НДА, палітычным партыям і прафсаюзам і што суды пазбавілі рэгістрацыі 68 НДА за “сістэматычныя ці сур’ёзныя парушэнні закона”. Найбольш актыўныя грамадскія групы ўжо страцілі сваю рэгістрацыю. 28 снежня суддзя Вышэйшага суда Галіна Жукоўская пацвердзіла свой намер закрыць адукацыйную НДА “Беларуская перспектыва” за тое, што тая была зарэгістраваная ў будынку жыллёвага фонду, і за тое, што яе назва ўтрымлівала слова Беларуская (выключна афіцыйныя арганізацыі могуць называцца “беларускімі”). Прадстаўнік НДА сказаў, што яго арганізацыі не быў патрэбны офіс, паколькі яна невялікая і складаецца з валанцёраў. НДА спрабавала знайсці памяшканне пад офіс, каб падпарадкавацца загаду міністэрства, аднак не знайшла нікога, хто б здаў ёй у арэнду памяшканне. 29 снежня жодзінскія мясцовыя ўлады закрылі аддзяленне Таварыства беларускай мовы таксама па прычыне адсутнасці правільнага юрыдычнага адраса.

Надзвычай шырока ажыццяўлялася праследаванне арганізацый у форме інспекцый падатковых службаў і канфіскацый палітычнай літаратуры, звычайна без прад’яўлення ордэраў. 16 верасня мытныя службы спынілі актывістаў НДА “Партнёрства” ў Мінскім аэрапорце, калі тыя спрабавалі вылецець у Варшаву на канферэнцыю. Актывісты былі затрыманыя на 2 гадзіны, а ўсе іх матэрыялы канфіскаваныя, аднак урэшце ім было дазволена ляцець. Многія іншыя дэмакратычна настроеныя дзеячы таксама паведамлялі, што іх праследавалі і абшуквалі звыш патрэбы пры перасячэнні беларускай мяжы. 1 ліпеня міліцыя спыніла 4 машыны мясцовых лідэраў НДА “Партнёрства” і канфіскавала 170 тысяч копій бюлетэня арганізацыі.

Камісія, якая складаецца з прадстаўнікоў улады, абавязаная разглядаць і прымаць рашэнні па ўсіх заявах на рэгістрацыю. Камісія працягвала абгрунтоўваць многія са сваіх рашэнняў пераважна палітычнай і ідэалагічнай неадпаведнасцю арганізацыі афіцыйнаму курсу дзяржавы. Паводле вартых даверу звестак, бальшыня НДА, зарэгістраваных цягам года, мела дачыненне да спорту і прадпрымальніцкай дзейнасці, аднак ніводная з іх не была звязана з грамадзянскай супольнасцю. Усе нацыянальныя праваабарончыя НДА, за выключэннем дзвюх, былі пазбаўлены рэгістрацыі альбо ім было адмоўлена ў далейшай перарэгістрацыі. 15 красавіка Вышэйшы суд ліквідаваў Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў, адну з дзвюх арганізацый у краіне, што ажыццяўляла апытанні грамадскай думкі, па прычыне адсутнасці юрыдычнага адраса, а таксама па іншых, больш сумнеўных прычынах.

Урад таксама цікавіўся замежнымі кантактамі НДА. Саюз палякаў Беларусі 12-13 сакавіка склікаў з’езд па выбарах новых лідэраў. Паводле вартых даверу звестак, КДБ і праваахоўчыя органы спынялі машыны членаў Саюза палякаў Беларусі, каб не дапусціць іхняга ўдзелу ў з’ездзе, а таксама папярэджвалі іншых членаў трымацца далей або, беспаспяхова спрабуючы забяспечыць  перавыбары праўладных кандыдатаў, ціснулі на людзей, каб тыя змянілі свае галасы. 12 траўня Міністэрства юстыцыі абвясціла, што з’езд быў недэмакратычным і несапраўдным. У канцы траўня Гродзенскі дзяржаўны паліграфічны камбінат адмовіўся друкаваць газету Саюза палякаў Беларусі “Głos spad Niemna” і пачаў друкаваць прадзяржаўную версію газеты без ведама кіраўніцтва Саюза. 6 ліпеня міліцыя арыштавала 5 журналістаў газеты “Głos spad Niemna”, што пратэставалі супраць захопу ўрадам іх газеты. За гэты пратэст усе пяць былі аштрафаваныя на сумы ад 230 даляраў (510 000 рублёў) да 2 400 даляраў (5 125 000 рублёў). 27 ліпеня міліцыя выселіла кіраўніцтва Саюза з іх памяшкання і аддала будынак прыхільнікам рэжыму. Міністэрства юстыцыі вымушана было даць дазвол на правядзенне новага з’езда 27 жніўня, і зноў улады ўмяшаліся з мэтай перашкодзіць удзелу ў ім многім членам Саюза палякаў Беларусі. На працягу ўсяго гэтага працэсу ўлады арыштоўвалі, пазбаўлялі волі і штрафавалі шматлікіх членаў Саюза і польскіх журналістаў (гл. раздзел 2а), а таксама рабілі нападкі на арганізацыю ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі. Міліцыя выклікала некаторых лідэраў на допыты больш як 40 разоў.

в. свабода веравызнання

Закон гарантуе свабоду веравызнання, аднак на практыцы ўлады абмяжоўвалі гэтае права. Нягледзячы на тое, што Канстытуцыя пацвярджае роўнасць рэлігій і канфесій перад законам, яна таксама ўтрымлівае абмежаванні, прадугледжаныя палажэннем пра тое, што “ўзаемадачыненні дзяржавы і рэлігійных арганізацый рэгулююцца законам з улікам іх уплыву на фармаванне духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа”. Закон аб рэлігіі ўтрымлівае мноства абмежаванняў, што выкарыстоўваліся з мэтай прадухілення дзейнасці рэлігійных груп, не звязаных з Беларускай праваслаўнай царквой (БПЦ). У прыватнасці, закон абмяжоўвае права рэлігійных арганізацый ажыццяўляць рэлігійнае навучанне, патрабуе ад усіх рэлігійных суполак дазвол дзяржавы на распаўсюджванне літаратуры, а таксама забараняе замежным грамадзянам кіраваць рэлігійнымі групамі. Дамова і іншыя пагадненні паміж урадам і БПЦ, якая з’яўляецца экзархатам Рускай праваслаўнай царквы, надзялілі БПЦ пэўнымі прывілеямі, недаступнымі іншым рэлігійным арганізацыям. У сакавіку Уладзімір Макараў, кіраўнік аддзела інфармацыі Міністэрства абароны, заклікаў беларускае праваслаўнае духавенства змагацца супраць распаўсюджання “дэструктыўных сект” і насаджаць праваслаўе. 20 траўня прадстаўнік КДБ заявіў, што жыхары краіны пачалі менш цікавіцца нетрадыцыйнымі рэлігіямі пасля таго, як урад правёў дакладна неазначаную “акцыю” па папярэджанні распаўсюджання “дэструктыўных культаў”. Асабліва ён перасцерагаў супраць Царквы Муна і Царквы саенталогіі, якія, па ягоных словах, вядуць “прапаганду”ў краіне.

У пачатку снежня міліцыя Віцебска правяла рэйд па кватэрах мясцовых мусульман, нібыта шукаючы падазроных асоб, што маюць дачыненне да двух выбухаў, якія адбыліся ў верасні, нават пры тым, што папярэдне ўлады ўжо арыштавалі за гэтыя выбухі двух братоў, якія, па звестках, не былі ніяк звязаны з ісламам. Праваахоўчыя органы затрымалі шэраг мусульман для допыту і канфіскавалі рэлігійную літаратуру.

Згодна з законам, усе рэлігійныя арганізацыі павінны прайсці рэгістрацыю ў Камітэце па справах рэлігій і нацыянальнасцяў (КСРН) пры Савеце Міністраў або ў мясцовых ці абласных выканаўчых камітэтах. На працягу справаздачнага года КСРН працягваў адмаўляць у рэгістрацыі шэрагу рэлігійных груп, што лічацца нетрадыцыйнымі. Рэлігійныя групы, што не здолелі прайсці рэгістрацыю, часта вымушаны былі сустракацца нелегальна на кватэрах членаў групы. Паводле звестак КСРН, да верасня было афіцыйна зарэгістравана 26 канфесій.

У адпаведнасці з Законам аб рэлігіі 2002 года, усе рэлігійныя арганізацыі мусілі прайсці перарэгістрацыю ў КСРН да лістапада 2004 года. Гэты закон прадугледжвае асаблівыя патрабаванні адносна колькасці членаў кожнай рэлігійнай групы, а таксама часу яе дзеяння. Па інфармацыі КСРН, 2 676 з 2 780 рэлігійных суполак, якія былі зарэгістраваны раней, здолелі перарэгістравацца да вызначанага тэрміну. Многія з астатніх 104 суполак распаліся з-за недахопу членаў. КСРН, аднак, адмовіў у перарэгістрацыі шэрагу рэлігійных груп, пераважна пратэстанцкіх, такіх як Святло свету, Царква новага жыцця і Беларуская евангельская царква.

КСРН адмовіўся зарэгістраваць Беларускую аўтакефальную праваслаўную царкву (БАПЦ) без згоды з боку мясцовых святароў БПЦ, якая так і не была атрыманая. У сувязі з тым, што БАПЦ так і не была зарэгістраваная, улады аднялі будынак, што быў адноўлены царквой у Сёмкавым гарадку.

Суполцы Харэ Крышна было адмоўлена ў рэгістрацыі ў 2004 годзе. Яна падала апеляцыю ў Вышэйшы суд, але не атрымала адказу, таксама як і Камтэт ААН па правах чалавека. Пасля таго, як крышнаіты не змаглі зарэгістравацца, з імі быў разарваны шэраг арэндных дамоў. Мінская суполка не мела магчымасці знайсці новы юрыдычны адрас.

У 2004 годзе КСРН таксама адмовіў у перарэгістрацыі пратэстанцкай суполцы Святло свету. Дамова на арэнду царкоўнага памяшкання была разарваная, і ўлады перашкодзілі суполцы арэндаваць новае памяшканне.

Закон дазваляе людзям збірацца разам ў прыватных дамах для малітвы, аднак ён прадугледжвае атрыманне дазволу ад дзяржавы на адпраўленне пэўных рытуалаў, абрадаў ды цырымоній, праводзімых у жылых памяшканнях. На працягу года было зарэгістравана некалькі выпадкаў умяшальніцтва праваахоўчых органаў у правядзенне рэлігійных сходаў, што часам прыводзіла да накладання штрафных санкцый на іх удзельнікаў.

Улады будуць рэгістраваць праваслаўныя суполкі, якія не падпарадкоўваюцца Маскве, толькі пры наяўнасці згоды Маскоўскага патрыярха. У чэрвені ўлады папярэдзілі святара незарэгістраванай Рускай праваслаўнай царквы за мяжой (РПЦМ) айца Леаніда Пляца, што ён можа быць пазбаўлены волі або атрымаць вялізны штраф, калі працягне займацца “незаконнай рэлігійнай дзейнасцю”, у тым ліку, праводзіць у прыватных дамах невялікія сходы для набажэнства. 9 лістапада ўлады адмовілі ў рэгістрацыі іншаму прыходу РПЦМ у Ружанах. Узамен біскуп прапанаваў членам РПЦМ маліцца ў царкве Маскоўскага патрыярхата. Суполкі РПЦМ адмовіліся, а іх члены атрымалі 4 штрафы, у цэлым на суму больш як 2 тысячы даляраў (4 мільёны рублёў) за набажэнства ў прыватных дамах. РПЦМ мае чатыры прыходы па ўсёй краіне, ніводзін з якіх афіцыйна не зарэгістраваны.

Закон не прадугледжвае вяртанне царкоўнай уласнасці, захопленай падчас акупацыі савецкім ды нацысцкім рэжымамі, і абмяжоўвае вяртанне ўласнасці, што выкарыстоўваецца з культурнымі і адукацыйнымі мэтамі. На працягу справаздачнага года не паступала звестак пра вяртанне ўладамі маёмасці рэлігійным групам. Каталіцкі прыход звярнуўся да ўрада з просьбай вярнуць рымска-каталіцкую царкву, якую ўлады выкарыстоўваюць пад дзяржаўныя навуковыя архівы. 4 кастрычніка Савет Міністраў адказаў, што ўлады не вернуць царкве гэты будынак да таго часу, пакуль не будзе прадстаўлены ўзамен будынак такога ж памеру пад архівы.

Улады працягвалі абмяжоўваць права шэрагу рэлігійных груп валодаць уласнасцю або выкарыстоўваць уласнасць у рэлігійных мэтах. Так у кастрычніку КСРН адмовіў у перарэгістрацыі Царкве новага жыцця на падставе таго, што яна спрабавала выкарыстоўваць кароўнік, які набыла 3 гады таму, у якасці сваёй афіцыйнай рэзідэнцыі. Улады адмовіліся дазволіць царкве аднавіць будынак, змяніць рэгістрацыйны статус кароўніка або не перашкаджаць членам царквы сустракацца ў  будынку як ён ёсць. Цягам года ўлады аштрафавалі лідэраў царквы на суму больш як 5 500 даляраў (12 500 000 рублёў) за правядзенне службы ў кароўніку. 17 лістапада ўлады выдалі рэгістрацыйнае пасведчанне, якое прысвойвала кароўніку статус рэлігійнага памяшкання. Аднак 30 лістапада дзяржава заявіла, што гэтая рэгістрацыя была праведзена незаконна, анулявала рэгістрацыю і звольніла дзвюх афіцыйных асоб за яе выдачу.

Паводле афіцыйных дакументаў, закон дазваляе выкарыстанне жылой плошчы для набажэнства толькі пасля вывядзення яе з жылога фонду. Гэтае правіла патрабуе ад усіх рэлігійных арганізацый перарэгістраваць сваю маёмасць у якасці рэлігійнай. Тым не менш, улады працягвалі адмаўляць у рэгістрацыі маёмасці як шматлікім пратэстанцкім цэрквам, так і нетрадыцыйным канфесіям. 22 жніўня і 21 верасня ўлады зачынілі Беларускую евангельскую рэфармісцкую царкву і Беларускую евангельскую царкву за іх немагчымасць забяспечыць для набажэнства юрыдычныя адрасы ў памяшканнях нежылога фонду.

Паводле паведамленняў Евангельскай хрысціянскай царквы поўнага евангелля, улады працягвалі адмаўляць ёй у дазволе пабудаваць у Мінску будынак для яе рэлігійных мэтаў.

Адміністрацыя Дамоў культуры разрывала пагадненні або адмаўлялася заключыць новыя дамовы з рэлігійнымі групамі на арэнду сваіх памяшканняў, спасылаючыся на ўрадавы дэкрэт аб мерах па забеспячэнні грамадскага парадку і бяспекі падчас масавых сходаў. На працягу ўсяго лета Царкве слова веры Ісуса Хрыста адмаўлялася ў арэндзе залы ў Мінску для правядзення вялікага сходу.

9 лістапада старшыня КСРН Станіслаў Буко абвясціў, што ўлады не будуць рэгістраваць “дэструктыўныя секты”. Ён заявіў, што ў Беларусі такія секты не дзейнічаюць, аднак адзначыў, што ўлады пільна сочаць за дзейнасцю, у якой праяўляюцца падобныя рысы. Паводле звестак, універсітэцкія падручнікі класіфікуюць баптыстаў і адвентыстаў як членаў сект.

Па законе грамадзяне могуць свабодна гаварыць пра свае рэлігійныя перакананні. Аднак улады працягвалі перашкаджаць, умешвацца ды караць за зварот у сваю веру прадстаўнікоў любых рэлігійных груп, за выключэннем Беларускай праваслаўнай царквы. Улады таксама штрафавалі і затрымлівалі членаў незарэгістраваных рэлігійных груп за незаконную рэлігійную дзейнасць. Баптысты, пяцідзесятнікі і прадстаўнікі іншых пратэстанцкіх канфесій атрымлівалі папярэджанні і штрафы за незаконнае адпраўленне рэлігійных служб у сваіх дамах. Згодна КСРН, прысуды ў адносінах гэтых людзей былі заснаваныя на абвінавачаннях у парушэнні грамадскага парадку і правядзенні сходаў без атрымання на гэта папярэдняга дазволу. 25 лістапада суд накіраваў папярэджанне пастару Рэфармісцкай баптысцкай царквы запавета Хрыста за незаконнае правядзенне рэлігійнай службы ў прыватным доме, а за адсутнасць юрыдычнага адраса царква атрымала 3 папярэджанні.

Урад не дазваляе замежным місіянерам ажыццяўляць рэлігійную дзейнасць за межамі тых арганізацый, якія іх запрасілі. Закон прадугледжвае для замежных місіянераў гадавыя шматразовыя візы для “ажыццяўлення рэлігійнай дзейнасці”. Нават тыя рэлігійныя групы, што існавалі ў краіне цягам доўгага часу, у прыватнасці пратэстанты, мелі складанасці з атрыманнем візы. У сярэдзіне снежня ўлады не працягнулі візу двум польскім ксяндзам, якія працавалі ў Беларусі больш як 10 гадоў, і загадалі ім пакінуць краіну да канца года.

Злоўжыванні і дыскрымінацыя ў грамадстве

Ад 50 да 70 тысяч чалавек адносілі сябе да яўрэяў. Тым не менш, значная бальшыня яўрэйскага насельніцтва - 98%, не з’яўлялася актыўнымі вернікамі. Сярод вернікаў былі прыхільнікі як рэфармісцкага, так і кансерватыўнага іудаізму.

На працягу справаздачнага перыяду мелі месца асобныя выпадкі антысеміцкага вандалізму. У красавіку цягам трох тыдняў хуліганы апаганілі на яўрэйскіх могілках у Брэсце 20 надмагільных пліт. 16 жніўня, паводле наяўных звестак, вандалы ў трэці раз пашкодзілі мемарыял ахвярам Халакосту ў Мінску, хоць улады і адмовіліся прызнаць, што такое злачынства мела месца. Нягледзячы на тое, што ўлады расследавалі падобныя інцыдэнты і часта дапамагалі ў аднаўленні помнікаў, па факце гэтых злачынстваў праваахоўчыя органы не здзейснілі ніякіх затрыманняў. 4 снежня вандалы намалявалі свастыкі і іншыя фашысцкія сімвалы на мемарыялах у Курапатах, у тым ліку і на знаках памяці яўрэйскім і татарскім ахвярам. Міліцыя не арыштавала нікога па гэтай справе, аднак пазней забяспечыла сталую прысутнасць на могілках супрацоўнікаў праваахоўчых органаў.

Дзяржаўнае агенцтва “Белсаюздрук” працягвала продаж антысеміцкай і ксенафобскай газеты  “Русский вестник”, нягледзячы на загад Генеральнага пракурора і Міністэрства інфармацыі ў 2003 годзе аб спыненні выпуску газеты. Продаж такой літаратуры працягваўся ўвесь год у крамах, урадавых будынках, а таксама на сходах, арганізаваных БПЦ. Антысеміцкая і руская ультранацыяналістычная літаратура як і раней прадавалася праз “Православную книгу” – магазін, што належыць “Православной инициативе” і прадае праваслаўную літаратуру і рэлігійную атрыбутыку. КСРН паведамляў, што спыніць распаўсюджанне надрукаванай у Расіі антысеміцкай літаратуры надзвычай цяжка.

Для больш дэталёвай інфармацыі, гл. Міжнародную справаздачу аб свабодзе веравызнання за 2005 год.

г. свабода перамяшчэння па тэрыторыі краіны, выезд за мяжу, эміграцыя і рэпатрыяцыя

Закон забяспечвае свабоду перамяшчэння, аднак улады часам абмяжоўвалі права грамадзян выбіраць месца жыхарства і паездкі за мяжу. Унутраны пашпарт служыў асноўным дакументам для пасведчання асобы і патрабаваўся пры прапісцы, уладкаванні на працу і рэгістрацыі ў гатэлях.

Паводле вартых даверу звестак, праваахоўчыя органы працягвалі праследаваць людзей за пражыванне не па тым адрасе, што запісаны ў іх пашпарце.

Закон гарантуе права перамяшчэння ў краіну і з краіны, аднак улады часам абмяжоўвалі гэтае права. У адпаведнасці з афіцыйнымі правіламі прыезду і выезду, грамадзяне, якія хочуць выехаць за межы рэспублікі, абавязаныя атрымаць штамп на права выезду, сапраўдны на працягу ад аднаго да пяці гадоў. Улады могуць адмяніць пастаўлены раней штамп. Урад забараніў выезд за мяжу шэрагу апазіцыйных актывістаў, што не заплацілі штрафы за ўдзел у несанкцыянаваных дэманстрацыях або апынуліся на іншым ад уладаў баку ў канфлікце вакол Саюза палякаў Беларусі (СПБ) (гл. раздзел 2б). Часам улады праследавалі прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, якія ездзілі за мяжу.

У лістападзе ўлады забаранілі членам СПБ Анджэю Пісальніку, Ёзэфу Пажэцкаму, Веславу Кеўляку ды Анджэю Пачобуту выезд за мяжу. Нягледзячы на гэтую забарону, Пачобут у лістападзе ездзіў у Польшчу. Па ягоным вяртанні памежнікі адабралі ягоны пашпарт і вярнулі толькі 12 снежня з запісам, які забараняе яму выезд у іншыя краіны.

23 лістапада памежнікі паведамілі актывістам СПБ Інесе Тодрык, Анжэліцы Арэхва ды Анджэю Лісоўскаму, што тыя не могуць пакідаць краіну. 3 і 4 лістапада памежнікі перашкодзілі актывістцы СПБ Анжэліцы Арэхва выехаць з краіны. Іншых актывістаў СПБ трымалі на мяжы гадзінамі, аднак у выніку дазвалялі выехаць.

28 кастрычніка Мінская гарадская калегія адвакатаў адмовіла праваабаронцы Веры Страмкоўскай у дазволе паехаць на канферэнцыю АБСЕ ў Тбілісі, пагражаючы пазбавіць яе ліцэнзіі. У той самы дзень калегія прыняла рэзалюцыю, якая забараняе ўсім адвакатам выязджаць за мяжу на адзін месяц.

У шэрагу выпадкаў актывісты апазіцыі, якія хацелі выехаць з краіны, былі затрыманыя для працяглых вобшукаў на мяжы падчас выезду і вяртання назад. 27 кастрычніка мытныя службы затрымалі на некалькі гадзін лідэра апазіцыйнай партыі Аляксандра Казуліна ў аэрапорце і канфіскавалі ягоныя матэрыялы, праз што ён спазніўся на свой рэйс. У той самы дзень мытнікі адабралі друкаваныя матэрыялы ў лідэра апазіцыйнай партыі Анатоля Лябедзькі, які вярнуўся ў Мінск пасля сустрэчы з членамі Еўрапарламента.

17 жніўня КДБ правёў допыт незалежнага журналіста Аляксандра Раўценкі па ягоным вяртанні з Прагі, імкнучыся даведацца пра мэты ягонай паездкі.

На працягу справаздачнага года ўрад увёў новыя абмежаванні ў працэдуру выезду за мяжу. Прэзідэнцкі ўказ ад 9 сакавіка, быццам бы накіраваны супраць гандлю людзьмі, абавязвае кожнага студэнта, што жадае навучацца за мяжой, атрымаць дазвол ад Міністэрства адукацыі. Падпісваючы ўказ, Лукашэнка публічна выказаў свае адносіны да навучання грамадзян за межамі дзяржавы. Урад выкарыстаў гэтае патрабаванне, каб не дазволіць удзел 59 студэнтаў ВНУ ў адукацыйных праграмах па абмене за межамі краіны. Указ таксама патрабуе ад Міністэрства ўнутраных спраў адсочваць усіх грамадзян, якія працуюць за мяжой, а ўсе турыстычныя агенцтвы – прадстаўляць у МУС інфармацыю пра ўсіх тых, хто не вярнуўся ў краіну ў вызначаны час. Улады адмовілі ў перарэгістрацыі бальшыні турыстычных агенцтваў, якія дапамагаюць з уладкаваннем на працу за мяжой. Прэзідэнцкі ўказ ад 13 чэрвеня вызначыў новыя правілы замежных паездак для дзяржаўных чыноўнікаў. Разнастайныя прэзідэнцкія заявы, зробленыя цягам года, і прэзідэнцкі ўказ, падпісаны 4 кастрычніка, былі накіраваныя на скарачэнне колькасці дзяцей з забруджаных чарнобыльскіх зон, якія маглі б выехаць за мяжу на лячэнне, асабліва, калі яны хацелі ехаць у час навучальнага года. Напрыклад, некалькім сотням дзяцей было адмоўлена ў паездцы ў Нямеччыну і Італію ў лютым месяцы. Указ таксама прадугледжвае, што калі студэнты ці асобы, якія іх суправаджалі, не вярнуліся ў краіну ў час, інфармацыя пра іх паступіць у Адміністрацыю Прэзідэнта.

Закон прадугледжвае неабходнасць атрымання спецыяльных пропускаў для тых, хто едзе ў памежную 25-кіламетровую зону. Міліцыя аштрафавала шэраг дэмакратычных актывістаў за парушэнне гэтага закона пасля таго, як яны правялі сходы ў памежных мястэчках (гл. раздзел 3).

Законам не прадугледжваецца дэпартацыя за мяжу. Ніякіх звестак пра тое, што ўлады скарысталіся гэтай мерай на практыцы, не паступала.

У заканадаўстве замацавана норма аб ссылцы ўнутры краіны, і ўлады скарыстоўвалі яе. Такая ссылка з’яўляецца адным са спосабаў пакарання за абразу прэзідэнта. На працягу справаздачнага года суд прыгаварыў 3 лідэраў апазіцыі да 18-24 месяцаў унутранай ссылкі.

Канстытуцыя забяспечвае права на эміграцыю, і ўлады ў цэлым паважаюць гэтае права. Аднак былі выпадкі абмежавання свабоды перамяшчэння грамадзян, што мелі доступ да сакрэтнай інфармацыі ці выступалі фігурантамі ў крымінальных справах. Асобы, якім было адмоўлена ў праве на эміграцыю, могуць падаваць апеляцыю ў суд.

Абарона ўцекачоў

Закон забяспечвае прадстаўленне прытулку і статус уцекача ў адпаведнасці з Канвенцыяй ААН 1951 года аб статусе ўцекачоў і яе Пратаколам 1967 года, і ўрад распрацаваў сістэму прадстаўлення ўцекачам прытулку. Згодна з законам аб уцекачах, усе людзі, што звярнуліся па прытулак ці атрымалі яго, абаронены ад вяртання ў краіну, у якой яны праследаваліся. У адрозненне ад папярэдняга года, у справаздачны перыяд не паступала паведамленняў пра затрыманні людзей, якія з Расіі ехалі транзітам праз Беларусь і былі дэпартаваны назад у Расію. На канец кастрычніка статус уцекача атрымалі 548 афганцаў і 123 грузіны.

Закон не дазваляе прадстаўляць часовы прытулак асобам, якія не кваліфікуюцца як уцекачы, тым не менш, урад даў прытулак па гуманітарных меркаваннях прыкладна 40 грамадзянам, якія па законе не могуць атрымаць статус уцекача, аднак маюць гуманітарныя падставы заставацца ў краіне.

Улады супрацоўнічалі з кіраўніцтвам Вышэйшага Камісарыята ААН па справах уцекачоў і іншымі гуманітарнымі арганізацыямі ў сферы аказання дапамогі ўцекачам.

Раздзел 3. Павага да палітычных правоў: права грамадзян мяняць свой урад

У адпаведнасці з Канстытуцыяй, грамадзяне маюць права мяняць свой урад мірным шляхам. Аднак улады настойліва пазбаўляюць сваіх грамадзян гэтага права. Прэзідэнт Лукашэнка падпарадкаваў сабе ўсе галіны ўлады. З моманту абрання яго ў 1994 годзе першым прэзідэнтам краіны тэрмінам на 5 гадоў, ён паступова ўзяў пад свой кантроль усе галіны выканаўчай улады, выкарыстаўшы рэферэндумы 1996 і 2004 гадоў для змены Канстытуцыі з мэтай пашырэння сваіх паўнамоцтваў і павелічэння тэрміну прэзідэнцтва.

Згодна Канстытуцыі, пасяджэнні органаў заканадаўчай улады праводзяцца 2 разы ў год, а час такіх пасяджэнняў у суме не павінен перавышаць 170 дзён. Прэзідэнцкія ўказы, выданыя ў перапынках паміж парламенцкімі сесіямі, набываюць сілу закона, за выключэннем рэдкіх выпадкаў, спецыяльна агавораных Канстытуцыяй. На практыцы прэзідэнт выдаваў указы нават у час парламенцкіх сесій. Канстытуцыя прадстаўляе прэзідэнту права выдаваць указы, прыроўненыя да законаў, ва ўмовах надзвычайных сітуацый, якія прэзідэнт Лукашэнка трактуе дастаткова шырока.

Выбары і ўдзел у палітыцы

17 кастрычніка ў краіне з сур’ёзнымі парушэннямі адбыліся парламенцкія выбары і рэферэндум, мэтай якога была змена Канстытуцыі і ліквідацыя абмежаванняў тэрміну прэзідэнцтва, што, у сваю чаргу, дазволіла Лукашэнку высунуць сваю кандыдатуру на наступных выбарах у 2006 годзе на трэці прэзідэнцкі тэрмін. Улады выкарысталі адміністратыўны рэсурс як для падтрымкі рэферэндуму, так і для прасоўвання кандыдатаў, лаяльных рэжыму, якія і перамаглі на кожным выбарчым участку. Назіральнікі АБСЕ паведамлялі, што выбары вельмі мала адпавядалі міжнародным стандартам па дэмакратычных выбарах, прыводзілі наступныя факты: актыўнае выключэнне з выбарчых спісаў кандыдатаў ад апазіцыі, затрыманні кіраўнікоў выбарчых кампаній апазіцыйных кандыдатаў і мясцовых назіральнікаў, абмежаванне правіл правядзення выбарчай кампаніі, неаднолькавае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі, парушэнні і адсутнасць празрыстасці пры падліку галасоў. Сярод іншых электаральных парушэнняў былі таксама звальненні і непрацягненні працоўных кантрактаў з кандыдатамі ад апазіцыі і ўдзельнікамі іх выбарчых кампаній. З вартых даверу крыніц стала вядома, што асобных грамадзян прымушалі галасаваць датэрмінова па прычыне слабога кантролю за ходам выбараў у гэты час.

20 сакавіка ў Гродна адбыліся давыбары ў парламент. Адвольнае выключэнне ўладамі кандыдатаў ад апазіцыі, канфіскацыя матэрыялаў выбарчых кампаній апазіцыянераў і выкарыстанне дзяржаўных рэсурсаў для падтрымкі праўладных кандыдатаў прадвызначылі вынікі галасавання. Па ацэнках, 25% выбарнікаў прагаласавалі ў пяцідзённы тэрмін да выбараў. Некаторыя з іх, пераважна тыя, хто працуе ў дзяржаўным сектары, паведамлялі, што зрабіць так іх прымусілі працадаўцы. Незалежным назіральнікам не было дазволена сачыць за падлікам галасоў, а міліцыя выправадзіла з выбарчых участкаў трох назіральнікаў.

Цягам справаздачнага года ўлады стваралі ўсё больш цяжкія ўмовы для дзейнасці палітычных партый. У чэрвені парламент правёў жорсткі закон, які датычыцца палітычных партый і робіць працэдуру часовага прыпынення дзейнасці партый або іх закрыцця больш простай. Дзейнасць партыі можна прыпыніць на 6 месяцаў за любое парушэнне закона. Улады таксама могуць закрыць любую палітычную партыю пасля таго, як накіравалі ёй 2 папярэджанні за дробныя парушэнні. У студзені Міністэрства юстыцыі фармальна папярэдзіла Беларускі народны фронт у сувязі з тым, што на афіцыйнай пячатцы арганізацыі значылася “Рэспубліка Беларусь, Мінск”. Нават пры тым, што Міністэрства юстыцыі зацвердзіла гэтую пячатку, яно вынесла папярэджанне, патрабуючы, каб на пячатцы значылася толькі “Мінск”. Закон таксама прадпісвае кожнай партыі мець зарэгістраваныя аддзяленні ў чатырох з сямі абласцей краіны.

На момант прыняцця закона Міністэрства юстыцыі праводзіла працэдуру закрыцця прыкладна 80% мясцовых аддзяленняў партый у краіне па розных прычынах, робячы партыі бяздзейснымі ў бальшыні абласцей (гл. раздзел 2б). У снежні, пасля пазбаўлення рэгістрацыі гэтых мясцовых партыйных філіялаў, Міністэрства юстыцыі вынесла папярэджанне шэрагу партый за тое, што яны не маюць зарэгістраваных аддзяленняў у дастатковай колькасці абласцей. Акрамя таго, закон забараняе партыям атрымліваць падтрымку з-за мяжы. 19 верасня міністр юстыцыі абвясціў, што любы палітычны блок ці кааліцыя павінны быць зарэгістраваныя ўрадам. Падобна, што гэта пастанова тычылася найбольш арганізаванага палітычнага аб’яднання ў краіне – “10 плюс”.

За лета ўлады сарвалі 121 рэгіянальны палітычны сход, арганізаваны апазіцыйнай кааліцыяй “10 плюс”. Прадстаўнікі праваахоўчых органаў прысутнічалі практычна на кожным сходзе, у многіх выпадках запісвалі ўдзельнікаў на відэа або патрабавалі прад’явіць пасведчанне асобы. У Пінску, Ельску і Сянно міліцыя арыштавала арганізатараў сходу яшчэ да яго пачатку. У Калінкавічах міліцыянты ўварваліся на сход на падставе таго, што ў будынку нібыта была лабараторыя па вытворчасці наркотыкаў, а ў Светлагорску праваахоўчыя органы затрымалі арганізатараў на колькі гадзін для праверкі іх дакументаў. У трох выпадках мясцовыя пажарныя службы загадалі эвакуявацца з памяшканняў, дзе адбываліся сходы, а ў яшчэ адным выпадку група па абясшкоджванню небяспечных рэчываў спыніла сход, заявіўшы, што адбылося разліццё ртуці. 9 ліпеня апазіцыйныя партыі планавалі правесці сход у Палацы культуры Дамачава, аднак па іх прыездзе будынак аказаўся зачынены. Такія сітуацыі мелі месца і ў шэрагу іншых населеных пунктаў. Да таго ж, 11 членаў апазіцыі былі арыштаваныя і асуджаныя за “парушэнне пашпартнага рэжыму ў памежнай зоне” ў сувязі з іх паездкай у Дамачава. Іншыя былі арыштаваныя за тыя ж парушэнні ў Ашмянах. Улады разглядаюць усю 25-кіламетровую зону як тэрыторыю абмежаванага доступу. Урад пачаў прысуджаць палітычнай апазіцыі штрафы, якія, у бальшыні выпадкаў, былі значна вышэйшымі за падобныя штрафы ў папярэднія гады і звычайна перавышалі сярэдні гадавы заробак у 2 450 даляраў (5 200 000 руб). Улады таксама пачалі канфіскоўваць прыватную маёмасць у тых актывістаў апазіцыі, якія не маглі сплаціць гэтыя штрафы. Дэпутат АГП Марына Багдановіч была аштрафаваная на    2 200 даляраў (4 700 000 рублёў) за ўдзел у страйку 1 траўня. 27 траўня судовыя выканаўцы прыйшлі ў яе дом і канфіскавалі маёмасць, у тым ліку кнігі, прас, мабільны тэлефон, стэрэасістэму і камп’ютэр яе дачкі, у якасці ўплаты штрафу. 11 сакавіка судовыя выканаўцы канфіскавалі маёмасць, у тым ліку электрачайнік, пральную машыну, лямпу, пыласос і карціны, у рэдактара газеты “Прессбол” у якасці ўплаты штрафу, прысуджанага за паклёп (гл. раздзел 2). 14 лютага гродзенскі суддзя аштрафаваў былога апазіцыйнага члена парламента Валерыя Фралова на 3 300 даляраў (7 мільёнаў рублёў) за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту.

Паводле мноства вартых даверу звестак, вялікая колькасць людзей страціла працу праз удзел у палітычнай дзейнасці ці членства ў партыі (гл. раздзел 6а). У шэрагу гарадоў актывісты заяўлялі, што кожны з тых, хто ўдзельнічаў у парламенцкіх выбарах 2004 года як незалежны кандыдат, на працягу года быў звольнены. Паступалі таксама праўдзівыя паведамленні пра тое, што ўлады пагражалі бацькам, што прымалі ўдзел у палітычнай дзейнасці, выключыць са школы ці ВНУ іх дзяцей. У лістападзе кіраўнік Баранавіцкага аддзела па ідэалагічнай працы сп. Жыдко вымушаў Віктара Сырыцу, выкладчыка Баранавіцкага эканамічна-юрыдычнага коледжа, напісаць заяву па ўласным жаданні, таму што той арганізаваў сустрэчу студэнтаў з апазіцыйнымі палітыкамі. 23 траўня мясцовая адміністрацыя ў Вархах адмовілася працягнуць кантракт з дырэктарам школы Леанідам Гаравым, членам Беларускай сацыял-дэмактарычнай партыі “Грамада”. 14 кастрычніка раённы суд Гарадка адхіліў апеляцыю Гаравога аб яго вяртанні на працу. Абараняючы сваё рашэнне, мясцовыя чыноўнікі, па звестках, абвінавацілі ў “парушэнні рэжыму”, устаноўленаму ў вобласці ў сувязі з высокім узроўнем захворвання на рак шчытападобнай залозы. У лютым мытныя органы не працягнулі кантракт з Васілём Ваўранюком, членам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада”, які быў назіральнікам на кастрычніцкіх выбарах 2004 года.

Пасля правядзення сходаў члены партый звычайна затрымліваліся, штрафаваліся або змяшчаліся пад варту. Напрыклад, баранавіцкія мясцовыя ўлады затрымалі 16 ліпеня лідэраў АГП Анатоля Лябедзьку ды Сяргея Калякіна за правядзенне несанкцыянаванага сходу, не зважаючы нават на тое, што ён адбыўся ў зарэгістраваным офісе партыі. 18 ліпеня ўлады аштрафавалі двух членаў АГП на 240 даляраў (516 тысяч рублёў) кожнага за арганізацыю сустрэчы ў прыватным доме. 30 жніўня ўлады аштрафавалі актывіста Беларускай партыі камуністаў Анатоля Новіка на 475 даляраў (1 мільён рублёў) за правядзенне несанкцыянаванага сходу, нават пры тым, што сход адбыўся ў зарэгістраваным офісе партыі.

На працягу года члены апазіцыі рэгулярна сутыкаліся і з іншымі формамі праследавання. Міліцыянты часта спынялі і на кароткі тэрмін затрымлівалі апазіцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча і яго каманду падчас паездак па рэгіёнах. 24 лістапада ўлады Бабруйска вылучылі электрычнасць і адключылі тэлефоны ў кватэры, дзе Мілінкевіч спрабаваў правесці прэс-канферэнцыю. Улады таксама перашкаджалі некаторым мясцовым жыхарам сустракацца з ім.

32 дэпутаты з 110 зноў абраных у ніжнюю палату парламента – жанчыны. У верхняй палаце жанчыны атрымалі 18 з 56 месцаў. Тым не менш, ніводная з жанчын не ўзначальвала ні адзін з 14 парламенцкіх камітэтаў. У Савеце Міністраў з 25 чалавек было толькі 3 жанчыны. Пасаду старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі займала жанчына. За выключэннем судовага корпусу, мужчыны займалі практычна ўсе кіруючыя пасады ў краіне.

Ніводзін з высокапастаўленых прадстаўнікоў улады не адносіў сябе адкрыта да нацыянальнай меншасці, хоць на справе некаторыя з’яўляюцца палякамі або прадстаўнікамі іншых этнічных груп.

Карупцыя ў дзяржаве і празрыстасць

Сур’ёзнай праблемай стала карупцыя ў органах выканаўчай улады. Улады ўзбудзілі судовыя справы ў адносінах да значнай колькасці людзей у сувязі з карупцыяй – больш за 4 тысячы спраў за 11 месяцаў справаздачнага года, што, безумоўна, сведчыць пра ўзмацненне захадаў у барацьбе з карупцыяй. Тым не менш, карупцыя застаецца праблемай у вышэйшым эшалоне ўлады па прычыне слабога размежавання паміж асабістымі і афіцыйнымі фондамі прэзідэнта, а таксама высокай залежнасці ад небюджэтных паступленняў. Сам урад нажываецца на дзяржаўнай карупцыі, напрыклад, дзякуючы высокаму аб’ёму рэалізацыі канфіскаваных на мяжы тавараў, што прадаюцца ў дзяржаўных крамах, і росту рэнацыяналізацыі эканомікі. Згодна Transparency International, праблема набывае ўсё большыя маштабы і паглыбляецца. У 2004 годзе ўлады арыштавалі і асудзілі кіраўніка справамі Адміністрацыі Прэзідэнта Галіну Жураўкову за крадзеж больш як 3 мільёнаў даляраў. Нягледзячы на атрыманы прысуд – 4 гады пазбаўлення волі, - яна так ніколі і не была зняволена.

Законы і дзяржаўная палітыка жорстка абмяжоўваюць доступ шырокай грамадскасці да ўрадавай інфармацыі. На працягу года такія абмежаванні рабіліся ўсё больш жорсткімі. На практыцы грамадзяне маюць добры доступ да некаторых відаў інфармацыі, а доступ да іншых відаў строга лімітаваны. Прэзідэнцкі ўказ 2004 года істотна пашырыў аб’ём афіцыйнай інфармацыі, што лічыцца дзяржаўнай тайнай.

Раздзел 4. Адносіны ўладаў да расследавання міжнароднымі і недзяржаўнымі арганізацыямі так званых парушэнняў правоў чалавека

У краіне дзейнічаў шэраг мясцовых праваабарончых груп, аднак улады перашкаджалі ім у правядзенні расследаванняў так званых парушэнняў правоў чалавека. Улады адсочвалі перапіску і тэлефонныя размовы членаў НДА, а таксама выкарыстоўвалі іншыя бюракратычныя сродкі ціску на недзяржаўныя арганізацыі, такія як частыя падатковыя  ды іншыя інспекцыі і пазбаўленне рэгістрацыі (гл. раздзелы 1е і 2б). Улады звычайна ігнаравалі справаздачы, падрыхтаваныя праваабарончымі недзяржаўнымі арганізацыямі, і не сустракаліся з імі на працягу года. Афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі не паведамлялі пра дзейнасць праваабарончых арганізацый, а незалежныя СМІ, якія друкавалі паведамленні аб праблемах з правамі чалавека, праследаваліся і закрываліся (гл. раздзел 2а).

Улады закрылі бальшыню зарэгістраваных праваабарончых арганізацый ды рэсурсных цэнтраў НДА. Такія дзеянні ўладаў расцэньваюцца незалежнымі назіральнікамі як палітычна матываваныя. 19 ліпеня прэзідэнт падпісаў новы закон, які абмяжоўвае правы недзяржаўных арганізацый. Згодна закону, улады маюць права закрыць НДА пасля аднаго толькі папярэджання ўрада з прычыны парушэння заканадаўства. Найбольш часта адзначаліся наступныя парушэнні: неадпаведнасць паміж пячаткай, зробленай у момант рэгістрацыі арганізацыі, і той пячаткай, што выкарыстоўвалася пазней, дробныя недакладнасці на фірмовым бланку арганізацыі, выкарыстанне паштовага адраса замест адраса зарэгістраванага офіса, нібыта падробкі подпісаў, неабходных для атрымання юрыдычнай рэгістрацыі, а таксама парушэнні ўласнага статута арганізацыі. Закон дазваляе ўладам закрываць НДА за незаконнае атрыманне дапамогі з-за мяжы і дазваляе Міністэрству юстыцыі ўдзельнічаць у любой дзейнасці НДА, праглядаць любыя дакументы НДА і запытваць у НДА любую інфармацыю. Ён таксама патрабуе ад НДА прадстаўляць штогод падрабязную справаздачу аб яе дзейнасці, размяшчэнні офісаў, імёнах кіраўнікоў і агульнай колькасці членаў.

18 ліпеня вілейскі цэнтр “Надежда” ў апошнюю хвіліну адмяніў рэзервацыю для летняга праваабарончага лагера, арганізаванага недзяржаўным Фондам прававых тэхналогій, на падставе таго, што дзяржаўныя інспектары выявілі на тэрыторыі лагера антысанітарныя ўмовы. 21 лютага Вышэйшы суд закрыў НДА “Адраджэнне Айчыны” – арганізацыю, што абараняе палітычныя і эканамічныя правы жанчын, нібыта за тое, што НДА не адказала своечасова на запыт Мінісэрства юстыцыі аб прадстаўленні інфармацыі. Закрыццё адбылося адразу пасля таго, як НДА правяла семінар па гендэрных пытаннях з недзяржаўнай праваабарончай арганізацыяй “Вясна”, якая перад тым была закрыта ўладамі.

Закон забараняе грамадзянам дзейнічаць ад імя незарэгістраваных НДА. На працягу года ўлады ўзбудзілі справы супраць шэрагу асоб за падобныя парушэнні. 28 верасня гродзенскі суддзя Наталля Козел аштрафавала Яна Романа на 600 даляраў (1300000 рублёў) за распаўсюджванне бюлетэняў прафсаюза, не зарэгістраванага ў гэтым раёне. 11 кастрычніка Мінская гарадская пракуратура накіравала папярэджанне цыганскай НДА “Згода” за тое, што яе члены падпісалі зварот Саюза палякаў Беларусі, новае кіраўніцтва якога не прызнаў урад. 2 снежня міліцыя абшукала дом Тэльмана Маслюкова, заявіўшы, што ён незаконна хавае наркотыкі і зброю. Праваахоўчыя органы канфіскавалі матэрыялы незарэгістраванай моладзевай арганізацыі “Зубр” і абвінавацілі Маслюкова ў дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Згодна з прэзідэнцкім указам, міжнародная дапамога можа прадстаўляцца толькі арганізацыі ці прымацца арганізацыяй, зарэгістраванай у Міністэрстве эканомікі. Тым не менш, урадавыя распараджэнні забараняюць прымаць міжнародную дапамогу ўсім праваабарончым арганізацыям незалежна ад іх рэгістрацыйнага статусу.

Іншы прэзідэнцкі дэкрэт забараняе замежную падтрымку шырокага спектру дзейнасці, у тым ліку падрыхтоўкі, кіравання і арганізацыі выбараў і рэферэндумаў; арганізацыі мітынгаў, сходаў, дэманстрацый, пікетаў і страйкаў; публікацыі і распаўсюджанне рэкламных матэрыялаў; арганізацыі семінараў і іншай дзейнасці з прыцягненнем насельніцтва. Закон таксама не дазваляе незарэгістраваным арганізацыям аказваць падтрымку іншым НДА.

Урад часам адмаўляў арганізацыям у дазволе прыняць замежную дапамогу, нават у тым выпадку, калі яны выконвалі патрабаванні ўрада аб справаздачнасці. Напрыклад, праз 2 месяцы пасля звароту, урад адмовіў Беларускаму Хельсінскаму камітэту ў дазволе атрымаць тысячу даляраў ад Міжнароднай Хельсінскай Федэрацыі.

Па-ранейшаму цягам усяго года праблемай з’яўляліся незаконныя пранікненні і сумнеўныя падатковыя праверкі. 17 чэрвеня падатковая інспекцыя Маскоўскага раёна горада Мінска беспаспяхова паспрабавала ўзяць падаткі заднім чыслом і аштрафаваць Беларускі Хельсінскі камітэт, нават пры тым, что камітэт выйграў некалькі судовых працэсаў супраць налічэння такіх падаткаў у 2004 годзе. Тое самае адбылося і 20 снежня, калі Вышэйшы гаспадарчы суд адмяніў сваё папярэдняе рашэнне і загадаў Беларускаму Хельсінскаму камітэту выплаціць 72 000 даляраў (155 мільёнаў рублёў) у кошт налічаных заднім чыслом падаткаў і штрафаў у сувязі з атрыманнем гранта ад Еўрасаюза. У траўні Беларуская асацыяцыя моладзевых і дзіцячых недзяржаўных арганізацый “Рада” атрымала загад выплаціць штраф і падаткі за атрыманыя раней гранты ад ЕС і ААН. 24 лютага чатыры чыноўнікі Міністэрства юстыцыі праніклі з мэтай вобшуку ў офіс Міжнароднага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў за межамі Мінска.

Улады ўсё больш неахвотна вялі дыялог па пытаннях правоў чалавека з міжнароднымі НДА, члены якіх часта мелі цяжкасці пры наведванні краіны і часам высылаліся за яе межы.

Урад адхіліў прынятую 14 красавіка рэзалюцыю Камітэта ААН па правах чалавека, якая заклікала правесці адкрытае расследаванне знікненняў знаных апазіцыйных актывістаў і часова вызваліць ад працы ці звольніць афіцыйных асоб, што падазраюцца ў дачыненні да знікненняў (гл. раздзел 1б). Рэзалюцыя таксама падкрэсліла неабходнасць прывесці выбарчую сістэму ў адпаведнасць з міжнароднымі нормамі, выпусціць грамадзян, зняволеных па палітычных матывах, забяспечыць свабоду сродкаў масавай інфармацыі, сходаў і асацыяцый і падпарадкавацца разнастайным механізмам КПЧААН. КПЧААН працягнуў мандат свайго спецыяльнага дакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў краіне, аднак улады зноў адмовіліся выдаць дакладчыку візу, каб той змог прыехаць у краіну для ацэнкі сітуацыі. 19 верасня намеснік міністра замежных спраў Віктар Гайсёнак заявіў, што ўрад не стане супрацоўнічаць з гэтым дакладчыкам.

Раздзел 5. Дыскрымінацыя, злоўжыванні ў грамадстве і гандаль людзьмі

У Канстытуцыі гаворыцца, што ўсе грамадзяне роўныя перад законам і маюць права на аднолькавую абарону сваіх правоў і законных інтарэсаў. Канстытуцыя і іншыя законы таксама катэгарычна забараняюць дыскрымінацыю, заснаваную на такіх фактарах, як расавая прыналежнасць, мова або, у некаторых выпадках, пол. Аднак на практыцы ўлады не заўсёды абараняюць гэтае права. Прабемай заставаліся гвалт супраць жанчын і дзяцей, гандаль людзьмі і дыскрымінацыя асоб з фізічнымі недахопамі, цыган і гомасексуалістаў.

 

Жанчыны

Сур’ёзнай праблемай застаецца жорсткае абыходжанне ў сям’і, у тым ліку здзек з жанчын. У студзені 2004 года беларуская дэлегацыя ў Камісіі па ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын канстатавала, што 30% жанчын, паводле наяўных звестак, церпяць ад  гвалту ў сям’і. Жорсткія адносіны сужэнцаў караюцца законам, і жаночыя арганізацыі ўказваюць на тое, што міліцыя, як правіла, сочыць за выкананнем закона супраць насілля ў сям’і, а суды звычайна выносяць адпаведныя заканадаўству прысуды. У 2004 годзе было ўзбуджана каля 350 крымінальных спраў па актах насілля ў сем’ях. Тым не менш, многія жанчыны ўсё яшчэ не хочуць паведамляць пра выпадкі гвалтоўнага абыходжання праз страх помсты ці баючыся выклікаць асуджэнне грамадства. Жаночыя праваабарончыя арганізацыі паведамлялі, што не змаглі вынесці на разгляд парламента заканадаўчыя акты аб насіллі ў сям’і. Пад эгідай НДА дзейнічалі крызісныя цэнтры, што размяшчаліся пераважна ў Мінску.

Згвалтаванні таксама заставаліся праблемай. Існуе закон, які карае за згвалтаванні, аднак бальшыня жанчын не паведамляе пра згвалтаванне праз сорам ці страх перад міліцыяй, якая можа абвінаваціць у тым, што здарылася, саму ахвяру. Не існуе дакладнага закона аб згвалтаванні ў сям’і, а прыкладаў пакарання за такое злачынства не адзначалася. Згодна інфармацыі Міністэрства працы і сацыяльнай аховы, апублікаванай у 2004 годзе, больш за 20% жанчын заявілі, што прынамсі адзін раз сталі ахвярамі сексуальнага насілля. За 10 месяцаў справаздачнага года, паводле дадзеных Міністэрства ўнутраных спраў, адбылося 392 згвалтаванні, што на 17% больш у параўнанні з папярэднім годам. У грамадстве згвалтаванне сужэнца не ўспрымалася як злачынства.

Закон забараняе прастытуцыю, аднак у якасці пакарання звычайна выступаюць толькі папярэджанне і невялікі штраф. Хоць улады і мясцовыя назіральнікі па правах чалавека адзначалі, што прастытуцыя не ўяўляла сабой сур’ёзнай праблемы, некаторыя неафіцыйныя дадзеныя сведчылі, што прастытуцыя расла, асабліва ў правінцыі, за межамі вялікіх гарадоў. Прастытуткі працавалі ў дзяржаўных гатэлях.

Сур’ёзнай праблемай заставаўся гандаль жанчынамі (гл. раздзел 5, Гандаль людзьмі)

Сексуальныя дамаганні, па наяўных звестках, былі шырока распаўсюджанымі, але для барацьбы з гэтай з’явай не існуе спецыяльных законаў, акрамя тых, што караюць за фізічны напад.

Закон гарантуе роўныя правы жанчын у адносінах да валодання маёмасцю і атрымання спадчыны, у сферы сямейнага заканадаўства і ў сістэме правасуддзя, і на практыцы гэтыя правы ў асноўным паважаліся. Закон таксама патрабуе роўнага заробку за роўную працу, аднак на справе гэтыя патрабаванні не заўсёды выконваліся. У жанчын было значна менш магчымасцяў для прасоўвання па службе на кіруючыя альбо ўрадавыя пасады, а сярод беспрацоўных пераважалі якраз жанчыны. На канец справаздачнага года толькі чатыры жанчыны займалі высокія пасады ў краіне і яшчэ чатыры – у вышэйшым кіраўніцтве буйных кампаній. Жанчыны паведамлялі, што пры ўладкаванні на працу кіраўнікі часта пыталіся, ці ёсць у іх дзеці. Міністэрства працы і сацыяльнай аховы адказвае за пытанні роўнасці мужчын і жанчын, але не можа выдаваць абавязковыя для выканання інструкцыі якім-кольвечы ўрадавым органам.

Дзеці

Улады былі заклапочаны праблемамі сацыяльнага забеспячэння і аховы здароўя дзяцей, хоць якасць адукацыі да медыцынскіх паслуг у сельскай мясцовасці была ніжэйшай, чым у вялікіх гарадах.

Дзеці пачынаюць хадзіць у школу ў шасцігадовым узросце і абавязаны атрымаць дзевяцігадовую адукацыю. Улады забяспечвалі бясплатнае 11-гадовае навучанне, і бальшыня дзяцей атрымала абавязковую сярэднюю адукацыю. У многіх выпадках навучанне ў дзяржаўных ВНУ было бясплатным.

Дзеці мелі права на бясплатнае медыцынскае абслугоўванне. Нягледзячы на тое, што тысячам дзяцей, якія жывуць у забруджанай чарнобыльскай зоне, было дазволена выязджаць за мяжу для рэабілітацыі, урад увёў новыя палажэнні, згодна з якімі дзеці не маглі ездзіць падчас заняткаў у школе (гл. раздзел 2г). Адрозненняў у прадстаўленні медыцынскіх паслуг дзяўчынкам і хлопчыкам не адзначалася.

Факты грубага абыходжання з дзецьмі не носяць масавы характар у краіне. Згодна з дадзенымі Міністэрства працы, 86% з 32 тысяч сірат былі пакінуты сваімі бацькамі. Гэтыя лічбы ўключаюць таксама дзяцей, чые бацькі-алкаголікі былі пазбаўлены бацькоўскіх правоў.

Шлюбы паміж падлеткамі ў цэлым не ўяўлялі вялікай праблемы. Аднак сярод цыган дзяўчынкі 14-ці гадоў і хлопцы 16-ці гадоў уступалі ў шлюбы са згоды бацькоў.

Праблемай з’яўляўся гандаль дзецьмі (гл. раздзел 5, Гандаль людзьмі).

Закон дазваляе вайсковым часткам браць на выхаванне і навучаць сірат ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў. Хоць сірат і нельга залічаць на вайсковую службу, яны павінны падпарадкоўвацца вайсковым правілам, насіць форму і выконваць загады. Па дасягненні прызыўнога ўзросту ў 18 гадоў яны абавязаныя прыступіць да вайсковай службы ў гэтай частцы.

Гандаль людзьмі

Закон забараняе гандаль людзьмі, аднак паступалі звесткі, што людзей прадавалі як за межы краіны, так і ў самой краіне. Урад працягваў прадпрымаць захады па барацьбе з гандлем людзьмі, у тым ліку прымаючы ўказы з мэтай абараніць правы ахвяр і павысіць меру адказнасці гандляроў людзьмі, аднак захаванне карупцыі ў праваахоўчых органах і сярод памежнікаў стрымлівала намаганні ўладаў у барацьбе супраць такіх злачынстваў.

Крымінальны кодэкс карае за злачынствы, звязаныя з гандлем людзьмі з мэтай сексуальнай і іншага роду эксплуатацыі. Пакаранне за гандаль людзьмі складае ад пяці да сямі гадоў турэмнага зняволення, а некаторыя формы гандлю людзьмі караюцца тэрмінам да 15 гадоў пазбаўлення волі. 9 сакавіка быў падпісаны прэзідэнцкі ўказ, які павялічваў меру пакарання за гандаль людзьмі. Хоць магчымыя меры пакарання застаюцца ранейшымі, папраўкі, унесеныя ў Крымінальны кодэкс пасля прыняцця гэтага ўказа, вядуць да таго, што асобы, асуджаныя за гандаль людзьмі, атрымліваюць больш доўгі тэрмін зняволення, чым да прыняцця ўказа. Гэты ўказ таксама ўносіць змены ў закон, які вызваляе ад крымінальнай адказнасці ахвяр гандлю людзьмі за проціпраўныя дзеянні, здзейсненыя падчас таго, як яны былі ахвярамі, а таксама дазваляе ўладам канфіскоўваць маёмасць асуджаных за гандаль людзьмі.

Захады, прадпрынятыя ўладамі ў барацьбе з гандлем людзьмі, сталі больш эфектыўнымі. У першай палове года ўлады асудзілі за гандаль людзьмі 84 чалавекі, у параўнанні з 67 асуджанымі за такі ж перыяд папярэдняга года. 3 сакавіка Мінскі раённы суд прыгаварыў галоўнага арганізатара сеткі гандлю людзьмі з мэтай сексуальнай эксплуатацыі да 15 гадоў пазбаўлення волі за продаж 168 чалавек у замежныя краіны.

Дэпартаментам па барацьбе з гандлем людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў каардынуе дзяржаўныя меры ў барацьбе з гандлем людзьмі. Многія назіральнікі адзначалі, што ўраду неабходна праясніць ролю і паўнамоцтвы дэпартамента з тым, каб ён мог працаваць больш эфектыўна.

Вырасла ўвага да праблемы гандлю людзьмі на мяжы, аднак цэлыя яе ўчасткі застаюцца пад слабым кантролем. У межах Праграмы ЕС праводзіліся трэнінгі для памежнікаў і пастаўлялася для іх абсталяванне, аднак вялікай праблемай заставалася адкрытая мяжа з Расіяй. Міністэрства працы працягвала адсочваць і ліцэнзаваць дзейнасць кадравых агенцтваў, што прапануюць кантрактную працу ў замежных краінах. Згодна сакавіцкаму ўказу прэзідэнта, усе агенцтвы, што прапануюць турыстычныя паездкі, працу, навучанне і шлюб за мяжой, мусяць прайсці дзяржаўную рэгістрацыю і прадстаўляць поўную інфармацыю ўладам пра заключэнне працоўных кантрактаў за межамі краіны (гл. раздзел 2г). З 716 турыстычных агенцтваў 198 не здолелі прайсці перарэгістрацыю. Бальшыня агенцтваў, што прапаноўвалі працу за мяжой, роўна як і большая частка мадэльных ды шлюбных агенцтваў не была перарэгістраваная.

У пытаннях барацьбы з гандлем людзьмі ўлады супрацоўнічалі з дзяржаўнымі службамі Нямеччыны, Брытаніі, Ізраіля, Галандыі, Францыі, Іспаніі, Літвы, Аўстрыі, Польшчы, Італіі, Турцыі і шэрагу іншых краін. Па ацэнках НДА, 10 000 грамадзян штогод становяцца ахвярамі гандлю, пераважна з мэтай сексуальнай эксплуатацыі ў іншых краінах. Беларусь з’яўляецца як краінай паходжання, так і краінай транзіту жанчын і дзяўчын, што вывозіліся ў рабства ў краіны Еўрасаюза (у прыватнасці, у Нямеччыну, Польшчу, Чэхію, Літву і на Кіпр), на Блізкі Усход (у прыватнасці, у Ізраіль), у Турцыю, Расію, Украіну і Японію. Адкрытая дзяржаўная мяжа з Расіяй заставалася асаблівай праблемай, паколькі спрыяла больш свабоднаму вывазу жанчын. Жанчыны ва ўзросце да 30 гадоў і дзяўчыны складалі асобую групу рызыкі па прычыне недасведчанасці і адсутнасці эканамічных перспектыў, хоць колькасць ахвяр сярод жанчын пасля 30 гадоў у 2005 годзе працягвала расці.

Гандляры рабамі выкарыстоўвалі сілу, падман і прымус, каб завалодаць сваімі ахвярамі пераважна з эканамічна слабаразвітых раёнаў з мэтай сексуальнай, фізічнай і інтэлектуальнай эксплуатацыі. Гандляры жывым таварам вербавалі ахвяр, прапануючы ім працаўладкаванне за мяжой, а таксама рабілі гэта праз шлюбныя і турыстычныя агенцтвы. Больш чым палове жанчын, якія сталі ахвярамі гандлю, была прапанавана праца танцоўшчыц або іншая праца ў сферы забавы без узгадвання прастытуцыі або сексуальнай эксплуатацыі. Гандляры часта трымалі ў сябе дакументы ахвяр і прымянялі фізічны і эмацыянальны ціск з мэтай кантролю над жанчынамі.

Кадравыя і асабліва турыстычныя і мадэльныя агенцтвы, а таксама прыватныя асобы, якія маюць сувязі за мяжой, у першую чаргу нясуць адказнасць за гандаль людзьмі. Некаторыя гандляры жывым таварам, паводле наяўнай інфармацыі, маюць сувязі з арганізаванай злачыннасцю і наркагандлем.

Карумпаваныя чыноўнікі садзейнічалі гандлю людзьмі, атрымліваючы хабар і закрываючы вочы на праблему. 3 сакавіка былы чыноўнік Міністэрства культуры А.Сямёнаў быў асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі за тое, што, выкарыстаўшы сваё службовае становішча, пераправіў у Італію 20 жанчын.

Жанчыны рэдка паведамлялі ў міліцыю пра выпадкі іх продажу ў рабства, баючыся кляйма ганьбы, якое грамадства можа паставіць на іх як на ахвярах гандлю людзьмі, а таксама праз нежаданне мець справы з уладамі, слабую абарону ахвяр і сведкаў і недахоп мер для рэабілітацыі ахвяр. Некаторыя жанчыны былі дэпартаваныя назад у краіну і не атрымалі спецыяльны статус або дапамогу як ахвяры гандлю людзьмі. Міжнародная арганізацыя па міграцыі (МАМ) на 1 снежня аказала дапамогу 455 ахвярам, у параўнанні з 251 ахвярай у 2004 годзе. МАМ звязвала гэты рост з больш шырокай інфармаванасцю насельніцтва аб праблеме гандлю людзьмі і больш якаснай дапамогай праваахоўчых органаў ахвярам гандлю.

8 жніўня ўрад прыняў дэкрэт, які вызначае статус ахвяр гандлю людзьмі і акрэслівае меры па іх абароне, медыцынскай дапамозе і сацыяльнай рэабілітацыі. Згодна з дэкрэтам, гандляры жывым таварам з’яўляюцца адказнымі за грошы, выдаткаваныя дзяржавай на дапамогу ахвярам, і агенцтвы, якія дапамагаюць ахвярам, маюць права атрымаць кампенсацыю праз суд.

20 студзеня беларускі дзяржаўны тэлевізійны канал у прайм-тайм паказаў фільм аб барацьбе з гандлем людзьмі. На працягу справаздачнага года таксама вырасла колькасць рэкламных плакатаў ды тэле- і радыёперадач, прысвечаных барацьбе з гандлем жывым таварам.

МАМ, Праграма развіцця ААН (ПРААН) і La Strada/Хрысціянская моладзевая жаночая асацыяцыя (ХМЖА) правялі кампаніі па інфармаванню насельніцтва краіны, арганізавалі трэнінгі для НДА ў абласных цэнтрах. La Strada/ХМЖА і МАМ працягвалі адкрываць гарачыя лініі і адказваць на званкі. 23 жніўня МАМ і іншыя афіцыйныя замежныя фонды распачалі двухгадовую праграму па барацьбе з гандлем людзьмі шляхам эканамічнай падтрымкі жанчын. За справаздачны год урад не стварыў ніводнай праграмы для інфармавання насельніцтва аб праблеме гандлю людзьмі, аднак у дзяржаўных сродках масавай інфармацыі колькасць рэпартажаў пра гэтую з’яву павялічылася.

Людзі з абмежаванымі магчымасцямі

Закон не ўтрымлівае спецыяльнай забароны на дыскрымінацыю асоб з абмежаванымі магчымасцямі. Існавала праблема дыскрымінацыі такіх людзей у сферы працаўладкавання, адукацыі, медыцынскага абслугоўвання і іншых дзяржаўных паслуг, хоць на працягу года ў гэтым накірунку ўрад зрабіў пэўныя крокі.

Закон патрабуе, каб транспарт, жылыя памяшканні ды ўстановы былі даступныя для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, на самой жа справе інваліды часта не маглі скарыстацца транспартам і патрапіць у дзяржаўныя ўстановы. Па дадзеных Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў (РАІК), прынятая ўрадам у 2001 годзе пяцігадовая праграма пераабсталявання ўсіх грамадскіх будынкаў для забеспячэння доступу інвалідаў не мела вялікага плёну. Так, напрыклад, пры ўваходзе ў некаторыя будынкі былі ўсталяваны пандусы, аднак унутры будынкаў перамяшчацца ў калясцы па-ранейшаму было немагчыма. Па ацэнках РАІК, 75% людзей з абмежаванымі магчымасцямі не маглі выйсці з дому без старонняй дапамогі. Многія тратуары і крамы не былі абсталяваны пандусамі, а ў будынках меліся толькі лесвіцы ды маленькія ліфты.

Рэспубліканскія ўлады прадстаўлялі інвалідам мінімальныя і звычайна неэфектыўныя льготы. Напрыклад, інваліды атрымалі льготу па 50%-най аплаце жылля і камунальных паслуг, аднак скарыстацца ёй можна было толькі ў тым выпадку, калі яны пражывалі асобна. Мала хто змог атрымаць гэтую льготу, паколькі пабудоў, даступных для пражывання асоб з абмежаванымі магчымасцямі, мала і бальшыня інвалідаў жыла або з сябрамі, або з роднымі, што забяспечвала ім штодзённую мабільнасць. Грамадскі транспарт быў бясплатным, аднак інваліды-калясачнікі не маглі карыстацца ні метро, ні аўтобусамі праз немагчымасць патрапіць у іх.

Урад забараняў наймальнікам патрабаваць ад чалавека з абмежаванымі магчымасцямі працаваць больш як 7 гадзін у дзень. Аднак такое патрабаванне пазбавіла кіраўнікоў стымулу наймаць на працу інвалідаў. Урад падтрымліваў толькі дзяржаўныя рэабілітацыйныя цэнтры, якія часта былі горш абсталяваныя і менш за недзяржаўныя адпавядалі патрэбам інвалідаў.

Міністэрства працы і сацыяльнай аховы з’яўляецца асноўным урадавым органам, адказным за абарону правоў людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Нацыянальныя, расавыя і этнічныя меншасці

У адрозненне ад папярэдніх гадоў, за гэты справаздачны перыяд не паступала інфармацыі пра ультранацыяналістычныя моладзевыя групоўкі скінхедаў, такія як Рускае нацыянальнае адзінства ці Нацыянал-бальшавісцкая партыя, якія праследавалі іншаземцаў і грамадзян, што прапагандуюць беларускую культуру.

У крамах і на мерапрыемствах, арганізаваных БПЦ, прадавалася антысеміцкая літаратура (гл. раздзел 2в).

У сакавіку ўрад умяшаўся ў выбары новага лідэра Саюза палякаў Беларусі (гл. раздзел 2б).

І ўлады, і грамадства ў значнай ступені ўдзельнічалі ў дыскрымінацыі цыган, якіх на тэрыторыі Беларусі налічваецца прыкладана 65 тысяч. Міліцыя праследавала цыганак, якія гандлявалі або варажылі на рынках, а дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі і афіцыйныя асобы стваралі негатыўны вобраз цыган. У кастрычніку і лістападзе дзяржаўны тэлеканал ОНТ паказаў дакументальны фільм “Табор уходит в зону”, у якім усе цыганы прадстаўляюцца злачынцамі, якія з дзяцінства гандлююць наркотыкамі. 21 снежня КСРН у адказ на скаргі цыганскай супольнасці звярнуўся ў Генеральную пракуратуру з просьбай праверыць, ці не з’яўляецца гэты фільм абражальным у дачыненні да цыган.

Цыганская супольнасць характарызавалася высокім узроўнем беспрацоўя і нізкім узроўнем адукацыі. У лістападзе ўлады ацанілі ўзровень беспрацоўя сярод цыган у 93%. Дзеці цыган размаўлялі пераважна па-цыганску і па-беларуску і змагаліся за сваё месца ў школьнай сістэме, дзе асноўнай мовай навучання была русская. Па словах вучняў-цыган, настаўнікі і аднакласнікі часта лічылі іх гультаямі або разумова адсталымі, хоць іх акадэмічныя цяжкасці на самой справе з’яўляліся вынікам моўных бар’ераў. Цыганская прававая група цягам усяго справаздачнага года звярталася да ўрада з просьбай дазволіць адкрыццё ў Мінску грамадскай цыганскай школы, аргументуючы тым, што ўжо існавалі школы для яўрэяў, літоўцаў і палякаў. Да канца года адказ ад уладаў так і не быў атрыманы.

Часта цыганы не мелі магчымасці атрымаць вышэйшую адукацыю ў дзяржаўных ВНУ.

Згодна з законам, руская і беларуская мовы маюць аднолькавы статус, аднак на самой справе руская часта заставалася адзінай мовай, якой карыстаўся ўрад у сваёй дзейнасці і справаводстве. На працягу года некалькі палепшылася сітуацыя з аказаннем дзяржаўных паслуг на беларускай мове. Часам улады праводзілі афіцыйныя мерапрыемствы і публікавалі дзяржаўныя дакументы па-беларуску, хоць па-ранейшаму яны працягвалі абмяжоўваць магчымасць атрымання ў раннім узросце адукацыі на беларускай мове. Некаторыя школьныя прадметы, такія як нацыянальная гісторыя ды геаграфія, выкладаліся па-беларуску, але колькасць прадметаў з рускай мовай выкладання працягвала расці.

У верасні кіраўніцтва Беларускага дзяржаўнага універсітэта абавязала стараст груп паведамляць пра студэнтаў, якія ўсведамляюць сябе этнічнымі літоўцамі або палякамі, заявіўшы, што гэта інфармацыя неабходная для вызначэння працэнта замежных студэнтаў, што навучаюцца ва універсітэце.

Іншыя віды парушэнняў і дыскрымінацыі ў грамадстве

Дыскрымінацыя гомасексуалістаў з’яўлялася праблемай. Гамафобія была шырока распаўсюджанай і факты праследавання назіраліся ва ўсіх сферах грамадства.

Падкантрольныя дзяржаве сродкі масавай інфармацыі імкнуліся запляміць апазіцыю, асацыюючы яе з гомасексуалізмам. 2 кастрычніка СМІ паказалі рэпартаж пра інсцэніраваную дэманстрацыю малой групы прадстаўнікоў “сексуальных меншасцяў” падчас кангрэсу апазіцыі з каментарамі мінакоў пра тое, што “гомасексуалізм – гэта зло”, а каментатар праграмы звёў да таго, што гомасексуалізм крочыць нага ў нагу з заходнім шляхам развіцця.

Існавала праблема сацыяльнай дыскрымінацыі асоб, хворых на ВІЧ/СНІД. ВІЧ-інфіцыраваныя асобы не хацелі абнародаваць свой статус, баючыся  прадузятасці з боку насельніцтва. Нават дактары часта баяліся СНІДу і не мелі дастаткова ведаў пра гэтае захворванне. Паводле інфармацыі ПРААН, нязначны працэнт медперсаналу меў справу з пацыентамі, заражанымі ВІЧ/СНІД, а ВІЧ-інфіцыраваныя жанчыны маглі нараджаць толькі ў адным аддзяленні аднаго радзільнага дома. У турме ВІЧ-інфіцыраваныя зняволеныя адчувалі моцную дыскрымінацыю, іх утрымлівалі адасоблена з мэтай звесці да мінімуму рызыку траўм або смерці ад рукі іншых зняволеных.

Падбухторванне да дыскрымінацыйных дзеянняў

2 чэрвеня газета Міністэрства абароны “Во славу Родины” апублікавала артыкул і верш, якія асудзілі выбары кіраўніцтва Саюза палякаў Беларусі як недэмакратычныя і незаконныя, параўнаўшы іх з гітлераўскай пятай калонай і намякаючы на тое, што яны былі арганізаваныя з мэтай дапамагчы замежнай краіне ў яе спробе скінуць урад. Верш заклікае людзей сустрэць такія захады сілай, напрыклад, выкарыстаць супраць “гэтых” палякаў дубіны.

Раздзел 6. Правы працоўных

Права на стварэнне аб’яднанняў

Закон дазваляе працоўным, за выключэннем супрацоўнікаў службаў бяспекі і ваенных, ствараць незалежныя саюзы і ўступаць у іх на добраахвотнай аснове, тым не менш, дзяржава на практыцы не паважала гэтае права. У справаздачным годзе ўрад працягваў аказваць ціск на незалежныя саюзы і браць пад свой кантроль усю іх дзейнасць, для чаго выкарыстоўваліся наступныя меры: перавод усіх дзяржаўных служачых на кароткатэрміновыя кантракты, непрацягненне працоўных кантрактаў з некаторымі членамі прафсаюзаў, арышт членаў незалежных прафсаюзаў за распаўсюджанне літаратуры, канфіскацыя прафсаюзных матэрыялаў, адмова членам прафсаюзаў у допуску да рабочых месцаў, высокія штрафы, а таксама ціск на членаў саюзаў з мэтай прымусіць іх уступіць ў праўрадавыя прафсаюзы.

Падкантрольная ўраду Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) была найбуйнейшай прафсаюзнай арганізацыяй, якая заяўляла, што ў яе склад уваходзіць 4 мільёны чалавек. Гэта лічба, падобна, была завышанай, паколькі агульная колькасць усіх працоўных па краіне складала прыкладна 4 мільёны. Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) быў самым вялікім незалежным аб’яднаннем чатырох незалежных прафсаюзаў з агульнай колькасцю 12 тысяч членаў.

У адрозненне ад папярэдняга года, урад не зачыніў ніводзін незалежны саюз, аднак 9 жніўня Мінскі гаспадарчы суд пазбавіў памяшканняў Свабодны прафсаюз Беларусі (СПБ) за быццам бы няўплату арэнды кіраўніцтву жыллёвай гаспадаркі Партызанскага раёна горада Мінска. СПБ абверг гэтае абвінавачанне. Пасля высялення прафсаюз застаўся без юрыдычнага адраса і таму апынуўся пад пагрозай закрыцця.

29 жніўня Міністэрства юстыцыі загадала незалежнаму Прафсаюзу працоўных радыё- і электроннай прамысловасці (РЭП) і БКДП на працягу 48 гадзін прадставіць інфармацыю пра іх членаў і арганізацыйную структуру. Лідэры прафсаюза выступілі з крытыкай загаду, а старшыня РЭП Генадзь Фядыніч заявіў, што яго саюз правяраўся на працягу сямі месяцаў і таму міністэрства ўжо мела ўсю патрэбную інфармацыю. За некалькі месяцаў да таго ўлады таксама праінспектавалі БКДП.

4 кастрычніка гродзенскія мясцовыя ўлады па загадзе Міністэрства юстыцыі правялі інспекцыю Беларускага незалежнага прафсаюза (БНП) і гродзенскага завода “Азот” з мэтай праверыць дакументацыю, спісы членаў, пратаколы канферэнцый і сесій выканаўчага камітэта БНП, а таксама членскія ўнёскі. Лідэр прафсаюза заявіў, што не быў папярэджаны раней пра інспекцыю, і выразіў думку, што ўлады выконвалі інструкцыі, дадзеныя Лукашэнкам падчас прамовы на канферэнцыі ФПБ, “вынішчыць” усе незалежныя прафсаюзы. Урад жа заявіў, што папярэдне накіраваў інфармацыю пра інспекцыю і што ніякіх парушэнняў не было знойдзена.

У жніўні 2004 года Міністэрства юстыцыі закрыла Беларускую партыю працы, да гэтага часу партыя так і не была адноўлена.

Урад абмяжоўваў магчымасці працоўных ствараць незалежныя прафсаюзы. Згодна з прэзідэнцкім указам, для стварэння і рэгістрацыі мясцовага прафсаюза ў яго павінны ўступіць як мінімум 10% працоўных прадпрыемства, і трэба мець не менш як 500 членаў для рэгістрацыі нацыянальных прафсаюзаў. Лідэры незалежных прафсаюзаў адзначалі, што гэты ўказ робіць рэгістрацыю і дзейнасць саюзаў на многіх буйных дзяржаўных прадпрыемствах практычна немагчымай. Некаторым мясцовым саюзам пасля падпісання ўказа было адмоўлена ў рэгістрацыі.

4 лістапада Міністэрства юстыцыі перадала незалежнаму Свабоднаму прафсаюзу металістаў (СПМ) распараджэнне аб перарэгістрацыі ў якасці мясцовай арганізацыі пасля таго, як міністэрская  інспекцыя выявіла, што саюз налічвае толькі 217 членаў. Кіраўніцтва СПМ выступіла з пратэстам, заявіўшы, што ў ягоны склад уваходзіць 542 члены і што міністэрства не зарэгістравала чатыры з дзевяці мясцовых аддзяленняў прафсаюза. Міністэрства таксама высветліла, што ў склад Дэмакратычнага саюза работнікаў транспарту ўваходзіць занадта мала членаў і накіравала справу ў Генеральную пракуратуру для далейшага разгляду і прыняцця мер.

18 ліпеня прэзідэнт Лукашэнка падпісаў указ, паводле якога праўрадавая ФПБ атрымала выключнае права праводзіць праверку любога наймальніка, дзяржаўнага і прыватнага, на прадмет адпаведнасці працоўным патрабаванням незалежна ад таго, ці сапраўды ў іх працавалі члены ФПБ. БКДП палічыў гэты ўказ дыскрымінацыйным у адносінах для прафсаюзаў, не звязаных з ФПБ. 20 кастрычніка Міністэрства працы дала ФПБ права праводзіць праверкі любых кампаній і прадпрыемстваў на прадмет адпаведнасці патрабаванням аб заработнай плаце, незалежна ад таго, ці працавалі ў гэтых кампаніях члены ФПБ.

20 верасня, на з’ездзе ФПБ, Лукашэнка выступіў з крытыкай незалежных прафсаюзаў і прапанаваў ФПБ завербаваць астатніх членаў незалежных саюзаў у свае шэрагі. 26 кастрычніка прэзідэнцкім указам было дазволена ўсім прафсаюзам, якія ўваходзяць у ФПБ, бясплатна выкарыстоўваць офісныя памяшканні ў дзяржаўных будынках. Гэты ўказ не распаўсюджваўся на незалежныя прафсаюзы.

З 2004 года ўрад вымушаў супрацоўнікаў дзяржаўных устаноў і прадпрыемстваў, якія складалі бальшыню працоўнай сілы, працаваць па кароткатэрміновай кантрактнай сістэме найму. Паводле вартых даверу звестак, урад выкарыстоўваў гэтую сістэму для звальнення членаў незалежных прафсаюзаў ды актыўных апазіцыйных дзеячаў. Хоць кантрактная сістэма найму і дазваляе падпісваць кантракты тэрмінам да 5 гадоў, бальшыня наймальнікаў заключала кантракты на 6 месяцаў або на адзін год. 23 жніўня прэзідэнт Лукашэнка падпісаў указ, у якім быў вызначаны мінімальны тэрмін кантракту, роўны аднаму году. Любы кантракт на больш кароткі тэрмін павінен заключацца толькі з пісьмовай згоды працоўнага, а пра спыненне кантракту наймальнік мусіць папярэдзіць працоўнага за 2 тыдні. Незалежныя прафсаюзы віталі ўказ, аднак заяўлялі, што кантрактная сістэма ў аснове сваёй няправільная і не сумяшчальная з міжнароднымі стандартамі. Прафсаюзныя крыніцы паведамлялі, што дзяржаўныя прадпрыемствы пачалі прапаноўваць прэміі работнікам, якія падпішуць кантракты. Такім чынам, кантрактнікі атрымалі заробак на 35% вышэйшы.

Улады часта ўмешваліся ў арганізацыю і дзейнасць незалежных прафсаюзаў. Цягам года ўрад уваскрасіў сваю ідэалагічную праграму на дзяржаўных прадпрыемствах, прызначыўшы новых кіраўнікоў па ідэалагічнай працы для прасоўвання дзяржаўнай палітыкі і кантролю над настроямі працоўных. Раней такія пасады займалі часовыя і адносна незалежныя супрацоўнікі. Адзін з лідэраў незалежнага прафсаюза заявіў, што кіраўнік па ідэалагічнай працы на ягоным заводзе бачыў сваю працу ў тым, каб пазбавіць прадпрыемства ўсіх недзяржаўных прафесійных саюзаў.

15 жніўня кіраўніцтва Мінскага аўтамабільнага завода (МАЗ) перавяло Уладзіміра Волкава, старшыню РЭП МАЗ, на ніжэйшую пасаду з меншым заробкам, патлумачыўшы гэта тым, што па стане здароўя ён не можа выконваць свае абавязкі. Крыніцы зазначылі, што стан здароўя Волкава не ўплываў на ягоную працу, аднак даў адміністрацыі МАЗа падставу ануляваць кантракт і перавесці яго ў іншы аддзел завода. Новая пасада пазбавіла Волкава магчымасці кантактаваць з іншымі членамі прафсаюза на заводзе.

28 верасня суд горада Гродна аштрафаваў Яна Романа, журналіста незалежнай прафсаюзнай газеты “Солидарность” і члена РЭП, на 600 даляраў (1300000 рублёў) за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Рашэнне было прынята на аснове заявы старшыні службы аховы Гродзенскага завода аўтамабільных агрэгатаў, які сцвярджаў, што Роман распаўсюджваў улёткі, што ўтрымлівалі брудную лаянку і скажоную інфармацыю, якая парушала атмасферу ў завадскім калектыве. Прымаючы сваё рашэнне, суд праігнараваў дакументы, якія сведчылі пра тое, што РЭП быў зарэгістраваны Міністэрствам юстыцыі, і кіраваўся тым, што прафсаюз незарэгістраваны, бо ён не меў мясцовага аддзялення і рэгістрацыі ў Гродна. 7 кастрычніка Роман зноў быў арыштаваны за распаўсюджванне экземпляраў незалежнай газеты, аднак праз гадзіну быў адпушчаны. 21 верасня, за тыдзень да асуджэння Романа, невядомыя асобы праніклі і абшукалі арэндаваны ў Гродна офіс РЭП, зламаўшы камп’ютэры, перакуліўшы мэблю і знішчыўшы дакументы і электронныя файлы. Лідэры РЭП усклалі адказнасць за пранікненне на дзяржаўныя службы. 13 верасня невядомыя асобы праніклі ў мінскі офіс лідэра РЭП Генадзя Федыніча і знішчылі дакументы ды электронныя файлы.

Улады праследавалі лідэраў незалежных прафсаюзаў. 13 кастрычніка лідэр БКДП Аляксандар Ярашук быў выкліканы ў Генеральную пракуратуру, дзе ў яго дапытваліся, адкуль ён ведае, што прэзідэнт Лукашэнка загадаў ФПБ ліквідаваць незалежныя прафсаюзы. У верасні супрацоўнікі Генеральнай пракуратуры правялі допыт лідэра РЭП Генадзя Фядыніча. Яны распытвалі пра матэрыялы, змешчаныя ў бюлетэні РЭП, пра месца, дзе друкаваўся  бюлетэнь і пра дамовы на яго распаўсюджанне.

Улады працягвалі запалохваць і звальняць працоўных дзяржпрадпрыемстваў, якія ўступілі ў незалежныя парфсаюзы. Працоўныя часта не хацелі ўступаць у недзяржаўныя саюзы, бо баяліся страціць працу і не мець сродкаў для ўтрымання сям’і. Напрыклад, у Оршы, па наяўных звестках, цягам года колькасць членаў незалежнага прафсаюза знізілася з 250 да 190 чалавек праз страх згубіць працу. Лідэры прафсаюзаў і палітычныя актывісты, як правіла, не маглі працягнуць кантракт, а таксама знайсці новае месца працы па спецыяльнасці. Алег Долбік, кіраўнік распушчанага Беларускага прафсаюза авіядыспетчараў, быў звольнены ў 2004 годзе з пасады авіядыспетчара і дасюль мае праблемы з пошукам працы па спецыяльнасці.

29 ліпеня актывістка апазіцыі Марыя Багдановіч, звольненая 25 траўня з Гомельскага абласнога гістарычнага музея, выйграла судовы працэс супраць адміністрацыі музея. Цэнтральны суд горада Гомеля прысудзіў музею выплаціць кампенсацыю Багдановіч за вымушаную адсутнасць на працы ў перыяд з 25 траўня па 29 ліпеня і змяніць прычыну яе звальнення з “неаднаразовага невыканання сваіх абавязкаў па працоўнай дамове без важкіх прычын” на “звальненне па ўзаемнай згодзе”. Багдановіч абвінаваціла адміністрацыю музея ў праследаванні яе за палітычную дзейнасць. Наймальнікі не абавязаны былі ўзнаўляць працоўных, звольненых за палітычную ці прафсаюзную дзейнасць.

Урад ствараў перашкоды ўдзелу прафсаюзаў у рэгіянальных і міжнародных арганізацыях працоўных. 2 лютага лідэр БКДП Аляксандр Ярашук паведаміў, што ўрад, спасылаючыся на “недастатковую колькасць членаў” БКДП, не ўключыў найбуйнейшы незалежны саюз у афіцыйную дэлегацыю прафсаюзаў краіны на рэгіянальную канферэнцыю Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) у Будапешце, замест таго прафсаюзы краіны прадстаўляў Эдуард Матуліс, намеснік старшыні падкантрольнай дзяржаве ФПБ.

У кастрычніку 2004 года Камісія МАП па расследаваннях прызнала, што дзяржава ўмешвалася ў дзейнасць прафсаюза, і вынесла 12 рэкамендацый ураду, накіраваных на павышэнне павагі да свабоды аб’яднанняў. У чэрвені ў заяве Камітэта МАП па выкананні стандартаў была зроблена выснова, што ўрад не прадпрыняў канкрэтных захадаў для выканання  гэтых рэкамендацый. Улады адмовілі спецыяльнай Камісіі МАП па расследаваннях у дазволе наведаць краіну ў верасні па прычыне “канфлікту рабочых графікаў”. У лістападзе Камісія МАП па свабодзе аб’яднанняў прадставіла справаздачу, у якой зазначалася, што ўрад не выканаў ніводнай з гэтых 12 рэкамендацый.

У 2003 годзе Міністэрства эканомікі праінфармавала МАП, што любая дзейнасць, звязаная з праектам аказання тэхнічнай падтрымкі прафсаюзам, павінна быць спынена па прычыне адмовы ў рэгістрацыі дадзенага праекта. Міністэрства спасылалася на выключэнне з праекта падкантрольнай дзяржаве ФПБ як на галоўную прычыну адмовы ў рэгістрацыі, нават пры тым, што мясцовыя прафсаюзы, якія ўваходзілі ў ФПБ, на працягу года прымалі ўдзел у рэалізацыі праекта.

б. права на арганізацыю прафсаюзаў і на ўдзел у заключэнні калектыўных працоўных дамоў

Закон прадугледжвае права працоўных на арганізацыю прафсаюзаў і ўдзел у заключэнні працоўных дамоў, аднак улады і дзяржаўныя прадпрыемствы абмяжоўвалі права працоўных заключаць калектыўныя дамовы і, у некаторых выпадках, адвольна прыпынялі дзеянне калектыўных пагадненняў.

У кастрычніку 2004 года Камісія МАП па расследаваннях прыйшла да высновы, што некаторым прафсаюзам было адмоўлена ў праве заключаць калектыўныя дамовы ў сувязі з пазбаўленнем або адсутнасцю рэгістрацыі прафсаюзаў. Прафсаюзы паведамлялі, што на некаторых прадпрыемствах і ў дзяржаўных установах супрацоўнікаў прымушалі пераходзіць на індывідуальныя дамовы замест калектыўных пагадненняў, а таксама мяняўся тэрмін дзеяння кантрактаў з пажыццёвага на кароткатэрміновы.

У той час як ФПБ мела выключнае права праверкі любога працоўнага месца, незалежныя прафсаюзы надзвычай рэдка маглі займацца такім родам дзейнасці. Напрыклад, старшыні СПБ Генадзю Быкаву было адмоўлена ў дазволе прайсці на Мінскі завод аўтаматычных ліній, нягледзячы на наяўнасць у яго як у кіраўніка прафсаюза пропуска. Згодна інфармацыі СПБ, загадчык аддзела кадраў завода адмовіўся прапусціць Быкава, пакуль той не прадставіў інфармацыю пра свой даклад і пра прафсаюзную канферэнцыю, на якой ён быў абраны старшынём СПБ. Пасля таго як патрэбная інфармацыя была прадстаўлена, Быкаву выдалі пропуск, сапраўдны да канца года. Быкаў звязвае інцыдэнт са страхам адміністрацыі перад дзейнасцю СПБ і ростам колькасці яго членаў на заводзе.

Канстытуцыя гарантуе права на правядзенне забастовак, аднак жорсткі кантроль уладаў над мітынгамі і дэманстрацыямі ствараў складанасці для прафсаюзаў у правядзенні масавых страйкаў і шэсцяў. На працягу справаздачнага года дробныя прадпрымальнікі і працоўныя арганізавалі шэраг невялікіх забастовак у розных абласцях краіны. Тым не менш, улады давалі дазвол толькі на правядзенне невялікіх дэманстрацый на адлегласці ад гарадскіх цэнтраў. У многіх выпадках кіраўніцтва і мясцовыя ўлады зрывалі планы працоўных арганізаваць забастоўку, абвясціўшы такія дзеянні незаконнымі. У красавіку суддзя Брэсцкага абласнога суда Руслана Сянко прызнала Валянціна Лазарэнкава, кіраўніка брэсцкага абласнога аддзялення Свабоднага прафсаюза, вінаватым у арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу на рынку падчас дэманстрацыі гандляроў 15 сакавіка. Лазарэнкаў заявіў, што ён не з’яўляўся арганізатарам мітынгу, а быў запрошаны на яго ў якасці прамоўцы. Суддзя Сянко аштрафавала Лазарэнкава на 237 даляраў (510000 рублёў). 25 красавіка Мінгарвыканкам адмовіў РЭП у дазволе на правядзенне шэсця 1 траўня ў цэнтры Мінска на той падставе, што РЭП не даслаў заяўку на правядзенне за 15 дзён, як патрабуе закон. Аднак па словах лідэра РЭП Аляксандра Фядыніча, заяўка на правядзенне мерапрыемства была пададзена 15 красавіка.

У шасці спецыяльных эканамічных зонах не існуе адмысловых законаў ці льгот, не прадугледжаных працоўным заканадаўствам,.

в. забарона на прымусовую і абавязковую працу

Закон забараняе прымусовую і абавязковую працу, у тым ліку, дзіцячую працу, аднак жанчыны і дзяўчыны вывозіліся за межы краіны з мэтай сексуальнай эксплуатацыі (гл. раздзел 5).

Улады арганізавалі некалькі суботнікаў, на якіх працоўныя “добраахвотна” рабілі ў суботу, і ўсе сродкі, атрыманыя ў гэты дзень, перадалі на фінансаванне дзяржаўных сацыяльных праграм. Удзел у суботніках тэарэтычна быў добраахвотным, аднак фактычна абавязковым. Працоўныя, што адмовіліся ўдзельнічаць, штрафаваліся і запалохваліся наймальнікамі і дзяржаўнымі ўладамі.

1 сакавіка ўрад нібыта распарадзіўся, каб 150 выпускнікоў медінстытута адпрацавалі на працягу трох год у маленькіх мястэчках і вёсках, вызначаных дзяржавай. Калі звычайна дзяржава прадпісвала выпускнікам, што атрымлівалі дзяржаўныя стыпендыі, працаваць у такіх рэгіёнах па заканчэнні ВНУ, дык гэта быў першы раз, калі ўлады прымушалі студэнтаў, што не атрымлівалі дзяржаўную дапамогу, прайсці абавязковае размеркаванне.

Са згоды ўрача адміністратыўны суд можа прыгаварыць алкаголікаў і наркаманаў да 2-ух гадоў прымусовай працы ў дзяржаўных папраўча-працоўных калоніях, па адной з якіх знаходзіцца ў кожнай вобласці краіны. Зняволеныя атрымліваюць там мінімальны заробак, якога практычна хапае толькі на пакрыццё выдаткаў на пражыванне ды харчаванне.

г. забарона на выкарыстанне дзіцячай працы і мінімальны ўзрост для працаўладкавання

Законы і палітыка дзяржавы накіраваныя на абарону дзяцей ад эксплуатацыі на працоўным месцы, што ўключае забарону на прымусовую і абавязковую працу і меры, накіраваныя на забеспячэнне дапушчальных умоў працы. Урад прымяняў гэтыя законы на практыцы.

Згодна з Канстытуцыяй, мінімальны ўзрост для працаўладкавання складае 16 гадоў. Пры наяўнасці пісьмовай згоды аднаго з бацькоў ці законнага апекуна працоўнае пагадненне можа быць заключана з 14-гадовым падлеткам. Паводле наяўных звестак, Генеральная пракуратура эфектыўна сочыць за выкананнем гэтага закона. Непаўналетнім асобам было дазволена займацца няшкоднай працай, аднак забаронена працаваць звышурочна, у выхадныя дні і дзяржаўныя святы. Праца не павінна была шкодзіць здароўю падлетка і атрыманню адукацыі. У цэлым дзіцячая праца не ўяўляла сабой праблемы.

д. прымальныя ўмовы працы

Мінімальная заработная плата складала 55 даляраў у месяц (118000 рублёў), што не магло забяспечыць нармальны ўзровень жыцця работніка і яго сям’і. Паводле афіцыйных звестак, на канец года сярэдні заробак складаў прыкладна 250 даляраў (537 000 рублёў) у месяц, хоць многія працоўныя атрымлівалі дадатковыя грошы ў канвертах.

Канстытуцыя абмяжоўвае працоўны тыдзень 40 гадзінамі і прадугледжвае як мінімум суткі адпачынку ў тыдзень. Цяжкае эканамічнае становішча краіны прывяло да таго, што многія працавалі значна менш чым 40 гадзін на тыдзень, а заводы часта адпраўлялі працоўных у неаплочваемы адпачынак у сувязі з адсутнасцю сыравіны, электрычнасці ці нізкага попыту на прадукцыю прадпрыемства. Закон прадугледжвае абязковую аплату за звышурочныя гадзіны і аплочаны адпачынак і абмяжоўвае звышурочную працу чатырма гадзінамі кожныя 2 дні, максімум 120 гадзін на працягу года. Падобна, што ўрад на практыцы эфектыўна кантралюе выкананне гэтых норм.

Закон вызначае мінімальныя патрабаванні да тэхнікі бяспекі працоўнага месца і аховы здароўя работнікаў, аднак часта наймальнікі ігнаравалі гэтыя нормы. Працоўныя на многіх прадпрыемствах цяжкага машынабудавання не насілі нават мінімальных сродкаў бяспекі. Існуе дзяржаўная інспекцыя па тэхніцы бяспекі, аднак яна не мела магчымасці забяспечыць выкананне сваіх патрабаванняў, а самі парушэнні тэхнікі бяспекі часта заставаліся без увагі. У перыяд са студзеня па чэрвень у выніку няшчасных выпадкаў на вытворчасці загінуў 101 працоўны і яшчэ 337 былі сур’ёзна пакалечаны. 46% з тых, хто загінуў у выніку няшчаснага выпадку, знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Закон не прадугледжвае права працоўных адмовіцца ад выканання небяспечных работ, не рызыкуючы пры гэтым страціць працу.

У пачатак старонкі ^

Інструменты старонкі:

Printer_icon.gif Надрукаваць артыкул



 

    Гэты сайт створаны і абнаўляецца Дзяржаўным дэпартаментам ЗША.
    Спасылкі на іншыя інтэрнэтаўскія старонкі не павінны разглядацца як ухваленне поглядаў, што на іх выказваюцца.


Амбасада Злучаных Штатаў Амерыкі