Справаздачы
Беларусь: справаздача аб правах чалавека за 2003 год
Дзяржаўны дэпартамент ЗША
Бюро па дэмакратыі, правах чалавека і працы
25 лютага 2004 г.
Згодна Канстытуцыі і ўнесеным у яе папраўкам, краіна з’яўляецца рэспублікай, дзе прэзідэнт абіраецца шляхам прамых выбараў. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка узмацніў наступ на дэмакратычныя інстытуты. Упершыню абраны на пост прэзідэнта ў 1994 годзе, ў 1996 годзе Лукашэнка правёў папраўкі да Канстытуцыі праз рэферэндум, які выклікаў сур’ёзную крытыку, і ў 2001 годзе быў абраны на другі тэрмін на выбарах, якія, па азначэнні Арганізацыі Бяспекі і Супрацоўніцтва ў Еўропе (АБСЕ), не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі. У сакавіку і лістападзе былі праведзеныя мясцовыя выбары, якія атрымалі такую ж ацэнку. Судовая сістэма не з’яўляецца незалежнай.
Камітэт Дзяржаўнай Бяспекі (КДБ) і Міністэрства Унутраных Спраў (МУС), якія падпарадкоўваюцца непасрэдна Прэзідэнту, падзяляюць адказнасць за забеспячэнне правапарадку і ўнутраную бяспеку. Служба бяспекі прэзідэнта, першапачаткова створаная для аховы вышэйшых чыноўнікаў, працягвала дзейнічаць супраць палітычных непрыяцеляў урада Лукашэнкі, знаходзячыся па-за прававым ці заканадаўчым кантролем. За выключэннем Прэзідэнта, цывільныя ўлады не валодалі дастатковым кантролем над дзейнасцю праваахоўных органаў. Сілавыя ведамствы дапускалі шматлікія сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека.
Эканоміка была цэнтралізавана-планавай, прамысловасць складала прыкладна палову эканамічнай вытворчасці. Насельніцтва краіны складала каля 10 мільёнаў, але гэтая колькасць змяншалася. Большасць працаўнікоў была занятая ў дзяржаўных прамысловым і сельскагаспадарчым сектарах. Заработныя платы ў дзяржаўным сектары былі ніжэйшымі за сярэднюю зарплату па краіне, мелі месца хранічныя запазычанасці па заработнай плаце, хаця часта яны былі нязначнымі па працягласці і памерах. Жыццёвы ўзровень многіх слаёў грамадства заставаўся нізкім. Урад заяўляў аб росце валавага ўнутранага прадукту на 6,3 %, але зарплаты засталіся на тым жа ўзроўні (а ў адносінах да еўра – паменшыліся), складаючы ў сярэднім 130 долараў за месяц. Хаця узровень беспрацоўя заставаўся нізкім (3,5 %), шырока распаўсюджанай была няпоўная працоўная занятасць.
Выкананне правоў чалавека з боку ўладаў засталося вельмі нязначным, у некаторых сферах становішча пагоршылася; хаця ў асобных кірунках адбыліся паляпшэнні, працягваюцца шматлікія правапарушэнні. Кіруючыя органы працягвалі актыўна адмаўляць грамадзянам у праве на змену ўрада. У мінулыя гады ўлады не зрабілі сур’ёзных спробаў раследаваць знікненні вядомых дзеячоў апазіцыі і працягвалі ігнараваць вартыя даверу звесткі пра ролю ўрада ў гэтых знікненнях. Працягвалася жорсткае абыходжанне з вязнямі і затрыманымі, іх перыядычнае катаванне; паступалі звесткі пра жорстае абыходжанне з салдатамі ва ўзброеных сілах. Праблемай засталася перапоўненасць турмаў. Органы бяспекі беспадстаўна арыштоўвалі і утрымлівалі ў няволі грамадзян, вялікай засталася колькасць палітычна матываваных арыштаў, хаця многія з такіх арыштаў не былі працяглымі. Службы бяспекі працягвалі парушаць права на канфідэнцыйнасць і свабоду перамяшчэння, пільна сочачы за дзейнасцю апазіцыйных палітыкаў, праваабарончых арганізацый ды іншых частак насельніцтва.
Урад працягваў абмяжоўваць свабоду слова і друку, не забяспечваў свабоду сходаў і асацыяцый. Урадам было ўведзена некалькі новых дэкрэтаў, якія яшчэ больш абмежавалі названыя свабоды. Узмацніўся ціск на незалежныя сродкі масавай інфармацыі, вынікам якога стала закрыццё некалькіх газет і зняволенне журналістаў, абвінавачаных у паклёпе. Была жорстка абмежаваная дзейнасць неўрадавых арганізацый, многія з якіх былі зачыненыя. Вельмі абмежаванай была свабода веравызнання, Беларуская Праваслаўная царква (БПЦ) атрымлівала больш спрыяльныя ўмовы за кошт нетрадыцыйных рэлігій. Урад абмяжоўваў свабоду перамяшчэння. Узрос ціск на апазіцыйныя палітычныя партыі і рухі праз заканадаўчыя і пазасудовыя меры, у тым ліку – фізічны пераслед палітычных апанентаў. Органы бяспекі пільна сачылі за праваабарончымі арганізацыямі і перашкаджалі іх дзейнасці. Значнымі праблемамі засталіся сацыяльны гвалт і дыскрымінацыя жанчын. Улады працягвалі жорстка абмяжоўваць правы працаўнікоў на свабоду сходаў, арганізацый і заключэнне калектыўных дамоў. Праблемай, па рашэнні якой урад прадпрымаў пэўныя крокі, застаўся гандль жанчынамі і дзецьмі.
ЗАБЕСПЯЧЭННЕ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА
Раздзел 1 Забеспячэнне недатыкальнасці асобы, у тым ліку
свабоды ад:
a. Адвольнага альбо супрацьпраўнага пазбаўлення жыцця
Не было прадстаўлена звестак пра адвольнае альбо супрацьпраўнае пазбаўленне жыцця з боку ўрада ці яго прадстаўнікоў.
З боку уладаў не было належных спробаў растлумачыць знікненне і верагоднае забойства журналіста Дзмітрыя Завадскага ў 2000 годзе, а таксама апазіцыйных дзеячоў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага ў 1999 годзе (гл. раздзел 1.b.). Незалежныя эксперты мяркуюць, што Захаранка, Ганчар і Завадскі, якія да пераходу на бок апазіцыі супрацоўнічалі з ўладай Лукашэнкі, былі забітыя за далучэнне да апазіцыі. Завадскі быў афіцыйна прызнаны памёрлым 28-га лістапада, хаця ягонае цела не было знойдзена.
31-га снежня Мінскі гарадскі суд прызнаў вінаватымі двух афіцэраў міліцыі, якіх абвінавачвалі у тым, што яны ў верасні 2002 года збілі да смерці мужчыну без вызначанага месца жыхарства.
Пасля раследавання незалежных замежных экспертаў суд ў Украіне вынес заключэнне, што смерць украінскага журналіста Міхайлы Каламыйца наступіла ў выніку самазабойства.
b.Знікнення
Дакументальных звестак пра палітычна матываваныя знікненні не паступала.
Знікненне і мяркуемае забойства тэлевізійнага аператара Дзмітрыя Завадскага, былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, намесніка старшыні Вярхоўнага Савета 13-га склікання Віктара Ганчара і прыхільніка апазіцыі Анатоля Красоўскага засталіся нераследаванымі, нягледзячы на прызнанне вінаватымі ў 2002 годзе чатырох членаў ЗАХРа (спецыяльнага падраздзялення Міністэрства ўнутраных спраў). Па вартых даверу звестках, з гэтымі знікненнямі былі звязаныя вышэйшыя ўрадавыя чыноўнікі. Такое меркаванне атрымала падмацаванне, калі прэзідэнт Лукашэнка прызнаў перад прэсай, што загадаў службам бяспекі выкрасці былога беларускага амбасадара і вярнуць яго ў краіну (гэты загад не быў выкананы). Камісія ААН па правах чалавека 17-га красавіка прыняла рэзалюцыю, якая рэкамендавала ўраду правесці аб’ектыўнае раследаванне знікнення Красоўскага, Ганчара, Захаранкі і Завадскага, адстраніўшы ад выканання паўнамоцтваў вышэйшых чыноўнікаў, верагодна датычных да гэтых знікненняў (гл. раздзел 4). Тым не менш, на працягу года ўрад не зрабіў канкрэтных намаганняў для вырашэння гэтых пытанняў. Парламенцкая асамблея Савета Еўропы накіравала спецыяльнага дакладчыка для раследавання знікнення Красоўскага, Ганчара, Захаранкі і Завадскага, па выніках гэтага раследавання рыхтуецца даклад (гл. раздзел 4).
c.Катавання і іншых спосабаў жорсткага, бесчалавечнага альбо прыніжаючага абыходжання ці пакарання
Канстытуцыі як 1994-га, так і 1996-га гадоў забараняюць падобную практыку, аднак міліцыя і турэмныя вартаўнікі рэгулярна збівалі затрыманых і вязняў. Згодна закону, міліцэйскія і турэмныя служачыя могуць выкарыстоўваць фізічную сілу толькі супраць тых арыштаваных і зняволеных, якія ажыццяўляюць гвалтоўныя дзеянні, адмаўляюцца выконваць загады турэмнай адміністрацыі або злосна парушаюць умовы свайго пакарання. Тым не менш, праваабаронцы неаднаразова сведчылі, што следчыя атрымлівалі паказанні шляхам збіення і псіхалагічнага ціску.
Міліцыя і людзі ў цывільным перыядычна збівалі затрымліваемых або тых, хто знаходзіцца пад арыштам. 23-га ліпеня міліцыя збіла Дзмітрыя Дашкевіча, Артура Фінкевіча і 16-гадовага Алега Гнедчыка падчас іх затрымання за расклейванне палітычных лістовак. На працягу года міліцыя не адрэагавала на скаргу бацькоў Гнедчыка, якія патрабавалі ўзняць крымінальную справу супраць супрацоўнікаў міліцыі, адказных за гэтыя дзеянні.
Мінская пракуратура не ўзбудзіла справу супраць служачых міліцыі, якіх Дзмітрый Дашкевіч абвінаваціў у жорсткім абыходжанні падчас яго арышту і затрымання ў лютым 2002 года.
За мінулы год Брэсцкі суд асудзіў міліцыянера на 100 гадзін грамадскіх работ пасля прызнання яго віноўным у беспадстаўным збіенні Пятра Саўчука, якое прывяло да пашкоджанняў, названых судом нязначнымі. Саўчук атрымаў чэрапна-мазгавую траўму, страсенне і некалькі выцятых месцаў і правёў 12 дней у шпіталі. Па словах Саўчука, суддзя неаднаразова прапаноўваў яму адмовіцца ад абвінавачванняў і вырашыць справу па-за судом (гл. раздзел 1.e.).
Акрамя таго, міліцыя збівала ўдзельнікаў дэманстрацый і адмаўляла ім ў медыцынскай дапамозе пад час знаходжання ў зняволенні (гл. раздзел 2.b.). Генерал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечаслаў Грыб заявіў журналістам у 2002 годзе, што міліцыя дзейнічае ва ўмовах "ўседазволенасці і беспакаранасці на працягу некалькіх гадоў". Ён сказаў, што жорсткасць міліцыі ў адносінах да мірных вулічных дэманстрантаў, якая ператварылася ў звычайную справу і амаль што вітаецца ўладамі, стала некантралюемай, і ўсё больш людзей становіцца ахвярамі жорсткага абыходжання.
26-га сакавіка міліцыя выцягнула Антона Кішкурна з машыны і збіла яго за адмову паказаць дакументы. Кішкурна чакаў за межамі залы суда свайго бацьку, які адказваў перад судом за арганізацыю недазволенай дэманстрацыі. У Кішкурна была зламаная рука, ён атрымаў пашкоджанні твара і, пасля кароткага затрымання, быў памешчаны ў шпіталь. Слушанне яго справы адкладвалася некалькі разоў, з прычыны неяўкі супрацоўнікаў міліцыі.
На працягу года невядомыя асобы нападалі на некалькіх палітычных апанентаў ўлады. Напрыклад, трое мужчын напала на Уладзіміра Коласа 31-га траўня, праз тры дні пасля яго неадназначнага змяшчэння з пасады дырэктара ліцэя, дзе выкладанне вялося на беларускай мове. 11-га ліпеня невядомыя напалі на акадэміка Яўгенія Бабосава, а 17-га снежня – на акадэміка Радзіма Гарэцкага; некаторыя крыніцы лічаць гэтыя напады спробамі застрашэння беларускай інтэлігенцыі. 24-га верасня невядомы мужчына напаў на Алега Волчака, кіраўніка грамадскага аб’яднання “Прававая дапамога насельніцтву”, ударыў яго ў твар, а затым знік. Гэты напад меў месца праз 2 тыдні пасля таго, як Мінскі суд зачыніў аб’яднанне. Да канца года па ўсіх гэтых выпадках не было праведзена арыштаў і высунута абвінавачванняў. Не адбылося раследванне нападаў, зробленых у 2002 годзе на апазіцыянераў і прыхільнікаў індуізму, у тым ліку не атрымалі развіццё справы Аляксея Караля, Таццяны Жылевіч і Віктара Палевікова.
Паведамлялася, што працягвалася практыка дзедаўшчыны – збіення і іншых формаў фізічных і пісіхалагічных катаванняў навабранцаў. У 2002 годзе (гэтым годам датуецца найбольш позняя даступная інфармацыя) было ўзбуджана 15 судовых спраў супраць ваенаслужачых, якія абвінавачваліся ў збіенні сваіх падначаленых; да 160 служачых былі прымененыя дысцыплінарныя меры. Па заявах урада, агульны ўзровень злачынстваў ва ўзброеных сілах зменшыўся на 35 %, але звесткі пра выпадкі дзедаўшчыны не прыводзіліся. Улады стрымлівалі намаганні членаў сямей і праваабаронцаў, якія імкнуліся раследаваць гэтыя і іншыя паведамленні пра выпадкі дзедаўшчыны.
Турэмныя ўмовы засталіся цяжкімі, турмы былі перапоўненымі, не хапала ежы і медыкаментаў, распаўсюджваліся хваробы, такія як туберкулёз, сіфіліс і ВІЧ/СНІД. 23-га кастрычніка міністр унутраных спраў Наумаў заявіў, што колькасць зняволеных у турмах на 21 % большая, чым тая, на якую турмы разлічаны. Па даставерных звестках, турэмная ахова рэгулярна збівала затрыманых і вязняў. Па словах Уладзіміра Кудзінава, які быў дэпутатам распушчанага парламента, адкрыта крытыкаваў ўрад Лукашэнкі і правёў 4 гады ў няволі, катаванне ў турме было шырока распаўсюджана. Некалькі чалавек, якія знаходзіліся пад адміністрацыйным арыштам, скардзіліся на ўмовы ўтрымання і заяўлялі, што ўлады ігнаравалі іх скаргі.
Па словах праваабаронцаў, неспрыяльнымі з’яўляліся таксама і ўмовы ў турэмных шпіталях. На аднаго зняволенага ў турме прыходзілася ў сярэднім 1,2 квадратных ярды (1,097 квадратных метры) прасторы. Міністр унутраных спраў Уладзімір Наумаў заявіў, што колькасць зняволеных 52 500 чалавек, што на 20 % больш, чым колькасць, на якую разлічаныя турмы. У многіх выпадках турэмная ежа не адпавядала мінімальным медыцынскім патрабаванням ці дыетычным абмежаванням. Беларускі Хельсінскі камітэт паведаміў, што, у адрозненне ад папярэдніх гадоў, у гэтым годзе вязням не адмаўлялі ў ежы. Валеры Леванеўскі, актывіст апазіцыі, зняволены за ўдзел у несанкцыяванай акцыі пратэсту, заявіў, што вязні былі пазбаўленыя фізічных практыкаванняў, а ежа не адпавядала мінімальным санітарным нормам. У снежні 2002 года Канстытуцыйны суд пастанавіў, што турмы павінны разглядаць скаргі на адбываючыся ў іх пакаранні; але турмы адмовіліся разглядаць такія звароты на той падставе, што няма законаў, якія акрэслілі б працэдуру абыходжання з такімі хадайніцтвамі.
Таццяна Елавая, актывістка моладзевага аб’яднання “Зубр”, якая адбыла 10-дзённае зняволенне за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту, паскардзілася, што ахоўнікі ігнаравалі яе просьбы аб медыцынскай дапамозе на працягу некалькіх гадзін, пасля чаго быў выкліканы доктар, які загадаў памясціць Таццяну ў шпіталь (гл. раздзел 2.b.).
Згодна з турэмным уставам, зняволеныя мужчыны і жанчыны ўтрымліваліся асобна. Падлеткі змяшчаліся асобна ад дарослых, папярэдне зняволеныя, як правіла, утрымліваліся асобна ад тых, хто адбываў пакаранне; аднак з прычыны перапоўненасці турмаў гэтыя асобы часам апыналіся ў адным памяшканні.
Улады перыядычна дазвалялі праваабаронцам знаёмства з турэмнымі ўмовамі, але наведванне асобных зняволеных на працягу года было дазволенае толькі членам сям’і і адвакатам. 28-га кастрычніка Міністэрства ўнутраных спраў адмовіла на просьбу некалькіх міжнародных назіральнікаў аб наведванні турмы ў Мазыры (Гомельская вобласць).
d.Самавольнага арышту, зняволення і выгнання
Закон накладвае абмежаванні на беспадстаўнае ўтрыманне ў няволі, але органы бяспекі працягвалі беспадстаўна арыштоўваць і утрымліваць грамадзян. Такія выпадкі часцей за ўсё былі звязаныя з дэманстрацыямі, на многія з якіх улады не далі санкцыяў (гл. раздзел 2.b.). Палітычна матываваныя арышты працягваліся, хаця многія з арыштаваных былі вызваленыя на працягу некалькіх гадзін альбо дзён.
Згодна закону, Прэзідэнт мае права падпарадкаваць усе сілавыя ведамствы свайму асабістаму кіраванню. Служба бяспекі прэзідэнта, першапачаткова створаная для аховы вышэйшых чыноўнікаў, працягвала дзейнічаць супраць палітычных ворагаў Лукашэнкі, знаходзячыся па-за заканадаўчым ці прававым кантролем. Сур’ёзнай праблемай засталася беспакаранасць. Улады часта не праводзілі раследаванне абвінавачванняў супраць органаў бяспекі ці не прыцягвалі вінаватых да адказнасці. Па даставерных звестках, у міліцыі была распаўсюджана дробная карупцыя.
Крымінальна-працэсуальны і Адміністратыўны кодэксы вызначаюць, што міліцыя можа затрымаць асобу на 3 гадзіны, не тлумачачы прычыны затрымання, і ўлады часта карысталіся гэтым палажэннем для затрымання апазіцыянераў і дэманстрантаў. Згодна Крымінальнаму кодэксу, міліцыя можа без ордэра затрымаць асобу, якая падазраецца ў злачынстве, на 24 гадзіны, у гэты перыяд апавяшчаецца пракуратура. Пракурор мае 48 гадзін на ўстанаўленне законнасці затрымання. Калі пракурор лічыць затрыманне законным, на працягу 10 дзён падазронага могуць ўтрымліваць без фармальнага прад’яўлення абвінавачвання. Але, як правіла, калі прынята рашэнне аб затрыманні падазронага, яму прад’яўляецца афіцыйнае абвінавачванне. На працягу 2 месяцаў з моманту прад’яўлення абвінавачвання павінен адбыцца суд, хаця ў некаторых выпадках Генеральны пракурор можа павялічыць гэты тэрмін да 18 месяцаў для правядзення дадатковага раследавання. З іншага боку, падазроны, супраць якога высунута абвінавачванне, можа быць вызвалены пад падпіску аб нявыездзе, тады тэрмін дасудовага раследавання не з’яўляецца абмежаваным. Закон дае затрыманым (а не пракурору) права абскардзіць законнасць іх затрымання праз суд. На практыцы хадайніцтвы падазроных аб абскарджванні законнасці іх затрымання часта не даходзілі да суда, бо былі затрыманыя адпаведнымі чыноўнікамі. Прававы кодэкс не забяспечвае ўмовы для вызвалення пад заклад.
Існуюць вартыя веры сведчанні, што пракуроры абвінавацілі, а суды асудзілі некалькі чалавек па ілжывых абвінавачваннях. Мінскі гарадскі суд асудзіў Вячаслава Сіўчыка на 15 дзён адміністрацыйнага арышту за ўдзел у забароненай акцыі пратэсту, хаця фотадакументы і сведкі паказвалі, што ў час азначанай акцыі Сіўчык даваў інтэрв’ю.
Насуперак прававым нормам, следчыя рэгулярна не выконвалі патрабаванне інфармаваць затрыманых аб іх правах і праводзілі папярэдні допыт, не даўшы затрыманым магчымасці пракансультавацца з адвакатам. У некаторых выпадках інфармацыя, атрыманая на допытах, дзе не прысутнічаў адвакат, выкарыстоўвалася супраць абвінавачанага ў судзе. Наведванне затрыманых членамі іх сям’і залежала ад рашэння следчых, якія часта не паведамлялі сям’і пра затрыманне іх блізкага, нават калі справа тычылася падлетка.
Паступіла некалькі сведчанняў пра арышт і ўтрыманне ў няволі асобаў і членаў арганізацый, якія ўдзельнічалі ў выданні апазіцыйных сродкаў масавай інфармацыі (гл. раздзел 2.a.). Нявызначаныя асобы ў цывільным адзенні, якія з’яўляліся супрацоўнікамі сілавых структур, неаднаразова арыштоўвалі і затрымлівалі ўдзельнікаў антыўрадавых дэманстрацый ці распаўсюднікаў апазіцыйных матэрыялаў. Пасля дэманстрацый супрацоўнікі службы бяспекі поўнасцю ізалявалі ад кантактаў са знешнім асяроддзем некаторых затрыманых дэманстрантаў. Акрамя сотняў удзельнікаў антыўрадавых мітынгаў, многіх з якіх затрымліваліся на некалькі гадзін ці дзён, на працяглы тэрмін папярэдняга зняволення затрымліваліся таксама выбітныя палітыкі.
Звычайным было зацягнутае папярэдняе зняволенне, але статыстыка адносна колькасці папярэдне зняволеных і сярэдняй працягласці такога зняволення не была вядомая. Міхаіл Леонаў, генеральны дырэктар трактарнага завода “МТЗ”, заставаўся ў папярэднім заключэнні са студзеня 2002 года па снежань 2003 года, а затым быў прызнаны вінаватым у раскраданні маёмасці. 12-га чэрвеня Леанід Калугін, былы дырэктар завода халадзільнікаў “Атлант”, быў вызвалены па законе аб амністыі 2002 года пасля 6 месяцаў адміністрацыйнага зняволення і больш чым 12 месяцаў абмежавання свабоды. 22-га жніўня Віктар Рахманько, былы кіраўнік Беларускай чыгункі, дэпутат верхняй палаты парламента, быў прызнаны вінаватым у злоўжыванні ўладай і фальсіфікацыі; ён быў вызвалены, бо ўжо правёў тэрмін свайго пакарання, 21 месяц, ў папярэднім заключэнні і пад хатнім арыштам.
У той час як Канстытуцыя не дазваляе прымусовае выгнанне і ўлады, як правіла, не выкарыстоўвалі дэпартацыю, існуюць вартыя даверу сведчанні, што службы бяспекі пагражалі апазіцыйным палітыкам і прафсаюзным лідэрам крымінальным пераследам ці фізічнай расправай, калі яны не спыняць сваю дзейнасць і не пакінуць краіну.
e.Адмовы ў справядлівым адкрытым судзе
Канстытуцыя 1994 года забяспечвае незалежнае правасуддзе; але на практыцы судовая сістэма не была незалежнай і не мела магчымасці кантраляваць дзейнасць выканаўчай улады і яе прадстаўнікоў. Канстытуцыя 1996 года яшчэ больш падпарадкавала судовую сістэму выканаўчай уладзе, даўшы Прэзідэнту права прызначаць 6 з 12 членаў Канстытуцыйнага суда, у тым ліку старшыню. Савет Рэспублікі, які сам складаецца з асобаў, якія прызначаныя Прэзідэнтам ці з’яўляюцца яго прыхільнікамі, абірае астатніх 6 членаў. Прэзідэнт прызначае старшыню Вышэйшага суда і Вышэйшага гаспадарчага суда. Акрамя таго, Прэзідэнт мае канстытуцыйнае права прызначаць і змяшчаць усіх раённых і ваенных суддзяў. Паступалі звесткі, што некаторыя суддзі рабілі спробы паўплываць на абвінавачаных з мэтай змянення іх паказанняў (гл. раздзел 1.c.).
Сістэма крымінальнага правасуддзя складаецца з трох звёнаў: раённыя суды, абласныя суды і Вышэйшы суд. Канстытуцыйны суд быў утвораны для вырашэння сур’ёзных канстытуцыйных спраў, аднак ён быў залежны ад выканаўчай улады. На практыцы ён не аспрэчваў прэзідэнцкія ініцыятывы і не быў у стане рэалізоўваць свае рашэнні.
Пракуратуры, як і суды, падзяляюцца на пракуратуры раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўню. Яны падпарадкоўваліся Генеральнаму пракурору, які прызначаўся Саветам Рэспублікі. Пракуратура не была незалежнай і не мела магчымасці высоўваць абвінавачванні супраць Прэзідэнта альбо яго Адміністрацыі.
Канстутыцыі 1994 і 1996 гадоў забяспечваюць адкрытае правасуддзе, акрамя выпадкаў, прадугледжаных законам (напрыклад, справы, якія тычацца згвалтавання або нацыянальнай бяспекі); тым не менш, судовыя паседжанні часта адбываліся ў кабінетах суддзяў, што не дало магчымасці некаторым зацікаўленым назіральнікам прысутнічаць пры разборы пэўных спраў. Рашэнні выносіліся суддзямі, невінаватасць ці вінаватасць вызначаецца судом прысяжных толькіх у выпадках цяжкіх злачынстваў, калі адказчык заяўляе пра сваю невінаватасць і патрабуе судовага разбору з удзелам прысяжных. Суддзі залежалі ад Міністэрства юстыцыі, якое падтрымлівае судовую інфраструктуру, і ад мясцовай выканаўчай улады, якая забяспечвае суддзяў жыллёвай плошчай. Адсюль шматлікія праўдападобныя сведчанні, што выканаўчая ўлада і мясцовая адміністрацыя перадвызначаюць зыход справы ў судзе.
Абвінавачаныя маюць права прысутнічаць на пасяджэннях, удзельнічаць у правядзенні вочных ставак са сведкамі і сведчыць ад свайго імя, але на практыцы гэтыя правы не заўсёды паважаюцца. Закон забяспечвае адвакату неабмежаваны доступ да затрыманага і прадугледжвае прызначэнне абаронцы для тых, хто не можа наняць адваката, але часам і гэтыя правы не выконваліся.
Прэзідэнцкі дэкрэт падпарадкаваў усіх юрыстаў Міністэрству юстыцыі, якое кантралюе ліцэнзаванне адвакатаў, такім чынам, калегія адвакатаў у значнай ступені знаходзіцца пад кантролем Міністэрства юстыцыі. Па вызначэнні міжнародных экспертаў па прававых пытаннях і праваабаронцаў, гэты дэкрэт паставіў пад пагрозу незалежнасць юрыстаў ад уладаў. Па словах шэрагу адвакатаў, ім паведамілі, што яны не атрымаюць ліцэнзіі з прычыны сваёй дзейнасці ў неўрадавых арганізацыях (НДА) ці палітычных партыях.
Артыкул 62 Канстытуцыі забяспечвае права на свабодны выбар юрыдычнага прадстаўніцтва, аднак дэкрэт Прэзідэнта № 13 забараняе членам неўрадавых арганізацый прадстаўляць у судзе каго-небудзь, акрамя членаў сваіх арганізацый. На працягу года гэты дэкрэт выкарыстоўваўся некалькі разоў, каб забараніць членам неўрадавых арганізацый абараняць у судзе пэўных асобаў, а таксама стаўся фармальнай прычынай для закрыцця некаторых неўрадавых арганізацый (гл. раздзел 4). 28-га красавіка суд у Магілёве адмовіў Барысу Бухелю, члену праваабарончай арганізацыі “Вясна”, у дазволе прадстаўляць інтарэсы кліента ў грамадзянскім судзе, хаця Бухель выступаў як прыватная асоба.
Канстытуцыя зацвярджае прэзумпцыю невінаватасці, але на практыцы абвінавачаныя часта мусілі даказваць сваю невінаватасць. Па найпазнейшай даступнай статыстыцы Беларускага Хельсінскага камітэта, якая датуецца 1998 годам, пракуратура высунула абвінавачванні ў крымінальных злачынствах супраць 59 700 асобаў. З іх толькі 272, ці менш за 0,5 %, былі прызнаныя невінаватымі. Як абвінавачаныя, так і пракуратура маюць права аспрэчваць рашэнні суда, і па большай частцы крымінальных спраў падаваліся апеляцыі, але апеляцыі рэдка прыводзілі да змянення вердыкту. Пры апеляцыі ў судзе не прысутнічаюць ні адказчык, ні сведкі; суд проста праглядае пратакол і іншыя дакументы, якія паступілі з суда ніжэйшай інстанцыі. На працягу года справы ўдзельнікаў антыўрадавых мітынгаў, арыштаваных пасля дэманстрацый, разглядаліся ў канвеерным стылі, часта без прадстаўлення магчымасці звярнуцца да адваката, прадставіць доказы або выклікаць сведкаў (гл. раздзел 2.b.). 12-га лютага Прэзідыум Вярхоўнага суда і кіраўніцтва Міністэрства юстыцыі заявілі, што ў 2002 годзе было зменена толькі 1,3 % вердыктаў раённых судоў і толькі 17 асобаў былі прызнаныя несправядліва асуджанымі.
Паведамленні пра палітычных вязняў адсутнічалі, але ўлады працягвалі выкарыстоўваць адміністрацыйныя меры для затрымання палітычных актывістаў перад, у час і пасля акцый пратэсту.
f. Самавольнага ўмяшання ў асабiстае i сямейнае жыццё, парушэння правоў недатыкальнасці жылля і тайны карэспандэнцыі
Канстытуцыя забараняе падобныя дзеянні, але на практыцы гэтыя правы не паважаліся. Праслухоўванне тэлефона і перахоп іншых відаў паведамленняў без дазволу суда забароненыя, аднак на практыцы ўлады працягвалі кантраляваць памяшканні, тэлефоны і камп’ютары. КДБ, МУС і асобныя пагранічныя структуры маюць права выкарыстоўваць прылады праслухоўвання, але, па законе, перад устаноўкай такіх прыладаў яны павінны атрымаць дазвол пракурора. Нягледзячы на гэта, КДБ урывалася ў жылыя памяшканні, праводзіла несанкцыянаваныя вобыскі і чытала пошту, не маючы ордэру.
Пракуратура не была здольная прымаць рашэнні незалежна ад урада, эфектыўная абарона ад праслушвання была немагчымай. Адміністратыўны кодэкс прадугледжвае прымяненне штрафных санкцый да асобаў, якія перашкаджаюць супрацоўнікам КДБ у выкананні іх абавязкаў. Любая спроба перашкодзіць уваходу супрацоўнікаў КДБ у памяшканні кампаніі, установы ці арганізацыі з’яўляецца адміністрацыйным парушэннем, як і адмова ў дазволе на правядзенне аудытарскіх праверак ці абмежаванне доступу да інфармацыйных сістэм і базаў дадзеных кампаніі. Дамовы аб тэлефонных паслугах, якія заключаюцца Міністэрствам сувязі, забараняюць абанентам выкарыстоўваць тэлефонную сувязь з мэтамі, якія супярэчаць інтарэсам дзяржавы і грамадскага парадку. Міністэрства сувязі мае права спыніць аказанне тэлефонных паслуг тым, хто парушыў гэта палажэнне; аднак на працягу года не было паведамленняў аб тым, што Міністэрства выкарыстоўвала гэтае права.
У большасці выпадкаў начныя вобыскі забароненыя, але ўначы 15-га лютага дзесяць узброеных супрацоўнікаў міліцыі абшукалі кватэру Валерыя Леванеўскага пасля таго, як гаспадар вярнуўся з сходу, дзе планавалася серыя дэманстрацый. Міліцыянеры забралі частку друкаваных матэрыялаў, якія тычыліся прэзідэнцкага дэкрэту аб малым бізнэсе. Спадар Леванеўскі заявіў, што ўлады адмовіліся прадставіць яму копію ордэра на вобыск.
Невядомыя ўрываліся ў офісы некалькіх выбітных членаў апазіцыі і праваабарончых НДА. Невядомыя злачынцы ўварваліся ў кватэру Васіля Галавацкіх, апазіцыйнага дэпутата з Наваполацка. Па словах Галавацкіх, былі раскіданыя паперы, папсавана маёмасць, але нічога не знікла. Праваабарончыя суполкі лічаць, што гэтыя ўварванні здейснілі прадстаўнікі органаў бяспекі.
Амаль усе апазіцыйныя палітыкі паведамлялі, што ўлады сачылі за іх дзейнасцю і размовамі; урад гэтыя паведамленні не абвяргаў. Прадстаўнікі шэрагу НДА таксама сведчылі, што спецслужбы пастаянна ажыццяўлялі праслухоўванне іх размоў і прагляд перапіскі. Генеральны пракурор адмовіўся разглядаць абвінавачванні ў незаконным праслухоўванні, якія высоўвалі члены апазіцыі.
Па існуючых паведамленнях, Служба бяспекі Прэзідэнта працягвала ажыццяўляць назіранне за палітычнымі апанентамі Прэзідэнта. Судовы ці заканадаўчы кантроль за дзейнасцю і бюджэтам Службы бяспекі адсутнічаў, і выканаўчая улада неаднаразова перапыняла спробы ажыццяўлення такога кантролю. Назіранне вялося і за некаторымі з саміх чыноўнікаў. Вядома, што супрацоўнікі міліцыі, якія ажыццяўлялі ахову дыпламатычных прадстаўніцтваў, вялі улік візітаў апазіцыйных палітычных дзеячоў. 6-га сакавіка Мінскш гарадскі суд вынес рашэнне адмовіць у іску лідэра Аб’яднанай грамадскай партыі Анатоля Лябедзькі адносна яго затрымання ў 2002 годзе (супрацоўнікі спецслужбаў у цывільным, якія адмовіліся прадставіцца, прымусова затрымалі яго каля замежнай амбасады). Лябедзьку даставілі ва ўпраўленне КДБ і зрабілі афіцыйнае папярэджанне, што яму будзе прад'яўлена абвінавачванне ў дзяржаўным здрадніцтве, калі ён не спыніць кантакты з іншаземцамі. Некаторыя дзеячы апазіцыі выказвалі нежаданне наведваць замежныя пасольствы, асцерагаючыся рэпрэсій.
Было пашырана прыцясненне ў форме праверак з боку спецслужбаў і канфіскацыі палітычнай літаратуры, часта без ордэраў. Сярод ахвяраў былі апазіцыйныя кандыдаты і іх прыхільнікі. 30-га верасня супрацоўнікі мытні абшукалі машыну Валерыя Фралова і Уладзіміра Парфяновіча, членаў апазіцыйнага парламенцкага аб’яднання “Рэспубліка”, якія перасякалі мяжу з Літвой. І Фралоў, і Парфяновіч сцвярджалі, што яны, як дэпутаты, карыстаюцца імунітэтам ад падобных вобыскаў, хаця такі імунітэт не замацаваны законам. Старшыня Дзяржаўнага Мытнага камітэту заявіў, што ён загадаў правесці вобыск і што на дзяржаўнай мяжы ніхто не мае недатыкальнасці, такім чынам, абшукана будзе любая машына, калі ён палічыць гэта патрэбным.
23-га сакавіка жонка і 7-гадовы сын Вячаслава Сіўчыка былі затрыманыя перад акцыяй пратэсту, у якой удзельнічаў іх муж і бацька, што, падобна, было спробай ціска на Сіўчыка з мэтай вымусіць яго не удзельнічаць у пратэсце.
Паступалі вартыя веры звесткі, што ў 2002 годзе судовая справа Аляксандра Чыгіра, якога абвінавацілі ў аўтамабільных кражах і пасобніцтве ва ўгоне машын, была звязаная з палітычнай дзейнасцю яго бацькі, былога прэм’ер-міністра Міхаіла Чыгіра. Праваабаронцы выказвалі меркаванні, што 6-гадовае зняволенне з’яўляецца занадта цяжкім пакараннем за падобную правіннасць. 16-га траўня ўлады высунулі новыя абвінавачванні супраць Міхаіла Чыгіра, заявіўшы, што атрымалі новыя дадзеныя аб яго незаконнай дзейнасці; судовая справа была прыпыненая, і да канца года не адбылося ніякіх далейшых падзей.
Раздзел 2Шанаванне грамадскіх свабод, у тым ліку:
a.Свабоды слова і друку
Канстытуцыі 1994 і 1996 гадоў гарантуюць свабоду слова, а таксама свабоду атрымліваць, захоўваць і распаўсюджваць інфармацыю; аднак на практыцы ўрад абмяжоўваў гэтыя правы. Законы і дэкрэты абмяжоўваюць свабоду самавыяўлення, абмяжоўваючы выкарыстанне грамадзянамі сімвалаў і слоў на плакатах; надзвычай шырокае тлумачэнне палажэнняў законаў аб паклёпе выкарыстоўваецца з мэтай падаўлення крытыкі прадстаўнікоў рэжыма і іх дзейнасці. На працягу года ўрад праводзіў відавочна спланаваную кампанію па абмежаванні свабоды слова ў СМІ. Урад працягваў карыстацца сваёй манаполіяй на тэлевізійнае вяшчанне, даючы прадузятае асвятленне падзей і зводзячы да мінімуму прадстаўленасць апазіцыйных думак. 9-га верасня прэзідэнт Лукашэнка звярнуўся да сродкаў масавай інфармацыі з заклікам стаць прыладай для распаўсюджвання праўрадавай дзяржаўнай ідэалогіі (гл. раздзел 3).
Выканаўчая ўлада працягвала падаўляць свабоду слова. Прэзідэнцкі дэкрэт забараняе шэраг шырока акрэсленых відаў дзейнасці і абмяжоўвае свабоду самавыяўлення. Дэкрэт забараняе выкарыстоўваць плакаты ці флагі з выяўленнем сімволікі, незарэгістраванай афіцыйна ў дзяржаўных органах, а таксама эмблем, сімвалаў і плакатаў, якія могуць прынесці шкоду дзяржаве, альбо парушыць грамадскі парадак ці правы і прававыя інтарэсы грамадзян. Таксама дэкрэт забараняе дзеянні, якія дыскрэдытуюць дзяржаўныя органы. Гэты дэкрэт выкарыстоўваўся як аснова для пераследу і пакарання асобаў, якія ўжывалі сімвалы незалежнасці краіны, такія, як існаваўшы да Лукашэнкі чырвона-белы флаг. На працягу ўсяго года ўлады штрафавалі, папярэджвалі ці арыштоўвалі прадстаўнікоў СМІ, членаў апазіцыі і рэлігійных аб’яднанняў ды іншых асобаў, якія публічна крытыкавалі ўрад. Закон аб паклёпе не праводзіць адрозненняў паміж прыватнымі і публічнымі асобамі, калі судовая справа тычыцца дыскрэдытацыі. Публічная фігура, якую сродкі масавай інфармацыі крытыкуюць за нездавальняючае выкананне паўнамоцтваў, можа звярнуцца да пракурора з іскам супраць як журналіста, так і СМІ, якое апублікавала крытыку.
На працягу года ўлады правялі некалькі акцыяў, накіраваных на абмежаванне апазіцыйных СМІ. Выкарыстоўваліся законы аб паклёпе, абмяжоўвалася фінансаванне з-за мяжы, аказваўся ціск на прадпрыемствы з мэтай прадухілення размяшчэння рэкламы ў незалежных СМІ, абмяжоўваўся доступ да газетнай паперы і друкарскага абсталявання, праводзілася цэнзура, абмяжоўваўся імпарт матэрыялаў для сродкаў масавай інфармацыі, прыпынялася дзейнасць незалежных і апазіцыйных перыядычных выданняў, затрымліваліся распаўсюднікі апазіцыйных матэрыялаў.
Газеты і іншыя друкаваныя сродкі масавай інфармацыі з найбуйнейшымі тыражамі былі дзяржаўнымі, хаця існаваў і шэраг незалежных выданняў, некаторыя з якіх крытычна ставіліся да ўрада. У Мінску паўсюль можна было набыць незалежныя газеты, аднак за межамі сталіцы выбар быў абмежаваны дзяржаўнай агульнарэспубліканскай прэсай і мясцовымі выданнямі, толькі некаторыя з якіх былі незалежнымі.
Усё агульнацыянальнае радыё- і тэлевяшчанне было дзяржаўным, хаця ў многіх рэгіёнах краіны можна было прымаць перадачы з іншых краін, уключаючы Расію, Польшчу і Літву. Агульнанацыянальнае вяшчанне складалі толькі два дзяржаўныя тэлевізійныя каналы, АНТ і Беларускае Тэлебачанне. Абодва рэгулярна перадавалі яўна тэндэнцыйную інфармацыю, накіраваную на падтрымку ўладаў, жорстка крытыкавалі апазіцыйных палітыкаў і апазіцыйныя арганізацыі і не давалі магчымасці для прадстаўлення думак, супярэчных афіцыйнаму пункту гледжання. У кастрычніку з’явілася трэцяя дзяржаўная тэлевізійная станцыя, ЛАД, якая вяшчае больш чым на палову краіны, выкарыстоўваючы хвалі, якія раней займалі папулярны расійскі канал “Культура” і іншыя расійскія дзяржаўныя тэлевізійныя каналы. У некаторых рэгіёнах працавалі мясцовыя незалежныя тэлевізійныя станцыі, якія перадавалі мясцовыя навіны, карыстаючыся адноснай свабодай з боку ўладаў. Аднак многія з гэтых станцый паведамлялі, што на іх аказваўся ціск з тым, каб яны не закраналі праблемы агульнарэспубліканскага значэння; дзейнасць станцый падвяргалася цэнзуры.
Усе замежныя карэспандэнты павінны зарэгістравацца ў Міністэрстве замежных спраў. На працягу года не паступала звестак пра адмову ў рэгістрацыі журналістам ці арганізацыям.
У адрозненне ад 2002 года, не адбывалася інцыдэнтаў са збіццём журналістаў. Не было падобна, што ўлады пачнуць раследаванне ці прыцягнуць да адказнасці тых, хто адказны за збіенне ў 2002 годзе Алега Супрунюка, Юрыя Грыменюка ці Станіслава Пачобута.
29-га лістапада міліцыя затрымала восем актывістаў апазіцыі за распаўсюджванне анкеты вулічнага апытання наконт магчымасці рэферэндума, які б дазволіў прэзідэнту Лукашэнку абірацца на трэці тэрмін прэзідэнцкага праўлення. Затрыманыя актывісты, у тым ліку вядомы апазіцыйны палітык Людміла Гразнова, былі абвінавачаныя ў распаўсюджванні незарэгістраваных друкаваных матэрыялаў. Пазней Гразнова была аштрафаваная на 12 долараў (25 000 рублёў). Ніводны з іншых актывістаў не з’явіўся ў судзе і, да канца года, не меў ніякіх іншых праблем з законам.
У верасні ўрад апублікаваў тэкст праекта закона аб сродках масавай інфармацыі, згодна якому СМІ, у тым ліку Інтэрнэт-рэсурсы, павінны прайсці паўторную рэгістрацыю і абвергнуць любую інфармацыю, якую ўлады палічаць ілжывай і паклёпніцкай. Таксама ставілася ўмова, што журналісты могуць быць пазбаўленыя акрэдытацыі за публікацыю такой інфармацыі. Законапраект уключаў таксама палажэнні, якія жорстка абмяжоўвалі замежную фінансавую дапамогу СМІ, забаранялі сродкам масавай інфармацыі публікацыю матэрыялаў незарэгістраваных арганізацый і патрабавалі ад журналістаў “праўдзівага” асвятлення падзей. На працягу года ўрад адмаўляўся ўступаць у публічную дыскусію вакол гэтага законапраекту, які не быў абмеркаваны за асеннюю парламенцкую сесію.
9-га студзеня мінскія ўлады аштрафавалі Аксану Новікаву на прыблізна 6 долараў (12 000 рублёў) за крытыку прэзідэнта Лукашэнкі і ўрада пасля апублікавання адкрытага ліста з заклікам да Прэзідэнта пайсці ў адстаўку. У красавіку Новікава атрымала 2 гады ўмоўнага пазбаўлення волі за распаўсюджванне лістовак з крытыкай Лукашэнкі на станцыі метро. У жніўні Новікава была аштрафаваная на прыблізна 1333 долара (2,8 мільёна рублёў) за незаконную акцыю пратэсту перад Адміністрацыяй Прэзідэнта. 8-га верасня Новікава была аштрафаваная на 2000 долараў (4,2 мільёны рублёў) за дэманстрацыю знакаў падтрымкі грамадскага аб’яднання “Прававая дапамога насельніцтву” у час працэдуры ліквідацыі арганізацыі. Новікава падала апеляцыю, і 6-га кастрычніка Мінскі суд скасаваў пакаранне. Да канца года Новікава былі прад’яўленыя новыя абвінавачванні пасля правядзення аналагічных дэманстрацый 24-га лістапада і 11-га снежня.
Урад выкарыстоўваў прэзідэнцкія дэкрэты як дадатковы сродак абмежавання дзейнасці незалежнай прэсы. Дэкрэт прэзідэнта "Аб некаторых мерах па ўдасканальванні парадку атрымання і выкарыстання замежнай гуманітарнай дапамогі", накіраваны быццам бы на спыненне падрыўной дзейнасці, фінансуемай з-за мяжы, асобна забараняе падтрымліваемую замежжам дзейнасць, накіраваную на змяненне канстытуцыйнага ладу і звяржэнне дзяржаўнай улады ці падтрымку такой дзейнасці; падрыхтоўку, правядзенне і арганізацыю выбараў, рэферэндумаў, арганізацыю сходаў, мітынгаў, дэманстрацый, пікетаў, забастовак, публікацыю і распаўсюджванне прапагандысцкіх матэрыялаў, арганізацыю семінараў і іншых відаў прапагандысцкай дзейнасці з удзелам насельніцтва. Дэкрэт стаўся асновай для пачатага па ўсёй краіне ў час выбарчай кампаніі пераследу незалежных сродкаў масавай інфармацыі і НДА, многія (калі не большасць) з якіх, атрымлівалі дапамогу ад міжнароднай супольнасці.
Рэжым выкарыстоўваў падаткавыя інспекцыі і інспекцыі па тэхніцы бяспецы, а таксама канфіскацыю друкаваных матэрыялаў і абсталявання для нейтралізацыі большай часткі дэмакратычнай апазіцыі на працягу ўсёй кампаніі і тым самым значна абмяжоўваў свабоду слова і самавыяўлення (гл. раздзел 1.f.).
28-га траўня мясцовыя ўлады Барысава загадалі дзяржаўным гандлёвым прадпрыемствам спыніць продаж усіх выданняў, якія не мелі спецыяльнай ліцэнзіі. Незалежныя газеты паскардзіліся, што працэдура атрымання такіх ліцэнзій, якая патрабуе адабрэння 20 мясцовых органаў, з’яўляецца вельмі складанай і дарагой.
Улады працягвалі ціск на незалежныя газеты. Закон вызначае, што ўрад можа закрыць выданне пасля двух папярэджанняў. Улады маюць права забараняць і падвяргаць цэнзуры крытычныя публікацыі, напрыклад, Дзяржаўны камітэт па справах друку атрымаў магчымасць прыпыняць выпуск перыядычных выданняў ці газет на тэрмін да 3 месяцаў без пастановы суда. Папраўкі да закону забараняюць СМІ распаўсюджваць інфармацыю ад імя палітычных партый, прафсаюзаў і НДА, якія не зарэгістраваныя ў Міністэрстве юстыцыі.
28-га траўня Міністэрства інфармацыі прыпыніла выданне папулярнай незалежнай газеты “Беларуская дзелавая газета” (“БДГ”) пасля вынясення ёй двух папярэджанняў за крытыку ўрада. Артыкулы расказвалі пра тое, што асабістым самалётам прэзідэнта Лукашэнкі карысталася наведаўшая яго расійская мадэль, а таксама асвятлялі судовыя працэсы Міхаіла Леонава, былога дырэктара Мінскага трактарнага завода, і Віктара Казекі, былога прэзідэнта Беларускага дзяржаўнага канцэрна харчовай прамысловасці. Урад дазволіў “БДГ” працягваць выданне і распаўсюджванне ў жніўні, але “БДГ” не змагла знайсці ў краіне тыпаграфію, якая хацела б друкаваць газету, і была вымушана друкавацца ў Расіі.
Дзеянні ўрада пасля прыпынення дзейнасці “БДГ” склаліся ў кампанію па сістэматычным пакаранні любой арганізацыі, якая друкавала артыкулы “БДГ”; выкарыстоўваліся прыпыненне дзейнасці, штрафы, звальненні персанала, пазбаўленне доступу да друкарскага абсталявання. Сярод падобных акцый прыпыненне 4-га чэрвеня дзейнасці газеты незалежных прафсаюзаў “Салідарнасць”, незалежнай газеты “Навінкі”, а таксама газеты “Рэха”. Усе гэтыя выданні публікавалі артыкулы “БДГ”. Уладзімір Целеш, дырэктар тыпаграфіі, дзе друкаваліся “Салідарнасць”, “Навінкі” і “Рэха”, быў зняты з пасады за “няздольнасць узгадніць палажэнні дамовы з існуючым заканадаўствам”. 19-га чэрвеня Міністэрства інфармацыі спыніла выданне “Прадпрымальніцкай газеты” на 3 месяцы пасля таго, як 8-га чэрвеня быў апублікаваны артыкул пра звальненне Целеша. 22-га ліпеня дзяржаўная тыпаграфія ў Слоніме адмовілася працягваць друкаваць незалежную “Мясцовую газету Крок” пасля публікацыі ў той артыкулаў “БДГ”. Калі тэрмін дзеяння санкцый скончыўся, ніводная з названых газет не змагла заключыць дамовы з мясцовымі тыпаграфіямі.
23-га верасня Мінскі абласны гаспадарчы суд падтрымаў рашэнне, вынесенае ў 2002 годзе Мінскім абласным выканаўчым камітэтам, аб ліквідацыі арганізацыі ТАА “Мясцовы час Прэс”, уладальніка незалежнай газеты “Мясцовы час”, быццам бы за парушэнне працэдуры рэгістрацыі змянення адраса і статута кампаніі. Гэтае рашэнне было вынесенае нягледзячы на тое, што ў сакавіку Мінскі гарадскі гаспадарчы суд адмяніў пастанову 2002 года і вырашыў узнавіць рэгістрацыю кампаніі.
У лютым Гродзенскі абласны гаспадарчы суд пастанавіў, што выдавец незалежнай газеты “Новая газета Смаргоні” Рамуальд Улан парушаў падатковае і працоўнае заканадаўства і патрабаванні бяспекі, што выявілася пры праверцы, праведзенай у 2002 годзе Камітэтам дзяржкантролю. Улан быў пазбаўлены статусу індывідуальнага прадпрымальніка. 26-га красавіка суд у Смаргоні аштрафаваў Мікалая Сліжа, фермера, які пачаў выдаваць газету на сваёй ферме, на прыкладна 120 долараў (240 000 рублёў) за незаконнае выдаўніцтва газеты і пастанавіў канфіскаваць усе даходы, атрыманыя ад яе продажу. Пасля пастановы суда лідскае аддзяленне Таварыства беларускай мовы выдавала газету да ліпеня, калі выдаўцом газеты стала жонка Улана. 2-га кастрычніка Міністэрства інфармацыі прыпыніла выданне газеты на 3 месяцы, сцвярджаючы, што жонка Улана не мае права займацца выдавецкай дзейнасцю, нягледзячы на існаванне закона, які дазваляе фізічным і юрыдычным асобам выдаваць газеты. Рашэнне было вынесенае нягледзячы на той факт, што мясцовыя ўлады не здолелі пазбавіць жонку Улана статуса індывідуальнага прадпрымальніка, які даваў ёй права займацца выдавецтвам газеты. У лістападзе жонка Улана падала іск у Гродзенскі абласны гаспадарчы суд супраць рашэння мясцовых уладаў. Потым справа была перададзеная ў Вышэйшы гаспадарчы суд.
У лістападзе Улан пачаў выданне “Новай газеты Смаргоні” пад іншай назвай, “Мясцовая газета”. 24-га снежня міліцыя затрымала мікрааўтобус, дзе знаходзілася 5700 экзэмпляраў незалежнай “Мясцовай газеты”. Рамуальд Улан і кіроўца былі вымушаныя адправіцца ў аддзяленне міліцыі, але былі вызваленыя праз дзве гадзіны, бо міліцыя не выявіла ніякіх правапарушэнняў. 26-га снежня міліцыя апячатала рэдакцыю газеты, бо супрацоўнікі пажарнай бяспекі вызначылі, што парушэнні патрабаванняў пажарнай бяспекі, выяўленыя 23-га снежня, не былі ліквідаваныя. Тым не менш, супрацоўнікі пажарнай бяспекі ў Гродне пазней пастанавілі, што мясцовыя служачыя перавысілі свае паўнамоцтвы, і 29-га снежня апячатванне было знята з рэдакцыі.
28-га ліпеня Міністэрства інфармацыі анулявала рэгістрацыю незалежнай газеты “Дзень”, якая не выходзіла на працягу года. 26-га жніўня Міністэрства інфармацыі ўзнавіла рэгістрацыю пасля таго, як стала вядома, што ў мінулым годзе меў месца адзін выпуск газеты. Нягледзячы на дазвол працягваць публікацыю, “Дзень” не змог заключыць дамовы з тыпаграфіямі, каб друкаваць газету.
27-га лістапада Адміністрацыя Прэзідэнта дабілася таго, што ўмовай з’яўлення прэзідэнта Лукашэнкі ў час дэбатаў у прамым эфіры расійскага тэлебачання, у шоу “Свабода слова”, стала выключэнне са спіска мяркуемых удзельнікаў 21 прадстаўніка незалежных СМІ і грамадскасці.
16-га снежня два актывісты апазіцыі атрымалі штрафы па 80 долараў (165 000 рублёў) за распаўсюджванне газеты “Супраціў”, якая не змяшчала звестак пра выдаўца.
27-га снежня БДТРК перадала дзяржаўнаму агенцтву навін “БелТа” выключнае права распаўсюджваць тыднёвую тэлевізійную праграму праз СМІ з 1 студзеня 2004 года. Гэтае рашэнне Адміністрацыі Прэзідэнта выклікала сярод незалежных газет занепакоенасць, што яны не атрымаюць доступ да тэлевізійнай праграмы і страцяць частку чытачоў.
Прэзідэнцкі ўказ забараняе незалежным выданням выкарыстоўваць у сваіх назвах назву краіны. Указ "Аб выкарыстанні назвы Рэспублікі Беларусь юрыдычнымі асобамі" дазваляе юрыдычным асобам выкарыстоўваць назву краіны ў сваіх назвах толькі па спецыяльным дазволе прэзідэнта. Другі прэзідэнцкі ўказ вызначае, што ўсе галоўныя рэдактары дзяржаўных газет павінны з'яўляцца дзяржаўнымі служачымі і членамі мясцовых саветаў. Яшчэ адзін дэкрэт дае Міністэрству друку права накіроўваць выпускнікоў дзяржаўных факультэтаў журналістыкі на працу ў дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі з мэтай вяртання сродкаў, выдаткаваных на іх навучанне.
З 7-га чэрвеня ўсе радыёстанцыі павінны накіроўваць копіі выпускаў навін і плэй-лістоў у Міністэрства інфармацыі.
2-га студзеня Камітэт дзяржкантролю канфіскаваў падараную расійскай кампаніяй апаратуру для аудыа- і відэазапісу з памяшкання Беларускага саюзу кінематаграфістаў на той падставе, што арганізацыя не падрыхтавала належныя дакументы, якія падцвердзілі б уласніцтва і мытную ачыстку абсталявання. Пасля ўрадавага ўказу 2002 года, які пераклаў адказнасць за рэгістрацыю электронных сродкаў масавай інфармацыі з Міністэрства сувязі на Міністэрства інфармацыі, усе электронныя СМІ былі вымушаныя прайсці перарэгістрацыю ў Міністэрстве інфармацыі. Па звестках Беларускай асацыяцыі журналістаў, улады не адмовілі ў перарэгістрацыі ніводнаму электроннаму СМІ.
Закон прадугледжвае за публічную знявагу ці паклёп у адрас прэзідэнта пазбаўленне волі на тэрмін да 4 гадоў турэмнага зняволення ці да 2 гадоў пакарання “на хіміі” (ў папраўча-працоўнай калоніі) альбо буйны штраф. Улады працягвалі выкарыстоўваць артыкулы Крымінальнага кодэксу, якія забараняюць паклёп на прэзідэнта і дзяржаўных чыноўнікаў, для падаўлення свабоды прэсы. За такія правапарушэнні Крымінальны кодэкс прадугледжвае максімальнае пакаранне ў форме турэмнага зняволення тэрмінам да 5 гадоў. Жанна Літвіна, Прэзідэнт Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), сцвярджае, што законы, якія прадугледжваюць пакаранне за паклёп на дзяржаўных чыноўнікаў, эфектыўна выкарыстоўваюцца для спынення крытычных выступленняў супраць урада ў прэсе. 2-га верасня Канстытуцыйны суд, у адказ на хадайніцтва, паданае БАЖ у ліпені, папрасіў Нацыянальны сход правесці раз’ясненне гэтых артыкулаў і прапанаваў дадаць пункт, які б выключыў з ліку правапарушэнняў крытыку чыноўнікаў, калі гэтая крытыка не з’яўляецца паклёпам ці знявагай і не змяшчае зняважлівых слоў. Да канца года Нацыянальны сход не зрабіў ніякіх крокаў у гэтым кірунку.
У сакавіку Мікалай Маркевіч, галоўны рэдактар апазіцыйнай газеты "Пагоня", і журналіст газеты Павел Мажэйка былі вызваленыя з месцаў зняволення, адпаведна ў Асіповічах і Жлобіне. Яны былі асуджаныя на 2,5 і 2 гадоў "хіміі" (працоўна-папраўчай калоніі) адпаведна за публікацыю паклёпніцкага артыкулу пра прэзідэнта Лукашэнку. У снежні быў вызвалены Віктар Івашкевіч, галоўны рэдактар апазіцыйнай газеты “Рабочы”; тэрмін яго пакарання быў зменшаны з 2 да 1 года. Усе журналісты ацанілі датэрміновае вызваленне як з’яву, заснаваную на нармальнай практыцы.
24-га лютага Міністэрства інфармацыі загадала апазіцыйнай газеце “Вячэрні Столін” спыніць выданне на 3 месяцы з прычыны сцвярджаемых “страшэнных парушэнняў” закону, распальвання сацыяльнай нецярплівасці і несанкцыянаванай публікацыі сакрэтных матэрыялаў аб раследаванні выпадкаў карупцыі ў мясцовых органах улады. Міністэрства спаслалася таксама на тое, што газета не паведаміла належным чынам пра перанос цэнтра сваёй увагі з эканамічных на палітычныя праблемы. 8-га сакавіка, пасля перапынення дзейнасці “Вячэрняга Століна”, Аляксандр Ігнацюк, галоўны рэдактар газеты, заснаваў новае выданне, “Правінцыялка”, дзе працягвалася крытыка мясцовых уладаў. Прадстаўнік мясцовай адміністрацыі падаў на газету іск за абвінавачванне ў атрыманні хабару, і суд абавязаў газету выплаціць яму прыблізна 990 долараў (2 мільёны рублёў). 18-га красавіка Міністэрства інфармацыі спыніла выданне “Правінцыялкі” на 3 месяцы на падставе таго, што газета перавысіла ліміт рэкламы. Міністэрства інфармацыі дазволіла “Вячэрняму Століну” працягваць выданне, і Ігнацюк змог атрымліваць даход, каб выплаціць штрафы. Выданне было адноўленае ў красавіку. 26-га снежня Ігнацюк быў аштрафаваны на прыкладна 8 долараў (17500 рублёў) за артыкул у “Вячэрнім Століне”, дзе прадстаўнік мясцовай улады параўноўваўся з гангстэрам.
Акрамя выпадку, які адбыўся 8-га сакавіка, мясцовая адміністрацыя, якую Ігнацюк абвінавачваў у карупцыі і злоўжыванні ўладай, на працягу года ўзбуджала супраць яго іск яшчэ тройчы. Мясцовыя суды прызнавалі Ігнацюка вінаватым у паклёпе на дзяржаўных чыноўнікаў і аштрафавалі яго больш чым на 2500 долараў (5 мільёнаў рублёў).
17-га лістапада Мінскі гарадскі апеляцыйны суд цяжка аштрафаваў за паклёп буйнейшую штодзённую незалежную газету краіны “Народная воля” і двух яе журналістаў за артыкул, напісаны 2 гады таму. Апеляцыйны суд ацаніў суму шкоды, нанесенай газетай і яе журналістамі, ў 3—5 разоў вышэй, чым суд ніжэйшай інстанцыі. Такое рашэнне супярэчыла афіцыйнаму меркаванню абласнога пракурора, што памер штрафа далёка пераўзыходзіць шкоду, нанесеную пацярпеўшаму. У артыкуле сцвярджалася, што Ягор Рыбакоў, старшыня Беларускай дзяржаўнай тэле- і радыёкампаніі (БДТРК), нясе адказнасць за крызіс у кампаніі, а таксама, што ён часткова адказны за смерць супрацоўніка БДТРК.
У 2002 годзе Генеральная пракуратура пачала справу аб паклёпе супраць журналісткі “БДГ” Ірыны Халіп. Узбуджэнне іску было рэакцыяй на артыкулы Халіп, прысвечаныя расследаванню справы аб карупцыі ў адносінах Віктара Казекі, былога кіраўніка харчовага канцэрна "Белдзяржхарчпрам" і яго сына. Генеральная пракуратура таксама вынесла папярэджанне выданню "Для службовага карыстання", штомесячнаму дадатку да "БДГ". Да канца года справа не атрымала далейшага развіцця.
28-га чэрвеня Міністэрства ўнутраных спраў выслала Паўла Селіна, журналіста расійскага тэлеканала НТВ, і забараніла яму вяртанне ў краіну на працягу 5 гадоў. Загад аб высылцы быў наступствам рэпартажу Селіна пра пахаванне выбітнага беларускага пісьменніка Васіля Быкава, якое адбылося 25-га чэрвеня. У рэпартажы Селіна апісваліся спробы міліцыі спыніць пахавальную працэсію, адмова афіцыйных чыноўнікаў удзельнічаць у пахаванні разам з апазіцыйнымі палітыкамі і праблемы жонкі Быкава, звязаныя з атрыманнем прапіскі. 8-га ліпеня ўрад аб’явіў пра закрыццё Мінскага прадстаўніцтва НТВ да таго часу, калі НТВ прынясе афіцыйныя выбачэнні за рэпартаж Селіна. Да канца года НТВ не прынесла такіх выбачэнняў, і прадстаўніцтва канала ў Мінску застаецца зачыненым.
6-га лютага, неўзабаве перад мясцовымі выбарамі, прызначанымі на 2-е сакавіка, адна з віцебскіх радыёстанцый адмовіла кандыдату ад апазіцыі ў магчымасці звярнуцца да радыёслухачоў, хаця тры іншыя кандыдаты атрымалі эфірны час.
Згодна БАЖ, незалежныя газеты ў правінцыі падвержаныя самацэнзуры.
Пад час наведвання Воршы ў сакавіку міністр культуры Леанід Гуляка загадаў забраць некалькі апазіцыйных і незалежных газет, у тым ліку “Народную волю” і “БДГ”, з мясцовай бібліятэкі, бо “шкадлівай апазіцыйнай прэсе няма чаго рабіць у культурным цэнтры”.
Указам Савета Міністраў забаронены імпарт і экспарт друкаваных, аудыё- і відэаматэрыялаў ці іншых носьбітаў інфармацыі, “якія могуць прынесці шкоду эканамічным і палітычным інтарэсам краіны”. 11-га і 18-га чэрвеня ўлады канфіскавалі тыраж незалежнай “Прадпрымальніцкай газеты”, якая друкавала артыкулы “БДГ”.
6-га ліпеня чыноўнікі Міністэрства культуры і Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта загадалі зняць карціну Аляксея Марачкіна з мастацкай выстаўкі, прысвечанай 750-й гадавіне каранацыі Вялікага князя Міндоўга, заснавальніка Вялікага Княства Літоўскага. Карціна была прысвечана крытычнаму параўнанню паміж Лукашэнкам і князям Міндоўгам.
Хаця ў краіне існуе некалькі Інтэрнэт-правайдэраў, усе яны кантралююцца дзяржавай. Манаполія ўрада на паслугі Інтэрнэт абумоўлівае высокі кошт, нізкую якасць і абмежаванасць паслуг і дазваляе ўладам кантраляваць практычна ўсю электронную пошту. У адрозненне ад папярэдніх гадоў, сістэматычнага пазбаўлення доступа да Інтэрнэт з боку ўладаў не адбывалася. У чэрвені хакеры атакавалі вэбсайт, дзе была выкладзена кніга, крытыкуючая прэзідэнта Лукашэнку.
Акрамя абмежаванняў дзейнасці СМІ, урад працягваў абмяжоўваць свабоду адукацыі. Адміністрацыі універсітэтаў стваралі сур’ёзныя перашкоды даследванням на палітычна небяспечныя тэмы, такія як рух за незалежнасць краіны ў Савецкія часы, бо гэтая тэма супярэчыць палітыцы ўрада на інтэграцыю з Расіяй (гл. раздзел 1.c.). Усе незалежныя, недзяржаўныя, адукацыйныя ўстановы мусілі атрымаць спецыяльны дазвол уладаў на правядзенне адукацыйных семінараў ці лекцый. Па вартых даверу звестках, у незалежных універсітэтах існавала самацэнзура.
Па словах прэзідэнта Лукашэнкі, адукацыйныя ўстановы павінны служыць цэнтрамі распаўсюджвання новай дзяржаўнай ідэалогіі, а выкладчыкі павінны быць “актыўнымі прапагандыстамі”. 27-га сакавіка, у сваёй прамове пра вызначэнне дзяржаўнай ідэалогіі, Прэзідэнт заклікаў звольніцца ўсіх выкладчыкаў, якія адмаўляюцца падтрымліваць урадавую палітыку: “Калі вы не прымаеце ідэі, дэклараваныя ўрадам і Прэзідэнтам, не звяртайцеся па працу ў дзяржаўны ўніверсітэт”. Лукашэнка аб’явіў недапушчальным, “што адміністрацыя ці выкладчыкі адукацыйных устаноў не падзяляюць дзяржаўную ідэалогію і часам адкрыта супрацьстаяць ураду і кірунку, які яны абавязаныя падтрымліваць, калі з’яўляюцца элементам дзяржаўнай сістэмы”.
15-га траўня тагачасны міністр адукацыі Пётр Брыгадзін загадаў рэктарам універсітэтаў аддаваць прыярытэт распаўсюджванню новай дзяржаўнай ідэалогіі ў адукацыйных установах і дадаў, што праграма навучання і змест даследаванняў павінны адпавядаць прынцыпам ідэалогіі.
Акрамя таго, урад працягваў прыціск студэнтаў, якія ўдзельнічалі ў антыўрадавых акцыях, такіх як дэманстрацыі (гл. раздзел 2.b.). Незарэгістраванае Задзіночанне беларускіх студэнтаў (ЗБС) паведаміла, што, з пачаткам кампаніі па ўвядзенні ў адукацыйных установах новай дзяржаўнай ідэалогіі, студэнтаў вымушаюць уступаць у Беларускі Рэспубліканскі Саюз Моладзі (БРСМ). Вядомы як мінімум адзін выпадак, калі адміністрацыя ўніверсітэта (Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта) папярэдзіла студэнтаў, што яны будуць пазбаўлены ільготаў і стыпендыі, калі не ўступяць у БРСМ.
На працягу года ўрад неаднаразова спрабаваў зачыніць адукацыйныя ўстановы, дзе вялося выкладанне на беларускай мове і іўрыце, выклікаўшы ў прадстаўнікоў адпаведных суполак меркаванні, што ўлады імкнуцца прадухіліць навучанне на беларускай мове і вывучэнне іудаікі (гл. раздзелы 2.c. і 5).
b.Свабоды мірных сходаў і асацыяцый
Канстытуцыі 1994 і 1996 гадоў гарантуюць свабоду мірных сходаў; аднак на практыцы ўрад значна абмяжоўваў гэтае права. Пасля правядзення многіх несанкцыяваных дэманстрацый супрацоўнікі міліцыі і іншых спецслужбаў білі і затрымлівалі дэманстрантаў, а таксама спрабавалі атрымаць прызнанні з дапамогай сілы.
Не менш чым за 15 дзён да дэманстрацыі, мітынгу ці сходу арганізатары павінны падаць заяўку ў мясцовыя органы ўлады для атрымання дазволу на правядзенне акцыі. Па законе, мясцовая ўлада павінна паведаміць аб прынятым рашэнні не менш чым за 5 дзён да запланаванай даты правядзення мерапрыемства. Аднак на працягу года падобныя дазволы рэгулярна не выдаваліся. Пасля выбараў 2001 года ў большасці выпадкаў такія дазволы альбо не выдаваліся, альбо для правядзення дэманстрацый адводзіліся цяжкадаступныя, аддаленыя ад цэнтра гарадоў раёны.
29-га жніўня пачаў дзейнічаць закон аб дэманстрацыях, які яшчэ больш абмяжоўвае права грамадзян на мірныя сходы і дазваляе ўраду зачыніць любую арганізацыю пасля аднаго правапарушэння. Да такіх парушэнняў адносяцца няздольнасць арганізатараў падтрымліваць законнасць і парадак у час дэманстрацыі; дэманстрацыі, якія прынеслі шкоду ў памеры прыблізна 67 000 долараў (140,7 мільёнаў рублёў); дэманстрацыі, якія парушылі правы і інтарэсы большасці насельніцтва альбо дзяржаўныя інтарэсы. Новы закон быў патрэбны, каб кадыфікаваць прэзідэнцкі дэкрэт 2001 года, які забараняў правядзенне дэманстрацый незарэгістраванымі арганізацыямі, абмяжоўваў колькасць удзельнікаў дэманстрацыі да 1000 чалавек, забараняў нашэнне масак і выкарыстанне незарэгістраваных флагаў і сімвалаў, а таксама плакатаў са зместам, які можа быць інтэрпрэтаваны як пагроза для дзяржаўнага ці грамадскага парадку (гл. раздзел 2.a.).
Па словах членаў апазіцыйных партый, улады часта адмаўлялі апазіцыйным групоўкам у дазволе збірацца ў грамадскіх будынках. Тым не менш, у Мінску часта адбываліся публічныя дэманстрацыі, колькасць удзельнікаў якіх складала ад некалькіх чалавек да некалькіх тысячаў. Але яны заўсёды знаходзіліся пад пільным надзорам уладаў, уключаючы адкрытую відэаздымку ўдзельнікаў дэманстрацыі міліцыяй і супрацоўнікамі спецслужбаў у цывільным. Дэманстрацыі праводзіліся і ў іншых частках краіны, але больш рэдка, што асабліва тычыцца ўсходніх рэгіёнаў каля мяжы з Расіяй.
14-га лютага міліцыя спыніла апазіцыйны марш, арганізаваны незарэгістраваным моладзевым рухам “Малады фронт”, у якім удзельнічала 50 чалавек. 17-га лютага пяць членаў Маладога Фронту, у тым ліку яго лідэр Павел Севярынец, былі асуджаныя на зняволенне тэрмінам ад 5 да 15 дзён.
Пасля дэманстрацыі “Народны марш за лепшае жыццё”, якая адбылася 12-га сакавіка, улады арыштавалі і асудзілі некалькі яго арганізатараў. Дзмітрый Бандарэнка, Андрэй Саннікаў, Людміла Гразнова, Леанід Малахаў, Юрый Хадыка і Валерый Леванеўскі, лідэр незалежнага забастоўчага камітэта прадпрымальнікаў, за удзел у дэманстрацыі былі асуджаныя на 15 дзён зняволення.
У час дэманстрацыі 23-га сакавіка, прысвечанай гадавіне заснавання Беларускай Нацыянальнай Рэспублікі, міліцыя арыштавала прыкладна 50 чалавек, у тым ліку лідэра Беларускага Народнага Фронту Вінцука Вячорку і актывіста БНФ Уладзіміра Кішкурна, а таксама членаў іншых апазіцыйных партый. Многія былі вызваленыя праз некалькі гадзін, але 23 чалавекі былі прызнаныя вінаватымі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу. 10 з абвінавачаных, уключаючы Вячорку, Кішкурна і Вячаслава Сіўчыка, былі асуджаныя на 15 дзён зняволення; 6 было цяжка аштрафавана, а 7 атрымалі папярэджанні. Валянцін Баранаў, арганізатар дэманстрацыі 23-га сакавіка, быў асуджаны на 14-дзённае зняволенне. Пасля суду Баранаў быў гаспіталізаваны з прычыны нездароўя, і яго прыгавор скасавалі. Тым не менш, яго справа пазней вярнулася ў суд, які паўторна высунуў супраць яго абвінавачванні.
3-га красавіка міліцыя затрымала прыблізна 15 членаў незарэгістраванага моладзевага руху “Зубр” пасля правядзення імі несанкцыянаванай дэманстрацыі перад замежнай амбасадай у Мінску ў падтрымку аперацыi па вызваленнi Iрака. Адзін з удзельнікаў быў прыгавораны да 10-дзённага зняволення, а два атрымалі папярэджанні. Чацвёртая, Таццяна Елавая, не з’явілася ў суд і была прыгаворана завочна да 10 дзён зняволення. 18-га чэрвеня Елавую арыштавалі ў школе, пасля таго як яна здала свой апошні іспыт. 20-га чэрвеня Елавая была памешчана ў шпіталь і прайшла курс лячэння ад інфекцыі, якой заразілася ў няволі. Пасля папраўкі Елавая была выпушчана з шпіталю і знікла. На канец года яна працягвала хавацца.
1-га кастрычніка Анатоль Шумчанка, кіраўнік рэспубліканскага грамадскага аб’яднання прадпрымальнікаў «Перспектыва», быў арыштаваны і прыгавораны да 5 дзён зняволення за ўдзел у арганізацыі дэманстрацыі, якая прайшла 3-га верасня перад будынкам Мінскай раённай адміністрацыі ў знак пратэсту супраць ціску гарадскіх уладаў на ўладальнікаў кіёскаў.
29-га кастрычніка Мінскі суд аштрафаваў восем членаў праваабарончага аб’яднання “Вясна”, у тым ліку яго старшыню Алеся Бяляцкага, на сумы ад 40 да 80 долараў (82 500-165 000 рублёў) за імправізаваную акцыю пратэсту супраць закрыцця аб’яднання “Вясна”, што адбылося ў Мінскім судзе днём раней (гл. раздзел 4).
30-га кастрычніка Аляксандр Бухвостаў, старшыня незалежнага Прафсаюзу працаўнікоў аўтамабільнага і сельскагаспадарчага машынабудавання, быў асуджаны на 10-дзённае зняволенне за спробу правесці ў цэнтры Мінска дэманстрацыю супраць росту парушэнняў правоў працоўных з боку уладаў (гл. раздзел 6.a.).
17-га лістапада два члены Кансерватыўна-хрысціянскай партыі былі аштрафаваныя на прыблізна 2299 долараў (2,5 мільёны рублёў) за арганізацыю марша, які адбыўся ў цэнтры Віцебска 2-га лістапада і быў прысвечаны Дзядам, дню памінання.
10-га лістапада Артур Фінкевіч, член незарэгістраванай моладзевай арганізацыі “Малады Фронт”, быў затрыманы за распаўсюджванне лістовак, заклікаючых прыйсці на дэманстрацыю 24-га лістапада. Зачэпкай для затрымання стала адсутнасць патрабуемых выдавецкіх дадзеных. 11-га лістапада Фінкевіч быў вызвалены, а 12-га арыштаваны зноў за распаўсюджванне аналагічных лістовак і прыгавораны да 15 дзён зняволення. Тры іншыя юнакі, якія былі затрыманыя разам з Фінкевічам за распаўсюджванне лістовак, атрымалі штраф у памеры 8 долараў (16500 рублёў). Пасля адбыцця пакарання Фінкевіч быў адразу прыцягнуты да суду ў сувязі з арыштам 10-га лістапада і асуджаны на 15-дзённае зняволенне.
24-га лістапада 17 чалавек было арыштавана ў цэнтры Мінска за ўдзел у несанкцыянаванай дэманстрацыі супраць магчымага праыядзення рэферэндуму, які б дазволіў прэзідэнту Лукашэнку падоўжыць свае паўнамоцтвы на трэці тэрмін. Два з арыштаваных былі прыгавораныя да 15 дзён зняволення, а яшчэ адзін – да 5-дзённага пазбаўлення волі. Дванаццаць непаўналетніх, якіх затрымалі ў час дэманстрацыі, адпусцілі. Большасць з гэтых вызваленых праігнаравала павестку аб выкліку ў суд.
2-га снежня Гомельскія абласныя ўлады забаранілі Партыі Камуністаў беларускай праводзіць у вобласці акцыі пратэсту супраць рэзкага росту тарыфаў на камунальныя паслугі.
20-га снежня прыкладна 20 членаў незарэгістраванай моладзевай арганізацыі “Зубр” правялі несанкцыянаваны пікет у сувязі са смерцю Андрэя Зайцава, былога члена “Зубра”, які ў 2002 годзе скончыў жыццё самагубствам, сцвярджаючы, што яго спрабавала завербаваць КДБ. 22-га снежня Гомельскі суд прыгаварыў пяць членаў “Зубра” да 5-дзённага зняволення за ўдзел у гэтай акцыі.
У адрозненне ад мінулых гадоў, не паступала звестак пра збіенне міліцыяй дэманстрантаў у час акцый пратэсту. Але паведамлялася, што міліцыянеры сілай запіхвалі дэманстрантаў у свае фургоны ў час затрымання.
Канстытуцыя забяспечвае свабоду асацыяцый, але на практыцы гэтае права жорстка абмяжоўвалася ўладамі. У 2001 годзе, у час выбарчай кампаніі, улады рэгулярна аказвалі ціск на членаў і прыхільнікаў апазіцыйных партый, канфіскоўвалі лістоўкі і друкаваныя матэрыялы (гл. раздзел 3). Акрамя таго, улады працягвалі спробы накладваць жорсткія абмежаванні на дзейнасць НДА (гл. раздзел 4).
На працягу года незарэгістраванае Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў паведамляла, што яго членаў, як і іншых студэнтаў, вымушалі ўступаць у арганізаваны ўладамі Беларускі Рэспубліканскі Саюз Моладзі.
Супрацоўнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў стрымлівалі ад уступу ў незалежныя прафсаюзы (гл. раздзел 6.a.); чыноўнікі папярэджвалі асобаў, якія ўдзельнічалі ў адукацыйных праграмах з замежным фінансаваннем, што працягваць супрацоўніцтва з арганізацыямі-спонсарамі праграм непажадана.
Згодна закону, НДА, палітычныя партыі і прафесійныя саюзы павінны быць зарэгістраваныя; супрацоўніцтва з незарэгістраванай НДА з’яўляецца незаконным. Прэзідэнцкі дэкрэт № 24 ад 28-га лістапада ставіць умовай атрымання міжнароднай дапамогі рэгістрацыю арганізацыі ў Міністэрстве эканомікі. Дэкрэт забараніў дазволеную раней часовую дзейнасць у перыяд праходжання рэгістрацыі. Новы дэкрэт замарозіць дзейнасць НДА, якія адтрымліваюць замежную падтрымку, на той час, які займае працэдура перарэгістрацыі. Дэкрэт № 24 вызначае таксама, што любая мясцовая арганізацыя, якая атрымала “незаконную” замежную дапамогу (у тым ліку – ад незарэгістраванай НДА), будзе зачынена пасля аднаго парушэння.
Прыватным установам было забаронена выкарыстоўваць у якасці юрыдычных адрасоў прыватныя кватэры. З улікам таго, што ўлады кантралююць ці валодаюць многімі адміністрацыйнымі будынкамі, гэтае палажэнне прывяло да ўскладнення працэсу перарэгістрацыі ў сувязі з цяжкасцю знайсці некватэрны адрас.
Пасля пачатку працэса перарэгістрацыі ўлады заявілі, што, акрамя рэгістрацыі, арганізацыі павінны змяніць свае статуты так, каб у іх адюстроўвалася прызнанне Канстытуцыі 1996 года, і выключыць словы “народны” ці “нацыянальны” са сваіх назваў. У 1999 годзе папраўка да Закона аб грамадскіх аб’яднаннях надала гэтаму паведамленню законны статус, забараніўшы палітычным і грамадскім арганізацыям выкарыстоўваць у сваіх назвах словы “Беларусь”, “Рэспубліка Беларусь”, “нацыянальны” ці “народны”. Хаця большасць палітычных партый і аб’яднанняў, якія звярнуліся па перарэгістрацыю, атрымалі на яе дазвол, Асамблея НДА паведаміла, што да лета 2000 года перарэгістрацыю прайшлі толькі 1268 НДА, альбо 57 % ад той колькасці, якая існавала да прыняцця закона аб перарэгістрацыі. Міністэрства юстыцыі на розных падставах адмовіла у перарэгістрацыі 202 НДА, а 31 НДА у канцы года праходзіла працэдуру перарэгістрацыі.
Па статыстыцы Міністэрства юстыцыі, на працягу года было зарэгістравана 913 рэгіянальных аддзяленняў прафсаюзаў, 867 аддзяленняў грамадскіх арганізацый і 115 рэгіянальных аддзяленняў палітычных партый. Па гэтай жа статыстыцы, Міністэрства юстыцыі ліквідавала 51 НДА, многія з якіх вялі актыўную дзейнасць па раз’ясненні правоў чалавека і ідэй адкрытага грамадства. Згодна адной з праваабарончых НДА, большасць арганізацый, зарэгістраваных на працягу года, з’яўляецца спартыўнымі ці прадпрымальніцкімі, і ніводная з зарэгістраваных арганізацый не прапагандуе ідэі адкрытага грамадства.
На працягу года Міністэрства юстыцыі адмяніла рэгістрацыю некалькіх апазіцыйных партый і НДА у сувязі з іх юрыдычнымі адрасамі. Гэтыя арганізацыі не здолелі размясціцца ў адміністратыўных будынках, бо многія памяшканні належалі ўраду ці былі занадта дарагія. Такім чынам, яны былі вымушаны працаваць на прыватных кватэрах, якія ўлада адмовілася лічыць юрыдычнымі адрасамі.
24-га снежня Вышэйшы суд падтрымаў рашэнне Міністэрства юстыцыі скасаваць рэгістрацыю Асамблеі НДА. Асамблея, буйнейшае аб’яднанне НДА у краіне, паскардзілася, што звярнулася па рэгістрацыю ў красавіку 2002 года, але Міністэрства юстыцыі вырашыла гэтую справу толькі 14-га кастрычніка (законам прадуглежана вынясенне рашэння за 1 месяц). Міністэрства юстыцыі заявіла, што арганізацыя прадставіла ў дакументах няверны адрас і што некалькі яе частак было скасавана, пакуль Міністэрства юстыцыі разглядала справу. Алесь Бяляцкі, адзін з заснавальнікаў арганізацыі, зазаначыў, што арганізацыя будзе працягваць сваю дзейнасць без рэгістрацыі, як гэта і адбывалася на працягу апошніх 5 гадоў.
16-га кастрычніка міністр юстыцыі Віктар Галаванаў заявіў, што нядаўняе закрыццё НДА было часткай “мэтанакіраванай дзейнасці” яго ведамства па выкананні закона аб трэцім сектары. Ён не прызнаў, што НДА былі зачыненыя па загадзе вышэйшай улады. Галаванаў сказаў, што “мэтанакіраваная дзейнасць” Міністэрства юстыцыі скіравана таксама на суды, натарыят і палітычныя партыі.
28-га кастрычніка было ліквідаванае праваабарончае аб’яднанне “Вясна”, якое Міністэрства юстыцыі абвініла ў фальсіфікацыі подпісаў сваіх членаў пад час перарэгістрацыі. Акрамя таго, “Вясну” абвінілі ў тым, што яна не збірае членскія ўзносы і прадстаўляе ў судзе асобаў, якія не з’яўляюцца яе членамі. Хаця “Вясна” поўнасцю абвергла абвіненні Міністэрства юстыцыі, суд ліквідаваў арганізацыю на падставе папярэджання, атрыманага ў ходзе прэзідэнцкіх выбараў 2001 года, дзе “Вясна” удзельнічала як назіральнік.
21-га кастрычніка Міністэрства юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі Беларускай дэмакратычный партыі, заснаванай Валянцінай Палевіковай, былой старшынёй Беларускай партыі жанчын “Надзея”, сцвярджаючы, што партыя не здолее ажыццявіць сваю праграму па абароне інтарэсаў сямей і жанчын. Міністэрства юстыцыі заўважыла, што наяўнасць 237 мужчын сярод 1070 членаў партыі не дасць партыі магчымасці дасягнуць сваіх мэтаў.
23-га кастрычніка ніжэйшая палата парламента аб’явіла аб афіцыйнай ліквідацыі парламенцкай фракцыі “Рэспубліка”. Гэтая, дэмакратычная, фракцыя складалася толькі з 6 прадстаўнікоў, а мінімальная неабходная колькасць членаў была роўная 10. Прадстаўнікі фракцыі пакляліся працягваць сваю дзейнасць, нягледзячы на атрыманыя забароны і пагрозы іх жыццю.
11-га лістапада вышэйшы суд ліквідаваў Асацыяцыю маладых прадрымальнікаў за парушэнні працэдуры перарэгістрацыі ў 1999 годзе. Гэтая НДА бавілася адукацыйнай дзейнасцю, выдавала бюлецень і аказвала маладым людзям прававую дапамогу па пытаннях малога бізнэса.
9-га снежня Вышэйшы суд падтрымаў рашэнне Міністэрства юстыцыі аб адмове ў рэгістрацыі партыі Маладых сацыял-дэмакратаў, якая звярнуўся з просьбай аб рэгістрацыі 29-га ліпеня. 17-га лістапада, больш чым праз 3 месяцы пасля вызначанага законам тэрміну, Міністэрства юстыцыі вырашыла адмовіць у рэгістрацыі партыі Маладых сацыял-дэмакратаў, бо адной з мэтаў арганізацыі, пазначаных у статуце, была прапаганда палітычных, культурных і агульнапрызнаных чалавечых каштоўнасцяў сярод моладзі. Па словах прадстаўнікоў партыі, Міністэрства юстыцыі выступіла супраць намеру распаўсюджвання палітычнай культуры.
c.Свабоды веравызнання
Канстытуцыі 1994 і 1996 гадоў гарантуюць свабоду веравызнання; аднак, на справе гэтае права абмяжоўвалася ўладамі. Хаця абодва варыянты Канстытуцыі дэкларуюць роўнасць рэлігій і канфесій перад законам, у рэдакцыі Канстытуцыі 1996 года гаворыцца, што ўзаемаадносіны дзяржавы і рэлігійных арганізацый "рэгулююцца законам з улікам іх уплыву на фарміраванне духоўных, культурных і нацыянальных традыцый беларускага народа".
12-га чэрвеня прэм’ер-міністр і мітрапаліт Філарэт падпісалі Канкардат паміж Урадам і Беларускай праваслаўнай царквой (БПЦ), падпарадкаванай Маскоўскаму патрыярхату. Канкардат прадугледжвае аўтаномію БПЦ у яе ўнутраных справах і магчымасць карыстацца ўсімі рэлігійнымі правамі, а таксама дае БПЦ права лічыць, што яна знаходзіцца ў асобых адносінах да дзяржавы. Прызнаецца "уплыў БПЦ на фарміраванне духоўных, культурных і нацыянальных традыцый беларускага народа". Дамова заклікае ўрад і БПЦ да супрацоўніцтва ў розных сферах, уключаючы адукацыю, пашырэнне і ахову культурнай спадчыны і бяспеку. У канкардаце сцвярджаецца, што ён не абмяжоўвае рэлігійныя свабоды веруючых іншых канфесій, але тут жа змяшчаецца заклік да ўрада і БПЦ змагацца супраць неназваных “псеўдарэлігійных структур, якія з’яўляюцца небяспечнымі для асобы і грамадства”.
У 2002 годзе, нягледзячы на пратэсты міжнародных і айчынных праваабарончых арганізацый, неправаслаўных вернікаў і прыхільнікаў праваслаўнай царквы, не падначаленых БПЦ, парламент ратыфікаваў новы закон аб веравызнанні. Закон змяшчае шэраг суровых абмежаванняў, якія, па апасеннях назіральнікаў, будуць выкарыстоўвацца для ўскладнення і спынення дзейнасці рэлігійных груп, не ўваходзячых у БПЦ. Згодна закону, усе рэлігійныя арганізацыі павінны да лістапада 2004 года прайсці абавязковую перарэгістрацыю з улікам асобых патрабаванняў да колькасці членаў і тэрміну існавання рэлігійнай суполкі. Урадавыя чыноўнікі публічна заяўлялі, што ніводная з арганізацый, якія зарэгістраваліся да прыняцця закону, не згубіць свой статус, нават калі не будзе адпавядаць новым патрабаванням, але лідэры некаторых малых рэлігійных груп паставіліся да гэтых абяцанняў скептычна. Акрамя таго, закон абмяжоўвае права зарэгістраваных рэлігійных арганізацый займацца рэлігійнай адукацыяй, патрабуе ад усіх рэлігійных груп атрымліваць ад уладаў дазвол на распаўсюджванне літаратуры і забараняе іншаземцам узначальваць рэлігійныя структуры. Закон катэгарычна забараняе любую рэлігійную дзейнасць незарэгістраваных рэлігійных груп.
Урад узмацніў наступ на рэлігійныя суполкі, выкарыстоўваючы не толькі закон аб веравызнанні, але і дырэктывы, якія ўстанаўлівалі для рэлігійных груп дадатковыя правілы і патрабаванні, не акрэсленыя законам. Па звестках Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцяў (КСРН) Савета Міністраў, які кантралюе ўсе рэлігійныя пытанні, на канец года было афіцыйна зарэгістравана 26 рэлігійных канфесій, але ўлады працягвалі адмаўляць у рэгістрацыі на нацыянальным узроўні веравызнанням, якія лічылі нетрадыцыйнымі. Рэлігійныя групы, якія не змаглі атрымаць рэгістрацыю, часта былі вымушаныя збірацца нелегальна альбо ў кватэрах сваіх членаў.
У траўні і чэрвені міліцыя спыніла тры малітоўныя сходы незарэгістраванага індуісцкага аб’яднання “Святло Кайласы”, якія праходзілі ў прыватных кватэрах. У адным выпадку міліцыя вымусіла членаў групы легчы на падлогу і правяла вобыск памяшкання, якім нанесла цяжкую шкоду маёмасці.
30-га студзеня КСРН выдаў дакумент, які змяшчаў рэкамендацыі па працэдуры рэгістрацыі і перарэгістрацыі рэлігійных суполак. Рэлігійныя групы былі павінны выканаць дадатковыя патрабаванні і прадставіць пра сябе дадатковую інфармацыю. Хаця КСРН заявіў, што гэтыя рэкамендацыі, не адобраныя Міністэрствам юстыцыі, з’яўляюцца ўнутраным дакументам, мясцовыя чыноўнікі выкарысталі іх для адмовы ў рэгістрацыі рэлігійнай абшчыне “Царква Саенталогіі” у Мінску.
Акрамя закону аб веравызнанні, урад выкарыстоўваў шэраг іншых заканадаўчых актаў для ўвядзення дадатковых патрабаванняў да рэлігійных суполак. У 2002 годзе КСРН накіраваў мясцовым уладам інструкцыю з патрабаваннем апытваць меркаванні грамадства перад будовай рэлігійных будынкаў ці прыстасаваннем памяшканняў да рэлігійных патрэбаў. Па пастанове КСРН, улады могуць адмовіць у дазволе на правядзенне падобных работ, калі супраць іх выступае мясцовае насельніцтва, хаця гэта не прадугледжана законам.
Хаця грэка-каталіцкая царква мае афіцыйную рэгістрацыю, яна сустракаецца з перашкодамі з боку ўладаў з-за гістарычна склаўшыхся напружаных адносінаў з БПЦ і падкрэсленага карыстання беларускай мовай.
18-га красавіка ў дзяржаўнай газеце “Рэспубліка” быў надрукаваны артыкул, які апавядаў, што вучань адной з Магілёўскіх школ трапіў пад небяспечны ўплыў настаўніка-саентолага і быў вызвалены са стану “замбіраванасці” пасля гадавога псіхіятрычнага лячэння.
На працягу года дзяржаўная “Народная газета” працягвала публікаваць артыкулы, накіраваныя супраць пяцідзесятнікаў, што было звязана са смерцю ў 2000 годзе Ігара Арлоўскага, святара Задзіночання хрысціян веры евангельскай у горадзе Старыя дарогі. У серыі з чатырох артыкулаў працягвалася выказванне меркаванняў пра тое, што святар быў прынесены ў ахвяру евангелістамі.
1-га красавіка Мінскі гарадскі суд адобрыў пастанову раённага суда аб тым, што Яўген Новікаў, вядучы тэлевізійнай праграмы, дзе былі агучаныя гэтыя абвінавачванні, абразіў евангелістаў, і прадпісаў Новікаву прынесці публічныя прабачэнні. 21-га чэрвеня Новікаў з’явіўся ў эфіры тэлевізійнай праграмы “Па сутнасці”. Замест прабачэнняў у адрас евангелістаў, яго наступ змяшчаў шматлікія выказванні супраць пратэстантаў, сярод якіх было і выбачэнне перад членамі “сектаў”. Праграма выйшла ў эфір на дзяржаўным канале Беларускае тэлебачанне. КСРН заявіў, што Беларускае тэлебачанне адмовілася прадставіць запіс праграмы для вывучэння, і парадзіў пратэстанцкім суполкам падаць судовы іск. Далей КСРН сцвярджаў, што 23-га чэрвеня Новікаў з’явіўся ў эфіры і прынёс выбачэнні за каментарыі, зробленыя ў праграме 21-га чэрвеня, але пратэстанцкія суполкі заявілі, што такія выбачэнні не гучалі ў эфіры.
Нягледзячы на зробленую 8-га кастрычніка прэзідэнтам Лукашэнкам заяву аб тым, што ўрад не будзе забараняць дзейнасць яўрэйскай абшчыны, чыноўнікі працягвалі прадпрымаць шэраг акцый, якія высвятлілі недастатковую лаяльнасць да яўрэйскай суполкі. На працягу ўсяго года ўлады дазвалялі будаўніцтва і перазахаванне на былых яўрэйскіх могілках у Гродне і Магілёве, нягледзячы на пратэсты мясцовых і міжнародных габрэйскіх задзіночанняў. Са студзеня ў Гродне пачалася рэстаўрацыя спартыўнага стадыёна, які быў пабудаваны на месцы былога яўрэйскага цвінтара. Пад час экскаватарных работ рабочыя знайшлі рэшткі чалавечых касцей, якія былі сабраныя для далейшага перазахавання. Фатаздымкі, зробленыя габрэйскай суполкай, дэманструюць чалавечыя рэшткі, змяшаныя не толькі з грунтам, вынятым экскаватарам, але і з зямлёй, выкарыстанай для рэмонту дарожнага асфальту. У жніўні губернатар Гродна падпісаў дамову з суполкай беларускіх яўрэяў, якая дазваляла працягваць будаўнічыя работы на гэтым месцы ў тым выпадку, калі яны не прывядуць да парушэння асноўных зямельных пластоў. Нягледзячы на гэтую дамову, працягваюцца работы, правядзенне якіх звязана з парушэннем асноўных пластоў грунту. Міжнародныя і іншыя беларускія габрэйскія суполкі адмовіліся прызнаваць гэтую дамову, сцвярджаючы, што яна дазваляе ўладам працягваць апаганьванне могілак. У лістападзе губернатар Гродзенскай вобласці падпісаў іншую дамову з прадстаўніком яўрэйскай арганізацыі, якая прадугледжвала выняцце чалавечых рэшткаў, змяшаных з зямлёй і апынуўшыхся на бліжэйшай дарозе.
У чэрвені, пры інтэнсіўным ціску мясцовай яўрэйскай суполкі, якая папрасіла аб умяшанні прэзідэнта Лукашэнку, мясцовыя ўлады Магілёва забаранілі ўсе неяўрэйскія пахаванні на гарадскіх габрэйскіх могілках.
Урадавыя чыноўнікі працягвалі рабіць у СМІ антысеміцкія каментарыі. Напрыклад, у артыкуле “Assosiated Press” ад 13-га верасня, які апавядаў пра гродзенскі цвінтар і, не прыводзячы доказаў, заяўляў, што мясцовыя ўлады Мазыра апаганілі яўрэйскія могілкі і месца мяркуемага самаспалення мясцовых яўрэяў у час другой міравой вайны, Сяргей Касцян, старшыня камісіі па міжнародных справах ніжэйшай палаты парламента, адхіліў крытыку за правядзенне будаўнічых работ на месцы былых яўрэйскіх могілак. Касцян абвінаваціў яўрэяў у сеянні “этнічнай варожасці”, дадаўшы: "Можам мы [жыхары Мазыра] пакінуць горад без газу з-за яўрэяў? Я не антысеміт, але беларусы пацярпелі не менш, чым яўрэі. А цяпер усе намагаюцца сказаць, што гэта габрэі выйгралі вайну." Падчас кастрычніцкай прэс-канферэнцыі, міністр інфармацыі Уладзімір Русакевіч публічна зрабіў зняважлівыя каментарыі ў адрас яўрэяў.
У лістападзе, у інтэрв’ю “Беларускай газеце”, Сяргей Касцян заявіў, што змагаецца са спробамі “пераўтварыць Беларусь у плацдарм сіянізму”. Ён дадаў: “Калі мячэць ці сінагога стаяць на шляху развіцця горада, я лічу, што можна пусціць іх пад нож бульдозера”.
Па вызначэнні ўрада, закон дазваляе выкарыстоўваць жылую маёмасць для рэлігійных патрэбаў толькі пасля спынення яе выкарыстання з бытавымі мэтамі. Гэтае палажэнне патрабуе ад усіх рэлігійных арганізацый перарэгістраваць іх маёмасць як рэлігійную. Урадавая статыстыка за 2002 год паказвае, што 110 рэлігійных суполак, у тым ліку 34 пратэстанцкія канфесіі, зарэгістравалі сваю маёмасць устаноўленым чынам, але ўлады працягваюць адмаўляць у рэгістрацыі шматлікім пратэстанцкім цэрквам, а таксама нетрадыцыйным веравызнанням.
Урад выдаў указ, які вызначае меры па забеспячэнні публічнага парадку і бяспекі ў час публічных сходаў. Адміністрацыі вялікіх залаў спасылаюцца на гэты ўказ як на падставу адмовіць у падпісанні ці прадаўжэнні арэндных пагадненняў з рэлігійнымі суполкамі. Па словах Суполкі хрысціян поўнага Евангелля, на працягу года мінскія ўлады некалькі разоў адмаўлялі на просьбу суполкі аб арэндзе памяшкання.
Многія пратэстанцкія суполкі і прыхільнікі нетрадыцыйных рэлігій сустракаюцца з цяжкасцямі пры набыцці маёмасці. Паступалі паведамленні, што мясцовыя ўлады адмовілі каталіцкай царкве ў прадстаўленні зямельных надзелаў для будаўніцтва храмаў у Брэсцкай вобласці. Тым не менш, у сакавіку Мінскі гарвыканкам знізіў зямельны падатак для рэлігійных груп, а затым прымяніў гэтае рашэнне для выканання просьбы Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання, якое збіралася пабудаваць у Мінску мячэць, але не змагла гэтага зрабіць з-за высокага зямельнага падатку.
У 2002 годзе, нягледзячы на хадайніцтва Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы (БПАЦ), улады пасёлка Пагранічны зруйнавалі царкву БПАЦ, якую аб’явілі пабудаванай незаконна, бо дазвол на будаўніцтва тычыўся прыватнага дома. Мясцовыя суды працягвалі адмаўляць у разглядзе хадайніцтваў БПАЦ, якая прасіла адмяніць рашэнне ўрада аб недазваленні яе рэгістрацыі.
Грамадзянам не было забаронена весці рэлігійную прапаганду, але, хаця асоба мае права свабодна гаварыць пра свае рэлігійныя перакананні, улады імкнуліся прадухіліць, спыніць ці пакараць тых, хто прапагандаваў незарэгістраваныя рэлігіі. На працягу года ўлады цяжка штрафавалі і затрымлівалі членаў незарэгістраваных рэлігійных груп, якія займаліся нелегальнай рэлігійнай дзейнасцю. Міліцыя рэгулярна затрымлівала, штрафавала і арыштоўвала шматлікіх крышнаітаў за распаўсюджванне рэлігійнай літаратуры. Баптысты, пяцідзесятнікі і іншыя пратэстанты штрафаваліся за арганізацыю і правядзенне рэлігійных службаў. Па заяве КСРН, абвінавачваючыя прыгаворы па такіх справах выносіліся за парушэнне грамадскага парадку ці правядзенне недазволеных сходаў.
Закон дазваляе збірацца для малітвы ў прыватных дамах, але накладвае абмежаванні на правядзенне рытуалаў, абрадаў ці цэрэмоній у такіх памяшканнях, патрабуючы для гэтага дазволу мясцовых уладаў.
Замежным місіянерам не дазвалялася ўдзельнічаць у рэлігійнай дзейнасці за межамі тых устаноў, якія іх запрасілі. Закон прадугледжвае для іх гадавыя шматразовыя візы “для духоўнай дзейнасці”. Па звестках КСРН, у 2002 годзе ўсе просьбы аб выдачы візы з боку зарэгістраваных рэлігійных арганізацый былі задаволеныя. Статыстыка КСРН за 2002 год паказвае, што звыш за 1250 іншаземцаў прыбыло ў краіну для працы з айчыннымі рэлігійнымі суполкамі. КСРН паведаміў, што за год 956 іншаземцаў прыбылі ў краіну для супрацоўніцтва з зарэгістраванымі рэлігійнымі групамі ў сферах рэлігійнай дзейнасці, адукацыі і гуманітарнай дапамогі. Тым не менш, рэлігійныя суполкі, у тым ліку тыя, што налічваюць працяглую гісторыю існавання ў краіне, па-ранейшаму сустракаліся з цяжкасцямі пры атрыманні візаў. Члены суполкі “Хары Крышна” і пратэстанцкіх абшчын паведамлялі, што не мелі магчымасці запрашаць замежных святароў для ўдзелу ў рэлігійнай дзейнасці.
Каталіцкая царква паведаміла, што мясцовыя ўлады Гродзенскай вобласці рабілі крокі па абмежаванні колькасці замежных дзеячоў каталіцкай царквы і ў сакавіку адазвалі дазвол на пражыванне трох іншаземных каталіцкіх манашак, якія затым былі дэпартаваныя. Акрамя таго, біскупы павінны былі атрымліваць дазвол КСРН перад пераводам замежнага святара ў іншую епархію. З сакавіка гродзенскія гарадскія ўлады рэгулярна адмаўлялі ў рэгістрацыі замежным равінам, бо тыя не размаўлялі па-беларуску ці па-руску.
Абмежаванай засталася рэстытуцыя рэлігійнай маёмасці. Не была створаная прававая база для вяртання маёмасці, адабранай у час савецкай і нацысцкай акупацыі; заканадаўства абмяжоўвае рэстытуцыю маёмасці, якая выкарыстоўваецца з культурнымі ці адукацыйнымі мэтамі.
Урадавыя чыноўнікі і дзяржаўныя СМІ, а таксама падручнікі, выданыя Міністэрствам адукацыі, называлі нетрадыцыйныя веравызнанні “сектамі”, хаця такое абазначэнне не з’яўлялася афіцыйным. У сакавіку і траўні мінская суполка Свядомасці Крышны і Задзіночанне хрысціян веры евангельскай падалі паралельныя хадайніцтвы ў Генеральную пракуратуру з просьбай спыніць выкарыстанне падручніка, дзе абмяркоўваліся розныя прыкметы рэлігійных сектаў. 30-га траўня Міністэрства адукацыі назвала магчымым выкарыстанне слова “секта” у якасці навуковага тэрміна і адмовілася выключыць падручнік са звароту ці пакараць яго аўтараў. Тым не менш, Міністэрства абяцала не толькі загадаць настаўнікам прысвячаць этаму пытанню больш вучэбнага часу, але і ўлічыць заўвагі, выказаныя суполкай “Хары Крышна” і евангелістамі, пры перавыданні падручніка, а таксама змяніць тэкст, які выклікае супярэчнасці. Адчуваючы пагрозу сваёй бяспецы, якую стварала азначэнне “секты” у падручніках, некаторыя сем’і баптыстаў у Брэсцкай вобласці і Мінску вырашылі не пасылаць сваіх дзяцей у школу.
Па словах духоўнага галавы баптыстаў, вучняў страэйшых класаў у Брэсцкай вобласці рэгулярна апрошвалі наконт таго, ці наведваюць яны нядзельную школу, да якой царквы належаць і як клічуць іх пастыраў і настаўнікаў у нядзельнай школе. Затым ад гэтых настаўнікаў патрабавалі прадставіць свае праграмы ў школы, што яны зрабіць адмовіліся.
Члены аб’яднання “Святло Кайласы”, якія былі аштрафаваныя за ўдзел у несанкцыянаваных дэманстрацыях і акцыях пратэсту, паведамілі, што ўлады пагражалі ім канфіскацыяй маёмасці і высоўваннем дадатковых абвінавачванняў, калі яны не выплацяць штрафы. У сакавіку ўлады вымусілі бацькоў аднаго з членаў аб’яднання заплаціць штраф за іх сына. 15-га траўня невядомыя напалі на члена аб’яднання, выкрыкваючы антыіндуісцкія лозунгі.
У верасні і кастрычніку невядомыя рабілі спробы застрашэння сям’і святара БПАЦ Яна Спасюка.
У траўні і жніўні 2002 года скінхэды двойчы атакавалі ў цэнтры Мінска групы замежных габрэяў. У адным выпадку міліцыя прыбыла на месца падзей, але не арыштавала нападаўшых. У верасні 2002 года невядомыя напалі на равіна і яго сына каля замежнай амбасады ў Мінску. Ахова амбасады дапамагла равіну і выклікала міліцыю, якая пачала раследаванне інцыдэнта, не скончанае да канца года.
У 2000 годзе суд адмовіў у іску яўрэйскай абшчыны супраць кампаніі “Праваслаўная ініцыятыва”, якая распаўсюджвала антысеміцкую кнігу пад назвай “Вайна па законах подласці”. Па словах суддзі, кніга змяшчала навуковую інфармацыю, значыць, не падлягала юрысдыкцыі суда. На ўсе пазнейшыя абскарджанні вердыкту быў атрыманы адмоўны адказ.
Антысеміцкія матэрыялы, увезеныя з Расіі, можна было знайсці па ўсім Мінску. У красавіку некалькі лідэраў яўрэйскай абшчыны звярнуліся да ўрада з просьбай спыніць продаж “Рускага весніка”, антысеміцкай газеты, друкуемай у Расіі. У траўні ўлады загадалі забраць “Рускі веснік” з крамаў і кіёскаў. Нягледзячы на гэты загад, “Рускі веснік” працягвалі прадаваць і распаўсюджваць у Мінску. 25-га кастрычніка газету раздавалі ўдзельнікам сходу Усебеларускай асацыяцыі казакоў.
У той час як яўрэйская абшчына працягвала звяртацца да ўладаў з просьбай прадухіліць продаж антысеміцкай літаратуры, увесь год працягваўся гандаль такой літаратурай у дзяржаўных будынках, а таксама ў крамах і на мерапрыемствах БПЦ. Антысеміцкая і руская ультранацыяналістычная літаратура працягвала прадавацца ў “Праваслаўнай кнізе”, краме “Праваслаўнай ініцыятывы”, якая гандлявала праваслаўнай літаратурай і рэлігійнымі атрыбутамі. Хаця крама сцвярджала, што з’яўляецца афіцыйнай крамай БПЦ, мітрапаліт Філарэт заявіў, што падобная літаратура не адлюстроўвае адносіны БПЦ да яўрэйскай суполкі, і паабяцаў прымусіць “Праваслаўную кнігу” спыніць гэты гандаль. Тым не менш, на канец года “Праваслаўная кніга” працягвала прадаваць антысеміцкую літаратуру. Антысеміцкія выданні па-ранейшаму прадаваліся і ў кіёсках, якія распaўсюджваюць праваслаўную літараутру, у тым ліку – у кіёску, які знаходзіцца ў Нацыянальнай Акадэміі Навук.
На працягу года адбыўся шэраг актаў вандалізму супраць рэлігійных суполак. У лютым невядомыя вандалы намалявалі антымусульманскія графіці ў цэнтры Мінска. У траўні і чэрвені невядомыя апаганілі як габрэйскія, так і негабрэйскія пахаванні на трох гомельскіх цвінтарах. 25-га жніўня невядомыя ўварваліся ў прыватную кватэру і апаганілі рэлігійныя атрыбуты, якія належалі “Святлу Кайласы”, што выкарыстоўвала гэтую кватэру ў рэлігійных мэтах. 27-га жніўня невядомыя вандалы кінулі бутэльку з гаручай сумессю ў галоўны ўваход у Мінскую сінагогу. У выніку фасад быў нязначна пашкоджаны, пацярпелых не было. На працягу года невядомыя апаганьвалі помнікі Халакосту па усёй краіне, у тым ліку мемарыял ахвярам Халакоста “Яма” ў Мінску 26-га траўня і новы спомнік у Лідзе 13-га кастрычніка.
Невядомыя вандалы зрушылі крыжы, як праваслаўныя, так і неправаслаўныя, якія былі пастаўленыя ў Курапатах, месцы, дзе ў 1930-я гады НКУС забіла звыш 300000 людзей. Улады не прадпрымалі спробаў знайсці адказных за гэтыя ўчынкі.
Больш падрабязны аналіз змешчаны ў Справаздачы аб свабодзе веравызнання ў свеце.
d.Свабоды перамяшчэння ўнутры краіны, выезду за мяжу, эміграцыі і рэпатрыяцыі
Канстытуцыі 1994 і 1996 гадоў забяспечваюць права грамадзян свабодна перамяшчацца ў межах рэспублікі, жыць і працаваць там, дзе яны пажадаюць. Аднак на практыцы ўлады парушалі гэтыя правы. Пашпарт працягваў заставацца асноўным дакументам засведчання асобы і з'яўляўся неабходным як для ўнутранага перамяшчэння, так і для ўладкавання на пастаяннае месца жыхарства і рэгістрацыі ў гасцініцы.
У 1999 годзе Канстытуцыйны суд аб'явіў неканстытуцыйным артыкул Адміністрацыйнага кодэксу, які забараняе прадпрыемствам, установам і арганізацыям прымаць на работу асобаў без прапіскі ці тых, хто не мае зарэгістраванага адрасу. Паводле гэтага артыкула наймальнікі абкладваліся штрафам за прыём на работу асобаў без штампу ў пашпарце, які б сведчыў, што іх месца жыхарства і новае месца работы знаходзяцца ў адным і тым жа горадзе ці раёне. Аднак невядома, у якой ступені гэтае рашэнне суда сапраўды выконвалася мясцовымі праваахоўнымі органамі. На практыцы права грамадзяніна выбіраць месца жыхарства заставалася абмежаваным.
Афіцыйныя правілы ўезду і выезду вызначаюць, што грамадзяне, якія жадаюць выехаць за мяжу, павінны спачатку атрымаць дазвол на выезд, які дзейнічае ад 1 да 5 гадоў. Для атрымаўшых такі дазвол выезд за мяжу не абмяжоўваўся законам; аднак улады час ад часу абмяжоўвалі замежныя паездкі. Напрыклад, яны затрымлівалі выдачу дазволу на выезд і пашпартоў некаторым актывістам апазіцыі, спрабуючы перашкодзіць іх палітычнай дзейнасці за мяжой. У красавіку, пасля 17-месячнага чакання, мясцовыя ўлады выдалі пашпарты членам сям’і Яна Спасюка, святара БПАЦ.
У ліпені ўлады не дазволілі групе навучэнцаў Гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа выехаць на міжнародную Акадэмічную алмпіяду, бо тэрмін дзеяння выязной візы кіраўніка групы скончыўся. Навучальная ўстанова лічыць, што гэта была спланаваная спроба перашкодзіць паездцы вучняў.
Мікалай Маркевіч, галоўны рэдактар апазіцыйнай газеты “Пагоня”, які быў адпушчаны з месца зняволення, не змог, тым не менш, бесперашкодна выехаць за мяжу, бо быў вызвалены ўмоўна, а тэрмін яго пакарання завяршаўся толькі ў сакавіку 2004 года (гл. раздзел 2.a.).
У ліпені і жніўні 2002 года ўлады пачалі адвольнае выкарыстанне закону, што патрабуе ад тых, хто ўязджае ў прыгранічную зону, атрымліваць пропуск. Назіральнікі палічылі, што рашэнне аб выкарыстанні закону было накіраванае на тое, каб прадухіліць з’яўленне паведамленняў пра разбурэнне ў жніўні 2002 года царквы БПАЦ у прыгранічным пасёлку Пагранічны.
Закон абмяжоўвае выезд асобаў, якія маюць доступ да сакрэтнай дзяржаўнай інфармацыі; любы грамадзянін, які прыцягнуты да разбірацельства крымінальнай справы, таксама не мае права пакідаць краіну; між тым, улады, як правіла, не адмаўлялі ў дазволе на эміграцыю. Патэнцыйныя эмігранты, якім адмоўлена ў праве на выезд, могуць падаць апеляцыю ў суд.
Канстытуцыі 1994 і 1996 гадоў забяспечваюць іншаземцам і асобам без грамадзянства тыя ж правы, што і грамадзянам, за выключэннем выпадкаў, устаноўленых законам, міжнароднымі пагадненнямі ці Канстытуцыяй. Закон прадугледжвае, што дзяржава можа надаваць статус бежанца асобам, якія падпадаюць пад вызначэнне Канвецыі аб статусе бежанцаў, прынятай ААН у 1951 годзе, ці Пратакола ААН 1967 года. Згодна апошняй рэдакцыі закона аб бежанцах, усе асобы, якія звярнуліся з просьбай аб прыстанішчы ці атрымалі яго, атрымліваюць абарону ад выдачы, але ўлады часта дэпартавалі бежанцаў, якія следавалі праз краіну транзітам, назад ў Расію, хаця Упраўленне вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў (УВКСБ) не лічыць Расію бяспечнай у гэтых адносінах краінай. На працягу года прыстанішча атрымалі бежанцы з Афганістана, Азербайджана, Арменіі, Палестыны і Індыі.
Згодна абодвум варыянтам Канстытуцыі, дзяржава можа надаваць статус бежанца асобам, якія праследаваліся ў другіх краінах за свае палітычныя і рэлігійныя перакананні ці з-за сваёй нацыянальнасці. 4-га студзеня прэзідэнт Лукашэнка адобрыў новы закон аб бежанцах, распрацаваны пры ўдзеле УВКСБ, дзе здымаюцца абмежаванні тэрміну, у які іншаземцы могуць звярнуцца па атрыманне статусу бежанца, і тэрміну дзеяння статусу бежанца. Закон вызначае асобую адказнасць адпаведных дзяржаўных структур і ўстанаўлівае працэдуру звяртання па статус бежанца з боку несуправаджаемых непаўналетніх. Новы закон дазваляе асобам, якія прыбылі ў краіну праз Расію, застацца і папрасіць прыстанішча, што не было дазволена папярэднім законам. Тым не менш, УВКСБ заўважыла, што новы закон не вырашае такія праблемы, як права на ўз’яднанне сям’і пасля атрымання статусу бежанца і права тых, хто звяртаецца па атрыманне статусу бежанца, каб да іх звярталіся на зразумелай для іх мове.
Улады супрацоўнічалі з УВКСБ і іншымі гуманітарнымі арганізацыямі пры аказанні дапамогі бежанцам. З 1997 года з просьбай аб атрыманні статусу бежанца звярнулася 1076 чалавек, 719 з іх атрымалі такі статус. На канец года ў краіне знаходзілася 630 асобаў, прызнаных бежанцамі, большасць была з Афганістана, Грузіі, Арменіі, Азербайджана, Таджыкістана і Эфіопіі. На працягу года было падана 138 прашэнняў аб прыстанішчы, 63 з іх было задаволена, а пяць на канец года заставаліся невырашанымі. У 2002 годзе УВКСБ адчыніла цэнтр у Віцебску, які прапанаваў часовае размяшчэнне 30 асобам.
Раздзел 3. Шанаванне палітычных правоў: права грамадзян на змену ўрада
Рэжым эфектыўна адмаўляў грамадзянам у праве на змену ўрада. Прэзідэнт кантралюе ўсе галіны ўлады. З таго часу, як у ліпені 1994 года Лукашэнка быў абраны першым прэзідэнтам краіны на 5-гадовы тэрмін, ён няспынна кансалідаваў уладу ў выканаўчай галіне. У лістападзе 1996 года быў праведзены рэферэндум для ўнясення паправак ў Канстытуцыю 1994 года, якія пашырыў ўладу Прэзідэнта і падоўжыў тэрмін яго паўнамоцтваў, пры гэтым была праігнараваная пастанову Канстытуцыйнага суда аб тым, што Канстытуцыя не можа быць зменена шляхам рэферэндуму. У выніку палітычная сістэма грунтуецца на Канстытуцыі 1996 года, прынятай неканстытуцыйным шляхам.
Канстытуцыя 1996 года абмяжоўвае працу заканадаўчай улады двумя сесіямі ў год, агульная працягласць якіх не перавышае 170 дзён. Прэзідэнцкія дэкрэты, выданыя паміж заканадаўчымі сесіямі, маюць сілу закону, за выключэннем некалькіх выпадкаў, агавораных у Канстытуцыі 1996 года. Канстытуцыя 1996 года таксама дае Прэзідэнту права выдаваць дэкрэты, якія маюць сілу закону, пры агавораных надзвычайных абставінах, але Лукашэнка тлумачыць гэтае палажэнне шырока.
2-га сакавіка прайшлі выбары ў мясцовыя органы ўлады, якія не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі. Дэлегацыя Працоўнай групы Парламенцкай Асамблеі АБСЕ вызначыла ў сярэдзіне лютага, што ўрад пачаў не сапраўдны працэс дэмакратызацыі, а, наадварот, наступ на правы чалавека, свабоду друку і палітычыя свабоды, якія значна скараціліся з часу папярэдніх выбараў. Цэнтральны выбарчы камітэт (ЦВК) поўнасцю складаўся з прыхільнікаў Лукашэнкі. Працоўная група зазначыла, што з 13 446 членаў мясцовых выбарчых камісій, якія былі прызначаныя мясцовымі выканкамамі, толькі 61 чалавек прадстаўляў палітычныя партыі і толькі 30 – апазіцыйныя партыі. Чыноўнікі ЦВК заявілі, што вопыт папярэдніх выбараў паказаў неабходнасць удзелу членаў ЦВК у складзе камісій. Гэта аблегчыла ўладам кантроль над членамі выбарчых камісій.
Мясцовыя выбары былі азначаныя папярэднім галасаваннем, падменай бюлетэняў і фальсіфікацыяй падліку галасоў. Прыблізна 14 працэнтаў выбаршчыкаў прагаласавала за 4 дні да мясцовых выбараў. Дзяржаўныя прадпрыемствы на аўтобусах прывозілі сваіх супрацоўнікаў на выбарчыя ўчасткі для папярэдняга галасавання і, у некаторых выпадках, патрабавалі доказы таго, што іх працаўнік прагаласаваў. Апазіцыйныя суполкі скардзіліся, што ўрны, у якія былі апушчаныя бюлетэні папярэдняга галасавання, не ахоўваліся паміж галасаваннем і падлікам галасоў.
ЦВК не запрасіў да ўдзелу у выбарах міжнародных назіральнікаў. На выбарах прысутнічаў 8491 назіральнік, але 5294 з іх былі накіраваныя дзяржаўнымі працоўнымі калектывамі. Назіральнікі ад апазіцыі паведамлялі аб маніпуліраванні бюлетэнямі і пратаколамі падліку галасоў і аб абмежаванні доступу назіральнікаў да выбарчых участкаў як аб найбольш пашыраных парушэннях выбарчай працэдуры. Напрыклад, узброеныя міліцыянеры вымусілі назіральніка пакінуць выбарчы ўчастак у Брэсце пасля таго, як ён папрасіў дазволу зрабіць фотаздымкі. Апазіцыйным назіральнікам забаранілі прысутнічаць пры галасаванні ў бальніцах Брэста і Гродна, пасля чаго на гэтых участках выявілася ўпэўненая перамога праўрадавых кандыдатаў. Акрамя таго, назіральнікі паведамлялі аб парушэннях пры падліку галасоў. Дэпутаты Нацянальнага Сходу, якія прысутнічалі пры галасаванні ў Мінску, паведамілі, што ў Мінскім раёне не было ўлічана 600 галасоў у падтрымку кандыдата ад апазіцыі. Член апазіцыйнай партыі, які ўваходзіў у склад выбарчай камісіі ў Гродне, заявіў, што яго папрасілі падпісаць пратакол выдачы бланкаў бюлетэняў да пачатку галасавання “для эканоміі часу”. Пасля выбараў дэпутаты Нацыянальнага сходу ініцыявалі афіцыйнае раследаванне падлогу галасоў у Мінскай выбарчай акрузе Малінінская. Аднак следчы, які вёў справу, быў звольнены пасля таго, як скончыў раследаванне, а матэрыялы яго справаздачы не былі абнародаваныя.
Апазіцыйныя партыі сустракаліся з цяжкасцямі пры рэгістрацыі сваіх кандыдатаў; у большасці акругаў праўрадавыя кандыдаты заставаліся без канкурэнцыі. Кандыдатам ад партый часта не дазвалялі рэгістрацыю з-за дробных тэхнічных недахопаў у рэгістрацыйных бланках і дэкларацыях аб маёмасці. Шматлікія кандыдаты ад апазіцыйных партый, якія паспяхова прайшлі рэгістрацыю, беспадстаўна пазбаўляліся рэгістрацыі непасрэдна перад выбарамі. Большасць выпадкаў скасавання рэгістрацыі адбылося ў Мінску. Сяргей Чыслоў быў пазбаўлены рэгістрацыі перад самымі выбарамі за паказ антыўрадавых фільмаў сваім прыхільнікам. За дзень да выбараў кандыдаты ад апазіцыі Сяргей Альфер, Яўген Лабановіч, Іван Лабачоў, Святлана Каралёва і Раіса Міхайлоўская былі пазбаўленыя рэгістрацыі за размяшчэнне лістовак у неналежных месцах і інтэрв’ю незалежным газетам.
З 25 805 кандыдатаў, якія змагаліся за 24 012 пасадаў, толькі 693 былі прадстаўнікамі апазіцыйных партый. Спробы ўладаў сфальсіфікаваць выбары былі найбольш заўважнымі ў Мінску і Мінскай вобласці. Пралукашэнкаўская Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя была адзінай партыяй, кандыдаты ад якой перамаглі на выбарах у Мінску. Апазіцыйныя партыі дабіліся большых поспехаў за межамі сталіцы, атрымаўшы 269 перамогаў.
Назіраліся выпадкі адкрытага ціску. Напрыклад, у Барысаве мясцовыя правахоўныя органы загадалі аднаму з кандыдатаў пакінуць горад на перыяд выбараў. За 2 тыдні да гэтага ён паведамляў, што міліцыя двойчы абшукала яго дом.
23-га лістапада ў Белаазёрску адбыліся паўторныя выбары для запаўнення 12 вакантных месцаў у гарадскім выканаўчым савеце. Белаазёрск быў адзіным горадам, дзе ў перыяд сакавіцкіх выбараў большасць складалі кандыдаты ад апазіцыі, і адзіным горадам, дзе праводзіліся паўторныя выбары. З 10 зарэгістраваных кандыдатаў 4 выйшлі з барацьбы з-за ціску працадаўцаў і мясцовых чыноўнікаў. Праўрадавыя кандыдаты занялі 9 месцаў у дзень выбараў і адно месца на дадатковых выбарах 4-га снежня. Незалежныя назіральнікі заявілі аб шматлікіх парушэннях Выбарчага кодэксу і правядзенні ў мясцовай прэсе кампаніі па дыскрэдытацыі кандыдатаў ад апазіцыі.
Прэзідэнцкія выбары 2001 года, на якіх быў перавыбраны Лукашэнка, былі названы АБСЕ нелегітымнымі па сваёй сутнасці. АБСЕ паведамляла, што ўмовы, створаныя за некалькі месяцаў да выбараў, прадухілялі магчымасць правядзення свабодных, справядлівых і адкрытых выбараў. Рэжым не забяспечыў роўныя магчымасці для ўсіх бакоў і інфармаванне грамадскасці аб усіх наяўных кандыдатах. Працэдура галасавання і падліку галасоў стала яшчэ большым парушэннем права грамадзян на змену ўрада. Па паведамленнях АБСЕ/БДIПЧ, працэдура галасавання (у тым ліку перанасныя урны для галасавання і папярэдняе галасаванне) і абыходжанне з бюлетэнямі давалі шэраг магчымасцяў для маніпуляцый вынікамі выбараў. Парламенцкія выбары 2000 года таксама не адпавядалі міжнародным нормам па падобных прычынах.
Урад выкарыстоўваў розныя сродкі для застрашэння апазіцыйных лідэраў і аб’яднанняў і абмежавання магчымасцяў для іх арганізацыі і распаўсюджвання сваіх поглядаў. Урад пачаў закрыццё незалежных газет і НДА (гл. раздзелы 2.a. і 2.b.), што было ўспрынята грамадскасцю як падрыхтоўка да выбараў 2004 года. У 2002 годзе ўлады дадалі да Крымінальнага кодэксу тры артыкулы, дзе паклёп на Прэзідэнта быў названы крымінальным злачынствам. Гэтыя артыкулы выкарыстоўваліся для пакарання не толькі апазіцыйных партый, але і ўсіх незалежных СМІ (гл. раздзел 2.a.). На працягу года ўлады прыкладвалі непамерныя намаганні для разгону дэманстрацый, якія праводзіліся апазіцыйнымі партыямі (гл. раздзел 1.c.).
27-га сакавіка прэзідэнт Лукашэнка агучыў планы па ўвядзенні дзяржаўнай ідэалогіі. У той час як канкрэтны змест ідэалогіі застаўся неясным, прэзідэнт Лукашэнка і іншыя ўрадавыя чыноўнікі заявілі, што ідэалогія павінна грунтавацца на ідэалах незалежнасці, лаяльнасці да дзяржавы, “усім пазітыўным вопыце, які краіна назапасіла, калі была часткай СССР” і БПЦ і падтрымліваць адпаведныя ідэалы. Урад выдаткаваў 2,14 мільёна долараў (4,5 більёна рублёў) і стварыў “інфармацыйна-прапагандысцкія” групы для правядзення ідэалагічнага інструктажу на рабочых месцах у трэці чацвер кожнага месяца.
Нягледзячы на тое што творцы гэтай ідэалогіі невядомыя, Лукашэнка абавязаў чыноўнікаў і вучоных уводзіць дзяржаўную ідэалогію і загадаў ураду стварыць механізмы для распаўсюджвання ідэалогіі праз дзяржаўныя СМІ, адукацыйныя ўстановы і праўрадавыя моладзевыя арганізацыі, такія як Беларускі Рэспубліканскі Саюз Моладзі.
Колькасць жанчын у парламенце складала 14 з 110 дэпутатаў у ніжэйшай палаце і 19 з 63 – у вышэйшай. За выключэннем судовай сістэмы, для жанчын дзейнічалі сацыяльныя бар’еры, мужчыны займалі практычна ўсе кіруючыя пасады. Міністры сацыяльнай аховы і аховы здароўя былі адзінымі жанчынамі ў складзе Савета Міністраў. Жанчынамі былі старшыня ўрадавага Цэнтральнага выбарчага камітэта і кіраўнік справамі Прэзідэнта.
Краіна была этнічна гамагеннай, большасць нацыянальных меншасцяў даўно асімілявана. Этнічныя супярэчнасці былі нязначнымі, прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў удзельнічалі ў вышэйшых урадавых структурах.
Раздзел 4. Адносіны ўладаў да расследавання міжнароднымі і недзяржаўнымі арганізацыямі магчымых парушэнняў правоў чалавека
У рэспубліцы дзейнічала некалькі мясцовых праваабарончых арганізацый, аднак іх члены паведамлялі, што ўлады перашкаджалі іх спробам раследаваць магчымыя парушэнні правоў чалавека. Урад кантраляваў перапіску і тэлефонныя размовы НДА (гл. раздзел 1.f) і ажыццяўляў ціск на НДА праз бюракратычныя меры. На працягу года ўлады рэгулярна ігнаравалі даклады праваабарончых НДА і не сустракаліся з іх прадстаўнікамі. Афіцыйныя дзяржаўныя СМІ не асвятлялі дзейнасць праваабарончых НДА, а незалежныя СМІ, якія гэта рабілі, зачыняліся і падвяргаліся ганенням (гл. раздзел 2.a.).
Цягам года ўлады зачынілі большасць з асноўных зарэгістраваных праваабарончых НДА і рэсурсных цэнтраў НДА (гл. раздзел 2.b.). Па законе, Міністэрства юстыцыі можа пачаць працэдуру закрыцця НДА пасля двух папярэджанняў. Сярод асноўных прычын вынясення папярэджанняў былі выкарыстанне неадпаведнай для арганізацыі пячаткі; кватэрны, а не адміністрацыйны паштовы адрас; фальсіфікацыя подпісаў падчас рэгістрацыі; недакладнасці ў афармленні бланка арганізацыі. Дзейнасць ўрада была накіравана перш за ўсё на арганізацыі, якія ўдзельнічалі ў выбарах у якасці назіральнікаў. 28-га кастрычніка Вышэйшы суд вынес пастанову аб закрыцці “Вясны”, аднаго з найбольш вядомых праваабарончых НДА краіны. Суд абверг абвінавачванні пракурора, які сцвярджаў, што “Вясна” фальсіфікавала подпісы сваіх членаў, але зачыніла НДА за парушэнні, зробленыя ў 2001 годзе, калі “Вясна” удзельнічала ў прэзідэнцкіх выбарах як назіральнік.
19-га жніўня Міністэрства юстыцыі вынесла папярэджанне Беларускаму Хельсінскаму камітэту, другому вядомаму праваабарончаму НДА, за адсутнасць двукоссяў на яго бланку і пячатцы. Пасля другога папярэджання Беларускі Хельсінскі камітэт павінны быць зачынены. 17-га чэрвеня Гомельскі абласны суд зачыніў гомельскі рэсурсны цэнтр “Грамадзянская ініцыятыва”, сцвярджаючы, што арганізацыя выкарыстоўвае замежную дапамогу з незаконнымі мэтамі. 9-га ліпеня Брэсцкі абласны суд зачыніў рэсурсны цэнтр “Варута” у Баранавічах на той падставе, што “Варута” скарачае сваю назву ва ўнутраных дакументах і лічыць сябе арганізацыяй, а не асацыяцыяй, як гэта прадугледжана яе рэгістрацыяй. 31-га ліпеня Віцебскі абласны суд зачыніў Цэнтр моладзевай ініцыятывы “Контур” у Віцебску за падаткавыя парушэнні і несупадзенне месца фактычнага размяшчэння з зарэгістраваным адрасам. 10-га верасня Незалежнае таварыства прававых даследаванняў атрымала трэцяе папярэджанне за распаўсюджванне бюлетэня незарэгістраванай арганізацыі, і Міністэрства юстыцыі можа ў любы момант пачаць працэдуру закрыцця Таварыства.
21-га жніўня Гродзенскі гарадскі суд забараніў дзейнасць рэсурснага цэнтра “Ратуша” у Гродне за ўтрыманне і выкарыстанне лічбавай друкарскай машыны “Рызограф” без ліцэнзіі на выдавецкую дзейнасць. НДА шмат разоў намагалася падарыць гэтую машыну коштам некалькі тысячаў долараў, але ніводнае з НДА не мела ліцэнзіі на выдавецкую дзейнасць, а Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт адмовіўся прыняць падарунак. 2-га верасня Міністэрства юстыцыі вынесла папярэджанне Фонду Льва Сапегі, папярэдне выслаўшы члена Маладых сацыялістаў Германіі Яна Буша, які прыехаў для ўдзелу у семінары, фінансуемым Фондам.
Незалежныя назіральнікі палічылі закрыццё НДА і рэсурсных цэнтраў НДА палітычна матываваным. 16-га кастрычніка суддзя Вышэйшага суда зачыніў Фундацыю братоў Луцкевічаў за выкарыстанне неадпаведнай пячаткі і прыстасаванне кватэры пад офіс. Фундацыя займалася гістарычнымі даследаваннямі, сацыяльнымі і культурнымі праектамі. Улады зачынілі некалькі іншых культурных і грамадскіх НДА, сярод якіх “Касіяпея”, “Жаночы адказ” і НДА, якія абаранялі правы жанчын. Шэраг іншых НДА атрымаў папярэджанні, напрыклад, “Карані”, гістарычнае НДА ў Лоеве, Гомельскае Аб’яднанне дзяцей і моладзі і “Рука дапамогі”, якая займалася дапамогай вязням.
У дадатак да санкцый да НДА, уведзеных у мінулыя гады, 17-га снежня прэзідэнт Лукашэнка падпісаў указ, які вызначыў пакаранні за дзейнасць арганізацый, не зарэгістраваных Міністэрствам юстыцыі. Вінаватыя ў падобных парушэннях могуць быць аштрафаваныя на суму ад 80 да 400 долараў (175 000—857 000 рублёў), паўторнае парушэнне караецца штрафам ад 400 да 800 долараў (875 000—1 750 000 рублёў) ці пазбаўленнем волі на тэрмін да 15 дзён. Акрамя таго, закон забараняе СМІ распаўсюджваць інфармацыю, прадстаўленую незарэгістраванымі арганізацыямі. Атрыманне дапамогі з замежных крыніц было забаронена НДА яшчэ раней.
На працягу года раптоўныя і беспадстаўныя падаткавыя праверкі былі менш распаўсюджаны, чым у час выбарчай кампаніі 2001 года, але гэтая праблема захавалася. З 1-га студзеня па 16-е ліпеня Міністэрства юстыцыі правяло пяць праверак праваабарончага НДА “Вясна”. У ходзе кожнай праверкі разглядаліся ўсе пратаколы арганізацыі, яе дзейнасць і агульныя палажэнні.
Недастатковая ўвага да правоў чалавека ў краіне працягвала выклікаць заклапочанасць многіх міжнародных праваабарончых арганізацый. У цэлым, улады былі гатовыя абмяркоўваць правы чалавека з прадстаўнікамі міжнародных НДА, якім было дазволена наведаць краіну, але членам шэрагу НДА было адмоўлена ў дазволе на ўезд. Улады працягвалі наступ, часта з дапамогай падаткаў, на міжнародныя НДА, якія працуюць у краіне.
Камісія ААН па правах чалавека ў сваёй рэзалюцыі выказала крытыку у адрас урада і рэкамендавала яму правесці адкрытае раследаванне знікненняў вядомых актывістаў апазіцыі і часова адстраніць ад выканання абавязкаў ці зняць з пасады тых, хто падазраецца ва ўдзеле ў гэтых знікненнях (гл. раздзел 1.b.). Рэзалюцыя падкрэсліла таксама неабходнасць незалежнага правасуддзя, вызвалення журналістаў, зняволеных па палітычных прычынах, узгаднення дзейнасці міліцыі і органаў бяспекі з Міжнароднай канвенцыяй аб грамадзянскіх і палітычных правах і разнастайнага супрацоўніцтва с Камісіяй па правах чалавека.
Парламенцкая Асамблея Савета Еўропы (ПАСЕ) прызначыла прадстаўніка Кіпра Хрыстаса Пургурыдэса спецыяльным дакладчыкам для раследавання знікненняў Красоўскага, Ганчара, Захаранкі і Завадскага. Пургурыдэс быў выбраны пасля таго, як улады адмовілі ў дазволе на ўезд расійскаму праваабаронцу Сяргею Кавалёву. Пургурыдэс паведаміў, што ў снежні, у час чацвёртага наведвання ім Беларусі, некалькі сустрэчаў было адменена пасля таго, як улады здолелі атрымаць копію чарнавіка яго справаздачы, якую палічылі занадта крытычнай. На канец года справаздача не была апублікавана.
У 2002 годзе ўлады адмовіліся падоўжыць візы прадстаўнікам Кансультатыўна-назіральнай групы АБСЕ, вымусіўшы іх спыніць свае паўнамоцтвы ў кастрычніку 2002 года. Наступная місія афіцыйна пачала дзейнасць у студзені, на падставе дамовы, падпісанай урадам і АБСЕ у снежні 2002 года, але на справе офіс АБСЕ у Мінску узнавіў сваю актыўнасць толькі ў сакавіку. На працягу года не было праведзена ніводнага праекта працоўнай групы Адкрытага грамадства. Па звестках АБСЕ, старшыня камітэта па свабодзе друку Фрэймут Дувэ і некалькі яго асістэнтаў звярталіся з просьбай аб адкрыцці ўязных візаў для правядзення шэрагу сустрэч 1-га і 2-га верасня, але ўлады зацягвалі разгляд справы, пакуль не прайшоў дзень мяркуемага ўезду.
Раздзел 5. Дыскрымінацыя па прыкметах расы, полу, інваліднасці, мовы ці сацыяльнага статусу
Канстытуцыі 1994 і 1996 гадоў дэкларуюць, што ўсе грамадзяне роўныя перад законам і маюць права на роўную ахову сваіх правоў і законных інтарэсаў, аднак у канстытуцыі няма спецыяльнай забароны дыскрымінацыі па прыкметах расы ці полу. Дыскрымінацыі падвяргаліся расавыя і нацыянальныя групы, жанчыны і інваліды.
Згодна Праграме развіцця ААН (ПРААН), афіцыйнай дыскрымінацыі людзей, хворых на ВІЧ/СНІД, не было. Тым не менш, такія асобы падвяргаліся грамадскай дыскрымінацыі. Людзі, інфіцыраваныя ВІЧ, асцерагаліся прызнацца ў гэтым з-за баязні прадузятага стаўлення, заснаванага на недастатковым разуменні прыроды гэтага віруса. Нават для дактароў былі характэрныя моцны страх перад СНІД і недастатковыя веды пра гэтую хваробу. ПРААН паведамляе, што толькі вельмі абмежаваная частка медыцынскага персаналу працуе з хворымі на ВІЧ/СНІД пацыентамі і што існуе адзінае аддзяленне ў адзінай бальніцы, дзе могуць нарадзіць ВІЧ-інфіцыраваныя жанчыны. У турмах ВІЧ-інфіцыраваныя сустракаюцца з жорсткай дыскрымінацыяй, іх утрымліваюць асобна, каб звесці да мінімуму рызыку атрымання траўмы ці нават смерці ад рук іншых зняволеных.
Жанчыны
Хаця афіцыйная статыстыка не была даступная, жаночыя арганізацыі паведамлялі, што насілле ў сям’і, уключаючы жорсткае абыходжанне мужоў з жонкамі, заставалася сур’ёзнай праблемай. Жаночы фонд развіцця ААН (ЮНІФЕМ) правёў сумесна с Беларускай асацыяцыяй маладых хрысціянскіх жанчын даследаванне, якое паказала, што тры чвэрці дарослага насельніцтва ўсведамляюць праблему хатняга насілля супраць жанчын. Даследаванне выявіла таксама, што кожная трэцяя жанчына атрымлівала пабоі ад свайго мужа ці сэксуальнага партнёра. У 2002 годзе Міністэрства працы і сацыяльнай аховы загадала стварыць крызісныя цэнтры, якія НДА адчынілі на працягу года, перш за ўсё у Мінску.
Жорсткае абыходжанне з членамі сям’і караецца па Крымінальным і Адміністрацыйным кодэксах. Няжорсткае збіенне караецца штрафам ці зняволеннем на тэрмін да 15 сутак, а больш сур’ёзная правіннасць можа быць пакараная турэмным зняволеннем на тэрмін да 15 гадоў. Жаночыя арганізацыі адзначалі, што міліцыя ў цэлым прымяняла закон супраць насілля ў сям’і і што суды, як правіла, выносілі азначаныя прыгаворы. Галоўнай праблемай заставалася паўсюднае нежаданне жанчын заяўляць аб выпадках насілля ў сям’і з-за страху помсты і грамадскага асуджэння. Праблемай засталося згвалтаванне. Закон супраць гвалтаўнікоў існуе, аднак большасць жанчын не заяўляе пра гвалт з-за сораму ці страху, што міліцыя абвінаваціць саму ахвяру.
Хаця ўлады і мясцовыя праваабаронцы паведамлялі, што прастытуцыя яшчэ не стала значнай праблемай, шматлікія канкрэтныя сведчанні паказваюць, што яна расце, асабліва ў аддаленых мясцовасцях. Згодна з афіцыйнай статыстыкай, са студзеня па верасень 2002 года ў Віцебскай вобласці за ўтрыманне публічных дамоў было прыцягнута да адказнасці 13 чалавек. З пагаршэннем эканамічнага становішча працягвала расці вулічная прастытуцыя, групы прастытутак працавалі ў дзяржаўных гасцініцах. Па апошняй інфармацыі, прадстаўленай Міністэрствам унутраных спраў, у 2002 годзе каля 50 беларускіх жанчын было дэпартавана з замежных краін за заняцце прастытуцыяй. Сур’ёзнай і нарастаючай праблемай з’яўляўся гандаль жанчынамі (гл. раздзел 6.f.).
Паведамленні пра сексуальныя дамаганні былі шырока пашыраныя, але для барацьбы з гэтай з’явай не існуе асобных законаў, акрамя тых, што караюць за фізічны напад.
Закон патрабуе роўнай заработнай платы за аднолькавую працу, аднак на практыцы гэта не заўсёды выконвалася. Жанчыны мелі значна меншыя магчымасці заняць вышэйшыя кіруючыя пасады. Згодна Беларускаму саюзу жанчын, жанчыны займалі толькі 3 % кіруючых пасадаў у сферы аховы здароўя, 5 % – у навуцы і 6 % у прамысловасці, хаця складалі 53 % насельніцтва. Жанчыны расказвалі, што пры найме на працу наймальнікі часта ўлічвалі, ці мае жанчына дзяцей.
Сярэдні ўзровень адукацыі жанчын быў вышэйшы, чым у мужчын. Жанчыны складалі прыблізна 58 % усіх работнікаў з вышэйшай адукацыяй і каля 66 % працаўнікоў з сярэднеспецыяльнай адукацыяй. Тым не менш, ад двух трэцяў да трох чвэрцяў працаўнікоў з вышэйшай адукацыяй (пераважна жанчын) жыло за афіцыйнай мяжой беднасці. Жанчыны былі роўныя з мужчынамі па законе ў адносінах валодання маёмасцю і наследавання.
Актыўна дзейнічалі жаночыя арганізацыі, якія канцэнтравалі ўвагу перш за ўсё на такіх праблемах, як дабрабыт дзяцей, стан навакольнага асяроддзя (асабліва наступствы Чарнобыля), захаванне сям’і, прасоўванне жанчын на кіруючыя пасады і падтрымка жанчын-прадпрымальнікаў. Падчас сакавіцкіх выбараў у мясцовыя саветы 7000 прадстаўніц Беларускага саюзу жанчын працавала ў выбарчых камісіях, 12 жанчын было абрана ў Мінскі гарадскі савет дэпутатаў. У 2002 годзе ў Полацку адбыўся Беларускі жаночы форум, мэтай якога была распрацоўка стратэгіі паляпшэння становішча беларускіх жанчын. У траўні старшыня Хрысціянска-дэмакратычнага руху Беларусі Людміла Пеціна правяла канферэнцыю па пытаннях роўнасці палоў у палітыцы. Другая міжнародная канферэнцыя, праведзеная ў снежні, была прысвечаная праблемам жанчын, адукацыі і дэмакратыі. Праект ПРААН “Падтрымка пашырэння грамадскага ўплыву жанчын у Рэспубліцы Беларусь”, пачаты ў 2002 годзе, на працягу года ажыццяўляўся Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам пры ўдзеле Міністэрства працы і сацыяльнай аховы і быў накіраваны на рост удзелу жанчын у вырашэнні ключавых пытанняў грамадска-палітычнай, заканадаўчай і прафесійнай сферы. Актыўна дзейнічала жаночая палітычная партыя (гл. раздзел 3).
Дзеці
Улады займаліся праблемамі дзіцячага дабрабыту і аховы здароўя, ў асаблівасці – пераадольвання наступстваў Чарнобыльскай ядзернай катастрофы. Яны імкнуліся прысвяціць дзецям асаблівую ўвагу, выкарыстоўваючы замежную фінансавую дапамогу. На працягу года Беларускі дзіцячы хоспіс адчынiў, у дадатак да Мінскага хоспіса, тры абласныя аддзяленні ў Віцебску, Гомелі і Магілёве. Гэтыя ўстановы забяспечвалі медыцынскі дагляд паміраючых дзяцей, праводзілі летнія лагеры для дзяцей, якім патрэбна псіхалагічная рэабілітацыя, абучалі медыцынскіх сёстраў, медыцынскіх работнікаў і бацькоў. У адпаведнасці з законам, усе жыхары рэспублікі, уключаючы дзяцей, мелі права на бясплатную ахову здароўя. Не паведамлялася пра неаднолькавае абыходжанне з дзяўчынкамі і хлопчыкамі ў сферы аховы здароўя ці адукацыі. Дзеці пачынаюць навучанне ў школе ва ўзросце 6 гадоў і абавязаны скончыць 9 класаў, хоць ўлады забяспечвалі бясплатную 11-гадовую адукацыю і пачалі распрацоўку 12-гадовай адукацыйнай праграмы. Бясплатная вышэйшая адукацыя таксама была даступная на конкурснай аснове. Сем’і з дзецьмі працягвалі атрымліваць сімвалічныя дзяржаўныя ільготы, такія як ільготны праезд у транспарце.
Хаця ўрад не вёў статыстыку па выпадках дрэннага абыходжання з дзецьмі, такія выпадкі мелі месца. Тым не менш, жорсткае абыходжанне з дзецьмі не стала сацыяльным стандартам. У друку паведамлялася, што 31-га снежня ўлады Пінска ў Брэсцкай вобласці адчынілі прытулак для дзяцей, бацькі якіх былі пазбаўленыя бацькоўскіх правоў за жорсткае ці абыякавае стаўленне да дзяцей. Пінск быў трэцім горадам у Брэсцкай вобласці, дзе з’явіўся прытулак для сірот; першыя два прытулкі адчыніліся ў Брэсце і Баранавічах. З дапамогай ЮНІСЕФ была створана сець з 23 НДА, якія працуюць для дзяцей і з дзецьмі. Частка ЮНІСЕФ, Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА, аналагічная НДА, ажыццяўляла праект пад назвай “Універсітэт правоў дзіцяці”, сістэма навучання аднагодкаў “роўны-роўнаму” у сферы правоў дзіцяці, у межах якой юрыст, настаўнік і інструктар праводзілі семінары для рэгіянальных каардынатараў, якія, у сваю чаргу, абучалі настаўнікаў і вучняў старэйшых класаў. Затым гэтыя каманды праводзілі семінары ў навучальных установах. Мэтай семінараў было асвятленне пытанняў правоў дзіцяці, важных для кожнай школы. НДА “Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам” праводзіла раз’ясненне правоў дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў.
Існавала праблема гандлю дзяўчынкамі (гл. раздзел 6.f.).
Людзі з абмежаванымі магчымасцямі
Праблему прадстаўляла дыскрымінацыя асобаў з фізічнымі недахопамі ў пытаннях занятасці, адукацыі і іншых сацыяльных паслуг, як і іх сацыяльная дыскрымінацыя. Закон патрабуе для асобаў з фізічнымі недахопамі магчымасці карыстацца грамадскім транспартам і жылымі памяшканнямі, наведваць прадпрыемствы і ўстановы. Аднак грамадскія службы, уключаючы транспарт і адміністрацыйныя будынкі, часта былі недаступнымі для інвалідаў. Праграма, накіраваная на забеспячэнне занятасці і медыцынскай дапамогі для асобаў з фізічнымі недахопамі, прынятая ў 2001 годзе, адчувала недахоп фінансавання. Урад абяцаў да канца года пераабсталяваць не менш аднаго ці двух грамадскіх цэнтраў у абласных і раённых гарадах так, каб там можна было перамяшчацца ў інваліднай калясцы, але, па звестках Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў, да канца года такія работы скончыліся не ўсюды. У многіх выпадках меўся пандус на ўваходзе, але ўнутры не было прыстасаванняў для перамяшчэння на калясцы, што на практыцы рабіла будынак недаступным для інвалідаў. Тым не менш, многія прыватныя пабудовы былі прыстасаваныя для карыстання імі людзьмі з фізічнымі недахопамі.
Па вызначэнні Беларускага таварыства інвалідаў, урад зрабіў некаторыя крокі, якія выклікалі заклапочанасць сярод грамадзян з цяжкімі фізічнымі захворваннямі. Рашэнне ўладаў падтрымліваць толькі дзяржаўныя рэабілітацыйныя цэнтры для інвалідаў, якія даражэй абыходзяцца дзяржаве і менш зручныя для пацыентаў, чым аналагічныя ўстановы, якія кіруемыя НДА, адмоўна адбілася на якасці дагляду інвалідаў. Акрамя таго, дзяржава паменшыла падаткавыя льготы для наймальнікаў, якія выкарыстоўвалі пераважна працу інвалідаў, і адмяніла шэраг агульных гарантый занятасці для інвалідаў.
12-га траўня Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў арганізавала акцыю пратэсту супраць няздольнасці ўрада выконваць канстытуцыйныя правы людзей з фізічнымі недахопамі і клапаціцца пра іх інтарэсы. Па словах Сяргея Драздоўскага, кіраўніка Нацыянальнай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў, урад не змог ажыццявіць праграму па перапланаванні месцаў грамадскага карыстання ў Мінску з мэтай забеспячэння магчымасці доступу ў іх інвалідаў, хаця абяцаў гэта зрабіць.
Цэнтральныя ўлады працягвалі выдаваць інвалідам мінімальныя субсідыі, замежныя і айчынныя дабрачынныя арганізацыі апекаваліся дзецьмі з фізічнымі недахопамі. У 2002 годзе Міністэрства юстыцыі зарэгістравала дабрачынную арганізацыю “Алеся”, дзейнасць якой накіравана на забеспячэнне медыцынскай дапамогі і адукацыйнай падтрымкі асірацелым дзецям і дзецям-інвалідам.
Нацыянальныя, расавыя і этнічныя меньшасці
Згодна закону, руская і беларуская мовы маюць аднолькавы статус, але ўрад перыядычна праводзіў ганенні на тых, хто карыстаўся беларускай мовай альбо падтрымліваў беларускі нацыяналізм. Улады працягвалі перашкаджаць распаўсюджванню ці вывучэнню беларускай мовы навучэнцамі, абмяжоўваючы магчымасць атрымання пачатковай адукацыі на беларускай мове, што з’яўлялася часткай намаганняў ўрада па прапагандзе саюзу з Расіяй і змяншэнні ўплыву апазіцыі. У Мінску толькі 11 з 242 сярэдніх школ вялі навучанне на беларускай мове. У іншых гарадах гэтая дыспрапорцыя была значна большай. Улады працягвалі заяўляць, што закрываюцца толькі тыя школы з навучаннем на беларускай мове, дзе скарачаецца колькасць вучняў, але назіральнікі падверглі гэтае сцвярджэнне сумневу.
На працягу года працягвалі сваю дзейнасць рускія ультранацыяналісцкія моладзевыя групоўкі “скінхэдаў”. Іх ахвярамі заставаліся іншаземцы, а таксама тыя, хто падтрымлівае развіццё беларускай культуры. 7-га траўня Александр Мілінкевіч, старшыня Гродзенскага рэсурсны цэнтр “Ратуша”, атрымаў ліст з пагрозамі ад гродзенскіх прадстаўнікоў ультранацыяналісцкай групоўкі “Рускае нацыянальнае адзінства” (РНА). У 2002 годзе члены РНА спрабавалі ўварвацца ў офіс Беларускага культурнага аб’яднання “Беларуская хата”. Работнікі арганізацыі паведамлялі, што ў іх былі перарэзаныя тэлефонныя правады, уваходные дзверы зламаныя і размаляваныя свастыкай.
27-га лістапада на ліванскага студэнта мінскага ўніверсітэта быў здзейснены напад каля сценаў універсітэта. Замежныя студэнты расказвалі мясцовым СМІ, што такія напады рэгулярна паўтараюцца, і міліцыя не робіць спробаў іх прадухіліць.
3-га жніўня і 30-га лістапада невядомыя бясчынствавалі ў офісе Саюза палякаў Беларусі ў Гродне. У красаівку невядомыя вандалы апаганілі польскі цвінтар у Валкавыску.
20-га жніўня Міністэрства юстыцыі папярэдзіла Саюз палякаў Беларусі, буйнейшае згуртаванне беларускіх палякаў, аб немагчымасці выкарыстоўваць на афіцыйнай пячатцы і бланку польскую, а не беларускую ці рускую мову. Папярэджанне было зроблена нягледзячы на той факт, што Саюз палякаў Беларусі без ніякіх інцыдэнтаў карыстаўся гэтай жа пячаткай і бланкам на працягу 15 гадоў.
На працягу года ўрад выбіральна выкарыстоўваў закон, які забараняе продаж літаратуры, выклікаючай варожасць. 1-га лістапада дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі паведамілі, што КДБ канфіскавала вялікую колькасць неанацысцкай літаратуры і відэафільмаў з крамы ў цэнтры Мінска. Нягледзячы на гэтую канфіскацыю, такая літаратура працягвала прадавацца ў крамах БПЦ і на арганізаваных ёю мерапрыемствах (гл. раздзел 2.c). Насуперак завярэнням КСРН, што ўрад зрабіў усе неабходныя крокі для вырашэння праблемы літаратуры, выклікаючай варожасць, да канца года не было заўважна ніякіх канкрэтных акцый.
27-га чэрвеня Савет Міністраў і Міністэрства адукацыі зачынілі Нацыянальны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, адзіную ўстанову, якая вяла падрыхтоўку да навучання ва ўніверсітэце на беларускай мове, пасля месячнага канфлікту, выкліканага тым, што новы дырэктар ліцэя быў прызначаны ўладамі. Гэта было зроблена насуперак пратэстам навучэнцаў, выкладчыкаў і бацькоў, якія лічылі, што прызначаны ўрадам дырэктар не заінтарэсаваны працягваць традыцыі ліцэя і аддаваць перавагу вывучэнню беларускай культуры і мовы. З канца чэрвеня па верасень навучэнцы, выкладчыкі і бацькі правялі шэраг дэманстрацый па ўсім Мінску ў знак пратэста супраць закрыцця ліцэя. Хаця ўлады прапаноўвалі ліцэістам уладкаванне ў іншыя, рускамоўныя, навучальныя ўстановы, большасць навучэнцаў працягвала наведваць заняткі ў ліцэі, якія праводзіліся ў розных месцах па ўсім горадзе. Аднак навучэнцы, выкладчыкі, бацькі і кіраўнікі ліцэя, як і тыя, хто забяспечваў памяшканні для правядзення заняткаў, пачалі падвяргацца пагрозам за сваю сувязь з ліцэям. 31-га траўня невядомыя напалі на Уладзіміра Коласа, але ён аказаў супраціўленне і не пацярпеў. 29-га верасня навучэнцы ліцэя планавалі правесці заняткі ў Доме пісьменнікаў, дзе наведвалі літаратурныя курсы, але аказалася, што ўваходныя замкі змененыя, а электрычнасць адключаная.
У верасні Міністэрства адукацыі двойчы загадвала Аляксандру Казуліну, рэктару Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, ліквідаваць Міжнародны гуманітарны інстытут (МГІ), незалежную адукацыйную ўстанову ў складзе БДУ, якая атрымлівала фінансаванне ад міжнародных габрэйскіх арганізацый. У МГІ выкладаліся розныя курсы, але спецыялізацыяй установы былі габрэйскія студыі. Міністэрства адукацыі не назвала прычын, па якіх патрабавала закрыцця МГІ. 23-га верасня адміністрацыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта вырашыла перайменаваць МГІ у Гуманітарны інстытут Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, што дазволіла ўстанове працягваць рэалізацыю рознабаковых адукацыйных праграм. Некаторыя яўрэйскія абшчыны выказвалі меркаванні, што спроба ліквідацыі Інстытута была актам помсты ўрада за закрыццё ў жніўні амбасады Ізраіля ў Мінску, а таксама адказам на просьбу мітрапаліта Філарэта, які, па некаторых звестках, негатыўна ставіцца да габрэйскай культурнай праграмы.
Раздел 6. Правы працоўных
a.Права на аб’яднанні
Канстытуцыя дэкларуе права працоўных, акрамя супрацоўнікаў дзяржаўнай бяспекі і ваеннаслужачых, ствараць і ўступаць у незалежныя аб’яднанні на добраахвотнай аснове і весці дзейнасць па ахове сваіх працоўных; аднак на практыцы гэтыя правы не паважаліся. Меры па падаўленні незалежных аб’яднанняў уключалі затрыманне членаў незалежных прафсаюзаў за распаўсюджванне прафсаюзнай літаратуры, канфіскацыю прафсаюзных матэрыялаў, забарону членам прафсаюзаў доступу да працоўных месцаў, празмерныя штрафы, а таксама ціск з боку кіраўнікоў і дзяржаўных уладаў з мэтай вымусіць працаўнікоў уступаць у дзяржаўныя прафсаюзы. Работнікаў, якія ўдзельнічалі ў несанкцыянаванай уладамі дзейнасці прафсаюзаў, вымушалі звальняцца з працы.
На працягу года ўлады прадпрымалі шматлікія меры па падаўленні незалежных прафсаюзаў і працягвалі ўмешвацца ў працу Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ), асабліва ў дзейнасць незалежных прафсаюзаў. У чэрвені Камітэт па выкананні нормаў Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) другі год запар спамянуў краіну ў спецыяльным параграфе, які тычыўся парушэння функцыянавання прафсаюзаў, і прапанаваў ураду выканаць рэкамендацыі МАП і спыніць умяшанне ўладаў у дзейнасць прафсаюзаў. 19-га лістапада МАП адобрыла прызначэнне камісіі для раследавання мяркуемых сур’ёзных парушэнняў правоў працоўных у краіне.
11-га лістапада міністэрства эканомікі праінфармавала МАП, што любая дзейнасць, звязаная з тэхнічнай падтрымкай прафсаюзнай праграмы, павінна быць спынена з-за адмовы ў рэгістрацыі дадзенага праекта. 22-га кастрычніка Адміністрацыя прэзідэнта выдала пастанову № 460, якая тычылася аказання ў краіне міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Гэтая пастанова, накіраваная быццам бы на раз’ясненне ўмоў падаткаабкладання міжнароднай фінансавай дапамогі, ускладняе працэдуру рэгістрацыі праекта, ставячы ўмовай рэгістрацыі адабрэнне праекта з боку ўладаў. У лістападзе Прэзідэнт выдаў дэкрэт № 24, які ўвёў правілы атрымання замежнай дапамогі, не адобранай і не зарэгістраванай урадам (гл. раздзел 2 b.). У адмове зарэгістраваць праграму тэхнічнай дапамогі з боку МПА Міністэрства спаслалася на няўдзел у праграме ФПБ. Міністэрства настойвала на тым, што дапамога павінна аказвацца на падставе дамовы з ФПБ, а не шляхам непасрэднага супрацоўніцтва з уваходзячымі ў федэрацыю прафсаюзамі. Хаця Міністэрства выказала незадаволенасць тым, што ФПБ была пазбаўлена вядучай ролі ў рэалізацыі праектаў МПА, мясцовыя прафсаюзы, уваходзячыя ў ФПБ, на працягу года прымалі ўдзел у ажыццяўленні праграмы.
У 2002 годзе ўлады ўзялі пад свой кантроль ФПБ і шэраг рэспубліканскіх саюзаў, што вызвала афіцыйны пратэст МАП. Франц Вітко быў зняты з пасады старшыні ФПБ, яго змяніў выбраны Лукашэнкам Леанід Козік, які да таго займаў адну з вышэйшых пасад у Адміністрацыі Прэзідэнта,. Хаця МАП крытычна аднеслася да выбрання Козіка, на працягу года яна працягвала сцвярджаць, што гатова супрацоўнічаць з любой прафсаюзнай арганізацыяй у краіне, у тым ліку – з ФПБ, калі тая падтрымае рэкамендацыі МАП беларускаму ўраду адносна ўмяшання ўладаў ва ўнутраную дзейнасць прафсаюзаў.
Згодна прэзідэнцкаму дэкрэту, для таго, каб заснаваць і зарэгістраваць прафсаюзную ячэйку, членамі прафсаюзу павінна быць не менш 10 % работнікаў прадпрыемства. Рэспубліканскія прафсаюзы, паводле дэкрэта, павінны мець не менш 500 членаў. Указ таксама абавязвае існуючыя зарэгістраваныя прафсаюзы прайсці перарэгістрацыю згодна новым патрабаванням. Лідэры свабодных прафсаюзаў паведамлялі, што дэкрэт зрабіў практычна немагчымым стварэнне, рэгістрацыю і, такім чынам, дзейнасць прафсаюзаў на большасці буйных дзяржаўных прадпрыемстваў. Некаторым мясцовым прафсаюзам было адмоўлена ў рэгістрацыі на падставе гэтага дэкрэта. У ліпені ўлады Кастрычніцкага раёна Магілёва адмовілі ў рэгістрацыі аддзяленню Прафсаюзу працаўнікоў аўтамабільнага і сельскагаспадарчага машынабудавання на Магілёўскім аўтамабільным заводзе. Па тлумачэнні ўладаў, у хадайніцтве адсутнічалі некаторыя патрэбныя для рэгістрацыі дакументы, але актывісты саюзу паведамілі, што адміністрацыя не змагла сказаць, якія дакладна дакументы адсутнічаюць. У жніўні Вышэйшы суд пастанавіў зачыніць Беларускі прафесіянальны саюз авіяцыйных дыспетчараў (БПСАД), што было першым выпадкам закрыцця прафсаюзу па пастанове суда. Суд вызначыў, што колькасць членаў БПСАД меншая за неабходны мінімум у 500 чалавек, прадпісаны прэзідэнцкім дэкрэтам. БПСАД заявіў, што складаецца з прыблізна 1000 членаў і што ўлады не ўлічвалі членаў саюзу, якія працуюць за межамі сталіцы. Кіраўнік БПСАД Юрый Мігуцкі сцвярджаў, што закрыццё БПСАД ініцыявана Дзяржаўным камітэтам па авіяцыі, бо супрацоўнікі авіяцыі адмовіліся пераходзіць на кантрактную сістэму.
Улады працягвалі засцерагаць работнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў ад уступу ў незалежныя прафсаюзы. ФПБ, былое Беларускае аддзяленне Усесаюзнага цэнтральнага савета прафесійных саюзаў (УЦСПС) Савецкага Саюза, уключала прыблізна 4,5 мільёны працоўных (улічваючы пенсіянераў) і была буйнейшай прафсаюзнай арганізацыяй. Незалежны Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў уключаў 4 незалежныя прафсаюзы, агульная колькасць якіх складала 15 000 членаў. Па дадзеных ФПБ, 90 % працоўных былі членамі прафсаюзаў. На працягу года некаторыя кіраўнікі ФПБ узмацнілі адкрытую крытыку палітыкі ўрада, хаця ў мінулым засцерагаліся сур’ёзна крытыкаваць улады. У адказ рэжым застрашваў і праследаваў некаторых чыноўнікаў ФПБ. У сакавіку прэзідэнт Лукашэнка загадаў міністру прамысловасці Анатолю Харлапу разгледзець праблемы, звязаныя з існаваннем у Федэрацыі апазіцыйных настрояў. Прэзідэнт даў Харлапу 2 месяцы на тое, каб вырашыць гэтае пытанне і прадставіць справаздачу ў Адміністрацыю. У кастрычніку Прэзідыум (вышэйшы распарадчы орган) ФПБ прагаласаваў за змену прадстаўніка Прафсаюзу працаўнікоў аўтамабільнага і сельскагаспадарчага машынабудавання (АСМ), якім быў Аляксандр Бухвостаў. Старшыня ячэйкі АСМ на Мінскім Трактарным заводзе Аляксандр Карцаў замяніў старшыню саюзу ў якасці прадстаўніка арганізацыі ў Прэзідыуме ФПБ. Падчас паседжанняў прэзідыума Бухвостаў рэгулярна заклікаў спыніць умяшанне дзяржавы ва ўнутраныя справы прафсаюзаў. 23-га снежня АСМ склікаў пазачарговы з’езд, на якім дэлегаты прагаласавалі за зняцце Бухвостава з пасады старшыні. Намеснік старшыні абвінаваціў Бухвостава ў ігнараванні рашэнняў ФПБ і палітызацыі дзейнасці прафсаюза. Пасля галасавання Бухвостаў пракаментаваў, што правы чалавека і правы прафсаюзаў працягваюць парушацца ў краіне ў страшэнным маштабе.
У 2002 годзе Козік пачаў чыстку ФПБ ад дысідэнтаў і замяніў іх асобамі, якіх грамадская думка лічыла агентамі КДБ. Ён звольніў рэдактара выдаваемай Федэрацыяй газеты “Беларускі час” і арганізаваў змяшчэнне Аляксандра Ярашука, тагачаснага старшыні Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюзу працаўнікоў аграпрамысловага комплекса (буйнейшы дзяржаўны прафсаюз краіны з прыкладна 1 мільёнам членаў). У студзені кіраўніцтва ФПБ звольніла шэсць журналістаў “Беларускага часу”, якія заявілі, што пацярпелі за падтрымку канцэпцыі папярэдняга рэдактара газеты. Улады працягвалі стрымліваць дзейнасць прафсаюзных актывістаў і прыклалі ўсе намаганні, каб змясціць з пасады двух рэфарматарскі мыслячых кіраўнікоў галіновых саюзаў ФПБ. 28-га траўня прафсаюзы дзевяці дзяржаўных прадпрыемстваў зліліся, стварыўшы Беларускі прафсаюз работнікаў прамысловасці (БСРП), які затым стаў членам ФПБ. Улады і дырэктары дзяржаўных прадпрыемстваў аказвалі на працаўнікоў значны ціск з мэтай вымусіць іх уступіць у БСРП. Актывісты незалежных прафсаюзаў назвалі БСРП праўрадавым, "кішэнным прафсаюзам", створаным для падаўлення супраціву праўрадавай агітацыі ФПБ і падрыву рэфармісцкай дзейнасці незалежных прафсаюзаў. Старшыня ФПБ Козік абяцаў БСРП сваю поўную падтрымку, сцвярджаючы, што краіна адчувае патрэбу ў моцным прафсаюзе, бо ніхто з членаў урада не жадае працаваць з прафсаюзам, абмежаваным адным прадпрыемствам. Дзякуючы ФПБ БСРП набыў 2,4 % сваіх членаў. Колькасць арганізацыі складала прыкладна 100 000 чалавек. Радыкальны пераход Козіка ад прафсаюзнай дзейнасці да праўрадавай агітацыі і інтэграцыі ФПБ ва ўрадавыя структуры вымусіў МАП паставіць пытанне пра прадстаўніцтва ФПБ у МАП і пра легітымнасць прызначэння Козіка на пасаду старшыні.
Незалежныя прафсаюзы адчувалі пастаянныя ганенні з боку ўладаў. У красавіку актывіст АСМ быў звольнены з аднаго з гродзенскіх заводаў, бо ахова на завадской прахадной знайшла пры ім гайкі і вінты агульнай вартасцю 0,20 долара (454 рублі). Гэты працаўнік у 2002 годзе быў членам прафсаюзнай камісіі, якая вызначыла, што кіраўніцтва не індэксіравала запазычанасці па зарплаце. 18-га верасня старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандр Ярашук атрымаў 10 дзён турэмнага зняволення за непавагу да суда. Пракуратура высунула абвінавачванні супраць Ярашука за апублікаваны ў незалежнай газеце артыкул, дзе рашэнне Вышэйшага суда закрыць Саюз авіядыспетчараў апісвалася як “спектакль з загадзя вядомым канцом”. 17-га кастрычніка Мінскі адміністрацыйны суд прыгаварыў юрыста БКДП Уладзіміра Адынца да 5 дзён зняволення за неяўку ў суд для прадстаўлення ў працоўнай спрэчцы інтарэсаў істца, які быў хворы і не мог з’явіцца на паседжаннях. Члены незалежных прафсаюзаў пастаянна адчувалі на месцы працы ціск з мэтай вымусіць іх уступіць у БСРП альбо звольніцца. Работнікаў заводаў рэгулярна абшуквалі, каб прадухіліць пранясенне забароненых дырэкцыяй інфармацыйных матэрыялаў. Дырэктары дзяржаўных прадпрыемстваў абмяжоўвалі доступ да завадскіх памяшканняў, скарачаючы магчымасці прафасаюзаў праводзіць сходы сваіх членаў. У лістападзе Міністэрства юстыцыі запрасіла спіскі членаў незалежных прафсаюзаў і БКДП.
Па законе, прафсаюзы вольныя ўступаць у міжнародныя структуры. У красавіку Міжнародны саюз працаўнікоў харчовай прамысловасці, сельскай гаспадаркі, рэстараннага і гасцінічнага абслугоўвання, грамадскага харчавання і смежных абласцей прыпыніў членства Беларускага прафсоюзу працаўнікоў аграпрамысловага комплекса і кантакты з ФПБ. Генеральны сакратар арганізацыі Рон Освальд заявіў, што БППАК і ФПБ больш не адпавядаюць членскім патрабаванням, бо іх кіраўнікі занялі пасады па прызначэнні ўрада, а не шляхам выбараў. У снежні БКДП увайшоў у Міжнародную канфедэрацыю свабодных прафесійных саюзаў (МКСПС).
b.Права на арганізацыю прафсаюзаў і ўдзел у заключэнні калектыўных працоўных дамоваў
Закон прадугледжвае права працоўных на арганізацыю прафсаюзаў і ўдзел у заключэнні калектыўных працоўных дамоваў, аднак улады і дзяржаўныя прадпрыемствы абмяжоўвалі магчымасці працоўных заключаць калектыўныя дагаворы і, у некаторых выпадках, адвольна прыпынялі дзеянне калектыўных пагадненняў. 30-га кастрычніка гарадскія ўлады Полацка паведамілі адміністрацыі Полацкага завода шкловалакна і мясцовым аддзяленням ФПБ, што рэгістрацыя іх калектыўных працоўных дагавораў скасаваная. Кіраўнікі як незалежных, так і ўрадавых прафсаюзаў працягвалі вострую крытыку прэзідэнцкага дэкрэта 1999 года, які патрабаваў пераводзіць усіх працоўнікоў на асабістыя кантракты замест калектыўных дамоваў. Па меркаванні прафсаюзных лідэраў, гэтае патрабаванне было накіравана, перш за ўсё, на узмацненне кантролю Адміністрацыі Прэзідэнта над працоўным сектарам. Прафсаюзы паведамлялі, што некаторыя прадпрыемствы і дзяржаўныя ўстановы вымушаюць працаўнікоў пераходзіць на асабістыя кантракты замест калектыўных дагавораў (гл. раздзел 6.a.).
Канстытуцыя забяспечвае права правядзення забастовак, аднак жорсткі кантроль над дэманстрацыямі з боку рэжыму ўскладняе правядзенне прафсаюзных забастовак ці мітынгаў для абароны інтарэсаў працоўных (гл. раздзелы 1.d. і 2.b.). На працягу года дробныя прадпрымальнікі і рабочыя арганізавалі некалькі невялікіх забастовак у розных рэгіёнах краіны. Назіраўся шэраг выпадкаў, у якіх адміністрацыя і мясцовыя ўлады падаўлялі спробы работнікаў арганізаваць забастоўку, заяўляючы, што такія дзеянні будуць незаконнымі.
Існуе шэсць асобых эканамічных зонаў, на кожную з якіх распаўсюджваюцца ўсе патрабаванні працоўнага кодэкса.
c.Забарона прымусовай працы
Канстытуцыя забараняе прымусовую і несвабодную працу, у тым ліку дзіцячую, акрамя выпадкаў, калі работа ці паслуга павінна быць выканана па рашэнні суда ці ў адпаведнасці з законам аб надзвычайным ці ваенным становішчы. Тым не менш, мелі месца паведамленні аб прымусовай працы (гл. раздзел 6.f.). Улады правялі шэраг “суботнікаў”, калі працоўныя “добраахвотна” працавалі ў суботу і ахвяравалі свой дзённы заробак на фінансаванне пэўных грамадскіх праектаў. Удзел у суботніках быў абавязковы, работнікі, які адмаўляліся ад яго, абкладваліся штрафам і застрашваліся працадаўцамі і ўладамі. Студэнты былі вымушаныя ўдзельнічаць у зборы ўраджаю бульбы.
d. Становішча з выкарыстаннем дзіцячай працы і мінімальны ўзрост для працаўладкавання
Па законе, мінімальны ўзрост для працаўладкавання складае 16 гадоў. Пры наяўнасці пісьмовай згоды аднаго з бацькоў (ці законнага апекуна) працоўнае пагадненне можа заключыць 14-гадовы падлетак. Генеральная пракуратура, як паведамлялася, эфектыўна сочыць за выкананнем гэтага закону.
e.Дапушчальныя ўмовы працы
Мінімальная месячная заработная плата складала 22 долары (45 000 рублёў), што не магло забяспечыць нармальны ўзровень жыцця працаўніка і яго сям’і; тым не менш, рэальная сярэдняя месячная заработная плата ўзрасла на працягу года з прыкладна 110 долараў (200 000 рублёў) да 126 долараў (264 000 рублёў). Эканамічныя праблемы, якія па-ранейшаму стаялі перад краінай, ускладнялі магчымасць для сярэдняга работніка зарабіць на дастойнае пражыванне; працягвалі расці буйныя запазычанасці па зарплаце, асабліва ў сельскагаспадарчым сектары.
Канстытуцыя і Працоўны кодэкс абмяжоўваюць працоўны тыдзень 40 гадзінамі работы і прадугледжваюць не менш за адны суткі адпачынку ў тыдзень. На справе цяжкае эканамічнае становішча краіны прывяло да таго, што ўсё большая колькасць працоўных была вымушана працаваць менш за 40 гадзін у тыдзень. Па паведамленнях, прадпрыемствы часта адпраўлялі работнікаў у неаплачваемы адпачынак з-за нястачы сыравіны ці энергіі, а таксама адсутнасці попыту на прадукцыю прадпрыемства.
Закон устанаўлівае мінімальныя патрабаванні забеспячэння бяспекі на працоўных месцах і аховы здароўя работнікаў, аднак гэтыя нормы часта ігнараваліся. Рабочыя многіх прадпрыемстваў цяжкага машынабудавання не мелі нават мінімальных сродкаў бяспекі, такіх, як пальчаткі, каскі ці акуляры для зварачных работ. Дзяржаўная інспекцыя па тэхніцы бяспекі існуе, але не мае магчымасцяў забяспечыць выкананне сваіх рашэнняў; парушэнні тэхнікі бяспекі часта заставаліся без увагі. У першай палове года 83 рабочыя загінулі і 318 атрымалі сур'ёзныя траўмы ў выніку няшчасных выпадкаў на вытворчасці. Высокі ўзровень траўматызму тлумачыцца адсутнасцю ахоўнай вопраткі, абутку, прыстасаванняў, парушэннем інструкцый па тэмпературных рэжымах, выкарыстаннем састарэлага абсталявання, нецвярозасцю рабочых на працоўным месцы. У законе няма палажэння, якое б давала права работнікам адмовіцца ад выканання небяспечнай работы без рызыкі страціць працу.
Прэзідэнцкі дэкрэт 2002 года знізіў ўзровень выплат, якія праводзяцца дзяржавай ці дзяржаўнымі прадпрыемствамі ў сувязі са стратай працаздольнасці ў выніку траўмаў, атрыманых на працоўным месцы. Згодна дэкрэту, іскі аб траўмах, атрыманых на вытворчасці, падпадаюць пад Грамадзянскі, а не Працоўны кодэкс. Лідэры незалежных прафсаюзаў выказвалі меркаванне, што траўмы, атрыманыя на вытворчасці, павінны разглядацца паводле Працоўнага кодэксу, які прадуглеждвае больш значную кампенсацыю.
Працоўны кодэкс у роўнай меры абараняе правы грамадзян Беларусі і замежных працаўнікоў.
f.Гандаль людзьмі
Закон забараняе гандаль людзьмі, аднак такі гандаль быў сур'ёзнай праблемай. Звесткі пра дачыненне афіцыйных органаў да гандлю людзьмі адсутнічалі, але назіральнікі лічылі, што, з улікам узрастаючай карупцыі ў міліцыі і іншых органах улады, падобны ўдзел магчымы.
У адпаведнасці з Крымінальным кодэксам, гандаль людзьмі ў мэтах іх далейшай сэксуальнай ці іншай эксплуатацыі караецца як крымінальнае злачынства. Крымінальны кодэкс прадугледжвае таксама крымінальную адказнасць за наём людзей для сэксуальнай ці іншай эксплуатацыі. За гандаль людзьмі прадугледжваецца пакаранне пазбаўленнем волі тэрмінам ад 5 да 7 гадоў; цяжкія формы злачынства караюцца турэмным зняволеннем тэрмінам да 15 гадоў.
Згодна афіцыйнай статыстыцы, на працягу 2002 года праваахоўныя органы ліквідавалі 10 груповак, якія гандлявалі людзьмі пад кіраўніцтвам міжнародных крымінальных арганізацый. За год праваахоўныя органы пачалі некалькі раследаванняў, звязаных з гандлем людзьмі. У лістападзе Міністэрства ўнутраных спраў (МУС) паведаміла, што ў сувязі з парушэннем закона аб забароне гандля людзьмі разглядаецца тры справы. За гэты ж перыяд МУС вызначыла асобу некалькіх вернутых на радзіму ахвяраў гандля, у тым ліку 24 падлеткаў да 18 гадоў. Мясцовыя НДА і міжнародныя арганізацыі не заўважалі выпадкаў дрэннага абыходжання з ахвярамі з боку ўладаў. Па звестках МУС, суды распачалі 47 спраў, звязаных з гандлем людзьмі. Па іх выніках 24 злачынцы былі асуджаныя на турэмнае пакаранне, 3 – на папраўчыя работы, 2 было аштрафавана, адзін быў адпраўлены на працоўнае пасяленне, 11 атрымалі ўмоўныя пакаранні, а 6 абвінавачаных чакалі суда.
Беларусь адначасова з'яўляецца крыніцай і транзітнай краінай адпраўкі жанчын і дзяўчынак у Цэнтральную і Заходнюю Еўропу для заняткаў прастытуцыяй і сэксуальнай эксплуатацыі. Адкрытая мяжа з Расіяй робіць краіну вельмі прыдатнай для транзіту з Расіі і рэгіёнаў на ўсход ад яе. Гандаль людзьмі застаўся сур’ёзнай праблемай. МУС займаўся раследаваннем спраў, якія тычыліся мяркуемага продажу беларускіх жанчын на Кіпр. Па ацэнках следчых МУС, за апошнія 3 гады на Кіпр было вывезена прыкладна 500 беларускіх жанчын. Ахвяраў вымушалі працаваць танцаўшчыцамі і прастытуткамі ў кіпрскіх клубах, барах і рэстаранах. Публікуемая ўрадам статыстыка па праблеме гандлю людзьмі была няпоўнай. Па звестках беларускіх НДА, ахвярамі гандлю былі некалькі тысячаў беларускіх жанчын. Краіна была крыніцай і транзітным пунктам для адпраўкі жанчын у Расію, Украіну, Літву, Германію, Ізраіль, Польшчу, Чэхію, Турцыю, Кіпр, Бахрэйн, Сірыю, Грэцыю, Венгрыю, Сербію і Чарнагорыю.
Міністэрства ўнутраных спраў прызнала, што крымінальныя арганізацыі завабліваюць жанчын для заняткаў прастытуцыяй у краінах Западнай Еўропы і Блізкага Усходу. Гандляры людзьмі, звязаныя з арганізаваным крыміналам і наркадылерамі, заманьвалі свае ахвяры абяцаннямі даходнай працы праз газеты, Інтэрнэт і рэкламу ў метро.
Улады працягвалі займацца праблемай гандля людзьмі. У 2001 годзе МУС падрыхтавала 5-гадовую праграму па барацьбе з гэтай з’явай, якая складалася з 33 пунктаў і прадугледжвала ўдасканальванне заканадаўства, міжнароднае супрацоўніцтва, барацьбу з гандлем людзьмі і рэабілітацыю ахвяраў. У праграме ўдзельнічалі розныя ўрадавыя структуры, такія як міністэрствы замежных спраў, працы і адукацыі і КДБ. 25-га чэрвеня краіна ратыфікавала Канвенцыю ААН аб міжнародным арганізаваным крымінале і Пратакол ААН аб папярэджанні, спыненні і пакаранні гандлю людзьмі, асабліва жанчынамі і дзецьмі. У гэтай барацьбе былі задзейнічаныя МУС і Міністэрства сацыяльнай аховы. Міністэрства працы і Дэпартамент па пытаннях міграцыі працягвалі назіраць за дзейнасцю фірм, атрымаўшых ад Міністэрства ліцэнзію на працаўладкаванне жыхароў Беларусі за мяжой. У некаторых выпадках Міністэрства прыпыняла ці анулявала такія ліцэнзіі за неадпаведнасць фірмы патрабаванням да прадпрыемства, якое бавіцца замежным працаўладкаваннем. У 2002 годзе МУС падпісала дамовы аб супрацоўніцтве ў барацьбе супраць арганізаванага крымінала, у тым ліку – супраць гандля людзьмі, з Польшчай, Літвой, Эстоніяй і Малдовай. У канцы года МУС працягвала працаваць для пашырэння ўзаемадзеяння з міжнароднымі і замежнымі дзяржаўнымі праваахоўнымі структурамі.
Жанчыны рэдка паведамлялі пра выпадкі гандля ў міліцыю; верагодна, з-за ганьбы, якая суправаджае ахвяраў такіх злачынстваў, агульнага негатыўнага стаўлення да праваахоўных арганізацый у грамалстве, неэфектыўнай аховы ахвяраў і сведкаў, недахопу службаў сацыяльнай рэабілітацыі ахвяраў. Большасць пацярпелых вярнулася ў краіну ў выніку дэпартацыі і не атрымала статусу ахвяраў гандля людзьмі ў тых краінах, куды было прадана. У выніку ім было адмоўлена ў дапамозе для вяртання, і верагоднасць таго, што яны змогуць зноў уехаць у гэтую краіну, значна зменшылася.
На працягу года ПРААН пачала 2-гадовую праграму па барацьбе з гандлем людзьмі, у цэнтры ўвагі знаходзяцца ўдасканальванне заканадаўства, праваахоўная дзейнасць і забеспячэнне дапамогі ахвярам. Міжнародная арганізацыя па міграцыі (МАМ) правяла рэспубліканскую кампанію па інфармаванні насельніцтва і трэнінгі для НДА у рэгіянальных гарадах. МАМ зрабіла магчымым правядзенне пачатковай сацыяльнай рэабілітацыі ахвяраў гандля людзьмі. Крызісныя цэнтры, заснаваныя некаторымі НДА, аказвалі псіхалагічную дапамогу ахвярам згвалтавання, але ў іх не было спецыялістаў па рабоце з ахвярамі гандля людзьмі.
НДА арганізавалі дзве інфармацыйныя “гарачыя лініі” па пытаннях гандлю людзьмі; адну ў сталіцы, Мінску, а другую ў Брэсце, які знаходзіцца каля мяжы з Польшчай і Украінай. За першы год свайго існавання “гарачая лінія” у Брэсце атрымала 1277 званкоў, 66 % ад якіх было ад жанчын. 52 % тэлефанаваўшых задавалі пытанні, якія тычыліся працы за мяжой, 390 чалавек паведамілі, што атрымалі прапанову працаваць у замежжы ад сяброў. “Гарачая лінія” у Мінску атрымлівала ў сярэднім 100 званкоў за месяц.