Справаздачы
Беларусь: Справаздача аб правах чалавека за 2001 год
4 сакавіка 2002 г.
Дзяржаўны Дэпартамент ЗША
Бюро па дэмакратыі, правах чалавека і працы
Згодна са змененай Канстытуцыяй, Беларусь – гэта рэспубліка з прэзідэнтам, які абіраецца на ўсеагульных выбарах. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка (абраны ў 1994 годзе) выкарыстаў лістападаўскі рэферэндум 1996 года, каб змяніць Канстытуцыю 1994 года з мэтаю пашырэння сваёй улады, падаўжэння тэрміну знаходжання на пасадзе і прызначэння новага парламента замест тагачаснага аднапалатнага. Лукашэнка праігнараваў пастанову тагачаснага Канстытуцыйнага Суда аб немагчымасці ўнясення паправак у Канстытуцыю праз рэферэндум. Большая частка міжнароднай супольнасці скрытыкавала заганны рэферэндум і не прызнала легітымнасць Канстытуцыі 1996 года і дзвюхпалатны парламент, які быў створаны.
9 верасня 2001 года Лукашэнка аднавіў тэрмін свайго прэзідэнцтва шляхам выбараў, якія Арганізацыя па Бяспецы і Супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ) назвала несправядлівымі і несвабоднымі, а таксама не адпавядаючымі абавязацельствам у рамках АБСЕ датычна дэмакратычных выбараў. Выбары ў парламент адбыліся ў кастрычніку 2000 года, упершыню пасля рэферэндуму 1996 года. Прэзідэнт і яго адміністрацыя маніпулявалі выбарчым працэсам, каб звесці да мінімуму колькасць кандыдатаў, якія выступалі супраць рэжыму, і апазіцыйных членаў парламенту. АБСЕ прыйшла да высновы, што выбары былі несвабоднымі і несправядлівымі. Судовая сістэма пазбаўленая незалежнасці.
Праваахоўчыя абавязкі і ахова ўнутранай бяспекі падзелена паміж Камітэтам дзяржаўнай бяспекі (КДБ) і Міністэрствам унутраных спраў (МУС), якія падпарадкоўваюцца непасрэдна прэзідэнту. У адпаведнасці з законам, прэзідэнт валодае правам аддаваць загады ўсім органам бяспекі. Цывільныя ўлады, акрамя прэзідэнта, не валодаюць эфектыўным кантролем над сіламі бяспекі. Па загадах Лукашэнкі прэзідэнцкая ахова, першапачаткова створаная дзеля абароны вышэйшых афіцыйных асобаў, працягвала дзейнічаць супраць палітычных апанентаў рэжыму Лукашэнкі без аніякага судовага або заканадаўчага кантролю. Прадстаўнікі органаў бяспекі здзейснілі шматлікія парушэнні ў галіне правоў чалавека.
Насельніцтва краіны складае каля 10 350 000 чалавек. У эканоміцы, якая мае пераважна прамысловы характар -- каля паловы аб’ёму вытворчасці прыпадае на прамысловасць -- захавалася сістэма цэнтральнага планавання. Асноўнай прамысловай прадукцыяй з’яўляюцца машынабудаўнічыя станкі, трактары, грузавікі і спажывецкія тавары. Большасць працоўных занятыя ў дзяржаўным прамысловым і сельскагаспадарчым сектарах. Улады сцвярджаюць, што валавы ўнутраны прадукт (ВУП) узрос на 4 працэнты. Але незалежныя аналітыкі ставяць пад сумненне гэтую лічбу і кажуць, што гэты рост быў вынікам накаплення неканкурэнтаздольных тавараў на складах, чаму, у сваю чаргу, спрыялі буйныя крэдыты ў стратны дзяржаўны сектар. Афіцыйныя асобы сцвярджаюць, што ВУП на душу насельніцтва склаў крыху больш за 2 000 даляраў (2,4 млн. рублёў), але гэты рост амаль не палепшыў эканамічнага становішча насельніцтва. У дзяржаўным сектары заработная плата была ніжэйшая, чым у цэлым па краіне, і запазычанасці па зарплаце набылі ўстойлівы характар. Хаця ненадзейнасць афіцыйнай статыстыкі ўскладняе дакладную ацэнку эканамічнага становішча, узровень жыцця ў многіх сектарах грамадства працягваў зніжацца. Жыхары невялікіх гарадоў і сельскай мясцовасці, дзе даходы асабліва нізкія, забяспечваюць сваё пражыванне за кошт незарэгістраванай эканамічнай дзейнасці і прыватных агародаў.
Урад мае дрэнны паслужны спіс у галіне правоў чалавека, які істотна пагоршыўся па многіх паказчыках. Улады жорстка абмяжоўваюць права грамадзян на змяненне ўраду. Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у верасні, рэжым шматразова парушаў асабістыя і грамадзянскія правы чалавека, у тым ліку шляхам фізічнага гвалту над апанентамі, маніпуляцый падкантрольнымі рэжыму сродкамі масавай інфармацыі, запалохвання назіральнікаў за выбарамі і маніпуляцый пры падліку галасоў. Улады не здзейснілі сур’ёзных намаганняў, каб даць справаздачу аб знікненнях у папярэднія гады вядомых апазіцыйных палітычных дзеячаў і на працягу года ігнаравалі вартыя даверу паведамленні аб ролі рэжыму ў гэтых знікненнях. Органы бяспекі працягвалі збіванні палітычных апанентаў, затрыманых і іншых людзей. На працягу года паступалі звесткі аб жорсткіх збіваннях у войску. Умовы ўтрымання ў турмах заставаліся нездавальняючымі. Органы бяспекі беспадстаўна арыштоўвалі і затрымлівалі грамадзян, а колькасць затрыманняў, выкліканых відавочна палітычнымі матывамі, вырасла, хаця многіх з затрыманых хутка адпускалі. Службы бяспекі парушалі недатыкальнасць асабістага жыцця грамадзян і ажыццяўлялі пільны нагляд за дзейнасцю апазіцыйных палітыкаў і прадстаўнікоў іншых групаў насельніцтва. Працягваліся жорсткія абмежаванні ў дачыненні свабоды слова, сродкаў масавай інфармацыі і мірных сходаў; улады парушалі свабоду аб’яднанняў. На працягу года ўрад выдаў некалькі новых дэкрэтаў, якія яшчэ больш абмежавалі гэтыя свабоды. Улады працягвалі абмяжоўваць свабоду веравызнання, аддаючы перавагу Рускай Праваслаўнай Царкве за кошт Рымска-Каталіцкай, Грэка-Каталіцкай і Аўтакефальнай Праваслаўнай цэркваў. Рэжым абмежаваў і свабоду перамяшчэння. Агенты службаў бяспекі рэжыму пільна наглядалі за праваабарончымі арганізацыямі і перашкаджалі іх дзейнасці. Гвалт у сям'і і дыскрымінацыя ў дачыненні да жанчын заставаліся істотнай праблемай. Не знікалі праявы антысемітызму. Улады працягвалі жорстка абмяжоўваць правы рабочых на свабоду аб’яднанняў, стварэнне арганізацый і заключэнне працоўных дамоваў, а пасля прэзідэнцкіх выбараў зрабілі сур’ёзную спробу перакрыць фінансаванне прафсаюзаў шляхам забароны вылічэння членскіх узносаў наймальнікамі. Міжнародная Арганізацыя Працы ўвяла санкцыі супраць рэжыму за гэтыя парушэнні. Мелася інфармацыя аб выпадках прымусовай працы. Гандаль жанчынамі і дзяўчынамі па-ранейшаму заставаўся праблемай.
Захаванне правоў чалавека
Раздзел 1. Захаванне недатыкальнасці асобы, у тым ліку ад:
а. Палітычнага і пазасудовага забойства.
На працягу года не было ніякіх звестак з неабвержнымі доказамі палітычных забойстваў, учыненых рэжымам альбо яго агентамі. Аднак некалькі паведамленняў, што заслугоўваюць давер, усплылі на працягу года. Яны сведчаць, што вышэйшыя эшалоны рэжыму маюць дачыненне да знікнення ў 2000 годзе журналіста Дзмітрыя Завадскага, а таксама ў 1999 годзе – апазіцыйных дзеячаў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатолія Красоўскага (гл. Раздзел 1.b.). Урадавыя следчыя і наглядальнікі за захаваннем правоў чалавека лічаць, што найвышэйшыя афіцыйныя асобы рэжыму маюць дачыненне да забойстваў гэтых людзей за ўдзел у палітычнай дзейнасці. Да таго, як Захаранка, Ганчар і Завадскі далучыліся да апазіцыі, яны працавалі на ўрад Лукашэнкі.
11 і 12 чэрвеня следчыя пракуратуры Дзмітрый Петрушкевіч і Алег Случак абнародавалі ў некалькіх сродках масавай інфармацыі вынікі сваіх расследаванняў гэтых знікненняў. Следчыя сцвярджалі, што Юрый Сівакоў, які быў міністрам унутраных спраў падчас знікненняў, арганізаваў спецыяльную каманду ўнутры міністэрства, пад непасрэдным кантролем Дзмітрыя Паўлючэнкі, які ўзначальваў спецыяльную брыгаду АМОНу. Паведамлялася, што гэты “эскадрон смерці” быў створаны па загаду найвышэйшых эшалонаў улады. У склад эскадрону ўваходзілі Валерый Ігнатовіч, былы афіцэр “Алмазу”, элітнага падраздзялення Міністэрства ўнутраных спраў (МУС), Максім Малік, былы афіцэр атраду міліцыі спецыяльнага прызначэння “Алмаз” і іншыя, каму пазней вылучылі абвінавачванні ў адказнасці за знікненні. Паводле сцвярджэнняў следчых, група здзейсніла болей за 30 забойстваў. Петрушкевіч і Случак пазней паведамілі, што Уладзімір Навумаў, які пазней стаў міністрам унутраных спраў, неаднаразова наведваў Ігнатовіча і Маліка ў турме пасля іх арышту. Пры іх размовах не прысутнічалі ні следчыя, ні сведкі, і гэтыя наведванні не былі зарэгістраваныя. Пасля гэтых візітаў, паводле Петрушкевіча і Случака, Малік і Ігнатовіч адрасавалі вельмі канкрэтныя пагрозы следчым, якія іх дапытвалі. Петрушкевіч і Случак таксама заявілі, што некалькіх следчых, што вялі гэтую справу, напаткала загадкавая смерць. На працягу года два аператыўнікі з аддзелу крымінальных расследаванняў пракуратуры, якія займаліся гэтай справай, загінулі пры загадкавых абставінах.
15 чэрвеня следчыя пракуратуры Дзмітрый Петрушкевіч і Алег Случак апублікавалі копію, паводле іх словаў, пратакола следчай экспертызы датычна рыдлёўкі, знойдзенай у машыне Ігнатовіча. Паведамлялася, што на рыдлёўцы былі сляды крыві, якая адпавядала крыві Завадскага. Петрушкевіч і Случак, баючыся пераследу, пакінулі краіну і знайшлі прытулак за мяжой.
17 ліпеня незалежная і расійская прэса надрукавалі дакумент, які выглядаў як напісаны ад рукі даклад, датаваны 21 лістапада 2000 года, ад імя начальніка ўнутранай міліцыі Мікалая Лапаціка. У дакладзе, адрасаваным Навумаву, называліся імёны тых, па чыіх загадах былі забітыя Захаранка, Ганчар і Красоўскі, а таксама імёны тых, хто выконваў гэтыя загады. Дакумент сцвярджаў, што 6 мая 1999 года тагачасны дарадца па справах нацыянальнай бяспекі Віктар Шэйман загадаў Сівакову даць Паўлючэнку доступ у турму для смертнікаў, дзе той атрымаў зброю, якая нібыта выкарыстоўвалася для здзяйснення санкцыянаваных судом смяротных прысудаў. Затым Шэйман загадаў Паўлючэнку забіць Захаранку. Паўлючэнка вярнуў зброю 8 мая. Далей у дакуменце гаворыцца, што Ганчар і Красоўскі былі ліквідаваныя тым жа чынам той самай камандай.
У той жа час незалежная прэса надрукавала прызнанне палкоўніка Алега Алкаева, начальніка турмы для смертнікаў, якое пацвярджала даклад Лапаціка. Да таго ж былі абнародаваныя копіі турэмнага журнала, у якім былі занатаваныя факты выдачы вышэйзгаданай зброі і боепрыпасаў.
22 жніўня сам Алкаеў даў інтэрв’ю незалежнай газеце. У інтэрв’ю ён заявіў, што ведае пра існаванне “эскадрону смерці” і пацвердзіў, што ён быў на допыце ў намесніка пракурора Міхаіла Снягіра ў сувязі з дакладам Лапаціка. Алкаеў таксама пацвердзіў факт выдачы пісталета кіраўніку МУС Сівакову напярэдадані знікненняў і вяртанне зброі пасля. Далей ён пацвердзіў, што пісталет, выдадзены Сівакову, быў той самай зброяй, што выкарыстоўвалася для здзяйснення смяротных прысудаў. Ён паведаміў, што СОБР, спецыяльнае падраздзяленне міністэрства унутраных спраў пад кіраўніцтвам Паўлючэнкі і па загадах Навумава забілі Захаранку, Ганчара і Красоўскага. Пасля гэтага Алкаеў пакінуў краіну.
27 жніўня былы следчы КДБ Генадзь Угляніца і яго памочнік абнародавалі відэастужку, на якой Угляніца заявіў, што Ганчар і Красоўскі былі забітыя спецыяльным атрадам хуткага рэагавання СОБР, які ўваходзіць у склад МУС. Пазней яны прадставілі відэазапіс прызнання чалавека, які сказаў, што ён працаваў вадзіцелем у гэтым атрадзе. Ён заявіў, што прысутнічаў пры забойстве Ганчара і Красоўскага Паўлючэнкам. Гэты чалавек апазнаў месца, дзе, як паведамлялася, забітыя былі пахаваныя; ён сказаў, што джып Красоўскага, які знік разам з палітыкамі, быў закапаны там жа. Далей ён назваў яшчэ некалькі членаў “эскадрона смерці”, сярод іх – Уладзімір Наватарскі, які ўзначальваў “групу захопу”, Аляксандр Мекіянец, Юрый Будзько, лейтэнант Коклін і прапаршчык Мурашка. Рэжым абверг гэтыя абвінавачванні. Спачатку афіцыйныя асобы з КДБ сцвярджалі, што чалавек на відэастужцы – не Угляніца, і што яны даследавалі азначанае месца пахавання і нічога не знайшлі. У кастрычніку Лукашэнка абвінаваціў Злучаныя Штаты і Расію ў змове з мэтай перавезці Угляніцу за мяжу і перашкаджаць ў спробах рэжыму арыштаваць і выдаць Угляніцу.
b. Знікнення
На працягу года не было звестак аб палітычна матываваных знікненнях, аднак факты знікнення некалькіх апазіцыйных дзеячаў у папярэднія гады засталіся невысветленымі.
У ліпені 2000 года Дзмітрый Завадскі, аператар расійскага тэлеканала ОРТ, які да таго быў аператарам у прэзідэнта Лукашэнкі, знік у Мінскім нацыянальным аэрапорце, калі чакаў Паўла Шарамета, журналіста ОРТ, які павінен быў прыехаць з Масквы. У 1997 годзе Завадскі і Шарамет былі арыштаваныя беларускімі ўладамі за незаконны пераход беларуска-літоўскай мяжы падчас здымкаў дакументальнага фільма, у якім крытыкаваўся рэжым Лукашэнкі. Спачатку ўлады абвінавацілі апазіцыю ў арганізацыі знікнення Завадскага, назваўшы гэта правакацыяй, але пачалі расследаванне знікнення. У лістападзе 2000 года Шарамет паведаміў, што некалькі дзеючых і былых афіцэраў міліцыі, у тым ліку члены элітнага падраздзялення Міністэрства ўнутраных спраў “Алмаз”, былі арыштаваныя ў якасці падазроных па справе Завадскага. У той жа час у інтэрнэце з’явіўся адкрыты ліст, нібыта напісаны афіцэрам КДБ, у якім сцвярджалася, што Завадскі быў забіты групай былых і дзеючых афіцэраў службы бяспекі, сярод якіх быў і Валерый Ігнатовіч, былы афіцэр “Алмазу” (гл. Раздзел 1.а.). У лісце таксама сцвярджалася, што найвышэйшыя ўлады, у прыватнасці, тагачасны дарадца па справах нацыянальнай бяспекі Віктар Шэйман і міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў, былі у змове з Лукашэнкам і перашкаджалі следчым у канчатковым расследаванні справы. Лукашэнка заявіў, што ліст быў сфабрыкаваны і паабяцаў узнавіць расследаванні па справе знікненняў; аднак ён звольніў генеральнага пракурора і главу КДБ, якія, як было заяўлена, вялі расследаванне, і прызначыў Шэймана генеральным пракурорам. 11 мая ўлады афіцыйна пацвердзілі факт арышту і абвінавачвання ў крадзяжы людзей Ігнатовіча і яшчэ трох чалавек у сувязі са знікненнем Завадскага. Афіцыйныя асобы абвесцілі, што матывам выкрадання была асабістая помста за заяву Завадскага ў адной прыватнай газеце, што афіцэры службы бяспекі, у тым ліку і Ігнатовіч, ваявалі ў Чачні. Большасць назіральнікаў лічаць гэтае тлумачэнне сумнеўным, таму што Завадскі не называў прозвішчаў ніводнага з абвінавачаных.
12 ліпеня генеральны пракурор Шэйман перадаў справу па знікненні Завадскага ў суд. Ён абвінаваціў Ігнатовіча, Маліка і яшчэ дваіх – Аляксея Гуза і Сяргея Савушкіна, акрамя знікнення Завадскага, у сямі наўмысных забойствах, пяці ўзброеных нападах, і яшчэ адным выкраданні людзей. Суд быў зачынены для грамадскасці і прэсы. Жонцы Завадскага і адвакату, які прадстаўляў яго маці, было дазволена прысутнічаць, але суд забараніў ім агалошваць інфармацыю пра ход судовага разбіральніцтва. Некаторыя назіральнікі сцвярджалі, што Ігнатовіч знаходзіўся пад уздзеяннем наркотыкаў падчас дачы паказанняў, каб ён не змог сведчыць аб іншых; улады заявілі, што ён быў у амаль бессвядомым стане, бо трымаў галадоўку, але пазней суддзя загадаў яму пакінуць залу суда. На думку многіх абаронцаў правоў чалавека, у справе Завадскага, якая расследуецца рэжымам, не назіраецца істотных зрухаў, таму што ўлады адмаўляюцца расследавць, ці сапраўды найвышэйшыя прадстаўнікі ўлады загадалі скрасці і забіць гэтых людзей.
Не мае ніякага развіцця і справа былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, які знік 7 мая 1999 года. Захаранка, блізкі паплечнік затрыманага тады былога прэм’ер-міністра Міхаіла Чыгіра, знік пасля таго, як пачалося галасаванне на апазіцыйных прэзідэнцкіх выбарах, на якіх Чыгір быў адным з галоўных кандыдатаў. Захаранка быў вельмі папулярны сярод супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных спраў. Даследаванне пачалося праз 6 месяцаў, але і напрыканцы года не было ніякіх сведчанняў таго, што ўлады зрабілі канкрэтныя захады ў рашэнні гэтай справы. Урад не здолеў прадставіць якую-небудзь інфармацыю аб расследаванні ў адказ на запыт Рабочай группы ААН па прымусовых знікненнях. Улады таксама перашкаджалі расследаванням знікнення Захаранкі, наладжаным незалежнымі няўрадавымі арганізацыямі (НДА). У снежні 2000 года, пасля таго як яны абвінавацілі Лукашэнку ў прамым дачыненні да знікнення Захаранкі, жонка і дзеці Захаранкі атрымалі палітычны прытулак за мяжой. Падчас вераснёўскай перадвыбарчай кампаніі падпарадкаваныя рэжыму сродкі масавай інфармацыі паведамлялі, што Захаранка жывы-здаровы і знаходзіцца ў Германіі, і што яго знікненне было сфабрыкаванае апазіцыяй.
Няма здавальняючага рашэння і па знікненні ў верасні 1999 года намесніка старшыні Вярхоўнага Савета 13-га склікання Віктара Ганчара і яго дзелавога партнёра Анатоля Красоўскага. Знікненне мела месца пасля таго, як Лукашэнка на сходзе, які трансліраваўся па дзяржаўным тэлебачанні, загадаў кіраўнікам яго службаў бяспекі раздушыць «апазіцыйнае атрэб’е». Ганчар быў адметным палітыкам, які змагаўся супраць рэжыму, а Красоўскі актыўна займаўся зборам сродкаў для апазіцыі.
19 студзеня ОРТ зрабіла заяву, што рашэнне звольніць кіраўнікоў КДБ Уладзіміра Мацкевіча і генеральнага пракурора Алега Бажэлку, фактычна было непасрэднай рэакцыяй на арэст Дзмітрыя Паўлючэнкі, начальніка спецыяльнай брыгады “Алмаз”. Старшыня КДБ і генеральны пракурор арыштавалі Паўлючэнку ў сувязі з выкраданнем і падазрэннем у забойстве Ганчара і Красоўскага (гл. Раздзел 1.а.). У заяве паведамлялася, што Паўлючэнка быў арыштаваны, але яго выпусцілі пасля асабістага ўмяшання прэзідэнта Лукашэнкі. З крыніцаў, набліжаных да былых кіраўніка КДБ і генеральнага пракурора, стала вядома, што гэтыя двое прасілі дазволу на арышт Віктара Шэймана, які тады ўзначальваў Савет бяспекі пры прэзідэнце, за тое, што ён аддаваў загады здзейсніць забойствы, але Лукашэнка ім адмовіў. Замест гэтага ён звольніў іх і даручыў весці расследаванне Шэйману. 11 чэрвеня на інтэрнет-старонцы НДА “Хартыя 97” Петрушкевіч абвінаваціў Лукашэнку ў тым, што той звольніў Бажэлку дзесьці праз тыдзень пасля таго, як Бажэлка даслаў запыт свайму расійскаму калегу з просьбай аб абсталяванні для пошуку закапаных трупаў. Але Лукашэнка пасля даслаў ліст Расійскаму генеральнаму пракурору, які адмяняў просьбу Бажэлкі аб аказанні тэхнічнай дапамогі.
Напрыканцы жніўня былы міністр сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў працытаваў былога пракурора Алега Бажэлку, нібыта той пацвердзіў здагадкі наконт яго звальнення, існаванне даклада Лапаціка і праўдзівасць яго сцвярджэнняў (гл. 1.а.). Ні пацвярджэння, ні абвяржэння гэтай заявы ал Бажэлкі не паступіла.
c. Катавання і іншага бязлітаснага, антыгуманнага або зневажальнага абыходжання або пакарання
Канстытуцыя прадугледжвае недатыкальнасць асобы і, у прыватнасці, забараняе катаванні, а таксама бязлітаснае, антыгуманнае або зневажальнае абыходжанне; аднак міліцыя і ахоўнікі турмаў збіваюць затрыманых і вязняў. Супрацоўнікі праваахоўных органаў і турмаў могуць законна выкарыстоўваць фізічную сілу супраць затрыманых і вязняў толькі ў выпадках, калі апошнія аказваюць фізічнае супраціўленне, адмаўляюцца падпарадкавацца ўказанням турэмнай адміністрацыі, або «зламысна» парушаюць парадак адбывання зняволення. Аднак наглядальнікі за захаваннем правоў чалавека неаднаразова паведамлялі, што следчыя прымушаюць да прызнанняў праз збіванні і псіхалагічны ціск. У лістападзе 2000 года Камісія ААН супраць катаванняў выдала свае заключэнні і рэкамендацыі па трэцяй перыядычнай справаздачы па краіне. Камісія выказала заклапочанасць пагаршэннем сітуацыі з правамі чалавека і звярнула ўвагу на шматлікія скаргі на катаванні і антыгуманнае абыходжанне або пакаранне з боку дзяржаўных асобаў або з іх згоды. Па звестках, гэтыя парушэнні здзяйсняліся ў дачыненні да палітычных апанентаў рэжыму і мірных дэманстрантаў. Міліцыя і агенты ў цывільным часта збіваюць людзей падчас арыштаў і затрыманняў. Напрыклад, на працягу года міліцыя неаднаразова збівала Аляксандра Абрамовіча і Сяргея Паджолку, двух вядомых актывістаў па абароне правоў чалавека ў Барысаве, за арганізацыю негвалтоўных пратэстаў. Апанент Лукашэнкі Аляксандр Чыгір заявіў, што яго збілі і адмовілі ў неабходнай медыцынскай дапамозе. Улады рэдка каралі супрацоўнікаў, вінаватых у такіх злоўжываннях, ці не каралі ўвогуле.
4 красавіка паліцыя затрымала чарговых чатырох членаў маладзёжнай апазіцыйнай групоўкі “Зубр” за тое, што яны малявалі графіці на сценах Мінскага завода халадзільнікаў (гл. Раздзел 1.г.). Міліцыянты тут жа апранулі на маладых людзей наручнікі, кінулі іх на зямлю і аблілі фарбай з балончыкаў іх рукі. Двое юнакоў – Аляксей Шыдлоўскі і Цімафей Дранчук - заявілі, што міліцыянты білі іх у аддзяленні міліцыі пасля арышту.
5 красавіка ў Мінску двое міліцыянтаў затрымалі Нікіту Сасіма, непаўналетняга члена “Зубра” нібыта за тое, што ён напісаў “Зубр” на аўтобусным прыпынку, а таксама на сценах будынка і моста паблізу. Дзяжурны міліцыянт апрануў на юнака наручнікі, збіў яго, абліў яго валасы фарбай з балончыка і прыгразіў, што паголіць хлопцу галаву. Пасля іншыя міліцыянты цалкам распранулі яго і пратрымалі ў халоднай камеры ўсю ноч. Спрабуючы прымусіць юнака падпісаць пісьмовыя паказанні, міліцыянты зноў апранулі на яго наручнікі,прымусілі легчы на зямлю і пачалі страляць з пісталета над галавой хлопца. Міліцыянты таксама прыгразілі хлопцу электрашокам і не давалі яму ежы.
Міліцыя нярэдка збівала ўдзельнікаў дэманстрацый і часам адмаўляла затрыманым у ежы (гл. Раздзел 1.b. і 2.b.).
Было вельмі шмат заяваў па фактах збівання міліцыянтамі і агентамі ў цывільным напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 9 верасня. Напрыклад, у ліпені Ігар Гайшун і Сяргей Стрыжэлка , абодва – паплечнікі Алега Волчака, вядомага праваабаронцы і актывіста, былі збітыя ў пад’ездах сваіх дамоў невядомымі налётчыкамі ў цывільным. Налётчыкамі, нібыта, былі супрацоўнікі службы бяспекі і міліцыі (гл. Раздзел 1.б.). У жніўні , за 2 тыдні да выбараў, Гайшун зноў быў моцна збіты і ляжаў непрытомны і скрываўлены ў ліфце свайго дома на працягу некалькіх гадзін, пакуль яго не знайшла жонка.
Паведамляецца, што «дзедаўшчына» - практыка здзекаў над навабранцамі шляхам біцця і іншых форм фізічнага і псіхічнага гвалту – па-ранейшаму працягвалася. За першыя 5 месяцаў гэтага года, паводле дзяржаўнай статыстыкі, было адзначана 30 такіх выпадкаў. Намаганні членаў сем’яў і праваабаронцаў па расследаванні гэтых выпадкаў і іншых звестак пра “дзедаўшчыну” блакуюцца дзяржаўнымі ўладамі.
Умовы ўтрымання ў турмах нездавальняючыя і адзначаюцца вялікім перапаўненнем, нястачай прадуктаў харчавання і лекаў, распаўсюджваннем такіх захворванняў, як туберкулёз, сіфіліс і ВІЧ/СНІД. Турэмныя ахоўнікі рэгулярна збіваюць затрыманых і вязняў. Паводле словаў Уладзіміра Кудзінава, члена разагнанага парламенту, які гучна крытыкуе рэжым Лукашэнкі, гвалт шырока распаўсюджаны ў турмах. Сам Кудзінаў правёў 4 гады ў турме.
Паводле праваабаронцаў, умовы ў турэмных шпіталях былі нездавальняючыя. Хаця афіцыйная статыстыка па перапаўненні турмаў адсутнічае, прадстаўнікі Кансультацыйна-назіральнай групы (КНГ) АБСЕ, якія наведалі месца ўтрымання вязняў у Віцебску ў чэрвені 1999 года, адзначылі, што ў адной камеры 16 вязняў-жанчын дзялілі міжсобку 10 ложкаў, у той час, як у другой камеры 14 вязняў ва ўзросце ад 14 да 17 год дзялілі 8 ложкаў. Адзін з назіральнікаў адзначыў, што ў турмах Магілёўскай вобласці, разлічаных на 8 550 вязняў, змяшчалі больш за 14 000 чалавек. Сярэдняя плошча на кожнага вязня склала каля 1 квадратнага метра. Турэмнае харчаванне не адпавядала мінімальным медыцынскім патрабаванням. Вязні-жанчыны і вязні-мужчыны ўтрымліваюцца паасобку. Непаўналетнія ўтрымліваюцца асобна ад дарослых. Затрыманыя да суда звычайна знаходзяцца асобна ад асуджаных вязняў; аднак, з прычыны перапоўненасці турмаў, часам яны могуць утрымлівацца разам. Затрыманыя ў месцах папярэдняга зняволення таксама скардзіліся на кепскія ўмовы і адмовы ў аказанні медыцынскай дапамогі, што значна пагаршала іх здароўе, пакуль яны чакалі суда.
Час ад часу рэжым дазваляў назіральнікам па правах чалавека наведаць турмы, каб азнаёміцца з умовамі ўтрымання. Аднак на працягу года толькі членам сем’яў і адвакатам было дазволена наведаць некаторых зняволеных індывідуальна.
d. Беспадстаўнага арышту, затрымання і высылкі
Закон абмяжоўвае беспадстаўныя арышты, аднак на працягу года сілы бяспекі працягвалі беспадстаўныя арышты і затрыманні. Болей за ўсё яны тычыліся дэманстрацый, некаторыя з якіх былі несанкцыянаваныя (гл.Раздзел 2.b.). Працягваліся палітычна матываваныя арышты, хаця большасць арыштаваных былі адпушчаныя праз некалькі дзён ці гадзін.
Крымінальна-працэсуальным кодэксам прадугледжваецца, што міліцыя можа затрымаць асобу да трох гадзін без тлумачэння прычыны. Міліцыя можа затрымаць асобу па падазрэнні ў злачынстве на 24 гадзіны без ордэра, каб за гэты час паведаміць аб затрыманні пракурору. Затым пракурор мае 48 гадзін, каб разгледзець пытанне законнасці затрымання. Калі пракурор лічыць затрыманне законным, падазроны можа ўтрымлівацца максімум 10 дзён без прад’яўлення фармальнага абвінавачвання. Аднак звычайна, калі прынята рашэнне аб затрыманні падазронага, фармальныя абвінавачванні прад’яўляюцца. Калі ў адрас падазронага вылучана абвінавачванне, судовы працэс павінен распачацца ў межах двух месяцаў, хаця ў некаторых выпадках генеральны пракурор можа падоўжыць перадсудовае затрыманне да 18 месяцаў, каб правесці далейшае расследаванне. У выпадку, калі падазронага, якому было вылучана абвінавачванне, адпускаюць пад падпіску аб нявыездзе, абмежаванняў у часе перадсудовых расследаванняў няма. Закон дазваляе затрыманым звярнуцца ў суд (а не да пракурора) у справе вызначэння законнасці іх затрымання. Аднак на практыцы зваротам падазроных аб пераглядзе судамі рашэння аб іх затрыманні часта не даюць ходу, бо афіцыйныя асобы, адказныя за затрыманне, не жадаюць адсылаць гэтыя звароты. Статыстыка аб колькасці асобаў, што ўтрымліваюцца ў папярэнім зняволенні, а таксама аб сярэдняй працягласці папярэдняга зняволення была недаступная. У існуючым прававым кодэксе няма палажэння аб вызваленні пад заклад.
Нягледзячы на нормы закону, следчыя звычайна не інфармавалі затрыманых аб іх правах і праводзілі папярэднія допыты, не даючы затрыманым магчымасці пракансультавацца з адвакатам. Інфармацыя, атрыманая на допытах без адваката выкарыстоўвалася супраць абвінавачаных на судзе. Доступ членаў сям’і да затрыманых знаходзіцца ў кампетэнцыі следчых, і часта ім не паведамлялася, што член іх сям’і, нават непаўналетні, затрыманы.
Адміністрацыйны кодэкс дазваляе затрымліваць любога грамадзяніна да 3 гадзін без прад’яўлення абвінавачвання, і ўлады часта карыстаюцца гэтым палажэннем. Такія кароткія затрыманні рэгулярна выкарыстоўваліся ў перыяд, што папярэднічаў прэзідэнцкім выбарам 9 верасня, каб у крытычныя моманты прыбраць з вуліц падазроных лідэраў апазіцыі. Гэтыя затрыманні часта цягнуліся даўжэй за тры гадзіны. Напрыклад, 1 верасня, за 8 дзён да выбараў, Алесь Бяляцкі, адзін са старшынь мясцовай незалежнай сеткі наглядальнікаў, быў затрыманы на працягу прыкладна сямі гадзін. На думку ўладаў, Бяляцкі і яшчэ некалькі чалавек ладзілі пратэст падчас адборачнага матчу на Кубак Свету. Бяляцкага трымалі, пакуль не пачалася гульня.
Невядомыя агенты ў цывільным, якія працуюць на службы бяспекі, рэгулярна хапалі і затрымлівалі ўдзельнікаў дэманстрацый, накіраваных супраць рэжыму, а таксама распаўсюджвальнікаў апазіцыйных матэрыялаў. Мелі месца некалькі паведамленняў, што асобы і члены арганізацый, што займаліся публікацыяй апазіцыйных сродкаў масавай інфармацы, былі арыштаваныя і затрыманыя (гл. Раздзел 2.а.). Афіцэры органаў бяспекі, пры зручных выпадках, папярэдне арыштоўвалі і затрымлівалі арганізатараў і асобаў, што лічыліся патэнцыяльнымі ўдзельнікамі ў дэманстрацыях (гл. Раздзел 2.b.). Супрацоўнікі органаў бяспекі не выпускалі некаторых затрыманых пасля дэманстрацый, не дазваляючы ім паведаміць аб сваім месцазнаходжанні. Затрыманых ніхто не наведваў і яны ні з кім не размаўлялі. Акрамя соцень пратэстуючых супраць рэжыму, якіх улады затрымлівалі на некалькі гадзін альбо дзён, улады таксама трымалі відных палітычных затрыманых у папярэднім зняволенні доўгі час, некаторыя знаходзіліся там болей за год.
10 лютага міліцыя арыштавала Аляксандра Чыгіра, сына былога прэм’ер-міністра і актыўнага апанента Лукашэнкі Міхаіла Чыгіра. Яго публічна абвінавацілі ў продажы скрадзеных аўтамабільных запасных частак. Абвінавачванні ў “буйным крадзяжы, здзейсненым групай”, цягнуліся да канца года. Напрыканцы года адвакат Аляксандра Чыгіра трапіў у шпіталь і чакаў аперацыі, якая была яму неабходнай пасля нападу на яго невядомых 6 сакавіка. Такім чынам, ён не мог прадстаўляць свайго кліента. Аляксандр Чыгір заявіў, што падчас зняволення ён быў збіты, і яму было адмоўлена ў неабходнай медыцынскай дапамозе.
5 красавіка міліцыя затрымала 4 членаў маладзёжнай суполкі “Зубр”: Аляксея Шыдлоўскага, Цімафея Дранчука, Дзмітрыя Драпочку і Алеся Апраніча па падазрэнні ў тым, што яны размалявалі фарбай з балончыкаў агароджу вакол Мінскага завода халадзільнікаў (гл. Раздзел 1.c.). Іх забралі ў Цэнтральнае аддзяленне міліцыі. Міліцыя не дазваляла юнакам кантактаваць з роднымі або адвакатамі і трымала іх ў аддзяленні да вечара 6 красавіка. Адвакаты сустрэліся са сваімі кліентамі 6 красавіка, але ім не дазвалялася размаўляць са сваімі кліентамі сам на сам. Міліцыя прымусіла чатырох юнакоў падпісаць фальсіфікаваныя дакументы, з якіх вынікала, што міліцыя мела законныя падставы на іх затрыманне. Затрыманыя адмовіліся ад дачы паказанняў міліцыі. Журналісты, дыпламаты і супрацоўнікі КНГ АБСЕ не маглі атрымаць інфармацыю пра чатырох юнакоў. Іх трымалі ўсю ноч у прыёмніку-размеркавальніку Мінскай гарадской міліцыі.
1 верасня 20 актывістаў “Зубра” былі затрыманыя за тое, што былі апранутыя ў кашулі не таго колеру падчас футбольнага матчу паміж Беларуссю і Ўкраінай. На моладзі былі белыя і чырвоныя кашулі, і седзячы на адпаведных месцах, яны ўтваралі жывы бел-чырвона-белы сцяг, які сімвалізуе незалежны сцяг Беларусі, які Лукашэнка замяніў сцягам, падобным да сцяга Беларусі савецкіх часоў. Публічная дэманстрацыя нацыяналістычнага сцяга была абвешчана незаконнай (гл. Раздзел 2.а.). Заўважыўшы, што міліцыя гуртуецца вакол іх, яны паспрабавалі пакінуць матч у перапынку, але былі затрыманыя дзесяткамі міліцыянтаў. Іх трымалі ўсю ноч, а кашулі канфіскавалі.
Канстытуцыя не мае палажэння аб прымусовай высылцы, і звычайна ўлады яе не выкарыстоўваюць. Аднак былі вартыя даверу звесткі, што службы бяспекі пагражалі апазіцыйным палітычным дзеячам і лідэрам прафсаюзаў крымінальным пераследам або фізічнымі мерамі, калі тыя не спыняць сваёй дзейнасці і не пакінуць краіну.
e. Адмова ў правядзенні справядлівага адкрытага судовага працэсу
Канстытуцыя 1994 года прадугледжвала незалежную судовую ўладу. Аднак на практыцы судовая ўлада не з’яўлялася незалежнай і была не ў стане ажыццяўляць кантроль за выканаўчай галіной улады і яе прадстаўнікамі. Рэформы, прынятыя ў падтрымку незалежнасці судовай улады ў 1995 годзе, засталіся невыкананымі. Канстытуцыя 1996 года надалей падпарадкавала судовую ўладу выканаўчай галіне, надаўшы прэзідэнту ўладу прызначаць 6 з 12 членаў Канстытуцыйнага Суда, уключна са старшынёй. Астатнія шэсць прызначаюцца Саветам Рэспублікі, які сам па сабе складаецца з асобаў, прызначаных прэзідэнтам, або з тых, каго выбіраюць асобы, што знаходзяцца пад уплывам прэзідэнта. Прэзідэнт прызначае таксама старшыняў Вярхоўнага Суда і Вярхоўнага Эканамічнага Суда. Прэзідэнт таксама надзелены ўладай прызначаць і звальняць усіх раённых і вайсковых суддзяў.
Сістэма правасуддзя мае тры ўзроўні: раённыя суды, абласныя суды і Вярхоўны Суд. Канстытуцыйны Суд быў заснаваны для вынясення рашэнняў па важных канстытуцыйных пытаннях, аднак, знаходзячыся ў залежнасці ад выканаўчай галіны ўлады, ён не аспрэчвае прэзідэнцкія ініцыятывы на практыцы. Канстытуцыйны Суд не мае сродкаў, каб уводзіць у дзеянне свае рашэнні.
Пракуратуры, як і суды, арганізаваныя ва ўстановы на раённым, абласным і рэспубліканскім узроўнях. Яны ў рэшце рэшт нясуць адказнасць перад генеральным пракурорам і падпарадкоўваюцца генеральнаму пракурору, які, паводле Канстытуцыі, прызначаецца Саветам Рэспублікі. Пракуроры не з’яўляюцца незалежнымі і не валодаюць паўнамоцтвамі, каб вылучыць абвінавачванні супраць прэзідэнта або прэзідэнцкай адміністрацыі.
У адпаведнасці з прэзідэнцкім дэкрэтам 1997 года ўсе адвакаты падпарадкоўваюцца Міністэрству юстыцыі, якое трымае пад кантролем выдачу ліцэнзій адвакатам і, у значнай ступені, асацыяцыя адвакатаў таксама падкантрольная Міністэрству юстыцыі. Паводле міжнародных правазнаўцаў і наглядальнікаў за правамі чалавека, дэкрэт сур’ёзна скампраметаваў незалежнасць адвакатаў ад уладаў.
Абедзве канстытуцыі, як 1994, так і 1996 года прадугледжваюць публічнасць судовых працэсаў, хаця выключэнні могуць складаць выпадкі, абумоўленыя законам (напрыклад, у выпадках згвалтавання альбо ў інтарэсах дзяржаўнай бяспекі). Напрыклад, суд над асобамі, абвінавачанымі ў знікненні аператара ОРТ Дзмітрыя Завадскага быў закрыты для грамадскасці ў інтарэсах бяспекі, бо падсудныя папярэдне мелі дачыненне да Міністэрства ўнутраных спраў і былі дасведчаныя ў дзяржаўных таямніцах, а таксама з мэтай абараніць сведак (гл. Раздзел 1.b.). Судовыя рашэнні выносяцца суддзямі. Толькі ў працэсах па справах, за якія прадугледжваецца смяротнае пакаранне, і ў якіх падсудны не прызнае сваёй віны і патрабуе суда прысяжных, прысяжныя прызнаюць альбо не прызнаюць яго віну. Суддзі залежныя ад Міністэрства юстыцыі ў плане падтрымання інфраструктуры суда, а таксама ад мясцовых выканаўчых ўладаў, якія прадастаўляюць ім жыллё. Шырокае распаўсюджанне атрымалі вартыя даверу звесткі, што выканаўчыя і мясцовыя ўлады дыктуюць судам вынікі судовых працэсаў. Пракуратура абвяргае гэтую інфармацыю.
Падсудныя маюць законнае права прысутнічаць на судовых паседжаннях, абвяргаць сведак і сведчыць ад свайго імя. Аднак гэтыя правы не заўсёды паважаюцца на практыцы. Згодна з законам, затрыманым павінны быць дазволены неабмежаваны доступ да адваката, для тых жа, хто не можа дазволіць мець свайго адваката, суд прызначае абаронцу. Аднак не заўсёды гэтае права прадастаўляецца на практыцы. Нягледзячы на тое, што Канстытуцыя прадугледжвае прэзумпцыю невінаватасці, на практыцы падсудныя часта павінныя даказваць сваю невінаватасць. Згодна са статыстыкай Беларускага Хельсінкскага Камітэта за 1998 год, якая з’яўляецца самай апошняй, пракуроры вылучылі абвінавачванні супраць 59 700 асобаў, толькі 272 з якіх, што складае 0,5%, былі прызнаныя невінаватымі.
І падсудныя, і пракуроры маюць права падаць апеляцыю на рашэнне суда, і ў большасці крымінальных справаў падаюцца апеляцыі. Аднак даволі рэдка гэта заканчваецца адменай прыгавору. Пры разглядзе апеляцый ані падабаронныя, ані сведкі не з’яўлюцца перад судом; суд папросту разглядае пратакол і іншыя дакументы судовай справы ніжэйшай інстанцыі. На працягу года пратэстуючыя супраць рэжыму, арыштаваныя пасля дэманстрацый, падвяргаліся судовым справам па метаду канвеера, часта без права звярнуцца да адваката, або магчымасці прадставіць сведчанні ці выклікаць сведкаў (гл. Раздзел 2.b.). Напрыклад, Вінцук Вячорка, лідэр апазіцыйнага Беларускага народнага фронту, быў прыгавораны да 15 дзён турэмнага зняволення за правядзенне несанкцыянаванага мітынгу ў сакавіку. На судзе яму не было дазволена ні падаць апеляцыю, ні зрабіць заключную заяву.
18 чэрвеня прафесары Уладзімір Раўкоў і Юрый Бандажэўскі былі абвінавачаныя ў хабарніцтве і пасля чатырох месяцаў суда прыгавораныя да 8 гадоў турмы. Некаторыя назіральнікі заявілі, што ўлады прад’явілі абвінавачванні Раўкову і Бандажэўскаму ў адказ на іх адкрытую крытыку таго, як урад займаецца праблемамі ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай аварыі. Раўкоў, былы прарэктар Гомельскага Дзяржаўнага Медыцынскага Інстытута, ужо правёў 19 месяцаў у камеры папярдняга зняволення. Бандажэўскі – былы рэктар таго ж інстытута. Па справе, распачатай ў 1999 годзе, не сабрана ніякіх доказаў, якія б пацвердзілі факт атрымання хабару памерам у 200 000 даляраў. Паводле паведамленняў, студэнты і іх бацькі сведчылі пад прымусам. Са слоў Раўкова, за тыя 19 месяцаў, што ён правёў у камеры папярэдняга зняволення, следчы дапытваў яго ў агульнай колькасці ад 14 да 16 гадзін. Яшчэ некалькі выкладчыкаў факультэта былі абвінавачаныя. Напрыканцы года не было ніякіх звестак пра стан гэтых справаў.
У маі Іван Спасюк, святар Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы (БПАЦ), быў затрыманы і аштрафаваны на закрытым судовым паседжанні, пазбаўлены магчымасці прыцягнуць сведкаў ці атрымаць іншую прававую дапамогу. Суд адмовіў яму ў просьбе правесці судовае паседжанне на яго роднай беларускай мове (гл. 2.c.).
Андрэя Клімава, члена абранага парламенту, які быў распушчаны, прыгаварылі ў сакавіку 2000 года да шасці гадоў турмы па сфабрыкаваных абвінавачваннях у злачынствах, нібыта звязаных з выкарыстаннем службовай пасады, і буйных растратах, выкліканых выкананнем будаўнічай фірмай, якой ён кіраваў, дзяржаўнага кантракту. Ён працягвае адбываць сваё пакаранне. Клімаў, судовы працэс над якім распачаўся ў ліпені 1999 года, знаходзіўся ў папярэднім зняволенні з лютага 1998 года. Міжнародныя і мясцовыя праваабаронцы лічаць, што гэты судовы працэс і прысуд мелі пад сабой палітычныя матывы, прадыктаваныя жаданнем пакараць Клімава за ўдзел у кампаніі па імпічменце прэзідэнта Лукашэнкі ў 1996 годзе. У жніўні 2000 года апеляцыя Клімава была адхіленая іншым мінскім судом без тлумачэнняў. Праваабаронцы лічаць, што апеляцыйны суд, адхіліўшы апеляцыю, не звярнуў увагі на шматлікія працэдурныя парушэнні.
Болей звестак пра палітычных вязняў не было.
f. Свавольнага ўмяшання ў прыватнае жыццё, сям’ю, дом або карэспандэнцыю.
Канстытуцыя прадугледжвае абарону ад незаконнага ўмяшання ў асабістае жыццё грамадзяніна; аднак на практыцы рэжым не захоўвае гэтых правоў. Недатыкальнасць жылля таксама прадугледжана Канстытуцыяй, у якой засведчана, што «ніхто не мае права ўвайсці без законнай прычыны ў жылое памяшканне і іншую нерухомасць грамадзяніна супраць яго волі». Праслухоўванне тэлефонных размоваў і ўмяшанне ў іншыя сродкі камунікацыі без дазволу закона недапушчальныя, аднак на практыцы нагляд урада за жыллём, тэлефонамі і камп’ютэрамі па-ранейшаму працягваецца. КДБ, МУС і спецыяльныя пагранічныя аддзелы маюць права праслухваць тэлефонныя паведамленні, але, згодна з законам, да таго, як устанавіць праслухоўваючае абсталяванне, ім неабходна атрымаць дазвол пракурора. Аднак КДБ уваходзіць у дамы без дазволу, праводзіць несанкцыянаваныя вобыскі і чытае пошту без ордэра.
Пракуратура не з’яўляецца незалежнай, і, такім чынам, рэальнай неабходнай працэсуальнай абароны ад праслухоўвання няма. Адміністрацыйны Кодэкс прадугледжвае пакаранне тых, хто перашкаджае афіцэрам КДБ. Напрыклад, любая спроба перашкодзіць афіцэрам КДБ увайсці ў памяшканне кампаніі, установы ці арганізацыі з’яўляецца крымінальным злачынствам, як і любая адмова гэтых установаў у правядзенні праверак, альбо адмова ці абмежаванне ў прадастаўленні доступу да інфармацыйных сістэм і базаў даных кампаніі.
Дамовы на тэлефоннае абслугоўванне, якімі кіруецца Міністэрства сувязі, забараняюць абанентам выкарыстоўваць тэлефонную сувязь насуперак дзяржаўным інтарэсам і дзяржаўнаму ладу. Міністэрства мае права спыніць тэлефоннае абслугоўванне тых, хто парушае гэтае палажэнне. Аднак на працягу года не паведамлялася пра ніводны выпадак выкарыстання гэтага права міністэрствам.
Амаль усе апазіцыйныя палітычныя дзеячы паведамляюць, што ўлады сочаць за іх дзейнасцю і размовамі. Рэжым Лукашэнкі не робіць нічога, каб абвергнуць гэтыя паведамленні. Палітычныя, праваабарончыя і іншыя няўрадавыя арганізацыі сцвярджаюць, што за іх размовамі і карэспандэнцыяй пастаянна сочаць службы бяспекі. Ахова прэзідэнта (або служба бяспекі), як паведамлялася, працягвала праводзіць нагляд за дзейнасцю палітычных апанентаў прэзідэнта. За бюджэтам і дзейнасцю аховы прэзідэнта няма ні судовага, ні заканадаўчага нагляду, і выканаўчая ўлада неаднаразова адхіляла спробы ажыццявіць падобны нагляд. Сочаць і за некаторымі чыноўнікамі, якія служаць рэжыму. Вядома, што міліцыянеры, якія стаяць на варце каля дыпламатычных місій, вядуць улік візітаў лідэраў палітычнай апазіцыі. Некаторыя апазіцыйныя дзеячы выказваюць сваё нежаданне наведваць некаторыя замежныя пасольствы, бо баяцца рэпрэсій.
Шырокае распаўсюджанне набылі праследаванні кшталту “праверак” ці канфіскацыі палітычнай літаратуры, асабліва ў перыяд, што папярэднічаў вераснёўскім выбарам прэзідэнта. Мішэнямі сталі апазіцыйныя кандыдаты і іх прыхільнікі. Супрацоўнікі органаў бяспекі звычайна рабілі рэйды ці вобыскі ў кватэрах апазіцыйных кандыдатаў, часта без ордэра. На мытні ў Брузгах (Гродзенская вобласць) мытнікі на працягу дзвюх гадзін абшуквалі прыватныя рэчы былога кандыдата ў прэзідэнты Сямёна Домаша, які накіроўваўся ў Польшчу на аўтамабілі. Ніводная з асабістых рэчаў Домаша не была прызнаная нелегальнай, але мытнікі так і не далі тлумачэнняў сваёй дзейнасці.
11 сакавіка міліцыя зняла з цягніка Яўгена Лабановіча, старшыню выканаўчага камітэта апазіцыйнай Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Яго абшукалі і завялі ў міліцэйскі ўчастак, дзе зрабілі копіі ўсіх ягоных дакументаў. Дзесяць афіцэраў міліцыі, якія праводзілі вобыск, прадставіліся членамі групы, якая расследуе справу Завадскага, але адмовіліся назваць свае імёны. Лабановіч ехаў у Маскву каб узяць удзел у прэс-канферэнцыі па знікненні вядомых апазіцыйных палітыкаў (гл. Раздзел 1.b.). Юрыст Лабановіч паспяхова дабіўся свайго вызвалення, калі ўлады не здолелі прадставіць законных прычын для яго затрымання.
Таксама ў сакавіку мінская міліцыя ў суправаджэнні афіцэраў КДБ правяла незаконны вобыск аўтамабіляў, што належалі апазіцыйным дзеячам і канфіскавала некалькі тысяч улётак, падрыхтаваных да Маршу Свабоды, што меўся адбыцца 25 сакавіка. Міліцыя арыштавала Сяргея Міхнова, сакратара Беларускага народнага фронту (БНФ) і яшчэ дваіх членаў БНФ з Гомеля і Оршы. Яны былі абвінавачаныя ў распаўсюджванні друкаваных матэрыялаў незарэгістраванай арганізацыі.
У лістападзе Лукашэнка адмяніў дэкрэт, выдадзены ў 1999 годзе, які дазваляў уладам нацыяналізаваць маёмасць любой асобы, па віне якой, на думку прэзідэнта, дзяржава панесла фінансавыя страты. Мелі месца паведамленні, што гэты дэкрэт выкарыстоўваўся супраць бізнэсменаў, якія падтрымлівалі палітычную апазіцыю.
Раздзел 2. Захаванне грамадзянскіх свабодаў, у тым ліку:
а. Свабоды слова і друку
Абедзве Канстытуцыі, як 1994 так і 1996 года, прадугледжваюць свабоду слова і друку, а таксама свабоду на атрыманне, захаванне і распаўсюджванне інфармацыі; аднак на практыцы рэжым абмяжоўвае гэтыя правы. Законы і дэкрэты абмяжоўваюць свабоду выказвання грамадзян шляхам забароны выкарыстання пэўных сімвалаў і словаў на плакатах, а таксама занадта шырокай інтэрпрэтацыяй закону аб паклёпе, каб не дапусціць крытыкі афіцыйных асобаў і дзейнасці рэжыму. Рэжым абмяжоўваў свабоду друку рознымі спосабамі, у тым ліку: пры дапамозе закона аб паклёпе, абмежавання фінансавання з-за мяжы, аказваючы ціск на бізнесоўцаў, каб тыя не размяшчалі сваю рэкламу ў незалежных сродках масавай інфармацыі, абмяжоўваючы доступ да газетнай паперы, адмаўляючы ў акрэдытацыі крытычна настроеным журналістам, шляхам наўпроставай цэнзуры, абмяжоўваючы імпарт матэрыялаў, звязаных са сродкамі масавай інфармацыі, прыпыняючы выхад апазіцыйных перыядычных выданняў, арганізуючы судовы пераслед галоўнай незалежнай друкарні, а таксама затрымліваючы асобаў, якія спрабавалі распаўсюджваць апазіцыйныя газеты. Рэжым выкарыстоўваў сваю манаполію тэлевізійнага вяшчання, каб даваць у эфір прадузятыя навіны і звесці да мінімуму прадстаўленне апазіцыйных меркаванняў. Гэтыя абмежаванні свабоды друку былі асабліва ўзмоцненыя ў перыяд, што папярэднічаў выбарам прэзідэнта ў верасні 2001 года.
Выканаўчыя ўлады працягвалі парушаць свабоду слова. Прэзідэнцкі ўказ, выдадзены ў 1997 годзе, забараняе шэраг відаў дзейнасці з неакрэсленым вызначэннем і абмяжоўвае свабоду выказванняў. Напрыклад, гэты ўказ забараняе асобам нашэнне плакатаў або сцягоў з афіцыйна незарэгістраванымі ў дзяржаве эмблемамі, а таксама з эмблемамі, сімваламі і надпісамі, «змест якіх мае намерам нанесці ўрон дзяржаўнаму і грамадскаму ладу, правам і законным інтарэсам грамадзян». Гэты ўказ забараняе таксама дзейнасць, накіраваную на «знявагу годнасці і гонару адказных асобаў дзяржаўных органаў». Гэты ўказ выкарыстоўваецца для пераследу і грашовых спагнанняў з тых, хто носіць сімвалы, якія падкрэсліваюць незалежнасць краіны, такія як бел-чырвона-белы сцяг (гл. Раздзел 1.d.). Указ, выдадзены ў 1998 годзе, абмяжоўвае права грамадзян на выказванне ўласных думак.
Законы аб паклёпе і знявазе годнасці выкарыстоўваюцца для абмежавання як свабоды слова, так і свабоды друку. Яны не робяць размежавання паміж прыватнымі асобамі і грамадскімі дзеячамі для іскаў аб паклёпе. Напрыклад, дзяржаўная асоба, якую крытыкуюць за дрэннае выкананне абавязкаў, можа папрасіць пракурора прад’явіць іск газеце, якая надрукавала гэтую крытыку. Згодна з законам публічная знявага ці паклёп на прэзідэнта могуць быць пакараныя турэмным зняволеннем тэрмінам да 4 гадоў, зняволеннем да 2 гадоў у працоўным лагеры або вялікім штрафам. Аднак звестак аб тым, што хто-небудзь быў арыштаваны або абвінавачаны ў падобным парушэнні, няма, і гэты акт, відавочна, быў распрацаваны галоўным чынам як сродак запалохвання. Але, нягледзячы ні на што, яго палажэнні застаюцца ў сіле.
16 студзеня Алесь Абрамовіч, Алеся Ясюк, Надзея Грачуха, а таксама Дзмітрый і Міхаіл Кузняцовы былі арыштаваныя і абвінавачаныя ў паклёпе за вусную знявагу гонару прэзідэнта падчас трыццаціхвіліннай дэманстрацыі ў Барысаве (гл. Раздзел 2.b.). Пасля гэтага Абрамовіч пакінуў краіну і напрыканцы года знаходзіўся за мяжой. 12 студзеня крымінальная справа аб паклёпе была ўзбуджаная супраць “Нашай Свабоды” за публікацыю артыкула псіхолага Дзмітрыя Шчыгельскага, у якім той паставіў дыягназ “хворы на мазаічную псіхапатыю” Аляксандру Лукашэнку. Справа не атрымала працягу пасля таго, як рэдактар “Нашай Свабоды” заявіў, што для доказу паклёпу неабходна давесці, што Лукашэнка не хворы і прапанаваў знайсці незалежнага эксперта, каб ацаніць здароўе прэзідэнта.
У красавіку 2000 года ўвайшоў у сілу новы прэзідэнцкі ўказ “па выкарыстанні юрыдычнымі асобамі назвы “Рэспубліка Беларусь”. Гэты ўказ дазваляе толькі юрыдычным асобам, спецыяльна ўпаўнаважаным прэзідэнтам, выкарыстоўваць назву краіны ў сваіх назвах. Згодна з указам, а таксама са слоў незалежных прававых экспертаў, незалежнай прэсе забараняецца выкарыстоўваць назву краіны ў сваіх назвах.
Указ “аб ўдасканаленні сістэмы атрымання і выкарыстання гуманітарнай дапамогі”, выдадзены рэжымам 15 сакавіка, – гэта крок па спыненні замежнага фінансавання незалежных сродкаў масавай інфармацыі. Накіраваны нібыта на спыненне падрыўной дзейнасці, якая падтрымліваецца замежжам, указ, у прыватнасці, забараняе “дзейнасць, накіраваную на змену канстытуцыйнага ладу, звяржэнне дзяржаўнай улады альбо падстракальніцтва да такой дзейнасці... падрыхтоўку, правядзенне і арганізацыю выбараў, рэферэндумаў, арганізацыю мітынгаў, дэманстрацый, пікетаў, забастовак, друкаванне і распаўсюджванне агітацыйных матэрыялаў, правядзенне семінараў і іншай агітацыйнай дзейнасці з удзелам насельніцтва”, якая мае замежную падтрымку. Указ быў выдадзены з мэтай уціску падчас перадвыбарчай кампаніі на незалежныя выданні і НДА па ўсёй краіне, многія з якіх, калі не большасць, падтрымліваюцца міжнароднай супольнасцю. Рэжым выкарыстоўваў падатковыя праверкі і канфіскацыю друкаваных матэрыялаў і абсталявання, каб паралізаваць большую частку прадэмакратычнай апазіцыі падчас кампаніі, такім чынам жорстка абмяжоўваючы свабоду слова і выказвання (гл. Раздзел 1.f.).
Рэжым працягваў выкарыстоўваць свой амаль манапалістычны кантроль над выпускам газетнай паперы, друкаваннем газет і іх распаўсюджваннем, а таксама над нацыянальным тэле- і радыёвяшчаннем, з мэтай абмежаваць распаўсюджванне апазіцыйных поглядаў. Рэжым таксама адмовіў у акрэдытацыі журналістам, крытычна настроеным супраць рэжыму і працягваў аказваць эканамічны ціск на незалежныя сродкі масавай інфармацыі, прымушаючы рэкламадаўцаў здымаць сваю рэкламу, а таксама спаганяючы штрафы і ажыццяўляючы адміністрацыйны пераслед. Улады ўзмацнілі кампанію пераследу незалежных сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку адкрытую цэнзуру, патрабуючы ад незалежных выданняў здымаць з публікацыі пэўныя артыкулы, і яны былі вымушаныя пакідаць пустыя месцы ці старонкі. Напрыклад, 1 студзеня незалежная газета “Наша Свабода” была вымушаная пакінуць некалькі старонак пустымі, бо друкарня адмовілася друкаваць сатырычны раздзел “Stinger”. На друкарню, у сваю чаргу, аказаў ціск Дзяржаўны камітэт па друку, забараніўшы друкаваць старонку. На некаторых дзяржаўных прадпрыемствах праводзілася агітацыя супраць падпіскі на незалежныя газеты і часопісы.
У 1997 годзе Савет Міністраў выдаў указ, які забараняе і абмяжоўвае рух пэўных тавараў праз мытныя межы. Гэты ўказ, у прыватнасці, забараняе імпарт і экспарт друкаваных, аўдыё- і відэаматэрыялаў, або іншых сродкаў інфармацыі, «якія могуць пашкодзіць эканамічным і палітычным інтарэсам краіны». Да таго ж улады абшуквалі аўтамабілі на межах, і ў некалькіх выпадках былі канфіскаваныя матэрыялы непалітычнай кампаніі, якія спрабавалі ўвезці ў краіну.
Рэгулюючыя палажэнні даюць уладам паўнамоцтвы па забароне і цэнзуры крытычных матэрыялаў. Напрыклад, Дзяржаўны камітэт па друку атрымаў права спыняць тэрмінам на тры месяцы выхад у свет перыядычных выданняў або газет без пастановы суда. У 1999 годзе Лукашэнка падпісаў дапаўненні да закона, якія забараняюць сродкам масавай інфармацыі распаўсюджванне інфармацыі ад імя палітычных партый, прафсаюзаў і недзяржаўных арганізацый, якія не зарэгістраваны ў Міністэрстве юстыцыі.
Газеты і іншыя друкаваныя сродкі масавай інфармацыі з найбольшымі накладамі знаходзяцца ва ўласнасці дзяржавы, хаця таксама існуе нейкая колькасць незалежных публікацый, некаторыя з якіх крытыкуюць рэжым. Незалежныя газеты шырока распаўсюджаныя ў Мінску, аднак па-за межамі сталіцы выбар быў абмежаваны адной дзяржаўнай нацыянальнай газетай і мясцовымі газетамі, толькі нямногія з якіх з’яўляюцца незалежнымі. Усе нацыянальныя тэле- і радыёпраграмы мясцовай трансляцыі належаць дзяржаве, хаця некаторыя трансляцыі з-за межаў краіны, у тым ліку з Расіі, Польшчы і Літвы можна слухаць шмат дзе ў краіне.
З мэтай забяспечыць адданасць уладам, згодна з прэзідэнцкім указам ад 1996 года ўсе галоўныя рэдактары газет, што маюць дзяржаўную падтрымку, маюць статус дзяржаўных служачых і з’яўляюцца членамі адпаведных мясцовых урадавых саветаў. Яшчэ адзін указ даў права Міністэрству друку размяркоўваць выпускнікоў журналісцкіх факультэтаў дзяржаўных навучальных устаноў на працу ў дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі ў якасці кампенсацыі за вучобу.
Незалежныя газеты падвяргаліся сур’ёзнай крытыцы з боку рэжыму. Рэжым вынес дзесяткі папярэджанняў незалежным выданням за публікацыю матэрыялаў, у якіх крытыкаваліся ўлады. Згодна з законам, рэжым можа зачыніць выданне пасля двух папярэджанняў. 6 лютага “Белорусская деловая газета”, адна з вядучых незалежных газет у краіне, атрымала афіцыйнае папярэджанне за публікацыю артыкула аб расследаванні справы аб знікненні Дзмітрыя Завадскага, і расследаванне справы Валерыя Ігнатовіча (гл. Раздзел 1.b.). 14 лютага газеце “Народная Воля” было вынесена папярэджанне за публікацыю артыкула на падобную тэму. Аўтар артыкула, Валерый Шчукін, быў пазней арыштаваны, калі спрабаваў прайсці на суд. Міліцыя не дазваляла яму ўвайсці, нягледзячы на тое, што ён меў пры сабе дзеючае журналісцкае пасведчанне. Рэжым таксама вынес папярэджанне беларускім рэдактарам расійскіх газет. Напрыклад, 14 лютага Дзяржаўны камітэт па друку вынес папярэджанне “Комсомольской правде” (Беларускае выданне) за матэрыял пра затрыманне стрыечнага брата пісьменніка ў выгнанні Васіля Быкава.
Пасля шэрагу папярэджанняў улады замарозілі банкаўскі рахунак, канфіскавалі газетную паперу і камп’ютары незалежнай газеты “Пагоня” напярэдадні вераснёўскіх выбараў. Газету абвінавацілі ў парушэнні закона аб друку, а таксама ў публікацыі артыкулаў пра незарэгістраваныя арганізацыі. У лістападзе газета была афіцыйна зачыненая.
Улады працягвалі сваю дзейнасць супраць выдавецкага дома “Мэджык”, які з’яўляецца друкарняй для вядучых недзяржаўных газет краіны. 9 студзеня адзін з друкарскіх станкоў “Мэджыка” быў канфіскаваны служачымі падатковай інспекцыі, якія кіраваліся рашэннем Вярхоўнага эканамічнага суда аб тым, што абсталяванне будзе выкарыстанае ў якасці кампенсацыі за падатковую запазычанасць сапраўднага ўладальніка абсталявання – Беларускага фонду Сораса. Друкавальны станок належала прадаць на падатковым аукцыёне на працягу некалькіх тыдняў з моманту яго канфіскацыі, каб вярнуць страчаныя прыбыткі ад падаткаў. Аднак аўкцыён перанеслі на тэрмін ад шасці да дзевяці месяцаў, пакуль не скончылася прэзідэнцкая перадвыбарчая кампанія, нягледзячы на паўторныя запыты “Мэджыка” аб продажы. Былі неафіцыйныя звесткі, што Дзяржаўны камітэт па друку не збіраўся праводзіць падатковага аўкцыёну да таго часу, пакуль не знайшоўся б іншы пакупнік друкарскага станка акрамя “Мэджыка”. Нягледзячы на гэтыя цяжкасці, “Мэджык” працягваў друкаваць на палову магутнасці, пакуль яго другі і апошні друкавальны станок не быў канфіскаваны 22 жніўня. Пасля нядоўгага перапынку “Мэджык” зноў пачаў працаваць, але новы дырэктар быў прызначаны Дзяржкамітэтам па друку, які прымусіў “Мэджык” заняцца самацэнзурай на перыяд выбараў. Некалькі газетаў выйшлі з-пад друкавальных станкоў “Мэджыка” з пустымі старонкамі падчас выбарчай кампаніі.
На працягу года, і асабліва часта падчас выбарчай кампаніі, затрымліваліся члены апазіцыйных маладзёжных груповак за бясплатную раздачу спецыяльных выпускаў незалежных газет. Стандартная працэдура заключалася ў канфіскацыі газет і затрыманні моладзі на працягу некалькіх гадзін. У рэшце рэшт іх адпускалі, звычайна позна ўначы. Напрыклад, 3 сакавіка тры чалавекі былі затрыманыя ў Мінску за распаўсюджванне спецыяльнага выпуску “Нашай Свабоды”, прысвечанага палітычным дзеячам, якія зніклі (гл. Раздзел 1.b.).
Падкантрольнае дзяржаве Беларускае тэлебачанне і радыё (БТР) захавала сваю манаполію адзінай агульнанацыянальнай тэлевізійнай станцыі. Яго выпускі навінаў рэгулярна паказвалі рэпартажы з прадузятым асвятленнем падзей на карысць існуючых уладаў, рэзкай крытыкай апазіцыйных палітыкаў i адсутнасцю процілеглых меркаванняў. У некаторых раёнах дзейнічалі мясцовыя незалежныя тэлевізійныя станцыі, якія амаль без перашкодаў перадавалі мясцовыя навіны. Аднак большасць гэтых станцый засведчылі, што iх вымушаюць устрымлiвацца ад асвятлення агульнанацыянальных пытанняў альбо падвяргаюць цэнзуры.
Да яго закрыцця дзяржаўнымі ўладамі ў 1996 годзе, «Радыё 101.2» заставалася адзінай незалежнай беларускамоўнай станцыяй у краіне. Беларускі патрыятычны саюз моладзі, субсідзіраваная рэжымам прэзідэнцкая маладзёжная арганізацыя, атрымаў права ўзяць пад свой кантроль «Радыё 101.2». Незалежная беларускамоўная радыёстанцыя «Радыё Рацыя», размешчаная ў Польшчы, пачала вяшчанне ў 2000 годзе. Аднак у красавіку 2000 года спецыяльная камісія Міністэрства замежных спраў па акрэдытацыі замежных журналістаў адмовіла ў рэгістрацыі чатыром журналістам радыёстанцыі, якія працавалі ў Беларусі.
25 сакавіка у Гродне міліцыя затрымала і збіла фотажурналіста Дзмітрыя Ягорава за тое, што ён здымаў вялікія сілы міліцыі ў цэнтры горада перад пачаткам “Маршу Свабоды”. У той самы дзень невядомыя налётчыкі, якія, па шматлікіх меркаваннях, мелі дачыненне да міліцыі, збілі Уладзіміра Шлапака, мінскага фотажурналіста, падчас асвятлення ім такога ж шэсця.
Місія па абмежаваным назіранні за выбарамі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ/БДІПЧ паведаміла аб 26 парушэннях права на свабоду выказвання і інфармацыі супраць СМІ за тыя тры тыдні, што місія знаходзілася ў краіне – з 17 жніўня па 9 верасня. Сярод гэтых парушэнняў былі такія, як неаднаразовае злоўжыванне падатковымі праверкамі, захоп альбо крадзеж абсталявання, канфіскацыя газет, блізкае да цэнзуры рэдактарскае ўмяшанне, а таксама затрыманне журналістаў.
Указ Савета Міністраў 1997 года адмяніў акрэдытацыю ўсіх карэспандэнтаў і прад’явіў патрабаванне да ўсіх замежных карэспандэнтаў звяртацца па акрэдытацыю ў Міністэрства замежных спраў; у заяўцы на акрэдытацыю неабходна было прадставіць біяграфічныя звесткі, а таксама інфармацыю аб журналісцкай дзейнасці заяўляльніка. Ад журналістаў - жыхароў Беларусі патрабавалася рэгістрацыя ў дзяржаўных падатковых службах. Міністэрства замежных спраў выкарыстала свае паўнамоцтвы, каб адмовіць у акрэдытацыі чатыром журналістам «Радыё Рацыя». Паступалі звесткі, што іншыя журналісты - прадстаўнікі замежных сродкаў масавай інфармацыі- атрымалі пагрозы ў свой адрас аб магчымай страце акрэдытацыі за асвятленне апазіцыйнай дзейнасці.
Хаця ў краіне некалькі інтэрнет-правайдэраў, усе яны знаходзяцца пад кантролем дзяржавы. Вынікам манаполіі рэжыму Лукашэнкi на паслугі Інтэрнету з’яўляюцца высокія цэны, нізкая якасць і абмежаванасць паслуг, а таксама магчымасць нагляду практычна за ўсёй электроннай поштай. Хаця ўлады маюць поўны кантроль, яны, відавочна, перакрываюць доступ толькі выбарачна. 9 верасня, у дзень прэзідэнцкіх выбараў, старонкі многіх інтэрнэт-выданняў да абеду не мелі доступу ў межах Беларусі. Доступ быў адноўлены са знаходжаннем тэхнічнага абходу. Праблемы з web-старонкамі працягваліся да 10 верасня. БДІПЧ АБСЕ і іншыя назіральнікі за выбарамі адзначалі, што падчас парламенцкіх выбараў 2000 году адсутнічаў доступ да некалькіх асноўных web-старонак, якія асвятлялі выбары, сярод якіх: web-старонка БелаПАНу, “Хартыі’97”, “Нашай Свабоды” і “Зубра”. Доступ да гэтых старонак прадастаўляе “Белтэлекам”, які з’яўляецца дзяржаўнай манаполіяй.
Рэжым Лукашэнкі абмяжоўвае свабоду ў адукацыйных і даследчых установах. Адміністрацыя вышэйшых навучальных устаноў жорстка абмяжоўвае даследаванні спрэчных тэм, такіх, як беларускі рух за незалежнасць падчас савецкай улады. Гэтая тэма нібыта супярэчыць дзяржаўнай палітыцы па інтэграцыі з Расіяй. 13 красавіка рэжым пастанавіў, што, пачынаючы з 1 чэрвеня, незалежныя недзяржаўныя акадэмічныя ўстановы павінны будуць атрымаць спецыяльны дазвол ад уладаў на правядзенне адукацыйных семінараў і лекцый.
Былі вартыя даверу паведамленні, што незалежныя ўніверсітэты займаюцца самацэнзурай. Адміністрацыя Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта, аднаго з вядучых незалежных універсітэтаў краіны, неаднаразова рэкамендавала студэнтам перапрацаваць ці змяніць тэмы дыпломных работ, якія маглі скампраметаваць рэжым.
Рэжым Лукашэнкi працягваў пераслед студэнтаў, якiя бралі ўдзел у антыўрадавай дзейнасці, такой як дэманстрацыі (гл. Раздзел 2.b.). Некаторыя студэнты былі выключаныя з навучальных устаноў за ўдзел у дэманстрацыях альбо апазіцыйных групоўках. За гэты год болей за 30 студэнтаў былі выключаныя з універсітэтаў за ўдзел у вулічных дэманстрацыях.
Пасля вераснёўскіх выбараў актывісты маладзёжных груповак паведамлялі, што іх шэрагі значна парадзелі, таму што студэнты пакідалі групоўкі пад пагрозай выключэння з навучальных устаноў; юнакі, выключаныя з навучальных устаноў, падлягаюць абавязковай вайсковай службе. Паступалі вартыя даверу паведамленні, што 8 верасня, напярэдадні выбараў, студэнтаў медыцынскага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта зачынілі ў інтэрнаце, каб перашкодзіць ім узяць удзел у маладзёжных дэманстрацыях. Былі таксама шматлікія і заслугоўваючыя давер паведамленні, што студэнтаў прымушалі галасаваць на папярэдніх выбарах – з чацвёртага па восьмае верасня, калі было нашмат лягчэй маніпуляваць бюлетэнямі (гл. Раздзел 3). Студэнтаў такама прымушалі ўдзельнічаць ва ўборцы бульбы (гл. Раздзел 6.b.).
b. Свабода мірных сходаў і аб’яднанняў
Канстытуцыі 1994 і 1996 гадоў прадугледжваюць свабоду мірных сходаў, аднак рэжым Лукашэнкi жорстка абмяжоўвае гэтае права на практыцы. Пасля некаторых санкцыянаваных і несанкцыянаваных дэманстрацый міліцыя і іншыя супрацоўнікі органаў бяспекі збівалі, затрымлівалі і спрабавалі прымусіць некаторых удзельнікаў дэманстрацый да прызнанняў (гл. Раздзелы 1.c. і 1 d.).
Арганізатары павінны мінімум за 15 дзён падаць заяўку мясцовым уладам, каб атрымаць дазвол на правядзенне дэманстрацыі альбо мітынгу. Мясцовыя ўлады павінны даць адказ не пазней чым за пяць дзён да запланаванага мерапрыемства. Звычайна такія дазволы не даюцца. З часу вераснёўскіх выбараў у большасці выпадкаў такія дазволы альбо не даваліся ўвогуле, альбо дазваляліся ў малавядомых месцах, куды цяжка было дабрацца.
Указ Аляксандра Лукашэнкі ад 1997 года надалей скарачае магчымасці грамадзян праводзіць мірныя сходы, абмяжоўваючы месцы, дзе могуць адбывацца мітынгі, і дае права мясцовым уладам жорстка абмяжоўваць колькасць удзельнікаў. Указ таксама забараняе дэманстрацыю незарэгістраваных сцягоў і сімвалаў, а таксама плакатаў з надпісамі, змест якiх пагражае дзяржаўнаму альбо грамадскаму ладу (гл. Раздзел 2.а.). Гэты ўказ, разам з далейшымі дапаўненнямі, прынятымі заканадаўчай уладай, прадугледжвае жорсткія пакаранні для тых, хто парушае закон, асабліва для арганізатараў падзей. Указ прадугледжвае ці грашовыя спагнанні, ці затрыманні тэрмінам да 15 дзён, але суды звычайна прызначаюць такія высокія штрафы, што абвінавачаныя не ў стане іх заплаціць. Напрыклад, суды караюць арганізатараў мітынгаў штрафамі, якія ў некалькі разоў перавышаюць сярэднемесячную зарплату. Калі асобы не здольныя заплаціць штраф, улады пагражаюць ім канфіскацыяй маёмасці.
У траўні Лукашэнка выдаў указ, які забараніў любыя дэманстрацыі незарэгістраваных арганізацый і абмежаваў колькасць удзельнікаў у дэманстрацыях да 1000 чалавек, а таксама забараніў апранаць маскі. Паводле членаў апазіцыйных партый, улады часта не давалі дазволу апазіцыйным партыям на правядзенне сустрэч у грамадскіх будынках. 3-га лютага Леакадзія Уласюк, дырэктар Брэсцкага рэгіянальнага НДА “Таварыства глухіх”, адчыніла актавую залу арганізацыі для сустрэчы грамадскасці горада з Сямёнам Домашам, адным з патэнцыяльных кандыдатаў ад апазіцыі на пост прэзідэнта. Пасля сустрэчы яе дапытала міліцыя, і жанчына была звольненая.
На працягу года рэжым асабліва праследаваў маладзёжны рух “Зубр”. Улады пастаянна пераследавалі сходы “Зубра” - ад невялікіх групак да масавых шэсцяў. 5 сакавіка міліцыя арыштавала траіх членаў “Зубра” у сувязі з дэманстрацыяй пратэсту супраць знікнення апазіцыйных дзеячаў (гл. Раздзел 1.b.). Падчас арышту ўсе трое трымалі партрэты зніклых людзей. Ім прад’явілі абвінавачванне ў правядзенні нелегальнай дэманстрацыі. Дваіх аштрафавалі, а трэці, Антон Цялежнікаў, быў прыгавораны да 15 дзён турэмнага зняволення.
Імпрэза “вулічнага тэатра” “Зубра” у траўні пад назвай “Канчатковы дыягназ” прывяла да травеньскага указа №11. Імпрэза складалася з шэрагу іранічных сцэнак, героямі якіх былі пераапранутыя “Зубры” у масках Лукашэнкі з пап’е-машэ, за якімі гналіся іншыя “Зубры”. Улады арыштавалі 35 чалавек у сувязі з травеньскім вулічным прадстаўленнем “Зубра”, і 25 чалавек былі асуджаныя. Сярод трыццаці пяці затрыманых было некалькі журналістаў. Усіх затрыманых білі, а адна дзяўчына, пасля таго,як яе адпусцілі, трапіла ў шпіталь з страсеннем мазгоў. Яшчэ адна дзяўчына, цяжарная, падчас вызвалення знаходзілася амаль у непрытомным стане. З трыццаці пяці затрыманых, шаснаццаць тры дні чакалі суда ў зняволенні. Іх білі і не кармілі. Міліцыянеры не маглі растлумачыць суду па якіх абвінавачваннях членаў “Зубра” арыштавалі, трымалі ў зняволенні ці білі, роўна як і не маглі даць тлумачэнняў, чаму прадстаўленне “Зуброў” мела незаконны характар.
16 студзеня міліцыя арыштавала Алеся Абрамовіча, Алесю Ясюк і Надзею Грачуху, а таксама Дзмітрыя і Міхаіла Кузняцовых, удзельнікаў трыццаціхвіліннага пікету ў Барысаве. Іх абвінавацілі ў вуснай абразе гонару і годнасці прэзідэнта.
16 лютага міліцыя арыштавала Паўла Севярынца, лідэра маладзёжнай арганізацыі “Малады Фронт” (МФ) за арганізацыю Маршу Кахання ў Дзень Св.Валянціна 14 лютага. Ён не прызнаў сябе лідэрам шэсця, але ўсё роўна быў аштрафаваны на 150 мінімальных зарплат альбо 500 даляраў (800 000 рублёў).
15 сакавіка МФ арганізаваў мітынг у гонар гадавіны Канстытуцыі 1994 года. Міліцыя затрымала дваіх удзельнікаў, якія раздавалі прахожым брашуры, і забрала іх у цэнтральнае аддзяленне міліцыі.
25 сакавіка апазіцыя праводзіла Марш Свабоды. Колькасць удзельнікаў складала каля 5000 чалавек. Мерапрыемства не было санкцыянавана, нягледзячы на спробы арганізатараў дамовіцца з уладамі аб маршруце шэсця. Больш за 500 міліцыянтаў, амонаўцаў і супрацоўнікаў органаў бяспекі ў цывільным разганялі шэсце з прымяненнем сілы. Сілы бяспекі акружылі мірных дэманстрантаў, збіваючы іх без разбору. Вінцук Вячорка, лідэр апазіцыйнай партыі Беларускі Народны Фронт, быў арыштаваны і абвінавачаны ў арганізацыі дэманстрацыі. Яго прыгаварылі да 15 дзён турэмнага зняволення. Яшчэ некалькі відных апазіцыйных дзеячаў былі арыштаваныя, утрымліваліся за кратамі, былі аштрафаваныя ці прыгавораныя да адміністрацыйнага зняволення на кароткі перыяд часу.
Нягледзячы на гэта, у Мінску часта праходзілі публічныя дэманстрацыі. Іх масавасць вагалася ад некалькіх удзельнікаў да некалькіх тысяч чалавек. Аднак яны заўсёды знаходзіліся пад пільным наглядам – міліцыя і афіцэры службы бяспекі ў цывільным адкрыта здымалі ўдзельнікаў на відэа. Дэманстрацыі таксама праходзілі і ў іншых месцах краіны, але былі не такімі масавымі, асабліва ва ўсходніх рэгіёнах, блізкіх да мяжы з Расіяй.
Канстытуцыя прадугледжвае свабоду аб’яднанняў; аднак на практыцы ўлады жорстка абмяжоўваюць гэтае права. Улады пастаянна пераследавалі членаў і прыхільнікаў апазіцыйных партый, канфіскавалі ўлёткі і публікацыі (гл. Раздзел 3). Улады працягвалі спробы жорстка абмежаваць дзейнасць НДА (гл. Раздзел 4). Рабочых дзяржаўных прадпрыемстваў агітавалі не ўступаць у незалежныя прафсаюзы (гл. Раздзел 6.а.). Афіцыйныя асобы папярэджвалі выпускнікоў адукацыйных праграм, што фінансаваліся з-за мяжы, пра небяспечнасць далейшых стасункаў з іх спонсарскімі агенцтвамі.
У студзені 1999 года Аляксандр Лукашэнка выдаў указ, які патрабаваў ад усіх палітычных партый, прафсаюзаў і няўрадавых арганізацый дзяржаўнай перарэгістрацыі да 1 ліпеня. Гэтыя грамадскія аб’яднанні ўжо падвяргаліся працягламу працэсу перарэгістрацыі ў 1995 годзе. Назіральнікі лічаць, што указ, які ставiў магчымасць перарэгiстрацыі ў залежнасць ад пашырэння дзейнасцi i павелiчэння колькасцi членаў арганізацыі, меў сваёй мэтай палітычнае запалохванне. Рэжым таксама абвясціў палажэнне па забароне выкарыстання прыватнымі арганізацыямі жылых памяшканняў у якасці юрыдычных адрасоў. З улікам таго, што дзяржава кантралюе многія офісныя будынкі, альбо валодае імі, гэтае палажэнне ўскладніла працэс перарэгістрацыі, зрабіўшы вельмі цяжкай справу атрымання нежылых памяшканняў.
Пасля таго, як працэс перарэгістрацыі пачаўся, улады абвясцілі, што арганізацыям неабходна змяніць свае статуты, каб адлюстраваць у іх прызнанне Канстытуцыі 1996 года і выключыць з назваў арганізацый словы “народны” або “нацыянальны”. У снежні 1999 года ў сілу ўвайшла папраўка да Закона аб грамадскіх аб’яднаннях, якая забараняла палітычным і грамадскім арганізацыям выкарыстоўваць словы “Беларусь”, “Рэспубліка Беларусь”, “нацыянальны” альбо “народны” ў сваіх назвах. Таксама ў снежні 1999 года Лукашэнка зацвердзіў законапраект з папраўкамі да Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях, згодна з якім любая дзейнасць ад імя незарэгістраваных няўрадавых арганiзацый каралася штрафамі. Хаця большасць буйных палітычных партый і саюзаў, што падалі заявы, была дапушчаная да перарэгістрацыі, паводле Асамблеі беларускіх прадэмакратычных НДА, толькі 1 268 альбо 57 працэнтаў НДА, якія існавалі на момант увядзення ў дзейнасць закона аб перарэгістрацыі, былі перарэгістраваныя да лета 2000 года. Міністэрства юстыцыі на розных падставах адмовіла ў перарэгістрацыі 202 НДА, а напрыканцы года 31 арганізацыя ўсё яшчэ знаходзілася ў працэсе перарэгістрацыі.
23 сакавіка Міністэрства юстыцыі прызнала незаконнай дзейнасць “Незалежнага погляду”, незалежнай мясцовай арганізацыі па назіранні за выбарамі, з прычыны таго, што арганізацыя не прайшла дзяржаўную рэгістрацыю. Гэтае рашэнне было прынята нягледзячы на тое, што “Незалежны погляд” – гэта назва супольнай ініцыятывы, створанай некалькімі афіцыйна зарэгістраванымі дэмакратычнымі НДА.
c. Свабода веравызнання
Канстытуцыі 1994 і 1996 гадоў прадугледжваюць свабоду веравызнання, аднак улады на прaктыцы абмяжоўваюць гэтаe права. Хаця абедзьве канстытуцыі пацвярджаюць роўнасць рэлігій і канфесій перад законам, Канстытуцыяй 1996 года абумоўлена, што супрацоўніцтва паміж дзяржавай і рэлігійнымі арганізацыямі «рэгулюецца з улікам іх уплыву на фарміраванне духоўных, культурных і нацыянальных традыцый беларускага народа».
У краіне няма дзяржаўнай рэлігіі. Аднак з часу яго абрання прэзідэнтам краіны ў ліпені 1994 года, Лукашэнка прытрымліваўся палітыкі спрыяння Рускай праваслаўнай царкве як галоўнай рэлігіі краіны і пераследу большасці іншых рэлігій. Прэзідэнт прадастаўляе Рускай праваслаўнай царкве спецыяльныя фінансавыя льготы, якімі іншыя канфесіі не карыстаюцца. Ён таксама абвясціў задачу захавання і развіцця Рускага праваслаўнага хрысціянства “маральнай патрэбай”. 24 чэрвеня на сустрэчы з Алексіем II, Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Лукашэнка сказаў:”Фундаментальна Руская праваслаўная царква з’яўляецца асновай нашай дзяржавы”. Улады таксама спрыяюць павелічэнню ролі Рускай праваслаўнай царквы, што ў значнай ступені з’яўляецца часткай стратэгіі па ўзмацненні “славянскага саюза” ў рэгіёне, а таксама прапагандай больш шчыльнай палітычнай інтэграцыі Беларусі з Расіяй.
Дзяржаўны камітэт па рэлігійных і нацыянальных справах (ДКРНС) характарызуе некаторыя рэлігіі і канфесіі, у тым ліку рускае праваслаўе, рымскі каталіцызм, юдаізм і іслам як “традыцыйныя”, некаторыя разглядаюцца як «нетрадыцыйныя», у тым ліку пратэстанцкія і іншыя веры; а некаторыя іншыя рэлігіі разглядаюцца як «секты», сярод іх - усходнія рэлігіі і іншыя веры. Гэтая катэгарызацыя адлюстроўвае агульнае стаўленне рэжыму да гэтых рэлігій, у тым ліку і тое, з якой лёгкасцю ці з якімі цяжкасцямі яны праходзяць перарэгістрацыю.
Улады адмаўляюць у законнай рэгістрацыі на нацыянальным узроўні некаторым верам, якія лічацца нетрадыцыйнымі альбо сектамі. Прадстаўнікі рэжыму заяўляюць, што некаторым групам адмаўляецца ў рэгістрацыі ў якасці рэлігійных арганізацый, таму што іх дзейнасць “супярэчыць Канстытуцыі”. У склад гэтых групаў уваходзяць некаторыя пратэстанцкія аб’яднанні, Беларуская праваслаўная аўтакефальная царква (БПАЦ), Грэка-каталіцкая царква, а таксама ўсе аб’яднанні, якія лічацца сектамі. Некаторыя парафіі зарэгістраваныя толькі на мясцовым узроўні, што абмяжоўвае іх правы. Толькі парафіям, якія атрымалі нацыянальную рэгістрацыю, дазваляецца запрашаць святароў з-за мяжы і адчыняць новыя храмы. Незарэгістраванай рэлігійнай арганізацыі надзвычай цяжка арандаваць альбо набыць маёмасць для правядзення рэлігійных службаў. Міліцыя разганяла некаторыя службы ці рэлігійныя сходы, якія мірна праходзілі ў прыватных кватэрах, таму, што яны былі арганізаваныя незарэгістраванымі рэлігійнымі групамі.
ДКРНС сцвярджае, што афіцыйна зарэгістравана 26 рэлігійных канфесій. Аднак невядома, наколькі важкай з’яўляецца гэтая лічба. Паводле незалежных ацэнак, каля 70 працэнтаў пратэстанцкіх цэркваў атрымалі адмовы ў рэгістрацыі, страцілі рэгістрацыю ў выніку навязаных рэжымам у 1999 годзе патрабаванняў да перарэгістрацыі, альбо не рабілі спробаў зарэгістравацца. Шмат якім пратэстанцкім групам было адмоўлена ў рэгістрацыі, таму што яны не мелі юрыдычнага адрасу, але ў той жа час ім не дазволілі набыць маёмасць, што магла б быць іх юрыдычным адрасам па прычыне таго, што яны не зарэгістраваныя.
Цэрквам поўнага Евангелля пяцідзесятнікаў пастаянна адмаўляецца ў рэгістрацыі гэткім чынам. Артыкул 272 Грамадзянскага кодэксу сцвярджае, што нерухомая маёмасць можа выкарыстоўвацца выключна для рэлігійных службаў толькі ў тым выпадку, калі яна выводзіцца з жылога фонду. Аднак улады адмаўляюцца афармляць падобны перавод з жылога фонду незарэгістраваным рэлігійным арганізацыям. Рэлігійныя групы, якія не могуць зарэгістравацца, часта вымушаны сустракацца нелегальна або на кватэрах асобных членаў. Некалькі харызматычных цэркваў і некалькі цэркваў пяцідзесятнікаў былі выселеныя з памяшканняў, якія яны арандавалі, таму што яны не былі зарэгістраваныя як рэлігійныя арганізацыі. Шэраг нетрадыцыйных пратэстанцкіх і іншых веравызнанняў нават не рабілі спробы зарэгістравацца, таму што не вераць, што іх заявы будуць задаволеныя.
Мясцовыя суды адмаўляюцца разглядаць апеляцыі Беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквы (БПАЦ) па аспрэчванні рашэння лукашэнкаўскага рэжыму не рэгістраваць іх цэрквы. З прычыны праблем з рэгiстрацыяй, у тым ліку няздольнасцi зарэгістраваць семінарыю, БПАЦ не ў стане падрыхтаваць дастатковую колькасць святароў, каб задаволіць растучыя патрэбы сваіх парафіян. Адзіная альтэрнатыва для іх – гэта пасылаць сваіх семінарыстаў на навучанне ў Кіеўскую семінарыю. У маі святар БПАЦ Іван Спасюк быў арыштаваны ўладамі пры спробе правесці службу ў вёсцы Радаўляны. Пасля гэтага Спасюка і яго жонку выклікалі ў мясцовы суд, дзе на закрытым паседжанні, без сведак ды іншай юрыдычнай падтрымкі Спасюка аштрафавалі за “дробнае хуліганства”. Спасюку таксама адмовілі ў правядзенні суда на яго роднай беларускай мове, хаця дзяржаўныя ўстановы абавязаныя законам дазваляць правядзенне сваіх працэдур на беларускай мове. У ліпені 2000 года службы бяспекі рэжыму двойчы рабілі рэйды на службы БПАЦ па прычыне іх незарэгістраванасці. У сувязі з гэтым Спасюка прыгаварылі да пяці дзён турмы нібыта за супраціўленне арышту.
Грамадзянам не забаронена абарачэнне ў iншую веру. Аднак у той час як асобы могуць свабодна размаўляць пра сваю рэлігійную веру, улады спрабуюць прадухіліць пераход у незарэгістраваную рэлігію альбо чыняць гэтаму перашкоды. Яны таксама караюць тых, хто пераходзіць у незарэгістраваную рэлігію. Улады працягваюць карыстацца ўказам Савета Міністраў ад ліпеня 1995 года, які кантралюе дзейнасць рэлігійных работнікаў з мэтай абараніць праваслаўе і прадухіліць рост евангелісцкіх рэлігій. Дырэктыва Савета Міністраў ад 1997 года забараняе вывучэнне рэлігіі ў маладзёжных лагерах. У 1999 годзе Савет Міністраў прыняў указ, які пашырае ранейшыя распараджэнні ў гэтай сферы. У гэтым указе робіцца заўвага, між іншым, што сярод замежных рэлігійных работнікаў толькі духавенства мужчынскага полу можа займацца рэлігійнай дзейнасцю пасля запрашэння афіцыйна зарэгістраванай рэлігійнай арганізацыі, -- палажэнне, якое можа быць выкарыстана для забароны ўдзелу духавенства жаночага полу, напрыклад, каталіцкіх манахіняў, у рэлігійнай дзейнасці. Аднак гэтае палаженне яшчэ не было выпрабаванае ў судах.
Замежнікам увогуле забараняецца чытаць казані або ўзначальваць цэрквы, прынамсі, у дачыненні да таго, што ўлады разглядаюць як нетрадыцыйныя веравызнанні або секты, у лік якіх уваходзяць і пратэстанцкія групы. Замежныя місіянеры не могуць займацца рэлігійнай дзейнасцю за межамі тых устаноў, якія іх запрасілі. Яны павінныя мець шматразовыя візы для “духоўнай дзейнасці”, якія сапраўдныя 1 год. Набыццё такіх віз – цяжкі бюракратычны працэс нават для прадстаўнікоў веравызнанняў, якія зарэгістраваныя ў дзяржаўных установах і маюць доўгую гісторыю ў гэтай краіне. Замежнае духавенства або рэлігійныя прадстаўнікі, якія не зарэгістраваліся ў дзяржаўных установах альбо якія спрабуюць чытаць казані без адабрэння ўрада альбо без запрашэння цi дазволу зарэгістраванай рэлігійнай арганізацыі, высылаюцца з краіны. У лютым 2000 года афіцыйныя асобы з ДКРНС папярэдзілі беларускага пастара царквы пяцідзесятнікаў, што грамадзянін Украіны парушыў закон, прачытаўшы казань у яго царкве і што наступнае парушэнне закону прывядзе да адмены рэгістрацыі яго царквы. Напрыканцы года царква пяцідзесятнікаў аспрэчвала ў судзе забарону ўкраінскаму пастару чытаць казані.
Улады працягваюць спробы панізіць ролю замежнага духавенства. У красавіку 2000 года Савет Міністраў унёс змяненні ў свае распараджэнні, якія дазваляюць органам унутраных спраў высылаць замежнае духавенства з краіны шляхам неаднаўлення рэгістрацыі альбо адмовы ў атрыманні дазволу на часовы побыт. Звароты ў судовыя інстанцыі не прадугледжаныя. У красавіку, абапіраючыся на гэтыя новыя змяненні, Мінскія гарадскія ўлады адмовіліся падоўжыць рэгістрацыю замежнага пастара Царквы пяцідзесятнікаў. У сакавіку рэжым прыняў дадатковыя папраўкі да ўказа аб запрашэнні замежнага духавенства ў краіну і іх дзейнасці падчас знаходжання тут. Згодна з новай пастановай, прадстаўнікі замежных рэлігійных арганізацый могуць быць запрошаныя ў краіну, нават для ажыццяўлення такой нерэлігійнай дзейнасці, як дабрачынная праца, толькі з дазволу ДКРНС. У красавіку рэжым унёс папраўкі ў грамадзянскі кодэкс, каб абмежаваць “падрыўную дзейнасць” замежных арганізацый у краіне. Новая пастанова забараняе заснаванне офісаў замежных арганізацый, “дзейнасць, накіраваную на ...распальванне нацыянальнай, рэлігійнай ці расавай варожасці, а таксама дзейнасць, якая можа аказаць адмоўны ўплыў на фізічнае і псіхічнае здароўе людзей”.
Рымская каталіцкая царква пакутавала з-за недахопу кваліфікаванага мясцовага святарства, і часам царква мела цяжкасці з атрыманнем дазволу ад уладаў на запрашэнне дастатковай колькасці замежных святароў, у асноўным з Польшчы, каб запоўніць вакансіі. У верасні, пасля доўгіх адтэрміновак, рэжым Лукашэнкі дазволіў Каталіцкай царкве адчыніць семінарыю ў Мінску. Рэжым адзначыў, што ў сувязі з гэтай падзеяй замежным святарам болей не будзе дазволена працаваць у краіне. Аднак гэтае змяненне можа не выконвацца на мясцовым узроўні, і, па меншай меры, некалькім замежным святарам усё яшчэ дазволена працаваць у сельскай мясцовасці. Біскупы павінныя атрымаць дазвол у ДКРНС на перавод замежнага святара ў іншы прыход.
Афіцыйныя прадстаўнікі рэжыму здзейснілі шэраг варожых дзеянняў у адносінах да яўрэйскай супольнасці. Рэжым Лукашэнкі мала што зрабіў для таго, каб супрацьдзейнічаць распаўсюджванню антысеміцкай літаратуры. У траўні 20 членаў групы яўрэйскіх місіянераў былі затрыманыя ў Мінску пры спробе распаўсюджвання рэлігійнай літаратуры. Таксама ў траўні міліцыя па загадзе ДКРНС затрымала членаў гэтай самай групы падчас развешвання ў цэнтры Мінска плакатаў з віншаваннямі ветэранаў Другой Сусветнай вайны з Днём Перамогі. Прадстаўнікі ДКРНС сказалі групе, што “што ветэраны будуць абражаныя віншаваннямі ад яўрэяў”. 26 верасня ўлады арыштавалі двух членаў яўрэйскай супольнасці за правядзенне несанкцыянаванага пікету супраць незаконнага разбурэння былой сінагогі ў Мінску. У адным з двух судовых працэсаў абвінавачванні былі знятыя, затое арганізатар пікету напрыканцы года яшчэ знаходзіўся ў чаканні суда. Рэжым адмаўляўся аказваць дапамогу ў захаванні яўрэйскіх могілак і гістарычных помнікаў, а таксама – ўзвесці мемарыялы ў памяць беларускім ахвярам Халакосту. Як і ў мінулым годзе, улады спрабавалі забараніць раздачу мацы на Пасху членам яўрэйскай супольнасці. Камісія па гуманітарнай дапамозе пастанавіла, што маца не з’яўляецца гуманітарнай дапамогай, таму што нейкая прадзяржаўная яўрэйская арганізацыя нібыта заявіла, што замест таго, каб раздаваць мацу бясплатна, яе прадавалі. Гэтая заява была абвергнута, і яўрэйскія дабрачынныя арганізацыі змаглі раздаць абмежавную колькасць мацы на Пасху. Дзеянні ўрада вызначаюцца недастатковай увагай да выпадкаў антысеміцкага вандалізму. Напрыклад, улады не зрабілі ніводнай колькі-небудзь бачнай спробы, каб знайсці вінаватых у абстрэле Мінскай сінагогі ў снежні 2000 года.
Павялічылася колькасць афіцыйна санкцыянаваных нападак з боку сродкаў масавай інфармацыі на рэлігійныя меншасці. У лютым БТ паказала дакументальны фільм пад назвай “Душахопы,” які сцвярджаў, што каталіцкія абшчыны сеялі смуту ў нацыянальна-рэлігійнай свядомасці грамадзян, прызываючы іх адмовіцца ад веры сваіх продкаў. Аўтар фільма заяўляў, што “каталіцызм пагражае існаванню беларускай нацыі, яе псіхалагічнаму здароўю і бяспецы”, а таксама звяртаўся да ўладаў з заклікам зрабіць захады ў абарону праваслаўя. У сакавіку і красавіку дзяржаўная тэлевізійная станцыя паказала серыю псеўдадакументальных фільмаў, у якіх пратэстанцкія цэрквы абвінавачваліся ў прынясенні чалавечых ахвяр, атручванні дзяцей і іншых “разбуральных рытуалах”. У серыі гэтых фільмаў афіцыйныя прадстаўнікі ДКРНС заяўлялі, што пратэстанцкія групы падрываюць аўтарытэт урада, і што іх неабходна забараніць і выгнаць з краіны. Заклікі каталіцкіх і пратэстанцкіх груп спыніць паказ дакументальнага серыяла былі праігнараваныя прадстаўнікамі ДКРНС і судамі. 12 красавіка афіцыйная газета ўзброеных сіл “Во славу Родины” надрукавала артыкул са спісам сямідзесяці чатырох “дэструктыўных сектаў”, куды ўвайшлі шмат якія ўсходнія рэлігіі, мармоны і сведкі Яговы. Артыкул заклікаў усіх вайскоўцаў пазбягаць гэтых арганізацый.
Дзяржаўныя служачыя не абавязаны браць нейкую рэлігійную прысягу ці практыкаваць элементы пэўнай веры. Аднак прыхільнасць да нетрадыцыйнай веры, асабліва незарэгістраванай, можа перашкодзіць веруючаму ў павышэнні па службе ў сферы дзяржаўнай ці эканамічнай дзейнасці.
Звестак пра абмежаванні на ўвоз рэлігійнай літаратуры не было. Аднак рэгулярна мелі месца выпадкі перашкод з боку ўладаў у распаўсюджванні рэлігійнай літаратуры шляхам затрымкі ці захопу матэрыялаў.
Паведамлялася пра затрыманне членаў пратэстанцкіх рэлігійных груп, звычайна на некалькі гадзін, за распаўсюджванне незарэгістраваных рэлігійных матэрыялаў.
Вяртанне рэлігійнай маёмасці ўладальнікам мела абмежаваны характар на працягу года. Не існуе юрыдычных падстаў для кампенсацыі страт за маёмасць, адабраную падчас савецкай і нацысцкай акупацый, і заканадаўства абмяжоўвае кампенсацыю за маёмасць, якая выкарыстоўваецца ў культурных ці рэлігійных мэтах. Шмат былых сінагог у Мінску выкарыстоўваюцца ў якасці тэатраў, музеяў, спартыўных комплексаў, а таксама піўной, што знаходзіцца ў нямецкай уласнасці. Яўрэйскім абшчынам было адмоўлена ў просьбах вярнуць ім гэтыя сінагогі. Некалькі вяртанняў маёмасці рэлігійным абшчынам мелі асобны і непаслядоўны характар, і звычайна мясцовыя ўлады не ідуць насустрач такім просьбам. На працягу некалькіх апошніх гадоў яўрэйская абшчына здолела вярнуць нейкую маёмасць у Мінску і іншых гарадах, аднак асноўную частку маёмасці так і не ўдалося вярнуць. Руская праваслаўная царква мае найбольшы поспех ў справе вяртання маёмасці.
d. Свабода перамяшчэння ў межах краіны, паездкі за мяжу, эміграцыі і рэпатрыяцыі.
Згодна з канстытуцыямі 1994 і 1996 гадоў грамадзяне могуць свабодна перамяшчацца ў межах краіны і жыць і працаваць, дзе пажадаюць; аднак на практыцы ўлады абмяжоўваюць гэтыя правы. Улады выдаюць унутраныя пашпарты для ўсіх дарослых, якія служаць галоўным пасведчаннем асобы і патрабуюцца для паездак, пастаяннага жыхарства і рэгістрацыі ў гатэлях.
У чэрвені 1999 года Канстытуцыйны Суд абвясціў неканстытуцыйным артыкул Адміністрацыйнага кодэксу, згодна з якім прадпрыемствам, установам і арганізацыям забараняецца прымаць на работу асобаў без “прапіскі” або рэгістрацыі пастаяннага месца жыхарства. Паводле гэтага артыкула наймальнікі штрафаваліся за прадастаўленне працоўных месцаў асобам, якія не мелі штампу ў пашпарце, які б сведчыў аб тым, што месца жыхарства і месца работы знаходзяцца ў адным і тым жа горадзе ці раёне. Аднак невядома, ці кіруюцца мясцовыя праваахоўныя органы на практыцы новай пастановай Канстытуцыйнага Суда. У рэальнасці права выбару месца жыхарства застаецца абмежаваным. У лістападзе 1999 года Міністэрства ўнутраных спраў абвясціла трохэтапную праграму замяшчэння сістэмы “прапіскі”, але да канца года не было звестак пра тое, ці ажыццяўляецца гэтая праграма.
Афіцыйныя правiлы ўeзду ў краіну і выезду з яе патрабуюць ад грамадзян, якія жадаюць паехаць за мяжу, перш за ўсё атрымаць “агульную” выязную візу ва ўсе краіны свету, сапраўдную ад аднаго да пяцi год. Калі асоба, якая мае намер падарожнічаць, атрымае гэты дакумент, болей няма ніякіх законных перашкод для замежнага падарожжа. Аднак часам улады перашкаджаюць падарожжам за мяжу. Напрыклад, яны марудзілі з выдачай “агульных” выязных віз некаторым апазіцыйным актывістам з мэтай перашкодзіць іх палітычнай дзейнасці за мяжой. Рэжым таксама адцягваў (часам на некалькі месяцаў) выдачу пашпартоў апазіцыйным палітыкам, каб перашкодзіць іх падарожжам за мяжу для ажыццяўлення палітычнай дзейнасці.
Улады таксама выкарыстоўвалі такія абмежаванні, каб ускладніць падарожжы маладзёжных груп, якія не падтрымліваюць рэжым. 10 кастрычніка Сяргей Залеўскі, член Задзіночання Беларускіх Студэнтаў (ЗБС), атрымаў паведамленне з Кубінскага пасольства з прабачэннямі за адмену запрашэння да ўдзелу у кангрэсе па праблеме адносін паміж уладамі і студэнцкімі органамі самакіравання. Калі Кубінскае пасольства ўжо рыхтавала дакументы, Міністэрства юстыцыі парэкамендавала Кубе запрасіць прадстаўнікоў прыхільнага да рэжыму Беларускага патрыятычнага саюза моладзі замест членаў ЗБС. Увосень 2000 года ўлады адмовілі ў выездзе ў Польшчу на выставу сваіх работ мастаку Алесю Пушкіну, які раней быў асуджаны за злоснае хуліганства, бо ў 1999 годзе ён арганізаваў перфоманс з крытыкай і пратэстам супраць Лукашэнкі.
Згодна з афіцыйнай статыстыкай, дзяржава не забараніла ніводнаму грамадзяніну эмігрыраваць з краіны. Аднак працягвае заставацца ў сіле заканадаўства, якое абмяжоўвае эміграцыю асобаў, дасведчаных у “дзяржаўных таямніцах”, а таксама грамадзян, замешаных ў крымінальнай справе. Патэнцыяльныя эмігранты, якім адмовілі ў праве эмігрыраваць, могуць падаваць апеляцыі ў суд.
Канстытуцыі 1994 і 1996 гадоў даюць іншаземцам і асобам без грамадзянства такія ж правы, як і грамадзянам, акрамя выпадкаў, абумоўленых законам, міжнародным пагадненнем або Канстытуцыяй. Згодна з абедзвюма канстытуцыямі, дзяржава можа прадастаўляць статус бежанцаў асобам, якія пераследаваліся ў іншых дзяржавах за свае палітычныя і рэлігійныя погляды, або з прычыны сваёй нацыянальнасці. Закона аб першапачатковым прытулку няма, як няма і падпісаных з суседнімі краінамі пагадненняў аб вяртаннi асобаў. Улады супрацоўнічаюць з Вярхоўным Камісарам ААН па справах бежанцаў (ВКСБ ААН) і іншымі гуманітарнымі арганізацыямі ў садзейнічанні бежанцам. ВКСБ ААН паведаміў, што на працягу года было прынята да разгляду 169 заяў на атрыманне статусу бежанцаў, і 219 заяў былі адхіленыя на стадыі рэгістрацыі. У ліпені намеснік міністра працы паведаміў журналістам, што з 1997 года 2 тысячы іншаземцаў падалі заявы на атрыманне статусу бежанцаў і 385 заяў было задаволена. З гэтых 385 прэтэндэнтаў 294 былі з Афганістана. Міністэрства ўнутраных спраў паведаміла, што па некаторых ацэнках на працягу года ў краіне нелегальна знаходзілася ад 150 да 200 тысяч іншаземцаў.
У справаздачы за ліпень 2000 года ВКСБ ААН зазначыў, што мінская гарадская і мінская абласная міграцыйныя службы рэгулярна адмаўляюцца прымаць заявы ад нелегальна прыбываючых бежанцаў і раяць такім асобам падаваць заявы міграцыйным уладам у іншых абласцях. Рэгіянальныя міграцыйныя службы працягвалі адмаўляць у наданні статусу бежанца тым асобам, якія транзітам ехалі праз краіны, становішча ў якіх лічыцца спакойным (звычайна гэта Расія).
Не было звестак пра выпадкі прымусовага вяртання бежанцаў у краіны, дзе яны баяліся пераследу. Аднак бежанцы – гэта часта людзі з краін трэцяга свету, якія транзітам праз Расію ці Беларусь спрабуюць трапіць у краіны Еўропы. Улады часта дэпартавалі такіх асобаў у Расію, нягледзячы на той факт, што ВКСБ лічыць, што Расія не з’яўляецца бяспечнай краінай у гэтым сэнсе.
Раздзел 3. Захаванне палітычных правоў: права грамадзян на змену свайго ўрада.
Рэжым Лукашэнкi рэзка абмяжоўвае правы грамадзян на змену праўлення. Прэзідэнт дамінуе ва ўсіх галінах кіравання. З моманту яго абрання на пост першага прэзідэнта краіны на пяцігадовы тэрмін у ліпені 1994 года, ён устойліва кансалідуе ўладу ў выканаўчай галіне. Ён выкарыстаў рэферэндум 1996 года, каб унесці папраўкі ў Канстытуцыю 1994 гогда з мэтай пашырэння сваіх паўнамоцтваў і працягнуць тэрмін свайго прэзідэнцтва. Лукашэнка праігнараваў пастанову Канстытуцыйнага Суда аб немагчымасці ўнясення паправак у Канстытуцыю з дапамогай рэферэндуму. У выніку палітычная сістэма базіруецца на Канстытуцыі 1996 года, якая была прынятая неканстытуцыйным чынам.
Канстытуцыя 1996 года абмяжоўвае паседжанні парламента да двух разоў у год, што агулам не павінна перавышаць 170 дзён. Прэзідэнцкія дэкрэты, выдадзеныя ў перыяд паміж заканадаўчымі паседжаннямі, маюць сілу закону, акрамя тэарэтычных выпадкаў, абумоўленых Канстытуцыяй 1996 года. Гэтая Канстытуцыя таксама дазваляе прэзідэнту выдаваць указы, якія прыраўніваюцца да закону, у абставінах “асаблівай неабходнасці і важнасці”. Гэтае тлумачэнне выкарыстоўваецца Лукашэнкам у вельмі шырокім сэнсе.
9 верасня адбыліся прэзідэнцкія выбары, на якіх Лукашэнка быў абраны на паўторны тэрмін. АБСЕ назвала гэтыя выбары заганнымі. Місія назіральнікаў АБСЕ/БДІПЧ (абмежаваная з-за адмовы рэжыму ў дазволе місіі падарожнічаць па краіне раней, чым за тры тыдні да выбараў) адзначыла ў сваім выніковым дакладзе, што ўмовы, створаныя на працягу некалькіх месяцаў перад выбарамі, выключалі магчымасць свабодных, справядлівых, празрыстых і адказных выбараў. Не былі створаныя ўмовы для прадастаўлення роўных магчымасцяў прэтэндэнтам, а таксама для інфармавання насельніцтва пра ўсіх кандыдатаў. На працягу выбарчай кампаніі палітычныя навіны, у тым ліку і аб выбарах, былі вельмі абмежаваныя. Прэзідэнт і выканаўчыя ўлады дамінавалі ў палітычных навінах як у друкаваных, так і ў электронных сродках масавай інфармацыі.
Рэжым абмяжоўваў свабоды і парушаў правы чалавека ў перыяд да, падчас і пасля выбараў (глядзi раздзелы 1 i 2). У перыяд, які папярэднічаў выбарам, рэжым наладзіў масіраваную барацьбу супраць антыўрадавых матэрыялаў, матэрыялаў выбарчай кампанii i непалiтычнай, міжнародна падтрыманай кампанii мабiлiзацыi выбаршчыкаў. Акрамя таго, збiвалiся, беспадстаўна затрымліваліся і абшукваліся актывісты і прыхільнікі апазіцыі (глядзі раздзелы 1.c, 1.d і 1.f.). Рэжым таксама скарыстаўся са сваёй амаль абсалютнай манаполіі на сродкі масавай інфармацыі, каб падарваць пазіцыі ўсіх апазіцыйных кандыдатаў, асабліва Уладзіміра Ганчарыка, які лічыўся найбольш вартым даверу кандыдатам апазіцыі. Місія па абмежаваным назіранні за выбарамі АБСЕ/БДІПЧ задакументавала 26 асобных выпадкаў парушэнняў правоў чалавека, у тым ліку свабоды слова і выказванняў (глядзі раздзел 2.а).
5 верасня, усяго за 4 дні да выбараў асноўная дзяржаўная газета падвоіла свой наклад, каб надрукаваць выбарчую платформу дзеючага прэзідэнта, што наўпрост парушала пастановы Цэнтральнай выбарчай камісіі (ЦВК). Прызначаная рэжымам ЦВК практычна нічога не зрабіла на гэты конт. Кіраўніца ЦВК публічна заявіла, што паражэнне дзеючага прэзідэнта было б для яе «асабістай трагедыяй». АБСЕ/БДІПЧ адзначыла, што электронныя СМІ таксама карысталіся пераважна негатыўнымі метадамі. З усяго часу, прысвечанага выбарам, Лукашэнка атрымаў каля 70 працэнтаў; пры гэтым асвятленне дзейнасці Лукашэнкі было “у абсалютнай большасці пазітыўным”. Ганчарык атрымаў каля 20 працэнтаў, але яго апісвалі “у абсалютнай большасці негатыўна”. Рэжым скарыстаў сваю манаполію на доступ да Інтэрнету, каб перакрыць доступ унутры краіны да апазіцыйных Інтэрнет-сайтаў зранку ў дзень прэзідэнцкіх выбараў (глядзі раздзел 2.а.).
Рэжым дазволіў прысутнасць назіральнікаў за выбарамі, але на практыцы жорстка абмежаваў іх правы. Выбарчыя камісіі па ўсёй краіне перашкаджалі законнаму праву назіральнікаў наглядаць за выбарамі, увёўшы патрабаванне, каб тыя стаялі не бліжэй за некалькі метраў ад месца падліку бюлетэняў. Меліся дзве асноўныя групы ўнутраных назіральнікаў: незалежныя групы з НДА, якія працавалі пад парасонам структуры “Грамадзянская ініцыятыва – незалежнае назіранне”, што аб’ядноўвала многія найбольш вядомыя праваабарончыя НДА; i прарэжымная група ўнутраных назіральнікаў на чале з Беларускім патрыятычным саюзам моладзі (БПСМ). За месяцы да выбараў незалежнае ўнутранае назіранне было пад пастаяннай атакай, як фізічнай (пры гэтым было меркаванне, што невядомыя нападнікі былі звязаныя з міліцыяй), так і ў сродках масавай інфармацыі. Лукашэнка неаднаразова крытыкаваў арганізацыю як механізм для вярбоўкі шпіёнаў і падрыхтоўкі рэвалюцыянераў. Падчас перыяду “датэрміновага галасавання” з 4 па 8 верасня, паведамлялася, што мясцовых назіральнікаў выводзілі з участкаў, не дапускалі да наглядання ці пазбаўлялі доступу да інфармацыі аб працэсе выбараў. За дзень да выбараў, 8 верасня, ЦВК скасавала акрэдытацыю прыкладна 3 000 назіральнкаў. Нягледзячы на жорсткае супрацьстаянне з боку рэжыму, незалежныя ўнутраныя назіральнікі паспрабавалі наладзіць паралельны падлік галасоў, каб павялічыць празрыстасць галасавання. Аднак, з-за адсутнасці празрыстасці на ўзроўні ўчастковых камісіяў, не было створана ўмоваў для эфектыўнага паралельнага падліку вынікаў галасавання.
Працэс галасавання і падліку галасоў надалей абмежаваў права грамадзян на змену ўрада. У справаздачы АБСЕ/БДІПЧ гаворыцца, што працэдуры галасавання, у тым ліку з дапамогай пераносных урнаў, працэс датэрміновага галасавання і абыходжанне са спісамі выбаршчыкаў стваралі некалькі магчымасцяў для маніпуляцыі вынікамі галасавання. Аднак, большасць парушэнняў былі адразу незаўважныя, што стварала ўражанне добра ўладкаванага выбарчага ўчастка. Як адзначыла АБСЕ/БДІПЧ, “Большасць з тых, хто галасаваў, мог зрабіць гэта ў адпаведнасці з працэдурамі… аднак адбыўся шэраг інцыдэнтаў падчас датэрміновага галасавання і ў дзень выбараў, калі ствараліся перашкоды дзеянням назіральнікаў, што ставіць пад сумнеў справядлівасць працэсу галасавання”. АБСЕ/БДІПЧ адзначыла распаўсюджаныя парушэнні, у тым ліку загадзя падпісаныя бюлетэні, групавое галасаванне і ўплыў неўпаўнаважаных асобаў (напрыклад, міліцыі), якія дапамагалі наладжваць ці кантралявалі работу выбарчых участкаў.
АБСЕ/БДІПЧ таксама адзначыла, што Выбарчы кодэкс не дазваляў празрыстую праверку з боку незалежных назіральнікаў, што выклікала пытанні наконт справядлівасці выбарчага працэсу ўвогуле. Гэта выклікала асаблівую заклапочанасць у сувязі з поўным дамінаваннем у выбарчых камісіях, якія былі ўпаўнаважаныя праводзіць выбары, прыхільнікаў улады. Нягледзячы на значную міжнародную ўвагу да складу гэтых камісіяў i на рэкамендацыі міжнародных арганізацый наконт неабходных змяненняў да выбараў, рэжым не зрабіў ніякіх крокаў, каб выправіць гэтую загану. Мноства недахопаў было таксама адзначана і ў працэсе падліку галасоў. АБСЕ/БДІПЧ паведаміла, што нявыкарыстаныя бюлетэні не знішчаліся належным чынам; бюлетэні з датэрміновага галасавання, з пераносных скрыняў i са звычайнага галасавання змешваліся, што наўпрост супярэчыць Выбарчаму кодэксу. Назіральнікам на выбарчых участках не дазвалялі наглядаць за працэсам падліку галасоў. Незалежныя ўнутраныя назіральнікі паведамілі, што іх трымалі ў адным канцы памяшкання, дзе адбываўся падлік галасоў, а пасля ім зачытвалі вынікі галасавання, нават не паказаўшы скарыстаных бюлетэняў. У некаторых выпадках самі члены ўчастковых выбарчых камісій адкрыта выказвалі нязгоду з абвешчанымі вынікамі, намякаючы, што яны не адпавядалі падліку галасоў, але іх хутка прымушалі змоўкнуць. Сама хуткасць, з якой праводзіўся падлік галасоў у некаторых месцах, таксама была падазронай, таму што ўчасткі з найбольшай тэрыторыяй i найбольшай яўкай выбаршчыкаў аднымі з першых абвесцілі вынікі. Напрыклад, АБСЕ адзначыла, што ўсяго праз дзве гадзіны пасля закрыцця выбарчых участкаў Мінская вобласць, за выключэннем горада Мінска, нібыта падлічыла 70.7 працэнта галасоў, у той час як у горадзе Мінску на той момант было падлічана ўсяго 6.56 працэнта.
Вялікая розніца паміж вынікамі і перадвыбарнымі апытаннямі таксама наводзіць на думку аб маштабных маніпуляцыях з лічбамі. Усе незалежныя апытанні напярэдадні выбараў паказвалі, што гонка паміж Лукашэнкам і Ганчарыкам павінна быць вельмі шчыльнай; адна з аўтарытэтных сацыялагічных службаў паказвала, што Лукашэнка лідыраваў з 46 працэнтамі галасоў, а Ганчарык меў 40 працэнтаў. Разыходжанне паміж гэтымі апытаннямі і афіцыйнымі вынікамі, якія далі Лукашэнку 75 працэнтаў галасоў, а Ганчарыку 15 працэнтаў, наводзіць на думку аб маштабных маніпуляцыях з лічбамі.
Парламенцкія выбары 2000 года таксама не адпавядалі міжнародным стандартам дэмакратычных выбараў. Рэжым жорстка абмежаваў удзел грамадзян у выбарчых камісіях. Працэдурай рэгістрацыі кандыдатаў сістэматычна злоўжывалі, каб адмовіць у рэгістрацыі кандыдатам, якія выступалі супраць рэжыму. Працэс выбарчай кампаніі быў залішне рэгуляваны, а прадузятыя дзяржаўныя СМІ жорстка абмяжоўвалі доступ да СМІ i выбар кандыдатаў электаратам. Падчас выбараў палажэнні аб датэрміновым галасаванні, пераносных скрынях, падліку галасоў i звядзенні вынікаў былі даволі далёкія ад мінімальных патрабаванняў па незалежнай праверцы. Яўка выбаршчыкаў у многіх акругах была ніжэйшая за неабходныя 50 працэнтаў, але выбарчыя камісіі фальсіфікавалі і змянялі спісы выбаршчыкаў, каб павялічыць яўку да неабходнага мінімуму. Шматлікія мітынгі і байкоты праводзіліся падчас гэтай кампаніі; некаторыя з іх былі мірныя, а некаторыя разганяліся ўладамі. Падчас выбарчай кампаніі асвятленне палітычных падзей, у тым ліку выбараў, было вельмі абмежаванае. Асвятленне палітычных падзей як у электронных, так і ў друкаваных СМІ, у значнай ступені зводзілася да асвятлення дзейнасці прэзідэнта і выканаўчай улады.
У 1999 годзе ўступілі ў сілу змяненні ў закон 1996 года аб рэферэндуме, якія КНГ АБСЕ назвала неадпавядальнымі міжнародным стандартам. Згодна са змененым законам, рэферэндумы могуць ініцыіравацца прэзідэнтам, Нацыянальным сходам, ці 450,000 подпісаў грамадзян – у тым ліку не менш за 30,000 у горадзе Мінску i кожнай з 6 абласцей краіны. Прэзідэнт таксама атрымаў прэрагатыву вырашаць пытанне аб дзейснасці вынікаў рэферэндуму.
Працэнт жанчын ва ўрадзе і ў палітыцы не адпавядае працэнту жанчын у насельніцтве, хаця няма юрыдычных абмежаванняў на іх удзел. За выняткам судовай улады, паўсюль існуюць моцныя сацыяльныя бар’еры супраць жанчын, i мужчыны займаюць амаль усе лідэрскія пазіцыі. Міністр сацыяльнай абароны – адзіная жанчына ў Савеце Міністраў. Кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі рэжыму таксама жанчына.
Раздзел 4. Адносіны ўрада да міжнароднага і няўрадавага расследавання абвінавачванняў у парушэннях правоў чалавека.
Некалькі мясцовых праваабарончых групаў актыўна дзейнічалі ў краіне; аднак удзельнікі гэтых групаў паведамлялі, што ўлады супрацьдзейнічалі іх спробам расследаваць парушэнні правоў чалавека. Улады сачылі за перапіскай і тэлефоннымі размовамі НДА (глядзі раздзел 1.f.). Яны таксама спрабавалі абмежаваць дзейнасць НДА з дапамогай працэсу перарэгістрацыі, які займаў шмат часу, а таксама адмаўляючы ў заявах на рэгістрацыю, праводзячы сумнеўныя падатковыя праверкі, канфіскуючы іх абсталяванне, адмаўляючы ім у доступе да замежнай падтрымкі, ды іншымі сродкамі (глядзі раздзел 2.b.).
Былі шырока распаўсюджаныя рабаванні офісаў некаторых сродкаў масавай інфармацыі і НДА, якія займаліся расследаваннем знікненняў вядомых людзей, звязаных з апазіцыяй. Ва ўсіх выпадках камп’ютары былі разбітыя, але не скрадзеныя, знікалі толькі жорсткія дыскі і дыскеты, а іншыя каштоўнасці не забіраліся. Большасць праваабаронцаў лічылі, што гэтыя рабаванні былі здзейсненыя прадстаўнікамі службаў бяспекі. Напрыклад 28-29 сакавіка невядомыя праніклі ў офіс Беларускага Хельсінкскага камітэта. Зладзеі скралі камп’ютарную базу даных датычна назірання за выбарамі і справаздачы па правах чалавека за мінулыя 5 гадоў. Гэта быў трэці такі “узлом” у офісе БХК за апошнія 4 гады. Ніводнае са злачынстваў не было раскрытае. 29 траўня офісы Цэнтра па правах чалавека, які ўзначальвае Вера Страмкоўская, былі абрабаваныя, і былі скрадзеныя дасье па парушэннях правоў чалавека. Не было інфармацыі аб тым, што ўлады прыклалі рэальныя намаганні расследаваць гэтыя здарэнні.
15 сакавіка рэжым апублікаваў дэкрэт “аб удасканаленні сістэмы атрымання і выкарыстання гуманітарнай дапамогі”. Гэты дэкрэт адмыслова забараняе “…дзейнасць, скіраваную на змяненне канстытуцыйнага ладу, звяржэнне дзяржаўнай ўлады ці заахвочванне такой дзейнасці… падрыхтоўку, адміністраванне і арганізацыю выбараў, рэферэндумаў, арганізацыю сходаў, мітынгаў, дэманстрацый, пікетаў, забастовак, публікацыю і распаўсюджванне агітацыйных матэрыялаў, арганізацыю семінараў і іншых відаў агітацыйнай дзейнасці з удзелам насельніцтва”. Дэкрэт быў інтэрпрэтаваны падатковымі органамі як падстава для агульнанацыянальнай кампаніі супраць незалежных НДА, многія з якіх атрымліваюць фінансаванне з замежных крыніцаў. Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў падатковыя органы і іншыя праваахоўныя службы, якія выконвалі функцыі падатковых органаў беспакарана дзейнічалі супраць НДА, карыстаючыся гэтым дэкрэтам. Праверкі факусіраваліся ў асноўным на тых арганізацыях, якія спрабавалі высветліць лёс зніклых апанентаў рэжыму, ці на тых, хто жадаў публічна агучыць факты аб знікненнях. Меліся вартыя даверу паведамленні, што кіраўнікі МУС, КДБ i падатковых органаў выдалі супольную дырэктыву за некалькі тыдняў да выбараў, інструктуючы свае аддзяленні правяраць і зачыняць НДА, якія былі звязаныя з выбарамі.
З набліжэннем выбараў павялічылася колькасць канфіскацыяў маёмасці НДА прадстаўнікамі рэжыму; часта гэтыя канфіскацыі праводзіліся пры адсутнасці законных падставаў, ці ўвогуле беспадстаўна. У адным з выпадкаў у жніўні, пры спробе канфіскаваць камп’ютарнае абсталяванне ў мясцовай незалежнай сеткі назіральнікаў, юрыст-праваабаронца здолеў давесці, што улады не ведалі, на якой падставе яны канфіскоўвалі камп’ютарнае абсталяванне ў сеткі незалежных унутраных назіральнікаў. Дыялог адбываўся перад тэлевізійнымі камерамі; прадстаўнікі ўладаў сышлі, не сканфіскаваўшы нічога, але вярнуліся праз некалькі дзён і знішчылі абсталяванне.
Кепскае становішча з правамі чалавека ў краіне па-ранейшаму прыцягвала ўвагу міжнародных правабарончых арганізацый. Увогуле, улады выказвалі жаданне абмяркоўваць правы чалавека з міжнароднымі НДА, чыім прадстаўнікам дазвалялі наведаць краіну; аднак прадстаўнікам некаторых НДА адмовілі ў дазволе на такія візіты, і ўлады ўзмацнілі пераслед міжнародных НДА, якія працуюць у краіне. Адзін з метадаў, якім улады рэгулярна пераследавалі НДА, была падатковая сістэма. Падатковыя органы канфіскавалі ў прадпрыемства “Мэджык” друкарскі станок, які належаў Беларускаму фонду Сораса (глядзі раздзел 2.а).
У 1998 годзе пасля працяглых перамоваў улады дазволілі адкрыццё ў Мінску офіса КНГ АБСЕ. Аднак урад перыядычна пагражаў зачыніць гэты офіс, і адмовіўся прыняць у краіне новага кіраўніка місіі.
Раздзел 5. Дыскрымінацыя па прызнаках расы, рэлігіі, інваліднасці, мовы ці сацыяльнага статусу.
Абедзве канстытуцыі, як 1994 так і 1996 года, гарантуюць, што ўсе грамадзяне роўныя перад законам і маюць аднолькавыя правы на абарону свах правоў і законных інтарэсаў; аднак яны спецыяльна не забараняюць дыскрымінацыю на аснове такіх фактараў, як раса, пол і рэлігія. Жанчыны, інваліды і рэлігійныя меншасці падвяргаюцца дыскрымінацыі.
Жанчыны
Хаця не маецца статыстыкі, жаночыя групы паведамляюць, што гвалт у сям’і, у тым ліку з боку мужчын супраць жонак, з’яўляўся сур’ёзнай праблемай. Гвалт супраць жонкі караецца ў адпаведнасці з Крымінальным і Адміністрацыйным кодэксамі; біццё без нанясення сур’ёзных пашкоджанняў караецца штрафам ці зняволеннем на тэрмін да 15 сутак, а больш сур’ёзныя злачынствы караюцца турэмным зняволеннем на тэрмін да 15 год. Жаночыя групы паведамляюць, што міліцыя звычайна праводзіць у жыццё законы супраць гвалту ў сям’і, і суды звычайна выносяць прысуды па такіх справах. Асноўнай праблемай заставалася тое, што жанчыны звычайна не жадалі паведамляць аб выпадках гвалту ў сям’і, баючыся помсты і знявагі з боку грамадства. Згвалтаванні заставаліся праблемай. Існуе закон супраць згвалтаванняў, але большасць жанчын не паведамляюць аб згвалтаваннях, саромеючыся, альбо баючыся, што міліцыя будзе ва ўсім вініць ахвяру.
Хаця ўлады і мясцовыя праваабаронцы паведамлялі, што прастытуцыя пакуль што неістотная праблема ўнутры краіны, было шмат паведамленняў, што прастытуцыя расце. Выглядала на тое, што вулічная прастытуцыя расце адначасова з заняпадам эканомікі, а арганізаваная прастытуцыя існавала ў дзяржаўных гатэлях. Гандаль жанчынамі быў сур’ёзнай узрастаючай праблемай (гл. Раздзел 6.f.).
Паведамлялася, што сексуальныя дамагальніцтвы былі шырока распаўсюджаныя, але не існавала спецыяльных законаў, каб вырашаць гэтую праблему, акрамя законаў супраць фізічнага гвалту.
Закон патрабуе аднолькавай заработнай платы за аднолькавую працу; аднак ён не заўсёды выконваўся на практыцы. У жанчын значна менш магчымасцяў для пад’ёму на верхнія прыступкі ў кіраўніцтве. Жанчыны паведамляюць, што менеджэры часта бяруць пад увагу, ці мае жанчына дзяцей, калі разглядаюць патэнцыяльных кандыдатаў на работу. На круглым стале ў красавіку 2000 года пад назвай “Паблемы гандлю жанчынамі ў Беларусі” паведамлялася, што сярэдні тэрмін беспрацоўнасці для жанчын складаў 18 месяцаў у параўнанні з 5 месяцамі для мужчын. У 1999 годзе ўрад паведаміў, што прыблізна 64 працэнты з тых, хто заставаўся беспрацоўным доўгі час, былі маці-адзіночкі.
Узровень адукацыі жанчын вышэйшы за ўзровень адукацыі мужчын. Жанчыны складалі прыкладна 58 працэнтаў працоўных з вышэйшай адукацыяй i прыкладна 66 працэнтаў працоўных са спецыялізаванай сярэдняй адукацыяй. Сярод супрацоўнікаў з вышэйшай і спецыялізаванай сярэдняй адукацыяй, ад двух трацінаў да трох чвэрцяў (у асноўным жанчыны) жывуць ніжэй за ўзровень беднасці. Згодна з законам, жанчыны роўныя з мужчынамі ў правах на ўласнасць і спадчыну.
Жаночыя групы актыўна дзейнічалі ў краіне; большасць з іх займаліся такімі праблемамі, як сацыяльнае забеспячэнне дзяцей, ахова навакольнага асяроддзя (асабліва звязаная з наступствамі Чарнобыля), і захаванне сем’яў. Актыўна дзейнічала жаночая палітычная партыя. Прыватны універсітэт у Мінску адкрыў першы ў краіне факультэт гендэрных даследаванняў у 1997 годзе.
Дзеці
Улады шмат працуюць для сацыяльнага забеспячэння дзяцей i аховы здароўя, асабліва ў пераадоленні наступстваў ядзернай катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. З дапамогай замежных донараў, яны спрабуюць надаць дзецям асаблівую ўвагу. У адпаведнасці з законам, усе маюць права на ахову здароўя, у тым ліку дзеці. Выглядае на тое, што не існуе розніцы ў стаўленні да хлопчыкаў i дзяўчынак у пытаннях аховы здароўя ці адукацыі. Дзеці ідуць у школу ва ўзросце 6 гадоў i абавязаныя адвучыцца 9 гадоў, хаця ўлады прадастаўляюць бясплатна 11 гадоў адукацыі, і пачалі развіваць 12-гадовыя адукацыйныя праграмы. Бясплатная вышэйшая адукацыя таксама даступная на конкурснай аснове. Сем’і па-ранейшаму атрымліваюць сімвалічную дапамогу на дзяцей, напрыклад, скідкі на праезд у транспарце. Згодна з даследаваннем Сусветнага банка ў 1999 годзе, большасць з тых, хто жыў у беднасці, складалі шматдзетныя сем’і і маці-адзіночкі.
Як частка намаганняў рэжыму Лукашэнкі развіваць саюз з Расіяй і зменшыць уплыў апазіцыйных рухаў, улады па-ранейшаму абмяжоўвалі развіццё беларускай мовы і навучанне на беларускай мове, абмяжоўваючы доступ да беларускамоўнай адукацыі малых дзяцей. У сваёй справаздачы за чэрвень 2000 года Беларускі Хельсінкскі камітэт паведаміў, што толькі 30 працэнтаў вучняў у пачатковых школах навучаліся па-беларуску. У Мінску толькі 11 з 242 сярэдніх школаў навучалі дзяцей на беларускай мове. У іншых абласных гарадах гэтыя лічбы былі значна ніжэйшыя. Улады па-ранейшаму сцвярджалі, што былі зачыненыя толькі тыя беларускамоўныя школы, дзе змяншалася колькасць новых вучняў, аднак назіральнікі ставілі гэта сцвярджэнне пад сумнеў.
У грамадстве не назіралася прыкладаў бытавога здзеку над дзецьмі, аднак гандаль дзяўчынкамі заставаўся праблемай (глядзі раздзел 6.f.).
Інваліды
Дыскрымінацыя супраць інвалідаў у пытаннях працаўладкавання, адукацыі і іншых сацыяльных паслугаў заставалася праблемай, разам з сацыяльнай дыскрымінацыяй. Закон 1992 года гарантуе даступнасць транспарту, жылля і працоўных месцаў для нямоглых. Па-ранейшаму цяжкае фінансавае становішча краіны робіць асабліва цяжкім для мясцовай ўлады знайсці неабходныя фінансавыя сродкі для выканання закона 1992 года. Цэнтральныя ўлады працягвалі даваць мінімальныя субсідыі інвалідам. Аднак, па-ранейшаму высокая інфляцыя і рэзкае падзенне кошту рубля значна зменшылі рэальную вартасць гэтых абмежаваных субсідый.
Ёсць сведчанні, што фінансаванне для інвалідаў не адносілася да прыярытэтаў рэжыму Лукашэнкі. Паводле незалежнай газеты “Народная воля”, бюджэтныя выдаткі на інвалідаў за год склалі 71 даляр (114 958 рублёў) у параўнанні з 875 далярамі (1,4 мільёна рублёў) на Беларускі патрыятычны саюз моладзі -- прарэжымную патрыятычную арганізацыю.
Рэлігійныя меншасці
Працягваўся бытавы антысемітызм, і ўзмацніліся настроі супраць рэлігійных меншасцяў. Выглядала на тое, што некаторыя выпадкі вандалізму былі звязаныя з антысемітызмам. У снежні 2000 года была падпалена мінская сінагога (глядзі раздзел 2.с.). Улады паводзілі сябе відавочна пасіўна ў змаганні з ранейшымі выпадкамі антысеміцкага вандалізму. Згодна з паведамленнямі Антыдыфамацыйнай лігі і Сусветнага яўрэйскага кангрэсу, у грамадстве дзейнічае шэраг малаколькасных маргінальных ультранацыяналістычных груповак, а шэраг газетаў рэгулярна друкуюць антысеміцкія матэрыялы. Антысеміцкія матэрыялы з Расіі таксама шырока распаўсюджаныя. Напрыклад, антысеміцкая “Славянская газета,” хаця і распаўсюджваецца ў Беларусі, аднак, згодна з некаторымі звесткамі, друкуецца ў Маскве.
На працягу года адбываліся пастаянныя напады на пратэстанцкія групы.
Прадстаўнікі Рускай праваслаўнай царквы працягвалі публічна настойваць на атаесамленні краіны з праваслаўем, і заклікаюць да дадатковых дзяржаўных ільготаў Рускай праваслаўнай царкве. Напрыклад на сустрэчы з членамі парламенцкага камітэта па правах чалавека ў траўні архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Рускай праваслаўнай царквы Максім публічна заклікаў да прыняцця новага закона, які б абараніў “дамінуючы” статус Рускай праваслаўнай царквы, увёў рэлігійную адукацыю ў сярэдніх школах і забараніў распаўсюджванне “нетрадыцыйных” канфесій. Валерый Ліпкін, старшыня камітэта, заявіў, што новы закон забароніць распаўсюджванне “дэструктыўных сектаў” у краіне. У травеньскай прамове да Усебеларускага народнага сходу, Мінскі патрыяршы экзарх Філарэт заклікаў улады супрацоўнічаць з Рускай праваслаўнай царквой, каб абараніць “духоўную бяспеку” народа і абмежаваць прысутнасць “дэструктыўных і псеўдахрысціянскіх суполак, якія знішчаюць духоўную, сацыяльную і культурную еднасць народа.”
Нацыянальныя/расавыя/этнічныя меншасці
Закон дазваляе атрыманне грамадзянства любой асобе, якая пастаянна пражывала на тэрыторыі краіны на 19 кастрычніка 1991 года. Той, хто прыехаў пасля гэтай даты і жадае стаць грамадзянінам, павінен прадаставіць заяву на грамадзянства, прынесці прысягу на вернасць Канстытуцыі, мець законную крыніцу даходаў і пражыць у краіне 7 гадоў. Паводле закона, руская і беларуская мовы маюць аднолькавы статус; аднак рэжым часам пераследаваў тых, хто карыстаўся беларускай мовай. У кастрычніку 2000 года дзве жанчыны былі арыштаваныя за размову па беларуску. Міліцыя сцвярджала, што яны выглядалі вельмі падазрона, бо размаўлялі міжсобку па беларуску.
Раздзел 6. Правы працоўных.
a. Права на аб’яднанні
Канстытуцыя гарантуе права працоўных, акрамя супрацоўнікаў службаў бяспекі і вайскоўцаў, арганізоўваць і добраахвотна далучацца да незалежных прафсаюзаў, а таксама дзейнічаць у абарону правоў працоўных; аднак гэтыя правы не захоўваюцца на практыцы. Улады ажыццявілі шматлікія дзеянні для ўціску незалежных прафсаюзаў. Члены незалежных прафсаюзаў арыштоўваліся за распаўсюд прафсаюзнай літаратуры, у іх канфіскоўвалі прафсаюзныя матэрыялы, ім адмаўлялі ў доступе на працоўныя месцы, падвяргалі вялікім штрафам і ўціску з боку адміністрацыі і дзяржаўных службаў бяспекі, якія прымушалі іх сысці з працы за занятак прафсаюзнай дзейнасцю.
У 1999 годзе Лукашэнка падпісаў дэкрэт “Аб некаторых мерах па ўпарадкаванні дзейнасці палітычных партый, прафсаюзаў і іншых грамадскіх аб’яднанняў,” які патрабуе ад прафсаюзаў аб’ядноўваць па меншай меры 10 працэнтаў усіх працоўных на прадпрыемстве, каб арганізаваць і зарэгістраваць мясцовы прафсаюз. Дэкрэт таксама абавязаў існуючыя прафсаюзы перарэгістравацца ў адпаведнасці з новымі патрабаваннямі. Лідэры свабодных прафсаюзаў паведамілі, што ў выніку дэкрэта рэгістрацыя і, адпаведна, дзейнасць прафсаюза сталі практычна немагчымыя на многіх буйных дзяржаўных прадпрыемствах. Некаторым мясцовым прафсаюзам адмовілі ў рэгістрацыі на падставе гэтага дэкрэта.
Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ) быў заснаваны ў 1991 годзе і зарэгістраваны ў 1992 годзе; аднак пасля страйку працоўных мінскага метро ў 1995 годзе прэзідэнт прыпыніў яго дзейнасць. Мясцовыя ўлады адмовіліся рэгістраваць суполкі СПБ у многіх гарадах, у тым ліку ў Бабруйску, Гродне, Магілёве і Оршы, і ў шматлікіх выпадках актывісты і члены прафсаюзаў звальняліся за сваю прафсаюзную дзейнасць. У 1996 годзе лідэры СПБ сфарміравалі новую міжарганізацыйную структуру – Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП), які аб’ядноўвае чатыры вядучыя незалежныя прафсаюзы, і, паводле некаторай інфармацыі, мае прыкладна 15 тысяч членаў.
Улады па-ранейшаму перашкаджалі далучэнню працоўных на дзяржаўных прадпрыемствах да незалежнага прафсаюза. Афіцыйная Федэрацыя прафсаюзаў Беларуская (ФПБ) – былое беларускае аддзяленне савецкага Усесаюзнага цэнтральнага савета прафесійных саюзаў (ВЦСПС), аб’ядноўвае прыкладна 4,5 мільёна працоўных (у тым ліку пенсіянераў) і з’яўляецца найбуйнейшай прафсаюзнай арганізацыяй. Згодна з лічбамі афіцыйнай федэрацыі, 92 працэнты працоўных уваходзяць у прафсаюз. Хаця ў мінулым яны пазбягалі сур’ёзна выступаць супраць рэжыму, некаторыя лідэры ФПБ сталі ўсё больш актыўна крытыкаваць палітыку рэжыму Лукашэнкі. У адказ рэжым стаў пагражаць і пераследаваць некаторых прадстаўнікоў ФПБ.
У верасні 2000 года былі паведамленні, што члены ФПБ ў Дзяржынску, якія працавалі на філіі дзяржаўнага аб’яднання радыёэлектронікі “Інтэграл,” трапілі пад ціск адміністрацыі прадпрыемства, якая прымушала іх пакінуць ФПБ і далучыцца да прафсаюзу, арганізаванага і кантраляванага адміністрацыяй. ФПБ паведаміла, што членам прафсаюзу на іншых прадпрыемствах “Інтэграла” таксама пагражалі. Нібыта пад ціскам адміністрацыі і ўладаў, працоўныя на дзяржаўным радыёэлектронным прадпрыемстве “Цветатрон” прагаласавалі ў 2000 годзе за тое, каб пакінуць прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці, які ўваходзіць у ФПБ.
Пачынаючы з верасня ўрад не перавёў прыкладна 2 мільёны даляраў (5 мільярдаў рублёў), якія ён завінаваціўся ФПБ за прафсаюзныя ўнёскі рабочых дзяржаўных прадпрыемстваў. 14 снежня Савет Міністраў Беларусі забараніў вылічэнні прафсаюзных унёскаў з зарплаты на дзяржаўных прадпрыемствах, што паставіла прафсаюзы ва ўмовы фінансавага крызісу. Многія лічылі, што гэтыя крокі былі зробленыя дзеля ціску на ФПБ, каб федэрацыя змясціла свайго старшыню Уладзіміра Ганчарыка на плянарным пасяджэнні 6 снежня. Ганчарык быў асноўным супернікам Лукашэнкі на выбарах 9 верасня. У снежні члены прэзідыуму ФПБ вырашылі спыніць падтрымку Ганчарыка, спрабуючы ўрэгуляваць крызіс. Маючы перспектыву згубіць фінансаванне і маёмасць арганізацыі, і згубіўшы падтрымку прэзідыуму, Ганчарык падаў у адстаўку 28 снежня.
На працягу года члены Незалежнага прафсаюза Беларусі адчувалі пастаянны ціск на сваіх працоўных месцах, бо іх прымушалі далучацца да дзяржаўных прафсаюзаў ці згубіць сваю працу. Звычайна члены гэтага прафсаюза праносілі асобнікі прафсаюзнай газеты “Рабочы” на працоўнае месца пад вопраткай. У снежні 2000 года міліцыя затрымала 7 членаў Незалежнага прафсаюза металістаў і сканфіскавала 3 тысячы асобнікаў “Рабочага” на прахадной Мінскага аўтамабільнага завода.
У ліпені 2000 года прэзідэнцкая адміністрацыя выступіла з заявай, у якой скрытыкавала некаторых прафсаюзных лідэраў за распаўсюджванне сцвярджэнняў, якія адміністрацыя назвала неабгрунтаванымі, аб тым, што рэжым парушаў правы прафсаюзаў. У заяве прафсаюзы абвінавачваліся ва ўдзеле ў “палітычных дзеяннях... якія наносяць прамую шкоду працоўнаму руху і абцяжарваюць сацыяльна-эканамічныя праблемы ў краіне.” У выступленні на сельскагаспадарчай нарадзе ў ліпені 2000 года Лукашэнка крытыкаваў прафсаюзы, ФПБ і прэзідэнта ФПБ Уладзіміра Ганчарыка за “недахоп канструктыўнай дзейнасці” і абвінаваціў іх у страце Беларуссю прывілеяў у гандлі з іншай краінай. 31 ліпеня, падчас кампаніі ўладаў па пераследу ФПБ, банкаўскія рахункі федэрацыі былі замарожаныя пасля нерастлумачанага расследавання з боку Дзяржаўнага камітэта па фінансавых расследаваннях. Рахункі ФПБ былі зноў замарожаныя ў верасні 2000 года падатковымі органамі, якія праводзілі нявызначанае расследаванне. Рахункі пазней былі вызваленыя. У выступленні перад Кангрэсам ФПБ у кастрычніку 2000 года прэм’ер-міністр Уладзімір Ярмошын заклікаў прафсаюзных лідэраў “спыніць агітацыю людзей і пачаць працаваць” і абвінаваціў ФПБ ва ўдзеле ў палітыцы замест канцэнтрацыі на патрэбах працоўных.
Канстытуцыя гарантуе права на страйк; аднак жорсткі кантроль з боку рэжыму Лукашэнкі над публічнымі дэманстрацыямі робіць цяжкім правядзенне мітынгаў дзеля падтрымкі мэтаў прафсаюзаў (глядзі раздзелы 1.d. і 2.b.) Напрыклад, была забароненая дэманстрацыя, запланаваная на лістапад 2000 года працоўнымі Мінскага трактарнага завода і Мінскага завода рухавікоў, якія хацелі пратэставаць супраць нізкай зарплаты і запазычанасці па заробках. Іншыя дэманстрацыі таксама забараняліся. Члены прафсаюзаў часам спынялі работу, звычайна, каб пратэставаць супраць затрымкі зарплаты.
3 ліпеня 2000 года, адзначыўшы, што ўлады не захоўвалі правы працоўных, абмяжоўвалі правы прафсаюзаў, пераследавалі прафсаюзных актывістаў і не зрабілі належных крокаў, каб забяспечыць міжнародна прызнаныя правы працоўных, урад адной з замежных краінаў прыпыніў дзеянне гандлёвых ільготаў у дачыненні да Беларусі.
Прафсаюзы могуць свабодна ўдзельнічаць у міжнародных арганізацыях. Напрыканцы года ФПБ спрабавала далучыцца да Міжнароднай канфедэрацыі свабодных прафсаюзаў (МКСП); незалежныя прафсаюзы ўжо ўдзельнічалі ў МКСП.
b. Права на арганізацыю і заключэнне калектыўнай працоўнай дамовы
Заканадаўства, якое датуецца савецкай эпохай, прадугледжвае права на арганізацыю і заключэнне калектыўнай працоўнай дамовы. Аднак улады і дзяржаўныя прадпрыемствы перашкаджалі магчымасцям рабочых заключаць калектыўную працоўную дамову, а ў некаторых выпадках беспадстаўна касавалі калектыўныя дамовы (гл. Раздзел 6.а.). Палажэнні прэзідэнцкага ўказу аб працоўнай дысцыпліне, накіраванага на тое, каб з рабочымі заключаліся індывідуальныя, а не калектыўныя працоўныя дамовы, жорстка крытыкаваліся лідэрамі як незалежных, так і афіцыйных прафсаюзаў. Яны лічаць, што ўказ быў прыняты перш за ўсё дзеля таго, каб дазволіць прэзідэнцкай адміністрацыі кантраляваць сферу працы. Да канца года гэтыя палажэнні не былі рэалізаваныя. У лютым 2000 года адміністрацыя Магілёўскага аўтамабільнага завода (МаАЗ) ў аднабаковым парадку скасавала калектыўную дамову з мясцовай суполкай СПБ, выселіла арганізацыю з офіса і канфіскавала офіснае абсталяванне.
Некаторыя актывісты СПБ былі звольненыя кіраўніцтвам МаАЗ у сувязі з іх прафсаюзнай дзейнасцю. Паколькі эканоміка па-ранейшаму знаходзіцца пераважна ў руках дзяржавы, прафсаюзы звычайна шукалі палітычнае рашэнне для эканамічных праблем. Працоўныя і незалежныя прафсаюзы могуць звяртацца па дапамогу да судовай сістэмы.
с. Забарона прымусовай або абавязковай працы
Канстытуцыя забараняе прымусовую працу, акрамя выпадкаў, калі работа, якую трэба выканаць, пацверджана судовым рашэннем або адпавядае закону аб надзвычайным ці ваенным становішчы; аднак паступаюць звесткі аб прымусе да працы. Напрыклад, у ліпені 2000 года гарадскія ўлады Івацэвічаў (Брэсцкая вобласць) разаслалі лісты мясцовым прамысловым прадпрыемствам і дзяржаўным установам з загадам павялічыць на 20 працэнтаў “добраахвотны” удзел сваіх работнікаў у нарыхтоўцы фуражу. Работнікам, якія адмовіліся “добраахвотна” узяць удзел у нарыхтоўцы, было загадана заплаціць штраф у памеры 5 даляраў (5000 рублёў) ці 15 працэнтаў ад сярэднемесячнай зарплаты. Такім чынам, гэты загад прымусіў мясцовых жыхароў працаваць на нарыхтоўцы фуражу. Студэнтаў таксама прымушалі браць удзел ва ўборцы ўраджаю бульбы.
Канстытуцыйнае палажэнне, якое забараняе прымусовую або змушаную працу, датычыцца ўсіх грамадзянаў, хаця яго ўжытак ў дачыненні да дзяцей не канкрэтызуецца; гандаль дзяўчынкамі заставаўся праблемай (гл. Раздзел 6.f.). За магчымым выключэннем непаўналетніх зняволеных, звестак аб іншай прымусовай і змушанай працы дзяцей не паступала.
d. Становішча з дзіцячай працай і мінімальны ўзрост для працаўладкавання
Закон вызначае шаснаццаць год як мінімальны ўзрост для працаўладкавання. Пры пісьмовай згодзе аднаго з бацькоў (або законнага апекуна) 14-гадовае дзіця можа заключыць працоўную дамову. Генеральная пракуратура, па iснуючых звестках, паспяхова сочыць за выкананнем гэтага закона.
Канстытуцыйнае палажэнне, якое забараняе прымусовую або змушаную працу, ужывальнае да ўсіх грамадзян, хаця яго ўжытак у дачыненні да дзяцей не канкрэтызуецца; гандаль дзяўчынкамі заставаўся праблемай (гл. Раздзел 6.f.).
е. Прымальныя ўмовы працы
Мінімальная зарплата складала 3 даляры (3600 рублёў) у месяц, што не забяспечвае прыстойнага ўзроўню жыцця працоўнага і яго сям’і. Сярэднія рэальныя зарплаты павялічыліся за апошні год прыкладна ад 40 даляраў (48 тысяч рублёў) да 60 даляраў (72 тысячы рублёў) штомесячна. Падчас прэзідэнцкай кампаніі прэзідэнт Лукашэнка абвясціў, што сярэдняя зарплата будзе павялічана прыкладна з 65 даляраў (78 000 рублёў) да 100 даляраў (120 000 рублёў) у месяц. Напрыканцы года ўлады паведамілі, што сярэдняя зарплата дасягнула больш за 106 даляраў (127 200 рублёў) у месяц, хаця незалежныя аналітыкі паведамілі, што гэтая лічба была меншай. Паводле Міжнароднага валютнага фонду (МВФ), павелічэнне зарплаты было дасягнута праз акумуляванне запазычанасці за пастаўкі прадукцыі і іншымі часовымі мерамі. Сельскагаспадарчыя работнікі атрымліваюць прыблізна на 39 працэнтаў менш, чым сярэднемесячная зарплата. Эканамічныя праблемы, якія па-ранейшаму стаяць перад краінай, ускладняюць магчымасць для сярэдняга працаўніка зарабiць на прыстойнае жыццё. Вялікія запазычанасці па выплаце заробкаў працягвалі расці, асабліва ў сельскагаспадарчым сектары. Канстытуцыя і Працоўны кодэкс устанавілі абмежаванне ў 40 гадзін працы штотыднёва і прадугледжваюць, прынамсі, адны суткі на тыдзень для адпачынку. З прычыны цяжкага эканамічнага становішча краіны ўсё большая колькасць працоўных вымушаная працаваць значна менш за 40 гадзін у тыдзень. Як паведамляецца, прадпрыемствы часта патрабуюць ад працоўных пайсці ў неаплачваемыя адпачынкі, выкліканыя нястачай сыравіны і энергіі, а таксама адсутнасцю попыту на прадукты вытворчасці.
Закон замацоўвае мінімальныя патрабаванні да ўмоваў бяспекі на працоўным месцы і да аховы здароўя працоўных; аднак гэтыя нормы часта ігнаруюцца. Рабочыя многіх машынабудаўнічых прадпрыемстваў не носяць нават мінімальнага набору прыладаў бяспекі, такiх як пальчаткi, каскі, зварачныя акуляры. Дзяржаўная iнспекцыя па тэхніцы бяспекі існуе, але не мае ўлады забяспечыць выкананнe сваіх рашэнняў, і яны часта застаюцца праігнараванымі. Паводле звестак Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, за год у выніку няшчасных выпадкаў на працоўных месцах загінулі 239 чалавек і 675 атрымалі пашкоджанні. Высокая ступень няшчасных выпадкаў вынікае з нястачы засцерагальнага адзення, абутку, абсталявання, невыканання патрабаванняў тэмпературнага рэжыму, выкарыстання састарэлага абсталявання і п’янства на рабоце. У законе няма палажэння, якое б дазваляла працоўным адмовіцца ад небяспечных работ, не рызыкуючы пры гэтым згубіць працу.
У студзені 2000 года Лукашэнка, нягледзячы на пратэсты незалежных прафсаюзаў, выдаў новы ўказ, які паніжае ўзровень выплат дзяржавай або дзяржаўнымі прадпрыемствамі ў сувязі са стратай працаздольнасці ў выніку пашкоджанняў, атрыманых на працоўным месцы. Згодна з гэтым указам, іскі аб пашкоджаннях, атрыманых на працы, павінны ўрэгулёўвацца Грамадзянскім, а не Працоўным кодэксам. Лідэры незалежных прафсаюзаў лічаць, што пашкоджаннi, атрыманыя на працы, павінны разглядацца на падставе Працоўнага кодэксу, згодна з якім кампенсацыя больш шчодрая.
Працоўны кодэкс прадастаўляе замежным працоўным такую ж абарону, як і грамадзянам рэспублікі.
f. Гандаль людзьмі
Закон забараняе гандаль людзьмі: аднак гандаль людзьмі з’яўляецца сур’ёзнай праблемай, якая расце. Не было звестак аб ўдзеле ў такім гандлі афіцыйных асобаў, аднак назіральнікі лічаць, што такі ўдзел верагодны, калі ўлічваць высокі ўзровень карупцыі, які існуе ў міліцыі і іншых установах рэжыму.
Краіна адначасова з’яўляецца і крыніцай, і транзітнай зонай для перапраўкі жанчын і дзяўчын у Цэнтральную і Заходнюю Еўропу для занятку прастытуцыяй і для сексуальнай эксплуатацыі. Улады не публікавалі ніякай статыстыкі, аднак, паводле беларускіх НДА, некалькі тысячаў беларускіх жанчын сталі ахвярамі гандлю людзьмі. Інфармацыя з Нідэрландаў, Літвы і Босніі ўказвае на Беларусь, як на краіну-пастаўшчыка, з якой жанчын перавозяць у вышэйназваныя краіны ці праз іх. Жанчыны з Расіі, Украіны і Літвы перавозяцца праз Беларусь у краіны Еўропы, перш за ўсё ў Германію і Польшчу. Іншая праўдзівая інфармацыя сведчыць аб тым, што руская мафія актыўна гандлюе маладымі жанчынамі, якія перапраўляюцца на Кіпр, у Грэцыю, Ізраіль і Заходнюю Еўропу. Міністэрства ўнутраных спраў прызнае, што расійскія крымінальныя структуры актыўна спрабуюць рэкрутаваць жанчын на службу ў якасці прастытутак у Заходняй Еўропе і на Блізкім Усходзе. Гандляры людзьмі, якія звязаныя з арганізаванай злачыннасцю і наркагандлем, прывабліваюць сваіх ахвяр з дапамогай аб’яваў у газетах ці на Інтэрнеце аб выгаднай працы.
1 студзеня ўступіў у сілу артыкул 181 новага Крымінальнага кодэксу Беларусі. Ён прадугледжвае пакаранне за гандаль людзьмі з мэтай сексуальнай ці іншай эксплуатацыі. Крымінальны кодэкс таксама ўводзіць пакаранне за найманне людзей дзеля сексуальнай ці іншай эксплуатацыі. Пакаранне за гандаль людзьмі складае ад 5 да 7 гадоў зняволення. Крымінальная справа супраць гандляра людзьмі была ўзбуджана ў Гродзенскай вобласці, дзе мужчыну абвінавацілі ў перавозцы па меншай меры 35 жанчын з Беларусі ў Польшчу на працягу 2 гадоў. Ён быў прызнаны вінаватым па 12 эпізодах. Калі справа ўпершыню разглядалася ў судзе ў кастрычніку 2000 года, абвінавачаны атрымаў 4 гады зняволення за зводніцтва, але Гродзенскі абласны суд адмяніў вердыкт і прызначыў новае расследаванне, каб абвінавачанага судзілі паводле новага Крымінальнага кодэксу. Аднак яму зноў вылучылі абвінавачванні ў гандлі наркотыкамі і зводніцтве.
Улады пачалі прызнаваць існаванне праблемы, звязанай з гандлем жанчынамі, і спрабуюць яе вырашаць. У 1999 годзе пры Міністэрстве ўнутраных спраў быў створаны савет па пытаннях маралі і незаконнага распаўсюджвання наркотыкаў, але яго работу нельга лічыць эфектыўнай. У супрацоўніцтве з Праграмай развіцця ААН (ПР ААН) Міністэрства сацыяльнага забеспячэння заснавала Цэнтр гендэрнай інфармацыі і палітыкі, які таксама займаецца аналагічнай праблемай.
Жанчыны рэдка паведамляюць мілiцыi аб спробах падобнага найму з прычыны агульнага негатыўнага стаўлення да праваахоўных органаў, заганаў у заканадаўстве і недастатковых мер па абароне пацярпелых і сведкаў. Ахвяраў звычайна затрымліваюць, пакуль следства не вызначыць іх у якасці ахвяраў. Ахвяраў могуць пакараць за парушэнні іншых законаў. Адсутнічае інфармацыя наконт стану грамадзянскіх ініцыятыў, якія б дапамагалі ахвярам вярнуцца ў свае краіны. Крызісныя цэнтры, створаныя некаторымі НДА, аказваюць псіхалагічную дапамогу ахвярам гвалту. Такія цэнтры, аднак, не маюць спецыялістаў, якія б займаліся ахвярамі гандлю людзьмі.
У красавіку 2000 года Міністэрства ўнутраных спраў правяло семінар, які стаў вынікам супрацоўніцтва з НДА і падчас якога НДА абмяркоўвалі праграму інфармавання і папярэджання грамадскасці аб гэтай праблеме. Беларуская асацыяцыя маладых хрысціянскіх жанчын (БАМХЖ) ажыццяўляе праект па інфармаванні жанчын аб рызыках, звязаных з наймам на працу за мяжу, і па мінімізацыі магчымай небяспекі. БАМХЖ таксама адкрыла інфармацыйную тэлефонную лінію для жанчын, якія накіроўваюцца за мяжу не ў якасці турыстак. БАМХЖ атрымлівае больш за 100 запытаў штомесяц.