Справаздачы
Беларусь: Справаздача аб правах чалавека за 2000 год
26 лютага 2001 г.
Дзяржаўны Дэпартамент ЗША
Бюро па дэмакратыі, правах чалавека і працы
Беларусь мае форму праўлення, у якой амаль уся ўлада сканцэнтравана ў руках прэзідэнта і невялікага кола дарадчыкаў. Ад часу свайго выбрання ў ліпені 1994 года на пяцігадовы тэрмін у якасці першага прэзідэнта краіны, Аляксандр Лукашэнка нязменна кансалідаваў уладу ў выканаўчай галіне праз аўтарытарныя сродкі. Ён выкарыстаў лістападаўскі рэферэндум 1996 года для ўнясення змяненняў ў Канстытуцыю 1994 года з мэтаю пашырэння сваёй улады і падаўжэння тэрміна знаходжання на пасадзе.
Лукашэнка праігнараваў пастанову тагачаснага Канстытуцыйнага Суда аб тым, што Канстытуцыя не можа быць зменена праз рэферэндум. У выніку, існуючая палітычная сістэма заснавана на Канстытуцыі 1996 года, якая была прынята неканстытуцыйным чынам. Большасць суб'ектаў міжнароднай супольнасці выступілі з крытыкай праведзенага з парушэннямі рэферэндуму і не прызнаюць легітымнасці Канстытуцыі 1996 года, заканадаўчай улады або далейшага знаходжання Лукашэнкі ва ўладзе па-за тэрмінам законнага сканчэння яго паўнамоцтваў у чэрвені 1999 года. Парламенцкія выбары адбыліся ў кастрычніку, упершыню пасля рэферэндуму 1996 года. Арганізацыя бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе (АБСЕ) і Бюро па дэмакратыі і правах чалавека заключылі, што выбары не адпавядалі міжнародным нормам і не былі ані свабоднымі, ані справядлівымі. Хаця змененая Канстытуцыя прадугледжвае фармальнае раздзяленне уладаў, прэзідэнт дамінуе над усімі іншымі галінамі праўлення. Заканадаўчая ўлада, якая скончыла сваю работу ў лістападзе 2000 года, не была абрана прамым чынам, а была створана з рэшткаў былога парламенту, які Лукашэнка ў хуткім часе пасля рэферэндуму 1996 года расфармiраваў. Канстытуцыя абмяжоўвае заканадаўчую ўладу магчымасцю правядзення сходаў двойчы ў год агульным працягам не больш, як у 170 дзён. Прэзідэнцкія ўказы, прынятыя у час, калі заканадаўчая ўлада не праводзіць сесію, маюць сілу закона, за выключэннем – тэарэтычным – выпадкаў, абмежаваных Канстытуцыяй 1996 года. Канстытуцыя 1996 года таксама дазваляе прэзідэнту выдаваць указы, маючыя сілу закона, у выпадках «выключнай неабходнасці і надзвычайнасці», -- палажэнне, якое Лукашэнка шырока інтэрпрэтуе. Судовая ўлада не з’яўляецца незалежнай.
Адказнасць за выкананне законаў і ўнутраную бяспеку падзелена паміж Камітэтам Дзяржаўнай Бяспекі (КДБ) і Міністэрствам Унутраных Спраў (МУС), якія падпарадкоўваюцца непасрэдна прэзідэнту. Грамадскія ўлады не валодаюць эфектыўным кантролем над сіламі бяспекі. Па загадах Лукашэнкі прэзідэнцкая ахова, першапачаткова створаная дзеля абароны вышэйшых афіцыйных дзеячоў, працягвала дзейнічаць супраць палітычных апанентаў Лукашэнкі без аніякага судовага або заканадаўчага кантролю. 25 мая 1999 года афіцыйна ўвайшоў у сілу Закон аб дзяржаўнай ахове. Закон, які ўжо дзейнічаў дэ-факто на працягу шэрагу гадоў, дае прэзідэнту права падначаліць усе органы бяспекі свайму асабістаму кіраванню. Прадстаўнікі органаў бяспекі здзейснілі шматлікія парушэнні ў галіне правоў чалавека.
Палітычнае кіраўніцтва краіны супрацьстаіць якім-небдзь істотным эканамічным рэформам і застаецца ідэалагічна адданым планавай эканоміцы. Улады заяўляюць, што валавы ўнутраны прадукт (ВУП) узрос на 6 працэнтаў, але многія незалежныя аналітыкі ставяць пад сумненне гэтую лічбу і кажуць, что любы рост, які мог мець месца, быў вынікам «сукупнай вытворчасці», падмацаванай далейшымі буйнымі крэдытамі ў стратны дзяржаўны сектар. Афіцыйныя асобы сцвярджаюць, што на душу насельніцтва ВУП застаўся пастаянным на ўзроўні $1400, але ў рэальных вызначэннях ён быў значна ніжэйшым. Большасць рабочых занятая ў дзяржаўным прамысловым і сельскагаспадарчым сектарах, дзе зарплаты ніжэйшыя за ўзровень у сярэднім па краіне, і затрымкі па зарплатах – хранічная з’ява. Хаця ненадзейнасць афіцыйнай статыстыкі ўскладняе дакладную ацэнку эканамічнага становішча, узровень жыцця ў многіх частках грамадства працягваў скарачацца. Улады заявілі, што сярэднемесячныя заробкі перавысілі $70 за месяц да канца года, хаця незалежныя аналітыкі адзначаюць, што гэта лічба меньшая. Жыхары невялікіх гарадоў і сельскай мясцовасці, дзе даходы асабліва нізкія, забяспечваюць сваё пражыванне за кошт незарэгістраванай эканамічнай дзейнасці і невялікіх агародаў.
Урад мае дрэнны паслужны спіс у галіне правоў чалавека, які істотна пагоршыўся па многіх паказчыках. Улады жорстка абмяжоўваюць права грамадзян на змяненне ўрада, і Лукашэнка прымаў жорсткія меры па нейтралізацыі палітычных апанентаў. Улады не зрабілі сур’езных намаганняў у справе даследвання знікненняў добра вядомых апазіцыйных палітычных дзеячаў, што мелі месца ў мінулым годзе. Органы бяспекі працягвалі збіенні палітычных апанентаў і затрыманых. На працягу года паступалі звесткі аб жорсткіх збіеннях у войску. Умовы ўтрымання ў турмах заставаліся нездавальняючымі. Органы бяспекі праводзілі беспадстаўныя арышты і затрымкі грамадзян, а лік арыштаў, выкліканых відавочна палітычнымі матывамі, узрос, хаця многіх з арыштаваных хутка адпускалі. Працяглыя затрымкі і прамаруджванні ў судовых справах былі звыклымі і таксама мелі месца ў шэрагу палітычна вострых справаў. Службы бяспекі парушалі недатыкальнасць асабістага жыцця грамадзян і ажыццяўлялі шчыльны нагляд за дзейнасцю апазіцыйных палітыкаў і прадстаўнікоў іншых слаёў насельніцтва. Працягваліся жорсткія абмежаванні ў дачыненні свабоды слова, сродкаў масавай інфармацыі і мірных сходаў, улады парушалі свабоду асацыяцый. Улады працягвалі ўскладаць абмежаванні на свабоду веравызнання і абмежавалі свабоду перамяшчэння. Прадстаўнікі ўрадавай службы бяспекі шчыльна наглядалі за назіральнікамі па правах чалавека і перашкаджалі іх дзейнасці. Насілле ў сям'і і дыскрымінацыя ў дачыненні да жанчын застаецца істотнай праблемай. Не знікалі праявы ціску супраць рымска-каталіцкай і пратэстанцкай цэркваў, а таксама бытавога антысемітызму. Улады катэгарычна працягвалі абмяжоўваць правы рабочых на свабоду аб’яднанняў, стварэнне арганізацый і заключэнне працоўных дагавароў. Гандаль жанчынамі складае праблему.
Захаванне правоў чалавека
Раздзел 1. Захаванне недатыкальнасці асобы, у тым ліку ад:
а. Палітычнага і пазасудовага забойства.
Звестак аб палітычных або пазасудовых забойствах не было.
За апошнія гады было некалькі выпадкаў знікнення палітычных дзеячоў (гл. Раздзел 1.b.). Звестак пра гэтых апанентаў рэжыму няма даволі доўгі час, без якіх-небудзь вартых даверу намаганняў з боку ўраду ў справе высвятлення іх месцазнаходжання. Наглядальнікі за захаваннем правоў чалавека лічаць, што яны былі забітыя за ўдзел у палітычнай дзейнасці.
b. Знікнення
За апошнія гады было некалькі выпадкаў знікнення палітычных дзеячоў.
7 ліпеня Зміцер Завадскі, аператар расійскага тэлеканала ОРТ, знік у Мінскім нацыянальным аэрапорце, калі чакаў Паўла Шарамета, журналіста ОРТ, які павінен быў прыехаць з Масквы. Калі Шарамет прыбыў у аэрапорт, Завадскага не было, але яго аўтамабіль быў знойдзены замкнёным на парковачнай пляцоўцы аэрапорта. У 1997 годзе Завадскі і Шарамет былі арыштаваныя беларускімі ўладамі за незаконны пераход беларуска-літоўскай граніцы пад час здымкаў дакументальнага фільма, у якім крытыкаваўся рэжым Лукашэнкі. У выніку палітычна афарбаванага судовага разгляду Шарамет і Завадскі атрымалі 2 гады і 18 месяцаў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прыгавора, адпаведна. Улады абвінавацілі апазіцыю ў арганізацыі знікнення Завадскага, назвалі гэта правакацыяй, і пазней выказалі пагрозы ў адрас Шарамета аб магчымым ўзбуджэнні судовай справы аб паклёпе ў сувязі з інтэрв'ю, апублікаваным у незалежным друку, у якім Шарамет усклаў віну за знікненне Завадскага на Лукашэнку і службы аховы. Было распачата крымінальнае расследаванне па факце знікнення, але да канца года ніякіх зрухаў не адбылося (гл. Раздзел 2.а.). У лістападзе журналіст ОРТ Павел Шарамет паведаміў, што ў якасці падазроных па справе Завадскага было арыштавана некалькі дзеючых і былых служачых міліцыі, у тым ліку членаў элітнага падраздзялення «Алмаз» Міністэрства ўнутраных спраў. Улады не пацвердзілі, што арыштаваныя з’яўляюцца падазронымі па справе Завадскага, як не пацвердзілі і іх асобаў. Лукашэнка звольніў главу КДБ і Генеральнага пракурора пасля з’яўлення ліста, які, нібыта, быў напісаны афіцэрам КДБ, і ў якім сцвярджалася, што Завадскі быў забіты групай былых і дзеючых афіцэраў службы бяспекі. У лісце таксама сцвярджалася, што вышэйшыя ўлады перашкаджалі следчым у канчатковым даследаванні справы. Лукашэнка заявіў, што гэты ліст сфабрыкаваны і паабяцаў узнавіць даследаванні па справе знікненняў; аднак да канца году далейшых зрухаў у гэтай справе не назіралася.
7 мая 1999 года былы міністр Унутраных Спраў Юры Захаранка знік у хуткім часе пасля таго, як паведаміў сваей сям’і ў тэлефоннай размове, што накіроўваецца дамоў. Захаранка, блізкі паплечнік затрыманага тады былога прэм’ер-міністра Міхаіла Чыгіра, знік пасля таго, як пачалося галасаванне на апазіцыйных прэзідэнцкіх выбарах, на якіх Чыгір быў адным з галоўных кандыдатаў. Даследванне пачалося праз 6 месяцаў, і дагэтуль няма ніякіх сведчанняў таго, што ўлады зрабілі канкрэтныя захады ў рашэнні гэтай справы. Урад не здолеў прадставіць якую-небудзь інфармацыю аб даследванні, нягледзячы на запыт Рабочай группы ААН па прымусовых знікненнях. Улады таксама перашкаджалі даследванням знікнення Захаранкі, наладжаных незалежнымі няўрадавымі арганізацыямі. У снежні жонка і дзеці Захаранкі атрымалі палітычны прытулак у заходнееўрапейскай краіне, у якой яны жылі са жніўня пасля таго, як абвінавацілі Лукашэнку ў прамым дачыненні да знікнення Захаранкі.
16 верасня 1999 года пасля трансляцыі сходу, які адбыўся раней у той самы дзень, па дзяржаўным тэлебачанні, на якім Лукашэнка загадаў кіраўнікам службаў бяспекі раздавіць «апазіцыйнае атрэб’е», знік намеснік старшыні Вярхоўнага Савета 13 склікання Віктар Ганчар разам са сваім сябрам, бізнесменам Анатолем Красоўскім. Ганчар, адметны антыўрадавы палітык, актыўна займаўся зборам сродкаў для апазіцыі. Незадоўга да знікнення Ганчар патэлефанаваў жонцы, каб паведаміць, што знаходзіцца па дарозе дадому. Пазней, на месцы, дзе на думку родных і сяброў гэтых людзей быў спынены аўтамабіль, у якім яны ехалі, было знойдзена бітае шкло і кроў. Як і ў выпадку са знікненнем Захаранкі, з боку афіцыйных следчых няма сведчанняў якога-небудзь прагрэсу ў вырашэнні гэтых спраў.
У чэрвені Інтэрпол даслаў афіцыйнае паведамленне беларускім сілавым структурам, што былая старшыня Нацыянальнага Банка Тамара Віннікава, якая знікла ў красавіку 1999 года з кватэры, дзе знаходзілася пад хатнім арыштам з 1997 года, знаходзіцца ў заходнееўрапейскай краіне. Віннікава адзначыла ў некалькіх інтэрв’ю прэсе, што хаваецца, каб пазбегнуць магчымай змовы супраць яе жыцця.
с. Катавання і іншага бязлітаснага, антыгуманнага або зневажальнага абыходжання або пакарання
Канстытуцыя 1996 года прадугледжвае недатыкальнасць асобы і, у прыватнасці, забараняе катаванні, а таксама бязлітаснае, антыгуманнае або зневажальнае абыходжанне; аднак паліцыя і ахоўнікі турмаў збіваюць затрыманых і вязняў. Супрацоўнікі праваахоўных органаў і турмаў могуць выкарыстоўваць фізічную сілу супраць затрыманых і вязняў толькі ў выпадках, калі апошнія аказваюць фізічнае супраціўленне, адмаўляюцца падпарадкавацца ўказанням турэмнай адміністрацыі, або «зламысна» парушаюць парадак адбывання зняволення. Аднак наглядальнікі за захаваннем правоў чалавека з пэўнасцю паведамляюць, што следчыя прымушаюць да прызнанняў праз збіенні і псіхалагічнае даўленне. Хаця подобныя дзеянні супярэчаць закону, улады рэдка, калі не сказаць, што ніколі, караюць тых, хто чыніць гэткія злоўжыванні. Ахоўнікі ўжываюць сілу супраць затрыманых, каб выцягнуць прызнанні, і ў часе сваёй звычайнай дзейнасці. Паліцыя таксама збівае дэманстрантаў (гл. Раздзелы 1.d. і 2.b.). 20 лістапада Камісія ААН супраць катавання выдала свае заключэнні і рэкамендацыі па трэцяй перыядычнай справаздачы па краіне. Камісія выказала заклапочанасць пагаршэннем сітуацыі з правамі чалавека і звярнула ўвагу на шматлікія скаргі на катаванні і антыгуманнае абыходжанне або пакаранне з боку дзяржаўных асобаў або з іх згоды. Гэтыя парушэнні здзяйсняліся ў дачыненні да палітычных апанентаў рэжыма і мірных дэманстрантаў.
14 студзеня Алег Воўчак, наглядальнік па правах чалавека і старшыня няўрадавай камісіі па даследванні знікнення былога Міністра унутраных спраў Юрыя Захаранкі, падаў скаргу ў Мінскую гарадскую пракуратуру пасля таго, як ніжэйшая судовая інстанцыя адмовілася прыцягнуць да крымінальнай адказнасці прадстаўнікоў міліцыі, якія збілі яго адразу пасля арышту 21 ліпеня 1999 года. Воўчак быў настолькі бязлітасна збіты, што мусіў звярнуцца за медыцынскай дапамогай для лячэння нанесеных пашкоджанняў. Міліцыянты адмаўлялі удзел у збіцці і сцвярджалі, што Воўчык напаў на іх і атрымаў цялесныя пашкоджанні, калі ўпаў і стукнуўся галовою аб стол. Адвакат Воўчака і іншыя наглядальнікі за правамі чалавека лічаць, што ўлады паспрабавалі пакрыць факт збіцця. Зварот Воўчака ў Мінскі гарадскі суд пазней таксама быў адхілены.
1 сакавіка актывісты апазіцыі Цімафей Дранчук, Леанід Малахаў і Філіп Клікушын былі арыштаваныя за дэманстрацыю перад будынкам прэзідэнцкай адміністрацыі і 3 сакавіка былі прыгавораныя да пяцідзённага зняволення. У часе адпраўкі з дому суда да месца часовага ўтрымання, 18-гадовы Дранчук быў збіты супрацоўнікамі міліцыі, што прывяло да сур’ёзных пашкоджанняў галавы. 5 сакавіка ён быў дастаўлены ў адзін са шпіталяў Мінска, дактары якога паставілі дыягназ, які сведчыць аб сур’ёзнасці атрыманых пашкоджанняў. Малахаў і Клікушын, паводле існуючых звестак, былі збіты адначасова з Дранчуком, аднак яны не атрымалі сур’ёзных пашкоджанняў. Яны аб’явілі галадоўку ў знак пратэсту супраць прыгавору і злоўжыванняў. Іх галадоўка не дала ніякіх вынікаў, і пасля пяцідзённага ўтрымання яны былі вызваленыя.
25 сакавіка пад час жорсткай акцыі прадстаўнікі сілаў бяспекі, апранутыя ва ўніформу і цывільную вопратку, збілі і затрымалі дэманстрантаў, якія сабраліся на плошчы Якуба Коласа ў цэнтры Мінска. Поводле назіральнікаў за правамі чалавека, было арыштавана і затрымана звыш 300 дэманстрантаў. Многія з іх былі жорстка збітыя (гл. Раздзел 2.b.). Юры Беленькі, намеснік старшыні кансерватыўнай хрысціянскай партыі Беларускага народнага фронту, быў бязлітасна збіты і пазней шпіталізаваны. Сілы бяспекі, паводле існуючых звестак, нанеслі ўдар дубінкай у твар Беленькага, накінулі куртку на галаву, павалілі і працягвалі збіваць яго нагамі. Беленькі быў затрыманы на 3 дні, пасля чаго дзяржаўны доктар паставіў дыягназ страсення мозгу. Звароты Беленькага да пракуратуры і судоў, каб прыцягнуць да адказнасці за збіццё сілы бяспекі, былі адхіленыя.
Поводле Кансультатыўна-назіральнай групы (КНГ) АБСЕ, у выніку «бессэнсоўнай і празмернай дэманстрацыі сілы» пяць дэманстрантаў, якія ўдзельнічалі ў маршы «Чарнобыльскі Шлях» 26 красавіка, былі «прымусова і з ужываннем сілы» затрыманыя міліцыяй (гл. Раздзелы 1.e. і 2.b.).
«Дзедаўшчына», практыка здзекаў над навабранцамі шляхам збіенняў і іншых форм фізічнага і псіхалагічнага злоўжывання, відавочна, не паслабла. За першыя 5 месяцаў гэтага года, паводле дзяржаўнай статыстыкі, было адзначана 30 падобных выпадкаў. Намаганні членаў сямей і наглядальнікаў за правамі чалавека па расследванні гэтых выпадкаў і іншых звестак аб «дзедаўшчыне» блакуюцца дзяржаўнымі ўладамі.
Умовы ўтрымання ў турмах нездавальняючыя і адзначаюцца вялікім перапаўненнем, нястачай прадуктаў харчавання і лекаў, распаўсюджваннем такіх захворванняў як туберкулёз, сіфіліс і ВІЧ/СНІД. Паводле наглядальнікаў за правамі чалавека, ўмовы ў турэмных шпіталях нездавальняючыя. Затрыманыя з месцаў папярэдняга ўтрымання таксама паведамлялі аб дрэнных ўмовах і адмове ў медыцынскім абслугоўванні, што прыводзiць да пагаршэння здароўя падчас чакання разгляду справы. Хаця афіцыйная статыстыка па перапаўненні турмаў адсутнічае, прадстаўнікі КНГ АБСЕ, якія наведалі месца ўтрымання вязняў у Віцебску ў чэрвені 1999 года, адзначылі, што ў адной камеры 16 вязняў жаночага полу дзялілі паміж сабой 10 ложкаў, у той час, як у другой, 14 вязняў ва ўзросце паміж 14 і 17 гадамі дзялілі 8 ложкаў.
У 1999 годзе была абвешчана ўрадавая амністыя для дробных парушальнікаў закону, мэтаю якой было зменшыць колькасць адбываючых пакаранне ў турмах. Наступная амністыя была зацверджана Нацыянальным Сходам 30 чэрвеня. Выконваючы абавязкі міністра ўнутраных спраў Міхаіл Удовікаў абвесціў 9 чэрвеня, што датэрміновае вызваленне або скарачэнне тэрмінаў прыгавору згодна з амністыяй 1999 года атрымалі 9700 вязняў, і што паводле новага заканадаўства гэтая амністыя можа быць ужыта ў дачыненні да 10700 вязняў, якія знаходзяцца ў турмах, і 2400 умоўна пакараных. Перад апошняй амністыяй, паводле Удовікава, налічвалася прыблізна 61000 вязняў. Незразумела, у якой меры апошняя амністыя была ажыццёўлена. Паводле Удовікава, гэтая амністыя распаўсюджвалася толькі на ветэранаў вайны, падлеткаў, адказных за дробныя злачынствы, пенсіянераў і інвалідаў. Вінаватыя ў эканамічных злачынствах маглі атрымаць амністыю толькі пасля кампенсацыі стратаў.
Вязні мужскога і жаночага полу ўтрымліваюцца асобна. Пасля інспекцыі папраўчай установы для жанчын у Гомелі ў чэрвені 1999 года, міністр Унутраных Спраў Юрый Сівакоў адзначыў у інтэрв’ю афіцыйнай прэсе, што, хаця яна павінна змяшчаць толькі 1350 зняволеных, у той час у ёй утрымлівалася 2800 чалавек. Няўрадавыя арганізацыі паведамілі, што існуючыя ўмовы ў турмах не палепшыліся на працягу года.
1 сакавіка дэпутат Вярхоўнага Савета 13 склікання і палітычны вязень Уладзімір Кудзінаў быў пераведзены ў адзіночнае зняволенне ў карцэр на 7 дзён за нібыта дрэнныя паводзіны, што ўключала ў сябе, як сцвярджаецца, адмову ад выканання ранішніх фізічных практыкаванняў і заўчасны ўход з пляцоўкі для курэння (гл. Раздзел 1.d.). Кудзінаў да гэтага быў пакараны за ўдзел у шахматным турніры без дазволу ўладаў турмы і за іншыя парушэнні «унутранага распарадку». Кудзінаву было таксама без тлумачэнняў адмоўлена ў наведванні яго членамі сям’і і святаром. Паводле наглядальнікаў за правамі чалавека, гэтыя пакаранні былі ўжыты для таго, каб выключыць Кудзінава са спісу тых, хто падпадаў пад амністыю або датэрміновае вызваленне.
11 ліпеня Іван Лемяшэўскі, былы кіраўнік групы дарадчыкаў Савета Міністраў, накіраваў адкрыты ліст да Лукашэнкі з заклікам пакласці канец палітычнаму пераследу яго сям’і. 21 чэрвеня сыну Лемяшэўскага Іллі стрэліў у грудзі чалавек у масцы. Гэты стрэл быў следствам ранейшай спробы сілаў бяспекі завербаваць Іллю шпіеніць за сваім бацькам. Калі Ілля адмовіўся, яго, згодна з паведамленнямі, папярэдзілі аб магчымых «цяжкіх наступствах». Паводле словаў Лемяшэўскага, да ягонага аўтамабіля былі ажыццёўленыя дзеянні, якія прывялі да дарожнага выпадку, а са слоў членаў сям’і, яны атрымлівалі шматлікія пагражальныя тэлефонныя званкі. Пагрозы і напады, відавочна, былі ў адпомсту за ўход у адстаўку з урадавай пасады (гл. Раздзел 2.а.).
Наглядальнікі за правамі чалавека часам атрымлівалі доступ у турмы з мэтаю азнаямлення з умовамі ўтрымання зняволеных, хаця ўлады не задаволілі некаторыя звароты адносна сустрэчы з асобнымі зняволенымі.
d. Беспадстаўнага арышту, затрымання і высылкі
Улады толькі крыху змянілі закон аб затрыманні, які застаўся з савецкіх часоў, і за гэты год сілы бяспекі па-ранейшаму беспадстаўна арыштоўвалі і затрымлівалі грамадзян, часцей за ўсё ў сувязі з дэманстрацыямі, некаторыя з якіх былі несанкцыяванымі. Працягваліся арышты па палітычных матывах, хаця большасць арыштаваных выходзіла на свабоду праз некалькі дзён.
Крымінальна-працэсуальным кодэксам прадугледжваецца, што міліцыя можа затрымаць асобу па падазрэнні ў злачынстве на 24 гадзіны без ордэра, каб за гэты час паведаміць аб затрыманні пракурору. Затым пракурор мае 48 гадзін, каб разгледзець пытанне законнасці затрымання. Калі пракурор лічыць затрыманне законным, падазроны можа ўтрымлівацца максімум 10 дзён без прад’яўлення фармальнага абвінавачвання. Аднак звычайна, калі прынята рашэнне аб затрыманні падазронага, фармальныя абвінавачванні прад'яўляюцца. Калі ў адрас падазронага высунута абвінавачванне, судовы працэс павінен распачацца ў межах двух месяцаў, хаця ў некаторых выпадках генеральны пракурор можа падоўжыць перадсудовае затрыманне да 18 месяцаў, каб правесці далейшае даследаванне. У выпадку, калі падазронага, якому было высунута абвінавачванне, адпускаюць пад падпіску аб нявыездзе, абмежаванняў у часе перадсудовых расследванняў няма. Закон дазваляе затрыманым звярнуцца ў суд (а не да пракурора) у справе вызначэння законнасці іх затрымання. Аднак на практыцы зваротам падазроных аб пераглядзе іх затрымання судамі часта не даюць ходу, бо затрыманыя залежаць ад літасці следчых, і афіцыйныя асобы, адказныя за затрыманне, не жадаюць адсылаць гэтыя звароты. У існуючым прававым кодэксе няма палажэння аб вызваленні пад заклад.
Згодна з законам, затрыманыя маюць магчымасць неабмежавана карыстацца прававой дапамогай, і для тых, хто не мае сродкаў наняць адваката, суд яго прызначае. Аднак следчыя звычайна забываюцца праінфармаваць затрыманых аб іх правах і праводзяць папярэднія допыты, не даючы затрыманым магчымасці пракансультавацца з адвакатам. Атрыманая такім чынам інфармацыя затым выкарыстоўваецца супраць падабароннага ў судзе. Нават калі адвакат абароны прызначаецца дзяржавай, ён падпарадкоўваецца выканаўчай уладзе. Доступ членаў сям’і да затрыманых на практыцы жорстка абмежаваны, і часта ім не паведамляецца, што член сям’і, нават непаўналетні, затрыманы.
19 студзеня Аляксандр Абрамовіч, лідэр барысаўскага філіяла сацыял-дэмакратычнай партыі, быў арыштаваны каля будынку Мінскага гарадскога суда перад пачаткам судовага працэсу над былым прэм’ер-міністрам Міхаілам Чыгіром (гл. Раздзел 1.e.). Абрамовіч трымаў плакат, які заклікаў пакласці канец пераследу лідэраў апазіцыі. Абрамовіча прыгаварылі да 7 дзён зняволення. У лютым Абрамовіч зноў быў арыштаваны і прыгавораны да 35 дзён зняволення за правядзенне трох несанкцыянаваных дэманстрацый: адной – супраць вайны ў Чачні, другой – супраць судовага працэсу над Чыгіром, і трэцяй – супраць судовага працэсу над мясцовым бізнэсмэнам. 25 красавіка Абрамовіч зноў быў арыштаваны пад час правядзення мітынгу ў Барысаве, прымеркаванага да 14 гадавіны Чарнобыльскай катастрофы. На мітынгу Абрамовіч крытыкаваў урад і быў арыштаваны адразу пасля таго, як разарваў здымак Лукашэнкі. Абрамовіча прыгаварылі да 5 дзён зняволення за «дробнае хуліганства».
4 лютага ў Гродне міліцыя арыштавала Уладзіміра Соўцу, члена Аб’яднанай грамадзянскай партыі і актывіста мясцовага саюза прадпрымальнікаў, за распаўсюджванне улётак з заклікам да агульнанацыянальнага страйку, які пачаўся 1 лютага. Соўцу затрымалі на некалькі гадзін, затым адвезлі ў суд, дзе з яго спагналі $7.50 (6600 рублёў) і пазней адпусцілі.
29 лютага падчас збору подпісаў пад петыцыяй супраць аб’яднання краіны з Расіяй, два актывісты Беларускага народнага фронту былі затрыманы на некалькі гадзін паліцыяй і пазней абвінавачаны ў нелегальным распаўсюджванні друкаваных матэрыялаў.
1 сакавіка Філіп Клікушын, Леанід Малахаў і Цімафей Дранчук былі арыштаваны паліцыяй за правядзенне несанкцыянаванай акцыі пратэсту каля будынку прэзідэнцкай адміністрацыі ў цэнтры Мінска ў падтрымку тых, хто знік (гл. Раздзел 1.с.).
23 сакавіка пяцёра маладзёжных актывістаў, двум з якіх было менш за 18 гадоў, былі затрыманы паліцыяй за распаўсюджванне улётак з заклікам да правядзення шэсця на Дзень Волі 25 сакавіка ў гонар заснавання Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе. Адзін з актывістаў, Сяргей Шаўлякоў, засведчыў, што яго сям’я не была праінфармаваная аб яго затрыманні на працягу амаль чатырох гадзін пасля здарэння, што супярэчыць кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях. Усе пяцёра, па сведчаннях, знаходзячыся ў затрыманні, цярпелі славесныя пагрозы і знявагу з боку міліцыі.
25 сакавіка прыблізна 700 дэманстрантаў сабраліся на плошчы Якуба Коласа ў Мінску для правядзення шэсця на Дзень Волі. 24 сакавіка мінскія гарадскія ўлады забаранілі гэту дэманстрацыю, нягледзячы на звароты замежных і мясцовых наглядальнікаў за правамі чалавека з просьбай дазволіць мірнае правядзенне дэманстрацыі. У хуткім часе пасля таго, як дэманстранты сабраліся на плошчы, спецыяльныя вайсковыя і паліцэйскія сілы ў баявой амуніцыі ўварваліся ў натоўп, выкарыстоўваючы дубінкі, і пачалі збіваць і затрымліваць дэманстрантаў. Паводле мясцовых адвакатаў па правах чалавека, за ўдзел у гэтай падзеі было арыштавана і абвінавачана звыш 300 дэманстрантаў. У сувязі з гэтай дэманстрацыяй былі арыштаваныя і пакараныя зняволеннем тэрмінам ад 5 да 7 дзен многія вядучыя апазіцыйныя палітыкі (гл. Раздзел 2.b.).
25 сакавіка дэпутат Вярхоўнага Савета 13 склікання і незалежны журналіст Валерый Шчукін быў арыштаваны міліцыяй у Віцебску пад час асвятлення апазіцыйнага мітынгу, прысвечанага заснаванню Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе. Шчукіна асудзілі і прыгаварылі да 10 дзён зняволення за ўдзел у несанкцыянаванай дэманстрацыі. Пад час таго самага мерапрыемства быў арыштаваны і пазней прагавораны да 10-дзённага зняволення мясцовы апазіцыйны актывіст Уладзімір Плешчанка. Раман Салаўян, яшчэ адзін мясцовы апазіцыйны актывіст, быў арыштаваны і прыгавораны да зняволення тэрмінам на 5 дзён.
26 красавіка Анатоль Фёдараў, мясцовы лідэр Беларускага Народнага Фронту, быў арыштаваны міліцыяй за арганізацыю несанкцыянаванай дэманстрацыі ў Магілёве пры святкаванні 14 гадавіны Чарнобыльскай катастрофы. 26 красавіка былі таксама арыштаваны падчас удзелу ў дэманстрацыі «Чарнобыльскі Шлях» апазіцыйныя актывісты Юрый Кузьміцкі, Дзяніс Яроменка і Сяргей Церахаў. Кузьміцкага, які быў цяжка збіты паліцыяй, прыгаварылі да 5 дзён затрымання за ўдзел у дэманстрацыі. Яроменка быў асуджаны за незаконнае выкарыстанне сцягоў, эмблем, сімвалаў або плакатаў за тое, што нёс карыкатуру на Лукашэнку. Церахава прыгаварылі да 3 дзён затрымання за «выказванні ў адрас прэзідэнта непрыстойнай мовай» (гл. Раздзел 2.b.).
1 мая 14 апазіцыйных і праваабарончых актывістаў былі затрыманы міліцыяй у Магілёве пад час правядзення першамайскага мітынгу на цэнтральнай плошчы горада. Актывісты неслі бел-чырвона-белыя сцягі і апазіцыйную сімволіку і былі дастаўленыя ў аддзяленне міліцыі, дзе ўтрымліваліся некалькі гадзін.
21 мая былі арыштаваны міліцыяй у Барысаве падчас акцыі ў падтрымку былога прэм’ер-міністра Міхаіла Чыгіра Аляксандр Абрамовіч, Антон Цялежнікаў і Алеся Яўсюк. Абрамовіч і Цялежнікаў былі прыгавораны да 15 і 10 дзён зняволення адпаведна, а Яўсюк была аштрафаваная на $404 (390000 рублеў).
20 чэрвеня актывісты Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі Аляксей Радзіўнаў і Уладзімір Раманоўскі былі затрыманыя міліцыяй каля будынку Урада ў цэнтры Мінска за правядзенне акцыі пратэсту супраць абмежаванняў палітычный дзейнасці; пазней у той самы дзень іх адпусцілі.
29 чэрвеня Аляксандр Абрамовіч зноў быў арыштаваны і асуджаны на 12 дзён зняволення за дэманстрацыю 19 чэрвеня ў Барысаве, пад час якой пратэстуючыя прывязалі сябе ланцугамі да флагштоку і запатрабавалі адстаўкі старшыні барысаўскага гарадскога выканаўчага камітэта.
27 ліпеня былі арыштаваныя і прыгавораныя да 5 і 7 дзён зняволення адпаведна за правядзенне несанкцыянаванай дэманстрацыі пратэсту ў Гомелі супраць усталявання «фашысцкага рэжыму» ў Беларусі Кацярына Гаравая і Ігар Парэмскі.
Невядомыя супрацоўнікі без уніформы, якія працуюць на службы бяспекі, рэгулярна хапаюць удзельнікаў антыўрадавых дэманстрацый (гл. Раздзел 2.b.). Паводле даставерных звестак, супрацоўнікі органаў бяспекі, апранутыя ў цывільнае адзенне, часам пранікаюць ў шэрагі антыўрадавых дэманстрацый для таго, каб або паведаміць пра апазіцыйных удзельнікаў пратэстаў, або справакаваць сутычкі паміж дэманстрантамі і міліцыяй. Органы бяспекі часам прыбягалі да папярэдняга захопу арганізатараў і асобаў, якія лічыліся патэнцыяльнымі ўдзельнікамі маючых адбыцца дэманстрацый, у тым ліку тых, што былі санкцыянаваны ўладамі.
10 лютага ў артыкуле ў незалежнай газеце «Народная воля» Алег Батурын, супрацоўнік Міністэрства унутраных спраў, заявіў, што сутычка паміж дэманстрантамі і органамі бяспекі пад час марша свабоды-1, што адбыўся 17 кастрычніка 1999 года, была справакаваная апранутымі ў цывільнае адзенне супрацоўнікамі бяспекі па загаду Міністэрства Унутраных Спраў. Пасля публікацыі артыкула Батурын і яго брат, баючыся за сваю асабістую бяспеку ў Беларусі, папрасілі палітычнага прытулку ў Польшчы. 19 ліпеня Батурын у якасці ўцекача звярнуўся да Заходняга пасольства ў Мінску, сцвярджаючы, што яго выкралі невядомыя асобы, у якіх ён пазней пазнаў супрацоўнікаў беларускай службы бяспекі, і прымусова вярнулі ў Беларусь. 21 ліпеня Батурыну было прадастаўлена права свабоднага выезду з Беларусі для атрымання палітычнага прытулку ў іншай краіне. Хаця некаторыя факты ў справе выкрадання Батурына застаюцца няяснымі, большасць незалежных праваабарончых наглядальнікаў мяркуе, што прычынай падобнага абыходжання з ім паслужылі яго абвінавачванні ў адрас уладаў.
Супрацоўнікі сілаў бяспекі на працягу года рэгулярна затрымлівалі журналістаў і прадстаўнікоў недзяржаўных арганізацый.(гл. Раздзелы 2.b. і 4).
Пасля дэманстрацый органы бяспекі пазбаўлялі некаторых затрыманых магчымасці зносінаў са знешнім светам. У дадатак да соцень пратэстуючых супраць урада, якіх улады ўтрымлівалі некалькі гадзін або дзён, было некалькі адметных палітычных дзеячоў, якіх рэжым Лукашэнкi трымаў працяглы час у перадсудовым зняволенні, некаторых – больш за год.
11 лістапада 1997 года быў арыштаваны па абвінавачванні ў буйных растратах і хабарніцтве былы міністр сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў. Лявонава трымалі больш за 2 гады ў перадсудовым зняволенні, пад час якога ён перанес два сардэчных прыступы. Лявонаў абвясціў галадоўку пратэсту супраць адмовы турэмных уладаў прадаставіць яму медыцынскія сродкі, прынесеныя яго роднымі. 14 студзеня Лявонава прыгаварылі да 4 гадоў турэмнага зняволення з канфіскацыяй уласнай маёмасці за буйнамасштабныя растраты і хабарніцтва (гл. Раздзел 1.е.).
У лютым 1998 года міліцыя арыштавала Андрэя Клімава, паспяховага прадпрымальніка і члена Парламента, што быў незаконна распушчаны напрыканцы 1996 года, абвінаваціўшы яго ў растратах і іншых фінансавых парушэннях. Група падтрымкі Клімава і назіральнікі за правамі чалавека лічаць, што яго арышт і прысуд мелі палітычныя матывы, бо Клімаў з’яўляўся адметным крытыкам прэзідэнта Лукашэнкі і ўдзельнічаў у камісіі, якая даследавала парушэнні прэзідэнтам закону і Канстытуцыі. Тэрмін перадсудовага ўтрымання Клімава падаўжаўся некалькі разоў. Яго бязлітасна збілі ахоўнікі турмы 13 снежня 1999 года пасля таго, як у знак пратэсту ён адмовіўся пакінуць сваю камеру. Галоўны суддзя загадаў, каб яго даставілі ў залу суда. Ахова збіла яго і прымусова прыцягнула ў залу суда ў разарваным адзенні і без абутку. Хаця яму востра патрабавалася медыцынская дапамога, хуткая дапамога была выклікана толькі праз некалькі гадзін пасля гэтага. 17 сакавіка Клімаў быў асуджаны на 6 год з канфіскацыяй маёмасці за буйныя растраты і падробку дакументаў (гл. Раздзел 1.е.).
Бягучая статыстыка колькасці асобаў, што знаходзяцца ў перадсудовым зняволенні, і сярэдняя працягласць перадсудовага зняволення адсутнічае. Выконваючы абавязкі міністра ўнутраных спраў Міхаіл Удовікаў у прамове перад парламентам 9 чэрвеня сказаў, што ў перадсудовым зняволенні або пад дзеяннем пэўнага пакарання знаходзіцца прыблізна 100000 чалавек. У параўнанні са жніўнем 1998 года лік асобаў, што знаходзіліся ў перадсудовым зняволенні, складаў прыблізна 11000.
Улады не ўжываюць прымусовай высылкі, хаця былі даставерныя звесткі, што службы бяспекі пагражалі апазіцыйным палітычным дзеячам і лідэрам прафсаюзаў крымінальным пераследам або фізічнымі мерамі, калі тыя не спыняць сваёй дзейнасці і не пакінуць краіну.
е. Адмовы ў правядзенні справядлівага публічнага судовага працэсу
Канстытуцыя прадугледжвае незалежную судовую ўладу, аднак на практыцы судовая ўлада не з’яўляецца незалежнай і не ў стане ажыццяўляць кантроль за выканаўчай галіной улады і яе прадстаўнікамі. Рэформы, прынятыя ў падтрымку незалежнасці судовай улады ў 1995 годзе, засталіся невыкананымі. Рэферэндум па зменах у Канстытуцыі 1996 года надалей падпарадкаваў судовую ўладу выканаўчай галіне, надаўшы прэзідэнту ўладу прызначаць 6 з 12 членаў Канстытуцыйнага Суда, уключна са старшынёй. Астатнія шэсць прызначаюцца Саветам Рэспублікі, які сам па сабе складаецца з асобаў, прызначаных прэзідэнтам або абіраемых асобамі, якія знаходзяцца пад уплывам прэзідэнта. Прэзідэнт прызначае таксама старшыняў Вярхоўнага Суда і Вярхоўнага Эканамічнага Суда. Прэзідэнт таксама надзелены ўладай прызначаць і звальняць усіх раённых і вайсковых суддзяў.
Сістэма правасуддзя паўтарае былую савецкую мадэль і мае тры ярусы: раённыя суды, абласныя суды і Вярхоўны Суд. У выніку ўвядзення новай Канстытуцыі было зроблена некалькі змяненняў, у ліку якіх прамыя прэзідэнцкія прызначэнні. Канстытуцыйны Суд быў заснаваны ў 1994 годзе для вынясення рашэнняў па важных канстытуцыйных пытаннях, але, знаходзячыся ў залежнасці ад выканаўчай галіны ўлады, ён не можа аспрэчваць прэзідэнцкія ініцыятывы. У дадатак Канстытуцыйны Суд не мае сродкаў, каб уводзіць у дзеянне свае рашэнні.
Суддзі выносяць рашэнні па судовых справах; прысяжныя вызначаюць невінаватасць або вінаватасць толькі ў справах, прыгавор па якіх прадугледжвае вышэйшую меру пакарання, у якіх падабаронны сцвярджае сваю невінаватасць і патрабуе слухання справы ў судзе прысяжных. Суддзі залежныя ад Міністэрства юстыцыі ў плане забеспячэння судовай інфраструктуры і ад мясцовых чыноўнікаў выканаўчай улады ў плане забеспячэння ўмоваў жыхарства. У дадатак суддзі абавязаныя сваімі пасадамі прэзідэнту. Хаця пракуратура адмаўляе гэта, ёсць шматлікія даставерныя звесткі, што «тэлефоннае права» (практыка выканаўчых і мясцовых уладаў уздзейнічання на судовыя рашэнні) працягваецца.
18 мая ў прамове перед Парламенцкім сходам беларуска-расійскага саюза, якая асвятлялася сродкамі масавай інфармацыі і шырока крытыкавалася праваабарончымі наглядальнікамі як сведчанне адсутнасці судовай незалежнасці, Лукашэнка абвергнуў сцвярджэнні аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі і сказаў, што яны «надуманыя і празмерна раздзьмутыя Захадам… Мы не маем падобных парушэнняў». Ен прызнаў, што «шэраг некалі вядомых асоб», такіх як Чыгір і іншыя, былі прыцягнутыя за апошнія некалькі гадоў да адказнасці. Аднак «іх схапілі за крадзеж і яны атрымалі тое, што заслугоўваюць… Перад законам усе роўныя… Заакіянскім палітыкам не стае аб’ектыўнасці, таму што яны акружаюць злачынцаў, злодзеяў і хуліганаў арэолам палітычных пакутнікаў».
Пракуратуры, як і суды, арганізаваны ва ўстановы на раённым, абласным і рэспубліканскім ўзроўнях. Яны ў рэшце рэшт нясуць адказнасць перад генеральным пракурорам і падпарадкоўваюцца генеральнаму пракурору, які, паводле Канстытуцыі прызначаецца Саветам Рэспублікі. Пракуроры не з’яўляюцца незалежнымі і не маюць улады высунуць абвінавачванні супраць прэзідэнта або прэзідэнцкай адміністрацыі. 24 мая старшыня Канстытуцыйнага Суда Рыгор Васілевіч паведаміў журналістам, што мясцовы пракурор меў рацыю ў тым, што адхіліў скаргу, высунутую раней супраць прадстаўніка прэзiдэнцкай адміністрацыі. Паводле Васілевіча, артыкул 125 Канстытуцыі 1996 года ўскладае на Генеральнага Пракурора і іншых дзяржаўных пракурораў задачу па «кантролі за адпаведнасцю дзейнасці міністэрстваў, іншых ведамстваў, падпарадкаваных Савету Міністраў, мясцовых прадстаўнічых і выканаўчых уладаў, прадпрыемстваў, устаноў, няўрадавых арганізацый, афіцыйных і прыватных асобаў законам, пастановам, указам і іншым прававым актам». Ён сказаў, што пракуроры не маюць улады высоўваць абвінавачванні супраць прадстаўніка прэзідэнцкай адміністрацыі, таму што гэта ў кампетэнцыі прэзідэнта, а не Савета Міністраў.
У маі 1997 года Лукашэнка выдаў прэзідэнцкі ўказ № 12 «Аб некаторых мерах па паляпшэнні адвакацкай і натарыяльнай практыкі», які, паводле міжнародных правазнаўцаў і наглядальнікаў за правамі чалавека, сур’ёзна скампраметаваў незалежнасць адвакатаў ад уладаў. Гэты ўказ, які нібыта быў выдадзены ў адказ на празмерна высокія заробкі адвакатаў, падпарадкаваў усіх адвакатаў Міністэрству юстыцыі, якое кантралюе ліцэнзаванне адвакацкай дзейнасці і якое атрымала яшчэ большы кантроль над асацыяцыяй адвакатаў.
У жніўні 1999 года ў інспекцыйнай паездцы па Брэсцкай вобласці ў заходняй частцы краіны Лукашэнка зазначыў мясцовым рэпарцерам, што ён асабіста ажыццяўляе кантроль за «пэўнымі» бягучымі судовымі справамі, уключаючы справу былога прэм’ер-міністра і апазіцыйнага лідэра Міхаіла Чыгіра. Лукашэнка заявіў: «Яны пад маім кантролем, і я сам не дапушчу ніякай несправядлівасці». 30 жніўня 1999 года пад час работы ўрадавай міжведамаснай камісіі, якая асвятлялася ў сродках масавай інфармацыі, прэзідэнт Лукашэнка, як паведамляецца, зазначыў: «Для кіраўніка дзяржавы натуральна ажыццяўляць кантроль за той ці іншай крымінальнай справай…асабліва ў нашай краіне, дзе кіраўнік дзяржавы кантралюе ўсе галіны ўлады – заканадаўчую, выканаўчую і судовую».
Праваабаронца і адвакат Вера Страмкоўская атрымала пагрозу пазбаўлення права на адвакацкую дзейнасць пасля публічнай крытыкі рэжыму Лукашэнкі пад час знаходжання за мяжой у 1998 годзе і напрацягу ўсяго года. У спробе перашкодзіць дзейнасці Страмкоўскай Міністэрства Юстыцыі распачало даследванне і выдала папярэджанне створанай ёй праваабарончай няўрадавай арганізацыі. (гл. Раздзел 4).
Канстытуцыя прадугледжвае публічнасць судовых працэсаў, хаця могуць быць выключэнні ў выпадках, абумоўленых законам (напрыклад, у выпадках гвалтавання або па меркаваннях нацыянальнай бяспекі). Падабаронныя маюць законнае права прысутнічаць на пасяджэннях, дапытваць сведкаў і прадстаўляць сведчанні ад свайго імя. Аднак на практыцы гэтыя правы не заўсёды захоўваюцца. Права быць прадстаўленым адвакатам таксама не заўсёды захоўваецца на практыцы. Хаця Канстытуцыя 1996 года замацавала прэзумпцыю невінаватасці, на практыцы падабаронныя часта павінны даказваць сваю невінаватасць. Згодна з статыстыкай Беларускага Хельсінкскага Камітэту, у 1998 годзе пракуратурай было ўзбуджана 59700 крымінальных спраў. З іх толькі ў 272, ці менш за палову працэнта, падабаронныя былі апраўданы.
І падабаронныя і пракуроры маюць права падаць апеляцыю, і паводле звестак з прававых крыніцаў, у большасці крымінальных справаў падаюцца апеляцыі. Пры разглядзе апеляцыі ані падабаронныя, ані сведкі не з’яўляюцца перад судом; суд папросту разглядае пратакол і іншыя дакументы судовай справы ніжэйшай інстанцыі. Апеляцыі рэдка прыводзяць да адмены першапачатковага рашэння.
Удзельнікі антыўрадавых пратэстаў, арыштаваныя пасля дэманстрацый, падвяргаліся судовым справам накшталт канвееру, часта без права звярнуцца да адваката, або магчымасці прадставіць сведчанні, або выклікаць сведкаў.
14 студзеня былому міністру сельскай гаспадаркі Васілю Лявонаву было прысуджана 4 гады зняволення з канфіскацыяй маёмасці за буйныя растраты і хабарніцтва. Згодна з палажэннямі заканадаўства аб амністыі, Лявонаў быў вызвалены з турмы 5 кастрычніка пасля амаль 3-гадовага зняволення. Лявонаў нібыта атрымліваў у хабар мэбляю прыблізным коштам у $52 (42459 рублёў) і прадуктамі харчавання коштам $90 (73383 рублёў). Лявонаў быў арыштаваны 11 лістапада 1997 года; яго арышт быў засняты на відэстужку і паказаны па нацыянальным тэлебачанні. На відэастужцы паказана, як прадстаўнікі міліцыі дастаюць долары ЗША з пісьмовага стала Лявонава. Наступным днём, спасылаючыся на арышт Лявонава, Лукашэнка сказаў, што праваахоўчыя органы будуць «выкараняць карупцыю» не звяртаючы ўвагі на званні. Правазнаўцы і праваабаронцы зазначылі, што судовы працэс быў прасякнуты парушэннямі прававой працэдуры, уключаючы выкарыстанне ў парушэнне Крымінальнага кодэксу паказанняў, выцягнутых пад прымусам, ад якіх падабаронны пазней адмовіўся.
8 чэрвеня магілеўскія абласныя ўлады абвесцілі аб продажы маёмасці, якая належала Лявонаву і была канфіскаваная урадам пасля яго асуджэння. Дом і прылеглыя будынкі былі выстаўленыя на продаж за агульную суму ў $4500 (прыблізна 4320000 рублеў). Паводле праваабарончай арганізацыі «Хартыя `97», улады апублікавалі аб’яву аб продажы ў дзяржаўных газетах, не дачакаўшыся слухання іску, пададзенага членамі сям’і, каб заблакаваць продаж. Як паведамляецца, улады адмовіліся даць сям’і Лявонава магчымасць выкупіць гэтую маёмасць.
17 сакавіка мінскі суд прыгаварыў дэпутата Вярхоўнага Савета 13 склікання Андрэя Клімава да 6 гадоў зняволення па сфабрыкаваных абвінавачваннях у злачынствах, нібыта звязаных з выкарыстаннем службовай пасады, і буйных растратах, выкліканых выкананнем будаўнічай фірмай, якой ён кіраваў, дзяржаўных кантрактаў. Клімаў, судовы працэс над якім распачаўся ў ліпені 1999, знаходзіўся ў перадсудовым зняволенні з лютага 1998 года (гл. Раздзел 1.с.). Міжнародныя і мясцовыя праваабарончыя аглядальнікі лічаць, што гэты судовы працэс і прыгавор мелі пад сабой палітычныя матывы, прадыктаваныя жаданнем пакараць Клімава за ўдзел у кампаніі па імпічменце прэзідэнта Лукашэнкі у 1996 годзе. 22 жніўня апеляцыя Клімава была адхілена іншым мінскім судом без тлумачэнняў. Праваабаронцы лічаць, што апеляцыйны суд, адхіліўшы апеляцыю, не звярнуў увагі на шматлікія працэдурныя парушэнні.
19 мая паказальны палітычны працэс над апазіцыйным лідэрам і былым прэм’ер-міністрам Міхаілам Чыгіром скончыўся яго асуджэннем за злоўжыванне ўладай на пасадзе прэм’ер-міністра ў сувязі з прадастаўленнем адтэрміноўкі па выплаце мытных пошлін пэўнай кампаніі. Суд прыгаварыў Чыгіра да турэмнага зняволення тэрмінам на 3 гады з адтэрміноўкай выканання прыгавору на 2 гады. Суд таксама абавязаў яго выплаціць $220000 у якасці кампенсацыі стратаў. АБСЕ і іншыя абарончыя аглядальнікі адзначылі, што судовы працэс вызначаўся парушэннямі прававой працэдуры і меў на мэце перашкодзіць Чыгіру выступіць канкурэнтам ураду на запланаваных на 2001 год прэзідэнцкіх выбарах. Чыгір быў арыштаваны 30 сакавіка 1999 года як раз перад публічнай цырымоніяй па рэгістрацыі яго ўдзелу ў арганізаванай апазіцыяй прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, накіраванай на прыцягненне ўвагі да надыходзячага сканчэння адведзенага законам 5-гадовага тэрміну знаходжання Лукашэнкі на пасадзе. Арышту папярэднічалі некалькі пагрозаў на адрас Чыгіра з боку супрацоўнікаў дзяржаўных праваахоўчых органаў, каб той спыніў сваю палітычную дзейнасць. Нягледзячы на пратэсты АБСЕ і шэрагу замежных урадаў, Чыгір заставаўся ў перадсудовым зняволенні з 30 сакавіка да 30 лістапада 1999 года.
30 мая, выступаючы на сходзе ўдзельнікаў арганізаванага дзяржаваю «грамадска-палітычнага дыялогу», Лукашэнка сказаў, што прыгавор Чыгіру быў мяккім. Звяртаючыся да кіраўніка КНГ АБСЕ, Лукашэнка сказаў: «Па вашых указаннях, калі хочаце, у выніку вашага ціску, хаця я гэтага не вітаў, вашаму кліенту (Чыгіру) шмат што даравалі… Калі б не АБСЕ, Чыгір быў бы вымушаны спачатку правесці як мінімум 5 гадоў у камеры, а затым дзе-небудзь у турме». Каментарыi Лукашэнкі былі шырока асуджаны мясцовымі праваабаронцамі як далейшае сведчанне таго, што суд над Чыгіром меў палітычныя матывы з прычыны яго апазіцыі рэжыму Лукашэнкі. 18 жніўня Вярхоўны Суд пасля апеляцый з боку Чыгіра і яго даверанай асобы, вярнуў справу ў гарадскі суд для далейшага даследвання. У сваей апеляцыі адвакат Чыгіра Юлія Чыгір адзначыла шматлікія працэдурныя памылкі, уключаючы незаконнае абмежаванне часу, з якім сутыкнулася абарона пры спробе пазнаёміцца з пратаколам суда ніжэйшай інстанцыі. 5 снежня Вярхоўны Суд скасаваў прыгавор супраць Чыгіра і вярнуў справу ў пракуратуру для далейшага даследвання. Судовая калегія пастанавіла, што следчыя і суддзі ў папярэднім судовым разглядзе не даследавалі цалкам усе факты справы. На прыканцы года дата правядзення судовага слухання справы не была вызначана.
19 чэрвеня Мікалай Статкевіч, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, і дэпутат Вярхоўнага Савета 13 склікання Валерый Шчукін былі абвінавачаны ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, парушаючых спакой грамадзян, і былі асуджаны на 2 гады і 18 месяцаў зняволення з адтэрміноўкай прыгавору адпаведна. Статкевіч і Шчукін былі арыштаваныя адразу пасля маршу свабоды 17 кастрычніка 1999 года, які выліўся ў сутычкі паміж удзельнікамі пратэсту і АМАП. Статкевіч быў таксама абвінавачаны ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, парушаючых спакой грамадзян, за несанкцыянаваную дэманстрацыю, што мела месца 27 чэрвеня 1999 года. Судовы працэс, які пачаўся 24 красавіка, быў пазначаны парушэннямі судовай працэдуры. У многіх выпадках сведкі былі не здольныя адрознiць Статкевіча ад Шчукіна і, па ўсёй верагоднасці, былі падрыхтаваныя. Большасць аглядальнікаў па пытаннях абароны правоў чалавека палічылі, што гэта судовая справа мела палітычныя матывы. 25 жніўня Вярхоўны Суд, спасылаючыся на працэдурныя і следчыя памылкі, прыняў апеляцыю, пададзеную Статкевічам і Шчукіным, скасаваў іх прыгаворы і вярнуў справу ў Мінскі гарадскі суд для даследвання і правядзення новага судовага працэсу.
12 ліпеня 1999 года Уладзімір Раўкоў, намеснік рэктара Гомельскага медыцынскага інстытуту, быў арыштаваны разам з 17 іншымi супрацоўнікамi інстытута па абвінавачваннях у карупцыі. З 18 арыштаваных толькі Раўкоў заставаўся ў зняволенні да канца года, на той момант да яго справы чарга яшчэ не дайшла. Следчыя адмовілі жонцы Раўкова, Наталлі Раўковай, абараняць яго ў судзе. Турэмныя адміністратары, па звестках, адмовілі Раўкову ў адэкватным медыцынскім абслугоўванні. Праваабарончыя наглядальнікі засведчылі, што гэтая справа мае палітычныя матывы па прычыне папярэдняй крытыкі Гомельскім медыцынскім інстытутам неналежнай увагi з боку ўраду да праблем, звязаных з Чарнобылем.
20 кастрычніка Юлія Чыгір, жонка Міхаіла Чыгіра, была прызнаная вінаватай у супраціўленні афіцэру міліцыі і атрымала 2 гады зняволення з адтэрміноўкай выканання прыгавору. 19 мая Юлія Чыгір нанесла ўдар у вуха афіцэру міліцыі, калі той сілаю спрабаваў заблакаваць уваход яе з паплечнікамі ў будынак Мінскага гарадскога суда ў дзень вынясення Чыгіру прыгавора. АБСЕ і праваабаронцы сцвярджаюць, што судовая пастанова супярэчыла паказанням сведкаў у сувязі з падзеямі 19 мая і што гэтая пастанова мела палітычныя матывы.
Хаця ўлады дазволілі прадстаўнікам КНГ АБСЕ наведаць дэпутатаў Вярхоўнага Савета Клімава і Кудзінава, і былога міністра сельскай гаспадаркі Лявонава, улады адмовіліся даць дазвол на наведванне тых самых зняволеных іншым замежным дыпламатычным і праваабарончым аглядальнікам (гл. Раздзел 1.d.). 5 ліпеня Генеральная пракуратура адмовіла КНГ АБСЕ у дазволе на наведванне Уладзіміра Раўкова, зняволенага намесніка рэктара Гомельскага медыцынскага інстытута, чый арышт, як выглядае, мае палітычныя матывы, і здароўе якога ў нездавальняючым стане.
f. Свавольнага ўмяшання ў прыватнае жыццё, сям’ю, дом або карэспандэнцыю.
Канстытуцыя прадугледжвае абарону ад незаконнага ўмяшання ў асабістае жыцце грамадзяніна, у тым ліку ўварванне ў прыватныя, тэлефонныя і іншыя зносіны; аднак на практыцы Урад не захоўвае гэтых правоў. Хаця недатыкальнасць жылля таксама прадугледжана Канстытуцыяй, у якой засведчана, што «ніхто не мае права ўвайсці без законнай прычыны ў жылое памяшканне і іншую нерухомасць грамадзяніна супраць яго волі», на практыцы нагляд ураду за жыллём, тэлефонамі і кампьютэрамі па-ранейшаму не змяншаецца. Існуе агульнае меркаванне, што КДБ уваходзіць у дамы без дазволу, праводзіць несанкцыянаваныя вобыскі і чытае пошту. Палітычныя, праваабарончыя і іншыя няўрадавыя арганізацыі сцвярджаюць, што за іх размовамі і карэспандэнцыяй звычайна сочаць службы бяспекі. Некаторыя апазіцыйныя дзеячы выказваюць сваё нежаданне адносна наведвання некаторых замежных пасольстваў з прычыны апасення рэпрэсій.
Амаль усе апазіцыйныя палітычныя дзеячы дапускаюць, што ўлады сочаць за іх дзейнасцю і размовамі. Рэжым Лукашэнкі нічога не робіць, каб абвергнуць гэтыя дапушчэнні. Міліцыянеры, якія стаяць на пасту каля дыпламатычных місій, вядуць улік візітаў палітычных апазіцыйных лідэраў. У дадатак, нават прадстаўнікі гэтага рэжыму не з’яўляюцца выключэннем для нагляду.
У чэрвені старшыня Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі Анатоль Лябедзька, адкрыты апанент рэжыму Лукашэнкі, адшукаў прыстасаванне для падслухоўвання, далучанае да тэлефону ў яго кватэры. Незалежныя аналітыкі лічаць, што гэтае прыстасаванне было зроблена і ўсталявана ў кватэры службамі бяспекі.
Органы бяспекі рэгулярна рабілі рэйды і абшуквалі кватэры апазіцыйных палітыкаў, часта без ордэра. Напрыклад, 19 красавіка, прадстаўнікі міліцыі і КДБ правялі незаконны вобыск у кватэры Галіны Юрынай, актывіста апазіцыі, канфіскавалі ўлёткі да маючай адбыцца арганізаванай апазіцыяй дэманстрацыі, а таксама асабістыя рэчы, і затрымалі Юрыну на некалькі гадзін. 23 жніўня, Юрына была спынена супрацоўнікамі бяспекі, і ўлёткі ў падтрымку байкота парламенцкіх выбараў былі адабраныя з яе аўтамабіля без ордэра.
Сілы бяспекі спрабавалі завербаваць Іллю Лемяшэўскага, сына былога кіраўніка групы дарадчыкаў Савета Міністраў, каб шпіёніць за сваім бацькам. 21 чэрвеня пасля адмовы ад такой прапановы чалавек у масцы стрэліў Іллі ў грудзі (гл. Раздзел 1.с.).
31 ліпеня 75-гадовы Васіль Старавойтаў, былы дырэктар агра-прамысловага прадпрыемства «Рассвет» звярнуўся ў міліцыю, каб узбудзіць крымінальную справу супраць дзвюх асоб, якія 28 ліпеня спрабавалі ўвайсці ў яго дом і пагражалі яму. Старавойтаў быў вызвалены з папраўча-працоўнага лагеру ў лістападзе 1999 года пасля двухгадовага зняволення за злоўжыванне дзяржаўнымі крэдытамі. Абаронцы правоў чалавека ў краіне лічаць, што Старавойтаў быў арыштаваны, каб адцягнуць увагу ад небагатага ўраджаю пры шырокамаштабным субсідаванні дзяржаўных гаспадарак. Як паведамляецца, гэтыя дзве асобы патэлефанавалі Старавойтаву і сказалі, што хочуць перадаць пасланне ад зняволенага былога міністра сельскай гаспадаркі Лявонава (гл. Раздзел 1.е.). У хуткім часе пасля званка два мужчыны падышлі да дзвярэй дома Старавойтава і прадставіліся як следчыя міліцыі і КДБ і пагражалі ўжыць супраць Старавойтава фізічную сілу, калі той не пусціць іх у хату. Была выклікана міліцыя і ўварвальнікі былі арыштаваныя. Гэты інцыдэнт знаходзіўся ў стане расследавання на прыканцы года.
КДБ, МУС і пэўныя пагранічныя аддзелы маюць права карыстацца прыборамі для праслухоўвання тэлефонных размоў, але згодна з законам павінны атрымаць дазвол пракуратуры на іх устаноўку. Пракуратура не ажыццяўляе незалежнай дзейнасці, і таму палажэнне аб «адпаведным працэсе» у адносінах да праслухоўвання тэлефонных размоў губляе ўсялякі сэнс. Ахова прэзідэнта (або служба бяспекі), сфармаваная ў 1995 годзе, працягвала праводзіць нагляд за дзейнасцю палітычных апанентаў прэзідэнта. За бюджэтам і дзейнасцю аховы прэзідэнта няма ні судовага, ні заканадаўчага нагляду, і выканаўчая ўлада неаднаразова адхіляла спробы ажыццявіць падобны нагляд.
У 1999 годзе Нацыянальны Сход перагледзеў кодэкс адміністрацыйных парушэнняў, каб павялічыць адказнасць тых, хто перашкаджае рабоце служачых КДБ. Напрыклад, адзін з заканадаўчых артыкулаў забараняе перашкаджаць работнікам КДБ уваходзіць у межы валоданняў кампаніі, установы або арганізацыі, непадпарадкаванне рашэнням правесці аўдытарскую праверку або інспекцыю, а таксама неабгрунтаванае абмежаванне або адмову ад прадастаўлення інфармацыі, а таксама доступ да інфармацыйных сістэм кампаніі і баз дадзеных. Гэты перапрацаваны кодэкс застаецца ў сіле.
У 1997 годзе Міністэрства сувязі ўнесла змены ў дагаворы на тэлефоннае абслугоўванне. Новыя дагаворы забараняюць абанентам выкарыстоўваць тэлефонную сувязь насуперак дзяржаўным інтарэсам і грамадскаму парадку. Міністэрства мае права спыніць тэлефоннае абслугоўванне для тых, хто парушае гэта палажэнне.
Прэзідэнцкі ўказ № 218, выдадзены ў 1997 годзе, забараняе імпарт і экспарт друкаванай, аўдыё і візуальнай прадукцыі, якая можа «пашкодзіць» эканамічным і палітычным інтарэсам краіны (гл. Раздзел 2.а.). Гэты ўказ застаецца ў сіле.
23 лістапада 1999 года Лукашэнка падпісаў указ № 40, які дазваляе ўладам нацыяналізаваць маёмасць любой асобы, калі прэзідэнт палічыць, што гэтая асоба прычыніла фінансавыя страты дзяржаве. Паступілі звесткі, што гэты ўказ ужываўся, у праватнасці супраць бізнесмэнаў. Улады таксама выступілі з пагрозай адабраць маёмасць былой старшыні Цэнтральнага Банка Тамары Віннікавай.
Раздзел 2. Захаванне грамадзянскіх свабодаў, у тым ліку:
а. Свабоды слова і друку
Канстытуцыя прадугледжвае свабоду слова і друку, а таксама свабоду на атрыманне, захаванне і распаўсюджванне інфармацыі; аднак на практыцы рэжым абмяжоўвае гэтыя правы. Выканаўчая галіна працягвала ціск на свабоду слова. Насуперак канстытуцыйным палажэнням, указ урада 1998 года абмежаваў права грамадзян на выказванне ўласнай думкі. Хаця незалежныя сродкі масавай інфармацыі застаюцца даступнымі ў Мінску, часткаю далейшага ціску на дзейнасць апазіцыі стала актывізацыя ўладамі кампаніі наступу на сродкі масавай інфармацыі. Улады працягвалі жорсткае абмежаванне права на свабоду друку праз амаль што манапольнае валоданне сродкамі вытворчасці друкаванай прадукцыі, распаўсюджваннем на нацыянальным узроўні, сродкамі вяшчання, такімі як радыё і тэлебачанне і праз адмовы ў акрэдытацыі журналістаў, якія крытыкуюць рэжым. Улады таксама павялічылі эканамічны ціск на незалежныя сродкі масавай інфармацыі, вымушаючы рэкламадаўцаў касаваць пэўныя рэкламныя аб’явы, а таксама праз штрафы і іншыя адміністрацыйныя меры ўздзеяння. Работнікаў некаторых дзяржаўных прадпрыемстваў адгаворваюць ад падпіскі на незалежныя газеты і часопісы.
У 1996 годзе Лукашэнка падпісаў указ, згодна з якім усе галоўныя рэдактары падтрымліваемых дзяржаваю газет, павінны стаць афіцыйнымі дзяржаўнымі служачымі і членамі мясцовых уладаў адпаведнага ўзороўню. Яшчэ адзін указ даў права Міністэрству друку размяркоўваць выпускнікоў журналісцкіх навучальных устаноў, падтрымліваемых дзяржаваю, для работы ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі ў якасці кампенсацыі за вучобу. Гэтыя ўказы застаюцца ў сіле.
Прэзідэнцкі ўказ № 5, выдадзены ў 1997 годзе, забараняе шэраг відаў дзейнасці з шырокім тлумачэннем і абмяжоўвае свабоду выказванняў. Напрыклад, гэты ўказ забараняе асобам нашэнне плакатаў або сцягоў з афіцыйна незарэгістраванымі ў дзяржаве эмблемамі, а таксама з эмблемамі, сімваламі і надпісамі «змест якіх мае намерам нанесці ўрон дзяржаўнаму і грамадскаму ладу, правам і законным інтарэсам грамадзян». Гэты ўказ забараняе таксама дзейнасць, накіраваную на «знявагу годнасці і гонару адказных асобаў дзяржаўных органаў». Гэты ўказ выкарыстоўваецца для пераследу і грашовых спагнанняў з тых, хто носіць сімвалы, якія падкрэсліваюць незалежнасць краіны, такія як бел-чырвона-белы сцяг.
Закон аб паклёпе не робіць размежавання паміж прыватнымі і грамадскімі асобамі для ўзбуджэння іскаў аб паклёпе. Дзяржаўная асоба, якую крытыкуюць за дрэннае выкананне абавязкаў, можа папрасіць пракурора прад’явіць іск газеце, якая надрукавала гэтую крытыку. У чэрвені 1998 года ніжняя палата Нацыянальнага Сходу адобрыла акт, у якім агаворваецца, што публічныя абразы або дыскрэдытацыя прэзідэнта могуць быць пакараныя зняволеннем тэрмінам да 4 гадоў, 2 гадоў у працоўным лагеры або вялікім штрафам. Аднак звестак аб тым, што хто-небудзь быў арыштаваны або абвінавачаны ў падобным парушэнні, няма, і гэты акт, відавочна, быў распрацаваны галоўным чынам як сродак запалохвання. Яго палажэнні застаюцца ў сіле.
У 1997 годзе Савет Міністраў выдаў указ, які забараняе і абмяжоўвае рух пэўных тавараў праз мытныя граніцы. Гэты ўказ у прыватнасці забараняе імпарт і экспарт друкаваных, аўдыё і відэа матэрыялаў, або іншых сродкаў інфармацыі «якія могуць пашкодзіць эканамічным і палітычным інтарэсам краіны». Некаторыя выданні, звязаныя з апазіцыяй, якія выдаваліся за межамі краіны, аказаліся мішэнню для гэтага ўказу. Хаця ў папярэднія гады назіраўся шэраг выпадкаў, калі работнікі мытні канфіскавалі апазіцыйныя матэрыялы на межах краіны, у апошні час звесткі пра падобныя інцыдэнты не паступалі.
У студзені 1998 года ўвайшлі ў сілу больш жорсткія рэгулюючыя палажэнні, у выніку увядзення дапаўненняў у Закон аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі, прынятыя Саветам Рэспублікі ў снежні 1997 года. Новыя рэгулюючыя палажэнні надаюць большую свабоду дзеянняў уладам па забароне і цэнзуры крытычных матэрыялаў. Напрыклад, Дзяржаўны камітэт па друку атрымаў права спыняць тэрмінам на тры месяцы публікаванне перыядычных выданняў або газет без пастановы суда.
17 снежня 1999 года Лукашэнка падпісаў новыя дапаўненні да закону «Аб друку і іншых сродках інфармацыі». Дапаўненні забараняюць сродкам масавай інфармацыі распаўсюджанне інфармацыі ад імя палітычных партый, прафсаюзаў і няўрадавых арганізацый, якія не зарэгістраваны ў Міністэрстве Юстыцыі.
7 красавіка ўвайшоў у сілу новы прэзідэнцкі ўказ аб «Выкарыстанні юрыдычнымі асобамі назвы Рэспубліка Беларусь». Гэты ўказ дазваляе выкарыстанне юрыдычным асобам назвы краіны ў назве сваёй кампаніі толькі пасля спецыяльнага дазволу Прэзідэнта. Згодна з гэтым указам і па меркаваннях незалежных правазнаўцаў, незалежны друк пазбаўлены права выкарыстоўваць назву краіны ў назве сваіх выданняў.
Незалежныя газеты шырока даступныя ў Мінску, але па-за межамі сталіцы ў большасці гарадоў маюцца толькі мясцовыя газеты, лічаныя з якіх з’яўляюцца незалежнымі. 20 студзеня ўлады прымусілі аршанскі Цэнтр Філона Кміты спыніць выданне штодзённай газеты «Куцейна», пасля таго, як гэтай газеце было адмоўлена ў афіцыйнай рэгістрацыі. «Куцейна» была вядомай сваімі крытычнымі рэпартажамі аб урадзе. Нягледзячы на шматлікія звароты замежных і мясцовых праваабарончых аглядальнікаў, газета не была зарэгістравана і не ўзнавіла сваей дзейнасці.
У лютым галоўныя рэдактары шасці буйнейшых незалежных газет краіны даслалі адкрыты ліст прэм’ер-міністру Уладзіміру Ярмошыну, патрабуючы пакласці канец дыскрымінацыйным мерам, якія дзяржава ўжывае супраць іх. У лісце адзначаецца, што дзяржаўная паштовая служба нядаўна ўзняла стаўкі па распаўсюджванні для незалежных газет на 400-600 працэнтаў, у той час як дзяржаўныя выданні атрымалі скідкі па распаўсюджванні. У ім таксама сцвярджалася, што павелічэнне ставак падрывае свабоду друку.
24 красавіка Гродзенскі Гарадскі Выканаўчы Камітэт адмовіў у рэгістрацыі незалежнай газеце «Рэпарцёр», якая часта выступала з крытыкай уладаў, на той падставе, што выдаўцы не змаглі даказаць законнасць карыстання офіснымі плошчамі. Пазней, гарадскім выканаўчым камітэтам без далейшых тлумчэнняў была таксама адхілена другая заяўка на рэгістрацыю. 25 жніўня паступілі звесткі, што гарадская выканаўчая ўлада ў трэці раз адмовіла ў рэгістрацыі. У рэзалюцыі аб адмове ў рэгістрацыі гарадская выканаўчая ўлада спаслалася на «лішак газет у Гродне і непатрэбу мець яшчэ адну».
11 мая Вярхоўны Эманамічны Суд Беларусі адхіліў апеляцыю незалежнай газеты «Наша Ніва» аб неабгрунтаванасці папярэджання, вынесенага Дзяржаўным камітэтам па друку ў сакавіку. Газета была папярэджана за публікацыю ліста чытача, у якім, як зазначыў камітэт, выказвалася «нецярпенне да рускіх» у парушэнне артыкула 5 Закона аб сродках інфармацыі, які забараняе выкарыстанне сродкаў інфармацыі для распальвання этнічнай варожасці. Ліст, які называўся «Я зайздрошчу Чачні», крытыкаваў расійскую бязлітаснасць у Чачні і выступаў у абарону беларускай мовы і культуры. 15 мая «Наша Ніва» была папярэджана ў другі раз за публікацыю артыкула пад назваю «Зараза фашызму: Лукашэнка капіруе Гітлера», напісаную Сямёнам Шарэцкім, старшынёй Вярхоўнага Савета 13 склікання, які ў бягучы час знаходзіцца ў Літве ва ўскладзенай самім на сябе ссылцы. Папярэджанне, па звестках, было выдадзена згодна з артыкулам 5 Закона аб сродках інфармацыі за «недапушчальнасць злоўжывання свабодай масавай інфармацыі». Артыкул 16 Закона аб сродках інфармацыі сцвярджае, што газета можа быць закрытая пасля атрымання больш чым аднаго папярэджання на працягу года.
29 мая дзве незалежныя крытычна пастаўленыя да ўраду газеты «Народная воля» і «Беларуская дзелавая газета» (БДГ) атрымалі папярэджванні за «злоўжыванні свабодай масавай інфармацыі» згодна з артыкулам 5 Закона аб сродках інфармацыі. БДГ была папярэджана за публікацыю 22 лютага артыкула Сямена Букчына «Малітва ў канцэнтрацыйным лагеры Біркенау». Дзяржаўны камітэт па друку сцвярджаў, што гэты артыкул «стварае напружанасць у польска-яўрэйскіх» адносінах. У другім папярэджанні ў адрас БДГ за публікацыю адказу на артыкул Букчына, цвердзілася, што ён «зневажае грамадзян Расійскай Федэрацыі».
«Народная воля» атрымала папярэджанне за артыкул Івана Макаловіча, у якім было змешчана пытанне «Ці трэба нам прасіць НАТО аб дапамозе?». Другое папярэджанне было зроблена за публікацыю артыкула Сяргея Папкова, намесніка старшыні кансерватыўнай Хрысціянскай партыі беларускага народнага фронту (КХП). Паводле Дзяржаўнага камітэту па друку КХП не была зарэгістравана ў Міністэрстве Юстыцыі, і таму артыкул не павінен быў з’явіцца ў друку.
2 чэрвеня магілёўская незалежная газета «Дэ факто» атрымала папярэджанне ад Дзяржаўнага камітэта па друку за публікацыю таго самага артыкула Сямёна Шарэцкага пад назваю «Зараза фашызму: Лукашэнка капіруе Гітлера», за які ў маі была папярэджана газета «Наша Ніва». Паводле Дзяржаўнага камітэта па друку артыкул Шарэцкага «распальвае этнічную нянавісць».
5 верасня ўлады забаранілі першы нацыянальны фестываль недзяржаўнай прэсы, запланаваны на 8 і 9 верасня ў Віцебску. Рашэнню ўладаў не было дадзена ніякага вытлумачэння, і арганізатары фестывалю перанеслі яго правядзенне на канец верасня ў іншы горад. Беларуская асацыяцыя журналістаў заявіла, што гэтая забарона з'яўляецца часткай урадавых намаганняў па чыненні перашкодаў у рабоце незалежнага друку.
13 верасня меў месца рэйд у выдавецкі дом «Мэджык», і яго ўладальнік і прэзідэнт Юрый Будзько быў абвінавачаны ў «прапагандзе байкоту выбараў». Выдавецкі дом «Мэджык» з’яўляецца друкарняй для вядучых недзяржаўных газет краіны. Пад час рэйду былі канфіскаваныя асобнікі незалежнай газеты «Рабочы», а яе рэдактар, Віктар Івашкевіч, быў арыштаваны. 11 кастрычніка банкаўскія рахункі «Мэджык» былі замарожаныя перад падатковай інспекцыяй. У верасні паліцыя забрала 100000 асобнікаў спецыяльнага выдання газеты Беларускага Свабоднага Прафсаюза «Рабочы» і арыштавала галоўнага рэдактара газеты Віктара Івашкевіча, юрыста газеты Дзмітрыя Касцюкевіча і Юрыя Будзько, уладальніка выдавецкага дома «Мэджык», дзе друкавалася газета. Газета заклікала выбаршчыкаў байкатаваць кастрычніцкія выбары ў Нацыянальны Сход. Івашкевіч і Касцюкевіч былі абвінавачаныя, а пазней асуджаныя і аштрафаваныя згодна з артыкулам 167 Адміністрацыйнага Кодэксу за публічныя заклікі да байкоту выбараў. Абвінавачванні ў адрас Будзько былі адхіленыя асобным судом.
16 кастрычніка падатковыя органы зрабілі рэйд у офісныя памяшканні «Мэджык» і захапілі друкарскае абсталяванне кампаніі. У сувязі з даследваннем і захопам, банкаўскія рахункі кампаніі былі замарожаны 11 кастрычніка. Абсталяванне было першапачаткова перададзена кампаніі «Мэджык» у лізінг Беларускім Фондам Сораса (БФС), а пазней інстытутам адкрытага грамадства, які атрымаў права ўласнасці на гэтае абсталяванне, калі БФС спыніў сваю дзейнасць у 1997 годзе. Падатковыя ўлады захапілі абсталяванне, каб пакрыць штрафы БФС за падатковыя парушэнні, якія нібыта былі здзейсненыя. 18 снежня Беларускі Вярхоўны Эканамічны Суд падтрымаў захоп абсталявання. Большасць незалежных праваабаронцаў лічыць, што ўлады выбарачна прымяняюць закон у гэтым выпадку, каб перашкодзіць друкаванню і распаўсюджванню незалежных сродкаў інфармацыі, крытычна пастаўленых да існуючых уладаў. Улады нярэдка пазбаўлялi незалежных журналiстаў магчымасці асвятляць падзеі або арыштоўвалi iх ў ходзе такога асвятлення.
1 сакавіка служба бяспекі прэзідэнта затрымала трох журналістаў, якія асвятлялі несанкцыянаваную апазіцыйную дэманстрацыю каля рэзідэнцыі Лукашэнкі. Тры журналісты--рэпарцёры з «Радыё Свабода» і незалежнага беларускага інфармацыйнага агенцтва «Белапан», а таксама фатограф ад агенцтва «Рэйтар»--былі затрыманыя на некалькі гадзін і пазней адпушчаныя.
16 сакавіка шэсць журналістаў з сатырычнага часопіса «Навінкі» былі затрыманыя пераапранутымi ў цывiльнае мiлiцыянтамi пасля ўдзелу ў Маршы Свабоды II у Мінску (гл. Раздзел 2.b.). Журналісты ўтрымліваліся некалькі гадзін без тлумачэнняў і былі вызваленыя наступным ранкам.
25 сакавіка пад час жорсткага разгону арганізаванага апазіцыяй мітынгу ў памяць 82-iх угодак Беларускай Народнай Рэспублікі было збіта і затрымана 35 замежных і мясцовых незалежных журналістаў. Журналісты паведамілі, што ім не далі тлумачэнняў наконт таго, чаму іх затрымліваюць, а ў некаторых выпадках мiлiцыя ўжывала жорсткую сілу пры арышце. Па словах журналістаў, іх абшукалі, канфіскавалі абсталяванне і засвяцілі фотастужкі. Журналісты былі вызваленыя пазней у той самы дзень.
28 красавіка Ягор Маёрчык, пазаштатны рэпарцер «Радыё Свабодная Еўропа»/«Радыё Свабода» (РСЕ/РС) быў выкліканы ў ваенкамат, дзе, па яго словах, прадстаўнікі КДБ на працягу 90 хвілін дапытвалі яго. Прадстаўнікі КДБ пагражалі, што калі Маёрчык не стане супрацоўнічаць з КДБ «з ім здарыцца тое самае, што з Бабіцкім». Службоўцы КДБ мелі на ўвазе журналіста РСЕ/РС Андрэя Бабіцкага, які быў арыштаваны расійскімі ўладамі ў Чачні за асвятленне ваенных дзеянняў i пратрыманы 40 дзён з інкрымінаваннем сфабрыкаваных абвінавачванняў у дзяржаўнай здрадзе.
1 мая два незалежныя журналісты былі арыштаваныя пад час асвятлення апазіцыйнай дэманстрацыі ў Магілёве. Ігар Ірхо, журналіст газеты «Дэ факто», быў фізічна абражаны паліцыяй, а яго камера была пашкоджаная. Ён і Аляксандр Александровіч, рэпарцёр «Беларускай дзелавой газеты», утрымлiвалiся мясцовай міліцыяй на працягу некалькіх гадзін i потым былi адпушчаныя.
2 мая пяцёра журналістаў газеты «Рэпарцёр» сышліся на плошчы Леніна ў Гродне ў знак пратэсту супраць адмовы гарадской адміністрацыі зарэгістраваць іх газету. Праз некалькі хвілін пасля пачатку сходу на плошчы журналісты былі арыштаваныя мясцовай мiлiцыяй і затрыманыя на некалькі гадзін.
20 кастрычніка падатковыя ўлады пачалi расследаванне рахункаў незалежнай газеты «Дэ факто». 20 лістапада газета «Дэ факто» была аштрафаваная на 2 мільёны рублеў ($1770), як сцвярджалася, за невыплату падаткаў і штрафаў. 25 кастрычніка Дзяржаўны камітэт па друку выдаў папярэджанне Згуртаванню беларускай мовы за артыкул, які з’явіўся на старонках яго газеты «Наша слова» i якi быў напісаны незарэгістраванай арганізацыяй – Гродзенскай асацыяцыяй дэмакратычных ветэранаў вайны і працы. 21 лістапада Дзяржаўны камітэт па друку выдаў чацвертае папярэджанне незалежнай газеце «Пагоня», заснаванай у Гродне, за апублікаванне заяўлення незарэгістраванай арганізацыі «Гродзенская ініцыятыва», якая аб’ядноўвае мясцовыя апазіцыйныя арганізацыi. Пасля двух папярэджанняў можа распачацца прававая працэдура па закрыцці газеты. Акрамя таго, згодна з Aдміністрацыйным кодэксам выданне матэрыялаў ад імя незарэгістраваных арганізацый караецца штрафам і, пры паўторным парушэнні, 15-дзённым зняволеннем. 15 лістапада былі заблакаваныя банкаўскія рахункі «Новай газеты» у горадзе Смаргонь. Праваабаронцы зазначылі, што гэтыя інцыдэнты былi часткай шырокамаштабнай урадавай кампаніі па абмежаванні дзейнасці незалежнай прэсы.
12 снежня мiлiцыя ў Асіповічах учыніла рэйд на кватэру, дзе Мікалай Тамашоў, выдавец незалежнай газеты «Панарама» і журналіст Ігар Сімбіраў працавалі над наступным выпускам газеты. Сімбіраў быў збіты паліцыяй, быў праведзены вобыск, адабраны дакументы і кампьютэр. Затым Сімбірава і Тамашова завезлі ў пракуратуру, дзе іх абвінавацілі ў паклёпе на ўрадавых афіцыйных асоб.
Да закрыцця ў 1996 годзе дзяржаўнымі ўладамі «Радыё 101.2» яно заставалася адзінай незалежнай беларускамоўнай станцыяй у краіне. Беларускі патрыятычны саюз моладзі, субсідаваная дзяржаваю прэзідэнцкая маладзёжная арганізацыя, атрымаў права ўзяць пад свой кантроль «Радыё 101.2». Незалежная беларускамоўная пазамежная радыёстанцыя, «Радыё Рацыя», размешчаная ў Польшчы, пачала вяшчанне ў тым самым годзе. Аднак у красавіку спецыяльная камісія Міністэрства замежных спраў па акрэдытацыі замежных журналістаў адмовіла ў рэгістрацыі чатыром з журналістаў радыёстанцыі з лiку пастаянна працуючых ў Беларусі.
Падкантрольнае дзяржаве Беларускае тэлебачанне і радыё (БТР) захавала сваю манаполію адзінай агульнанацыянальнай тэлевізійнай станцыі. Яе праграмы пазначаныя рэгулярнымі рэпартажамі з прадузятым асвятленнем падзей на карысць існуючых уладаў, рэзкай крытыкай апазіцыйных палітыкаў i адсутнасцю процілеглых меркаванняў. У некаторых раёнах дзейнічалі мясцовыя незалежныя тэлевізійныя станцыі, якія параўнальна не мелі перашкодаў у асвятленні мясцовых навін. Аднак большасць гэтых станцый засведчылі, што iх вымушаюць устрымлiвацца ад асвятлення агульнанацыянальных пытанняў i што яны падвяргаюцца цэнзуры.
10 сакавіка Яраслаў Беклямішаў, дырэктар і вядучы ток-шоў «Крок-2» на БТР, быў звольнены з гэтай пасады пасля таго, як запрасіў апанентаў урада да ўдзелу ў сваёй праграме. Адным з гасцей гэтай праграмы стаў Юры Хашчавацкі, рэжысёр дакументальнай стужкі пра Лукашэнку пад назваю «Звычайны прэзідэнт». Афіцыйнай прычынай звальнення Беклямiшава стала «недапушчальнае парушэнне правілаў выпуску праграмы ў эфір і адыход ад мікрафонных матэрыялаў». Беклямішаў звярнуўся з iскам супраць БТР за незаконнае звальненне, і 14 чэрвеня БТР згадзілася на пазасудовае ўрэгуляванне справы.
У сакавіку 1998 года прэзідэнцкая адміністрацыя выдала ўнутраную дырэктыву з назваю «Ва ўмацаванне контрмер супраць артыкулаў у апазіцыйным друку». Дырэктыва, якая застаецца ў сіле, у прыватнасці, утрымлiвае спіс з дзесяцi незалежных выданняў, якіх тычацца яе палажэнні. У ёй таксама забараняецца афіцыйным асобам каменціраваць або распаўсюджваць дакументы сярод недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Дырэктыва
таксама забараняе дзяржаўным прадпрыемствам даваць сваю рэкламу ў недзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі. Хаця гэтая дырэктыва непасрэдна не абмяжоўвае незалежныя сродкі масавай інфармацыі і не парушае права грамадзян на атрыманне інфармацыі, яна абмяжоўвае выказванні дзяржаўных асобаў у незалежных сродках масавай інфармацыі і надае яшчэ большую перавагу дзяржаўнай прэсе.
У ліпені Дзмітры Завадскі, аператар расійскага тэлеканала ОРТ, знік у Мінскім нацыянальным аэрапорце пад час чакання Паўла Шарамета, яшчэ аднаго журналіста ОРТ, які павінен быў прыляцець з Масквы. Калі Шарамет прыбыў у аэрапорт, Завадскага там не было, але яго аўтамабіль быў знойдзены замкненым на парковачнай пляцоўцы аэрапорта. У 1997 годзе Завадскі і Шарамет былі арыштаваныя беларускімі ўладамі за незаконны пераход беларуска-літоўскай граніцы пад час работы над крытычным дакументальным фільмам пра рэжым Лукашэнкі. У выніку палітычна афарбаванага судовага працэсу Шарамет і Завадскі атрымалі адпаведна 2 гады і 18 месяцаў зняволення з адтэрміноўкай прыгавору. Улады абвінавацілі апазіцыю ў арганізацыі знікнення Завадскага, назвалі гэта правакацыяй і пазней пагражалі Шарамету магчымымі абвінавачваннямі ў паклёпе за інтэрв’ю, апублікаванае у незалежным друку, у якім Шарамет абвінаваціў у знікненні Завадскага Лукашэнку і беларускія спецслужбы. Было распачатае крымінальнае даследаванне знікнення, але зрухаў да канца года ніякіх не было (гл. Раздзел 1.b.).
Указам Савета Міністраў 1997 года была адмененая акрэдытацыя ўсіх карэспандэнтаў і было патрабавана, каб усе карэспандэнты замежных сродкаў масавай інфармацыі падалі заяву на акрэдытацыю ў Міністэрства Замежных Спраў; у форме заяўкі на акрэдытацыю патрабаваліся біяграфічныя звесткі i інфармацыя аб журналісцкай дзейнасці заяўшчыка. Ад журналістаў, якія былі жыхарамі Беларусі, патрабавалася рэгістрацыя ў падатковых службах. Міністэрства замежных спраў выкарыстала сваю ўладу для таго, каб адмовіць у акрэдытацыі чатыром журналістам «Радыё Рацыя», і паступілі звесткі, што іншыя журналісты, прадстаўнікі замежных сродкаў масавай інфармацыі, атрымалі ў свой адрас пагрозы аб магчымай страце акрэдытацыі за асвятленне апазіцыйнай дзейнасці.
У студзені ўлады і дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі пачалі кампанію супраць паэта і пісьменніка Васіля Быкава. Быкаў, вядучы прыхільнік палiтыкi галоснасці у 1980-х гадах і атрымальнік літаратурнай прэміі, перад гэтым вярнуўся ў краіну пасля некалькіх гадоў жыцця за мяжой. Паводле Беларускага Хельсінкскага Камітэта, Быкаў з’ехаў у Германію ў выніку гэтага пераследу. 28 студзеня Упаўнаважаны АБСЕ па пытаннях свабоды друку Фрэймут Дувэ даслаў ліст міністру замежных спраў Беларусі з патрабаваннем спыніць кампанію пераследу Быкава. У сваім лісце Дувэ сказаў, што «сёння ў Беларусі мы маем спрыяльныя ўмовы для вяртання ідэалогіі, якая дамінавала ў савецкiя часы».
11 жніўня 1999 года міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без граніц» назвала беларускi ўрад ворагам Інтэрнэту. У публічнай заяве гэтай арганізацыi зазначалася, што грамадзяне не маюць свабоды бесперашкодна карыстацца Інтэрнэтам. Хаця ў краіне існуе некалькі правайдэраў Інтэрнэту, усе яны знаходзяцца пад кантролем дзяржавы. Вынікам манаполіі рэжыму Лукашэнкi на паслугі Інтэрнэту з’яўляюцца высокія цэны, нізкая якасць і абмежаванасць паслугаў, а таксама магчымасць нагляду практычна за ўсімі электроннымі адпраўленнямі. Хаця ўлады маюць поўны кантроль, яны, відавочна, не збіраюцца цалкам адрэзаць доступ, і той, хто мае такі доступ, можа скантактавацца з шырокім колам непрафільтраваных сайтаў “сусветнай павуціны”. Па выніках апытання, праведзенага незалежнай арганізацыяй у чэрвені, было выяўлена, што доступ да Інтэрнэту мае менш за тры працэнты насельніцтва.
Рэжым Лукашэнкі абмяжоўвае свабоду на адукацыю. Вострая крытычная справаздача аб правах чалавека, выдадзеная арганiзацыяй Human Rights Watch у ліпені 1999 года, дэталёва выкрывае ўрадавыя абмежаванні на акадэмічныя свабоды. У справаздачы зазначаецца, што ўлады падаўляюць даследаванні спрэчных тэм, аднавiлi цэнтралізацыю прыняцця рашэнняў па навучальных установах і праводзяць у жыццё практыку забароны палітычнай дзейнасці ў вышэйшых навучальных установах. У той самы час “сістэматычны наступ” на палітычнае іншадумства на вучэбных пляцоўках абраў мішэнню адметных студэнтаў і выкладчыкаў, якім пагражалi выключэннем з навучальнай установы, часцяком за іх пазалекцыйную палітычную дзейнасць. У справаздачы таксама сцвярджаецца, што кiраўнiцтва дзяржаўных універсітэтаў робіць вымовы і папярэджанні палітычна актыўным выкладчыкам, незалежным гісторыкам і іншым навукоўцам. У ёй зазначаецца, што работнікам універсітэтаў, якія наважваюцца парушыць статус-кво, кажуць згарнуць палітычную дзейнасць або змяніць накірунак навуковых даследаванняў. Універсітэцкая адміністрацыя знаходзіць у даследаваннях палітычна вострыя пытанні, такія як беларускі незалежніцкі рух падчас савецкай эпохі--тэма, якая разыходзiцца з дзяржаўнай палітыкай інтэграцыі з Расіяй,-- і супрацьдзейнічаюць іх распрацоўцы.
У чэрвені чатыры студэнты Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта былі не дапушчаны да выпускных экзаменаў, таму што яны адмовіліся стаць членамі Беларускага патрыятычнага саюза моладзі--пралукашэнкаўскага студэнцкага аб’яднання, якое мела непасрэднае дачыненне да гвалтоўных нападаў на апазіцыйных актывістаў у мінулым.
Рэжым Лукашэнкi працягваў пераслед студэнтаў, якiя бяруць удзел у антыўрадавай дзейнасці, такой як дэманстрацыі. Некаторыя студэнты былі выключаны з навучальных устаноў за ўдзел у дэманстрацыях. У чэрвені Беларускі дзяржаўны універсітэт спачатку адхіліў выпускную навуковую работу Паўла Севярынца, лідэра Маладога Фронту, маладзёжнай галіны Беларускага Народнага Фронту. Севярынец напісаў і абараніў сваю работу на традыцыйным варыянце беларускай мовы. Пасля запытаў з боку правааборончых груп навуковая праца Севярынца была зацверджаная.
Звыш 30 студэнтаў, выключаных за ўдзел у вулічных дэманстрацыях, атрымалі з дапамогай неўрадавых арганiзацый магчымасць працягнуць навучанне ў Чэшскай Рэспубліцы. Сяргей Марцэлеў і Мікалай Прыварнікаў былі выключаныя з факультэта міжнародных адносінаў Беларускага дзяржаўнага універсітэта за ўдзел у дэманстрацыях у 1999 годзе. Вадзім Кінапацкі таксама быў выключаны з Беларускага агратэхнічнага універсітэта за ўдзел у дэманстрацыях у канцы 1999 года.
У 1997 годзе Савет Міністраў выдаў указ, дзеянне якога пачынаецца ад 1997-1998 навучальнага года, з патрабаваннем да студэнтаў, якія атрымліваюць бясплатную вышэйшую адукацыю за кошт дзяржавы, прыняць прызначанае ўладамі працоўнае размеркаванне пасля сканчэння навучальнай установы. Хаця застаецца няясным, наколькі шырока выкарыстоўваецца дадзены ўказ, аднак паступілі звесткі, што студэнтаў медыцынскіх і выкладчыцкіх спецыяльнасцяў змушалі згадзіцца з прызначаным дзяржавай размеркаваннем па сканчэнні навучальнай установы. 11 і 12 красавіка прыблізна дваццаць студэнтаў-актывістаў Нацыянальнага аб’яднання беларускіх студэнтаў наладзілі дэманстрацыю каля Мінскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута ў пратэст супраць размеркавання выпускнікоў у забруджаную радыяцыяй Чарнобыльскую зону.
8 верасня Міністэрства юстыцыі выдала другое папярэджанне Нацыянальнаму аб’яднанню беларускіх студэнтаў (НАБС) за выкарыстанне незарэгістраваных сімвалаў. Паводле Міністэрства, колер і памер стандартнага друкаванага бланку аб’яднання быў некарэктным. 23 сакавіка НАБС атрымаў папярэджанне за выкарыстанне слова “Менск” (ранейшы варыянт назвы Мінска) у сваіх дакументах. Два папярэджанні за год дастаткова для того, каб улады распачалі працэдуру закрыцця арганізацыі. Другое папярэджанне было ануляванае Вярхоўным эканамічным судом 22 верасня. Многія праваабаронцы лічаць, што гэтыя папярэджанні з’явіліся часткаю больш шырокай кампаніі наступу на няўрадавыя арганiзацыi (гл. Раздзел 4).
b. Свабода мірнага сходу і аб’яднання
Канстытуцыя прадугледжвае свабоду мірнага сходу, аднак рэжым Лукашэнкi жорстка абмяжоўвае гэтае права на практыцы. Арганізатары павінны мінімум за 15 дзён падаць заяву мясцовым уладам на дазвол на правядзенне дэманстрацыі, мітынгу або сустрэчы. Мясцовыя ўлады павінны даць адказ у выглядзе пэўнага рашэння не пазней чым за пяць дзён да запланаванай падзеі.
У 1997 годзе Аляксандр Лукашэнка выдаў указ № 5 часткова з мэтаю ўрэгуляваць, па яго словах, “оргіі” вулічных маніфестантаў. Гэты ўказ надалей скарачае магчымасці грамадзян праводзіць мірныя сходы, бо ён абмяжоўвае колькасць месцаў, дзе падобныя сходы могуць адбывацца, і ўводзiць права мясцовых уладаў жорстка лімітаваць колькасць удзельнікаў. Указ забараняе выкарыстанне незарэгістраваных сцягоў і сімвалаў, а таксама плакатаў з надпісамі, змест якiх пагражае дзяржаўнаму або грамадскаму ладу (гл. Раздзел 2.а.). Гэты ўказ, разам з далейшымі дапаўненнямі, прынятымі дзеючай заканадаўчай уладай, прадугледжвае жорсткія пакаранні для тых, хто парушае закон, асабліва для арганізатараў падзей. Указ дае права або на грашовыя спагнанні, або на затрыманні тэрмінам да 15 дзён, але суды звычайна прызначаюць такія высокія штрафы, што абвінавачаныя не ў стане іх заплаціць. Калі асобы не здольныя заплаціць штраф, улады пужаюць іх канфіскацыяй маёмасці. Суды караюць арганізатараў мітынгаў штрафамі, якія ў некалькі разоў перавышаюць сярэднемесячную зарплату.
Грамадскія дэманстрацыі--частая з’ява ў Мінску, але яны заўсёды знаходзяцца пад жорсткім дзяржаўным кантролем, які ажыццяўляецца, між іншым, шляхам відэазапісу ўдзельнікаў дэманстрацый з боку мiлiцыi і сіл бяспекі ў цывiльным. Дэманстрацыі мелі месца і ў іншых частках краіны, але не так часта, асабліва на ўсходзе, бліжэй да граніцы з Расіяй. Пасля заканчэння некаторых санкцыянаваных і несанкцыянаваных дэманстрацый мiлiцыя i сiлы бяспекі працягвалi праследаванне, збівалі, затрымлівалі і выцягвалі прызнанні з некаторых удзельнікаў дэманстрацый (гл. Раздзел 1.с. і 1.d.).
18 студзеня Яўген Асінскі быў асуджаны на 2 гады папраўча-працоўных работ за ўдзел у арганізаваным апазіцыяй маршы 17 кастрычніка 1999 года. Спачатку Асінскі абвінавачваўся ва ўдзеле ў групавых акцыях, якія парушаюць грамадскі спакой, за што прадугледжана пакаранне зняволеннем да двух гадоў. Пасля таго як відэасведчанні, што меліся ў распараджэнні суда, паказалі, что Асінскі не быў актыўным удзельнікам дэманстрацыі, гэтае абвінавачванне было знятае, і яму інкрымінавалі супраціўлeнне афіцэру мiлiцыi падчас выканання апошнім сваіх службовых абавязкаў.
3 лютага мiлiцыя ў Мінску арыштавала пяцерых удзельнікаў несанкцыянаванай дэманстрацыі каля расійскага пасольства ў знак пратэсту супраць жорсткiх дзеянняў Расii ў Чачні. 5 і 9 лютага былі арыштаваныя яшчэ сем удзельнікаў несанкцыянаваных дэманстрацый супраць чачэнскага канфлікту. Філіп Клікушын і Леанід Малакаў, арыштаваныя 9 лютага, паведамілі, што былі збіты мiлiцыяй.
1 сакавіка служба бяспекі прэзідэнта арыштавала трох апазіцыйных актывістаў пад час несанкцыянаванай дэманстрацыі каля рэзідэнцыі Лукашэнкi ў гадавіну арышту Віктара Ганчара (гл. Раздзел 1.b.). Як толькі актывісты сабраліся, іх разам з трыма журналістамі, якія асвятлялі гэту падзею, адразу арыштавалі (гл. Раздзел 2.а.).
14 сакавіка ў Маршы Свабоды II узяло ўдзел прыблізна 30000 дэманстрантаў. Падзея прайшла мірна нягледзячы на шматлiкую прысутнасць сiл бяспекi. Аднак у мінскіх сярэдніх і вышэйшых навучальных установах патрабавалі, каб навучэнцы прысутнічалі на вячэрніх мерапрыемстваx, тым самым спрабуючы прадухіліць iх удзел у дэманстрацыях. Пасля дэманстрацыі прэзідэнт Лукашэнка ў гутарцы з рэпарцёрамі падчас наведвання Брэста 16 сакавіка сказаў, што ў Маршы Свабоды II, які быў заяўлены як маладзёжная дэманстрацыя супраць урада, пераважалі “людзі, якія тояць злосць” на ўрад, такія як “рыначныя спекулянты”. Пасля заўваг Лукашэнкi намеснік старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта сказаў, што арганізатары парушылi абяцаннe не блакаваць дарожны рух, і забараніў усе далейшыя вулічныя дэманстрацыі ў Мінску. Хаця гэтая забарона прымянялася выбарачна, мінскія гарадскія ўлады часта адмаўлялі ў дазволе на шэсце дэманстрантаў у горадзе, акрамя як у парку на ўскрайку горада.
Паводле мясцовых праваабаронцаў, за ўдзел у маршы ў Дзень Волi 25 сакавіка было арыштавана і асуджана больш за 300 асобаў з 700 дэманстрантаў, у ліку якіх было 35 журналістаў (гл. Раздзел 1.с., 2.а. і 1.d.). Усіх затрыманых запіхвалі ў мiлiцэйскiя машыны і адвозілі ў адзiн з будынкаў, што належаў Міністэрству ўнутраных спраў у Мінску. Некаторыя затрыманыя былі незаконна абшуканыя, iм не дазвалялася звязвацца з калегамі, сям’ёй або сябрамі. Па сведчаннях, фотастужкi фатографаў ад прэсы былi канфіскаваныя і засвечаныя.
18 красавіка мясцовыя ўлады ў Барысаве забаранілі запланаваную апазіцыяй на 25 красавiка дэманстрацыю у памяць чатырнаццатай гадавіны Чарнобыльскай катастрофы. 20 красавіка Мінскі гарадскі выканаўчы савет па прыкладу Барысаўскага гарадскога савета забараніў апазіцыйным арганізацыям ладзіць дэманстрацыі або маршы, вядомыя як Чарнобыльскі Шлях, ў цэнтры Мінска 26 красавіка. 25 красавіка, за дзень да запланаванай падзеі, мінскія ўлады змянілі сваё рашэнне і адобрылі маршрут шэсця ад парку каля цэнтра горада да парку на ўскрайку горада. У маршы 26 красавіка ўзяло ўдзел звыш 30000 дэманстрантаў. Згодна з ДНГ АБСЕ, арганізатары маршу, адказныя за гукавое абсталяванне, былі затрыманыя на некалькі гадзін пасля завяршэння дэманстрацыі.
Таксама 26 красавіка невялікая група дэманстрантаў засталася ў парку пасля пачатку шэсця. Паводле ДНГ АБСЕ, у «недапушчальнай і празмернай дэманстрацыі сілы» спецыяльныя падраздзяленні міліцыі правялі «бязлітасны рэйд» на групу, пяць дэманстрантаў з якой былі прымусова з ужываннем сілы затрыманыя. Пазней дэманстрантаў адпусцілі. 27 красавіка актывіст апазіцыі Юры Кузьміцкі быў асуджаны на 5 дзён зняволення за ўдзел у дэманстрацыі па абвінавачванні ў дробным хуліганстве. Дзяніс Яроменка быў абвінавачаны ў «назаконным выкарыстанні сцягоў, эмблем, сімвалаў або плакатаў» за выкарыстанне карыкатурнай выявы Лукашэнкi. 28 красавіка Сяргею Церахаву было прысуджана 3-дзённае зняволенне за “выказванні ў адрас прэзідэнта з выкарыстаннем ненарматыўнай лексiкi” пад час дэманстрацыі.
У Магілёве 26 красавіка звыш 100 дэманстрантаў прайшлі шэсцем у несанкцыянаванай дэманстрацыі ў памяць ахвяраў Чарнобыльскай навалы. Анатоль Фёдараў, мясцовы лідэр Беларускага Народнага Фронту, быў арыштаваны і абвінавачаны ў арганізацыі несанкцыянаванай дэманстрацыі. 1 мая у Магілёве, пад час спробы наладзіць дэманстрацыю супраць афіцыйна дазволенага пралукашэнкаўскага мітынгу, што адбываўся на плошчы горада, былі арыштаваныя дзесяткі актывістаў апазіцыі і трынаццаць журналістаў. На чатырох арганізатараў дэманстрацыі пазней былі заведзеныя судовыя справы па абвінавачваннi ў арганізацыі несанкцыянаванай дэманстрацыі.
28 красавіка Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт забараніў усе вулічныя дэманстрацыі 1 мая, у Дзень працы. Свята 1 Мая заўсёды было традыцыйным днём для пра- і антыурадавых дэманстрацый. Апазіцыйная Сацыял-дэмакратычная партыя і апазіцыйная Беларуская партыя камуністаў падалі заяву на дазвол на правядзенне дэманстрацыі ў цэнтры Мінска, але атрымалі адмову. Пазней пралукашэнкаўская Камуністычная партыя Беларусі, на чале з намеснікам кіраўніка Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, атрымала дазвол на правядзенне дэманстрацыі ў цэнтры Мінска.
7 мая Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт забараніў мітынг на Плошчы Перамогі ў цэнтры Мінска, падрыхтаваны апазіцыйнай Кансерватыўнай хрысціянскай партыяй у гонар 55-ай гадавіны перамогі над нацыстамі. 10 мая мінскія гарадскія выканаўчыя ўлады забаранілі апазіцыйнай Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі правядзенне вершаваных чытанняў у парку імя Янкі Купалы ў цэнтры Мінска.
19 мая Дзмітры Марчук і Ян Грыб, два актывісты апазіцыі, былі арыштаваныя пад час пратэсту каля будынка суда, дзе ў той момант выносiўся прысуд былому прэм’ер-міністру Міхаілу Чыгіру (гл. Раздзел 1.е.). Дэманстранты, якія скандзіравалі «свабоду Чыгіру», былі абвінавачаныя ва ўжыванні непрыстойнай мовы, затрыманыя на некалькі гадзін, а пазней аштрафаваныя. 21 мая мясцовыя актывісты Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі правялі дэманстрацыю падтрымкі былога прэм’ер-міністра Чыгіра на цэнтральнай плошчы горада. Аляксандр Абрамовіч, Антон Цялежнікаў і Алеся Ясюк былі арыштаваныя мясцовай міліцыяй і абвінавачаныя ў арганізацыі несанкцыянаванай дэманстрацыі. Абрамовічу прысудзілі 15 дзён зняволення, Цялежнікаву – 10 дзён, а Ясюк выпісалі штраф у памеры 390000 рублеў ($404) (гл. Раздзел 1.d.).
30 мая актывісты апазіцыі Аляксей Балашоў і Сяргей Гарстук былі затрыманыя мiлiцыяй за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга з жалобнай чорнай стужкай на плошчы Леніна ў цэнтры Брэста ў памяць пяцiдзесяцi трох загiнуўшых у панічным руху натоўпу на мінскай станцыі метро ў 1999 годзе. Актывісты былі затрыманыя на некалькі гадзін i абвінавачаныя ў парушэнні закона аб масавых сходах і зборах.
19 чэрвеня Аляксандр Абрамовіч зноў быў пакараны 12-дзённым зняволеннем за падрыхтоўку несанкцыянаванай дэманстрацыі ў Барысаве 15 чэрвеня, пад час якой дэманстранты прывязалі сябе ланцугамі да флагштока перад будынкам гарадскіх уладаў, патрабуючы адстаўкі старшыні гарадской выканаўчай улады.
20 чэрвеня актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Раманоўскі, Галіна Ганчарык, Людміла Бажок і Аляксей Радыёнаў былі арыштаваныя за правядзенне несанкцыянаванага мітынгу каля будынка мінскіх гарадскіх уладаў у знак пратэста супраць неаднаразовай забароны з боку гарадскіх уладаў апазіцыйных дэманстрацый. Пазней Раманоўскі быў аштрафаваны на 390000 рублеў ($400) за арганізацыю мітынгу. Намеснік старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, Віктар Чыкін, засцярог гэтую тройку, што актывісты АГП павінны звяртацца па дазвол на правядзенне падобных дэманстрацый і папярэдзіў, што калі яны будуць у далейшым парушаць законы аб правядзенні сходаў, пакаранне будзе больш жорсткім.
10 ліпеня мінскія гарадскія ўлады забаранілі штогадовую каталічную працэсію ў цэнтры Мінска ў гонар Свята Цела Хрыстова. Марш, які рэгулярна прыцягваў да 5000 удзельнікаў, праводзіўся штогод, пачынаючы з 1991 года. Другі зварот арганізатараў таксама быў адхілены. Адмова ў правядзенні маршу разглядаецца многімі праваабаронцамі як частка шырокай кампаніі наступу на неправаслаўныя рэлігійныя групы (гл. Раздзел 2.с.).
18 ліпеня тром актывістам Беларускага народнага фронту быў вынесены прысуд Заслаўскага суда Мінскай вобласці і зроблена папярэджанне за “спробу арганізаваць сустрэчу з грамадскасцю” і за “парушэнне правілаў правядзення вулічных шэсцяў” 4 ліпеня. 4 ліпеня, калі актывісты спрабавалі арганізаваць несанкцыянаваны мітынг, яны былі арыштаваныя паліцыяй. 27 ліпеня актывісты Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі правялі несанкцыянаваную акцыю пратэсту перад будынкам Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта супраць усталявання фашысцкага рэжыму ў Беларусі. За арганізацыю несанкцыянаванай дэманстрацыі мясцовай паліцыяй былі арыштаваныя і пакараныя 5- і 7-дзённым зняволеннем адпаведна Кацярына Гаравая і Ігар Раманаў.
3 жніўня Аляксандр Абрамовіч і мясцовыя актывісты Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі правялі мітынг у цэнтры Барысава супраць намаганняў з боку ўладаў зацугліць нязгодных і каб паскорыць аднаўленне ўладамі забеспячэння горада гарачай вадой. Miлiцыя арыштавала Абрамовіча і яшчэ чатырох чалавек. Абрамовічу было прысуджана 15-дзённае зняволенне за арганізацыю несанкцыянаванага пратэсту. За першыя 9 месяцаў года Абрамовіч правёў звыш ста дзён у зняволенні нiбыта за парушэнне правілаў правядзення сходаў і дэманстрацый.
6 жніўня ўлады горада Бяроза Брэсцкай вобласці забаранілі мясцоваму прадстаўніцтву Беларускага народнага фронту правядзенне сустрэчы з жыхарамi горада. Улады Белаазёрска, што недалёка адтуль, таксама забаранілі аналагічную сустрэчу наступным днём.
16 верасня праваабаронцы і актывісты апазіцыі правялі ў Мінску дэманстрацыю ў сувязі з гадавінай знікнення Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Дэманстрацыя была забароненая гарадскімі ўладамі. Напрыканцы дэманстрацыі асобы ў цывiльным і мiлiцыя ва ўнiформе збілі і схапілі некалькі яе ўдзельнікаў, у тым ліку журналістаў, якія назіралі за гэтай падзеяй. Абвінавачванні супраць удзельнікаў пазней былі знятыя.
Перад парламенцкімі выбарамі 15 кастрычніка праваахоўныя ўлады забаранілі малыя і буйныя дэманстрацыі па ўсёй краіне, якія прапагандавалі байкот выбараў, арыштавалі і аштрафавалі сотні актывістаў, якія выступалі за байкот (гл. Раздзел 3).
Беларускія ўлады ўзнялі даўленне на гомасэксуалістаў. 21 лютага мінская паліцыя правяла рэйд і закрыла без тлумачэнняў дыска-клуб, вядомы як месца сустрэчы гомасэксуалістаў. 7 верасня мінскія гарадскія ўлады забаранілі парад гомасэксуалістаў «Гонар-2000» у цэнтры Мінска, запланаваны на 9 верасня. 7 верасня закрылі яшчэ адзін начны клуб, дзе адбываліся святкаванні з нагоды пачатку ўікэнду гомасэксуалістаў «Гонар-2000». У 1999 годзе Міністэрства юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі адзінай у краіне няўрадавай арганiзацыi па абароне правоў лезбіянак і гомасэксуалістаў.
Улады абвяшчаюць свабоду аб’яднанняў; аднак на практыцы гэтае права не паважаюць і жорстка абмяжоўваюць. Па словах членаў партый, якія знаходзяцца ў апазіцыі да прэзідэнта, улады часта адмаўляюць у дазволе на правядзенне сустрэч апазіцыйных груп у грамадскіх будынках. Работнікам дзяржаўных прадпрыемстваў настойліва рэкамендуецца не далучацца да незалежных прафсаюзаў (гл. Раздзел 6.а.). Улады пастаянна чыняць перашкоды членам і прыхільнікам апазіцыйных партый, канфіскуюць улёткi і выданні. Афіцыйныя ўлады папярэджваюць удзельнiкаў замежных адукацыйных праграм аб паследствах далейшай сувязі са спонсарамі гэтых праграм.
26 студзеня 1999 года Аляксандр Лукашэнка выдаў указ № 2, які патрабаваў ад усіх палітычных партый, прафсаюзаў і няўрадавых арганізацый перарэгістрацыі да 1 ліпеня. Падобныя грамадскія аб’яднанні ўжо перажылі працэс працяглай перарэгістрацыі ў 1995 годзе. Указ, які ставiў перарэгiстрацыю ў залежнасць ад пашырэння дзейнасцi i павелiчэння колькасцi членаў, відавочна, быў скарыстаны як метад палітычнага запалохвання ў час узрослай актыўнасці апазіцыі. 1 ліпеня 1999 года было абвешчана аб увядзенні палажэнняў па забароне выкарыстання прыватнымі арганізацыямі жылых памяшканняў у якасці юрыдычных адрасоў. З улікам дзяржаўнага кантролю або валодання дзяржаваю многімі офіснымі будынкамі, гэтыя палажэнні мелі ўскладняючы ўплыў на працэс перарэгістрацыі.
Пасля таго, як працэс перарэгістрацыі пачаўся, улады аб’явілі, што арганізацыі павінны будуць змяніць статуты, каб адлюстраваць у іх прызнанне Канстытуцыі 1996 года і што нельга ўжываць у назвах арганізацый словы “народны” або “нацыянальны”. 17 снежня 1999 года ў сілу ўвайшла папраўка да Закона аб грамадскіх аб’яднаннях, якая забараняла палітычным і грамадскім арганізацыям выкарыстоўваць словы “Беларусь”, “Рэспубліка Беларусь”, “нацыянальны” або “народны” у сваіх назвах. Таксама ў снежні 1999 года Лукашэнка зацвердзіў спіс паправак да Кодэксу адміністратыўных правапарушэнняў, згодна з якімі любая дзейнасць ад імя незарэгістраваных няўрадавых арганiзацый каралася штрафамі. Хаця большасць буйных палітычных партыяў і саюзаў, што падалі заяву, была дапушчаная да перарэгістрацыі, паводле Асамблеі беларускіх прадэмакратычных НУА, толькі 1268 або 57 працэнтаў ад існуючых на момант увядзення ў дзейнасць закона аб перарэгістрацыі НУА былі перарэгістраваны да лета 2000 года. Дзвесце дзвюм НУА было адмоўлена ў перарэгістрацыі Міністэрствам юстыцыі на розных падставах, а трыццаць адна арганізацыя ўсе яшчэ знаходзілася ў працэсе перарэгістрацыі напрыканцы года.
11 красавіка Гомельскі абласны суд загадаў закрыць мясцовае аб’яднанне беспрацоўных, заснаванае ў 1992 годзе наглядальнікам за правамі чалавека Яўгенам Мурашкам, з прычыны няздольнасці задаволіць патрабаванні студзеньскага ўказу 1999 года аб перарэгістрацыі НУА. 16 мая Малады фронт, маладзёжнае крыло Беларускага народнага фронту, падаў заяву на перарэгістрацыю згодна з новым заканадаўствам. 17 жніўня Міністэрства юстыцыі паведаміла Маладому фронту, што іх заява ўсе яшчэ “разглядаецца”, а пазней заява была адхіленая.
17 ліпеня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ) атрымала папярэджанне ад Міністэрства юстыцыі згодна з артыкулам 28 Закона аб грамадскіх аб’яднаннях за няправільнае выкарыстанне пячаткi арганізацыі.
19 ліпеня апазіцыйная Аб’яднаная грамадзянская партыя атрымала два пісьмовых папярэджанні ад Міністэрства Юстыцыі таксама за няправільнае выкарыстанне фірмовых бланкаў і лагатыпаў. Прычынай аднаго папярэджання стала тое, што адрас электроннай пошты быў надрукаваны занадта блізка да лагатыпу фірмовага бланка партыі. Трэцяе папярэджанне партыі было зроблена 31 ліпеня за нібыта незаконнае ўсталяванне пярвiчнай партыйнай арганiзацыi на хімічнай фабрыцы. Да верасня партыя атрымала ў цэлым пяць папярэджанняў. Хаця для Міністэрства юстыцыі дастаткова двух папярэджанняў, каб закрыць пэўную арганізацыю, гэтыя папярэджанні сталіся спробамі запалохаць апазіцыйныя палітычныя арганізацыі і перашкодзіць іх дзейнасцi, але не было зроблена ніякіх спробаў закрыць гэтыя арганізацыі ў выніку гэтых папярэджанняў.
Улады працягвалі намаганні па жорсткім абмежаванні дзейнасці НУА (гл. Раздзел 4).
с. Свабода веравызнання
Канстытуцыя прадугледжвае свабоду веравызнання, аднак улады на прaктыцы абмяжоўваюць гэтаe права. Хаця артыкул 16 Канстытуцыі 1996 года, уведзенай у выніку незаконнага рэферэндуму, пацвярджае роўнасць рэлігій і канфесій перад законам, у ім таксама змешчаныя абмежавальныя фармулёўкі, у якіх агаворваецца, што супрацоўніцтва паміж дзяржавай і рэлігійнымі арганізацыямі «рэгулюецца з улікам іх уплыву на фармаванне духоўных, культурных і народных традыцый беларускага народа».
Ад часу абрання прэзідэнтам краіны ў ліпені 1994 года Лукашэнка прытрымліваўся палітыкі спрыяння праваслаўнай царкве як галоўнай рэлігіі краіны і пераследу іншых, неправаслаўных канфесiй. Лукашэнка і ўлады заахвочваюць праваслаўную царкву ў плане набыцця большай ролі. Прэзідэнт прадастаўляе праваслаўнай царкве спецыяльныя фінансавыя льготы, якімі іншыя канфесіі не карыстаюцца, і абвяшчае задачу захавання і развіцця праваслаўнага хрысціянства “маральнай патрэбай”. 30 красавіка Лукашэнка сказаў па дзяржаўным радыё, што “ніхто не парушыць наша праваслаўе”, і паабяцаў, што дзяржава “зробіць усё для Царквы, каб яна стала апорай Дзяржавы ў будучыні”. У снежні 1999 года Лукашэнка сказаў, што адказнасць за захаванне хрысціянскіх каштоўнасцяў, за падтрыманне рэлігійнага міру ў грамадстве і за гарманічнае супрацоўніцтва паміж Дзяржавай і Царквой ляжыць на палітыках і на кіраўніку дзяржавы. Лукашэнка сказаў таксама, што Царква павінна адыгрываць больш актыўную ролю ў паглыбленні адзінства славянскіх народаў, таму што славянская інтэграцыя ёсць у інтарэсах і дзяржавы, і царквы. У 1998 годзе Лукашэнка паабяцаў аказваць дзяржаўную дапамогу праваслаўнай царкве і падкрэсліў, што праваслаўе застанецца “галоўнай рэлігіяй”.
Дзяржаўны камітэт па рэлігійных і нацыянальных справах (ДКРНС), які быў заснаваны ў 1997 годзе, класiфiкуе рэлігіі і канфесіі. Некаторыя разглядаюцца як «традыцыйныя», у тым ліку рускае праваслаўе, рымска-каталічная царква, іудаізм і іслам (які вызнаецца супольніцтвам этнічных татар, маючых свае карані ў гэтай краіне ад 11 стагоддзя); некаторыя разглядаюцца як «нетрадыцыйныя», у тым ліку пратэстанцкія і іншыя веры; а некаторыя разглядаюцца як «секты», у тым ліку ўсходнія рэлігіі і іншыя веры. Улады адмаўляюць у законнай рэгістрацыі на нацыянальным узроўні некаторым верам, якія мяркуюцца нетрадыцыйнымі, і ўсім, якія мяркуюцца сектамі. Без рэгістрацыі надзвычай цяжка арэндаваць або набыць маёмасць для правядзення рэлігійных службаў.
Улады адмаўляюць некаторым рэлігійным меншасцям у афіцыйнай рэгістрацыі і ставяцца да іх як да сектаў. У 1998 годзе Вячаслаў Савіцкі, прадстаўнік ДКРНС, заявіў, што “у краіне незаконна дзейнічаюць 11 дэструктыўных рэлігійных арганізацый, якім было адмоўлена ў рэгістрацыі пасля экспертнай праверкі”. У красавіку 1999 года на канферэнцыі, арганізаванай праваслаўнай царквой і Нацыянальным сходам, абмяркоўвалася патрэба ўвядзення заканадаўства для барацьбы з «дэструктыўнымі сектамі», якія дзейнічаюць у краіне незаконна. На працягу апошняга часу ўлады неаднаразова адхілялі звароты Беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквы (БПАЦ) па рэгістрацыю. Пасля рэйду мясцовай мiлiцыi на прыватны дом, дзе адбывалася набажэнства, Іван Спасюк, святар БПАЦ, аб’явіў 7 лістапада 1999 года галадоўку ў знак пратэсту супраць адмовы ўладаў зарэгістраваць яго парафію ў Гродзенскай вобласці. 28 лістапада 1999 года, па настаянні членаў сям’і і парафіян, Спасюк спыніў галадоўку. Мясцовыя суды пакуль што адмаўляюцца разглядаць апеляцыi з боку БПАЦ аб скасаванні рашэння рэжыму Лукашэнкі не рэгістраваць іх цэркваў. З прычыны наяўнасці праблем з рэгiстрацыяй, у тым ліку няздольнасцi зарэгістраваць семінарыю, БПАЦ не ў стане падрыхтаваць дастатковую колькасць святароў, каб задаволіць растучыя патрэбы сваіх парафіян.
Шэраг пратэстанцкіх веравызнанняў сутыкнуўся з сітуацыяй, калі ім адмаўляюць у рэгістрацыі, таму што яны не маюць юрыдычнага адрасу, і адмаўляюць у набыцці нерухомай маёмасці, якую можна было б выкарыстаць у якасці юрыдычнага адрасу, таму што яны не зарэгістраваныя. Цэрквам Поўнага Евангелля Пяцідзесятнікаў пастаянна адмаўляецца ў рэгістрацыі гэткім чынам. Артыкул 272 Грамадзянскага кодэксу сцвярджае, што нерухомая маёмасць можа выкарыстоўвацца для рэлігійных службаў толькі ў тым выпадку, калі яна выводзіцца з жылога фонду. Аднак улады адмаўляюцца афармляць падобны перавод з жылога фонду незарэгістраваным рэлігійным арганізацыям. Рэлігійныя групы, якія не могуць зарэгістравацца, часта вымушаны сустракацца нелегальна або на кватэрах асобных членаў. Некалькі харызматычных цэркваў і некалькі цэркваў пяцідзесятнікаў былі выселеныя з памяшканняў, якія яны арандавалі, таму што яны не былі зарэгістраваныя як рэлігійныя арганізацыі. Шэраг нетрадыцыйных пратэстанцкіх і іншых веравызанняў нават не рабілі спробы зарэгістравацца, таму што не вераць, што іх заявы будуць задаволеныя. Выданне рэлігійнай літаратуры для незарэгістраваных рэлігій павінна сутыкнуцца з аналагічнымі абмежаваннямі на практыцы, асабліва ў падкантрольных дзяржаве выдавецкіх дамах. Аднак звестак аб абмежаваннях на ўвоз рэлігійнай літаратуры не паступала. Ад дзяржаўных служачых не патрабуецца, каб яны рабілі пэўнае рэлігійнае прысяганне або вызнавалі пэўную рэлігію. Аднак вызнанне веры, якая знаходзіцца ў катэгорыі нетрадыцыйнай, асабліва той, што не атрымала дазволу на рэгістрацыю, можа пашкодзіць магчымаму прасоўванню па службовай лесвіцы ў чыноўніцкім апараце або ў дзяржаўным сектары.
Грамадзянам не забаронена абарачэнне ў iншую веру; аднак улады паслядоўна прытрымліваюцца ўказу Савета Міністраў ад ліпеня 1995 года, які кантралюе дзейнасць рэлігійных работнікаў у спробе абараніць праваслаўе і засцерагчыся ад росту евангелічных рэлігій. Дырэктыва Савета Міністраў ад 1997 года забараняе навучанне рэлігіі ў маладзёжных лагерах. У лютым 1999 года Савет Міністраў прыняў указ № 280, які пашырае ранейшыя распараджэнні ў гэтым плане. У гэтым указе робіцца агаворка, між іншым, што сярод замежных рэлігійных работнікаў толькі духавенства мужчынскага полу можа займацца рэлігійнай дзейнасцю пасля запрашэння афіцыйна зарэгістраванай рэлігійнай арганізацыі, -- палажэнне, якое можа быць выкарыстана для забароны ўдзелу духавенства жаночага полу, напрыклад каталічных манахіняў, у рэлігійнай дзейнасці. Аднак гэтае палаженне яшчэ не было выпрабавана ў судах.
За гэты год улады актывізавалі спробы панізіць ролю замежнага духавенства. У красавіку Савет Міністраў увёў змяненні ў свае распараджэнні, якія дазваляюць органам унутраных спраў высылаць замежнае духавенства з краіны шляхам неаднаўлення рэгістрацыі або адмовай на атрыманне дазволу на часовы побыт. Згодна з новымі распараджэннямі гэтыя ўлады маюць права прымаць рашэнні па высланні з краіны па ўласнай ініцыятыве або кіруючыся рэкамендацыямі саветаў па рэлігійных справах, абласных выканаўчых камітэтаў або аддзела рэлігійных спраў Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта. Звароты ў судовыя інстанцыі не прадугледжаныя.
У рамках кампанii па змяншэнні ўплыву замежнага духавенства два прадстаўнікі праваахоўных органаў 18 сакавіка ўвайшлі ў будынак рымска-каталічнай царквы Усхвалення Святога Крыжа ў Брэсце пад час царкоўнай службы, арыштавалі каталічнага святара Збігнева Кароляка, грамадзяніна Польшчы, за парушэнне візавага рэжыму і абвінавацілі яго ў тым, што яго рэлігійная дзейнасць з’яўляецца “нелегальнай”. Прадстаўнікі абласных уладаў да гэтага публічна крытыкавалі Кароляка за яго “падрыўныя погляды”. У дадатак суд у Брэсце зрабіў папярэджанні чатыром прыхільнікам Кароляка за арганізацыю недазволенай дэманстрацыі пасля арышту святара. Кароляк пакінуў краіну ў чэрвені пасля папярэджанняў з боку ўладаў, што яго выдаляць сілаю, калі ён сам не пакіне краіну. Услед за ад’ездам Кароляка Брэсцкі абласны суд у лістападзе скасаваў дзейнасць загаду аб дэпартацыі і загад паліцыі, які забараняў Кароляку ўезд у краіну на працягу дзесяцi год. У лютым беларускі пастар Царквы пяцідзесятнікаў быў папярэджаны прадстаўнікамі ДКРНС, што публічная кара была праведзеная ў яго царкве грамадзянінам Украіны ў парушэнне Закона аб рэлігіі і што паўторнае парушэнне закону прывядзе да адклікання рэгістрацыі яго царквы.
Замежным асобам, увогуле, забараняецца чытаць пропаведзі або ўзначальваць цэрквы, прынамсі, у дачыненні да таго, што ўлады разглядаюць як нетрадыцыйныя веравызнанні або секты, у лік якіх уваходзяць і пратэстанцкія групы. Замежныя місіянеры не могуць займацца рэлігійнай дзейнасцю за межамі тых устаноў, якія іх запрасілі. Аднагадовыя, шматуязныя візы для “духоўнай дзейнасці”, якія афіцыйна патрабуюцца ад замежных місіянераў, складана набыць, нават для веравызнанняў, якія зарэгістраваныя ў дзяржаўных установах і маюць доўгую гісторыю ў гэтай краіне. Замежнае духавенства або рэлігійныя прадстаўнікі, якія не зарэгістраваліся ў дзяржаўных установах або якія спрабуюць чытаць пропаведзі без адабрэння ўрада або без запрашэння цi без дазволу зарэгістраванай рэлігійнай арганізацыі, выдаляюцца з краіны. Атрыманне дазволу часта прадугледжвае складаны бюракратычны працэс.
Афіцыйна санкцыянаваныя напады ў газетах на рэлігійныя меншасці павялічыліся. Напрыклад, 9 красавіка «Народная газета», якая з’яўляецца дзяржаўнай уласнасцю і выдаецца дзяржавай, змясціла артыкул з загалоўкам «Замроілася перспектыва для Беларусі стаць пратэстанцкай рэспублікай або нас няспынна падштурхоўваюць да адрачэння ад веры продкаў». У артыкуле сцвярджалася, што пратэстанцкія групы праводзяць фанатычныя рытуалы, у тым ліку рытуалы з выкарыстаннем чалавечай крыві і чалавечых ахвяр. У артыкуле даводзілася, што пратэстанцкія групы ўяўляюць сабой пагрозу для краіны i трэба, каб урад актывізаваў сваю дзейнасць па абароне праваслаўя. У аналагічным артыкуле ў студзені дзяржаўнае выданне «Народная газета» крытыкавала лідэра БПАС Івана Спасюка, абвінавачваючы яго ў злачыннай дзейнасці і характарызуючы царкву як “духоўных паслядоўнікаў Гітлера”. Напады на пратэстанцкія веравызнанні з’явіліся таксама на дзяржаўным тэлебачанні. У лістападзе і снежні па дзяржаўным тэлебачанні была паказаная дакументальная стужка пад назваю «Экспансія», у якой сцвярджалася, што пратэстанцкая супольнасць спраўляе фанатычныя рытуалы. Пратэстанцкія пастары звярталіся ў суды, каб спыніць тэлевізійныя праграмы, але ім было адмоўлена.
Антысемітызм у грамадстве захоўваецца, і рэжым Лукашэнкі мала што робіць для таго, каб супрацьдзейнічаць распаўсюджванню антысеміцкай літаратуры. У студзені Сусветнае аб’яднанне беларускіх яўрэяў і Цэнтр па правах чалавека сцвердзілі, што Лукашэнка антысеміт і што ўрад адмовіўся заснаваць яўрэйскія школы, дапамагаць у захаванні яўрэйскіх могілак і гістарычных помнікаў або ствараць мемарыялы беларускім ахвярам Халакосту. У маі Мінскі гарадскі суд адмовіў у разглядзе апеляцыі, пададзенай яўрэйскімі арганізацыямі адносна спынення выдання і продажу кнігі «Вайна па дзікунскіх законах», апублікаванай у праваслаўнай друкарні, у якой сярод іншых антысеміцкіх работ змешчаныя «Сведчанні святароў Сіёну» і абвінавачванні ў адрас яўрэяў за грамадскія і эканамічныя праблемы ў краіне (гл. Раздзел 5). Дзеянні ўрада вызначаюцца недастатковай увагай да выпадкаў антысеміцкага вандалізму ў мінулыя гады. У красавіку падатковыя інспектары забаранілі цэнтральнай сінагозе ў Мінску размеркаваць велікодную мацу сярод прадстаўнікоў яўрэйскага супольніцтва. Падатковыя інспектары паведамілі, што сінагога павінна будзе атрымаць спецыяльную ліцэнзію, зарэгістравацца як падаткаплацельшчык і адкрыць краму, якая павінна адпавядаць пэўным дадатковым патрабаванням, што такім чынам робіць размеркаванне мацы падчас велікодных святкаванняў немагчымым.
d. Свабода перамяшчэння ў межах краіны, паездкі за мяжу, эміграцыя і рэпатрыяцыя.
Згодна з Канстытуцыяй грамадзяне свабодны ў перамяшчэннях у межах краіны, і могуць жыць і працаваць, дзе пажадаюць; аднак на практыцы ўлады абмяжоўваюць гэтыя правы. Улады выдаюць унутраныя пашпарты для ўсіх дарослых, якія служаць галоўным пасведчаннем асобы і патрабуюцца для паездак, пастаяннага жыхарства і рэгістрацыі ў гасцініцах.
У чэрвені 1999 года Канстытуцыйны суд абвясціў неканстытуцыйным артыкул Адміністратыўнага кодэксу, згодна з якім прадпрыемствам, установам і арганізацыям забараняецца прымаць на работу асобаў без “прапіскі” або абавязковай рэгістрацыі пастаяннага месца жыхарства. Паводле артыкула 182 Адміністратыўнага кодэксу наймальнікі былі аштрафаваныя за прадастаўленне працоўных месцаў асобам, якія не мелі штампу ў пашпарце, які б сведчыў аб тым, што месца жыхарства і месца работы знаходзяцца ў тым самым горадзе або раёне. Аднак застаецца няясным, у якой меры рашэнне Канстытуцыйнага суда было ўспрынятае мясцовымі праваахоўнымi органамі. На практыцы права выбару месца жыхарства застаецца абмежаваным. У лістападзе 1999 года Міністэрства ўнутраных спраў аб’явіла аб трохэтапнай праграме замяшчэння сістэмы “прапіскі”, але звестак аб тым, што гэта праграма ажыццяўляецца, не паступала.
Афіцыйныя правiлы ўeзду ў краіну і выезду з яе патрабуюць ад грамадзян, якія жадаюць паехаць за мяжу, атрымаць спачатку “агульную” выязную візу ў сваіх пашпартах, сапраўдную на працягу ад аднаго да пяцi год. Калі асоба, якая мае намер падарожнічаць, атрымае гэтыя дакументы, закон не абмяжоўвае падарожжы. Улады марудзілі з выдачай “агульных” выязных віз у дачыненні да некаторых апазіцыйных актывістаў у спробе перашкодзіць іх палітычнай дзейнасці за мяжой.
Пасля роспуску Вярхоўнага Савета ў 1996 годзе рэжым Лукашэнкі рабіў захады, накіраваныя на абмежаванне паездак апазіцыйных палітыкаў, якія адмовіліся прызнаць заканадаўчую ўладу, створаную ў выніку лістападаўскага рэферэндуму 1996 года. Парламентарыі, якія не далучыліся да новага заканадаўчага органа, не маглі больш падарожнічаць па сваіх дыпламатычных пашпартах, нягледзячы на тое, што іх запэўнівалі, што яны захаваюць свой дэпутацкі статус да сканчэння тэрміна паўнамоцтваў. Хаця дыпламатычныя пашпарты не былі канфіскаваныя, пагранічная ахова мела “чорны” спіс членаў апазіцыі, якім трэба было адмаўляць у выездзе з краіны пры карыстаннi дыпламатычным пашпартам. Пасля адмовы ў 1997 годзе пагранічнай аховай ў дазволе былому старшыні Вярхоўнага Савету Станіславу Шушкевічу і дэпутату Анатолю Лябедзька выехаць за мяжу па дыпламатычных пашпартах, шэраг членаў былога Вярхоўнага Савета або набылі звычайныя пашпарты, якія дазволілі ім выязджаць за мяжу, або выязджалі за мяжу з Расіі, выкарыстоўваючы свае беларускія дыпламатычныя пашпарты. Урад затрымліваў выдачу пашпартоў некаторым апазіцыйным палітыкам, часам на некалькі месяцаў, у спробе абмежаваць іх паездкі за мяжу з мэтай праводзіць там палітычную дзейнасць.
Згодна з афіцыйнымі звесткамі, дзяржава не адмаўляе грамадзянам ў дазволе на эміграцыю. Аднак заканадаўства, якое абмяжоўвае эміграцыю для тых, хто мае доступ да “дзяржаўных сакрэтаў”, застаецца ў сіле. Aкрамя таго, ніводзін грамадзянін, які мае дачыненне да крымiнальнага расследавання, таксама не мае права эмігрыраваць. Патэнцыяльныя эмігранты, якім было адмоўлена ў праве эмігрыраваць, могуць звярнуцца ў суд.
Канстытуцыя дае іншаземцам і асобам без грамадзянства такія самыя правы як і грамадзянам, акрамя выпадкаў, абумоўленых законам, міжнародным пагадненнем або Канстытуцыяй. Канстытуцыя дазваляе дзяржаве прадастаўляць статус бежанцаў асобам, якія праследуюцца ў іншых дзяржавах за свае палітычныя і рэлігійныя погляды, або з прычыны сваёй нацыянальнасці. Закону аб першым прытулку няма, як няма і падпісаных з суседнімі краінамі пагадненняў аб вяртаннi асобаў.
Улады супрацоўнічаюць з Вярхоўным Камісарам ААН па пытаннях бежанцаў (ВКПБ ААН) і іншымі гуманітарнымі арганізацыямі ў садзейнічанні бежанцам. У 1997 годзе ўлады ўпершыню прымянілі закон 1995 года аб бежанцах, калi прадаставiлi статус бежанцаў групе афганцаў. ВКПБ ААН паведаміў, што на працягу года 169 заявак было прынята да разгляду па наданні статусу бежанцаў і 219 заявак былі адхіленыя на стадыі рэгістрацыі. Намеснік міністра працы сказаў журналістам у ліпені, што з 1997 года дзве тысячы іншаземцаў падалі заявы на атрыманне статуса бежанцаў у Беларусі і 385 заяў было задаволена. З 385 прэтэндэнтаў 294 былі з Афганістана. Міністэрства паведаміла, што па некаторых ацэнках у краіне налічвалася на працягу года ад 150000 да 200000 нелегальных іншаземцаў.
ВКПБ ААН зазначыў у ліпеньскай справаздачы, што мінская гарадская і мінская абласная міграцыйныя службы рэгулярна адмаўляюцца прымаць заяўкі ад нелегальна прыбываючых бежанцаў і даюць указанні такім асобам падаваць заявы міграцыйным уладам у іншых рэгіёнах. Рэгіянальныя міграцыйныя службы працягвалі адмаўляць у рэгістрацыі статусу бежанца або прадастаўленнi прытулку тым асобам, якія прыехалі з краінаў, становішча ў якіх лічыцца спакойным (пераважна з Расіі).
ВКПБ ААН не мае звестак аб выпадках прымусовага вяртання сапраўдных бежанцаў у краіны, у якіх яны баяцца пераследу.
Раздзел 3. Павага да палітычных правоў: права грамадзян на змену свайго Урада.
Рэжым Лукашэнкi рэзка абмяжоўвае правы грамадзян на змену праўлення. У кастрычніку ўпершыню адбыліся парламенцкія выбары пасля спрэчнага рэферэндуму 1996 года. Выбарам папярэднічаў год напружанай унутрынацыянальнай і міжнароднай дзейнасці па стварэнні спрыяльных умоў для дэмакратычных выбараў. Паводле АБСЕ i яе Бюро па дэмакратычных iнстытутах i правах чалавека гэтыя выбары не адпавядалі міжнародным нормам дэмакрытычных выбараў. У прыватнасці, выбарам істотна не ставала адпаведнасці мінімальным патрабаванням да свабодных, справядлівых, роўных, падсправаздачных і празрыстых выбараў. Нягледзячы на невялікія паляпшэнні пасля папярэдніх выбараў, гэты працэс захаваў сур’ёзныя заганы.
У кастрычніцкіх выбарах на сто дзесяць месцаў заяўкі падалі 769 кандыдатаў. З 769 урэшце зарэгістравана раённымі выбарчымі камісіямі (РВК) было 551. Урад жорстка абмяжоўваў грамадскі ўдзел у рабоце выбарчых камісій. Цэнтральная выбарчая камісія (ЦВК) прыняла яшчэ 23 кандыдаты, якія аспрэчвалi першапачатковую адмову ў рэгістрацыі ў раённых выбарчых камiсiях, а Вярхоўны Суд прыняў апеляцыі яшчэ 5 асобаў, заяўкі якіх былі адхіленыя ЦВК. Урэшце было зарэгістравана 578 кандыдатаў. Адзiнаццаць з iх пазней адклікалі свае заявы, а рэгістрацыя аднаго была скасаваная. Працэдура рэгістрацыі кандыдатаў сістэматычна парушалася з мэтаю зашкодзіць вылучэнню непажаданых кандыдатаў, асабліва тых, хто выступаў супраць рэжыму. Перадвыбарчая кампанія празмерна рэгулявалася, а прадузятыя дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі абмяжоўвалі доступ кандыдатаў да эфіру і да выбаршчыкаў. Палітычнае асвятленне выбарчага перыяду як у электронных, так і друкаваных сродках характарызавалася дамінаваннем прэзідэнта і выканаўчай галіны ўлады. Пад час выбараў палажэнні аб датэрміновым галасаванні, перасоўных выбарчых скрынях, падліку галасоў і падвядзенні вынікаў не адпавядалі мінімальным патрабаванням празрыстасці для незалежнай праверкі. Паступалі шматлікія звесткі аб тым, што грамадзян, занятых на дзяржаўных прадпрыемствах, студэнтаў і настаўнікаў, а таксама ваеннаслужачых прымушалі да галасавання пад пагрозай страты працоўнага месца. Удзел выбаршчыкаў у многіх выбарчых акругах быў ніжэйшым за прыступку ў 50 працэнтаў, але выбарчыя ўлады фальсіфікавалі і дапаўнялі спісы прыняўшых удзел у выбарах, каб узняць колькасць людзей, якiя галасавалi ў выбарах, да неабходнага мінімуму.
Пад час гэтай кампаніі праводзіліся шматлікія мітынгі і байкоты; некаторыя былі мірнымі, у некаторыя ўмешваліся ўлады (гл. Раздзел 2.b.). Палітычнае асвятленне перадвыбарчай кампаніі, а таксама саміх выбараў, было вельмі абмежаваным. Палітычнае асвятленне ў электронных і друкаваных сродках масавай інфармацыі характарызавалася дамінаваннем прэзідэнта і выканаўчай галіны ўлады.
Магчымасці выбару былі рэзка абмежаваныя зменамі, якiя былi ўведзеныя Лукашэнкам у некалі дэмакратычную канстытуцыю краіны. У лістападзе 1996 года выканаўчая галіна ўлады правяла спрэчны канстытуцыйны рэферэндум, які не быў ані свабодным, ані справядлівым, паводле заслугоўваючых даверу высноў міжнародных наглядальнікаў, у тым ліку прадстаўнікоў Еўрапейскага Саюза і АБСЕ. Многія члены парламента і Канстытуцыйнага суда актыўна выступалі супраць прапаноў Лукашэнкi як па змястоўных, так і па працэдурных меркаваннях. Суддзі сцвярджалі, што рэферэндум даў Лукашэнку кантроль над заканадаўчай і судовай галінамі ўлады і пашырыў тэрмін яго знаходжання на пасадзе. Яны таксама крытыкавалi рэферэндум з пункту гледжання працэдуры, лічачы яго неканстытуцыйным сродкам лiквiдацыi замацаванага ў Канстытуцыi балансу уладаў і надання прэзідэнту фактычна неабмежаваных паўнамоцтваў.
У перыяд, які папярэднічаў рэферэндуму, апаненты прапаноў Лукашэнкі не дапускаліся да сродкаў масавай інфармацыі, прадстаўнікі выбарчых камісій не рэгістравалі імёны ўдзельнiкаў датэрміновага галасавання, а тэксты прапанаваных праектаў Канстытуцыі сталі даступнымі для выбаршчыкаў толькі праз некалькі дзён пасля пачатку галасавання. У выніку падобных парушэнняў кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі (ЦВК) яшчэ да пачатку рэферэндуму заявіў, што не зможа зацвердзіць яго вынікi. Лукашэнка імгненна звольніў яго, хаця па дзеючай тады Канстытуцыі толькі парламент валодаў выключным правам прызначэння i звальнення старшынi ЦВК. Прадстаўнікі служб бяспекі прымусова выдалілі кіраўніка ЦВК з яго офіса. У хуткім часе ў знак пратэсту супраць адмовы Лукашэнкi скасаваць шырока пакрытыкаваны рэферэндум у адстаўку пайшоў прэм’ер-міністр Чыгір.
Шматлікія краiны вырашылі не пасылаць прадстаўнікоў для нагляду за рэферэндумам з прычыны нелегітымнасці самаго гэтага працэсу. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі выказалі пратэст супраць правядзення рэферэндуму.
Канстытуцыйны суд афiцыйна пастанавіў, што ў адпаведнасці з Канстытуцыяй пытанні, вынесеныя Лукашэнкам на рэферэндум, не могуць вырашацца законным чынам праз рэферэндум і што вынікі яго павінны насіць кансультатыўны характар. Аднак пасля перамогі на рэферэндуме – паводле афіцыйнага падліку саміх уладаў – Лукашэнка пачаў адразу ажыццяўляць яго палажэнні. Новая Канстытуцыя ўсталявала двухпалатную заканадаўчую ўладу. Палата са 110 членаў была сфармаваная з прадстаўнікоў існуючага Вярхоўнага Савета; дэпутаты пераходзілі добраахвотна або ўлагоджваліся абяцаннямі бясплатнага жылля і іншымі льготамі. Вышэйшая палата з шасцiдзесяцi чатырох прадстаўнікоў была сфармаваная як спалучэнне прэзідэнцкіх прызначэнцаў і вылучэнняў з боку шасцi рэгіянальных або абласных саветаў і Мінскага гарадскога савета. Гэтае перафармаванне пакінула восемдзесят шэсць выбарчых акруг непрадстаўленымі дэпутатамі, таму што новая Канстытуцыя скараціла колькасць прадстаўнікоў, а таксама таму, што Вярхоўны Савет так і не дасягнуў поўнага складу, пераважна з прычыны ўмяшальнiцтва ў парламенцкія выбары 1995 года з боку выканаўчай улады.
31 жніўня 1999 года заканадаўчыя папраўкі да Закона аб рэферэндуме, якія згодна з заяўленнем ДНГ АБСЕ не адпавядалі міжнародным нормам, увайшлі ў сілу. Дапоўнены закон прадугледжвае, што рэферэндум можа быць ініцыяваны прэзідэнтам, Нацыянальным сходам прэзідэнта, або петыцыяй з 450000 подпісамі, у тым ліку з мінімумам у 30000 подпісаў у Мінску і ў кожнай з шасці абласцей краіны. Закон прадугледжвае праверку 10 працэнтаў подпісаў, і ўсе подпісы могуць быць прызнаныя несапраўднымі, калі камісія знойдзе адзiн працэнт (4500) подпісаў несапраўднымi. Ён таксама даў прэзідэнту пераважнае права ў вырашэнні пытання сапраўднасці вынікаў рэферэндуму.
Жанчыны мала прадстаўлены ва ўрадзе і ў палітычнай сферы, хаця ў заканадаўстве няма абмежаванняў іх удзелу. За выключэннем судовае сферы, перад жанчынамі стаяць істотныя сацыяльныя перашкоды, і мужчыны займаюць фактычна ўсе кіруючыя пасады. У заканадаўчай уладзе жанчыны займаюць дзесяць з дзевяноста сямi месцаў у ніжняй палаце і дзевятнаццаццю асобамі з шасцiдзесяцi дзвюх у верхняй палаце. Пасаду намесніка старшыні верхняй палаты займае жанчына. Міністр сацыяльнага забеспячэння – адзіны прадстаўнік жаночага полу ў Савеце Міністраў. Кіраўнік урадавай Цэнтральнай выбарчай камісіі таксама жанчына.
Раздзел 4. Стаўленне ўраду да міжнароднага і недзяржаўнага расследвання парушэнняў правоў чалавека.
У краіне дзейнічае некалькі груп па абароне правоў чалавека; аднак прадстаўнікі ўнутрынацыянальных праваабарончых груп паведамілі, што ўлады перашкаджалі іх намаганням па расследванні заяў аб парушэнні правоў чалавека. Улады наглядалі за карэспандэнцыяй і тэлефоннымі размовамі НУА. Яны спрабавалі таксама рэзка абмежаваць дзейнасць НУА праз вымагаючы шмат часу працэс перарэгістрацыі, адмаўленне ў рэгістрацыі, спрэчныя падаткавыя праверкі і іншыя сродкі (гл. Раздзел 2.b.).
20 мая супярэчлівых абставiнах была абрабаваная мінская сядзіба Аб’яднання прававой дапамогі насельніцтву--мясцовай НУА, якая забяспечвае прававую дапамогу апазіцыйным актывістам і сем’ям зніклых асобаў. Сярод іншых рэчаў былі скрадзеныя кампьютэры з файламі, якія датычыліся расследавання знікнення былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі (гл. раздзел 1.b.). Шматлікія праваабарончыя назіральнікі лічаць, што гэтае рабаўнiцтва было ўчыненае прадстаўнікамі службаў бяспекі. 29 мая ў аналагічным інцыдэнце была абрабаваная сядзіба Цэнтра па правах чалавека на чале з праваабаронцай Верай Страмкоўскай, у выніку чаго былі скрадзеныя файлы са звесткамі аб парушэннях правоў чалавека. Звестак аб тым, што ўлады зрабілі канкрэтныя захады ў расследаванні гэтых інцыдэнтаў, няма.
26 жніўня Міністэрства юстыцыі зрабіла папярэджанне Цэнтру па правах чалавека за выкарыстанне незарэгістраваных сімвалаў. Яно таксама выдала аналагічныя папярэджанні іншым уплывовым арганізацыям па абароне правоў чалавека, у тым ліку “Вясне”, Беларускаму Хельсінкскаму Камітэту і Хартыі ’97. 27 жніўня маладзёжная арганізацыя “Грамадзянскі форум” атрымала папярэджанне за выданне ў сваёй газеце артыкула аб дрэнных умовах жыцця ў інтэрнатах вышэйшых навучальных устаноў. “Грамадзянскі форум” дагэтуль ужо атрымаў два папярэджанні за парушэнні выкарыстання сімволікі. Гэтыя папярэджанні былі часткаю агульных намаганняў уладаў чыніць перашкоды ў рабоце праваабарончых арганізацый, якія крытычна ставяцца да рэжыму Лукашэнкi.
Дрэнныя паказчыкі краіны ў галіне правоў чалавека па-ранейшаму прыцягвалі ўвагу многіх міжнародных праваабарончых арганізацый. У цэлым улады выказвалі жаданне абмяркоўваць пытанні правоў чалавека з міжнароднымі НУА, прадстаўнікам якіх было дазволена наведаць краіну; аднак улады працягвалі перашкаджаць міжнародным НУА, якія працавалі ў краіне. Адным з шляхоў, якімі ўлады рэгулярна чынілі перашкоды НУА, былі падаткі. У лютым Промедыа, прадстаўнiцтва Міжнароднага савета даследванняў і абменаў IREX, якое на міжнародным узроўнi займаецца пытаннямі свабоды сродкаў масавай інфармацыі, паведамілa аб цiску, які стаў звычайнаю з’явай, з боку падатковай мiлiцыi на незалежныя сродкi масавай інфармацыі, з якімі супрацоўнічалa Промедыа. Некаторыя арганізацыі, якія супрацоўнічалі з Промедыа былі аштрафаваныя, або іх банкаўскія рахункі былі замарожаныя. Падатковыя органы захапілі таксама абсталяванне выдавецкага дома “Мэджык” (гл. Раздзел 2.а.).
31 мая работнік беларускага прадстаўніцтва заходняй прававой НУА прадухіліў спробу крадзяжу ў мінскім офісе гэтай арганізацыі. Калі ён папрасіў прад’явіць дакументы, адзін з трох зладзеяў заявіў, што яны прадстаўляюць афіцыйныя праваахоўныя органы. Хаця аб гэтым выпадку было паведамлена мясцовай мiлiцыi, там адмовіліся аказаць дапамогу, і ніякіх далейшых расследаванняў гэтай справы з боку ўладаў не было. Гэтая НУА лічыць, што спроба крадзяжу звязаная з іхнымі намаганнямі па кансультаваннi i падтрымцы праектаў, накіраваных на ўдасканаленне прававой сістэмы i правоў чалавека. У 1998 годзе пасля працяглых перамоў улады пагадзiлiся на адкрыццё ў Мінску прадстаўніцтва ДНГ АБСЕ. Хаця ўлады часта ігнаравалі ўмяшанне АБСЕ ў выпадках парушэнняў правоў чалавека і парады пры распрацоўцы заканадаўчых актаў, прысутнасць АБСЕ у Мінску ёсць значны патэнцыял для дыялога па гэтых пытаннях. У верасні 1999 года у выніку сустрэч, арганізаваных пры пасрэдніцтве АБСЕ i старшынi спецыяльнага камітэта па Беларусі Парламенцкай Асамблеі АБСЕ Адрыянa Севярынa, прадстаўнікі дзяржавы і апазіцыі пачалі дыялог па выхаду краіны з канстытуцыйнага і палітычнага крызісу. Напрыканцы 1999 года гэты працэс спыніўся, а ў лютым 1999 года рэжым Лукашэнкi выйшаў з дыялога і стварыў штучны сацыяльна-палітычны дыялог з абранымі прарэжымнымі НУА. Новы дыялог таксама не даў ніякіх вынікаў. 25 сакавіка пад час назірання за ходам апазіцыйнай дэманстрацыі ў Мінску (гл. Раздзел 2.b.) супрацоўнік ДНГ АБСЕ быў гвалтоўна арыштаваны і затрыманы на некалькі гадзін, нягледзячы на недвухсэнсоўную заяву, што ён з’яўляецца дыпламатычным назіральнікам і патрабуе дыпламатычнай недатыкальнасці.
Раздзел 5. Дыскрымінацыя ў сувязі з расавай прыналежнасцю, полам, рэлігіяй, нямогласцю, моваю або сацыяльным статусам.
Канстытуцыя зацвярджае, што ўсе грамадзяне роўныя перад законам і маюць права, без усялякай дыскрымінацыі, на роўную абарону сваіх правоў і законных інтарэсаў. Аднак Канстытуцыя не забараняе канкрэтна дыскрымінацыі, заснаванай на такіх фактарах, як раса, пол або рэлігія. Закон аб грамадзянстве прадастаўляе грамадзянства любой асобе, якая стала пражывала на тэрыторыі краіны да 19 кастрычніка 1991 года. Той, хто прыехаў у краіну пазней гэтай даты і жадае стаць грамадзянінам, павінен падаць заяву на ўступленне ў грамадзянства, прысягнуць на вернасць Канстытуцыі, мець законную крыніцу прыбытку і пражыць у краіне 7 гадоў.
Жанчыны
Хаця адпаведнай статыстыкі няма, насілле ў краіне, у тым ліку з боку супруга ў дачыненні да жонкі, з’яўляецца істотнай праблемай, паводле звестак груп падтрымкі жанчын. Аднак злоўжыванні ў шлюбе караюцца згодна з Крымiнальным і Адміністратыўным Кодэксамі.
Збiццё, якое не прывяло да цяжкіх цялесных пашкоджанняў, караецца штрафам або зняволеннем тэрмінам да 15 дзён. Больш сур’ёзныя парушэнні караюцца згодна з Крымiнальным кодэксам зняволеннем да 15 гадоў. Групы падтрымкі жанчын сцвярджаюць, што паліцыя звычайна не вагаецца ў прымяненні закона супраць насілля ў сем’ях, а суды не выказваюць неахвоты ў вынясенні прысудаў. Галоўная праблема ў агульным нежаданні жанчын паведамляць аб выпадках насілля ў сям’і. Насілле супраць жанчын не было прадметам шырокага асвятлення ў сродках масавай інфармацыі, шэсцяў або дэманстрацый на працягу года.
Хаця ўлады і мясцовыя праваабарончыя назіральнікі сцвярджаюць, што прастытуцыя не з’яўляецца істотнай праблемай у краіне, ёсць звесткі, што яна расце. Мясцовая вулічная прастытуцыя расце па меры пагаршэння эканамічнага становішча, а групы прастытутак дзейнічаюць у дзяржаўных гасцініцах. Маладыя жанчыны, што шукаюць працу за мяжой або магчымасць выехаць за мяжу, могуць стаць аб’ектам сэксуальнай эксплуатацыі. Міністэрства ўнутраных спраў сцвярджае, што выпадкі дэпартацыi жанчын назад у краіну за заняцце прастытуцыяй носяць адзiнкавы характар. Аднак яно прызнае, што расійскія крымінальныя структуры могуць актыўна спрабаваць наймаць і спакушаць жанчын на работу ў якасці прастытутак у Заходняй Еўропе і на Блізкім Усходзе. Праблема гандлю жанчынамі расце (гл. Раздзел 6.f.).
Сэксуальны пераслед--распаўсюджаная з’ява, але ў адносiнах да яе iснуюць i ўжываюцца толькi законы аб фізічным насіллi.
Закон патрабуе роўных заробкаў за роўную работу; аднак на практыцы гэта не заўсёды так. Жанчыны маюць значна меншыя магчымасці атрымаць высокія кіруючыя пасады. Жанчыны сцвярджаюць, што кіраўнікі прадпрыемстваў часта пры разглядзе пытання аб прыняцці на работу бяруць пад увагу, ці мае жанчына дзяцей. 20 красавіка ў гутарцы за круглым сталом па пытанні “Праблема працаўладкавання жанчын у Беларусі” гаварылася, што сярэдні тэрмін беспрацоўя для жанчын складае 18.4 месяцаў супраць 5 месяцаў для мужчын. У 1999 годзе ўрад заявіў, што прыблізна 64 працэнты тых, што лічацца доўгатэрміновымі беспрацоўнымі, складаюць адзінокія маці.
Узровень адукацыі жанчын вышэйшы за мужчын. Жанчыны складаюць прыблізна 58 працэнтаў работнікаў з вышэйшай адукацыяй і прыблізна 66 працэнтаў ад работнікаў са спецыялізаванай сярэдняй адукацыяй. У гэтых сферах каля 2/3 або ѕ работнікаў (пераважна жанчын) жывуць ніжэй за афіцыйны ўзровень беднасці. Па законе жанчыны роўныя з мужчынамі ў адносінах да правоў на ўласнасць і спадкаемства.
Жаночыя групы вядуць актыўную работу, засяроджваючы сваю дзейнасць на такіх пытаннях як сацыяльнае забеспячэнне дзяцей, праблемы навакольнага асяроддзя (у сувязі з наступствамі Чарнобыля) і захаванне сям’і. Існуе палітычная партыя жанчын. Прыватны універсітэт у Мінску адкрыў першы ў краіне факультэт гендэрных даследаванняў.
Дзеці
Улады заклапочаныя пытаннямі сацыяльнага забеспячэння і здароўя дзяцей, асабліва ў сувязі з наступствамі ядзернай аварыі ў Чарнобылі, і з дапамогаю замежных дабрачынных арганізацый спрабавалі надаць ім асаблівую ўвагу. Згодна з законам кожны мае права на медыцынскае абслугоўванне, у тым ліку і дзеці. Ніякай розніцы ў абслугоўванні дзяўчынак і хлопчыкаў не назіраецца. Дзеці пачынаюць вучыцца ва ўзросце 6 год і павінны адвучыцца 9 год, хаця ўлады робяць даступнай і бясплатнай 11-гадовую адукацыю і пачынаюць распрацоўваць праграму 12-гадовай адукацыі. Вышэйшая адукацыя прадастаўляецца бясплатна на конкурснай аснове. Сем’і з дзецьмі атрымліваюць сімвалічную дзяржаўную дапамогу, напрыклад, у выглядзе скідак за карыстанне грамадскім транспартам. Паводле даследавання Сусветнага Банку ў 1999 годзе, большасць тых, хто жыве ў беднасці, складаюць шматдзетныя сем’і або адзінокія маці.
У сувязі з намаганнямі рэжыму Лукашэнкі па паглыбленні саюза з Расіяй і скарачэнні ўплыву апазіцыйных рухаў улады працягвалі практыку неспрыяння пашырэнню беларускай мовы або навучанню на беларускай мове шляхам абмежавання ранняй дзіцячай адукацыі на беларускай мове. У чэрвеньскай справаздачы Беларускі Хельсінкскі Камітэт засведчыў, што толькі 30 працэнтаў навучэнцаў першапачатковых школ атрымліваюць адукацыю на беларускай мове. У Мінску толькі 11 з 242 сярэдніх школ выкладаюць на беларускай мове. У іншых абласных гарадах гэтыя лічбы значна ніжэйшыя. Улады працягвалі сцвярджаць, што адзіныя школы з выкладаннем на беларускай мове, якія былі закрытыя, гэта тыя, што сутыкнуліся з праблемай скарачэння колькасцi новых вучняў.
Агульнаграмадскiх тэндэнцый злоўжыванняў у адносiнах да дзяцей не iснуе.
Людзі з фізічнымі няздольнасцямі
Закон 1992 года патрабуе стварэння спрыяльных ўмоў для нямоглых у плане даступнасці транспарту, жыллёвых умоў i працаўладкавання. Aднак некаторыя сродкі, такія як транспарт і дзяржаўныя ўстановы, часта аказваюцца недаступнымі для нямоглых. Па-ранейшаму цяжкае фінансавае становішча краіны ўскладняе магчымасць для мясцовых уладаў выдаткоўваць патрэбныя сродкі для выканання закона 1992 года. Цэнтральныя ўлады працягваюць выдаваць мінімальную грашовую дапамогу нямоглым. Аднак па-ранейшаму высокая інфляцыя і рэзкае падзенне кошту рубля істотна змяншаюць рэальную вартасць такой дапамогi.
Рэлігійныя меншасці
Антысемітызм у грамадстве існуе, але звычайна адкрыта не праяўляецца, хаця адмоўнае стаўленне да рэлігійных меншасцяў расце (гл. Раздзел 2.а.). У мінулым Лукашэнка і іншыя афіцыйныя асобы карысталіся замаскіраванай антысеміцкай моваю ў сваіх нападках на ўяўных апанентаў.
Не было паведамленняў аб арыштах пасля нападу ў красавіку 1999 года на сінагогу ў Мінску са спробаю яе падпаліць або пасля шэрагу выпадкаў вандалізму на яўрэўскіх могілках у 1997 і 1998 гадах. Некаторыя выпадкі вандалізму, відавочна, маюць дачыненне да антысемітызму. 11 мая Мінскі гарадскі суд падтрымаў скасаванне ніжэйшым судом іску, пададзенага яўрэйскімі арганізацыямі і асобамі супраць аўтараў і выдаўцоў кнігі “Вайна па дзікунскіх законах”. Кніга, выдадзеная па ініцыятыве праваслаўнай царквы і распаўсюджаная сярод праваслаўных кнігарняў, утрымлівае “Сведчанні Святароў Сiёна” і іншыя антысеміцкія артыкулы, і абвінавачвае беларускіх яўрэяў у сацыяльных і эканамічных праблемах у краіне. Мінскі раённы суд пастанавіў у сакавіку, што кніга ўтрымлівае “навуковую інфармацыю” і адхіліў іск. Саюз беларускіх яўрэйскіх аб’яднанняў і камітэтаў і Сусветнае аб’яднанне беларускіх яўрэяў, якія разам падалі іск, лічаць кнігу антысеміцкай і вартай пакарання згодна з Крымiнальным кодэксам за распальванне рэлігійнай і этнічнай варожасці (гл. Раздзел 2.с.). 27 снежня неапазнаныя хуліганы кінулі ў сінагогу ў Мінску запальныя бомбы. Ахова здолела спыніць пажар да таго, як ён змог нанесцi сур’ёзны ўрон. Зрухаў у расследаванні гэтага інцыдэнту не адзначана.
Дзеянні ўладаў былі прыкметна недастатковымі ў справе ліквідацыi выпадкаў антысеміцкага вандалізму ў папярэднія гады. Паводле Лігі анты-дыфамацыі і Сусветнага яўрэйскага кангрэсу, шэраг невялікіх, ультранацыяналісцкіх арганізацый дзейнічае на ўскрайках грамадства, а шэраг газет рэгулярна змяшчае антысеміцкія матэрыялы. Адна з гэтых газет, “Славянская газета”, распаўсюджваецца ў краіне, але, па некаторых звестках, выдаецца ў Маскве. Антысеміцкія матэрыялы з Расіі шырока распаўсюджаныя.
Многія прадстаўнікі яўрэйскай супольнасці па-ранейшаму заклапочаныя тым, што планы рэжыму Лукашэнкі адносна паглыблення саюза з Расіяй могуць суправаджацца палітычнымі зваротамі да пэўных груп у Расіі, якія талерантна ставяцца да антысемітызму або спрыяюць яму. Заклікі Лукашэнкі да “славянскага адзінства” добра ўспрымаюцца і падтрымліваюцца антысеміцкімі, неафашысцкiмі арганізацыямi у Расіі. Напрыклад, арганізацыя “Рускае нацыянальнае адзінства” мае актыўнае мясцовае прадстаўніцтва. Яе літаратура распаўсюджваецца ў грамадскіх месцах у Мінску. Ідэя “вялікага славянскага саюзa”, кіраўніцтва якім дамагаецца Лукашэнка, выклiкае заклапочанасць яўрэйскай супольнасцi, улічваючы характар падтрымкі, якой яна карыстаецца.
Невялікае мусульманскае супольніцтва краіны, якое пусціла карані ў гэтай краіне ад Сярэдневечча, не паведамляе аб істотных выпадках прадузятага стаўлення ў грамадстве. Аднак 9 жніўня 1999 года над слонімскай мячэццю – першай у краіне за апошнія 60 гадоў, што адкрылася – быў учынены акт вандалізму як раз перад правядзеннем у горадзе з’езду татарскай моладзі. Захадаў па раследаванні гэтага інцыдэнту не паследавала.
Раздзел 6. Правы працоўных
а. Права на аб’яднанні
Канстытуцыя падтрымлівае правы працоўных, акрамя работнікаў дзяржаўнай бяспекі і вайсковага персаналу, па ўтварэнні і далучэнні да незалежных саюзаў на добраахвотнай аснове і па правядзенні акцый у абарону правоў працоўных, у тым ліку права на забастоўку; аднак гэтыя правы на практыцы не паважаюцца. Незалежны прафсаюзны рух усё яшчэ знаходзіцца ў зародкавым стане. У 1991 годзе быў заснаваны, а ў 1992 зарэгістраваны Беларускі Свабодны Прафсаюз (БСП). Пасля забастоўкі работнікаў мінскага метро ў 1995 годзе, прэзідэнт прыпыніў яго дзейнасць. У 1996 годзе лідэры БСП стварылі новую арганізацыю--Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП), які ўключае ў сябе чатыры вядучыя незалежныя прафсаюзы і налічвае прыблізна 15000 членаў.
Улады робяць шматлікія захады, каб падавіць незалежныя прафсаюзы. Члены незалежных прафсаюзаў падвяргаюцца арыштам за распаўсюджванне прафсаюзнай літаратуры, канфіскацыям падобнай літаратуры, нядопускам да рабочага месца, буйным штрафам i ціску з боку кіраўніцтва прадпрыемстваў і дзяржаўных служб бяспекі з мэтаю прымусiць iх падаць заяву аб звальненнi з прычыны ўдзелу ў прафсаюзнай дзейнасці. Хаця БСП пазней быў зарэгістраваны, яго мясцовым аддзяленням было адмоўлена ў рэгістрацыі з боку мясцовых уладаў у многіх гарадах, у тым ліку у Бабруйску, Гроднe, Магілёве і Оршы. У Брэсцкай вобласці толькі пяць з дванаццацi мясцовых прафсаюзных падраздзяленняў БСП былі зарэгістраваныя да чэрвеня, а ў шматлікіх выпадках актывістаў прафсаюзаў звальнялі выключна на падставе ix прафсаюзнaй дзейнасцi.
26 студзеня 1999 года Лукашэнка падпісаў указ № 2 “Аб некаторых мерах па паляпшэнні дзейнасці палітычных партый, прафсаюзаў і іншых грамадскіх аб’яднанняў”, які сярод іншых утрымлiвае патрабаванне, каб прафсаюз для яго заснавання і рэгістрацыі налічваў мінімум 10 працэнтаў работнікаў прадпрыемства. Гэты ўказ абавязаў таксама існуючыя зарэгістраваныя прафсаюзы прайсці перарэгістрацыю на прадмет вызначэння адпаведнасці іх складу новым патрабаванням. Лідэры свабодных прафсаюзаў засведчылі, што гэты ўказ прывёў да таго, што рэгістрацыя, і такім чынам прафсаюзная дзейнасць, стала амаль немагчымай на многіх буйных дзяржаўных прадпрыемствах. Некаторым мясцовым прафсаюзам згодна з гэтым указам было адмоўлена ў рэгістрацыі.
У лютым кіраўніцтва Магілёўскага аўтамабільнага завода (МоАЗ) аднабаковым парадкам скасавала калектыўную дамову з мясцовым аддзяленнем БСП, выдаліла арганізацыю з офіса і канфіскавала офіснае абсталяванне. Некаторыя актывісты БСП былі звольненыя ў сувязі з іх прафсаюзнай дзейнасцю.
Улады па-ранейшаму перашкаджаюць работнікам дзяржаўных прадпрыемстваў далучацца да незалежных прафсаюзаў. У ліпені 1999 года Лукашэнка падпісаў указ № 29 аб “Умацаванні працоўнай дысцыпліны”. Гэты ўказ, адной з мэтаў якога з’яўляецца заключэнне з рабочымі індывідуальных, а не калектыўных дамоў, быў рэзка пакрытыкаваны лідэрамі як незалежных, так і афіцыйных прафсаюзаў, якія лічаць, што яго галоўная мэта ў тым, каб даць магчымасць прэзідэнцкай адміністрацыі павялічыць кантроль над працоўным сектарам.
Афіцыйная Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі (ФПБ), у мінулым беларуская галіна Усесаюзнага цэнтральнага савета прафсаюзаў Савецкага Саюза, налічвае прыблізна 4.5 мільёнаў працоўных (у тым ліку пенсіянераў) і дагэтуль з’яўляецца самай вялікай прафсаюзнай арганізацыяй. Згодна з лічбамі афіцыйнай федэрацыі прафсаюзаў, 92 працэнты працоўных ахоплены прафсаюзамі. Хаця і асцярожныя ў мінулым у крытыцы рэжыму, некаторыя лідэры ФПБ пачынаюць усё больш адкрыта выступаць з крытыкай палітыкі рэжыму Лукашэнкі. У адпомсту ўрад падвяргае некаторых супрацоўнікаў ФПБ пагрозам і пераследу.
20 ліпеня прэзідэнцкая адміністрацыя выпусціла заяўленне з асуджэннем “спробаў некаторых прафсаюзных лідэраў падкінуць беспадстаўны тэзіс аб тым, что ўрад парушае правы прафсаюзаў, беларускаму грамадству і міжнароднай супольнасці”. У гэтым заяўленні прафсаюзы былі абвінавачаныя ў заангажаванасці “палітычнай дзейнасцю... якая шкодзiць прафсаюзнаму руху і ўскладняе сацыяльна-эканамічныя праблемы грамадства”. 27 ліпеня ў прамове на сельскагаспадарчай нарадзе Лукашэнка выказаў крытыку ў адрас прафсаюзаў, ФПБ, I асабіста прэзідэнта ФПБ Ганчарыка за “недахоп канструктыўнай дзейнасці” і абвінаваціў іх у страце гандлёвых прывiлеяў у адносiнах з iншай краiнай. 31 ліпеня, у якасці часткі кампаніі ўладаў па пераслед ФПБ, банкаўскія рахункі апошняй былі замарожаныя пасля нерастлумачанага даследавання прафсаюзных спісаў Дзяржаўным камітэтам па фінансавых раследаваннях. Рахункі ФПБ былі зноў замарожаны 28 верасня падатковымі ўладамі, якія праводзілі невызначанае раследаванне. Пазней рахунак быў адкрыты. У прамове да кангрэсу ФПБ 11 кастрычніка прэм’ер-міністр Ярмошын звярнуўся да лідэраў прафсаюзаў з заклiкам “спыніць агітацыю людей і пачаць працаваць” і абвінаваціў ФПБ у палітычнай заангажаванасці, а таксама ў адсутнасці імкнення вырашаць патрэбы працоўных.
На працягу года члены Незалежнага прафсаюза Беларусі пастаянна адчувалі ў сябе на працы цiск, накіраваны на тое, каб прымусiць iх далучыцца да дзяржаўных прафсаюзаў пад пагрозай страты працы. Як правіла, члены прафсаюза праносілі асобнікі газеты “Рабочы” на рабочае месца, хаваючы іх пад аддзеннем. 16 снежня мiлiцыя затрымала сем членаў Міжведамаснага прафсаюза сталявараў і канфіскавала 3000 асобнікаў газеты “Рабочы” за прахадной Мінскага аўтамабільнага завода.
14 верасня на прадстаўнікоў ФПБ быў аказаны ціск з боку кіраўніцтва Дзяржынскага філіяла дзяржаўнага завода электронных вырабаў “Інтэграл”, накіраваны на тое, каб яны выйшлі са свайго прафсаюза і далучыліся да прафсаюза, які быў заснаваны кіраўніцтвам завода і якім кіруе само кіраўніцтва. ФПБ паведаміла, што аналагічныя пагрозы гучалі ў адрас членаў прафсаюзаў іншых аддзяленняў “Інтэграла”. Пад ціскам з боку кіраўніцтва і дзяржаўных ўладаў работнікі “Цветатрона”, дзяржаўнага завода электрычнага абсталявання, прагаласавалі за выхад з прафсаюза электрычных работнікаў, падраздзялення ФПБ.
Жорсткі кантроль з боку рэжыма Лукашэнкi за правядзеннем грамадскіх дэманстрацый (гл. Раздзел 1.d. і 2.b.) ускладняе магчымасць прафсаюзаў праводзіць забастоўкі або публічныя мітынгі па абароне сваіх інтарэсаў. Напрыклад, дэманстрацыя, запланаваная на 15 лістапада i падрыхтаваная работнікамі Мінскага трактарнага і Мінскага маторнага заводаў у сувязі з пратэстам супраць нізкіх заробкаў і затрымак па іх выплаце, была забароненая. На працягу года аналагічным чынам былі забароненыя іншыя дэманстарцыі. Забастоўка, арганізаваная рыначнымі гандлярамі і прадпрымальнікамі ў лютым супраць новых правiлаў падаткаабкладання, хоць і паспяхова адбылася ў рэшце рэшт, была азмрочана шматлікімі арыштамі, канфіскацыямі прафсаюзнай літаратуры і дзеяннямі з боку мясцовых уладаў, накіраванымi супраць забастоўшчыкаў. Гандляры рынкаў наладзілі аналагічную забастоўку 23 лістапада. Члены прафсаюзаў часам прыпынялі работу, звычайна ў адказ на спазненні ў выплаце заробкаў.
3 ліпеня ў сувязі з непавагай з боку ўрада да правоў працоўных, падаўленнем правоў прафсаюзаў і чыненнем перашкодаў лідэрам прафсаюзаў, і ў сувязі з тым, што ўлады не робяць дастатковых захадаў у плане пашырэння сусветна прызнаных правоў працоўных, адзін замежны ўрад спыніў паступленне гандлёвых крэдытаў у краіну.
b. Права на арганізацыю і заключэнне калектыўнай працоўнай дамовы
Заканадаўства, якое датуецца часамі савецкай эпохі, прадугледжвае права на арганізацыю і заключэнне калектыўнай працоўнай дамовы. Некаторыя аналітыкі лічаць, што прэзідэнцкі ўказ аб працоўнай дысцыпліне (гл. Раздзел 6.а.), накіраваны на тое, каб з рабочымі заключаліся індывідуальныя, а не калектыўныя працоўныя дамовы, можа істотна падарваць прынцып калектыўнай працоўнай дамовы. Паколькі народная гаспадарка па-ранейшаму знаходзіцца пераважна ў руках дзяржавы, прафсаюзы часта шукаюць палітычнае рашэнне для вырашэння эканамічных праблем. Працоўныя і незалежныя прафсаюзы звяртаюцца па дапамогу да судовай сістэмы. Улады і дзяржаўныя прадпрыемствы перашкаджаюць праву працоўных складаць калектыўныя працоўныя дамовы і ў шэрагу выпадкаў скасавалi калектыўныя працоўныя пагадненні (гл. Раздзел 6.а.).
с. Забарона прымусовай або абавязковай працы
Канстытуцыя забараняе прымусовую працу, акрамя выпадкаў, калі работа ці паслуга, якую трэба выканаць, пацверджана судовым рашэннем або адпавядае закону аб надзвычайным стане ці ваенным становішчы; аднак паступаюць звесткі аб прымусе да працы. Напрыклад, 12 ліпеня гарадскія ўлады Івацэвічаў, што ў Брэсцкай вобласці, разаслалі лісты мясцовым вытворчым прадпрыемствам і дзяржаўным установам з загадам павялічыць “добраахвотны” удзел сваіх работнікаў у нарыхтоўцы фуражу на 20 працэнтаў. Работнікам, якія адмовіліся “добраахвотна” узяць удзел у нарыхтоўцы, было загадана заплаціць штраф у памеры $5 (5000 рублеў) ці 15 працэнтаў ад сярэднемесячнай зарплаты. Такім чынам, гэты загад прымусіў мясцовых жыхароў працаваць на нарыхтоўцы фуражу. Канстытуцыйнае палажэнне, якое забараняе прымусовую або змушаную працу, датычыць ўсіх грамадзянаў, хаця яго прымяненне ў дачыненні да дзяцей не канкрэтызуецца. За магчымым выключэннем непаўналетніх зняволеных, аб прымусовай і змушанай працы дзяцей звестак не паступала.
d. Становішча з дзіцячай працай і мінімальны ўзрост для працаўладкавання
Закон замацоўвае шаснаццаць год як мінімальны ўзрост для працаўладкавання. Пры пісьмовай згодзе аднаго з бацькоў (або законнага апекуна) 14-гадовае дзіця можа заключыць працоўную дамову. Генеральная пракуратура, па iснуючых звестках, паспяхова сочыць за выкананнем гэтага закона. Канстытуцыйнае палаженне, якое забараняе прымусовую або змушаную працу, ужывальнае да ўсіх грамадзян, хаця яго прымяненне да дзяцей не канкрэтызуецца.
е. Прымальныя ўмовы працы
Рэальныя зарплаты крыху павялічыліся за апошні год ад $40 (48000 рублеў) да $60 (72000 рублеў) штомесячна. Мінімальная зарплата ў $3 (3600 рублеў) у месяц не забяспечвае прыстойнага ўзроўню жыцця працоўнага і яго сям’і. Сельскагаспадарчыя работнікі атрымліваюць прыблізна на 39 працэнтаў менш, чым сярэднемесячная зарплата. Эканамічныя праблемы, якія па-ранейшаму стаяць перад краінай, ускладняюць магчымасць для сярэдняга працаўніка зарабiць на прыстойнае жыццё. Вялікія запазычанасці па выплаце заробкаў працягвалі расці, асабліва ў сельскагаспадарчым сектары.
Канстытуцыя і Працоўны кодэкс устанавілі абмежаванне ў 40 гадзін працы штотыднёва і прадугледжваюць, прынамсі, адзін 24-гадзінны адрэзак часу ў тыдзень для адпачынку. З прычыны цяжкага эканамічнага становішча краіны ўсё большая колькасць працоўных вымушаная працаваць менш за 40 гадзін у тыдзень. Як паведамляецца, прадпрыемствы часта патрабуюць ад працоўных пайсці ў неаплачваемыя адпускі па прычыне нястачы сыравіны і энергіі, а таксама адсутнасцi попыту на прадукты вытворчасці.
Закон замацоўвае мінімальныя патрабаванні да ўмоў бяспекі на працоўным месцы і аховы здароўя работнікаў; аднак гэтыя нормы часта ігнаруюцца. Работнікі многіх машынабудаўнічых прадпрыемстваў не носяць нават мінімальнага набору прыладаў бяспекі, такiх як пальчаткi, каскі, зварачныя акуляры. Дзяржаўная iнспеkцыя па ТБ існуе, але не мае ўлады забяспечыць выкананнe сваіх рашэнняў, і яны часта застаюцца праігнараванымі. Высокая ступень няшчасных здарэнняў вынікае з нястачы засцерагальнага адзення, абутку, абсталявання, невыканання патрабаванняў тэмпературнага рэжыму, выкарыстання састарэлага абсталявання і п’янства на рабоце.
4 студзеня Аляксандр Лукашэнка, нягледзячы на пратэсты незалежных прафсаюзаў, выдаў новы ўказ, які паніжае ўзровень выплат дзяржавай або дзяржаўнымі прадпрыемствамі у сувязі са стратай працаздольнасці ў выніку пашкоджанняў, атрыманых на працоўным месцы. Згодна з гэтым указам іскі аб пашкоджаннях, атрыманых на працы, павінны ўрэгулёўвацца Грамадзянскім, а не Працоўным кодэксам. Лідэры незалежных прафсаюзаў лічаць, што пашкоджаннi, атрыманыя на працы, павінны разглядацца на падставе палажэнняў Працоўнага кодэксу, згодна з якім кампенсацыя больш шчодрая. У законе няма палажэння, якое б давала магчымасць працоўным адмовіцца ад небяспечнай для жыцця работы без рызыкі страціць сваю работу.
f. Гандаль людзьмі
Спецыяльнага закона супраць гандлю жанчынамі няма. Улады толькі пачынаюць прызнаваць існаванне праблемы, звязанай з гандлем жанчынамі. У 1999 годзе пры Міністэрстве ўнутраных спраў быў створаны аддзел па пытаннях маралі і незаконнага распаўсюджвання наркотыкаў, але яго работу наўрад ці можна лічыць эфектыўнай. У супрацоўніцтве з Праграмай развіцця ААН (ПР ААН) Міністэрствам сацыяльнага забеспячэння, якое таксама займаецца аналагічнай праблемай, быў заснаваны Гендэрны інфарматыўна-палітычны цэнтр (ГІПЦ). Беларусь адначасова з’яўляецца і крыніцай, і транзітным пунктам для адпраўкі жанчын і дзяўчын у Цэнтральную і Заходнюю Еўропу для заняцця прастытуцыяй. Інфармацыя з такіх раскіданых месцаў як Нідэрланды, Літва і Боснія сведчаць аб тым, што Беларусь – адна з краінаў-пастаўшчыкоў жанчын, з якой жанчыны трапляюць у вышэйназваныя краіны, а іншыя эпізадычныя сведчанні кажуць аб тым, што руская мафія актыўна гандлюе маладымі жанчынамі, якія ў якасці прастытутак апынаюцца на Кіпры, у Грэцыі, Ізраілі і Заходняй Еўропе. Міністэрства ўнутраных спраў прызнае, што расійскія крымінальныя структуры актыўна спрабуюць рэкрутаваць жанчын на службу ў якасці прастытутак у Заходняй Еўропе і на Блізкім Усходзе.
Жанчыны рэдка паведамляюць мілiцыi аб спробах падобнага найму з прычыны агульнага негатыўнага стаўлення да праваахоўных уладаў, недахопаў у заканадаўстве і недастатковых мер па абароне пацярпелых і сведкаў.
У красавіку адбыўся семінар, які стаў вынікам супрацоўніцтва паміж Міністэрствам ўнутраных спраў і НУА, у ходзе якога НУА распрацавалі праграму, накіраваную на тое, каб узняць і вырашыць гэтую праблему з дапамогай грамадскасці. Беларуская маладзёжная хрысціянская жаночая асацыяцыя (БМХЖА) ажыццяўляе праект па інфармаванні жанчын аб рызыцы, звязанай з найманнем на работу за мяжу, і па мінімізацыі магчымых небяспек для жанчын. Інфармацыі аб дзяржаўных або недзяржаўных намаганнях у плане дапамогі ахвярам вярнуцца ў сваю краіну няма. Крызісныя цэнтры, створаныя некаторымі НУА, аказваюць псіхалагічную дапамогу ахвярам насілля. Такія цэнтры, аднак, не маюць спецыялістаў, якія б займаліся ахвярамі гандлю людзьмі.