Справаздачы
Беларусь: Справаздача аб правах чалавека за 2002 год
31 сакавіка 2003 года
Дзярждэпартамент ЗША
Бюро па дэмакратыі, правах чалавека і працы
У адпаведнасці з Канстытуцыяй са зменамі і дапаўненнямі краіна з'яўляецца рэспублікай, на чале з прэзідэнтам, якога выбіраюць прамым галасаваннем. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка (абраны ў 1994 г.) працягваў праводзіць палітыку, накіраваную на падрыў дэмакратычных інстытутаў шляхам правядзення шэрагу несправядлівых выбараў і канстытуцыйнага рэферэндуму, ў ходзе якога былі дапушчаны сур'ёзныя парушэнні. У верасні 2001 г. Прэзідэнт Лукашэнка прадоўжыў тэрмін сваіх паўнамоцтваў у выніку выбарчага працэсу, які, па заключэнню Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ), не быў ні свабодным, ні справядлівым. Парламенцкія выбары ў кастрычніку 2000 г. атрымалі аналагічную ацэнку. Судовая сістэма краіны не з'яўляецца незалежнай.
Камітэт дзяржаўнай бяспекі (КДБ) і Міністэрства ўнутраных спраў (МУС), якія падначалены непасрэдна прэзідэнту, нясуць адказнасць за падтрыманне правапарадку і забеспячэнне ўнутранай бяспекі. У адпаведнасці з існуючым заканадаўствам, прэзідэнт мае права ажыццяўляць асабістае кіраўніцтва ўсімі праваахоўнымі органамі. Акрамя прэзідэнта, грамадзянскія органы ўлады не ажыццяўлялі эфектыўнага кантролю над дзейнасцю праваахоўных органаў. Па ўказанню Лукашэнкі служба бяспекі прэзідэнта, якая першапачаткова была створана для аховы вышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў, працягвала дзейнічаць супраць палітычных праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі без якога-небудзь судовага або заканадаўчага кантролю. Супрацоўнікі службаў бяспекі ажыццяўлялі шматлікія сур'ёзныя парушэнні правоў чалавека.
Насельніцтва краіны складае каля 10 мільёнаў чалавек. Планаванне эканомікі краіны ажыццяўлялася цэнтралізавана, пры гэтым выпуск паловы аб'ёму ўсёй прадукцыі забяспечваўся за кошт прамысловай вытворчасці. Большасць работнікаў заняты ў дзяржаўным прамысловым і дзяржаўным сельскагаспадарчым сектарах. Заработная плата ў дзяржаўным сектары была ніжэй за сярэднюю заработную плату па краіне, існавала хранічная запазычанасць па заработнай плаце, хаця часта яна з'яўлялася кароткатэрміновай і мела абмежаванае распаўсюджванне. Афіцыйныя статыстычныя даныя ў сферы макраэканомікі, якія сталі больш даставернымі, сведчаць аб далейшым зніжэнні ўзроўню жыцця многіх пластоў грамадства. Жыхары невялікіх гарадоў і сельскіх раёнаў, якія мелі асабліва нізкія даходы, здабывалі сродкі да існавання з дапамогай недэкларыраванай эканамічнай дзейнасці і работы на прысядзібных участках.
Рэпутацыя рэжыму ў сферы выканання правоў чалавека заставалася нездавальняючай і ў некаторых вобласцях нават пагоршылася. Улады з поспехам працягвалі адмаўляць грамадзянам у праве на змену праўлення. Паведамлялася, па меньшай меры, аб адным выпадку падазронай смерці палітычнага дзеяча. Улады не прынялі сур'ёзных мераў па расследаванню знікненняў вядомых апазіцыйных палітычных дзеячаў у папярэднія гады і адхілілі паведамленні, заслугоўваючыя даверу, адносна ролі рэжыму ў гэтых знікненнях, якія паступалі на працягу гэтага года. Працягваліся злоўжыванні, якія здзяйснялі органы міліцыі. У некаторых выпадках мелі месца пыткі зняволенных і затрыманых. Таксама паведамлялася аб выпадках жорсткага абыходжання з ваеннаслужачымі ва ўзброеных сілах. Заставалася сур'ёзнай праблема перапоўненасці турмаў. Праваахоўныя органы ажыццяўлялі незаконныя арышты і затрыманні грамадзян, значна павялічылася колькасць яўна палітычна матываваных затрыманняў, хаця многія з затрыманых заключаліся пад варту на кароткія тэрміны. Праваахоўныя органы працягвалі парушаць правы грамадзян на недатыкальнасць прыватнага жыцця і свабоду перамяшчэння, ажыццяўлялася актыўнае назіранне за дзейнасцю апазіцыйных палітычных дзеячаў, праваабарончых арганізацый і іншых пластоў насельніцтва.
Рэжым працягваў абмяжоўваць свабоду слова і прэсы і не забяспечваў выкананне права на свабоду сходаў і аб'яднанняў. Быў выданы шэраг новых дэкрэтаў, якія яшчэ больш абмяжоўваюць гэтыя свабоды. Было арганізавана наступленне на незалежныя сродкі масавай інфармацыі, якое прывяло да закрыцця некалькіх газет, турэмнага зняволення журналістаў па абвінавачванню ў паклёпе. Улады таксама прынялі новы закон аб рэлігійных суполках, які значна абмяжоўвае свабоду веравызнання і стварае больш спрыяльныя ўмовы для Рускай праваслаўнай царквы за кошт нетрадыцыйных рэлігій. Рэжымам абмяжоўвалася свабода перамяшчэння.
Апазіцыйныя палітычныя партыі і рухі падвяргаліся павышанаму націску, які ажыццяўляўся шляхам прымянення як судовых, так і па-за судовых мераў уздзеяння, ўключаючы фізічнае насілле ў адносінах да палітычных апанентаў. Агенты службаў бяспекі рэжыму ажыццяўлялі актыўнае назіранне за дзейнасцю праваабарончых арганізацый і перашкаджалі іх дзейнасці. Значнымі праблемамі заставаліся бытавое насілле і дыскрымінацыя жанчын. Улады працягвалі значна абмяжоўваць правы рабочых на свабоду стварэння аб'яднанняў і арганізацый і заключэння калектыўных дагавораў. Заставалася актуальнай праблема гандлю жанчынамі і дзецьмі. Меры па рашэнню гэтай праблемы былі арганізаваны ўладамі ў канцы года.
ВЫКАНАННЕ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА
Раздзел 1.
Выкананне права на недатыкальнасць асобы, ўключаючы свабоду ад:
а. Самавольнага ці незаконнага пазбаўлення жыцця
Не маецца пацверджаных паведамленняў аб палітычных забойствах, ажыццёўленых рэжымам або яго агентамі на працягу года. Перавышэнне меры правамернага прымянення сілы супрацоўнікамі міліцыі прывяло да смерці аднаго затрыманага.
5 верасня пракуратура г. Мінска прад'явіла абвінавачванне двум супрацоўнікам міліцыі ў тым, што ў канцы жніўня яны збілі да смерці мужчыну без вызначанага месца жыхарства, які знаходзіўся пад вартай. Заключэнне судова-медыцынскай экспертызы сведчыла аб тым, што прычынай смерці з'явіліся траўмы, атрыманыя ў выніку пабояў. У канцы года справа ўсё яшчэ знаходзілася на разгляданні ў судзе.
У снежні 2001 г. з'явілася паведамленне аб магчымым забойстве Аляксандра Зайцава, 24-гадовага актывіста апазіцыі, які пражываў у Гомелі і павесіўся праз некалькі дзён пасля таго, як быў прыгавораны да 3 месяцаў пазбаўлення волі па сфальсіфікаваным абвінавачванні ў малазначным парушэнні заканадаўства. Яго сябры і родныя заўважылі мноства неадпаведнасцяў і супярэчлівасцяў у гэтым самагубстве і патрабавалі правядзення крымінальнага расследавання. Паведамлялася, што перад смерцю ён пакінуў запіску, ў якой сцвярджаў, што КДБ спрабаваў завербаваць яго, а таксама аўдыёзапіс сваёй размовы з супрацоўнікам КДБ, па прозвішчы Еўсцігнееў. У запісцы Зайцаў паведамляў, што агент КДБ прапаноўваў яму свабоду ў абмен на супрацоўніцтва з камітэтам. Раённы пракурор Гомеля Уладзімір Падсекін заявіў, што прычынай смерці Зайцава на самай справе было самагубства і адхіліў меркаванні аб дачыненні КДБ да гэтай справы. Абгрунтоўваючы адмову выканаць просьбу яго бацькоў аб узбуджэнні крымінальнай справы, Падсекін толькі адзначыў, што закон не забараняе КДБ вербаваць інфарматараў.
Былыя следчыя дзяржаўных органаў і назіральнікі праваабарончых арганізацый працягвалі прадстаўляць паведамленні, заслугоўваючыя даверу, аб дачыненні вышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў рэжыму да знікненняў і забойстваў, у тым ліку журналіста Дзмітрыя Завадскага ў 2000 г. і дзеячаў апазіцыі Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатолія Красоўскага ў 1999 г. (гл. раздзел 1.б.). Назіральнікі падазраюць, што Захаранка, Ганчар і Завадскі, якія да ўступлення ў рады апазіцыі працавалі ў структурах рэжыму Лукашэнкі, былі забіты за ўдзел у дзейнасці апазіцыі.
20 лістапада журналіст з суседняй Украіны Міхайла Каламіец быў знойдзены павешаным у ваколіцах беларускага горада Маладзечна. Каламіец знік з Кіева 28 кастрычніка. Пракуратура горада Кіева запрасіла групу следчых з розных краін прыняць удзел у расследаванні, каб высветліць, ці на самай справе Каламіец скончыў жыццё самагубствам (гл. раздзел 2.а.).
б. Знікнення
Не маецца пацверджаных паведамленняў аб знікненнях па палітычных матывах.
Нягледзячы на прыгаворы, вынесеныя чатыром былым супрацоўнікам зводнага атраду хуткага рэагавання Міністэрства ўнутраных спраў (ЗАХР), якія ў выніку расследавання іх дзейнасці сталі шырока вядомыя як члены "эскадрона смерці", справы аб знікненнях шэрагу дзеячаў апазіцыі, ўключаючы Дзмітрыя Завадскага, заведзеныя ў мінулыя гады, застаюцца нераскрытымі. 14 сакавіка чатыры супрацоўнікі ЗАХРа, Валерый Ігнатовіч, Максім Малік, Аляксей Гуз і Сяргей Саушкін былі асуджаны па выніках разгляду справы аб знікненні Дзмітрыя Завадскага. У ліпені 2000 г. Завадскі, тэлеаператар расійскай тэлевізійнай кампаніі ГРТ і былы тэлеаператар Прэзідэнта Лукашэнкі, знік у аэрапорце г. Мінска, дзе ён павінен быў сустракаць з Масквы журналіста Паўла Шэрэмета. Завадскі і Шэрэмет падвяргаліся арышту праваахоўнымі органамі рэжыму ў 1997 г. за незаконнае перасячэнне граніцы падчас здымак дакументальнага фільму, ў якім крытыкаваўся рэжым Лукашэнкі.
Асуджаных абвінавачвалі ў выкраданні Завадскага, а таксама ажыццяўленні сямі наўмысных забойстваў, пяці ўзброеных нападзенняў і яшчэ аднаго выкрадання. Пасяджэнні суда былі закрытымі для грамадскасці і прэсы. У ходзе суда, які большасць назіральнікаў лічыць несправядлівым, таксама было прад'яўлена крымінальнае абвінавачванне ў паклёпе абаронцу, які прадстаўляў маці Завадскага, пасля таго, як той запатрабаваў, каб суд разгледзеў матэрыялы расследавання, якія ўказвалі на дачыненне да выкраданняў і забойстваў генерала Шэймана (цяпер займае пасаду Генеральнага пракурора). Жонцы Завадскага і адвакату, які прадстаўляў у судзе маці Завадскага, дазволілі прысутнічаць на судовых пасяджэннях, аднак, па распараджэнню суда ім было забаронена разпаўсюджваць якую-небудзь інфармацыю аб ходзе судовага працэсу. Гэты суд быў варты ўвагі тым, што не паспрабаваў атрымаць адказ на відавочнае пытанне, што здарылася з Завадскім пасля яго выкрадання. Некаторыя назіральнікі сцвярджалі, што на этапе дачы паказанняў сведкамі ў ходзе судовага разбірацельства Ігнатовіч знаходзіўся пад уздзеяннем наркотыкаў і не быў здольны прад'яўляць абвінавачванні іншым удзельнікам злачынстваў. Улады заяўлялі, што ён знаходзіўся ў напаўпрытомным стане з-за аб'яўленай галадоўкі. Пазней суддзя распарадзіўся выдаліць яго з залы суда. Многія праваабаронцы лічаць, што разгляд рэжымам справы Завадскага не даў якіх-небудзь значных вынікаў, таму што прадстаўнікі дзяржаўных органаў адмовіліся правесці расследаванне заяваў аб тым, што выкраданні і смяротныя кары ажыццяўляліся па распараджэнню вышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў.
Аднак меліся істотныя доказы, якія дазвалялі звязаць знікненне Завадскага з выкраданнямі іншых вядомых праціўнікаў рэжыма. У 2000 г. у Інтэрнэце з'явіўся адкрыты ліст, які быў быццам напісаны супрацоўнікам КДБ і ў якім сцвярджалася, што забойства Завадскага было здзейснена групай былых і дзеючых супрацоўнікаў службаў бяспекі, і што высокапастаўленыя прадстаўнікі ўлады звярнуліся да Лукашэнкі з просьбай прыняць меры, накіраваныя на прадухіленне поўнага расследавання ўсіх абставінаў справы следчымі. Лукашэнка заявіў, што ліст у Інтэрнэце быў сфабрыкаваны і паабяцаў аднавіць расследаванне спраў аб выкраданнях. Аднак пасля гэтай заявы ён зняў з пасадаў Генеральнага пракурора Алега Бажэлка і Старшыню КДБ Уладзіміра Мацкевіча, якія ажыццяўлялі кіраўніцтва расследаваннямі па гэтых справах. Хутка пасля гэтага Лукашэнка назначыў Шэймана на пасаду Генеральнага пракурора. У студзені 2001 г. ГРТ паведаміла аб тым, што рашэнне аб замене гэтых двух кіраўнікоў фактычна з'явілася непасрэднай рэакцыяй на арышт Дзмітрыя Паўлючэнкі, камандзіра спецпадраздзялення "Алмаз" у сувязі з выкраданнем і магчымым забойствам Ганчара і Красоўскага (гл. раздзел 1.а.). У паведамленні сцвярджалася, што Паўлючэнка быў арыштаваны, але затым вызвалены пасля асабістага ўмяшання Лукашэнкі. Крыніцы блізкія да былых Старшыні КДБ і Генеральнага пракурора паведамлялі аб тым, што яны звярнуліся за дазволам арыштаваць Віктара Шэймана, які займаў у той час пасаду кіраўніка прэзідэнцага Савета бяспекі, па абвінавачанні ў распараджэннях аб ажыццяўленні забойстваў. Лукашэнка гэтую просьбу выканаць адмовіўся. Замест гэтага ён звольніў абодвух чыноўнікаў і даручыў Шэйману ажыццяўляць кіраўніцтва правядзеннем расследаванняў.
Таксама не назіралася руху наперад у ходзе расследавання справы былога Міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, які знік 7 мая 1999 г. Захаранка, які карыстаўся папулярнасцю сярод супрацоўнікаў Міністэрства унутраных спраў і быў цесна звязаны са зняволеным у той час былым прэм'ер-міністрам Міхаілам Чыгіром, знік пасля пачатку галасавання ў ходзе арганізаваных апазіцыяй прэзідэнцкіх выбараў, на якіх Чыгір быў адным з асноўных прэтэндэнтаў. Расследаванне пачалося праз 6 месяцаў, аднак нішто не сведчыла аб тым, што ўлады прымалі якія-небудзь меры для раскрыцця злачынства. Рэжым не прадставіў ніякай інфармацыі аб ходзе расследавання ў адказ на запыт Рабочай групы ААН па пытаннях насільных і ненаўмысных знікненняў і працягваў актыўна перашкаджаць правядзенню расследавання знікнення Захаранкі незалежнымі недзяржаўнымі арганізацыямі (НДА).
У ходзе перадвыбарнай прэзідэнцкай кампаніі ў верасні 2001 г. у дзяржаўных сродках масавай інфармацыі неаднаразова з'яўляліся паведамленні аб тым, што Захаранка жывы і знаходзіцца ў Германіі, і што яго знікненне было сфальсіфікавана апазіцыяй. У снежні 2001 г. пасля адбыўшыхся ў верасні прэзідэнцкіх выбараў жонка Захаранкі абвінаваціла Лукашэнку ў прамым дачыненні да яго знікнення. Пазней яна разам з дзецьмі пакінула краіну і звярнулася з просьбай аб палітычным прыстанішчы. На прэс-канферэнцыі, праведзенай 17 верасня, Лукашэнка паўтарыў свае папярэднія сцвярджэнні аб тым, што Захаранка жывы, і зноў заявіў, што яго выкраданне сфальсіфікавала апазіцыя. У тым жа месяцы Мінскі гарадскі суд адхіліў хадайніцтва жонкі Захаранкі Вольгі аб тым, каб прызнаць у судовым парадку яе мужа памёршым.
Расследаванне справы аб знікненні ў верасні 1999 г. намесніка Старшыні Вярхоўнага савета 13 склікання Віктара Ганчара і яго дзелавога партнёра Анатоля Красоўскага не дало здавальняючага выніку. Яны зніклі пасля таго, як Лукашэнка, выступаючы на нарадзе, якая трансліравалася па дзяржаўнаму тэлебачанню, даў указанне кіраўнікам сілавых ведамстваў прыняць меры да тых, каго яны лічылі "апазіцыйнымі адкідамі". У той час Ганчар быў шырока вядомым палітыкам, які выступаў супраць існуючага рэжыму, а Красоўскі лічыўся актыўным арганізатарам збору сродкаў для апазіцыі. 20 лістапада мінскі суд прызнаў Красоўскага прапаўшым без вестак, аднак адмовіўся прызнаць яго памёршым. 5 снежня другі мінскі суд вынес аналагічнае рашэнне аб прававым статусе Ганчара. Вынясенне рашэння аб прававым статусе Захаранкі адкладзена да завяршэння расследавання па яго справе.
Ірына Красоўская, жонка прадпрымальніка Анатоля Красоўскага, паведаміла, што яна атрымала шэраг дадатковых звестак, атрыманых ад Алега Алкаева, былога начальніка мінскага следчага ізалятара, дзе ажыццяўлялася прывядзенне ў выкананне смяротных прыгавораў, падчас іх сустрэчы, якая адбылася 13 кастрычніка ў Германіі. Па яе словах, яна і Гары Паганяйла, юрыст Беларускага Хельсінскага камітэту, правялі з Алкаевым працяглую размову, у ходзе якой ён зноў пацвердзіў, што выдаваў пісталет для спецыяльных аперацый камандзіру ЗАХРа ў дні, што папярэднічалі знікненням, а таксама тое, што пісталет вярталі ў дні пасля знікненняў.
в. Катаванняў і іншых відаў жорсткага, бесчалавечнага альбо зневажальнага да чалавечай годнасці абыходжання і пакаранняў
Канстытуцыя забараняе іх прымяненне, аднак супрацоўнікі міліцэйскіх органаў і аховы турмаў рэгулярна б’юць затрыманых і зняволеных. Па закону супрацоўнікі міліцыі і турмаў маюць права выкарыстоўваць фізічную сілу толькі ў адносінах да затрыманых і зняволеных, якія ажыццяўляюць гвалтоўныя дзеянні, адмаўляюцца падпарадкоўвацца ўказанням турэмнай адміністрацыі або злосна парушаюць умовы іх прыгавораў. Назіральнікі ад праваабарончых арганізацый неаднаразова паведамлялі аб тым, што следчыя дабіваюцца патрэбных паказанняў шляхам пабояў і псіхалагічнага націску. У 2000 г. Камітэт супраць катаванняў ААН у высновах і рэкамендацыях, якія змяшчаюцца ў трэцяй перыядычнай справаздачы па краіне, выказаў занепакоенасць пагаршэннем сітуацыі з правамі чалавека і адзначыў шматлікія пастаянна паступаючыя паведамленні аб бесчалавечным абыходжанні з палітычнымі апанентамі рэжыму і ўдзельнікамі мірных дэманстрацый, уключаючы катаванні і бязлітасныя пакаранні, якія прымяняюцца прадстаўнікамі дзяржаўных органаў ці з іх згоды.
Супрацоўнікі міліцыі і асобы ў цывільным часта б'юць грамадзян падчас іх арышту ці ўтрымання пад вартай. 20 лютага Дзмітрый Дашкевіч, якога затрымалі пасля дэманстрацыі, падаў афіцыйную скаргу на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, што білі яго на шляху ў аддзяленне міліцыі, хоць ён не аказваў супраціўлення пры арышце. У аддзяленні міліцыі яго прыкавалі наручнікамі да батарэі і пабілі разам са Станіславам Івашкевічам, другім затрыманым.
Паведамляецца аб тым, што супрацоўнікі міліцыі білі і катавалі Аляксандра Чыгіра, малодшага сына вядомага апазіцыйнага палітыка Міхаіла Чыгіра, які 6 сакавіка быў прыгавораны да 7 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачванню ў крадзяжу аўтамабільных запасных частак. На думку многіх назіральнікаў, гэтыя абвінавачванні былі сфабрыкаваны. Як Аляксандр Чыгір, так і два сведкі, якія далі супраць яго паказанні, пазней заявілі, што іх прызнанні і паказанні былі атрыманы ў выніку біцця і катаванняў, якім іх падвяргалі супрацоўнікі органаў міліцыі. Па словах Яшына, супрацоўнікі міліцыі спачатку прымянілі да яго катаванні, патрабуючы даць паказанні супраць Чыгіра-малодшага, а затым пасадзілі ў цёмную камеру без прытоку свежага паветра ў блоку для прыгавораных да смяротнага пакарання, дзе ён захварэў на туберкулёз. Яго прывялі ў залу суда ў ахоўнай супрацьтуберкулёзнай масцы. Выкліканыя ў суд супрацоўнікі міліцыі адмаўляліся, што прымянялі жорсткія метады допытаў у адносінах да Яшына і Янушкевіча. Тым не менш, урачы, якія праводзілі медыцынскі агляд, пацвердзілі, што абодва мелі шматлікія выцятыя месцы. Абаронца Аляксандра Чыгіра быў шпіталізаваны пасля таго, як 6 сакавіка на яго напалі невядомыя і не мог прадстаўляць у судзе свайго кліента на працягу большай часткі судовага працэсу.
Міліцыя часта збівала ўдзельнікаў дэманстрацый і часам адмаўляла ім у ежы падчас утрымання пад вартай (гл. раздзел 2.б.). 25 сакавіка генерал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мячэслаў Грыб заявіў журналістам, што міліцыя дзейнічае ва ўмовах "ўседазволенасці і беспакаранасці на працягу некалькіх гадоў". Па яго словах, гвалтоўныя дзеянні міліцыі, накіраваныя супраць удзельнікаў мірных вулічных дэманстрацый, сталі звычайнай з'явай і актыўна падтрымліваюцца ўладамі. Яны зрабілі працэс некіруемым, і ў сапраўдны час усе больш радавых грамадзян становяцца ахвярамі жорсткага абыходжання.
На працягу года таксама паступалі паведамленні аб падазроных нападзеннях на палітычных апанентаў рэжыму. Аднак на працягу года ніхто не быў абвінавачаны ці арыштаваны ў сувязі з гэтымі нападзеннямі. Вечарам 9 чэрвеня, муж аднаго з кіраўнікоў Аб'яднанай сацыял-дэмакратычнай партыі (АСДП) Валянціны Палевіковай быў моцна збіты па дарозе дамоў пасля таго, як выйшаў з тралейбуса. Ён не бачыў нападаўшых і прыйшоў у прытомнасць толькі наступнай раніцай, лежачы на зямлі на тэрыторыі размешчанага ля дома дзіцячага садка.
У шэрагу інцыдэнтаў, якія мелі месца ў канцы жніўня – пачатку верасня, былі ажыццёўлены нападзенні на 7 чалавек–прыхільнікаў індуізму ў ходзе кампаніі праследавання гэтага рэлігійнага руху. Адна з іх, Таццяна Жылевіч, была моцна збіта і змешчана ў бальніцу з траўмамі галавы (гл. раздзел 2.в.).
16 верасня на Аляксея Караля, Намесніка Старшыні АСДП, былі здзейснены напад і абрабаванне невядомымі злачынцамі, калі ен вяртаўся дамоў з Вільнюсу (Літва), дзе ўдзельнічаў у сустрэчы з літоўскімі сацыял-дэмакратамі. На падыходзе да свайго дому, ён атрымаў удар па галаве цяжкім прадметам і каля 15 хвілін знаходзіўся ў стане непрытомнасці. За гэты час у яго выкралі сумку, пашпарт і кашалек. Прадстаўнікі АСДП заявілі, што гэта нападзенне было здзейснена па палітычных матывах.
Адносна паведамленняў, якія меліся, працягвалася “дзедаўшчына” – практыка прыгнёту навабранцаў шляхам іх біцця і прымянення іншых формаў фізічнага і псіхілагічнага насілля. На працягу года было ўзбуджана 15 крымінальных спраў супраць ваеннаслужачых, абвінавачаных у біцці сваіх падначаленых, 160 службовых асобаў падвергліся дысцыплінарным спагнанням. Улады, аднак, спынялі ўсе спробы расследавання гэтых і іншых паведамленняў аб выпадках дзедаўшчыны, якія арганізоўвалі члены сем'яў і прадстаўнікі праваабарончых арганізацый.
Заставаліся нездавальняючымі турэмныя ўмовы, якія характарызаваліся значнай перанаселенасцю турмаў, недахопам прадуктаў харчавання і лекаў, а таксама распаўсюджваннем такіх захворванняў, як туберкулёз, сіфіліс і ВІЧ/СНІД. Міністр унутраных спраў Наумаў заявіў 28 мая аб тым, што колькасць зняволеных у турмах перавысіла ўстаноўленыя нормы на 37 %. Акрамя таго, паведамленні, якія заслугоўваюць даверу, сведчаць аб тым, што супрацоўнікі турэмнай аховы рэгулярна б'юць затрыманых і зняволеных. Па словах Уладзіміра Кудзінава, члена распушчанага парламенту і актыўнага крытыка рэжыму Лукашэнкі, які правёў 4 гады ў турме, ў месцах зняволення шырока прымяняюцца катаванні.
Па дадзенах назіральнікаў праваабарончых арганізацый, умовы ў турэмных бальніцах таксама былі нездавальняючымі. На аднаго зняволеннага ў сярэднім прыходзіцца 0,96 квадратнага метра плошчы турэмных памяшканняў. У многіх выпадках ежа, што выдаецца ў турмах не адпавядае мінімальным медыцынскім патрабаванням. У верасні затрыманым індуістам, якія выконваюць строгую вегетарыянскую дыету, выдавалася стандартная, прыгатаваная з выкарыстаннем мясных прадуктаў, ежа (гл. раздзел 2.в.). Затрыманыя, якія ўтрымліваюцца ў месцах папярэдняга зняволення, таксама паведамлялі аб нездавальняючых умовах утрымання, адмаўленнях у аказанні медыцынскай дапамогі, што спрыяла пагаршэнню здароўя асобаў, што чакалі суда. Два члены руху "Зубр" (шырока вядомы маладзёжны рух) скардзіліся на ўмовы ўтрымання. Яны паведамлялі, што турэмныя камеры перапоўнены і ў іх часта знаходзяцца алкаголікі, якія пакутуюць ад белай гарачкі. Гэтым затрыманым не дазвалялі выконваць фізічныя практыкаванні; яны нават не мелі прагулкаў на працягу 10 дзён. Акрамя таго, жонку аднаго з кіраўнікоў групы індуістаў, арыштаваную за тое, што яна малілася на вуліцы, падчас утрымання ў турме білі другія зняволеныя (гл. раздзел 2.в.).
У адпаведнасці з правіламі турэмнага ўтрымання, зняволеныя-мужчыны і зняволеныя-жанчыны ўтрымліваліся паасобна. Падлеткаў утрымлівалі асобна ад дарослых, а затрыманыя да суда звычайна ўтрымліваліся асобна ад асуджаных. Аднак, з-за перанапоўненасці турмаў іх часам змяшчалі разам.
Часам улады забяспечвалі назіральнікам праваабарончых арганізацый доступ у турмы для азнаямлення з умовамі ўтрымання зняволеных; аднак, на працягу года толькі членам сям'і і адвакатам дазвалялася наведваць асобных зняволеных.
г. Адвольнага арышту, затрымання і ссылкі
Законам прадугледжаны абмежаванні ў адносінах адвольнага затрымання; аднак, праваахоўныя органы працягвалі ажыццяўляць адвольныя арышты і затрыманні грамадзян. Часцей за ўсё такія затрыманні былі звязаны з правядзеннем дэманстрацый, якія ў шэрагу выпадкаў не былі санкцыяваны ўладамі (гл. раздзел 2.б.). Працягваліся арышты па палітычных матывах, хоць большасць арыштаваных вызвалялі на працягу некалькіх дзён ці гадзін.
Як у Крымінальна-працэсуальным кодэксе, так і ў Адміністрацыйным кодэксе ўказваецца, што міліцыя мае права затрымліваць грамадзян на тэрмін да трох гадзін без растлумачвання прычын затрымання, і ўлады часта выкарыстоўваюць гэта палажэнне пры затрыманні членаў апазіцыі і дэманстрантаў. У адпаведнасці з крымінальным кодэксам міліцыя мае права затрымліваць грамадзян у сувязі з магчымым здзяйсненнем злачынства без прад'яўлення ордэру на тэрмін да 24 гадзін, на працягу якога аб затрыманні апавяшчаюць пракурора. Пракурор пасля гэтага павінен на працягу 48 гадзін зрабіць заключэнне аб законнасці затрымання. У выпадку, калі пракурор палічыць, што затрыманне ажыццёўлена на законнай падставе, падазроны можа ўтрымлівацца пад вартай на працягу 10 дзён без прад'яўлення афіцыйнага абвінавачвання. Аднак, як правіла, пасля прыняцця рашэння аб далейшым утрыманні падазронага пад вартай яму прад'яўляецца афіцыйнае абвінавачванне. Пасля прад'яўлення абвінавачвання на працягу 2 месяцаў павінен пачацца судовы працэс, аднак ў некаторых выпадках генеральны пракурор з мэтай правядзення далейшага расследавання можа прадоўжыць тэрмін папярэдняга зняволення да 18 месяцаў. Другі варыянт рашэння прадугледжвае вызваленне падазронага, якому было прад'яўлена абвінавачванне, пад падпіску аб нявыездзе, калі не вызначаецца апошні тэрмін расследавання да пачатку судовага працэсу. Закон дае права затрыманаму падаваць апеляцыю ў суд (але не пракурору) з патрабаваннем разгледзіць ступень законнасці затрымання. На практыцы апеляцыі, якія падаюць падазроныя з мэтай патрабавання разгляду законнасці затрымання, часта не пападаюць па назначэнню, таму што ім не даюць ходу супрацоўнікі праваахоўных органаў, затрымаўшыя падазронага. Няма статыстычных даных аб колькасці грамадзян, якія ўтрымліваліся пад вартай да пачатку суда, і аб сярэдняй працягласці такога ўтрымання пад вартай. Крымінальны кодэкс не прадугледжвае выпуску затрыманых пад залог.
Нягледзячы на існуючыя механізмы юрыдычнай абароны, следчыя ў многіх выпадках не паведамлялі затрыманым аб іх правах і ажыццяўлялі папярэдні допыт, не даўшы затрыманым магчымасці атрымаць кансультацыю ў адваката.
Унекаторых выпадках інфармацыя, атрыманая на допытах, якія праводзіліся без удзелу адваката, выкарыстоўвалася ў судзе супраць абвінавачваемага. Доступ да затрыманых членаў іх сем'яў ажыццяўляўся толькі паводле меркавання следчых, і часта членаў сям'і не апавяшчалі аб затрыманні якога-небудзь, нават непаўналетняга, члена сям'і.
Звычайнымі з'яўляюцца і працяглыя тэрміны ўтрымання пад вартай да пачатку судовага працэсу. У канцы года, напрыклад, у зняволенні знаходзіліся: Міхаіл Лявонаў, Генеральны дырэктар трактарнага завода (МТЗ), які ўтрымліваўся пад вартай з часу яго арышту ў пачатку студзеня па абвінавачванню ў карупцыі; мастак Алесь Пушкін знаходзіўся ў зняволенні з часу яго арышту ў Мінску ў ліпені за спробу правесці акцыю перфоманса ў Дзень Рэспублікі, які адзначаецца ў дзень вызвалення Мінска ад нацысцкай акупацыі; прадпрымальнік Аксана Новікава ўтрымлівалася ў зняволенні пасля таго, як была арыштавана 17 кастрычніка за распаўсюджванне антылукашэнкаўскіх лістовак на Кастрычніцкай плошчы Мінска; 61-гадовы прамысловец і ў нядаўнім мінулым кандыдат на пасаду прэзідэнта Леанід Калугін утрымліваўся пад вартай з лістапада 2001 г., калі быў абвінавачаны ў злоўжыванні ўладай, незаконных валютных махінацыях і незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці.
Невядомыя супрацоўнікі праваахоўных ораганаў ў цывільным таксама рэгулярна затрымлівалі ўдзельнікаў дэманстрацый, накіраваных супраць існуючага рэжыму, і распаўсюджвальнікаў апазіцыйных матэрыялаў. Меліся шматлікія паведамленні аб тым, што асобныя грамадзяне і члены арганізацый, якія займаліся выданнем апазіцыйных матэрыялаў, падвяргаліся арыштам і затрыманням (гл. раздзел 2.а.). У шэрагу выпадкаў супрацоўнікі праваахоўных органаў поўнасцю ізаліравалі ад кантактаў са знешнім асяроддзем некаторых затрыманых ўдзельнікаў дэманстрацый. Акрамя затрыманняў соцен грамадзян, выступаўшых супраць дзеючага рэжыму, многіх з якіх затрымлівалі на тэрмін ад некалькіх гадзін да некалькіх дзён, некаторыя вядомыя палітычныя дзеячы ўтрымліваліся пад вартай працяглы час да разгляду іх спраў у судзе. У некаторых выпадках такое ўтрыманне пад вартай да судовага працэсу працягвалася больш 1 года (гл. раздзел 1.в.).
Хаця Канстытуцыя не змяшчае палажэнняў аб прымусовай ссылцы і ўлады, як правіла, да прымусовых ссылак не звяртаюцца, ёсць паведамленні, заслугоўваючыя даверу, аб тым, што прадстаўнікі праваахоўных органаў пагражалі палітычным дзеячам – удзельнікам апазіцыі і прафсаюзным лідэрам крымінальным праследаваннем і фізічнай расправай у выпадку, калі яны не спыняць сваю дзейнасць і не пакінуць краіну.
д. Адмаўлення ў правядзенні справядлівага адкрытага суда
Канстытуцыя 1994 года прадугледжвае існаванне незалежнай судовай улады. Аднак на практыцы судовая ўлада не была незалежнай, таму што не была здольна стрымліваць дзейнасць выканаўчай улады і яе прадстаўнікоў. Канстытуцыя 1996 года яшчэ болей падпарадкавала судовую ўладу выканаўчай галіне ўлады і тым самым дала Прэзідэнту права назначаць 6 з 12 членаў Канстытуцыйнага суда, ўключаючы яго Старшыню. Астатнія 6 членаў суда назначаюцца Саветам Рэспублікі, які, ў сваю чаргу, складаецца альбо з членаў, якіх назначае прэзідэнт, альбо прыхільнікаў прэзідэнта. Прэзідэнт назначае Старшынь Вярхоўнага суда і Вышэйшага гаспадарчага суда. Прэзідэнт таксама мае замацаванае за ім Канстытуцыяй права назначаць і звальняць усіх раённых і ваенных суддзяў.
Сістэма крымінальнага судаводства мае тры ўзроўні: раённыя суды, абласныя суды і Вярхоўны суд. Канстытуцыйны суд быў створаны з мэтай разгляду сур'ёзных канстытуцыйных пытанняў; аднак, паколькі ён быў залежным ад выканаўчай галіны ўлады, на практыцы ён не выступаў супраць заканадаўчых ініцыятыў прэзідэнта. Канстытуцыйны суд не мае сродкаў забеспячэння выканання сваіх рашэнняў.
Пракуратура, як і суды, дзейнічае на раённым, абласным і рэспубліканскім узроўнях. У сваёй дзейнасці пракуроры поўнасцю падпарадкоўваюцца і выконваюць указанні Генеральнага пракурора, які назначаецца Саветам Рэспублікі. Пракуроры не з'яўляюцца незалежнымі і не маюць права накіроўваць абвінавачванні супраць прэзідэнта ці членаў прэзідэнцкай адміністрацыі.
У адпаведнасці з прэзідэнцкім указам усе адвакаты падпарадкоўваюцца Міністэрству юстыцыі, якое ажыццяўляе ліцэнзіраванне дзейнасці адвакатаў; такім чынам, асацыяцыя адвакатаў таксама ў вызначанай ступені знаходзілася пад кантролем Міністэрства юстыцыі. На думку міжнародных экспертаў па прававых пытаннях і прадстаўнікоў праваабарончых арганізацый гэты ўказ сур'ёзна пагражае незалежнасці адвакатуры ад уладаў. Напрыклад, улады пазбавілі права адвакацкай практыкі адваката-праваабаронцу Ігара Аксенчыка за яго ўдзел у судовым працэсе па справе выкрадальнікаў тэлеаператара Дзмітрыя Завадскага (гл. раздзел 1.б.).
Канстытуцыі 1994 і 1996 гадоў прадугледжвалі правядзенне адкрытых судовых пасяджэнняў за выключэннем тых выпадкаў, якія прадугледжваюцца заканадаўствам (напрыклад, у справах аб згвалтаваннях ці па меркаваннях нацыянальнай бяспекі). Суды арганізоўвалі ўсё больш закрытых для назіральнікаў судовых разбірацельстваў. Судовае разбірацельства 11 верасня па справе аб паклёпе, ўзбуджанае супраць Віктара Івашкевіча, было закрытым для грамадскасці (гл. раздзел 2.а.). Міжнародныя і мясцовыя назіральнікі не былі дапушчаны на судовае разбірацельства па справе журналістаў газеты "Пагоня" Мікалая Маркевіча і Паўла Мажэйкі (гл. раздзел 2.а.). Як правіла, судовыя рашэнні выносілі суддзі. Толькі ў справах па злачынствах, якія караюцца смерцю і ў якіх абвінавачаны не прызнае сябе вінаватым і патрабуе, каб яго судзілі судом прысяжных, суд прысяжных выносіў рашэнне аб вінаватасці ці невінаватасці абвінавачанага. У сувязі з залежнасцю суддзяў ад Міністэрства юстыцыі, якое забяспечвала інфраструктуру судоў, і ад чыноўнікаў мясцовай выканаўчай улады, якія забяспечвалі суддзяў жыллёвай плошчай, меліся заслугоўваючыя даверу паведамленні аб тым, што выканаўчыя і мясцовыя ўлады заказвалі судам вынікі судовых працэсаў. Пракуратура адхіляла гэтыя зацвярджэнні.
Абвінавачаныя маюць юрыдычнае права прысутнічаць на судовым разбірацельстве, ўдзельнічаць у правядзенні вочных ставак са сведкамі і даваць сведкавыя паказанні ад свайго імя; аднак на практыцы гэтыя правы не заўсёды выконваліся. Па закону затрыманыя павінны валодаць магчымасцю неабмежаванага доступу да паслуг адвакатаў, а тым, хто не здольны аплаціць паслугі адваката, павінны быць прадастаўлены адвакат па назначэнню суда. Аднак гэтыя правы не заўсёды выконваліся. 1 верасня на судовым разбірацельстве па справе Юрыя Бяленкі, які абвінавачваўся ў правядзенні несанкцыяванай дэманстрацыі, раённы суддзя адмовіў яму ў праве доступу да паслуг адваката (гл. раздзел 2.а.).
Канстытуцыя ўстанаўлівае прэзумпцыю невінаватасці; аднак на практыцы абвінавачаным часта прыходзілася даказваць сваю невінаватасць. Па даных за 1998 г. (апошнія статыстычныя даныя, распаўсюджаныя Беларускім Хельсінкскім камітэтам), пракуроры прад'явілі абвінавачванні ў ажыццяўленні крымінальных злачынстваў 59700 грамадзянам. З іх толькі 272, ці меньш 0,5 %, былі прызнаны невінаватымі.
Як абвінавачаныя, так і абвінаваўцы, маюць права апратэстоўваць рашэнні суда і большасць рашэнняў па крымінальных справах апратэстоўваліся; аднак апеляцыйныя скаргі рэдка прыводзілі да скасавання абвінаваўчых прыгавораў. Суд праводзіць пасяджэнні па разгляду апеляцый у адсутнасці абвінавачаных і сведак. На гэтых пасяджэннях разглядаюць пратаколы і іншыя матэрыялы судовага разбірацельства. Для разгляду спраў затрыманых на працягу года удзельнікаў дэманстрацый пратэсту супраць існуючага рэжыму наладжваліся "канвеерныя" судовыя разбірацельствы, пры гэтым абвінавачаным часта адмаўлялі ў праве доступу да паслуг адваката, ў прадастаўленні доказаў ці выклікаў сведак (гл. раздзел 2.б.). Напрыклад, Вінцук Вячорка, лідэр апазіцыйнага Беларускага народнага фронту, быў прыгавораны да 15 сутак арышту за правядзенне ў сакавіку гэтага года несанкцыяванага мітынгу. На судзе яму не дазволілі падаць апеляцыю і выступіць з заключным словам.
3 красавіка Генеральная пракуратура паведаміла аб арышце Юрыя Янкелевіча, дэкана аднаго з факультэтаў Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага інстытуту, ў сувязі з расследаваннем справы аб дачы хабараў, узбуджаным у чэрвені 2001 г. супраць прафесара Юрыя Бандажэўскага. Па сцвярджэнню прадстаўнікоў Генеральнай пракуратуры, ў 1997 г. Янкелевіч, які ў той час працаваў у інстытуце, атрымаў буйны хабар і падзяліў яго з Бандажэўскім. Акрамя Янкелевіча, яшчэ сем супрацоўнікаў інстытуту былі абвінавачаны ў атрыманні хабараў. Аднак па гэтых справах суд вынес прыгаворы з адтэрміноўкай выканання. У чэрвені 2001 г. па выніках расследавання, якое працягвалася 4 месяцы, Бандажэўскі і другі прафесар Уладзімір Рэўкоў былі прызнаны вінаватымі ў атрыманні хабараў і прыгавораны да турэмнага зняволення тэрмінам на 8 гадоў. Рэўкоў, які да гэтага ўжо правёў 19 месяцаў у камеры папярэдняга зняволення, з'яўляецца былым прарэктарам Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага інстытуту, а Бандажэўскі – былым рэктарам навучальнай установы. Паведамлялася, што бацькоў і студэнтаў прымушалі даваць сведкавыя паказанні.
У красавіку быў вызвалены Андрэй Клімаў, які з'яўляўся дэпутатам распушчанага законна абранага парламента. Ён быў асуджаны ў 2000 г. па абвінавачванню ў здзяйсненні службовага злачынства і крадзяжу ў буйных памерах пры выкананні дзяржаўных кантрактаў у якасці кіраўніка будаўнічай кампаніі, якое многія лічылі сфабрыкаваным. Іншых паведамленнях аб палітычных зняволеных не маецца.
е. Адвольнага ўмяшання ў прыватнае, сямейнае жыццё, парушэння правоў недатыкальнасці жылля і тайны перапіскі
Канстытуцыя забараняе такія дзеянні, аднак на практыцы гэтыя правы не выконваліся. Забараняецца ажыццяўляць перахоп тэлефонных размоў і іншых відаў паведамленняў, якія перадаюцца па лініях сувязі без санкцыі судовых органаў; аднак на практыцы рэжым працягваў кантраляваць кватэры, тэлефоны і кампьютары. Органы КДБ, МУС і некаторыя падраздзяленні пагранічных войскаў выкарыстоўваюць падслухваючыя прыстасаванні, хаця па закону яны павінны атрымаць санкцыю пракурора на іх устаноўку. Супрацоўнікі КДБ таксама пранікалі без ордэру ў прыватнае жыллё, праводзілі несанкцыяваныя вобыскі і ажыццяўлялі несанкцыяваны прагляд паштовых паведамленняў.
Ва ўмовах, калі пракуратура не здольна прымаць незалежныя рашэнні, страчваюць сэнс прадугледжаныя заканадаўствам прававыя механізмы аховы ад несанкцыяванага перахопу тэлефонных і іншых паведамленняў. Кодэкс адміністрацыйных парушэнняў прадугледжвае прымяненне штрафных санкцый да грамадзян, якія перашкаджаюць выкананню супрацоўнікамі КДБ сваіх абавязкаў. Любая спроба перашкодзіць уваходу супрацоўнікаў КДБ у памяшканні кампаній, установы ці арганізацыі, а таксама адмаўленне гэтых юрыдычных асобаў ад садзейнічання ў правядзенні праверак ці адмаўленне забяспечыць альбо абмежаваць доступ да інфармацыйных сістэм і базаў даных кампаній з'яўляюцца крымінальным злачынствам. Дагаворы на тэлефонныя паслугі, якія заключаюцца Міністэрствам сувязі, забараняюць абанентам выкарыстоўваць тэлефонную сувязь з мэтамі, якія супярэчаць інтарэсам дзяржавы і грамадскага парадку. Міністэрства сувязі мае права спыніць аказанне тэлефонных паслуг тым, хто парушыў гэта палажэнне; аднак на працягу года не было паведамленняў аб тым, што міністэрства выкарыстоўвала гэтае права.
Амаль усе апазіцыйныя палітычныя дзеячы паведамлялі аб тым, што ўлады ажыццяўлялі назіранне за іх дзейнасцю і праслухоўвалі размовы. Рэжым не зрабіў нічога для таго, каб абвергнуць гэтыя паведамленні. Прадстаўнікі шэрагу недзяржаўных арганізацый таксама паведамлялі, што спецслужбы пастаянна ажыццяўлялі праслухоўванне размоў і прагляд перапіскі. 9 верасня старшыня АГП Анатоль Лябедзька звярнуўся ў Генеральную пракуратуру з патрабаваннем правесці расследаванне незаконнага праслухоўвання яго тэлефоннай размовы з расійскім парламентарыем. Генеральны пракурор адмовіўся разглядаць гэтае абвінавачванне і не ўказаў прычыну адмаўлення.
Па існуючых паведамленнях, Служба бяспекі Прэзідэнта працягвала ажыццяўляць назіранне за дзейнасцю палітычных праціўнікаў Прэзідэнта. Судовы ці заканадаўчы кантроль дзейнасці і бюджэту Службы бяспекі адсутнічаў, і органы выканаўчай улады неаднаразова спынялі спробы ажыццяўлення такога кантролю. Назіранне таксама вялося і за самімі прадстаўнікамі рэжыму. Вядома, што супрацоўнікі міліцыі, якія ажыццяўляюць ахову дыпламатычных прадстаўніцтваў, вядуць улік візітаў апазіцыйных палітычных дзеячаў. 4 лістапада адзін з лідэраў апазіцыі Анатоль Лябедзька быў затрыманы з прымяненнем сілы каля замежнага пасольства супрацоўнікамі спецслужбаў у цывільным, якія адмовіліся прадставіцца. Яны даставілі яго ва ўпраўленне КДБ, дзе яму было зроблена афіцыйнае папярэджанне аб тым, што яму будзе прад'яўлена абвінавачванне ў дзяржаўным здрадніцтве, калі ён не спыніць кантакты з іншаземцамі. Некаторыя дзеячы апазіцыі адмаўляліся наведваць замежныя пасольствы, асцерагаючыся рэпрэсій.
Шырока выкарыстоўваліся такія метады праследавання, як праверкі, якія ажыццяўляліся прадстаўнікамі спецслужбаў з канфіскацыяй, часта несанкцыяванай, палітычнай літаратуры. Аб'ектамі праследавання былі дзеячы апазіцыі і іх прыхільнікі. У сакавіку лідэраў апазіцыі, якія накіроўваліся ў Літву на канферэнцыю, падверглі на граніцы дасканаламу асабістаму вобыску, а ў лідэраў АГП Лябедзькі і Раманчука, якія вярнуліся ў кастрычніку з Прагі, дзе яны бралі ўдзел у канферэнцыі, канфіскавалі матэрыялы, якія яны мелі пры сабе і партатыўны кампьютар.
Раздзел 2. Выкананне грамадзянскіх свабод, уключаючы:
а. Свабоду слова і друку
Канстытуцыі, як 1994 года, так і 1996 года, гарантуюць свабоду слова, а таксама свабоду атрымання, захавання і распаўсюджвання інфармацыі; аднак на практыцы рэжым абмяжоўваў гэтыя правы. Законы і дэкрэты абмяжоўваюць свабоду самавыяўлення, абмяжоўваюць выкарыстанне грамадзянамі сімвалаў і слоў на плакатах, а надзвычайна шырокае тлумачэнне палажэнняў законаў аб паклёпе выкарыстоўваецца з мэтай падаўлення крытыкі рэжыма і яго прадстаўнікоў. Рэжым выкарыстоўваў розныя метады абмежавання свабоды друку, ўключаючы: прымяненне законаў аб паклёпе, абмежаванне фінансавання замежнымі арганізацыямі, аказанне націску на прадпрыемства з мэтай прадухілення размяшчэння рэкламы ў незалежных СМІ, абмежаванне доступу да газетнай паперы, адмаўленне ў акрэдытацыі журналістам, якія выступаюць з крытыкай рэжыму, цэнзура, абмежаванне імпарту матэрыялаў для сродкаў масавай інфармацыі, прыпыненне дзейнасці апазіцыйных перыядычных выданняў, узбуджэнне судовага іску супраць буйнога незалежнага выдавецтва, затрыманне грамадзян, якія распаўсюджваюць апазіцыйныя газеты. Рэжым выкарыстоўвае манапалізаванае ім тэлебачанне для перадачы навін, якія змяшчаюць тэндэнцыёзную інфармацыю, і максімальнага абмежавання прадстаўлення інфармацыі, якая супярэчыць афіцыйнаму пункту гледжання. Гэтыя абмежаванні свабоды прэсы былі асабліва адчувальныя ў перыяд да правядзення прэзідэнцкіх выбараў у верасні 2001 г.
Выканаўчая ўлада працягвала ушчымліваць свабоду слова. Выданы ў 1997 г. прэзідэнцкі дэкрэт забараняе шэраг відаў дзейнасці, што маюць шырокае вызначэнне, і абмяжоўвае свабоду самавыяўлення. Дэкрэт забараняе грамадзянам выкарыстоўваць плакаты ці флагі з выяўленнем сімволікі незарэгістраванай афіцыйна ў дзяржаўных органах, а таксама сімволікі і плакатаў, якія прыносяць шкоду дзяржаве і грамадскаму парадку, а таксама правам і законным інтарэсам грамадзян. Дэкрэт таксама забараняе ажыццяўляць дзеянні, якія дыскрэдытуюць дзяржаўныя органы. Гэты дэкрэт выкарыстоўваўся як аснова для праследавання і пакарання грамадзян, якія неслі прадметы сімволікі, што падкрэслівалі незалежнасць краіны, такія, як чырвона-белы флаг. Адзін з указаў выданых у 1998 г. абмяжоўвае правы грамадзян выказваць сваю думку. У 2001 г. Алесь Абрамовіч, Алеся Васюк, Надзея Грачуха і Дзмітрый і Міхаіл Кузняцовы былі арыштаваны і абвінавачаны ў паклёпе за выказванні, якія зневажалі гонар і годнасць прэзідэнта, на 30-хвіліннай дэманстрацыі ў Барысаве. На працягу года ўлады штрафавалі, папярэджвалі і знявольвалі прадстаўнікоў СМІ, дзеячаў апазіцыі і рэлігійных груп, а таксама іншых грамадзян, якія публічна выступалі з крытыкай рэжыму. 17 кастрычніка за распаўсюджванне антылукашэнкаўскіх лістовак у Мінску была арыштавана Таццяна Новікава, якой прад'явілі абвінавачанне ў паклёпе на Прэзідэнта. Пазней яна была вызвалена. Закон аб паклёпе не праводзіць розніцы паміж прыватнымі асобамі і дзяржаўнымі чыноўнікамі пры разглядзе судовых іскаў аб дыскрэдытацыі. Дзяржаўны дзеяч, падвергнуты крытыцы за нездавальняючае выкананне службовых абавязкаў, можа звярнуцца да пракурора з патрабаваннем узбудзіць судовы іск супраць газеты, якая апублікавала артыкул. Газеты з найвялікшым тыражом і іншыя друкаваныя сродкі масавай інфармацыі належылі дзяржаве, ў той жа час выдаваўся шэраг незалежных выданняў, некаторыя з якіх характарызаваліся крытычнымі адносінамі да рэжыму. У Мінску паўсюды можна было набыць незалежныя газеты, аднак за межамі сталіцы выбар быў абмежаваны дзяржаўнымі агульнарэспубліканскімі выданнямі і мясцовай прэсай, нямногія з якіх былі незалежнымі.
Усе рэспубліканскае радыё- і тэлевяшчанне было дзяржаўным, хаця ў многіх рэгіёнах краіны можна было прымаць перадачы з іншых краін, уключаючы Расію, Польшчу і Літву. Беларуская дзяржаўная тэлерадыёкампанія (БДТРК) захоўвала манаполію на вяшчанне як адзіная агульнанацыянальная тэлевізійная станцыя. Перадаваемыя ёй праграмы навін змяшчалі яўна тэндэнцыёзную інфармацыю, накіраваную на падтрымку ўладаў, характарызаваліся агрэсіўна-крытычным стаўленнем да апазіцыйных палітычных дзеячаў і не ўключалі думак супярэчных афіцыйнаму пункту гледжання. У некаторых рэгіёнах працавалі мясцовыя незалежныя тэлевізійныя станцыі, якія перадавалі мясцовыя навіны. Іх дзейнасці ўлады не перашкаджалі. Аднак многія з іх паведамлялі, што на іх аказваўся націск з тым, каб яны не закраналі праблемы агульнарэспубліканскага значэння, а дзейнасць станцый падвяргалася цэнзуры.
У адпаведнасці з існуючым заканадаўствам публічная знявага ці паклёп у адрас прэзідэнта можа карацца пазбаўленнем волі на тэрмін да 4 гадоў турэмнага зняволення ці да 2 гадоў з адбываннем пакарання ў папраўча-працоўнай калоніі, альбо буйным штрафам. Улады таксама працягвалі выкарыстоўваць артыкулы Крымінальнага кодэксу аб адказнасці за паклёп на прэзідэнта і дзяржаўных чыноўнікаў для падаўлення свабоды прэсы. За такія правапарушэнні Крымінальны кодэкс прадугледжвае макскімальнае пакаранне ў выглядзе турэмнага зняволення тэрмінам да 5 гадоў. Жанна Літвінава, Прэзідэнт Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), сцвярджае, што законы, які прадугледжваюць пакаранне за паклёп на дзяржаўных чыноўнікаў, эфектыўна выкарыстоўваюцца для спынення крытычных выступленняў супраць рэжыму ў прэсе. У верасні БАЖ пачала збор подпісаў у падтрымку звароту з патрабаваннем выключыць гэтыя тры артыкулы, аднак да канца года дзяржаўныя органы яшчэ не адказалі на гэты зварот.
25 чэрвеня гродненскі суд прыгаварыў Мікалая Маркевіча галоўнага рэдактара незалежнай газеты "Пагоня" і журналіста газеты Паўла Мажэйку да 2,5 і 2 гадоў "хіміі" (ссылка мясцовага маштабу), адпаведна. Абодва журналісты былі асуджаны за публікацыю паклёпніцкага артыкулу пра прэзідэнта Лукашэнку ў адным з нумароў газеты ў верасні 2001 г. На працягу двухмесячнага судовага разбірацельства мясцовыя ўлады спрабавалі не дапусціць на пасяджэнні суда прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, праваабарончых арганізацый і замежных дыпламатаў.
27 жніўня галоўны рэдактар Павел Жук аб'явіў аб закрыцці незалежнай газеты "Наша свабода". "Наша свабода" - адна з буйнейшых незалежных газет краіны, была закрыта пасля таго, як Мінскі суд пастанавіў спагнаць з яе штраф у памеры 55000 долараў ЗША (96,5 мільёнаў рублёў) на пакрыццё страты па іску, паданаму Анатолем Тозікам, страшынёй Камітэта дзяржаўнага кантролю, які абвінаваціў газету ў паклёпе. Тозік заявіў, што апублікаваны ў газеце артыкул нанес шкоду яго рэпутацыі. Паколькі газета не была ў стане заплаціць штраф, улады канфіскавалі абсталяванне "Нашай свабоды" і замарозілі банкаўскія рахункі выдання.
21 верасня Генеральная пракуратура ўзбудзіла іск па справе аб паклёпу супраць журналіста "Беларускай дзелавой газеты" Ірыны Халіп. Узбуджэнне іску было рэакцыяй на артыкулы Ірыны Халіп, прысвечаныя расследаванню ўладаў па справе аб карупцыі ў адносінах Віктара Казекі, былога кіраўніка буйнога дзяржаўнага канцэрна "Белдзяржхарчпрам" і яго сына. Генеральная пракуратура таксама вынесла папярэджанне выданню "Для службовага карыстання", штомесячнаму дадатку да "Беларускай дзелавой газеты".
15 кастрычніка Мінскі гарадскі суд пацвердзіў першапачатковае рашэнне суда, згодна якому Віктар Івашкевіч, Галоўны рэдактар незалежнай газеты "Рабочы", быў прыгавораны да 2 гадоў "абмежавання свабоды" за паклёп на прэзідэнта.
25 ліпеня, выведзены з сябе высмейваннем у прэсе штогадовай кампаніі па збору ўраджаю, Лукашэнка даў указанне Міністру інфармацыі "прывесці прэсу да прытомнасці". Міністр інфармацыі Міхаіл Падгайны ў адказ на гэта ўказанне заявіў аб сваім намеры выкарыстаць асабістыя рычагі ўздзеяння на незалежную прэсу. Падгайны заявіў, што для яго не складае цяжкасці выявіць парушэнні ў дзейнасці перыядычных выданняў і вынесці ім папярэджанні. Міністр заявіў, што ён разлічвае на дыялог з незалежнай прэсай і адзначыў, што ў апошні час недзяржаўныя выданні публікуюць "больш аб'ектыўную інфармацыю". Падгайны таксама заявіў, што яго кіраўніцтва не ўказвае аб чым пісаць дзяржаўнай прэсе. Ён прызнаў, што дзяржаўнай прэсе даюцца "асноўныя арыенціры", якімі яна кіруецца пры асвятленні падзей.
Па паведамленню "Беларускай дзелавой газеты", 16 кастрычніка Міністр інфармацыі Міхаіл Падгайны даваў указанні галоўным рэдактарам радыёстанцый дыяпазону ўльтракароткіх хваляў адносна таго, што неабходна ўключаць у перадачы навін.
29 лістапада Міністэрства інфармацыі скасавала рэгістрацыю газеты "Мясцовы час". Па словах яе Галоўнага рэдактара, газета падвяргалася праверкам, штрафным санкцыям і праследаванням пасля таго, як яна ўпершыню выйшла ў свет 31 кастрычніка.
Рэжым працягваў аказваць націск на незалежныя газеты. У адпаведнасці з існуючым заканадаўствам дзяржаўныя органы могуць закрыць выданне пасля двух папярэджанняў. 4 лютага ўлады вынеслі папярэджанне незалежнай газеце "Наша ніва" пасля публікацыі ў ёй артыкула аб беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царкве (гл. раздзел 2.в.). У маі суд скасаваў гэта папярэджанне. 29 сакавіка Міністэрства юстыцыі вынесла папярэджанне незалежнай газеце "Народная воля", якая апублікавала артыкул, у якім сцвярджалася, што Лукашэнка замешаны ў незаконным гандлі зброяй з краінамі-ізгоямі. 7 лютага Генеральнай пракуратурай было вынесена папярэджанне Ірыне Макавецкай журналісту "Беларускай дзелавой газеты" у сувязі з яе артыкулам аб жорсткасці міліцыі.
Рэжым выкарыстоўваў прэзідэнцкія ўказы ў якасці яшчэ аднаго сродка абмежавання дзейнасці незалежнай прэсы. У сакавіку 2001 г. з мэтай абмежавання фінансавай дапамогі сродкам масавай інфармацыі з-за мяжы быў прыняты ўказ "Аб некаторых мерах па ўдасканальванню парадку атрымання і выкарыстання замежнай бязвыплатнай дапамогі". Накіраваны, як мяркуецца, на спыненне падрыўной дзейнасці, якая фінансуецца замежнымі арганізацыямі, указ забараняе ажыццяўленне фінансавання замежнымі арганізацыямі "дзейнасці, накіраванай на змяненне канстытуцыйнага ладу, звяржэнне дзяржаўнай улады ці падтрымку такой дзейнасці ... падрыхтоўку, правядзенне і арганізацыю выбараў, рэферэндумаў, арганізацыю сходаў, мітынгаў, дэманстрацый, пікетаў, забастовак, публікацыю прапагандысцкіх матэрыялаў, арганізацыю семінараў і іншых відаў прапагандысцкай дзейнасці з удзелам насельніцтва". Указ стаў асновай для прынятых у часе перадвыбарнай кампаніі праследаванняў па ўсёй краіне сродкаў масавай інфармацыі і незалежных НДА, многія (калі не большасць) з якіх, атрымліваюць дапамогу ад міжнароднай супольнасці. Рэжым з дапамогай выкарыстання падаткавых інспектараў і ажыццяўлення канфіскацыі друкаваных матэрыялаў і абсталявання, спрабаваў нейтралізаваць большую частку дэмакратычнай апазіцыі ў перыяд правядзення кампаніі і тым самым значна абмяжоўваў свабоду слова і самавыяўлення (гл. раздзел 1.е.).
Згодна прэзідэнцкаму ўказу, выданаму ў 2000 г., незалежным выданням не дазваляецца выкарыстоўваць у сваіх назвах назву краіны. Дэкрэт "Аб выкарыстанні назвы Рэспублікі Беларусь юрыдычнымі асобамі " дазваляе выкарыстоўваць назву краіны ў сваіх назвах толькі юрыдычным асобам па спецыяльнаму дазволу прэзідэнта. З тым, каб забяспечыць лаяльныя адносіны да ўладаў, у 1996 г. быў выданы прэзідэнцкі ўказ, у адпаведнасці з якім усе галоўныя рэдактары дзяржаўных выданняў з'яўляюцца дзяржаўнымі служачымі і членамі адпаведных мясцовых дзяржаўных органаў. Другі дэкрэт забяспечыў Міністэрства друку правам накіроўваць выпускнікоў факультэтаў журналістыкі дзяржаўных навучальных устаноў на работу ў дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі з мэтай вяртання сродкаў, выдаткаваных на іх навучанне.
Нарматыўныя палажэнні даюць уладам права забараняць і падвяргаць цэнзуры крытычныя матэрыялы; напрыклад, Дзяржаўнаму камітэту па друку было дадзена права прыпыняць выпуск перыядычных выданняў, уключаючы газеты, на тэрмін да трох месяцаў без пастановы суда. Папраўкі да закону забараняюць сродкам масавай інфармацыі распаўсюджваць інфармацыю, якую прапаноўваюць палітычныя партыі, прафсаюзы і НДА, незарэгістраваныя ў Міністэрстве юстыцыі.
22 жніўня БАЖ правяла прэс-канферэнцыю, на якой была зроблена заява аб тым, што Міністэрства інфармацыі не мае права ўмешвацца ў канфлікт паміж заснавальнікамі незалежнай газеты "Свабодныя навіны". Па словах юрыста БАЖ Андрэя Бастунца, Міністэрства інфармацыі дало ўказанне “Беларускаму дому друку” лічыць дзейнасць "Свабодных навін" прыпыненай.
У заяве ад 28 жніўня, зробленай у сувязі з ліквідацыяй незалежнай газеты "Свабодныя навіны", БАЖ патрабавала адстаўкі Міністра інфармацыі Міхаіла Падгайнага. БАЖ абвінаваціла Падгайнага ва ўскоснай цэнзуры прэсы, якая ажыццяўлялася шляхам пагрозы закрыцця газет, выкарыстання дзяржаўнай прэсы ў якасці інструментаў прапаганды, спробах абмежавання публічнага абмеркавання новага праекту закону аб друку, а таксама ў адмаўленні прыцягнуць еўрапейскіх экспертаў да ўдзелу ў падрыхтоўцы праекту закону.
На працягу года некалькі грамадзян узбудзілі судовыя іскі супраць незалежнай газеты "Народная воля" пасля публікацыі артыкулаў, якія яны палічылі паклёпніцкімі. У чэрвені Мінскі гарадскі суд часова замарозіў банкаўскі рахунак "Народнай волі" пасля таго, як два суддзі з Жодзіна ўзбудзілі судовы іск супраць газеты ў сувязі з публікацыяй артыкула, які, на іх думку, з'яўляўся паклёпніцкім. 20 верасня Мінскі суд пастанавіў канфіскаваць абсталяванне газеты "Народная воля" на суму каля 2360 долараў ЗША (5 мільёнаў рублёў) у лік пакрыцця стратаў па іску аб паклёпе, прад'яўленаму другім суддзёй. Аднак 25 снежня Генеральная пракуратура адхіліла заяву Леаніда Козіка, Старшыні Беларускай федэрацыі прафсаюзаў (БФП) з просьбай закрыцця газеты, паданую ім пасля публікацыі артыкула з крытыкай сходу БФП.
Адным з наступстваў судовых праследаванняў па ісках аб паклёпніцтве і іншых мерах, якія былі зроблены рэжымам, стала ўзмацненне самацэнзуры. Па словах віцэ-прэзідэнта БАЖ Эдуарда Мельнікава "многія недзяржаўныя газеты спынілі публікацыі вострых матэрыялаў і іх супрацоўнікі сталі на шлях самацэнзуры, што лічыцца непрымальным у нармальнай журналістыцы". У гэтым годзе дзяржаўныя органы вынеслі толькі два афіцыйных папярэджанні ў параўнанні з 80 у 2001 г.
12 жніўня Леанід Козік, якога Лукашэнка асабіста выбраў для назначэння на пасаду старшыні Беларускай федэрацыі прафсаюзаў (БФП), паведаміў супрацоўнікам газеты БФП "Беларускі час" аб тым, што ён звольніў іх галоўнага рэдактара Аляксандра Старыкевіча з-за яго нежадання супрацоўнічаць з ім. Сярод іншых прычын звальнення ён назваў адмаўленне былога галоўнага рэдактара паказаць яму вёрстку нумару газеты. Козік таксама ўспомніў адмоўныя адносіны Старыкевіча да саюза Беларусі і Расіі і яго адмаўленне змясціць артыкул аб выбранні Козіка на пасаду старшыні БФП у шапцы першай паласы (гл. раздзел 6.а.).
На працягу года некалькі журналістаў былі пабіты невядомымі ці супрацоўнікамі праваахоўных органаў. 17 сакавіка Алег Супрунюк, карэспандэнт радыё "Свабода" і намеснік галоўнага рэдактара мясцовай незалежнай газеты "Брэсцкі кур'ер", быў пабіты невядомымі і змешчаны ў бальніцу. 4 мая невядомыя напалі на Юрыя Грыменюка, незалежнага журналіста з г. Гродна. 8 верасня Станіслаў Пачобут, другі гродзенскі незалежны журналіст быў спынены і пабіты супрацоўнікамі міліцыі. Пачобут таксама быў адным з трох журналістаў, затрыманых мясцовымі праваахоўнымі органамі ў пасёлку Пагранічны перад знішчэннем уладамі храма Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (гл. раздзел 2.в.).
Апрача кіравання шляхам выдання ўказаў, рэжым працягваў выкарыстоўваць сваё блізкае да манапольнага права на вытворчасць папяровай прадукцыі, друкаванне і распаўсюджванне газет, а таксама перадачы рэспубліканскага радыё і тэлебачання для абмежавання распаўсюджвання апазіцыйных поглядаў. Прадстаўнікі рэжыму таксама адмаўлялі ў акрэдытацыі журналістам, якія крытыкавалі рэжым, і аказвалі эканамічны націск на незалежныя СМІ шляхам прымушэння рэкламадаўцаў адмаўляцца ад размяшчэння ў іх рэкламы, прымянення штрафных санкцый і адміністрацыйнага ўздзеяння. Улады ўзмацнілі кампанію праследавання незалежных сродкаў масавай інфармацыі: выкарыстоўвалі адкрытую цэнзуру і патрабавалі ад некаторых выданняў канфіскавання публікацый і тым самым прымушалі іх выпускаць газеты з пустымі старонкамі ці купюрамі.
У 1997 г. Савет Міністраў выдаў указ, які абмяжоўваў перамяшчэнне праз мытную граніцу вызначаных відаў прадукцыі; у прыватнасці, ўказ забараняе імпарт і экспарт друкаваных, аўдыё- і відэаматэрыялаў, ці іншых матэрыялаў, якія змяшчаюць інфармацыю, "якая можа нанесці шкоду эканамічным і палітычным інтарэсам краіны". Акрамя таго, на пагранічных пераходах ажыццяўляўся вобыск аўтамабіляў і ў шэрагу выпадкаў улады канфіскавалі матэрыялы, якія ўвозіліся ў краіну і прызначаліся для правядзення выбарчай кампаніі і не належалі якім-небудзь партыям.
У 1997 г. пастанова Савета Міністраў анулявала акрэдытацыю ўсіх карэспандэнтаў і абавязала карэспандэнтаў ўсіх замежных СМІ атрымаць акрэдытацыю ў Міністэрстве замежных спраў. У красавіку ўлады адмовілі ў акрэдытацыі групе тэлежурналістаў расійскага каналу НТБ. Улады таксама вынеслі папярэджанне репарцёру НТБ Паўлу Селіну за "падрыхтоўку тэндэнцыёзных рэпартажаў". Да гэтага часу Селін перадаў некалькі рэпартажаў з крытыкай існуючага рэжыму.
Хаця ў краіне і ёсць некалькі Інтэрнэт-правайдэраў, усе яны кантралююцца дзяржавай. Манаполія рэжыму на забеспячэнне паслуг карыстальнікам сеткі Інтэрнэт абумоўлівае высокі кошт, нізкую якасць і абмежаванасць паслуг, а таксама дазваляе ўладам кантраляваць практычна ўсю электронную пошту. Хаця ўлады поўнасцю кантралююць сетку Інтэрнэт, паколькі доступ да яе забяспечваецца дзяржаўнай манаполіяй – кампаніяй "Белтэлекам", доступ да сеткі перакрываецца імі выбарачна. У сакавіку прадстаўнікі праваабарончай НДА "Вясна" паведамлялі, што яны не маглі атрымаць доступ да свайго вэб-сайта на працягу 3 дзён пасля таго, як на ім была размешчана заява Сяргея Цурко, адваката сям'і Завадскіх (гл. раздел 1.б.). У красавіку апазіцыйная арганізацыя "Хартыя 97" паведаміла аб тым, што невядомыя хакеры поўнасцю знішчылі яе вэб-сайт.
Акрамя абмежавання дзейнасці СМІ, рэжым Лукашэнкі таксама працягваў абмяжоўваць акадэмічную свабоду. Кіраўніцтва вышэйшых навучальных устаноў перашкаджала правядзенню даследаванняў па вострых палітычных пытаннях, такіх, як рух за незалежнасць краіны ў савецкі перыяд – тэмы, якая лічыцца процілеглай палітыцы рэжыму, накіраванай на інтэграцыю з Расіяй. У чэрвені 2001 г. было ўведзена палажэнне, якое абавязвала ўсе незалежныя недзяржаўныя акадэмічныя ўстановы атрымліваць спецыяльныя дазволы ад уладаў на правядзенне вучэбных семінараў ці лекцый. Таксама існавалі паведамленні, заслугоўваючыя даверу, аб тым, што ў незалежных вучэбных установах прымянялася самацэнзура. Згодна гэтым паведамленням, ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, адной з вядучых незалежных вышэйшых навучальных устаноў, выкладчыкі рэкамендавалі студэнтам змяніць ці ўзяць іншую тэму дыпломнай работы, калі выбраная тэма магла выклікаць незадаволенасць прадстаўнікоў рэжыму.
Таксама працягваліся праследаванні студэнтаў-удзельнікаў акцый, накіраваных супраць рэжыму, такіх, як дэманстрацыі (гл. раздзел 2.б.). На працягу года ўлады падвяргалі праследаванням членаў незарэгістраванай Асацыяцыі беларускіх студэнтаў (АБС). 15 лютага невядомыя ўварваліся ў офіс АБС у Мінску, напалі на членаў АБС, якія знаходзіліся ў офісы і зніклі, прыхапіўшы кампьютарнае абсталяванне. 10 красавіка ў Гродна членаў АБС арыштавалі за незаконнае распаўсюджванне літаратуры. У лістападзе ў Беларускім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя Максіма Танка на некалькіх членаў АБС былі накладзены спагнанні, а Аляксей Тарасаў, член АБС, быў выключаны з інстытута за дзейнасць у асацыяцыі. Паведамлялася, што Крысціну Вітушка, другога члена АБС, КДБ абвінаваціў ў кіраўніцтве тэрарыстычнай групы, ў якую ўваходзілі студэнты ўніверсітэта.
б. Свабоду мірных сходаў і аб'яднанняў
Канстытуцыі 1994 года і 1996 года гарантуюць свабоду мірных сходаў; аднак на практыцы рэжым значна абмяжоўваў гэтае права. Пры правядзенні многіх несанкцыяваных дэманстрацый супрацоўнікі міліцыі і іншых спецслужбаў білі і затрымлівалі дэманстрантаў, а таксама аказвалі ціск на некаторых з іх з мэтай атрымання патрэбных паказанняў.
Не менш чым за 15 дзён да правядзення дэманстрацый, мітынгу ці сходу іх арганізатары павінны падаць заяўку ў мясцовыя органы ўлады для атрымання дазволу на іх правядзенне. У адпаведнасці з існуючым заканадаўствам мясцовы орган улады павінен паведаміць аб прынятым рашэнні не менш чым за 5 дзён да правядзення запланаванага мерапрыемства. Аднак пасля выбараў 2001 года ў большасці выпадкаў такія дазволы альбо не выдаваліся, альбо для правядзення дэманстрацый адводзіліся цяжкадаступныя, аддаленыя ад цэнтра гарадоў раёны.
На працягу года Міністэрства юстыцыі прымала спробы ануляваць рэгістрацыю шэрагу апазіцыйных партый у сувязі з выкарыстаннем юрыдычных адрасоў. Па закону ўсе грамадскія арганізацыі павінны рэгістравацца ў дзяржаўных органах. Гэтыя арганізацыі не могуць арэндаваць памяшканні ў адміністрацыйных будынках з-за таго, што многія будынкі альбо знаходзяцца ва ўласнасці дзяржавы, альбо арэндная плата занадта высокая. Таму яны вымушаны выкарыстоўваць для работы прыватныя кватэры, якія дзяржаўныя органы не лічаць юрыдычнымі адрасамі.
Закон абмяжоўвае магчымасць грамадзян праводзіць мірныя сходы і вылучае вызначаныя месцы для правядзення мітынгаў, забяспечваючы мясцовыя ўлады правам жорстка абмяжоўваць колькасць іх удзельнікаў. Указ таксама забараняе выкарыстанне незарэгістраваных флагаў і сімволікі, а таксама плакатаў з надпісамі, якія прадстаўляюць пагрозу для дзяржавы ці грамадскага парадку (гл. раздзел 2.а.). Указ з далейшымі папраўкамі, які быў прыняты заканадаўчымі органамі, пагражае суровым пакараннем для парушальнікаў у асаблівасці арганізатараў мерапрыемстваў. Прадугледжваецца альбо накладанне грашовага штрафу, альбо арышт на тэрмін да 15 сутак, часта суды прымянялі высокія штрафы, якія абвінавачаныя проста не ў стане былі заплаціць. Суды накладалі на арганізатараў мерапрыемстваў штрафы ў некалькі разоў перавышаючыя сярэднюю месячную заработную плату. Калі грамадзяне не выконвалі пастановы аб выплаце штрафаў, ўлады пагражалі канфіскаваць іх маёмасць.
У маі 2001 г. Лукашэнка выдаў ўказ, які забараняе правядзенне дэманстрацый незарэгістраванымі арганізацыямі, а таксама абмяжоўвае колькасць удзельнікаў дэманстрацый 1000 чалавек і змяшчае забарону на выкарыстанне маскаў. Па паведамленнях членаў апазіцыйных партый, улады часта адмаўлялі ў выдачы дазволаў на правядзенне мерапрыемстваў апазіцыйных арганізацый у грамадскіх будынках. Нягледзячы на гэта, ў Мінску часта праводзіліся дэманстрацыі, колькасць удзельнікаў якіх складала ад некалькіх асоб да некалькіх тысяч чалавек. Аднак усе дэманстрацыі праходзілі пад пільным назіраннем спецслужбаў, якое ўключала адкрытую відэаздымку ўдзельнікаў дэманстрацыі міліцыяй і супрацоўнікамі спецслужбаў у цывільным. Дэманстрацыі таксама праводзіліся і ў іншых рэгіёнах краіны, хаця і значна радзей, у асаблівасці ва ўсходніх раёнах, якія мяжуюць з Расіяй.
Падчас дэманстрацый, якія праходзілі 24 сакавіка ў Дзень волі ў Мінску і Гродна, супрацоўнікамі міліцыі былі пабіты некалькі дэманстрантаў. 25 сакавіка суд Савецкага раёна горада Мінска прыгаварыў двух следчых міліцыі да турэмнага зняволення за біццё падазроных. На наступны дзень суд Кастрычніцкага раёна горада Мінска асудзіў пяцярых супрацоўнікаў міліцыі за прымяненне катаванняў і бязлітаснае абыходжанне.
16 красавіка Васіль Парфендаў і Алесь Поклад былі пабіты супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным, на чале з начальнікам ўнутраных спраў Савецкага раёна Мікалаем Бусло і яго намеснікам Яўгенам Гурынковым, якія ўварваліся ў іх палатку, ўстаноўленую на тэрыторыі мемарыяльнага помніка Курапаты пад Мінскам, месцам правядзення шматлікіх, часта бурных дэманстрацый пратэсту супраць дзяржаўнага праекту пашырэння дарогі, якая праходзіць па масавых пахаваннях ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Гэты налёт быў ажыццёўлены адразу пасля таго, як яны падалі ў міліцыю заявы аб тым, што на іх раней некалькі разоў нападалі невядомыя асобы. 19 красавіка іх палатку падпалілі, і Алесь Поклад атрымаў апёкі 2-й і 3-й ступені 15 % скуры. Пацярпелыя сцвярджаюць, што падпал быў наўмысным. Хаця месца пратэсту кругласутачна знаходзіцца пад узмоцненай аховай міліцыі, ніхто так і не быў абвінавачаны ў падпале ці нападзеннях.
19 красавіка міліцыя пабіла 40 удзельнікаў дэманстрацый. Шасцёра чалавек, уключаючы вядомага праваабаронцу і журналіста Валерыя Шчукіна, былі шпіталізаваны. Па паведамленнях затрыманых удзельнікаў дэманстрацый, у СІЗА супрацоўнікі міліцыі паставілі іх уздоўж сцяны і затым пабілі.
У сакавіку 2001 г. у Гродна супрацоўнікі міліцыі затрымалі і збілі фотажурналіста Дзмітрыя Ягорава за тое, што ён здымаў міліцэйскія падраздзяленні, сцягнутыя ў цэнтр горада перад правядзеннем Маршу свабоды. У той жа дзень невядомыя асобы, якія, па меркаваннях многіх, былі звязаны з міліцыяй, пабілі мінскага фотажурналіста Уладзіміра Шлапака, які здымаў гэты марш у Мінску.
У 2001 г. толькі ў Мінску адбыліся 15 судовых працэсаў па справах, узбуджаных супраць супрацоўнікаў міліцыі. Некалькі “вартавых парадку” былі прыгавораны да значных тэрмінаў турэмнага зняволення. 28 сакавіка каменціруючы судовыя працэсы па справах супрацоўнікаў міліцыі, абвінавачаных у злоўжываннях уладай, генерал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мячэслаў Грыб сказаў журналістам, што "у дзеяннях міліцыі так многа злоўжыванняў, што іх немагчыма схаваць".
У шэрагу выпадкаў міліцыя ўмешвалася ў ход правядзення дэманстрацый. 14 лютага тры члены маладзёжнага руху "Зубр" былі затрыманы ў Гомелі пасля правядзення ў мясцовым парку акцыі перфомансу пад назвай "Дзень святога Лукі". У красавіку прадстаўнікі маладзёжнай арганізацыі "Малады фронт" паведамілі, што міліцыя арыштавала некалькі членаў перад дэманстрацыямі, якія павінны былі адбыцца 14 лютага і 16 сакавіка, з тым, каб не дапусціць іх удзелу ў гэтых акцыях. 2 красавіка група тэлежурналістаў расійскага каналу НТБ у складзе Паўла Селіна, Канстанціна Марозава і Дзмітрыя Давыдзенкі была затрымана на вуліцы ў Мінску і праз гадзіну адпушчана. 1 мая супрацоўнікі міліцыі ў цывільным адзенні арыштавалі члена прафсаюзу Юрыя Рыжкова, які трымаў чырвона-белы флаг падчас правядзення мітынгу.
Часамі арышту падвяргаліся нават не ўдзельнікі дэманстрацый, а выпадковыя прахожыя. Супрацоўнікі падраздзяленняў асобага прызначэння спынялі людзей на вуліцы і зганялі іх з тратуараў, калі калона дэманстрантаў знаходзілася яшчэ за некалькі кварталаў. Затрыманым прад'яўляліся абвінавачванні ва ўдзеле ў незаконнай дэманстрацыі. 24 сакавіка каля 50 чалавек былі арыштаваны ў цэнтры Мінску падчас дэманстрацыі, арганізаванай з нагоды 84-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. У гэтым выпадку арышты пачаліся яшчэ да пачатку акцыі. Міліцыя таксама затрымала аўтобус з дзіцячым хорам, які павінен быў узяць удзел у дэманстрацыі.
Канстытуцыя гарантуе свабоду аб'яднанняў; аднак на практыцы ўлады значна абмяжоўвалі гэтае права. У перыяд перад выбарамі 2001 года ўлады рэгулярна падвяргалі праследаванням членаў і прыхільнікаў апазіцыйных партый, канфіскоўвалі лістоўкі і літаратуру (гл. раздзел 3). Улады таксама працягвалі спробы значна абмежаваць дзейнасць НДА (гл. раздзел 4). Рабочых і служачых дзяржаўных прадпрыемстваў спрабавалі прымусіць адмовіцца ад уступлення ў незалежныя прафсаюзы (гл. раздзел 6.а.), а ўдзельнікаў адукацыйных праграм, якія фінансуюцца замежнымі арганізацыямі, ад далейшага супрацоўніцтва з іх спонсарамі. У 1999 г. выйшаў прэзідэнцкі ўказ, згодна якому ўсім палітычным партыям, прафсаюзам і НДА патрэбна было прайсці перарэгістрацыю ў дзяржаўных органах да 1 ліпеня, нягледзячы на тое, што гэтыя грамадскія аб'яднанні ўжо прайшлі доўгі працэс рэгістрацыі ў 1995 г. У 1999 г. Лукашэнка зацвердзіў папраўкі да Кодэксу аб адміністрацыйных парушэннях, якія прадугледжвалі пакаранне ў выглядзе штрафу за выкананне любых работ, звязаных з дзейнасцю незарэгістраваных НДА. Назіральнікі лічаць гэты ўказ, які пашырыў аб'ём дзейнасці і павялічыў колькасць членаў неабходных для перарэгістрацыі арганізацый, сродкам палітычнага падаўлення. Былі ўведзены таксама правілы, згодна з якімі прыватныя арганізацыі не мелі права выкарыстоўваць прыватныя кватэры для рэгістрацыі юрыдычных адрасоў. Улічваючы тое, што многія адміністрацыйныя будынкі належаць дзяржаве, ўвядзенне гэтых правілаў ускладніла працэс перарэгістрацыі ў сувязі з тым, што гэтым арганізацыям было цяжка знайсці іншы (не кватэрны) юрыдычны адрас.
Пасля таго, як пачаўся працэс перарэгістрацыі, ўлады аб'явілі, што арганізацыі павінны змяніць свае статуты і ўнесці ў іх палажэнні аб прызнанні Канстытуцыі 1996 года, а таксама выключыць словы "народны" і "нацыянальны" з сваіх назваў. Папраўка да закону аб грамадскіх аб'яднаннях, прынятая ў 1999 г., удакладняла гэтае ўказанне, забараніўшы палітычным і грамадскім арганізацыям выкарыстоўваць словы "Беларусь", "Рэспубліка Беларусь", "нацыянальны", "народны" ў сваіх назвах. Хаця большасць асноўных палітычных партый і саюзаў, якія падалі заяўкі на перарэгістрацыю, былі перарэгістраваны, Асамблея беларускіх дэмакратычных НДА паведамляла, што толькі 1268 НДА, ці 57% усіх НДА, якія існавалі на дату выдання закону аб перарэгістрацыі, прайшлі яе летам 2000 г. Па розных прычынах Міністэрства юстыцыі адмовіла ў перарэгістрацыі 202 НДА, і 31 НДА яшчэ знаходзіліся ў працэсе перарэгістрацыі ў канцы года. У 2001 г. Міністэрства юстыцыі забараніла дзейнасць незалежнай арганізацыі па назіранню за выбарамі "Незалежны погляд" на той падставе, што яна не была зарэгістравана ў дзяржаўных органах. Гэта рашэнне было прынята нягледзячы на тое, што "Незалежны погляд" прадстаўляў сабой назву сумеснага ініцыятыўнага праекту некалькіх афіцыйна зарэгістраваных дэмакратычных НДА.
в. Свабоду веравызнання
Канстытуцыі 1994 і 1996 гадоў гарантуе свабоду веравызнання; на справе, аднак, гэтае права парушаецца ўладамі. Хоць абодва варыянты Канстытуцыі дэкларуюць роўнасць рэлігій і канфесій перад законам, рэдакцыя Канстытуцыі 1996 года прадугледжвае, што ўзаемаадносіны дзяржавы і рэлігійных арганізацый "рэгулююцца законам з улікам іх уплыву на фарміраванне духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народу".
Нягледзячы на пратэсты міжнародных і мясцовых праваабарончых арганізацый, а таксама праваслаўных рэлігійных арганізацый, якія не ўваходзяць у склад Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ), 22 кастрычніка Парламент прыняў новы закон аб рэлігіі. Ён змяшчае шэраг надзвычайна жорсткіх абмежавальных палажэнняў. Назіральнікі асцерагаюцца, што рэжым будзе выкарыстоўваць іх для стварэння перашкод і забароны дзейнасці праваслаўных рэлігійных арганізацый, якія не падпарадкоўваюцца РПЦ. У адпаведнасці з новым законам, які ўступіў у сілу ў лістападзе мінулага года, ўсе рэлігійныя арганізацыі павінны прайсці абавязковую перарэгістрацыю на працягу двух гадоў пасля яго прыняцця. Для таго, каб атрымаць рэгістрацыю, рэлігійныя арганізацыі павінны адпавядаць канкрэтным патрабаванням па колькасці членаў і колькасці гадоў, на працягу якіх яны дзейнічаюць у краіне. Гэта будзе перашкаджаць рэгістрацыі груп, якія толькі нядаўна разгарнулі сваю дзейнасць у рэспубліцы. Зарэгістраваныя рэлігійныя арганізацыі павінны мець не менш 20 членаў і дзейнічаць у краіне не менш 20 гадоў. Афіцыйныя прадстаўнікі рэжыму заявілі, што ніводная арганізацыя, якая была зарэгістравана ў той час, калі закон уступаў у сілу, не страціць свайго зарэгістраванага статусу, нават калі не здолее выканаць неабходныя новыя патрабаванні. Аднак, лідэры некаторых нешматлікіх рэлігійных груп скептычна ставяцца да падобных сцвярджэнняў. Акрамя канкрэтнага мінімальнага членства і стажу дзейнасці ў краіне, закон абмяжоўвае магчымасць зарэгістраваных рэлігійных арганізацый займацца рэлігійнай адукацыяй, патрабуе ад усіх рэлігійных арганізацый атрымання дзяржаўнага дазволу на распаўсюджванне літаратуры і забараняе іншаземцам узначальваць рэлігійныя арганізацыі. Улады пачалі прымяняць новы закон аб рэлігіі супраць нетрадыцыйных веравызнанняў. 27 снежня міліцыя ў Гродне затрымала і вынесла папярэджанне членам мясцовай арганізацыі "Харе Крышна", якія без дазволу раздавалі насельніцтву свае рэлігійныя матэрыялы.
Напярэдадні і ў працэсе чэрвеньскага абмеркавання рэлігійнага законапраекту, шэраг дэпутатаў ніжняй палаты парламента дазвалялі сабе выказванні ксенафобскага і антысеміцкага характару. Як паведамляюць, Сяргей Касцян заявіў, што прыняцце закона аб рэлігіі неабходна, каб "паставіць бар'ер супраць усіх гэтых заходніх прапаведнікаў, якія прасочваюцца ў Беларусь спецыяльна для таго, каб дыскрэдытаваць нашыя славянскія каштоўнасці". У працэсе абмеркавання 26 чэрвеня ў ніжняй палаце, па меньшай меры, адзін дэпутат выказаў думку, што яўрэі не павінны лічыцца грамадзянамі Беларусі. Другі дэпутат прапанаваў пабудаваць "рэзервацыі" для рэлігійных меншасцяў.
У краіне няма дзяржаўнай рэлігіі. Тым не менш, улады праводзяць палітыку падтрымкі Рускай праваслаўнай царквы, як галоўнай рэлігіі ў краіне, і прыгнечання іншых канфесій і рэлігій. У сваім пасхальным звароце да народу ў маі Лукашэнка заявіў: "Дзяржава заўсёды стаяла і будзе стаяць поруч з той царквой, якая прыносіць людзям дабро". Услед за зваротам, рэжым выдзяліў каля 570000 долараў ЗША (1 мільярд рублёў) на будаўніцтва праваслаўнай царквы ў Магілёве.
Акрамя забеспячэння Рускай праваслаўнай царквы асобымі фінансавымі прывелеямі, якімі не карыстаюцца іншыя канфесіі, Лукашэнка аб'явіў ахову і развіццё рускага праваслаўнага хрысціянства сваім маральным абавязкам. Улады таксама падтрымліваюць асаблівую ролю Рускай праваслаўнай царквы ў рамках агульнай стратэгіі ўмацавання "славянскага адзінства" ў рэгіёне і больш цеснага палітычнага збліжэння Беларусі і Расіі.
Камітэт па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў (КСРН) (раней вядомы як Дзяржкамітэт па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў) называе асобныя рэлігіі і канфесіі, ўключаючы Рускую праваслаўную і Рымска-каталіцкую царкву, артадаксальны іўдаізм, іслам суніцкага напрамку і лютэранства, традыцыйнымі рэлігіямі. Другія ж, уключаючы шэраг пратэстанцкіх і іншых рэлігійных накірункаў, разглядаюцца як нетрадыцыйныя. І, ўрэшце, вялікая колькасць іншых кірункаў, у тым ліку мноства ўсходніх рэлігій, былі аднесены да сектаў. Такая класіфікацыя паўплывае на агульныя адносіны рэжыму да ўсіх гэтых рэлігій, у тым ліку на лаяльнасць ці магчымыя перашкоды, з якімі яны могуць сутыкнуцца пры рэгістрацыі.
Новы закон аб рэлігіі, прыняты ў кастрычніку мінулага года, дадаў новыя крытэрыі для рэгістрацыі рэлігійных груп, дазваляючы толькі дзяржаўна зарэгістраваным арганізацыям запрашаць замежных рэлігійных дзеячаў і адкрываць новыя цэрквы. Без рэгістрацыі рэлігійнай арганізацыі таксама надзвычайна складана арэндаваць ці набыць уласнасць неабходную для рэлігійнай службы. У выніку міліцыя спыняла некаторыя мірныя службы і малітвенныя сходы, якія праводзіліся незарэгістраванымі рэлігійнымі групамі ў прыватных дамах.
КСРН патрабаваў, каб 26 рэлігійных канфесій афіцыйна зарэгістраваліся на працягу года. Аднак улады працягвалі адмаўляць у дзяржаўнай рэгістрацыі тым веравызнанням, якіх лічылі нетрадыцыйнымі, а таксама тым групам, што лічыліся сектамі.
Згодна са словамі прадстаўнікоў рэжыму, закон дапускае выкарыстанне жыллёвай ўласнасці для адпраўлення рэлігійных службаў толькі пасля таго, як яна выведзена з жыллёвага фонду. У 2000 г. мясцовыя ўлады пачалі выкарыстоўваць гэта палажэнне і настойліва патрабаваць, каб усе рэлігійныя арганізацыі перарэгістравалі сваю ўласнасць як рэлігійную. Хоць афіцыйныя даныя паказваюць на тое, што ў ходзе гэтага працэсу 110 рэлігійных арганізацый, уключаючы 34 пратэстанцкія прыходы, перарэгістравалі сваю ўласнасць. Адна група пратэстантаў паведаміла, што мясцовымі ўладамі было адмоўлена ў рэгістрацыі на працягу гэтага тэрміну больш чым 50 працэнтам пратэстанцкіх груп.
Тыя рэлігійныя арганізацыі, якія не могуць зарэгістравацца, часта вымушаны збірацца нелегальна ці ў дамах сваіх членаў. Шэраг нетрадыцыйных пратэстанцкіх арганізацый нават не спрабавалі рэгістравацца, паколькі былі ўпэўнены ў тым, што іх заявы будуць адхілены.
Рэжым выдаў дэкрэт, які вызначаў меры забеспячэння грамадскага парадку і бяспекі падчас правядзення масавых мерапрыемстваў. Кіраўнікі тых аб'ектаў, у якіх можна праводзіць такія масавыя мерапрыемствы, сталі выкарыстоўваць гэты дэкрэт, як аснову для адмаўлення прадаўжаць дагаворы з рэлігійнымі арганізацыямі на здачу ім сваіх памяшканняў. Нетрадыцыйныя рэлігійныя групы апынуліся без магчымасці арэндаваць памяшканні для арганізацыі сваіх малітвенных богаслужэнняў. У чэрвені каталіцкая царква адкрыла ў Мінску свой новы храм, аднак служыцелі гэтай царквы адзначалі цяжкасці з атрыманнем дазволу ад мясцовых уладаў на будаўніцтва новых цэркваў у сталіцы.
Многія пратэстанцкія і нетрадыцыйныя арганізацыі мелі праблемы падчас набыцця ўласнасці. У жніўні, пасля больш чым паўтарагадовых затрымак, КСРН адмовіў Суполцы свядомасці Крышны ў будаўніцтве арганізацыйнага цэнтра. КСРН таксама адхіліў заяву аб рэгістрацыі прыходу Сапраўднай праваслаўнай царквы, якая была пададзена з прыкладзенымі дакументамі ў чэрвені. Затрымкі маюць месца, нягледзячы на палажэнне закона, якое патрабуе ад КСРН рэагаваць на заявы на працягу 3 месяцаў пасля іх падачы. У 2001 г. урад адмовіўся выдаць дазвол зарэгістраванай Евангельскай царкве “Новае жыццё” на будаўніцтва сваёй царквы ў Мінску. Мусульманская асацыяцыя зарэгістравана ў Беларусі, але не мае магчымасці пабудаваць у Мінску мячэць, таму што мясцовыя ўлады ўстанавілі вялікі падатак на той участак, дзе мячэць павінна быць пабудавана.
1 жніўня ў пасёлку Пагранічны мясцовыя ўлады разбурылі царкву Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) быццам бы таму, што яна была пабудавана незаконна, а дазвол быў выдадзены на будаўніцтва прыватнага дома. Царква была разбурана, нягледзячы на той факт, што распараджэнне было абскарджана БАПЦ у судзе. Мясцовыя суды працягваюць адмаўляць у разбірацельстве апеляцый, якія падаюцца БАПЦ, баючыся выступіць супраць рашэння рэжыму Лукашэнкі не рэгістраваць арганізацыі гэтай царквы.
Грамадзянам не забаранялася схіляць іншых грамадзян да сваёй веры. Аднак, у той час як некаторыя асобы могуць свабодна выказвацца адносна сваіх рэлігійных перакананняў, улады ўмешваліся з мэтай прадухіліць, перашкодзіць ці пакараць тых асоб, што займаліся гэтым ад імя незарэгістраваных рэлігій. На працягу года рэжым сурова штрафаваў і затрымліваў членаў незарэгістраваных рэлігійных суполак, якія бралі ўдзел у незаконнай рэлігійнай дзейнасці. На працягу ўсяго года члены незарэгістраванага індуісцкага аб'яднання "Святло Кайласа" пастаянна праследаваліся мясцовымі ўладамі. 16 ліпеня міліцыя затрымала 18 членаў гэтага аб'яднання падчас падрыхтоўкі да цырымоніі медытацыі ў адным з мінскіх паркаў. Некалькі чалавек з гэтых затрыманых былі пазбаўлены свабоды на 2 сутак і сурова аштрафаваны. У другім інцыдэнце 12 членаў "Святла Кайласа" былі затрыманы і прыгавораны да адміністрацыйнаму арышту тэрмінам 10 сутак зняволення за ўдзел у несанкцыяванай дэманстрацыі ў цэнтры Мінску ў знак пратэсту супраць дыскрымінацыі рэлігійных меншасцяў. У жніўні невядомыя хуліганы ажыццявілі нападзенне на некалькіх членаў групы "Святло Кайласа".
8 лістапада інфармацыйнае агенцтва "Кестон" паведаміла, што міліцыя затрымала двух дэманстрантаў-католікаў, якія пратэставалі супраць новага закону аб рэлігіі ля сцен парламенту ў Мінску.
Іншаземцам было забаронена ўзначальваць царкоўныя прыходы, ім дазвалялася прапаведаваць толькі ў зарэгістраваных цэрквах. Запрашаць іх у краіну можна толькі з дазволу КСРН. Замежныя місіянеры не маюць права ўдзельнічаць у рэлігійнай дзейнасці за межамі тых устаноў, якія іх запрасілі і павінны мець спецыяльныя візы (ліцэнзіі) на духоўную дзейнасць, якія выдаюцца тэрмінам на адзін год. Атрыманне такіх візаў ускладняецца мноствам бюракратычных перашкод нават для тых асоб, чые рэлігіі зарэгістраваны ўладамі і маюць доўгую гісторыю існавання ў краіне. Замежнае духавенства альбо рэлігійныя дзеячы, якія не былі зарэгістраваны ўладамі і спрабавалі прапаведаваць без дазволу з боку рэжыму ці запрашэння ад зарэгістраванй рэлігійнай арганізацыі выдвараліся з краіны. Хоць за справаздачны перыяд не было паведамленняў аб такіх выдварэннях, некалькі польскіх каталіцкіх свяшчэннікаў не былі дапушчаны ў краіну, нягледзячы на наяўнасць візаў для ўезду.
Рымска-каталіцкая царква працягвала адчуваць дэфіцыт кваліфікаванага мясцовага духоўнага персаналу і час ад часу сутыкалася з цяжкасцямі пры атрыманні дазволу ад уладаў на запрашэнне дастатковай колькасці замежных рэлігійных дзеячаў, галоўным чынам з Польшчы. Рэжым пацвердзіў, што замежным свяшчэннаслужыцелям больш не будзе дазволена працаваць у краіне; тым не менш, каля 400 польскім пастарам было ўсё ж дазволена весці ў рэспубліцы сваю рэлігійную дзейнасць. Перад тым, як перавезці аднаго замежнага свяшчэнніка з аднаго прыходу ў другі, епіскапы павінны атрымаць дазвол ад КСРН.
Улады Мінска не абнародавалі ніякай інфармацыі аб ходзе расследавання падпалу мясцовай сінагогі ў снежні 2000 г., якое працягваецца.
Рэстытуцыя рэлігійнай уласнасці заставалася абмежаванай. Няма ніякай юрыдычнай асновы для рэстытуцыі ўласнасці ці маёмасці, захопленай ў савецкі перыяд ці ў гады фашысцкай акупацыі. Пры гэтым заканадаўства абмяжоўвае рэстытуцыю той уласнасці, якая выкарыстоўваецца з культурнай ці адукацыйнай мэтамі.
На працягу года быў ажыццёўлены шэраг актаў вандалізму супраць рэлігійных арганізацый. У студзені арганізацыя хрысціян-евангелістаў паведамляла аб тым, што вандалы напалі на вартаўніка адной з іх цэркваў і звязалі яго. Сведка расказаў, што злачынцы размалявалі пентаграмамі царкоўныя сцены, а ўнутры храма была знойдзена здохлая котка. Адна з баптысцкіх арганізацый паведамляла, што невядомыя паразбівалі вокны ў некалькіх баптысцкіх цэрквах. У красавіку і ліпені вандалы ўчынілі разбурэнні на яўрэйскіх могілках у некалькіх гарадах. У ліпені хуліганы ажыццявілі акт вандалізму на мусульманскіх могілках у Гродне. 16 ліпеня мясцовыя ўлады ў Барысаве затрымалі падлетка па падазрэнню ў разбурэнні магіл на мясцовых яўрэйскіх могілках. Поўнаевангельская хрысціянская царква ў Гомелі паведамляла, што ў жніўні і лістападзе невядомыя вандалы нанеслі ўрон яе ўласнасці. У лістападзе неўстаноўленыя вандалы размалявалі фарбай мячэць у Слоніме і нанеслі страты ўласнасці, якая належыць Поўнаевангельскай хрысціянскай царкве жывой веры ў Гомелі. На працягу года актам вандалізму падвергліся мемарыялы ахвярам Халакоста ў некалькіх гарадах.
Больш падрабязны аналіз змяшчаецца ў Міжнароднай справаздачы аб свабодзе веравызнання за 2002 г.
г. Свабоду перамяшчэння ўнутры краіны, выезду за мяжу, эміграцыі і рэпатрыяцыі
У адпаведнасці з варыянтамі Канстытуцыі 1994 і 1996 гадоў грамадзяне маюць права свабодна перамяшчацца ў межах рэспублікі, жыць і працаваць там, дзе яны пажадаюць. Аднак на практыцы ўлады парушаюць гэтыя правы. Пашпарт працягваў заставацца асноўным дакументам, які сведчыў асобу і з'яўляўся неабходным як для ўнутранага перамяшчэння, так і для ўладкавання на пастаяннае месца жыхарства і рэгістрацыі ў гасцініцы.
У 1999 г. Канстытуцыйны суд аб'явіў неканстытуцыйным артыкул Адміністрацыйнага кодэксу, які забараняе прадпрыемствам, установам і арганізацыям прымаць на работу асобаў без прапіскі ці тых, хто не мае зарэгістраванага адрасу. Паводле гэтага артыкула наймальнікі падвяргаліся штрафу за прыём на работу асобаў, у якіх у пашпарце не было штампу з указаннем аб тым, што іх месца жыхарства і новае месца работы знаходзяцца ў адным і тым жа горадзе ці раёне. Аднак невядома ў якой ступені гэта рашэнне суда паўплывала на дзеянні службовых асобаў праваахоўных ораганаў на месцах. На практыцы права грамадзяніна выбіраць сабе месца жыхарства заставалася парушаным. У лістападзе 1999 г. Міністэрства ўнатраных спраў абвясціла трохэтапную праграму замены сістэмы прапіскі, але яна не была рэалізавана, і сістэма прапіскі па-ранейшаму дзейнічала на канец года.
Афіцыйныя правілы ўезду і выезду вызначаюць, што грамадзяне, якія жадаюць выехаць за мяжу павінны спачатку атрымаць дазвол на выезд, які дзейнічае ад 1 года да 5 гадоў. Як толькі такі дазвол атрымліваўся, далей у адпаведнасці з законам выезд за мяжу нічым не абмежаваны; аднак улады час ад часу абмяжоўвалі права выезду за мяжу. Напрыклад, яны затрымлівалі выдачу "ўсеагульнага" дазволу на выезд некаторым актывістам апазіцыі і тым самым спрабавалі перашкодзіць іх палітычнай дзейнасці за мяжой. У чэрвені ўлады адмовіліся выдаць дазвол на выезд Андрэю Клімаву, былому дэпутату Вярхоўнага Савета 13 склікання, які правёў у зняволенні больш 4 гадоў (гл. раздзел 1.д.). Рэжым таксама затрымліваў выдачу пашпартаў апазіцыйным палітычным дзеячам, часам на некалькі месяцаў, у імкненні абмежаваць іх выезд за мяжу для вядзення палітычнай дзейнасці.
10 кастрычніка Мінская гарадская калегія адвакатаў адмовіла выдаць дазвол вядомаму юрысту ў вобласці правоў чалавека Веры Стрэмкоўскай на паездку за мяжу з мэтай удзелу ў шэрагу міжнародных форумаў. У канцы года ўлады не выдалі пашпарты членам сям'і свяшчэнніка БАПЦ Яна Спасюка, нягледзячы на той факт, што ўсе неабходныя дакументы былі паданы ў лістападзе 2001 г. (гл. раздзел 2.в.).
Рэжым таксама абмяжоўваў выезд за мяжу членаў маладзёжных груп, якія лічыліся апазіцыйнымі. 5 сакавіка 10 прадстаўнікоў некалькіх апазіцыйных партый, неўрадавых арганізацый і сродкаў масавай інфармацыі былі затрыманы на некалькі гадзін і падвергнуты асабістаму дагляду на беларускай граніцы, калі падарожнічалі ў транспартным сродку, які належыў АБСЕ. У ліпені і жніўні ўлады пачалі адвольна прыводзіць у выкананне закон, які патрабаваў атрымання спецыяльнага пропуску асобам, што накіроўваліся ў пагранічныя зоны. Назіральнікі мяркуюць, што рашэнне прывесці закон у дзеянне было накіравана на тое, каб перашкодзіць абнародаванню факта разбурэння 1 жніўня царквы БАПЦ у прыгранічным пасёлку Пагранічны (гл. раздзел 2.в.). 26 ліпеня мясцовы журналіст быў аштрафаваны на 57 долараў ЗША (100000 рублёў) быццам за парушэнне прыгранічнай зоны. 1 жніўня тры журналісты, якія асвятлялі гэтую падзею, былі затрыманы на той жа падставе; адзін з іх атрымаў 15 сутак арышту, двое іншых былі першапачаткова аштрафаваны, але затым штраф быў адменены.
Закон абмяжоўвае эміграцыю асобаў, якія маюць доступ да сакрэтнай дзяржаўнай інфармацыі; любы грамадзянін, які прыцягнуты да разбірацельства па крымінальнай справе, таксама не мае права на эміграцыю; тым не менш, улады ў прынцыпе не адмаўлялі правы грамадзян на эміграцыю. Патэнцыяльныя эмігранты, каму было адмоўлена ў праве на выезд, могуць падаць апеляцыю ў суд.
Варыянты Канстытуцыі 1994 і 1996 гадоў забяспечваюць іншаземцам і асобам без грамадзянства тыя ж правы, што і грамадзянам за выключэннем выпадкаў, устаноўленых законам, міжнародным пагадненнем ці Канстытуцыяй. Згодна абодвум варыянтам Канстытуцыі, дзяржава можа прадастаўляць статус бежанца асобам, якія праследаваліся ў другіх краінах за свае палітычныя і рэлігійныя перакананні, а таксама з-за сваёй нацыянальнасці. У рэспубліцы няма ніякага закону аб краіне першага прыстанішча, і рэжым не падпісаў ніводнага пагаднення аб рэадмісіі ні з адной з суседніх дзяржаў. Улады супрацоўнічаюць з Упраўленнем вярхоўнага камісарыяту ААН па справах бежанцаў (УВКБ) і іншымі гуманітарнымі арганізацыямі ў аказанні дапамогі бежанцам. Па стане на снежань, у Беларусі знаходзіліся 642 асобы, прызнаныя бежанцамі, большасць з Афганістана, Грузіі, Таджыкістана і Эфіопіі. Да пачатку снежня рэжым зацвердзіў 57 з 113 пададзеных заяў на атрыманне статусу бежанца.. У маі УВКБ адкрыла цэнтр у Віцебску, які прапанаваў часовае размяшчэнне 30 асобам. УВКБ адзначаў у сваёй справаздачы за 2000 г., што мінскія гарадскія і абласныя міграцыйныя службы рэгулярна адмаўляліся прымаць заявы, якія паступалі ад новых нелегальных бежанцаў і раілі такім асобам падаваць такія заявы міграцыйным уладам іншых рэгіёнаў. Рэгіянальныя міграцыйныя службы таксама адмаўляліся прымаць заявы на статус бежанцаў ад асобаў, шукаючых прыстанішча, якія прыбылі транзітам праз трэція краіны, перш за ўсё Расію, якія, на думку гэтых службаў, з'яўляюцца бяспечнымі.
Не паведамлялася аб прымусовым вяртанні асобаў у тыя краіны, дзе яны асцерагаліся праследавання; аднак бежанцамі часта аказваліся асобы з краін трэцяга свету, якія імкнуліся пранікнуць цераз Расію і затым цераз Беларусь у іншыя еўрапейскія краіны. Урад часта дэпартаваў такіх асобаў у Расію, нягледзячы на той факт, што УВКБ не лічыць, што Расія будзе для іх бяспечнай краінай у дадзеным выпадку.
Раздзел 3. Выкананне палітычных правоў: права грамадзян на змену свайго ўраду
Рэжым упарта адмаўляў сваім грамадзянам у праве на змену ўрада. Прэзідэнт дамінуе над усімі галінамі ўлады. Пачынаючы з выбрання першым прэзідэнтам краіны ў ліпені 1994 года на 5-гадовы тэрмін, ён няспынна кансалідаваў сваю ўладу ў выканаўчай галіне. Ён выкарыстаў рэферэндум у лістападзе 1996 года для ўнясення паправак ў Канстытуцыю 1994 года з мэтай пашырыць свае паўнамоцтвы і прадоўжыць тэрмін знаходжання ва ўладзе, пры гэтым ігнараваў пастановы тагачаснага Канстытуцыйнага суда аб тым, што Канстытуцыя не можа быць зменена шляхам рэферэндуму. У выніку палітычная сістэма грунтуецца на Канстытуцыі 1996 года, якая была прынята неканстытуцыйным шляхам.
Канстытуцыя 1996 года абмяжоўвае работу заканадаўчага органа двухразовымі сесіямі ў год, максімальная агульная працягласць якіх 170 дзён. Прэзідэнцкія дэкрэты, выданыя паміж сесіямі заканадаўчага органа, маюць форму закона за выключэннем, тэарытычна, некалькіх выпадкаў, агавораных у Канстытуцыі 1996 года. Канстытуцыя 1996 года таксама дае Прэзідэнту права выдаваць дэкрэты, якія маюць сілу закону ў канкрэтных надзвычайных абставінах, прычым Лукашэнка схільны тлумачыць гэтае палажэнне больш шырока. 10 снежня былі сфарміраваны выбарчыя камісіі па выбарах у мясцовыя органы ўлады ў сакавіку 2003 г. Мясцовыя выканаўчыя камітэты і гарвыканкамы ўключылі ў гэтыя выбарчыя камісіі 13448 чалавек; 61 чалавек прадстаўляў палітычныя партыі, а 56 % членаў мелі ў мінулым вопыт работы на выбарах. Цэнтральная выбарчая камісія (ЦВК) паведаміла, што папярэдні вопыт правядзення выбараў стане важным фактарам пры разглядзе заяў кандыдатаў. З 61 прадстаўніка палітычных партый 21 прадстаўляў пралукашэнкаўскую Камуністычную партыю Беларусі, а яшчэ 2 – таксама пралукашэнкаўскую Аграрную партыю. Апазіцыйная Партыя камуністаў беларуская атрымала 19 месцаў, Ліберальна-дэмакратычная партыя – 11 месцаў і Беларуская Сацыял-дэмакратычная партыя "Народная грамада" – 5 месцаў. Аб'яднаная грамадзянская партыя, Беларускі народны фронт і Сацыял-дэмакратычная партыя "Грамада" атрымалі па аднаму месцу кожная.
На працягу года рэжым прымяняў некалькі варыянтаў тактыкі для таго, каб запалохаць і пазбавіць магчымасці апазіцыйных лідэраў арганізавацца і выказаць свае погляды. Улады дадалі тры артыкулы ў Крымінальны кодэкс, якія зрабілі паклёп на Прэзідэнта крымінальным злачынствам. Гэтыя артыкулы выкарыстоўваліся для пакарання не толькі членаў апазіцыйных партый, але і незалежных СМІ (гл. раздзел 1. г). На працягу ўсяго года рэжым прымяняў надзвычайныя сілы для разгону дэманстрацый, якія арганізоўваліся апазіцыйнымі партыямі (гл. раздзел 1. в). Некалькі разоў рэжым прама ўмешваўся ў справы палітычных партый і арганізацый. Пад моцным націскам з боку рэжыму на членаў Жаночай партыі 14 жніўня члены партыі прагаласавалі за змену лідэра Жаночай партыі Валянціны Палевіковай на лаяльную рэжыму Валянціну Матусевіч. Адхіленне Палевіковай ад улады выклікала раскол у партыі, пасля чаго Палевікова і Матусевіч узначалілі розныя фракцыі Жаночай партыі. Назіральнікі сцвярджалі, што мэтай націску з боку рэжыму па зняццю з пасады Палевіковай было не дазволіць аб'яднання Жаночай партыі з дзвюма сацыял-дэмакратычнымі партыямі. Лукашэнка заклікаў праўрадавую Камуністычную партыю Беларусі праглынуць больш шматлікую антылукашэнкаўскую Партыю камуністаў беларускую. 6 верасня праўрадавы Беларускі патрыятычны саюз моладзі і Беларускі саюз моладзі аб'ядналіся ў Беларускі нацыянальны саюз моладзі (БНСМ). Гэтае зліццё саюзаў было зрэжысіравана Лукашэнкам і службовымі асобамі з урада. Новаму саюзу была пастаўлена задача вырашэння большасці праблем, якія стаялі перад моладдзю, пры гэтым рэжым абяцаў фінансаваць яго на працягу трох гадоў. Большасць палітычных партый заяўляюць, што маюць свае ўласныя рухі жанчын і моладзі.
Вераснёўскія прэзідэнцкія выбары 2001 года, у выніку якіх Лукашэнка быў пераабраны на другі тэрмін, былі ахарактарызаваны АБСЕ як грунтоўна сфальсіфікаваныя. Місія назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ, падарожжы па краіне якой былі дазволены рэжымам не раней, чым за тры тыдні да выбараў, адзначала ў сваёй заключнай справаздачы, што ўмовы, якія былі створаны за многія месяцы перад выбарамі, выключалі любую магчымасць свабоднага, справядлівага, празрыстага і аб’ектыўнага волевыяўлення. Перадвыбарная абстаноўка не забяспечвала роўных магчымасцяў для кандыдатаў, а таксама упэўненасці ў тым, што грамадскасць будзе інфармавана аб існуючым выбары. Падчас перадвыбарнай кампаніі асвятленне палітычных платформаў было крайне абмежаваным. Прэзідэнт і яго выканаўчая ўлада дамінавалі ў асвятленні ўсіх палітычных пытанняў як у электронных, так і друкаваных СМІ.
Рэжым абмяжоўваў свабоды і парушаў правы чалавека як у перыяд да выбараў, так і падчас правядзення галасавання і пасля яго (гл. раздзелы 1 і 2). У перыяд перад выбарамі ўлады праводзілі масіраванае спыненне распаўсюджвання любых апазіцыйных, перадвыбарных і падтрымліваемых з-за мяжы непартыйных матэрыялаў тыпу “Байкатуй гэта галасаванне”, і ўсё гэта – ў дадатак да біцця, незаконных затрыманняў і вобыскаў дзеячаў апазіцыі і іх прыхільнікаў (гл. раздзелы 1.в, 1.г, і 1.е). Рэжым таксама выкарыстоўваў сваё амаль манапольнае валоданне сродкамі масавай інфармацыі для таго, каб зняславіць усіх апазіцыйных кандыдатаў, асабліва Уладзіміра Ганчарыка, які лічыўся апазіцыйным кандыдатам, што выклікаў найбольшы давер. Абмежаваная місія па назіранню за выбарамі БДІПЧ АБСЕ зафіксавала 26 асобных выпадкаў парушэння правоў чалавека, ўключаючы свабоду друку і самавыяўлення (гл. раздзел 2.а). 5 верасня, ўсяго за 4 дні да выбараў, галоўная дзяржаўная газета падвоеным тыражом надрукавала перадвыбарную платформу дзеючага прэзідэнта, што з’явілася прамым парушэннем прадпісанняў ЦВК. Назначаны рэжымам ЦВК не прыняў ніякіх дзеянняў. Старшыня ЦВК публічна заявіла, што для яе будзе асабістай трагедыяй, калі дзеючы прэзідэнт прайграе выбары.
Парадак галасавання і падліку галасоў яшчэ больш абмяжоўваў правы грамадзян на змену свайго ўрада. У справаздачы БДІПЧ АБСЕ гаворыцца, што працэдура галасавання, ўключаючы пераносныя ўрны для выбарчых бюлетэняў, датэрміновае галасаванне і апрацоўку спісаў выбаршчыкаў, стварала некалькі магчымых варыянтаў для маніпулявання галасамі. Аднак аб большасці парушэнняў не было паведамлена неадкладна. Місія БДІПЧ АБСЕ таксама адзначыла, што Выбарчы кодэкс не забяспечвае празрыстага назірання за ходам выбараў з боку назіральнікаў, што ставіць пад сумненне легітымнасць усяго працэсу. Гэта выклікала асаблівую трывогу ў свеце поўнага дамінавання прыхільнікаў рэжыму ў складзе выбарчых камісій, якім было даручана правядзенне выбараў. У некаторых выпадках самі члены участковых выбарчых камісій адкрыта паказвалі сваю нязгоду з аб’яўленымі канчатковымі вынікамі галасавання, з чаго вынікае, што гэтыя вынікі супярэчылі праведзенаму падліку галасоў. Аднак іх хутка вымушалі маўчаць. Фізічная хуткасць, з якой дзе-небудзь праводзіўся падлік галасоў, таксама выклікала падазрэнні, паколькі менавіта ўчасткі з самай вялікай геаграфічнай плошчай і самым вялікім электаратам заўсёды былі сярод першых, хто рапартаваў аб выніках. Напрыклад, місія АБСЕ адзначыла, што ўсяго праз 2 гадзіны пасля закрыцця выбарчых участкаў Мінская вобласць, акрамя сталіцы, быццам падлічыла 70,7 % усіх выбарчых бюлетэняў, у той час як у горадзе Мінску на той момант было падлічана толькі 6,56 % бюлетэняў.
Вялікая розніца паміж вынікамі датэрміновага галасавання і галасавання ў дзень выбараў таксама дапускае шырока распаўсюджанае маніпуляванне вынікамі выбараў.
Кастрычніцкія парламенцкія выбары 2000 года, таксама не адпавядалі міжнародным стандартам дэмакратычных выбараў. Рэжым строга абмежаваў удзел грамадскасці ў выбарчых камісіях, а працэдура рэгістрацыі кандыдатаў сістэматычна парушалася, каб не даць магчымасці апазіцыйна настроеным кандыдатам трапіць у бюлетэні для галасавання. Дзейнасць у рамках выбарчай кампаніі была надзвычай зарэгулявана, а падкантрольныя дзяржаве СМІ, якія адрозніваліся крайняй тэндэнцыёзнасцю, абмяжоўвалі доступ кандыдатаў на свае старонкі і ў эфір і тым самым звужалі выбар для электарату. У працэсе выбараў умовы для датэрміновага галасавання, прымяненне пераносных урнаў для выбарчых бюлетэняў, падлік галасоў і падвядзенне вынікаў былі вельмі далёкімі ад мінімальных умоў празрыстасці, неабходных для незалежнага назірання.
З 107 дэпутатаў ніжняй палаты Парламенту жанчын аказалася 12 чалавек, а ў верхняй палаце Парламенту – 18 з 63. За выключэннем судовай улады, сацыяльныя бар’еры на шляху жанчын ва ўладу апынуліся цяжкапраходнымі, ў выніку чаго мужчыны займаюць фактычна ўсе кіруючыя пасады. Міністр працы і сацыяльнага забеспячэння – адзіная жанчына ў складзе Савета Міністраў. Кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі, падкантрольнай рэжыму, таксама жанчына.
Раздел 4. Адносіны ўладаў да расследавання міжнароднымі і недзяржаўнымі арганізацыямі магчымых парушэнняў правоў чалавека
У рэспубліцы дзейнічала некалькі мясцовых праваабарончых арганізацый. Аднак іх члены скардзіліся на тое, што ўлады перашкаджаюць іх спробам правесці расследаванне магчымых парушэнняў правоў чалавека. Улады кантралявалі перапіску і тэлефонныя размовы такіх НДА (гл. раздзел 1. е). Яны таксама даймалі гэтыя арганізацыі шматлікімі бюракратычнымі хітрыкамі.
27 лістапада Мінскае гарадское ўпраўленне юстыцыі вынесла папярэджанне Цэнтру правоў чалавека за тое, што супрацоўнікі самавольна змянілі эмблему, якая вісела над уваходам у арганізацыю. Цэнтр быў таксама абвінавачаны ў тым, што змяніў свой адрас на той, які не быў указаны ў яго рэгістрацыйных дакументах; што не нумараваў пратаколы сваіх пасяджэнняў, а таксама ў тым, што абмяркоўваў пытанні, якія быццам бы не супадалі з мэтамі дзейнасці пералічанымі ў яго статуце. Калі арганізацыя атрымае другое падобнае папярэджанне на працягу года, яна будзе закрыта органамі ўлады. Некаторыя назіральнікі звязвалі такія паводзіны з маючымі адбыцца ў сакавіку 2003 года выбарамі ў мясцовыя органы ўлады.
У 2001 г., напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, улады паспрабавалі абмежаваць дзейнасць НДА шляхам пачатку працаёмкага працэсу прерарэгістрацыі. Улады адмаўлялі НДА ў прыёме заяў на рэгістрацыю, праводзілі шматлікія падазроныя падаткавыя рэвізіі, канфіскавалі абсталяванне і адмаўлялі ў праве на атрыманне дапамогі з-за мяжы (гл. раздзел 2. б). Мелі месца шматлікія нападзенні на офісы некалькіх СМІ і НДА, якія займаліся незалежным расследаваннем выпадкаў знікнення выдатных дзеячаў, звязаных з апазіцыяй. Ва ўсіх такіх выпадках кампьютары былі зламаны, але не выкрадзены - з іх былі знішчаны толькі цвёрдыя дыскі ці дыскеты. Пры гэтым не было выкрадзена нічога больш каштоўнага. Большасць назіральнікаў-праваабронцаў упэўнены, што гэтыя налёты – справа рук служб бяспекі. Хоць практыка ўварвання ў дзейнасць і няпэўныя падаткавыя праверкі асабліва шырока выкарыстоўваліся ў перавыбарны перыяд 2001 г., яны заставаліся сур’ёзнай праблемай і ў 2002 г.
Нездавальняючая сітуацыя ў рэспубліцы ў вобласці правоў чалавека прадаўжала прыцягваць увагу другіх міжнародных праваабарончых арганізацый. У цэлым улады праяўлялі жаданне абмяркоўваць пытанні правоў чалавека з тымі міжнароднымі НДА, членам якіх дазвалялася наведаць краіну. Аднак членам іншых НДА было адмоўлена ў такіх наведваннях, пры гэтым улады ўзмацнілі праследаванне тых міжнародных НДА, якія працавалі ў краіне. Яны таксама рэгулярна ўціскалі НДА шляхам падаткаў.
У красавіку рэжым патрабаваў перагляду мандата знаходжання ў краіне Кансультатыўна-назіральнай групы (КНГ) АБСЕ, якая абвінавачвалася ў падтрымцы апазіцыйнай рэжыму дзейнасці на выбарах 2001 г. Дзеючы кіраўнік місіі Мішэль Рывалье стаў першай службовай асобай АБСЕ, які быў вымушаны пакінуць Беларусь пасля заканчэння 15 красавіка тэрміну свайго дыпламатычнага статусу. Урадавае рашэнне адмовіць прадстаўнікам КНГ у прадаўжэнні візы на знаходжанне ў Беларусі непазбежна прымусіла місію закрыць сваё прадстаўніцтва ў кастрычніку, калі Аліна Жасан, апошняя службовая асоба АБСЕ, пакінула рэспубліку. 30 снежня рэжым падпісаў новае пагадненне з АБСЕ, якое дазваляла аднавіць работу прадстаўніцтва АБСЕ з 1 студзеня 2003 г.
Раздзел 5. Дыскрымінацыя па прыкметах расы, полу, інваліднасці, мовы ці сацыяльнага становішча
Абодва варыянты Канстытуцыі – 1994 і 1996 гадоў – дэкларуюць, што ўсе грамадзяне роўныя перад законам і маюць права на роўную ахову сваіх правоў і законных інтарэсаў. Аднак у іх няма канрэтных палажэнняў, забараняючых дыскрымінацыю па прыкметах расы ці полу. Дыскрымінацыі падвяргаліся расавыя і нацыянальныя групы, жанчыны і інваліды.
Жанчыны
Хоць статыстычныя даныя не абнародаваны, арганізацыі жанчын паведамлялі, што насілле ў сям’і, ўключаючы жорсткае абыходжанне мужоў з жонкамі, заставалася сур’ёзнай праблемай. Жорсткае абыходжанне паміж супругамі караецца па Крымінальнаму і Адміністрацыйнаму кодэксам. Біццё без сур’ёзных правапарушэнняў караецца штрафам ці адміністрацыйным арыштам на тэрмін да 15 сутак, а за больш сур’ёзныя правапарушэнні можна атрымаць да 15 гадоў турэмнага зняволення. Жаночыя арганізацыі адзначалі, што міліцыя ў цэлым прымяняла закон супраць насілля ў сям’і і што суды, як правіла, выносяць азначаныя прыгаворы. Галоўнай праблемай заставалася паўсюднае нежаданне жанчын заяўляць аб выпадках насілля ў сям’і з-за страху помсты і ўрону для рэпутацыі. Працягвалі заставацца сур’ёзнай праблемай згвалтаванні. Існуе закон, які карае насільнікаў. Аднак большасць жанчын не заяўляе аб здарыўшымся над імі насіллі з-за страху перад ганьбай ці апасенняў, што міліцыя абвінаваціць саму ахвяру.
Нягледзячы на тое, што ўлады і мясцовыя назіральнікі-праваабаронцы сцвярджаюць, што прастытуцыя яшчэ не стала значнай праблемай, шматлікія канкрэтныя сведчанні паказваюць, што яна расце, асабліва ў аддаленых мясцовасцях. Згодна з афіцыйнай статыстыкай, са студзеня па верасень 13 чалавек у Віцебскай вобласці былі прыцягнуты да адказнасці за трыманне бардэляў. Па меры пагаршэння эканамічнага становішча працягвала расці вулічная прастытуцыя, а “брыгады” прастытутак адкрыта працуюць у дзяржаўных гасцініцах. Сур’ёзнай праблемай, якая павялічваецца, з’яўлялася праблема гандлю жанчынамі (гл. раздзел 6.е).
Аб сексуальных дамаганнях паведамлялася адусюль, але для барацьбы з гэтым правапарушэннем няма ніякіх канкрэтных законаў, акрамя тых, якія караюць за фізічнае нападзенне.
Закон патрабуе роўнай заработнай платы за аднолькавую работу. Аднак на практыцы гэта выконваецца далёка не заўсёды. Жанчыны маюць значна менш магчымасцяў падняцца ў верхнія эшалоны адміністрацыйнага ўпраўлення. У адпаведнасці з данымі Беларускага Хельсінкскага камітэту, абнародаванымі ў сакавіку, жанчыны складалі значную большасць тых, хто праходзіў навучанне для наступнай работы ў сферы адукацыі (75 % студэнтаў), тэкстыльнай і лёгкай прамысловасці (84 %), харчовай прамысловасці (79 %), эканомікі (69 %) і медыцыны (69 %); у той час як адносна няшмат жанчын вывучалі радыётэхніку (6 %), аўтаматызацыю вытворчасці (12 %) ці вылічальную тэхніку (19 %). Жанчыны скардзіліся на тое, што наймальнікі пры правядзенні гутарак пры найме на работу часам даведваліся ці ёсць у іх дзеці.
Узровень адукацыі ў жанчын у цэлым вышэй, чым у мужчын. Жанчыны складаюць прыблізна 58 % усіх работнікаў з вышэйшай адукацыяй і каля 66 % - з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Тым не менш, ніжэй за межы афіцыйнага пражытачнага мінімуму жылі ад двух трэцей да трох чвэрцяў усіх работнікаў з вышэйшай адукацыяй (галоўным чынам, жанчын). Жанчыны роўныя з мужчынамі па закону ў адносінах валодання маёмасцю і наследавання.
Жаночыя арганізацыі дзейнічалі актыўна і канцэнтравалі сваю ўвагу перш за ўсё на такіх праблемах, як дабрабыт дзяцей, стан навакольнага асяроддзя (асабліва наступствы Чарнобыля) і ахова сям’і. У чэрвені ў Полацку адбыўся Беларускі жаночы форум, які выпрацаваў стратэгію паляпшэння становішча беларускіх жанчын. Сярод рэкамендацый былі вызначаны наступныя: ўвядзенне новых вучэбна-адукацыйных праграм, правядзенне гендэрных даследаванняў і інфармацыйная дзейнасць з мэтай умацавання жаночага руху на Беларусі. Існавала таксама актыўная жаночая палітычная партыя (гл. раздзел 3).
Дзеці
Улады займаліся праблемамі дзіцячага дабрабыту і аховы здароўя, ў асаблівасці – пераадольвання наступстваў Чарнобыльскай ядзернай катастрофы. З дапамогай замежных фінансавых донараў яны імкнуліся ўдзяліць дзецям асаблівую ўвагу. На працягу года Беларускі дзіцячы хоспіс адкрыў два абласных аддзяленні ў Віцебску і Гомелі. У адпаведнасці з законам усе жыхары рэспублікі, уключаючы дзяцей, мелі права на бясплатную ахову здароўя. Не паведамлялася аб якім-небудзь розным абыходжанні з хлопчыкамі і дзяўчынкамі ў сферы аховы здароўя ці адукацыі. Дзеці пачынаюць навучанне ў школе ва ўзросце 6 гадоў і абавязаны закончыць 9 класаў, хоць ўлады забяспечваюць даступнасць бясплатнай 11-гадовай адукацыі і прыступілі да распрацоўкі 12-гадовай праграмы ўсеагульнай адукацыі. Вышэйшая бясплатная адукацыя таксама было даступна на конкурснай аснове. Сем’і з дзецьмі працягвалі атрымліваць сімвалічныя дзяржаўныя льготы накшалт ільготнага праезду ў транспарце. У адпаведнасці з даследаваннем Сусветнага банку 1999 года большасць грамадзян рэспублікі, якія жывуць у галечы, складаюць шматдзетныя сем’і і маці-адзіночкі.
Шырокага распаўсюджвання ў грамадстве неправільнага абыходжання з дзецьмі не назіралася.
Існавала праблема гандлю дзяўчынамі і дзяўчынкамі (гл. раздзел 6.е).
Інваліды
Сур’ёзную праблему прадстаўляла сабой дыскрымінацыя асоб, якія маюць фізічныя недахопы, ў пытаннях занятасці, адукацыі, забеспячэння іншымі сацыяльнымі паслугамі, а таксама грамадская дыскрымінацыя гэтай катэгорыі грамадзян. Закон патрабуе даступнасці сродкаў грамадскага транспарту, жылых памяшканняў, прадпрыемстваў і ўстаноў для асоб з фізічнымі недахопамі (інвалідаў). Аднак грамадскія службы, ўключаючы сродкі транспарту і адміністрацыйныя будынкі, часта аказваліся недаступнымі для гэтай катэгорыі грамадзян рэспублікі.
Доўгае цяжкае фінансавае становішча краіны зрабіла асабліва цяжкім для мясцовых органаў улады забеспячэнне дастатковага фінансавання для правядзення ў жыццё закону, прынятага яшчэ ў 1992 г. У той жа самы час афіцыйная статыстыка адзначае, што больш 72 000 асобаў з фізічнымі недахопамі прайшлі курс рэабілітацыі ў аднаўленчых цэнтрах. Рэжым абяцаў пераабсталяваць да канца года не менш аднаго-двух абласных і раённых грамадскіх цэнтраў так, каб туды маглі трапіць інваліды-калясачнікі. Аднак па сведках Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў, рэжым не зрабіў ніякіх значных мераў па выкананню гэтага абяцання на канец года. Некаторыя прыватныя будынкі былі зроблены даступнымі для інвалідаў.
Па даных Беларускага таварыства інвалідаў, рэжым зрабіў крокі, якіяі выклікалі заклапочанасць сярод грамадзян, што знаходзяцца на інваліднасці. Рашэнне ўладаў падтрымліваць толькі тыя рэабілітацыйныя цэнтры, што кіруюцца дзяржавай і дарэчы абыходзяцца ёй даражэй і менш зручныя для пацыентаў, чым аналагічныя ўстановы, якія належаць НДА, мела адмоўныя наступствы для якасці абслугоўвання. Дзяржава таксама паменьшыла падаткавыя льготы для прадпрымальнікаў, якія спецыялізуюцца на выкарыстанні працы інвалідаў, і адмяніла шэраг агульных гарантый занятасці для грамадзян-інвалідаў.
7 мая Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў правяла акцыю пратэсту супраць бяздзейнасці ўраду ў рашэнні праблем інвалідаў. Як паведаміў Сяргей Драздоўскі, лідэр Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў, рэжым, нягледзячы на запэўніванні аб неадкладнасці, праваліў уласную праграму, згодна з якой меўся намер зрабіць грамадскія месцы Мінску даступнымі для інвалідаў-калясачнікаў.
Цэнтральныя ўлады працягвалі выплачваць некаторыя мінімальныя субсідыі інвалідам, а замежныя і мясцовыя дабрачынныя арганізацыі, якія дзейнічалі на Беларусі, ўзялі на сябе клопаты аб дзецях-інвалідах. У маі Міністэрствам юстыцыі была зарэгістравана дабрачынная арганізацыя “Алеся”. Яе мэта – забяспечыць медыцынскай і адукацыйнай дапамогай дзяцей-сірот і дзяцей-інвалідаў.
Факты паказваюць, што фінансавая падтрымка грамадзян-інвалідаў не з’яўляецца прыярытэтнай для рэжыму. Згодна артыкулу ў незалежнай газеце “Народная воля”, апублікаваным у 2001 г., выдаткі з бюджэту на аднаго інваліда ў той год склалі 65 долараў ЗША (114958 рублёў) у параўнанні з выдаткамі на аднаго члена Беларускага патрыятычнага саюза моладзі (лаяльнай рэжыму патрыятычнай арганізацыі) у суме 800 долараў ЗША (1,4 мільёна рублёў).
Нацыянальныя, расавыя і этнічныя меньшасці
Закон дае грамадзянства любой асобе, якая пражывае пастаянна на тэрыторыі рэспублікі з 1991 г. Таму, хто прыбыў пасля гэтай даты і жадае стаць грамадзянінам, патрабуецца падаць заяву аб прадастаўленні грамадзянства, даць клятву выконваць Канстытуцыю, мець законную крыніцу да існавання і пражываць у краіне на працягу 7 гадоў.
Нягледзячы на заяву, зробленую прэзідэнтам Лукашэнкам 24 ліпеня аб тым, што ў краіне няма падставы для антысемітызму, службовыя асобы працягвалі ажыццяўляць дзеянні, якія сведчылі аб недахопе ўвагі ў адносінах да яўрэйскага насельніцтва. У студзені ўлады Брэста спачатку затрымалі, а пазней выпусцілі 17-гадовага падлетка за апаганьванне мемарыялу ахвярам Халакосту. На месцы знішчанай сінагогі ў цэнтры Мінску працягвалася будаўніцтва жыллёвага комплексу, нягледзячы на пратэсты яўрэйскай суполкі. Больш таго хутка павінна пачацца будаўніцтва і на месцы другой былой сінагогі. Некалькі службовых асобаў дзяржавы дазволілі сабе публічныя антысеміцкія заявы ў СМІ. У адпаведнасці з паведамленнямі інфармацыйнага агенцтва БелаПАН ад 24 чэрвеня Сяргей Касцян, які ў ніжняй палаце Парламенту ўзначальвае камісію па міжнародных справах, крытыкаваў рашэнне прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна замарудзіць план інтэграцыі Беларусі і Расіі. Ён заявіў, што апошні “выконвае загад яўрэйскага лоббі”. 25 лістапада ў інтэрв’ю “Беларускай газеце” Касцян заявіў, што змагаецца са спробамі “пераўтварыць Беларусь у плацдарм сіянізму”. Пры гэтым ён дадаў: “Калі мячэць ці сінагога стаіць на шляху развіцця горада, я ўпэўнены, што можна пусціць яе пад нож бульдозера”. Гэтая яго заўвага была зроблена ў адказ на падпісаную 15 лістапада 75 з 109 дэпутатаў ніжняй палаты Парламенту петыцыю, якая заклікала прэзідэнта Лукашэнку прадухіліць разбурэнне яўрэйскіх культурных памятных месцаў у беларускай сталіцы.
На працягу года “скінхэды” і рускія ўльтранацыяналісты нападалі на іншаземцаў, а таксама на тых, хто падтрымлівае развіццё беларускай культуры. Члены рускай ультранацыяналістычнай арганізацыі “Рускае нацыянальнае адзінства” (РНА) паспрабавалі ўварвацца ў офіс Беларускага культурнага аб’яднання “Беларуская хата”. Работнікі арганізацыі паведамлялі, што ў іх былі перарэзаны тэлефонныя правады, ўваходные дзверы зламаны і размаляваны свастыкай. 16 снежня 10 членаў РНА напалі на жанчыну-члена незарэгістраванай арганізацыі “Зубр”, калі яна ў электрапоездзе распаўсюджвала літаратуру.
У двух асобных інцыдэнтах, якія адбыліся ў маі і жніўні, “скінхэды” напалі на некалькіх яўрэяў-іншаземцаў у цэнтры Мінску. У адным выпадку міліцыя прыбыла на месца здарэння, але не стала затрымліваць нападаўшых. У верасні каля расійскага пасольства ў Мінску невядомыя злачынцы напалі на равіна і яго сына. Ахова пасольства прыйшла равіну на дапамогу і выклікала міліцыю, якая пачала расследаванне здарэння. Аднак на канец года яно так і не дало ніякіх вынікаў.
12 снежня чатыры віцебскія маладыя чалавекі былі прыгавораны да турэмнага зняволення на тэрмін ад 3 да 6 гадоў за нападзенне, якое яны ажыццявілі ў 2001 г. на студэнтаў з Індыі, Лівану і Непалу. Мясцовыя назіральнікі-праваабаронцы аспрэчвалі справядлівасць такога суровага прыгавору гэтым чатыром юнакам. Яны сцвярджалі, што гэта была простая кулачная бойка, якая не мела ніякай расісцкай падставы. 18 снежня каля сотні “скінхэдаў” прыйшлі на рок-канцэрт у Оршы з удзелам расійскай групы “Калаўрат”, артысты якой звязаны з РНА. Канцэрт быў арганізаваны мясцовым аддзяленнем лаяльнага рэжыму Беларускага нацыянальнага саюзу моладзі. Мясцовыя члены расійскай ультранацыяналістычнай Нацыянал-бальшавісцкай партыі ўдзельнічалі ў некалькіх дэманстрацыях у Мінску.
У снежні 2001 г. была адхілена апеляцыя яўрэйскай суполкі на рашэнне суддзі дазволіць дзяржаўнай кампаніі пад назвай “Праваслаўная ініцыятыва” надрукаваць антысеміцкую кнігу. Яшчэ раней суддзя адхіліў аналагічную апеляцыю, пададзеную ў сакавіку 2000 г. на той аснове, што кніга змяшчае інфармацыю навуковага характару і таму знаходзіцца па-за межамі юрысдыкцыі суда.
Антысеміцкія матэрыялы, якія, галоўным чынам, былі ўвезены з Расіі, можна знайсці ў Мінску паўсюдна. Магазін “Праваслаўная кніга”, які належыць “Праваслаўнай ініцыятыве”, працягвае гандляваць антысеміцкай і рускай ультранацыяналістычнай літаратурай. І хаця Руская праваслаўная царква ўсяляк адхрышчваецца ад гэтага магазіну і заяўляе, што не мае да яго ніякага дачынення, яна не выступіла з ганьбаваннем за продаж такога тавару. Антысеміцкая літаратура таксама прадаецца ў кіёсках, што гандлююць рускай праваслаўнай літаратурай, уключаючы і той кіёск, што размяшчаецца ў Нацыянальнай акадэміі навук.
Па закону ў рускай і беларускай мовы роўны статус; аднак рэжым час ад часу выступае з нападкамі на тых, хто карыстаецца беларускай мовай ці падтрымлівае беларускі нацыяналізм. Часткай кампаніі рэжыму, накіраванай на тое, каб стымуляваць аб’яднанне з Расіяй і зменьшыць уплыў апазіцыйных рухаў, з’яўляліся перашкоды папулярызацыі вывучэння беларускай мовы школьнікамі і студэнтамі. Яны таксама абмяжоўвалі даступнасць пачатковай школьнай адукацыі на беларускай мове. У сваёй чэрвеньскай справаздачы 2000 г. Беларускі Хельсінкскі камітэт адзначаў, што толькі ў 30 % пачатковых школ навучанне вядзецца на беларускай мове. У Мінску толькі ў 11 з 242 сярэдніх школ выкладанне вялося на беларускай мове. У іншых абласных цэнтрах гэты працэнт значна ніжэй. Улады працягвалі сцвярджаць, што былі закрыты толькі тыя школы з выкладаннем на беларускай мове, якія адчувалі недахоп вучняў. Аднак назіральнікі сумняваюцца, што гэтыя сцвярджэнні даставерныя.
Раздзел 6. Правы работнікаў
а. Права на аб’яднанне
Канстытуцыя дэкларуе права работнікаў, акрамя супрацоўнікаў дзяржаўнай бяспекі і ваеннаслужачых, ствараць і уступаць у незалежныя аб’яднанні на добраахвотнай аснове і весці дзейнасць па ахове правоў работнікаў. Аднак на практыцы гэтыя правы ўшчэмліваліся. Меры па падаўленню незалежных аб’яднанняў уключалі затрыманні членаў незалежных прафсаюзаў за распаўсюджванне прафсаюзнай літаратуры, канфіскацыю прафсаюзных матэрыялаў, забарону для членаў прафсаюзаў доступу да працоўных месцаў, празмерныя штрафы, а таксама націск з боку кіраўнікоў і службаў дзяржаўнай бяспекі на членаў прафсаюзаў з мэтай іх звальнення з работы за прафсаюзную дзейнасць.
Улады рабілі шматлікія ініцыятывы па падаўленню незалежных прафсаюзаў і на працягу года пайшлі на беспрэцэдэнтнае ўмяшанне ў работу Беларускай федэрацыі прафсаюзаў (БФП). У чэрвені яны ўстанавілі дзяржаўны кантроль над БФП і некалькімі рэспубліканскімі прафсаюзамі, што паслужыла прычынай падачы афіцыйнай скаргі ў Міжнародную арганізацыю працы (МАП). У канцы 2001 г. рэжым паспрабаваў задушыць прафсаюзы адмаўляючыся вярнуць ім уплачаныя іх членамі ўзносы. Пасля таго як стала зразумела, што прафсаюзы і БФП прыстасаваліся да гэтых зменаў, рэжым у чэрвені дапусціў новую спробу захопу БФП і некаторых яе галіновых прафсаюзаў. БФП пазней стала па сутнасці дзяржаўнай структурай, а чэрвеньскія выбары Леаніда Козіка на пасаду Старшыні БФП былі апратэставаны МАП.
У 1999 г. Лукашэнка выдаў указ, у адпаведнасці з якім для таго, каб заснаваць і зарэгістраваць прафсаюзную ячэйку на прадпрыемстве членамі прафсаюзаў павінны быць як мінімум 10 % работнікаў гэтага прадпрыемства. Указ таксама абавязвае існуючыя зарэгістраваныя прафсаюзы перарэгістравацца і выканаць усе новыя патрабаванні. Лідэры свабодных прафсаюзаў паведамлялі, што гэты ўказ зрабіў практычна немагчымым стварэнне, рэгістрацыю і, такім чынам, якую-небудзь прафсаюзную дзейнасць на многіх буйных дзяржаўных прадпрыемствах. Некаторым мясцовым прафсаюзам было адмоўлена ў рэгістрацыі на аснове гэтага ўказу.
Улады працягвалі адгаварваць рабочых дзяржаўных прадпрыемстваў ад уступлення ў незалежныя прафсаюзы. БФП, якая раней прадстаўляла сабой Беларускае аддзяленне Усесаюзнага цэнтральнага савета прафесійных саюзаў (УЦСПС) Савецкага Саюза, аб’ядноўвае каля 4,5 мільёна работнікаў (уключаючы пенсіянераў) і намнога перавышае па памерах іншыя прафсаюзныя арганізацыі. Згодна афіцыйным даным федэрацыі 92 % усёй арміі працы аб’яднаны ў прафсаюзы. Некаторыя лідэры БФП, якія ў мінулым асцерагаліся сур’ёзна апаніраваць уладам сталі ўсё больш востра крытыкаваць палітыку рэжыму Лукашэнкі. У якасці ўдару ў адказ рэжым абрынуўся з праследаваннямі і пагрозамі на некаторых службовых асобаў БФП.
Услед за ініцыяваным уладамі адхіленнем у снежні 2001 г. Уладзіміра Ганчарыка ад пасады Старшыні БФП, рэжым паспрабаваў знішчыць саму федэрацыю прафсаюзаў і яе галіновую структуру. На працягу першых некалькіх месяцаў года рэжым працягваў утрымліваць сабраныя прафсаюзныя ўзносы, а затым адмяніў сістэму безнаяўнага спагнання ўзносаў з заработнай платы. Улады забаранілі наймальнікам ажыццяўляць аўтаматычнае ўтрыманне членскіх узносаў. Акрамя таго рэжым справакаваў некалькі спробаў сфарміраваць па ініцыятыве адміністрацыі так званыя “жоўтыя” прафсаюзы на шэрагу буйных прадпрыемстваў. Нягледзячы на гэты націск, БФП і галіновыя прафсаюзы працягвалі існаваць і нават пачалі пераўтварацца з непрадстаўніцкіх падкантрольных дзяржаве ў па-сапраўднаму прадстаўніцкія прафсаюзы. У адказ на гэта рэжым арганізаваў зняцце Франца Вітко з пасады Старшыні БФП і ў чэрвені замяніў яго на Леаніда Козіка, кандыдатуру якога Лукашэнка падабраў сярод вышэйшых службовых асоб сваёй прэзідэнцкай адміністрацыі. Пазней сабраныя прафсаюзныя ўзносы былі вернуты. Пачынаючы з чэрвеня Козік стаў “вычышчаць” актывістаў БФП і замяняць іх агентамі КДБ. Ён зняў з пасады рэдактара газеты “Рабочы”, ажыццявіў сцэнарый адхілення ад пасады Аляксандра Ярашука, старшыні Сельскагаспадарчага галіновага прафсаюза (буйнейшага ў краіне, які налічвае каля 1 мільёна членаў), а таксама спрабаваў зняць з пасадаў яшчэ двух рэфармісцкі настроеных лідараў галіновых прафсаюзаў. Усе гэтыя дзеянні разам з радыкальным пераходам Козіка ад уласнай прафсаюзнай дзейнасці да праўрадавай агітацыі і пераўтварэнню БФП у дзяржаўную структуру прывялі да таго, што МАП на сваім кангрэсе ў лістападзе паставіла пад сумненне далейшае членства БФП у МАП і легітымнасць выбара Козіка яе старшынёй.
Члены Незалежнага прафсаюза Беларусі сутыкаліся з пастаянным націскам на сваім працоўным месцы, перад імі ставілася альтэрнатыва: ўступіць у дзяржаўны прафсаюз ці страціць работу. Як правіла, членам прафсаюза прыходзілася нелагальна праносіць на работу, пахаваўшы пад адзеннем, экземпляры газеты “Рабочы”, якая асвятляла праблемы рабочага руху.
У 2000 г. адна замежная дзяржава адзначыла, што ўлады не паважаюць правы работнікаў, падаўляюць правы прафсаюзаў, прыцясняюць прафсаюзных лідэраў і не прымаюць дастатковых крокаў да таго, каб адпавядаць міжнародна прызнаным правам на працу. У выніку гэтая дзяржава прыпыніла дзеянне спрыяльнага гандлёвага рэжыму для рэспублікі.
Па закону прафсаюзы маюць права далучацца да міжнародных арганізацый. На канец мінулага года БФП спрабавала ўступіць у Міжнародную канфедэрацыю свабодных прафесійных саюзаў (МКСПС), у той час як незалежныя прафсаюзы ўжо былі членамі МКСПС.
б. Права на арганізацыю і заключэнне калектыўнага працоўнага дагавору
Закон прадугледжвае права на арганізацыю і заключэнне калектыўнага працоўнага дагавору. Аднак улады і прадпрыемствы дзяржаўнай формы ўласнасці перашкаджаюць гэтаму і ў некаторых выпадках адвольна прыпыняюць дзеянне калектыўнай працоўнай дамоўленасці (гл. раздзел 6.а.). Палажэнні ўказа прэзідэнта 1999 года, якія прадугледжваюць заключэнне рабочымі не калектыўных, а індывідуальных дагавораў, рэзка крытыкаваліся як лідэрамі незалежных, так і афіцыйных прафсаюзаў. Падкрэслівалася, што гэтыя палажэнні дазваляюць прэзідэнцкай адміністрацыі ўзмоцніць кантроль у сферы працоўных рэсурсаў. На канец года гэтыя палажэнні не прымяняліся на практыцы.
Канстытуцыя забяспечвае правам правядзення забастовак, аднак жорсткі кантроль з боку рэжыму ўскладняе правядзенне прафсаюзамі забастовак і мітынгаў для вылучэння сваіх мэтаў (гл. раздзел 1.г. і 2.б.).
Экспартныя зоны адсутнічаюць.
в. Забарона прымусовай ці абавязковай працы
Канстытуцыя забараняе прымусовую і абавязковую працу, акрамя выпадкаў, калі работа ці паслуга павінна быць выканана па рашэнню суда ці ў адпаведнасці з законам аб надзвычайным ці ваенным становішчы. Тым не менш, мелі месца паведамленні аб прымусовай працы. Напрыклад, у некаторых мясцовасцях жыхары былі вымушаны працаваць на нарыхтоўцы кармоў. Работнікаў, якія адмаўляліся ад "добраахвотнага" ўдзелу ў нарыхтоўцы кармоў, прымушалі заплаціць штраф у памеры 5 долараў ЗША (5000 рублёў) ці прыблізна 15 % сваёй сярэднямесячнай заработнай платы. Да такіх выпадкаў адносіцца і вымушаны ўдзел студэнтаў у зборы ўраджаю бульбы.
Канстытуцыйнае палажэнне, якое забараняе прымусовую і абавязковую працу, распаўсюджваецца на ўсіх грамадзян, хаця яго прымяненне ў адносінах да дзяцей не ўдакладняецца). Паведамленняў аб прымусовай ці абавязковай працы дзяцей не паступала.
г. Палажэнне з выкарыстаннем працы дзяцей і мінімальны ўзрост для працаўладкавання
Закон устанаўлівае 16 гадоў як мінімальны ўзрост для працаўладкавання. Пры наяўнасці пісьмовай згоды аднаго з бацькоў (ці законнага апекуна) 14-гадовы падлетак можа заключаць працоўнае пагадненне. Генеральная пракуратура, як паведамлялася, эфектыўна сочыць за выкнаннем гэтага закону.
д. Дапушчальныя ўмовы працы
Мінімальная заработная плата – 9 долараў ЗША (17000 рублёў) – не можа забяспечыць нармальны ўзровень жыцця работніка і яго сям'і. Аднак сярэдняя рэальная заработная плата была павышана за год прыблізна з 60 долараў ЗША (72000 рублёў) да 110 долараў ЗША (200000 рублёў) у месяц. На працягу перадвыбарчай прэзідэнцкай кампаніі 2001 г. прэзідэнт Лукашэнка заяўляў аб павышэнні месячнай заработнай платы прыблізна з 65 долараў ЗША (78000 рублёў) да 100 долараў ЗША (120000 рублёў). Улады сцвярджалі, што сярэдняя заработная плата ў 2001 г. была трохі вышэй за 106 долараў ЗША (127200 рублёў), хоць незалежныя аналітыкі адзначалі, што гэтая лічба некалькі ніжэй. Па заключэнню Міжнароднага Валютнага Фонду (МВФ) павышэнне заработнай платы было дасягнута за кошт павялічэння запазычанасці пастаўшчыкам і іншых падобных мераў.
Эканамічныя праблемы, якія па-ранейшаму стаяць перад краінай, ускладнялі магчымасць для сярэдняга работніка зарабіць на дастойнае пражыванне. Вялікія запазычанасці па выплаце заработнай платы працягвалі расці, асабліва ў сельскагаспадарчым сектары. Канстытуцыя і Працоўны кодэкс абмяжоўваюць працоўны тыдзень 40 гадзінамі работы і прадугледжваюць не менш за адзін 24-гадзінны адрэзак часу ў тыдзень для адпачынку. На самой жа справе з-за цяжкага эканамічнага стану ў краіне ўсё большая колькасць працоўных была вымушана працаваць менш 40 гадзін у тыдзень. Па паведамленнях, прадпрыемствы часта адпраўлялі работнікаў у неаплачваемы адпачынак з-за адсутнасці сыравіны ці энергіі на прадпрыемстве, а таксама попыту на яго прадукцыю.
Закон устанаўлівае мінімальныя патрабаванні да ўмоў бяспекі на працоўных месцах і аховы здароўя работнікаў, аднак гэтыя нормы часта ігнараваліся. Рабочыя многіх прадпрыемстваў цяжкага машынабудавання, напрыклад, не мелі нават мінімальнага набору сродкаў бяспекі, такіх, як пальчаткі, каскі, акуляры для зварачных работ. Дзяржаўная інспекцыя па тэхніцы бяспекі існуе, але не мае ўлады і магчымасцяў забяспечыць выкананне сваіх рашэнняў, і яны часта заставаліся без увагі. Па звестках Міністэрства працы і сацыяльнай аховы, на канец лістапада 211 рабочых загінулі і 603 атрымалі сур'ёзныя траўмы ў выніку няшчасных выпадкаў на вытворчасці. Высокі іх ўзровень растлумачваецца адсутнасцю ахоўнай вопраткі, абутку, прыстасаванняў, парушэннем інструкцый па тэмпературных рэжымах, выкарыстаннем састарэлага абсталявання, нецвярозым станам рабочых на працоўным месцы. У законе няма палажэння, якое б давала права работнікам адмовіцца ад выканання небяспечнай для здароўя ці жыцця работы без рызыкі страціць работу.
Адным з прэзідэнцкіх указаў 2002 года быў зніжаны ўзровень выплат дзяржавай ці дзяржаўным прадпрыемствам у сувязі са стратай працаздольнасці ў выніку траўмаў, атрыманых на працоўным месцы. Згодна ўказу іскі аб траўмах, атрыманых на вытворчасці, падпадаюць пад Грамадзянскі, а не Працоўны кодэкс. Лідэры незалежных прафсаюзаў лічаць, што траўмы атрыманыя на вытворчасці, павінны разглядацца на аснове палажэнняў Працоўнага кодэксу, ў адпаведнасці з якім кампенсацыя ажыццяўляецца ў больш буйных памерах.
Працоўны кодэкс ў роўнай меры абараняе правы як замежных працаўнікоў, так і працуючых грамадзян Беларусі.
е. Гандаль людзьмі
Закон забараняе гандаль людзьмі. Аднак гандаль людзьмі стаў сур'ёзнай праблемай, якая павялічваецца. Звестак аб дачыненні афіцыйных органаў да гандлю людзьмі не паступала, але, ўлічваючы існуючую карупцыю ў міліцыі і іншых органах улады, назіральнікі не выключаюць, што падобны ўдзел магчымы.
У адпаведнасці з Крымінальным кодэксам, які ўступіў у сілу ў пачатку 2001 года, гандаль людзьмі ў мэтах сексуальнай ці іншай эксплуатацыі крымінальна караецца. Крымінальны кодэкс таксама прадугледжвае крымінальную адказнасць за найм людзей для сексуальнай ці іншай эксплуатацыі. За гандаль людзьмі прадугледжваецца пакаранне на тэрмін пазбаўлення волі ад 5 да 7 гадоў. Міністэрства ўнутраных спраў прызнае, што расійскія крымінальныя структуры могуць прыцягваць і наймаць жанчын для заняткаў прастытуцыяй у краінах Заходняй Еўропы і Блізкага Усходу. Гандляры, звязаныя з арганізаванай злачыннасцю і гандлем наркотыкамі, прывабліваюць сваіх ахвяр праз аб'явы ў газетах ці Інтэрнэце аб найме на высокааплачваемую работу.
Згодна дзяржаўнай статыстыцы, на працягу года беларускія праваахоўныя органы спынілі дзейнасць дзесяці бандаў, якія кіраваліся міжнароднымі крымінальнымі групоўкамі, ў тым ліку 2 бандаў – у сакавіку. У снежні раённы суддзя ў Гомелі вынес абвінавачванне двум жыхарам горада за продаж жанчын у Турцыю і Ізраіль і прымушэнне іх да заняткаў прастытуцыяй. Асуджаныя былі прыгавораны да трох і чатырох гадоў зняволення ў папраўчай установе ўзмоцненага рэжыму.
У гэтым жа годзе грамадзянін Беларусі быў асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі за выкраданне людзей з мэтай продажу. Улады ў Мінску прад'явілі грамадзяніну Румыніі абвінавачванне ў продажы жанчын на Кіпр. Ён атрымаў 1 год у адпаведнасці з артыкулам 187 (найм людзей з мэтай сексуальнай эксплуатацыі). Шлюбная пара з Мінску была прыгаворана да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі адпаведна таму ж закону, а таксама прызнана вінаватай па артукулу 18 (арганізаваная злачынная дзейнасць). У Полацку двое грамадзян былі арыштаваны за продаж беларускіх жанчын, у тым ліку непаўналетніх дзяўчынак, у Расію. Згодна дзяржаўнай статыстыцы, 15 членаў арганізаваных крымінальных груп былі прыгавораны да тэрмінаў ад 6 да 8 гадоў пазбаўлення волі за гандаль людзьмі. У Гродненскім раёне была ўзбуджана крымінальная справа супраць гандляра, які на працягу двух гадоў прадаў не менш 35 жанчын з Беларусі ў Польшчу. Падсудны быў прызнаны вінаватым у 12 выпадках з 15. Калі справа ўпершыню разглядалася ў 2000 г. абвінавачаны атрымаў 4 гады за зводніцтва, але Гродзенскі абласны суд адмяніў прыгавор і прызначыў новае расследаванне, каб абвінавачанага судзілі ў адпаведнасці з новым Крымінальным кодэксам, пасля чаго яму зноў было прад'яўлена абвінавачванне ў распаўсюджванні наркотыкаў і зводніцтве.
Беларусь адначасова з'яўляецца і крыніцай, і транзітным пунктам для адпраўкі жанчын і дзяўчынак у Цэнтральную і Заходнюю Еўропу для заняткаў прастытуцыяй і сексуальнай эксплуатацыі. У адпаведнасці з паведамленнямі, якія паступілі ад афіцыйнай асобы Федэральнага міністэрства ўнутраных спраў Германіі, ў 2001 г. прыблізна 1000 беларускіх жанчын былі прывезены ў Германію, дзе яны прымушаліся да занятку прастытуцыяй. А самай справе, на думку гэтага ж супрацоўніка, колькасць такіх жанчын на працягу года было значна большай. Улады, аднак, не прыводзяць ніякай статыстыкі, але па звестках неўрадавых арганізацый краіны, некалькі тысяч беларускіх жанчын сталі ахвярамі гандлю людзьмі. Беларусь – краіна-крыніца і транзітны пункт для адпраўкі жанчын у Расію, Украіну, Германію, Ізраіль, Польшчу, Чэшскую Рэспубліку, Турцыю, Кіпр, Грэцыю, Венгрыю і Федэратыўную Рэспубліку Югаславія.
Улады Беларусі прызналі існаванне праблемы гандлю людзьмі і пачалі ёй займацца. У 2001 г. Міністэрства ўнутраных спраў распрацавала стратэгію барацьбы з гандлем людзьмі на пяцігадовы тэрмін. Яна складаецца з 33 пунктаў і ўключае шляхі і спосабы паляпшэння заканадаўства ў гэтым накірунку, міжнароднага супрацоўніцтва, барацьбы з гандлем людзьмі і рэабілітацыі яе ахвяр. Стратэгія таксама прадугледжвае ўдзел у вырашэнні гэтай праблемы розных дзяржаўных органаў і такіх ўстаноў, як Міністэрства замежных спраў, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства адукацыі, КДБ. Міністэрства ўнутраных спраў. Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны ў супрацоўніцтве з Праграмай развіцця ААН (ПРААН) быў заснаваны Гендэрны інфармацыйна-палітычны цэнтр (ГІПЦ), які таксама займаецца гэтай праблемай.
Жанчыны рэдка звяртаюцца ў міліцыю ў выпадках падобнага найму па прычыне агульных адмоўных адносінаў да праваахоўных органаў, недасканаласці заканадаўства па гэтаму пытанню і недастатковых мераў па абароне пацярпелых і сведак. Як правіла, пацярпелыя ўтрымліваліся пад вартай пакуль у выніку расследавання яны не прызнаваліся ахвярамі, а пасля гэтага яны маглі быць прыцягнуты да адказнасці за парушэнне якіх-небудзь іншых законаў. У студзені Беларуская маладзёжная хрысціянская жаночая арганізацыя (БМХЖА) стала каардынатарам праекту “Ля страда Беларусь” – кампаніі супраць гандлю людзьмі. Трохгадовы праект разлічаны на абучэнне спецыялістаў неўрадавых арганізацый і дзяржаўных чыноўнікаў, паляпшэнне супрацоўніцтва з урадам і павышэнне грамадскай свядомасці. Міжнародная арганізацыя па іміграцыі (МАІ) у Беларусі таксама пачала ажыццяўленне праграмы, разлічанай на адзін год, па ўдасканальванню прадухілення гандлю людзьмі і інфраструктуры дапамогі. Пры садзейнічанні дзяржаўных і неўрадавых арганізацый МАІ выдаткавала рэсурсы на сацыяльную рэабілітацыю сотні пацярпелых. Крызісныя цэнтры, створаныя некаторымі неўрадавымі арганізацыямі, аказваюць псіхалагічную дапамогу ахвярам насілля. Аднак такія цэнтры не маюць высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія б займаліся ахвярамі гандлю людзьмі.
У рамках праграмы “Ля страда Беларусь” Беларуская маладзёжная хрысціянская жаночая арганізацыя ажыццяўляе абучэнне членаў рэгіянальных неўрадавых арганізацый і работнікаў муніцыпалітэтаў па пытаннях прадухілення выпадкаў гандлю людзьмі. БМЖХА адкрыла інфармацыйную тэлефонную лінію для жанчын, якія ад’язджаюць за мяжу па прычынах, не звязаных з турызмам. БМЖХА атрымлівае больш 100 тэлефонных званкоў у месяц. У лістападзе БМЖХА павялічыла працягласць работы "гарачай лініі" з двух да сямі дзён у тыдзень.