Справаздачы
У падтрымку правоў чалавека i дэмакратыi: дзейнасць ЗША ў 2005-2006 гадах
Апублiкавана 5 красавiка 2006 года
Падрыхтавана Бюро па пытаннях дэмакратыi, правоў чалавека i працы
Беларусь
Згодна з Канстытуцыяй, Беларусь з’яўляецца рэспублікай на чале з прэзідэнтам, які абіраецца прамым галасаваннем, і дзвюхпалатным парламентам. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, упершыню абраны ў 1994 годзе, рабіў сістэматычныя нападкі на ўсе важныя элементы дэмакратыі: палітычныя партыі, незалежныя сродкі масавай інфармацыі і грамадзянскую супольнасць. Шляхам рэферэндумаў, праведзеных з сур’ёзнымі парушэннямі, маніпулявання і падтасоўкі вынікаў выбараў ды рэпрэсіўных законаў і ўказаў, прэзідэнт Лукашэнка сканцэнтраваў у сваіх руках уладу, працягнуў тэрмін прэзідэнцкіх паўнамоцтваў і зняў абмежаванне колькасці тэрмінаў знаходжання прэзідэнта ва ўладзе. Абраны на сфальсіфікаваных выбарах парламент звычайна ўхваляў усе прэзідэнцкія ініцыятывы. Судовая ўлада не з’яўлялася незалежнай. Павага ўладаў да правоў чалавека захоўвалася на вельмі нізкім узроўні, а месцамі і пагоршылася. Улады затрымлівалі, штрафавалі і пазбаўлялі волі дэмакратычных актывістаў, у тым ліку апазіцыйных палітыкаў, лідэраў незалежных прафсаюзаў і выдаўцоў газет за крытыку ўрада. У чэрвені ўрад прыняў закон, які спрасціў працэдуру прыпынення дзейнасці і закрыцця палітычных партый. Падчас прыняцця закона Міністэрства юстыцыі вяло справу па закрыцці на розных падставах прыкладна 80% офісаў апазіцыйных палітычных партый. Усё часцей улады выкарыстоўвалі падатковыя інспекцыі ды новыя рэгістрацыйныя правілы з мэтай ускладніць або прыпыніць законную дзейнасць НДА, незалежных сродкаў масавай інфармацыі, палітычных партый, нацыянальных меншасцяў ды рэлігійных суполак. Яны адкрыта ўмешваліся ў выбары новага кіраўніцтва недзяржаўнай арганізацыі “Саюз палякаў Беларусі”. Былі прыняты папраўкі да Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць пакаранне да трох гадоў пазбаўлення волі за “дыскрэдытацыю міжнароднага іміджа Беларусі”, а таксама за арганізацыю ці ўдзел у дзейнасці часова ці канчаткова зачыненых НДА або фондах. Урад замацаваў свой кантроль над незалежнымі СМІ, абклаўшы іх празмернымі штрафамі, перакрыўшы доступ да дзяржаўных сетак распаўсюджвання і падпіскі, а таксама да друкарань. Улады абмяжоўвалі карыстанне Інтэрнетам, закрыўшы доступ да шэрагу замежных вэб-сайтаў, адсочвалі матэрыялы і праследавалі некаторых за размяшчэнне матэрыялаў на вэб-сайтах. Аб’ектам павышанага ўмяшальніцтва з боку ўладаў сталі таксама адукацыйныя праграмы абменаў і студэнцкіх падарожжаў. Працягвала турбаваць і праблема гандлю людзьмі, хоць урад і зрабіў у барацьбе з ёй шэраг захадаў.
Стратэгія ЗША па прасоўванні дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі складалася з прымянення палітычных ды эканамічных абмежаванняў; аказання двух- і шматбаковага дыпламатычнага ціску; абмежавання кантактаў на вышэйшым узроўні з беларускімі дзяржаўнымі чыноўнікамі, якія сустракаліся з афіцыйнымі асобамі ЗША, не вышэйшымі за ўзровень памочніка Дзяржсакратара; ажыццяўлення маніторынгу, падрыхтоўкі справаздач і выступленняў аб парушэннях; падтрымкі праграм прасоўвання дэмакратыі і правоў чалавека, а таксама садзеяння праграмам адукацыйных і прафесійных абменаў. Дапамога ЗША накіроўвалася на падтрымку развіцця і ўзмацнення грамадзянскай супольнасці, пашырэння доступу да аб’ектыўнай інфармацыі праз Інтэрнет, далейшага развіцця незалежных друкаваных, радыё- і тэлевізійных сродкаў масавай інфармацыі, фармаванне абарончай праваздольнасці, адстойванне верхавенства закону, падтрымку развіцця дэмакратычных палітычных працэсаў напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2006 года. Злучаныя Штаты таксама аказвалі прававую дапамогу і падтрымку незалежным прафсаюзам у развіцці патэнцыялу. Фінансаваныя ЗША праграмы абменаў былі накіраваны на тое, каб пазнаёміць шырокае кола беларускіх грамадзян, ад студэнтаў да спецыялістаў, з дэмакратычнай рыначнай сістэмай. З мэтай падтрымкі барацьбы з гандлем людзьмі, Злучаныя Штаты падтрымлівалі меры, накіраваныя на прадухіленне гандлю і абарону яго ахвяр.
Злучаныя Штаты цесна супрацоўнічалі з АБСЕ, ЕС, а таксама з суседнімі краінамі Беларусі ў пытаннях прасоўвання дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі. У межах такога супрацоўніцтва ЗША сумесна з ЕС выпускалі прэс-рэлізы, якія тычыліся парушэнняў правоў чалавека, здзейсненых урадам Беларусі, а таксама арганізоўвалі сумесныя акцыі з мэтай прадэманстраваць сваю салідарнасць у пытаннях пашырэння дэмакратыі. Злучаныя Штаты разам з іншымі краінамі падрыхтавалі гістарычна-важную рэзалюцыю па Беларусі ў Камісіі па правах чалавека пры ААН, у якой выказвалася занепакоенасць палітыкай урада Беларусі па пытаннях ажыццяўлення правоў чалавека, у тым ліку знікнення і мяркуемага забойства двух выбітных апазыцыйных палітыкаў, бізнесмена і журналіста, абмежавання свабоды волевыяўлення і свабоды слова, наступу на дзейнасць недзяржаўных арганізацый, забароны права рабочых ствараць свае арганізацыі, абмежавання акадэмічных свабод і праследавання палітычных апанентаў. У снежні 2005 года амбасада ЗША супольна з кіраўнікамі еўрапейскіх дыпламатычных місій у Беларусі правяла сумесны круглы стол з прадстаўнікамі беларускіх праваабарончых арганізацый напярэдадні абвешчанага ААН Міжнароднага дня абароны правоў чалавека з мэтай падкрэсліць рост занепакоенасці краін ЕС ды ЗША становішчам з правамі чалавека ў Беларусі і выразіць праваабаронцам сваю падтрымку. Практычна ва ўсіх выступах амерыканскіх афіцыйных асоб, у інтэрв’ю для прэсы і на публічных мерапрыемствах, звязаных з Беларуссю, ключавымі тэмамі заставаліся пытанні дэмакратыі і правоў чалавека. Злучаныя Штаты пільна сачылі за пастаяннымі і спланаванымі нападкамі на грамадзянскую супольнасць і апазіцыйныя палітычныя партыі з боку ўлады, падрыхтавалі шэраг прэс-рэлізаў па пытаннях парушэнняў правоў чалавека ды замахаў на дэмакратыю і размясцілі гэтыя заявы на вэб-сайце амбасады.
Цягам перадвыбарчай кампаніі да прэзідэнцкіх выбараў 2006 года Злучаныя Штаты неаднаразова заклікалі ўрад правесці свабодныя і справядлівыя выбары і запрасіць міжнародных назіральнікаў для маніторынгу выбараў. ЕС далучыўся да такіх заяў ЗША. На працягу ўсяго справаздачнага года афіцыйныя асобы Злучаных Штатаў сустракаліся з прадстаўнікамі выбарчых камісій і з іншымі ўрадавымі чыноўнікамі з тым, каб заклікаць іх прытрымлівацца дэмакратычных прынцыпаў. У снежні 2005 года афіцыйная асоба ЗША сустрэлася ў Мінску з дзяржаўнымі чыноўнікамі і прадстаўнікамі палітычных партый ды грамадскіх аб’яднанняў, каб выразіць заклапочанасць ЗША становішчам дэмакратыі ў Беларусі і заклікаць урад дазволіць правесці свабодную і сумленную перадвыбарчую кампанію да сакавіцкіх выбараў у прэзідэнты. За кошт сродкаў Злучаных Штатаў ажыццяўлялася навучанне, тэхнічная дапамога, фінансаванне, замежныя абмены для дэмакратычных груп і палітычных партый, дзе асноўны акцэнт рабіўся на пытанні ўнутранага кіравання, стратэгічнага планавання, прыцягнення і захавання новых членаў, фармулявання ідэй ды пашырэння кантактаў. Часткова дзякуючы такой падтрымцы, вядучыя дэмакратычныя сілы Беларусі развівалі і паспяхова праводзілі ў жыццё працэс дэмакратычнага адбору кандыдатаў для ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах. Аднак пры адсутнасці доступу да сродкаў масавай інфармацыі і няспынным праследаванні з боку дзяржавы, дэмакратычныя сілы сутыкнуліся падчас падрыхтоўкі да выбараў з падаўляльнай перавагай апанента. З мэтай ажыццяўлення незалежнага назірання над выбарчым працэсам, ЗША аказвалі грамадскай арганізацыі падтрымку ў падрыхтоўцы незалежных назіральнікаў за выбарамі. Дапамога іншым незалежным НДА і СМІ мела на мэце ажыццяўленне аб’ектыўнага, заснаванага на фактах асвятлення выбарчых пытанняў і ведання выбаршчыкамі сваіх правоў.
Праграмы Злучаных Штатаў дапамагалі незалежным друкаваным выданням знаходзіць магчымасць працягваць сваю дзейнасць у варожых для свабоднай прэсы палітычных і эканамічных умовах і дапамагалі незалежным журналістам атрымліваць доступ да інфармацыйных рэсурсаў. Дзякуючы росту прафесіяналізму незалежных выданняў у прадстаўленні аб’ектыўнай і якаснай інфармацыі, узровень даверу да незалежнай прэсы сярод людзей заставаўся высокім, нягледзячы на няспынны ціск на яе з боку ўрада з мэтай закрыцця практычна ўсіх недзяржаўных газет ці перапынення іх выдання. Дапамога Злучаных Штатаў мясцоваму медыйнаму партнёру дазволіла правесці і паказаць 35 тэлевізійных ток-шоў, прысвечаных сацыяльным, эканамічным і грамадскім пытанням, што трансляваліся ў сямі гарадах з агульнай колькасцю насельніцтва ў 1,4 мільёны чалавек.
Выжыванне беларускіх НДА па-ранейшаму ў значнай ступені залежала ад знешняй падтрымкі, і сітуацыя ўскладнялася яшчэ і прававымі абмежаваннямі дапамогі з боку замежных краін. На працягу 2005 года 18 мясцовых суполак і 30 НДА ўзялі ўдзел у фінансаваных ЗША праектах, накіраваных на ўзмацненне грамадзянскай супольнасці. Не зважаючы на закрыццё ў 2004 годзе ўладамі паспяховай праграмы, што ажыццяўлялася пры фінансавай падтрымцы ЗША, урад, тым не менш, дазволіў вылучыць НДА 11 грантаў. Гранты вылучаліся на забеспячэнне інфармацыйнай падтрымкі і правядзенне навучання з мэтай вырашэння сацыяльных праблем – ад беспрацоўя да аховы здароўя. Каб прыцягнуць як мага болей людзей да ўдзелу ў грамадзянскіх ініцыятывах, было праведзена 55 семінараў па тэмах, якія ахоплівалі ўвесь спектр пытанняў ад моладзевага лідэрства і да грамадскага прадпрымальніцтва для больш як 300 актывістаў НДА і грамадзянскай супольнасці. 82 лідэры НДА і прадстаўнікі мясцовай улады і мясцовага бізнесу ўзялі ўдзел у сямі вучэбных паездках у краіны Ўсходняй Еўропы для таго, каб лепш вывучыць практыку вырашэння такіх ключавых пытанняў, як ахова здароўя, прадпрымальніцтва ды правы жанчын і моладзі. Праз Праграму малых грантаў Камісіі па дэмакратыі ЗША прадстаўлялася фінансавая дапамога для падтрымкі дэмакратычных ініцыятыў непалітычных грамадскіх суполак і сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку моладзевых і жаночых аб’яднанняў, праваабарончых арганізацый, недзяржаўных рэсурсных цэнтраў і прафсаюзаў. Новая праграма ЗША аб’яднала ўдзельнікаў спансіраваных Злучанымі Штатамі праграм абменаў з тым, каб ажыццяўляць праекты прасоўвання дэмакратыі, у тым ліку працу ў падтрымку роўнасці паміж жанчынамі і мужчынамі і грамадскай адукацыі.
ЗША працягвалі аказваць садзеянне ў пытаннях права і прававой падрыхтоўкі, а таксама прадстаўляць дапамогу юрыстам НДА і актывістам. Злучаныя Штаты ў рамках праграмы юрыдычнай дапамогі аказвалі падтрымку ў стварэнні вэб-сайта для актывістаў грамадзянскай супольнасці, на якім размяшчаліся апошнія прававыя палажэнні, датычныя дзейнасці НДА, а таксама садзейнічалі ў правядзенні круглага стала для 70 юрыстаў НДА па тэме прадстаўлення прававой дапамогі ва ўсё больш складаных умовах працы. У 2005 годзе мясцовыя НДА пры падтрымцы ЗША даследавалі ўплыў кароткатэрміновых працоўных кантрактаў на правы рабочых і арганізавалі шырокую прававую адукацыйную кампанію па інфармаванні рабочых пра іх правы шляхам выдання брашур і правядзення 12 семінараў, якія наведала 365 чалавек. У выніку 18 наведвальнікаў гэтых семінараў выйгралі судовыя працэсы супраць сваіх працадаўцаў у сувязі з парушэннем іх правоў праз увядзенне кароткатэрміновай кантрактнай сістэмы.
Хоць і жорстка абмежаваныя ў гэтым годзе ўрадам, праграмы навучання, абменаў і рэформы адукацыі заставаліся важнай часткай стратэгіі ЗША ў распаўсюджванні дэмакратіі і ажыццяўленні правоў чалавека. Пад маркай таго, што ў справаздачным годзе быў прыняты закон па барацьбе з гандлем людзьмі, беларускі ўрад не дазволіў вучням старэйшых класаў сярэдняй школы ўзяць удзел у праграме абмену “Будучы лідэр” першы раз з моманту яе стварэння 12 год назад. У выніку ў гэтым акадэмічным годзе ніводзін беларускі студэнт не браў удзел у гэтай праграме ў параўнанні з 50 у мінулым годзе. Дадатковыя бюракратычныя патрабаванні, уведзеныя гэтым законам, значна ўскладнілі рэалізацыю іншых праграм студэнцкіх абменаў. Тым не менш, Злучаныя Штаты працягвалі садзейнічаць беларускім грамадзянам ва ўдзеле ў амерыканскіх праграмах прафесійнага і акадэмічнага навучання і абменаў.
Супрацоўнікі амбасады рэгулярна наведвалі судовыя слуханні па справах НДА і сродкаў масавай інфармацыі, такіх як Беларускі Хельсінскі Камітэт і газета “Народная воля”, якія ўлады былі намераны закрыць па палітычных матывах. Супрацоўнікі амбасады таксама прысутнічалі на судовых працэсах над лідэрамі апазіцыі, такімі як Павел Севярынец ды Мікола Статкевіч, якіх праследавалі за іх палітычную дзейнасць. Злучаныя Штаты падтрымлівалі намаганні АБСЕ, накіраваныя на садзеянне Беларусі ў выкананні сваіх абавязацельстваў у рамках пагадненняў АБСЕ, заклікаючы ўрад выконваць свае абяцанні, дадзеныя АБСЕ, сачыць за выкананнем правоў чалавека. ЗША працягвалі аказваць ціск на ўрад з мэтай прымусць яго правесці незалежнае, празрыстае і непрадузятае расследаванне знікненняў шэрагу апазіцыйных дзеячаў і журналіста. Злучаныя Штаты выпусцілі заяву з крытыкай нежадання ўрада расследаваць гэтыя знікненні і выкарыстання запалохвання і сілы супраць удзельнікаў мірных акцый, прымеркаваных да гадавіны знікненняў. З мэтай падтрымаць правы жанчын і дапамагчы наладзіць кантакты з актыўнымі жаночымі арганізацыямі, ЗША распачалі серыю мерапрыемстваў, прысвечаных пытанням ролі жанчын у разнастайных сферах грамадзянскай супольнасці.
ЗША заклікалі дзяржаўных чыноўнікаў паважаць свабоду веравызнання і адсочвалі парушэнні міжнародных норм. Афіцыйныя асобы ЗША сустракаліся з прадстаўнікамі разнастайных рэлігійных груп і супрацоўнікамі дзяржаўнага Камітэта па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў з тым, каб выступіць у абарону свабоды веравызнання і за спыненне праследавання рэлігійных меншасцяў. Супрацоўнікі амбасады пільна сачылі за выпадкамі антысемітызму, што адбываліся па ўсёй рэспубліцы, і рабілі захады з мэтай прадухіліць такія дзеянні ў далейшым. Супрацоўнікі амбасады рэгулярна разглядалі паведамленні пра апаганьванне рэштак памерлых пасля таго, як улады пабудавалі на месцы яўрэйскіх могілак у Гродна спартовы стадыён, і таксама Злучаныя Штаты выдалі заяву, у якой асудзілі акты вандалізму ў дачыненні да рэлігійных ікон і памятных знакаў на тэрыторыі мемарыяльнага комплекса ў Курапатах.
У адказ на парушэнні правоў працоўных, ЗША працягвалі ажыццяўляць цесныя кантакты з мясцовымі лідэрамі незалежных працоўных арганізацый і Міжнароднай арганізацыяй працы (МАП) і сустракаліся з прадстаўнікамі Міністэрства працы для высвятлення таго, якія дзеянні зроблены ўрадам для выканання 12 рэкамендацый МАП, што былі накіраваны на паляпшэнне свабоды сходаў і калектыўных пагадненняў па пытаннях працы і правоў прафсаюзаў. Злучаныя Штаты працягвалі падтрымліваць намаганні МАП па ўмацаванні правоў працоўных, а таксама незалежных прафсаюзаў у Беларусі.
Злучаныя Штаты і іншыя донары дасягнулі з урадам Беларусі пэўнай ступені кааперацыі на рабочым узроўні ў процідзеянні гандлю людзьмі. Урад ЗША цесна супрацоўнічаў з аддзяленнем Міжнароднай арганізацыі па міграцыі ў Мінску і мясцовымі арганізацыямі для адсочвання мераў па барацьбе з гандлем людзьмі, прадпрынятых уладамі. Беларусь павялічыла свой праваахоўчы кантроль і прыняла новыя заканадаўчыя акты, накіраваныя на барацьбу супраць гандлю людзьмі. У выніку, дапамога ЗША была сфакусаваная на такіх сферах, у якіх урад не вылучаў дастатковага фінансавання, а менавіта: абарона ахвяраў і прадухіленне гандлю людзьмі. З мэтай вырашыць праблему беднасці і недахопу працоўных месцаў, што абумоўліваюць гандаль людзьмі з найбольш безабаронных груп, Злучаныя Штаты ў супрацоўніцтве з Міжнароднай арганізацыяй па міграцыі працавалі над пашырэннем паспяховага пілотнага праекта, накіраванага на паляпшэнне эканамічнага становішча жанчын.