Прэс-рэлізы за 2001 год
Заява па Беларусі кіраўніка місіі ЗША ў АБСЕ Дэвіда Джонсана (6 верасня 2001 г.)
Дзякуй, спадар Старшыня. Мы вітаем справаздачу Пасла Стаудмана. Я асабіста ўражаны маштабам удзелу краін, прадстаўленых за гэтым сталом, у назіранні за выбарамі, што зараз ідзе на Беларусі. Гэта даволі яскрава дэманструе жаданне ўсіх нас зрабіць усё магчымае, каб беларускія ўлады змаглі выкарыстаць гэтыя выбары для выхаду з ізаляцыі.
Мы ўважліва заслухалі ранішнюю справаздачу, а таксама дэталёва вывучылі прамежкавую справаздачу БДІПЧ аб іх назіранні.
Гэтая справаздача выклікае сур’ёзную занепакоенасць парушэннем правоў чалавека, звяртае ўвагу на адсутнасць празрыстасці ў выбарчым працэсе, атакі на сродкі масавай інфармацыі і пераслед мясцовага незалежнага назірання, які па-ранейшаму працягваецца.
Прынамсі ўчора ўвечары нам стала вядома пра яшчэ адзін прыклад цэнзуры. Незалежнай газеце “Народная воля” перашкодзілі друкаванне выпуску, на першай паласе якога быў размешчаны перадвыбарчы калаж і загаловак: “Лукашэнка – гэта мінулае, Ганчарык – гэта будучыня”. Улады забаранілі яго публікацыю, абгрунтаваўшы гэта тым, што загаловак зневажае годнасць дзеючага кіраўніка дзяржавы.
Спадар Старшыня, датэрміновае галасаванне ўжо ідзе. Зусім мала часу застаецца для таго, каб Беларусь змагла адэкватна адрэагаваць на цэлы шэраг заўваг, якія былі зробленыя БДІПЧ. Аднак, нягледзячы на гэтыя парушэнні, усё яшчэ застаецца магчымасць правесці самі выбары адкрыта, а падлік бюлетэняў – справядліва і аб’ектыўна.
Каб дасягнуць гэтага, Беларусі зараз трэба спыніць пераслед апазіцыі, назіральнікаў і сродкаў масавай інфармацыі, прадаставіць незалежным наглядальнікам доступ на выбарчыя ўчасткі і да месцаў падліку галасоў на ўсіх узроўнях, дазваляць – і нават заахвочваць – паралельны падлік галасоў і забяспечваць належную ахову скрыняў для бюлетэняў на працягу ўсіх пяці дзён галасавання.
Як і нашы калегі за гэтым сталом, мы ўрэшце рэшт будзем арыентавацца на даныя БДІПЧ і сетку мясцовых назіральнікаў, каб ацаніць выкананне Беларуссю міжнародных стандартаў выбараў.
Нарэшце, мы хацелі б закрануць пытанне знікненняў на Беларусі. Як мы заяўлялі на мінулым тыдні, шэраг крыніц, уключаючы былога высокапастаўленага супрацоўніка Міністэрства ўнутраных спраў, абвінавачваюць кіраўніцтва краіны ў дачыненні да іх. Мы заўважылі тады і заўважаем зараз, што сувязь кіраўніцтва са знікненнямі яшчэ не даказаная. Аднак сур’ёзнасць гэтых абвінавачанняў патрабуе дэталёвага, публічнага, незалежнага і абсалютна адкрытага расследавання.
Спадар Старшыня, мы сустракаліся з жонкамі некаторых зніклых. Іх становішча вельмі сур’ёзнае і заслугоўвае адпаведнай сур’ёзнай рэакцыі. Мы лічым, што гэтага ж заслугоўвае і беларускі народ. Мы хацелі б заклікаць беларускага пасла нагадаць сваім уладам аб гэтай занепакоенасці, а таксама аб тым, што яна можа быць развеяная толькі поўным, публічным, незалежным расследаваннем.