Прэс-рэлізы за 2004 год
Заява амбасады ЗША ў сувязі з дзеяннямі беларускіх уладаў у адносінах да Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (6 жніўня 2004 г.)
Амбасада Злучаных Штатаў глыбока шкадуе аб дзеяннях беларускіх уладаў, якія прымусілі Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, які карыстаецца міжнароднай павагай, спыніць сваю дзейнасць. Ануляванне ліцэнзіі ўніверсітэта і дагавора арэнды, распараджэнне вызваліць займаемыя плошчы да 5 жніўня без права аспрэчваць яго ў законным парадку з’яўляюцца парушэннем не толькі беларускага заканадаўства, але і саміх прынцыпаў акадэмічных свабод. Злучаныя Штаты звярнуліся да беларускіх уладаў на самым высокім узроўні з заклікам адмяніць гэтыя рашэнні і дазволіць універсітэту бесперашкодна працягваць сваю адукацыйную дзейнасць. Злучаныя Штаты разглядаюць гэтыя дзеянні як сумны знак таго, што беларускія ўлады не спыняюць свайго варожага стаўлення да незалежнай сферы адукацыі. На жаль, такое стаўленне здольна яшчэ больш пагоршыць ізаляцыю Беларусі ад працэсаў грамадскага развіцця ў трансатлантычнай супольнасці нацый.
ЗША аказваюць падтрымку Еўрапейскаму гуманітарнаму ўніверсітэту, як аказваюць яе і дзяржаўным вышэйшым навучальным установам, выключна з адной мэтай: спрыяць узбагачэнню акадэмічнага вопыту беларусаў у духу сяброўства паміж нашымі народамі. ЗША будуць і надалей падтрымліваць намаганні Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў працэсе гэтага канфлікту, каб ён мог і далей выконваць сваю місію прадастаўлення высакаякаснай, незалежнай гуманітарнай адукацыі будучыні Беларусі – яе моладзі. Гэтая мэта ў агульных інтарэсах беларускага і амерыканскага народаў.