Праграмы і мерапрыемствы за 2008 год
Амбасада ЗША ладзіць фестываль “Амбасовішча”
11 ліпеня ў рэзідэнцыі амбасадара ЗША адбыўся чацвёрты штогадовы фестываль беларускай музыкі “Амбасовішча”, дэвіз якога – творчая самабытнасць і свабода самавыяўлення. Больш за дзвесце гасцей фестывалю мелі магчымасць не толькі паслухаць выступленне добра вядомых і пачынаючых выканаўцаў, але і прагаласаваць за гурт, які ім найбольш спадабаўся. У гэтым годзе пераможцам конкурсу стаў бярозаўскі гурт “Кальмары”. Як адзначаюць прадстаўнікі беларускай музычнай супольнасці, “Амбасовішча” з’яўляецца той спецыфічнай падзеяй, падчас якой маладыя выканаўцы могуць быць пачутыя і заўважаныя. Сярод выканаўцаў былі таксама і госці са Злучаных Штатаў Амерыкі – гурт “The Fox Trio”, які парадаваў гледачоў унікальным спалучэннем індзейскай барабаннай музыкі і эскімоскіх ды Тыбецкіх этнічных традыцый. У першыню прамую трансляцыю з “Амбасовішча” вялі дзве беларускія інтэрнэт-радыёстанцыі. Матэрыял аб фестывалі здымала таксама інфармацыйная служба спадарожнікавага тэлеканала БелСАТ. Фестываль надаў новы імпэт стасункам амбасады з культурнай і акадэмічнай супольнасцю Беларусі і яшчэ раз прадэманстраваў імкненне дыпламатычнай місіі падтрымліваць свабоду мастацкага самавыяўлення і плітычных поглядаў.