Прэс-рэлізы за 2009 год
Фестываль беларускай музыкі “Амбасовішча – 2009”
Прэс-рэліз амбасады Злучаных Штатаў Амерыкі ў Беларусі
18 чэрвеня 2009 г.
24 чэрвеня 2009 г. амбасада Злучаных Штатаў Амерыкі ладзіць пяты штогадовы фестываль беларускай музыкі “Амбасовішча”, які традыцыйна праходзіць у рэзідэнцыі амбасадара ЗША ў Раўбічах. Сёлета ўдзел у фестывалі возьмуць адзінаццаць гуртоў, якія прадстаўляюць розныя рэгіёны Беларусі і розныя музычныя жанры. На фестывалі таксама мусіць выступіць гурт “The Gifted Children” з Рочэстэра, штат Нью-Йорк. Калектыў прыязджае ў Беларусь па запрашэніі амерыканскай амбасады. Акрамя “Амбасовішча” гурт “The Gifted Children” выступіць на сцэне “Рок Хаус Кафэ” у Мінску па адрасе Няміга, 12. Канцэрт адбудзецца 23 чэрвеня у 21:00.
Упершыню фестываль беларускай музыкі адбыўся ў рэзідэнцыі ў Раўбічах 27 ліпеня 2005 г. Сёння “Амбасовішча” – гэта традыцыйны штогадовы конкурс, які займае адно з галоўных месцаў у культурным календары амерыканскай амбасады. За гэты час у ім узялі ўдзел дзесяткі гуртоў і выканаўцаў з усёй Беларусі, якія гралі ў самых розных жанрах – ад метала да фолька. На сцэне фэсту выступалі як вядомыя, так і пачынаючыя калектывы. Конкурсная частка фэсту заснаваная на падкрэслена дэмакратычнай працэдуры вызначэння пераможцы: лепшы выканаўца выбіраецца галасаваннем гледачоў. Пераможцамі мінулых гадоў былі гурты “Кальмары”, “Далі” і “Litesound”.
Прамая аўдыётрансляцыя “Амбасовішча – 2009” будзе весціся ў інтэрнеце на сайтах http://racyja.com, http://euroradio.fm.