Прэс-рэлізы за 2008 год
Амбасада ЗША заклікае вызваліць амерыканскага грамадзяніна па меркаваннях гуманнасці
Заява для прэсы амбасады ЗША ў Беларусі
29 красавіка 2008 г.
Злучаныя Штаты Амерыкі глыбока заклапочаныя пагаршэннем стану здароўя амерыканскага грамадзяніна Імануіла Зельцэра, які знаходзіцца ў зняволенні ў Беларусі. З часу яго затрымання 12 сакавіка амбасадзе ЗША ў Мінску было дазволена наведаць яго толькі двойчы – 27 сакавіка і 25 красавіка.
Падчас наведвання 25 красавіка супрацоўнік консульскай службы Амбасады ЗША зазначыў істотнае пагаршэнне фізічнага стану спадара Зельцэра з часу папярэдняга наведвання 27 красавіка. Спадар Зельцэр значна страціў вагу і быў вельмі слабы. Нягледзячы на ўсе намаганні амбасады ЗША, яго адваката і ўрача дзейнічаць у адпаведнасці з турэмнымі працэдурамі, спадару Зельцэру не дазволілі штодзённа прымаць лекі, якія яму неабходныя, што можа прывесці да незваротнай шкоды яго арганізму.
Злучаныя Штаты моцна занепакоеныя здароўем і бяспекай спадара Зельцэра ў выпадку, калі ён будзе заставацца ў зняволенні пад даглядам беларускіх уладаў. 25 красавіка Дзярждэпартамент ЗША заклікаў урад Беларусі неадкладна вызваліць спадара Зельцэра па меркаваннях гуманнасці. Мы заклікаем урад Беларусі пазітыўна разгледзець гэтую просьбу з тым, каб уратаваць жыццё амерыканскага грамадзяніна, які пакутуе ў беларускай турме.